Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Уплыў Рэфармацыі на ўдасканаленне судовай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім

Юлія Доўнар

Дзейнасць усялякай дзяржавы ў той ці іншай ступені заснавана на прынцыпе падзела уладаў. У сувязі з гэтым праблема найбольш эфектыўнага выдзялення галін дзяржаўнай улады цікавіць навукоўцаў і практыкаў ужо не адно тысячагоддзе.

Негледзячы на спрэчкі, большасць тэарэтыкаў вылучае судовую уладу як самастойную галіну. Апошняе звязана з тым, што "канчатковай мэтай падзелу ўладаў з'яўляецца стварэнне механізма абароны чалавека ад дзяржавы"[2, c. 96]. Суд жа вырашае канфлікты, абараняе права, прававыя устоі дзяржаўнага і грамадскага жыцця ад розных парушэнняў і ў канчатковым выглядзе кантралюе дзеянні астатніх галінаў. Гэта значыць, што перш за ўсё суд абараняе асобу ад пасягальніцтваў на яе неад'емныя правы. Правасуддзе пры гэтым выступае як спецыфічная дзейнасць суда, звязаная з разглядам і вырашэннем спрэчак юрыдычнага характару, рэалізацыяй законаў і прымяненнем санкцый у адносінах да тых, хто здзейсніў правапарушэнне. Сістэма правасуддзя з'яўляецца адным з дзяржаўна-прававых механізмаў кіравання справамі грамадства.

У XVI ст. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм паступова ствараюцца неабходныя ўмовы для сацыяльна-эканамiчных, палiтычных i прававых пераўтварэнняў, у тым ліку і адносна рэфармавання судовага ладу і судаводства. Значна паўплывала на гэтыя працэсы Рэфармацыя, якая уяўляла сабой перш за ўсё ідэю звяртання да чалавечага розуму, пошук Божай праўды, справядлівасці. У кантэксце Рэфармацыі развівавалася асветніцтва, што садзейнічала пашырэнню ідэй свабоды, справядлівасці, гуманізма і верацярпімасці, а таксама распаўсюджанню больш прагрэсіўных поглядаў на дзяржаву, права, судовую ўладу і правы асобы.

Неабходнасць рэфармавання дзяржаўна-прававых інстытутаў тэарэтычна абгрунтоўвалі тагачасныя фiлосафы i асветнiкi (Ф.Скарына, Л.Сапега, М.Ліцьвін, А.Волан, А. Валовіч, П.Астравіцкі i iнш.). Яны ў сваіх творах заклiкалi арганiзаваць дзейнасць судовай сiстэмы на новых прагрэсіўных і высокамаральных прынцыпах.

Так, Ф.Скарына дзяржаву абзанчае такімі тэрмінамі як "отчина своя", "посполитое доброе", "собрание людское" і інш. Мэтай дзяржавы, на яго погляд, з'яўляецца дасягненне ўсеагульнай карысці, магчыма лепшага жыцця. Палітычны ідэал Ф.Скарыны - асветная, гуманная і моцная манархія. Узорнымі правіцелямі ён лічыў Саламона, Пталамея, Салона, Лікурга і інш. старажытных цароў і заканадаўцаў.

Ф.Скарына пісаў, што уладар дзяржавы павінен быць набожным, мудрым, адукаваным, чулым і справядлівым. Ён абавязаны кіраваць дзяржавай у строгай адпаведнасці з законам і сачыць за выкананнем правасудддзя. Закон жа павінен быць "почтивый, справедливый, можный, потребный, пожиточный подле прирожения, подлуг обычаев земли, часу и месту пригожий, явный, не имея к собе закритости, не к пожитку единого человека, а к посполитому доброму написаный" і грунтававацца на высокамаральных прынцыпах (у першую чаргу на чалавекалюбстве і справядлівасці), а таксама быць дакладным, пэўным, не ўтрымліваць магчымасцей яго рознага тлумачэння . Ф.Скарына прытрымліваўся ідэі вяршэнства народа ў праватворчасці, справядлівасці ў адпраўленні правасудддзя. Ён лічыў, што мэтай пакарання з'яўляецца застрашванне злачынцы і адначасова папярэджванне іншым асобам - патэнцыяльным злачынцам (агульная і спецыяльная прэвенцыі).

Асаблівая ўвага надавалася ім праблеме падбора кадраў на пасады суддзяў і iх асабiстым якасцям. Ф. Скарына патрабаваў: "Да судят людей судом справедливым, и да не уклонятся, ни на жадную старану, ни да не зрят на лица и не приимають даров… не справовали суть их, яко цари или властители, вышнии силу имеющие над ними, но яки ровнии и товариши, раду им даючи и справедливость меж ими чинячи"[6, c. 115].

Трэба адзначыць, што прыблізна тыя ж патрабаванні прыводзіліся і іншымі аўтарамі. Так, Л. Сапега пісаў: "...каб вы ў суды і ў трыбуналы выбіралі не толькі людзей добрых, якія гэтыя правы нашы добра ведаюць, але богабаязных і добрадзейных, якія б не для карысці сваёй і на шкоду бліжнягя з-за сквапнасці сваёй і для падарункаў правы скажалі, але, простым парадкам ідучы, святой праўды і справядлівасці прытрімліваліся, а тую свабоду, якой карыстаемся, у цэласці нам захавалі" (прадмова да Статута 1588 года). А.Волан лічыў найважнейшай якасцю і абавязкам суддзяў справядлiвае i разумнае правапрымяненне. Ён пiсаў, што суддзя павiнен быць праўдзівым, "вялікай мудрасцю узнагароджаны, каб за памылкай і глупствам сваім вялікай шкоды і бяды грамадзянам не прынёс", быць мужным, "а мужнасць такая ёсць павіннасць, каб ні да просьбаў, ні да міласэрднасці не хіліўся, каб пагрозы магутных не баяўся". А.Волан лічыў недапушчальным, што ў працэсе судовага разбору "часта здараецца, што яны кіруюцца сімпатыямі, або гневам, або прагнасцю, а таксама іншымі душэўнымі заганамі", разглядаюць справы і вырашаюць спрэчкі "не на падставе закону і справядлівасці, а на падставе безразважанага і сляпога пачуццевага парыву"[4, c. 221].

Выказаныя Ф.Скарынам ідэі сацыяльна-палітычнага ўдасканалення палітыка-прававых інстытутаў, у тым ліку і адносна судовай улады атрымалі істотнае развіццё ў працах М.Гусоўскага, М.Літвіна, С.Буднага, А.Волана, Л.Сапегі і іншых тагачасных беларускіх мысліцеляў і дзяржаўных дзеячоў. Погляды Л.Сапегі, які ўнес значны ўклад у развіцце прававой думкі, склаліся пад уплывам вучэнняў старажытных мысліцеляў антычнасці. У Прысвячэнні Статута 1588 г. Жыгімонту ІІІ і "Звароце" да ўсіх саслоўяў Л.Сапега, прытрымліваючыся арыстоцелеўска-цыцэронаўскай канцэпцыі паходжання і прызначэння дзяржавы, адзначае, што яна паўстала натуральным шляхам з мэтай дасягення як мага лепшага жыцця і грунтуецца на прынцыпах унутранага адзінства, правапарадку і законнасці. Цэнтральнай катэгорыяй філасофіі права Сапегі з'яўляецца катэгорыя свабоды ("прыстойнаму чалавеку нішто не можа быць даражэй за свабоду"). Сутнасць жа свабоды складаюць неадчужальныя правы чалавека - права асабістай недатыкальнасці і ўласнасці. Менавіта для абароны грамадзянскіх свабод існуе права і судовая ўлада. Такім чынам, Л. Сапега з'яўляўся прыхільнікам ідэі справядлівай дзяржавы. Ён пісаў, што неабходна "...каб ў суды і ў трыбуналы выбіралі не толькі людзей добрых, якія гэтыя правы нашы добра ведаюць, але богабаязных і добрадзейных, якія б не для карысці сваёй і на шкоду бліжняга з-за сквапнасці сваёй і для падарункаў правы скажалі, але, простым парадкам ідучы, святой праўды і справядлівасці прытрымліваліся, а тую свабоду, якой карыстаемся, у цэласці нам захавалі" (Прадмова да Статута 1588 г.). Усе гэтыя прагрэсіўныя ідэі пэўным чынам знайшлі адлюстраванне ў законе, асабліва ў Статуце 1588 г., адным з распрацоўшчыкаў якога быў Л.Сапега. Яму ж належыць заслуга ў рэфармаванні судовай сістэмы Вялікага Княства Літоўскага і стварэнні ў 1581 г. Галоўнага суда (Трыбунала) - адной з першых вышэйшых апеляцыйных інстанцый у Еўропе.

А.Волан, як паслядоўны прыхільнік прынцыпаў ідэалогіі кальвінізму, выступаў супраць легітымацыі палітыка-юрыдычнай няроўнасці саслоўяў феадальнага грамадства. У пытаннях права ён лічыў, што апошняе створана розумам чалавека і павінна адпавядаць тром прынцыпам: быць справядлівым выступаць гарантам свабоды і роўнасці, быць разумным. З апошняга вынікала неабходнаць пастяннага ўдасканалення заканадаўства. Права павінна стаяць на варце агульнай справядлівасці, для чаго А.Волан прапанаваў шэраг мер заканадаўчага характару: развіццё заканадаўчай палітыкі, рацыяналізацыя юрыдычных устаноў, развіццё прававой навукі, неабходнасць ацэнкі маральных якасцяў пры выбарах і назначэнні суддзяў і службовых асоб. Правасуддзе А.Волан называў "вартавым грамадскага спакою" і лічыў найважнейшай якасцю і абавязкам суддзяў справядлiвае i разумнае правапрымяненне. Ён пiсаў, што суддзя павiнен быць праўдзівым, "вялікай мудрасцю узнагароджаны, каб за памылкай і глупствам сваім вялікай шкоды і бяды грамадзянам не прынёс", быць мужным, "а мужнасць такая ёсць павіннасць, каб ні да просьбаў, ні да міласэрднасці не хіліўся, каб пагрозы магутных не баяўся". А.Волан лічыў недапушчальным, што ў працэсе судовага разбору суддзі часам разглядаюць справы і вырашаюць спрэчкі не на падставе закону і справядлівасці, а на падставе безразважанага і сляпога пачуццевага парыву, кіруючыся сімпатыямі, або гневам, або прагнасцю, а таксама іншымі душэўнымі заганамі[4, c. 221].

Пытанні належнага функцыянавання дзяржаўнага апарата і судовай улады падымаў у сваіх творах Мікола Гусоўскі - выдатны паэт-гуманіст эпохі Адраджэння. У "Песні пра зубра" (1523 г.) ён піша пра князя Вітаўта як справядлівага і моцнага ўладара, мэтай дзейнасці якога было стварэнне моцнай дзяржавы і боездольнай арміі. Адзначае пры гэтым: "Ён справядлівасць любіў, шанаваў яе нормы святыя, не дазваляў, каб махляр дзесьці абходзіў закон. Як ужо ў суд выклікаў, то большая колькасць віноўных самі губілі сябе, толькі б не йсці да яго...". М.Гусоўскі падкрэслівае, што ў гады княжання Вітаўта людзі прытрымліваліся законаў, а суд вяршыўся на падставе прынцыпа справядлівасці. Суддзяў-хабарнікаў і ілжэсведкаў князь сурова караў: "Строга і крута судзіў, і прытым -справядліва. Сам справядлівы ва ўсім і па гэтай жа мерцы кожнаму мерыў... Так жа бязлітасна, строга караў ён і суддзяў княжацкіх вотчын за подкупы, хабар, ліхвярства"[5, c. 60-61].

Міхалон Літвін у сваім палітычным трактаце "Аб норавах татар, літоўцаў і масквіцян" (1550 г.) узняў шэраг важных палітыка-прававых праблем (аб роўнасці людзей перад законам, неабходнасці ўдасканалення сістэмы дзяржаўнага кіравання і суда, дэмакратызацыі судовага працэсу, падрыхтоўкі кваліфікаваных службовых асоб і суддзяў), якія надоўга апынуліся ў цэнтры увагі грамадскай думкі Беларусі і Літвы.

Актыўнае развіццё палітычнай і прававой думкі, павелічэнне колькасці высокаадукаваных палітычных дзеячоў, мысліцеляў і асветнікаў у ХVI ст. стваралі ідэйна-тэарэтычныя перадумовы рэфармавання грамадскіх адносін. Спробы ўдасканаліць сістэму правасуддзя закладваліся задоўга да XVI ст., аб чым сведчаць законы дзяржавы (граматы Альгерда 1359 г., Ягайлы 1387 г., Судзебнік 1468 г. і інш.), аднак шырокае рэфармаванне ўсёй судовай сістэмы Вялікага Княства Літоўскага стала магчымым значна пазней - на падставе новых ідэйных плыняў і больш прагрэсіўнага заканадаўства.

Складальнікі кадыфікаваных зводаў законаў дзяржавы - Статутаў 1529, 1566, 1588 гг., шукаючы новыя формы судаводства, мелi галоўнай мэтай выключэнне несправядлiвасцi. Яны клапацiлiся аб высокiм прэстыжы суда, бо ведалі, што ў гэтым адлюстравана павага да самой дзяржавы. Як высокi абавязак разумелася маральнасць суддзяў. З узнікненнем Статутаў карэнна змяняюцца і прынцыпы пакарання. Калі раней яно мела мэтай кампенсацыю, то цяпер крымінальнаяе заканадаўства арыентуецца на прэвенцыю: як агульную, так і асаблівую.

Роля Статута 1529 г. як базiса, першага зводу законаў з замацаванымi ў iм прагрэсiўнымi нормамі і прынцыпамi бясспрэчна. З увядзеннем яго ў дзеянне яшчэ больш была абмежавана ўлада вялікага князя, а роля паноў радных павялічылася, асабліва гэта тычылася Мікалая Радзівіла Чорнага, які ў 1544 г. атрымаў пасаду маршалка земскага (вялікага) і ўзначаліў раду Вялікага Княства Літоўскага, а таксама старшынстваваў на соймах. Развівалася судовая ўлада. У гродскія суды ўключаліся прадстаўнікі мясцовай шляхты.

Значнае месца ў судовай рэформе належыць і Статуту 1566 г., прававыя нормы якога па пытаннях судовага ладу i судаводства тычылiся ўсей сiстэмы судовых органаў. У яго былі ўключаны нормы, накiраваныя на павышэнне статуса судовай улады, умацаванне аўтарытэту пісанага закона. Калi першы звод законаў дазваляў суддзям у выпадку адсутнасцi адпаведнай нормы права разглядаць справу "водлуг старого обычая", то Статут 1566 г. патрабаваў карыстацца толькi пiсаным правам. Больш таго, ён дэклараваў усеагульнасць закона, замацоўваючы права кожнага судзiцца статутнымi нормамi "никого не выймуючы, почавши от старшого по нас господаря аж до найменьшого" (раздзел IV, арт. 2), асабiстую адказнасць за злачынства, пакаранне толькi тых асоб, якiх вiнаватымi прызнаў суд.

Статут 1588 г., які адыграў значную ролю ў правядзеннi судовай рэформы, грунтаваўся на больш дасканалай сістэме права i на такiх прававых прынцыпах, як дзяржаўны суверэнiтэт, адзiнства права, прыярытэт пiсанага закона, падзел ўладаў і інш. Шмат увагі надаваў ён судовай уладзе, замацаваў прынцып аддзялення яе ад выканаўчай, хаця ва ўмовах феадальнай дзяржавы поўнай рэалізацыі гэтая ідэя не магла атрымаць. Статут дэклараваў прынцып законнасці ў функцыянаванні судовых устаноў. У ім гаварылася, што судовая дзейнасць павінна падпарадкоўвацца закону і адбывацца ў яго межах. Сам вялікі князь і ўсе службовыя асобы павінны былі дзейнічаць згодна прававым нормам і клапаціцца аб належным правапарадку ў дзяржаве. Суд не меў права адмовіць у разглядзе справы ў сувязі з адсутнасцю адпаведнай прававой нормы, а разглядаў спрэчкі па аналогіі закона, абгрунтоўваючы яе прымяненне. Замацоўваецца прынцып выбарнасці суддзяў: абіраліся суддзі земскіх, затым падкаморскіх судоў і Галоўнага Суда. У гэты ж час усталёўваецца правіла аб забароне суддзям займаць духоўныя, дзяржаўныя пасады і навад дзве судовыя пасады (р.1, арт.34).

З'яўленне суддзяў-прафесіяналаў садзейнічала рэалізацыі прынцыпа незалежнасці судовай улады. Перш за ўсё ён атрымаў увасабленне ў дзейнасці земскіх судоў, якія былі аддзелены ад адміністрацыі.

Разам з падзелам уладаў пачынае зараджацца і сістэма стрымак і супрацьвагаў. Судовая ўлада становіцца фактарам, які папярэджвае парушэнне прававых нормаў з боку іншых галінаў.

Варта падкрэсліць, што судовая рэформа была накіравана на ўдасканаленне ўсёй судовай сістэмы дзяржавы. Хаця яна праводзілася ў кантэксце павелічэння правоў прывілеяванага сасло'я шляхты, аднак яна непасрэдна тычылася правоў і інтарэсаў усіх пластоў насельніцтва. Для свайго часу рэформа была дастаткова радыкальнай, наватарскай і тэхнічнай. У працэсе яе правядзення былі тэарэтычна азначаны, публічна заяўлены, а потым ў той ці іншай ступені замацаваны ў заканадаўстве новыя прававыя прынцыпы судовага ладу і судаводства, якія садзейнічалі далейшаму прагрэсіўнаму развіццю дзяржавы, павышэнню прававой культуры і правасвядомасці народа: вяршынства закону; аддзялення судовай улады ад выканаўчай; роўнасці шляхціцаў перад судом і законам; адзінай падсуднасці шляхты; адказнасці за віну, кожнага за сябе (бацька за сына, сын за бацьку і г.д. не адказваюць) і толькі ў судовым парадку; прэзумпцыі невінаватасці; інстанцыйнасці судовага працэсу; выбарнасці, незалежнасці суддзяў і падпарадкаванасць іх закону; тэндэнцыі свабоднай ацэнкі доказаў; публічнасці і вуснасці судовага працэсу; спаборнасці судовага працэсу з удзелам адвакатаў. Тым самым ствараліся тэарэтыка-прававыя перадумовы для пераходу да наступнай, больш развітай грамадска-эканамічнай фармацыі.

Зразумела, што ўсё адзначаныя прынцыпы ў большасці толькі дэклараваліся і не ўсе мелі дакладнае тэарэтычнае вызначэнне ў законе. Акрамя таго, у феадальнай дзяржаве яны абвяшчаліся ў асноўным адносна саслоўя шляхты і ў межах функцыяніравання новых судовых устаноў. Аднак большасць з прынцыпаў закранала ўвесь судовы лад і паступова пашыралася на простых людзей (у першую чаргу гараджан). Напрыклад, гэта тычыцца прыцыпа прэзумпцыі невінаватасці, абвешчанага Статутам 1566 г. адносна шляхты і пашыранага Статутам 1588 г. на усіх свабодных людзей.

Рэформа праходзiла паэтапна на працягу XVI стагоддзя, што знайшло адлюстраванне ў важнейшых агульнадзяржаўных законах: пастановах Бельскага сойма 1564 года, законе аб Галоўным Судзе 1581 г. і Статутах. Гэтыя акты рэгламентавалі працэдуру ўтварэння, склад і кампетэнцыю новых судоў - земскіх, падкаморскіх, а таксама Галоўнага Суда (Трыбунала). Самым важным у дзейнасці апошніх было тое, што яны ўтвараліся выбарным шляхам і дзейнічалі згодна з ідэяй аддзялення судовай улады ад выканаўчай.

Законамі 1564, 1566 гг. засноўваўся самы даступны для шырокіх колаў шляхты выбарны земскі суд з пажыццёвымі судовымі пасадамі і адпаведна гэтаму упершыню узнік iнстытут прафесiйных суддзяў. Камплектаванне суда адбывалася ў наступным парадку: выбары прызначалiся вялiкiм князем, а ў яго адсутнасць - ваяводай цi старастай, або iншай службовай асобай мясцовай адмiнiстрацыi. Шляхту паведамлялі аб гэтым за 4 тыднi. Яна са свайго складу выбiрала на павятовым соймiку па 4 кандыдаты "шляхтичов людей добрых, набожных цнотливых, годных, в праве умеетных, писати умеючих, родичов того паньства Велiкого князства, и в том повете не ново незмышленне оселых" на пасады суддзi, падсудка i пiсара. Затым вялiкi князь з гэтых кандыдатаў выбiраў адпаведных службовых асоб і пацвярджаў пажыццёвае выбранне суддзяў. Як адзначае М.М.Навакоўскі, члены земскага і гродскага судоў выбіраліся са складу шляхты, маючай аседласць і не маладзейшых за 23 гады[3, c. 16]. Кожны новаабраны член суда павiнны быў на першай сесii прынесцi прысягу. Недатыкальнасць суда забяспечвалася законам. Той, хто асмеліўся нанесці раны суддзям, за непавагу да судовага месца караўся стратай гонару і смерцю, прычым пастановай самога князя на сойме[10, разьдз. 4, арт. 62].

У сувязі з атрыманнем шляхтай права на распараджэння маёмасцю ўпершыню быў створаны спецыяльны суд па зямельных спрэчках - падкаморскі. З цягам часу ён таксама становіцца выбарным.

У працэсе рэфармавання зараджаюцца інстітуты следчых і судовых выканаўцаў, пачынаюць працаваць прафесійныя адвакаты. Так, Статутам 1588 года рэгламентаваўся парадак працэсуальнага прадстаўнiцтва, правы i абавязкi прадстаўнікоў. Абаронцамi не маглi быць суддзя, падсудак, пiсар земскi, урад замкавы, прадстаўнiкi духавенства. Важным патрабаваннем было веданне мясцовага права. За нядбайнае вядзенне справы адвакат (т.зв.пракуратар) караўся турэмным зняволеннем на 4 тыднi i аплатай ўсiх страт, якiя па яго вiне панес даручыцель[10, разьдз. 4, арт. 57-61]. Калi адвакат перадаў супрацьлегламу боку iнфармацыю пра дакументы давярыцеля i пачаў весцi справу гэтага чалавека, ён не дапускаўся да выступлення ў судзе. Статут 1588 года прадугледжваў пакаранне смерцю абаронцы, якi не явiўся ў суд, сказаўшыся хворым, а на наступным засяданнi адмовiўся прысягнуць пра сваю хваробу. Немалаважным было і тое, што з асобамi, якiя папрасiлi суд прызначыць iм адваката, але не змаглi заплацiць, абаронца абавязаны быў працаваць бясплатна. Пракуратар жа, які адмаўляўся ад іх абароны, або замаруджаваў гэтыя справы, пазбаўляўся пасады (р.4, арт.57).

Фактычна кульмінацыяй судовай рэформы стала заснаванне выбарнага, аддзеленага ад адмiнiстрацыi Галоўнага Суда (Трыбунала) - вышэйшай апеляцыйнай iнстанцыі для мясцовых судоў (гродскіх, земскіх, падкаморскіх, войтаўска-лаўніцкіх), які абмежаваў судовую уладу вышэйшых органаў дзяржавы - Вялікага князя і Паноў рады. Утварэнне аддзеленага ад выканаўчай улады апеляцыйнага суда (аднаго з першых у Еўропе) сведчыла аб iмкненнi прагрэсiўнага заканадаўцы Вялiкага Княства Лiтоўскага паставiць дзейнасць усiх судоў дзяржавы на прававую аснову ў межах iдэi фармавання вяршэнства закону ва ўсiх сферах грамадскага жыцця. Дзейнасць суда рэгламентавалася Уставай, прынятай у 1581 годзе, якая называлася "Способ прав трибунальских".

У кожным павеце (i ваяводстве, дзе не было паветаў), выбiралася дзве асобы (па адной на кожную сесію[1, T. IX, C. 4]) "годных Богобойных, цнотливых прав и звычаев оного паньства Великаго Князства литовского, умеетных прав трибунальских и оселых…" [7]. Такім чынам, суддзямі маглі быть толькі шляхціцы, якія мелі землеўладанні (аселасць) у тым павеце, ад якога выбіраліся, разбіраліся ў пытаннях права і мясцовых звычаях. Выбраныя суддзi выконвалi свае функцыi на працягу года, а затым на сеймiках выбiралiся новыя дэпутаты на наступны год.

Кіраваў працай суда старшыня - маршалак, які выбіраўся суддзямі штогод (на абедзьве сесіі) "будь с панов рад албо врядников земских або князев панов шляхты, кого сами похочуть, быле бы человека годного…" [12]. Справы разглядаліся судовай калегіяй у складзе ад 2 да 7 чалавек (такі склад суда ў літаратуры часам называецца свецкім [1, T. IX, C. 4]). Колькасць суддзяў магла быць i iншай, але абавязкова больш двух. Трэба таксама адзначыць, што ў разглядзе справы не прымалі ўдзел тыя суддзі, якія былі родам з павету, дзе знаходзіліся бакі па канкрэтнай справе.

Прагрэсіўнасць Галоўнага суда вызначала у тым ліку і тое, што асобную катэгорыю яго спраў складалі скаргі на незаконныя дзеянні і злоўжыванні суддзяў і службовых асоб. Так, у Статуце 1588 г. гаварылася: "Где бы се то притрафило, жебы вряд гродский або земский в нестанью стороны позвоное, за упорным сказаньем своим, неправне або в такой речи, которая бы суду его тне належала, дал кому отправу, увезанье в именье або в который кольвек грунт, або бы очевисте сторонам, у суду стоячим, в недопущенью апеляцый, сторона кторая собе кривду от вряду менила, тогды о такие речи суд земский, толко судья и подсудок мають быти позвани на рок завитый перед суд головный" (р.IV, арт.40).

Завяршыў судовую рэформу Статут 1588 года - новы звод законаў, Канстытуцыя дзяржавы. Навукоўцы правільна адзначаюць, што Статут быў прасякнуты iдэяй усталявання прававой дзяржавы. Ён удасканалiў шматлiкiя нормы, якiя адлюстравалі працэс завяршэння судовай рэформы i iмкненне заканадаўцы не спыняцца на дасягнутых поспехах. Раздзел, прысвечаны судовай уладзе ў дзяржаве ("Роздел четвертый о судьях i о судех") утрымлiвае самую вялiкую колькасць артыкулаў-105, дэталёва рэгламентуе і развівае палажэнні і прынцыпы, выкладзеныя ў папярэдніх законах. Усе раней дэклараваныя прагрэсіўныя прававыя прынцыпы знайшлі ў Статуце заканадаўчае замацаванне і тэарэтычнае развіццё. Так, закон рэгламентаваў, што прынцып прэзумпцыі невінаватасці дзейнічае і адносна простых людзей, абвяшчаў, што шляхціц за забойства простага чалавека можа быць падвергнуты смяротнаму пакаранню і інш.

Важныя гарантыі для належнага вядзення судовага працэсу стваралі ўсё больш яскравае праяўленне у судовым працэсе прынцыпа галоснасці і публічнасці судаводства (хоць і не ў поўным аб'еме і далёка не па ўсіх справах), заканадаўчае замацаванне падстаў і магчымасці падаваць апеляцыі не толькі па сутнасці разгледжанай у судзе справы, але і адносна парушэння працэсуальных нормаў, няправільнага прымянення нормаў матэрыяльнага права і інш., актыўнае развіццё спаборнасці судовага працэсу і інстытута адвакатуры. Гэта садзейнічала абароне правоў прыватнай асобы ў судзе і стварала перадумовы для будучай выпрацоўкі паняцця правоў чалавека.

Увогуле судовая рэформа ХVI ст., тэарэтычныя падставы якой закладаваліся беларускімі мысліцелямі, стала прыкметай надыходу новай, больш дэмакратычнай эпохі. Яна паклала пачатак рэфармаванню судовай сістэмы на падставе прагрэсіўных прынцыпаў судовага ладу і судаводства.

Крыніцы

1. Акты, издаваемые Виленскою комиссіею для разбора древнихъ актовъ. Т.XI-XV.- Вильна, 1880-1908.

2. Матусевич А.В. Государственное строительство в Республике Беларусь: разделение и взаимодействие властей // Белорусско-американская научно-практическая конференция "Актуальные проблемы правового государства в Республике Беларусь" (7-8.02.1996).- Минск., 1996.

3. Новоковский М.М. Очерк судоустройства и гражданского процесса по бывшим Статуту литовскому и конституциям составленный.- СПб.: Гос. Канцелярия, 1863.

4. Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі адраджэння ў Беларусі. Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага.- Мн.: "Навука і тэхніка", 1990.

5. Песня пра зубра.- Мн., 1981.- С.60-61.

6. Скарына Ф. Прадмовы i пасляслоўi.- Мн., 1969.

7. Закон аб Галоўным судзе (Трыбунале) 1581 г., раздзел "Найпервей порядок обиранья судей" // Способ прав трибунальских / Временник Имп. Моск. общ. истории и древностей Российских. Книга 25.- М. 1857.

8. Статут Великага княжества Литовского 1529 года / Под редакцией академика АН Литовской ССР К.И.Яблонскиса.- Мн., 1960.

9. Статут Великага княжества Литовского 1566 года и поправы статутовые 1578 года / Временник Императорского Московского Общества истории и древностей Российских. Книга 25. Отд. II. №.1-242.- М.,1855.

10. Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 года: Тэксты. Даведнiк. Каментарыi.- Мн.: БелСЭ, 1989.

11. Францыск Скарына і яго час.- Мн., 1988.

12. Закон аб Галоўным судзе (Трыбунале) 1581 г., раздзел "Способ обиранья судей" // Способ прав трибунальских / Временник Имп. Моск. общ. истории и древностей Российских. Книга 25.- М. 1857.

Паводле Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. - Мн.: Бел. кнігазбор, 2005. С. 354-363.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: