Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ІДЭІ

Рэфармацыя ў Беларусі ў агульнаэўрапейскім кантэксьце: параўнальны аналіз "Вялікага Катэхізіса" М.Лютэра і "Катэхізіса" С.Буднага

Натальля Кабелка


У сярэдзіне XVI ст. Рэфармацыя дасягнула значных посьпехаў у краінах Заходняй Эўропы і перамяніла рэлігійную, культурную і сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Беларусі. Сутнасьць рэфармацыйнага руху ў Эўропе вызначалася вучэньнямі М. Лютэра і Ж. Кальвіна. Яны прапаведавалі пра збаўленьне кожнага чалавека празь веру ў Ісуса Хрыста і пра неабходнасьць для кожнага чалавека спасьцігнуць і рэалізаваць Божы плян у сваім жыцьці. Абодва гэтыя вучэньні былі вядомыя ў XVI ст. у Беларусі, аднак, як зазначаюць дасьледчыкі гэтага пэрыяду, "носьбіты гэтых ідэй ... яшчэ не лічылі і не называлі сябе пасьлядоўнікамі Лютэра ці Кальвіна" [5, 18]. Такім чынам, перад намі паўстае пытаньне: якія ідэі былі вызначальнымі для рэфармацыйнага руху ў Беларусі і якім чынам яны суадносіліся з заходнеэўрапейскімі. Каб знайсьці адказ на гэтае пытаньне, мы зьвярнуліся да параўнальнага аналізу двух "Катэхізісаў", якія зьмяшчаюць асновы хрысьціянскай веры. Першы зь іх належыць пачынальніку Рэфармацыі М. Лютару, другі - аднаму зь лідэраў рэфармацыйнага руху ў Беларусі тэолагу С. Буднаму.

Вядома, што М. Лютар так моцна прагнуў, каб Божыя прынцыпы ўвайшлі ў жыцьцё кожнага чалавека і ўсяго грамадзтва, -- ад селяніна да караля, ад прыхаджаніна да пастара, -- што выклаў свой "Катэхізіс" у двух варыянтах. Таму ў 1529 годзе сьвет убачыў "Малы Катэхізіс", выкладзены "так проста, як кожны гаспадар сваю сям'ю вучыць павінен" [4] і прызначаны ўсім простым людзям, а таксама хрысьціянам, якія робяць першыя крокі ў спазнаньні Госпада. Адпаведна з гэтым, "Малы Катэхізіс" зьмяшчаў сьцісла пададзеныя падставовыя праўды хрысьціянскага вучэньня і складаўся з наступных частак: "Дзесяць прыказаньняў", "Апостальскі сымбаль веры", "Малітва Госпада", "Таямніца сьвятога хросту", "Таямніца ламаньня хлеба".

У тым жа 1529 годзе выйшаў і "Вялікі Катэхізіс", які, паводле прадмовы, быў скіраваны да "ўсіх хрысьціянаў, асабліва да пастараў і казнадзеяў" [3]. У параўнаньні з "Малым Катэхізісам" названыя вышэй часткі выкладаліся больш падрабязна -- у форме тэалягічнага трактату са шматлікімі прыкладамі, спасылкамі на Біблію, супрацьпастаўленьнямі пазіцыі рэфарматарскай і каталіцкай царквы ў разгляданых пытаньнях. Да таго ж "Вялікі Катэхізіс" распачынаўецца дзьвюма Прадмовамі: у першай зь іх тлумачыліся прычыны напісаньня Катэхізіса, у другой - каго і як трэба вучыць Катэхізісу. Праз трыццаць тры гады, у 1562 годзе ў Нясьвіжы выйшаў складзены С.Будным "Катихизіс, то ест Наука стародавная хрістіаньская от Светого Писма для простых людей языка руского въ пытаніах и отказех събрана". Можна меркаваць, што ў гэтым творы С.Будны падагульніў свой вопыт працы спачатку ў якасьці катэхізіста ў Віленскім, а потым (хутчэй за ўсё, ужо ў якасьці казнадзея) у Клецкім пратэстанцкім зборы [5, 20]. Ягоны "Катэхізіс" быў шырока вядомы ў Вялікім Княстве, у Польшчы, у Маскоўскай Русі, нават у Швэцыі. Вядома, што ў 1628 годзе "Катэхізіс" быў перавыдадзены ў Стакгольме [5, 23]. Зараз жа "Катэхізіс" С. Буднага зьяўляецца адной з галоўных крыніц вывучэньня тэалягічных поглядаў беларускіх рэфарматараў.

Паводле сваёй структуры "Катэхізіс" С. Буднага распачынаецца прысьвячэньнем князям Радзівілам і прадмовай да чытачоў, потым ідуць асноўныя часткі: "Дзесяць прыказаньняў", "Пра веру", "Пра малітву Госпада", "Пра таямніцы" - тут, як мы бачым, выяўляецца першае падабенста з катэхізісамі Лютара - і пасьляслоўя. Паводле формы твор С.Буднага ўяўляе сабой гутарку катэхізіста з вучнем і складаецца з пытаньняў наконт хрысьціянскага вучэньня і трапных, пераканаўчых адказаў, падмацаваных шматлікімі спасылкамі на Слова Божае.

Пераходзячы да параўнаньня поглядаў, выкладзеных у "Вялікім Катэхізісе" М. Лютэра і "Катэхізісе" С. Буднага, зазначым, што нашая ўвага будзе зьвернута на Прысьвячэньне, Прадмову і першую частку, прысьвечаную дзесяці Божым прыказаньням. Пачнем з Прысьвячэньня: "Вялікі Катэхізіс" яго ня мае, а С. Будны прысьвячае свой "Катэхізіс" князям Радзвілам дзеля некалькіх прычынаў. Па-першае, Будны зазначае, што ў гэтыя часы Бог зноў хоча паказаць кожнаму чалавеку шлях праўдзівага збаўленьня праз Свайго Сына Ісуса Хрыста. Таму аўтар "Катэхізіса" просіць князёў Радзівілаў прыняць з адкрытым сэрцам Такога Госьця, каб "Іх княжацкія Міласьці -- высакароднага стану князі і папярэдніх правадыроў сыны -- усім іншым добры ўзор і прыклад чынілі, а Айчызна і Рэч Паспалітая ад Іх Міласьцяў дабраславёнай надзеі чакаць маглі"(тут і далей пераклад мой - Н.К.) [2]. Па-другое, С. Будны шчыра жадае, каб "у сэрцах Іх Міласьцяў любоў да Божага Слова ўзьнялася і расла", бо, як высьветліцца з далейшага вывучэньня "Катэхізіса", кожны гаспадар, князь і начальнік павінен быць прыкладам хрысьціяніна і мусіць адказваць за духоўнае жыцьцё сваіх падданых, каб тыя ведалі дзесяць Божых прыказаньняў і паводле іх жылі.

Што датычыцца Прадмовы, якую мы знаходзім у абодвух "Катэхізісах", то ў ёй і М.Лютар, і С.Будны засяроджваюцца на прычынах напісаньня сваіх твораў. Як мы пабачым далей, гэтыя прычыны вельмі падобныя. Кожны з аўтараў кажа пра нядбайнасьць пастараў, казнадзеяў і вучыцеляў у навучаньні Божаму Слову.

Напрыклад, М.Лютар з абурэньнем зазначае: "Пастары і казнадзеі ня дбаюць пра навучаньне Катэхізісу, займаючы свой розум больш высокімі матэрыямі... Шмат хто зь іх лічыць Катэхізіс прымітыўным вучэньнем, якое можна аднойчы прачытаць і адразу спасьцігнуць..." [3]. Паглядзім, якога меркаваньня на гэты конт прытрымліваецца Будны: "Апосталы і вучні іхнія нікога не хрысьцілі, перш у веры ня выспрабаваўшы. Быў той звычай вельмі патрэбны і карысны, бо так многія людзі да пазнаньня Бога і праўды Ягонай прыходзілі, у сьвятым жыцьці ўзрасталі і ўмацоўваліся... Калі ж вучыцелі людзей вучыць ленаваліся, то навучыў іх д'ябал, каб паверылі, што без навукі, бязь веры чалавек збавіцца можа, абы толькі вадою ў дзяцінстве ахрышчаны быў, а прыйшоўшы да сталага розуму, у пэўныя дні мяса каб ня еў, міласьціну, хаця б і са скрадзенага, даваў, да сьвятых маліўся і такія звычаі захоўваў" [2 ].

Яшчэ адна прычына, дзеля якой былі складзеныя абодва "Катэхізісы" - важнасьць Божага Слова ў духоўным жыцьці і ў збаўленьні кожнага чалавека. "Чытаньне, абмеркаваньне, разважаньне над Божым Словам - эфэктыўная дапамога ў супрацьстаяньні д'яблу, сьвету і плоці, а таксама пажадлівым думкам, -- піша Лютар. - Шчасьлівы той чалавек, які разважае над Божым Словам удзень і ўначы... Д'ябла называюць магістрам тысячы мастацтваў. Але як жа нам тады назваць Божае Слова, якое выганяе прэч гэтага "магістра" з усімі ягонымі мастацтвамі?.. Сапраўды гэта моц Божая, якая чыніць д'яблу нясьцерпны боль, а нам дапамагае, умацоўвае і прыносіць вялікае пацяшэньне..." [3]. Падобную думку знаходзім у Буднага: "Дакуль чалавек трымаецца Слова Божага, датуль заблукаць ня можа, бо мае сьвечку, якою сабе сьвеціць... Д'ябал жа ведае: як хутка людзі ад Слова Божага адыйдуць, так ужо ўсё, што ён захоча, зробяць... Трэба і нам усім імкнуцца..., каб Слова Божае абедзьвюма рукамі прыняць, трымаць, згодна зь ім жыць ды іншых да яго прыводзіць..." [2]. Нарэшце, абодва аўтары зазначаюць важнасьць выкарыстаньня Божага Слова і ў царкоўным, і ў сьвецкім жыцьці, таму іхнія "Катэхізісы" ўяўляюць сабой кароткі выклад усёй Бібліі і дапамагаюць хрысьціяніну скарыстаць яе ў паўсядзённым жыцьці. "Той, хто ведае дзесяць прыказаньняў,-- сьцьвярджае Лютар, -- мусіць ведаць таксама ўсе Пісаньні, каб заўсёды і ва ўсім мог дапамагаць, даваць параду, суцяшаць, судзіць, прыймаць рашэньні як у духоўных, так і ў сьвецкіх справах. Значыць, ён павінен мець права выносіць прысуд усім вучэньням, станам (саслоўям), законам і ўсяму, што толькі ёсьць на сьвеце... " [3]. С. Будны, у сваю чаргу гаворыць: "... жніво вялікае, а работнікаў (вучыцеляў Слова Божага) мала. Дзеля таго я, недастойны, у сьвятой царкве найменшы, гэтую кніжку па Божых Пісаньнях склаў, каб усе людзі разуменьне усіх Словаў Божых і праўды Ягонай мелі, ім самі вучыліся і дзяцей сваіх навучылі" [2].

Далей мы разгледзім першую частку абодвух "Катэхізісаў" - "Дзесяць прыказаньняў", пры гэтым будзем памятаць, што і М.Лютар, і С.Будны падзялялі іх на тры групы: прыказаньні, якія вызначаюць адносіны кожнага чалавека да Бога, да бліжнягя і да самога сябе. Такім чынам, першае прыказаньне, якое мусіла рэгуляваць адносіны паміж Богам і чалавекам, -- "Я Госпад Бог твой, ня мей другіх багоў побач Мяне". І М.Лютар, і С.Будны пачынаюць тлумачэньне гэтага прыказаньня з таго, што ставяць перад чытачом пытаньне: "Што значыць мець Бога?" [3] і "Як я маю гэта разумець? Хіба ж багоў многа?" [2]. Заўважым, што адказы даюцца вельмі падобныя. Вось што мы прачытаем у "Вялікім Катэхізісе": "Галоўнае тлумачэньне гэтага артыкула: мець Бога - значыць мець нешта такое, на што ты спадзяешся ўсім сваім сэрцам... Кожны, хто хваліцца сваім майстэрствам, розумам, уладай, аўтарытэтам або апякунствам з боку іншыш, - той мае бога, але не Сапраўднага і Адзінага" [3] і ў "Катэхізісе" Буднага: "Ёсьць адзін Бог, Якому ўсе павінны служць і на Якога маюць усе спадзявацца. Аднак людзі, пакінуўшы Бога, на іншыя рэчы спадзяюцца ды так многіх багоў сабе ствараюць... "Іншы бог" -- гэта справа, дзеля якой хтосьці пакідае Бога праўдзівага" [2].

Абодва аўтары адзінадушныя і ў пералічэньні грахоў супраць першага прыказаньня: гэта грэх варажбітоў, чарадзеяў, балванахвальцаў "сэрца якіх,-- кажа М.Лютар,-- аглядаецца на ўсе бакі ў пошуках дапамогі і пацяшэньня ад стварэньняў, сьвятых, бесаў, а не ад Бога" [3]. Гэтаксама мяркуе і Будны: "Супраць веры і Божага страху грашаць варажбіты і балванахвальцы, якія моляцца Гермэсу, Апалёну, памерлым слынным людзям, сьвятым" [2]. Таксама М.Лютар зазначае, што грашаць супраць гэтага прыказаньня тыя людзі, што занадта высока мяркуюць пра ўласную справядлівасьць, "шукаюць заспакаеньня ва ўласных учынках ды падлічваюць, колькі пасьціліся, наведвалі імшу, маліліся, быццам хочуць нешта заслужыць у Бога" [3].

Можна сказаць, што С.Будны робіць больш падрабязны "рахунак сумленьня" наконт гэтага прыказаньня, бо да грахоў, пералічаных М.Лютарам, ён таксама далучае грэх нядбаньня пра Божае Слова; грэх вырачэньня Божага Слова або дзеля людзей, або дзеля страху; недавер Богу і нявер'е ў тое, што Бог клапоціцца пра кожнага чалавека. Таксама грашаць людзі, якія не баяцца суду Божага; не прыймаюць удзячна тое, што Бог дапускае ў іхнім жыцьці; вызнаюць Бога ня так, як Ён Сам загадаў у Сваім Слове.

Другое прыказаньне "Не рабі аніякай выявы" М. Лютар разглядае разам зь першым, бо ў пераліку дзесяці прыказаньняў ён трымаецца традыцыі каталіцкай царквы. С.Будны, у сваю чаргу, карыстаецца пералікам дзесяці прыказаньняў, прыведзеным у Бібліі ў кнізе "Выхад", і таму гэтае прыказаньне разглядае асобна. У прыватнасьці, тут ён спыняецца на пытаньні пра пакланеньне выявам ды абразам. Спасылаючыся на Сьвятое Пісьмо, С.Будны адназначна выступае супраць такога пакланеньня і ўзгадвае багабойнага караля Эзэкію, які зьнішчыў меднага зьмея, калі ізраэльскі народ пачаў гэтаму зьмею маліцца. С.Будны кажа, што Эзэкія -- добры прыклад усім каралям, князям ды начальнікам, бо іхні абавязак - сачыць, каб падданыя выконвалі дзесяць прыказаньняў ды зьнішчаць усялякіх "балваноў", захоўваючы народ ад Боскай кары. "Такія начальнікі, як Эзэкія, і зараз у землях нашых Беларускіх вельмі пільна патрэбныя, бо ідалаў ды ўсялякіх балваноў за колькі соцень год тут так намножылася, што за імі люд паспаліты на Бога забыўся" [2 ].

Наступнае прыказаньне - другое па ліку ў М.Лютара і трэцяе ў С.Буднага - "Не гавары імя Бога твайго легкадумна або надарэмна". Абодва яны зазначаюць, што папярэднія прыказаньні вучаць нас шанаваць Бога ў нашым сэрцы ды пакланяцца Яму нашым целам, гэтае ж прыказаньне навучае нас і языком, і вуснамі Яго шанаваць. Шанаваць Бога - гэта значыць прызываць Бога, дзякаваць Яму, праслаўляць Яго, навучаць Божай праўдзе, а таксама захоўваць прырачэньні або прысягі. І М.Лютар, і С.Будны асобна засяроджваюцца на пытаньні, ці належыць хрысьціяніну прысягаць, бо Хрыстос забараніў клясьціся і небам, і зямлёй, і Ерузалімам. Яны сьцьвярджаюць, што ў часы Хрыста людзі прызвычаіліся прысягаць рознымі стварэньнямі ў кожнай, нават самай нязначнай справе, і не лічылі гэтага за грэх. Сапраўдны ж хрысьціянін павінен прысягаць толькі ў час пільнай патрэбы, калі ідзе пра Божую славу, пра дапамогу бліжняму або пра асабістае апраўданьне, а таксама на судзе.

У адрозьненьне ад М.Лютара, С. Будны разглядае гэтае прыказаньне шырэй: напрыклад, ён зьвяртаецца да пытаньня, чыім імем павінен прысягаць хрысьціянін і ці можна хрысьціяніну парушаць прысягу, калі справа, якую ён абяцаў зрабіць, супярэчыць Божаму Слову. Прыводзячы шматлікія прыклады са Старога і Новага Запавету, С.Будны вучыць, што хрысьціянін павінен прысягаць толькі імем Бога, Які ведае ўсе справы, калі ж хрысьціянін прысягнуў нешта зрабіць, а потым убачыў, што ягоны ўчынак парушыць Божае прыказаньне, то ня мусіць хрысьціянін такое абяцаньне спаўняць.

Далей мы спынімся на прыказаньні, якое кажа пра стаўленьне да бліжняга, а менавіта "Шануй бацьку свайго і матку сваю". Напачатку гэтага прыказаньня М.Лютар тлумачыць, што значыць "шанаваць". Гэта значыць як у сваім сэрцы, так і зьнешне паказваць, што пасьля Бога мы ставім нашых бацькоў у нашым жыцьці на першае мейсца, таксама гэта значаць, што мы прыймаем іх, якімі б яны ні былі, з усімі іхнімі недахопамі, а таксама дапамагаем ім у кожнай патрэбе. Паглядзім, што мяркуе на гэты конт С.Будны: "Шанаваць -- гэта значыць, бацькоў слухацца, ім дагаждаць, пачціва да іх ставіцца, таксама ў час патрэбы на жыцьцё ім даваць ды, нарэшце, працы сваёй дзеля іхняга прыбытку не шкадаваць. На гэтым залежыць павага, пра якую Бог загадвае" [2 ].

Наступны момант, на які зьвяртае ўвагу М.Лютар, той, што "кожны чалавек столькі разоў бацька, колькі ён мае дзяцей ды падначаленых", таму ён зазначае, што ёсьць бацькі кроўныя, бацькі паводле абавязку ды бацькі духоўныя. "Богу, бацькам і настаўнікам,-- падкрэсьлівае М.Лютар, -- мы ніколі ня зможам аддзячыць" [3 ].

Падобную думку знаходзім у С.Буднага: "За бацькоў мы павінны лічыць... вучыцеляў, майстроў, пастыраў ды ўрадаўцаў. Бо як ад бацькоў маем цела, так, зноў жа, ад майстроў маем усё, каб гэтае цела захаваць, -- вопратку ды ежу. Тым жа звычаем урад клапоціцца пра наш супакой, а пастыры - пра добрае сумленьне" [2]. Зноў-такі, больш падрабязны разгляд гэтага слова мы бачым у С.Буднага, бо тут жа ён зьмяшчае навуку наконт таго, што рабіць хрысьціяніну, калі ягоны гаспадар несправядлівы, і раіць такога гаспадара слухацца, яму служыць і маліцца, каб Бог перамяніў гаспадарскае сэрца. Толькі тады, калі гаспадар загадае ўчыніць нешта насуперак Божаму Слову, ня мусіць хрысьціянін яго слухацца, бо трэба больш за людзей баяцца Бога.

Таксама С.Буднага цікавіць пытаньне, ці належыць хрысьціяніну быць ва ўрадзе. Ён адказвае, што толькі Сьвятое Пісьмо можа даць чалавеку адказ наконт кожнай справы. Бо калі мы дасьледуем Божае Слова ды ўбачым, што пачынальнік нейкай справы Сам Госпад, тады павінны ўважаць такую справу за добрую. Калі ж убачым, што пачынальнік нейкай справы - д'ябал, тады ня трэба ўважаць яе за добрую, нават калі розум чалавечы ды вочы яе палюбяць.

"Усё ж Пісьмо і Старога, і Новага Запавету сьведчыць, -- працягвае сваю думку С.Будны, -- што Сам Бог начальнікаў ды князёў на іхнія пасады пастаўляе. "Празь Мяне і каралі валадараць, і справядліва рашаюць урадаўцы" (Прып. 8:15-16). Таму хрысьціяніну належыць ва ўрадзе быць, судзіць, добрых абараняць, злодзеяў караць ня толькі маёмасьці, але і жыцьця пазбаўляючы. Бо і Апостал сьведчыць, што "не надарэмна ўлада носіць меч і спаганяе гнеў на тых, хто робіць зло (Рым. 13:4)" [2] . Таму, адпаведна, калі хрысьціянін будзе ва ўрадзе, але не пакарае нейкага злачынцу або чужаложніка і будзе ўважаць гэта за міласэрнасьць, такое меркаваньне памылковае, бо лепш добрых любіць, чым іхніх ворагаў. І яшчэ С.Будны вельмі падрабязна спыняецца на абавязках бацькоў адносна дзяцей і ўраду адносна падданых. Бацькі павінны дзецям узгадаваньне, пакараньне і навучаньне: "Няхай вучацца хрысьціяне навукам патрэбным, -- мяркуе С.Будны, -- перш Пісаньням, багаслоўю, потым - навукам юрыдычным, лекарскім ды іншым, таксама ваеннай справе, каб потым маглі царкве паслужыць" [2]. Паводле С.Буднага, хрысьціяне ня мусяць уцякаць на пустыню або хавацца па пячорах, як гэта робяць манахі ды іншым раяць. Наадварот, іхняе прызначэньне С.Будны бачыць у тым, каб хрысьціяне, дзеля збаўленьня сваіх бліжніх, жылі спасярод іх, працавалі, цярпліва зносілі ўсялякія цяжкасьці, сьвяцілі сваёй верай, сьведчаньнем ды паслухмянасьцю і каб іншыя гэта бачылі ды праслаўлялі Айца, Які ў небе. "А як бо навука Божая мае спасярод людзей памнажацца ды шырыцца,-- піша С.Будны, -- калі Прарокі, Апосталы ды іншыя вучыцелі ня будуць спасярод людзей жыць, але па кляштарах, па лясах ды і яшчэ дзе будуць спаць або распусьнічаць?" [2 ].

Што ж датычыцца абавязкаў ураду, то першы абавязак кожнага начальніка - навучыць сваіх падданых праўдзівай веры. "Чым жа лепей кароль або князь Госпаду паслужыць, як ня тым, што адкрые падданым Ягоную волю, каб яе спаўнялі? - зазначае С.Будны. -- Зноў жа, у псальме Дух Сьвяты казаў не каму іншаму, як князям ды начальнікам: "Адчыніце, князі, брамы вашыя, каб увайшоў Кароль Славы" (Пс. 23:7). У гэтым вершы паказана, як шмат ад начальнікаў залежыць, бо яны адчыняюць брамы сваіх земляў перад Каралём Славы, значыць, перад Божым Словам. Адчыняе ж князь брамы перад Божым Словам, калі клапоціцца, каб было каму Яго прапаведаваць" [2 ].

Акрамя гэтага, начальнікі павінны паўсюль, дзе толькі сягае іхняя ўлада, адкрываць цэрквы і школы, караць эпікурэйцаў, балванахвальцаў, фальшывых настаўнікаў, крывадушных сьведкаў ды абараняць паміж людзей цноту і супакой, судзіць сваіх падданых паводле дзесяці прыказаньняў.

Урэшце, гаворачы пра адносіны чалавека да самога сябе, разгледзім прыказаньне "Не квапся на дом бліжняга свайго. Не жадай жонкі яго, ані слугі, ані вала, ані асла, ані нічога, што да яго належыць". Спачатку зьвернем увагу на тое, што мяркуе М.Лютар: "Калі папярэднія прыказаньні скіраваныя на зьнешнія дзеяньні чалавека, то гэтае прыказаньне забараняе намер, або думку, і кажа пра чысьціню сэрца. Гэтае прыказаньне зьвернута да таго, хто заве сябе сумленным ды багабойным, бо не парушае першыя дзевяць прыказаньняў" [3 ]. Сугучную думку выказвае С.Будны: "Чалавечыя законы ды статуты тольку відавоку благое чыніць забараняюць, уважаючы за справядлівага таго, хто толькі зьнешне іх спаўняе. Закон жа Божы ня толькі чыненьне благіх справаў забараняе, але і ад кожнага патрабуе, каб ані ў сэрцы, ані думкай, ані жаданьнем яго не парушаў" [2 ]. Адначасова С.Будны зазначае, што аніводзін чалавек ня можа жыць так, каб дасканала выконваць ня толькі гэтае прыказаньне "Не пажадай", але і ўсе астатнія. Гэтае прыказаньне дадзенае нам дзеля таго, каб мы спазналі сваю недасканаласьць ды шукалі сабе збаўленьня празь Ісуса Хрыста.

З праведзенага намі параўнаньня "Вялікага Катэхізіса" М.Лютара і "Катэхізіса" С.Буднага вынікае тоеснасьць ідэяў, якія ў XVI ст. абумовілі разьвіцьцё рэфармацыйнага руху ў Нямеччыне і ў Беларусі. Разам з гэтым трэба зазначыць, што ў адрозьненьне ад М.Лютара, С.Будны ў сваім "Катэхізісе" больш увагі надае стасункам "хрысьціянін - грамадзтва" і разглядае такія пытаньні, як, напрыклад: ці належыць хрысьціяніну ваяваць, быць ва ўрадзе, прысягаць і г.д. С.Будны быў першым у Беларусі багасловам, які апрацаваў вучэньне эвангельскай царквы і выклаў яго ў форме "Катэхізіса". Аднойчы ён заўважыў, што ацаніць ягоную працу належным чынам змогуць толькі нашчадкі. Гэтая задачы стаіць сёньня перад намі, і цалкам магчыма, што як "Вялікі Катэхізіс" М.Лютара стаўся веравызнальнай кнігай лютаранскай царквы, так і "Катэхізіс" С.Буднага, многія ідэі якога вельмі надзённыя для сёньняшняга хрысьціянства, мае шанец стацца веравызнальнай кнігай пратэстанцкай царквы ў Беларусі.

Літаратура:
1.Акінчыц С. Залаты Век Беларусі. Мн., 2001.

2.Будны С. Катихисіс, то ест Наука стародавная хрістіаньская от Светого Писма для простых людей языка руского въ пытаніях и отказех събрана. Нясвиж, 1562.

3. Лютер М. Большой Катехизис. www.ukrlc.org.

4. Лютер М. Краткий Катехизис. www.ukrlc.org.

5.Саверчанка І.В. Сымон Будны - гуманіст і рэфарматар.Мн., 1993.

Паводле Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. - Мн.: Бел. кнігазбор, 2005. С. 222-230.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: