|
Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім і пратэстанты Беларусі
Андрэй Катлярчук
Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае было шматкультурнай краінай. У Княстве жылі людзі розных нацыянальнасьцяў; большасьць насельніцтва складалі ўсходнія славяне (русіны) і балты (жамойты ды іншыя летувіскія плямёны) [1]. Таксама там жылі юдэі, палякі, літоўскія татары і немцы. Палітычная нацыя складалася ў асноўным з трох этнічных групаў арыстакратыі: русіны (сёньня - беларусы), летувісы і жамойты (сёньня - летувісы). Гістарычна, русіны з XI ст. адносілі сябе да грэцкай праваслаўнай царквы, а летувісы з канца XIV - пачатку XV ст. былі рымскімі каталікамі. Такім чынам, палітычная эліта ВКЛ падзялілася на дзьве канфэсійныя групы: праваслаўныя і каталікі [2]. Распаўсюджаньне Рэфармацыі ў Летуве і на Беларусі моцна зьмяніла сытуацыю. У пэрыяд ад 1523-га да 1546 г. дваццаць маладых магнатаў з ВКЛ слухалі лекцыі Марціна Лютара ва ўнівэрсытэце Вітэнбэргу [3]. У 1553 г. князь Мікалай Радзівіл Чорны пераходзіць з каталіцтва ў веру лютаранскую і засноўвае адзін зь першых лютаранскіх прыходаў у Беларусі (Берасьце). Маскоўскія палітычныя эмігранты Андрэй Курбскі і манах Арцёмі пісалі ў 1570-х гг. аб тым, што лютаранства хутка распаўсюджвалася паміж русінскімі магнатамі Літвы, і яшчэ хутчэй - сярод русінскіх магнатаў Украіны [4]. Пратэстантызм стаў надзвычай папулярным сярод русінскага магнацтва [5]. Новая вера прыцягвала праваслаўных сваім падабенствам да прынцыпаў праваслаўя: адсутнасьць цэлібату ў сьвятароў, літургія на зразумелай мове, прычасьце хлебам і віном, істотная роля членаў царквы. Рэфармацыя распаўсюджваецца нават ва ўсходніх рэгіёнах Княства [6]. Вельмі хутка новыя рэфармаваныя цэрквы зьяўляюцца ў Віцебску, Полацку, Магілёве, Копысі і Галоўчыне. Браслаўскі рэгіён зрабіўся цэнтрам Рэфармацыі ў паўночнай Беларусі, дзе пратэстанцкае магнацтва на чале з Мірскім і Пуцятам было моцным на працягу ўсяго XVII ст.
У 1562 г. Сымон Будны з падтрымкай з боку Радзівілаў выдаў у Нясвіжы лютаранскі катэхізіс на старабеларускай мове. У 1563 г. у Берасьці на польскай мове была выдадзена пратэстанцкая Біблія. Яе выданьне прафінансавала фамілія Радзівілаў. З 1580 г. арыянскі шляхціц Васіль Цяпінскі з Полацку выдаваў Новы Запавет на старабеларускай мове. Захавалася вялікая колькасьць манускрыптаў кальвінскіх і арыянскіх псальмаў, сьпеўнікаў і катэхізісаў на старабеларускай мове [7].
Пратэстанцкая царква ў ВКЛ была заснавана як Яднота Літоўская (Літоўскае Аб'яднаньне) ў Вільні ў 1578 г. У яго ўваходзіла Вялікая Царква (кальвіністы) і Малая Царква (літоўскія браты), вядомыя як арыяне, сацыніяне, антытрынітары або вунітары). Таксама Літоўскае Аб'яднаньне падтрымлівала адно лютаранскае біскупства. У пратэстанцкае Аб'яднаньне ўваходзіла 6 дыстрыктаў, 3 зь іх знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі:
Наваградзкі (з цэнтральнай царквой у Слуцку);
Падляскі (Заблудаў);
Беларускі (Койданава) [8].
У 1600 г. у ВКЛ было 229 кальвінскіх, 16 арыянскіх і 12 лютаранскіх збораў[9]. Заўважце, што 98% зь іх знаходзілася на захадзе і на поўначы краіны. На ўсход ад Менску, дзе было больш праваслаўных жыхароў, якія пражывалі на 40% тэрыторыі краіны, было толькі 5 збораў. Па-першае, пратэстанты Беларусі паказвалі свае варожыя адносіны да веры сваіх продкаў - праваслаўя, яны былі іконаборцамі і ставіліся да грэцкай веры як да свайго суперніка. У 1567 г. Сымон Будны пісаў сваім братам у Швайцарыі, што галоўным супернікам пратэстантызму ў ВКЛ быў не каталіцызм, а праваслаўе [10]. Праваслаўныя адрэагавалі на прапаганду Рэфармацыі працай "Адказ Лютару", якая была напісана ў манастыры ў Супрасьлі каля Гародні. Тым не менш, гэта сур'ёзная антыпратэстанцкая праца ніколі не была выдадзена і яе можна знайсьці ў выглядзе двух манускрыптаў 1580 г. і 1600 г.[11] Відавочна, у плыні Контррэфармацыі неабходнасьць у такіх палемічных дакумэнтах зьнікае. З канца XVI ст. русінскае пратэстанцкае магнацтва для таго, каб надаць славянскай Рэфармацыі рысы старажытнай веры, спрабуе ўзьяднаць пратэстантызм зь мясцовай гістарычнай традыцыяй. Каля 1576 г. пастар Андрэй Каладзінскі з Віцебску фабрыкуе дакумэнт пад назвай "Ліст Івана Сьмерда вялікаму князю Ўладзіміру" ў выглядзе перакладу з балгарскай мовы на старабеларускую. Паводле гэтага тэксту ў X ст. лекар вялікага князя кіеўскага выправіўся ў Грэцыю, каб вывучаць медыцыну. Адтуль ён напісаў ліст Уладзімеру, і ў гэтым лісьце моцна раскрытыкаваў практыкі праваслаўнай царквы. Найбольш цікавы ўрывак - гэта той, дзе ён распавядае пра тое, як падчас свайго падарожжа ён сустрэўся з сапраўднымі хрысьціянамі-славянамі, якія прытрымліваюцца Эвангельля ў штодзённым жыцьці:
Яны ціхія і шчырыя. У іх малітоўных дамах няма ідалаў, ёсьць толькі сталы і лаўкі. Эвангельлі і лісты апосталаў - гэта іх Сьвятая кніга. Таксама ў іх ёсьць крыж. Яны не прызнаюць цэлібат, пасты і рабства [12].
Такім чынам, Каладзінскі стварае ідэальную карціну славянскай пратэстанцкай грамады, якая існавала ў часы ўздыму хрысьціянства ў гэтай частцы Эўропы. Яго мэтай было даць новаму выгляд традыцыйнай русінскай канфэсіі.
У 1643 г. духоўны лідар арыян, Андрэй Вішаваты, прапаведнік з грамады ў Піліпаве (Троцкі дыстрыкт) і русінскі шляхціч з паходжаньня (ён быў унукам заснавальніка руху Фаўста Соцына) наведаў Старадубскі дыстрыкт. Калі ён перасёк Дняпро, Юры Нямірыч, які быў зь ім, параўнаў яго з апосталам Андрэем, легендарным апосталам усходніх славян [13].
Контррэфармацыя прымусіла пратэстантаў зьмяніць свае адносіны да праваслаўя. У 1569 г. пачала дзейнічаць Люблінская вунія. У тым жа годзе з Польшчы прыйшлі езуіты і заснавалі ў Вільні першы каледж. Толькі на Беларусі езуіты заснавалі свае каледжы ў наступных месцах: у Полацку - у 1585 г., у Нясьвіжы - у 1586 г., у Воршы - у 1616 г., у Гародні і Менску - у 1625 г., у Віцебску - у 1648 г. Устрывожаныя масавым пераходам праваслаўнай шляхты ў пратэстантызм, герархі праваслаўнай царквы абралі вунію з рымска-каталіцкай царквой і стварылі ў Берасьці ў 1596 г. новую вуніяцкую ці грэка-каталіцкую царкву. Кароль Жыгімонт III Ваза, езуіты і каталіцкая эліта падтрымалі гэта. Два галоўныя герархі грэка-каталіцкай царквы, мітрапаліты Адам (Іпат) Пацей і Язэп Руцкі былі кальвіністамі і паходзілі з русінскай шляхты. Яны перайшлі з кальвінізму ў грэка-каталіцтва і зрабіліся найбольш актыўнымі крытыкамі пратэстантызму [14]. Страціўшы япіскапаў, праваслаўная царква апынулася па-за законам. Паводле дзяржаўнага пляну ўсе праваслаўныя цэрквы павінны былі ператварыцца ў грэка-каталіцкія. Аднак пратэстанты і праваслаўныя не былі згодныя з гэтым плянам. Тады ж яны арганізавалі альтэрнатыўны антывуніяцкі грэка-праваслаўны царкоўны зьезд у Бярэсьці ў будынку мясцовага пратэстанта Мельхіёра Райскага. Шляхціч-кальвініст Дзям'ян Гулевіч стаў лідарам грамады [15]. Беларускі горад Слуцак стаў цэнтрам дысыдэнтаў. Гэта быў найбуйнейшы прыватнаўласьніцкі горад краіны з насельніцтвам 7000 чалавек, яго ўладальнікам быў Багуслаў Радзівіл. У той час, калі праваслаўная царква ў Княстве была па-за законам (з 1596 да 1632 г.), у Слуцку было 15 актыўных праваслаўных грамадаў. Акрамя таго, Слуцак быў цэнтрам пратэстантызму. Там знаходзілася пратэстанцкая гімназія, дзьве кальвінскія цэрквы (адна зь іх - для шатляндцаў), адна лютаранская і ніводнай каталіцкай. Слуцкая пратэстанцкая гімназія, заснаваная ў 1617 г., павінна была стаць адукацыйным цэнтрам для русінскіх студэнтаў з Наваградку, Падлесься і Беларусі [16].
Адна з мэтаў Контррэфармацыі ў Беларусі была ў тым, каб пазбавіцца некаталіцкай эліты. У 1572 г. пратэстанты сярод сэнатараў ВКЛ складалі большасьць (16 чалавек або 73%), а разам з праваслаўнымі сэнатарамі (3 чал.) яны складалі 86,5% паноў-рады. У той самы час толькі 3 сэнатары былі каталікамі, сярод іх былі 2 біскупы рыма-каталіцкай царквы, пазыцыі якіх гарантаваліся законам. У 1632 г., у апошні год валадараньня Жыгімонта IV Вазы, каталіцкія магнаты складалі 100% сэнату [17]. Такое становішча патрабавала пэўных палітычных захадаў. У 1599 г. у Вільні была абвешчана канфэдэрацыя паміж пратэстантамі і праваслаўнай шляхтай. Праваслаўныя і пратэстанцкія магнаты і шляхта ўваходзілі ў канфэдэрацыю, каб абараніць праваслаўную і пратэстанцкую веру "ад падкопаў каталіцкага кліру". Тыя, хто падпісваў канфэдэрацыю, заяўлялі, што вынікам Контррэфармацыі стала дыскрымінацыя некаталіцкай шляхты ў краіне - гэта пацьвярджалася тым, што іх веравызнаньне нэгатыўна паўплывала на палітычную кар'еру [18]. Трэба зазначыць, што ўмовы гэтага пагадненьня эфэктыўна працавалі на працягу першай паловы XVII ст. Аб'яднаныя пратэстанты і праваслаўныя стварылі своеасаблівы фронт у сойміках і ў сойме [19].
Адзін з закарэненых стэрэатыпаў клясычнай польскай гістарыяграфіі - гэта міт пра плябейскі характар праваслаўя ў Беларусі і Літве ў XVII ст. Насамрэч, на працягу ўсяго стагодзьдзя праваслаўная шляхта складала магутную сацыяльную групу, у якую ўваходзілі і магнаты. Пасьля 1632 г. праваслаўе прэзэнтавалася "элітай з эліты", сэнатарамі. У 1654 г. ў гэтую групу ўваходзілі наступныя русінскія праваслаўныя сэнатары: Аляксандар Агінскі, кашталян Троцкі (былы ваявода Менскі), Самуэль Статкевіч, кашталян Наваградзкі, Мікалай Чацьвяртынскі, кашталян Менскі і Максыміліян Бжазоўскі, ваявода Берасьцейскі. У той жа час Януш Радзівіл, ваявода Віленскі і вялікі гетман, Ян Сасноўскі, кашталян Полацкі і Тамаш Казакоўскі, кашталян Віцебскі, былі кальвіністамі. Існавалі моцныя сувязі паміж групоўкай Радзівілаў і праваслаўным кланам Агінскіх [20].
Менавіта кланы магнатаў Агінскіх і Статкевічаў разам зь некаторымі прадстаўнікамі такіх сем'яў як Валовічы, Друцкія-Сакалінскія, Масальскія, Хадкевічы, Ломскія, Сапегі, Трызны, Мяшчэрыны, Аніхімоўскія былі фундатарарамі праваслаўных выданьняў на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах [21]. Праваслаўныя публіцысты называлі план Агінскіх "бастыёнам праваслаўнай веры". Агінскія дамінавалі ў палітыцы Віцебскага ваяводзтва. Іх палац у Віцебску, пабудаваны ў першай палове XVII ст. Самуэлем Агінскім, быў сымбалем багацьця клану. Да пачатку XIX ст. гэта быў самы вялікі грамадзкі будынак у горадзе. Гаспадар палацу - праваслаўны князь Самуэль Агінскі - атрымаў адукацыю ва ўнівэрсытэце Франэкера ў Галяндыі. Там ён ажаніўся з дачкой мясцовага бурмістра міс ван Стаакман і забраў яе ў Віцебск [22]. Праваслаўнае паходжаньне Самуэля Агінскага перашкодзіла яму зрабіцца сэнатарам. Тым не меньш, Самуэль Агінскі меў больш палітычнага ўплыву і сілы ў Віцебскім ваяводзтве, чым ваявода, якога прыслалі з Варшавы. У 1653 г. шляхціц з Віцебску Крыштап Кішка пісаў: "Агінскі, хоць ён і не ваявода, - як чума для мясцовай шляхты" [23].
Віленскае Сьвятадухаўскае праваслаўнае брацтва было цэнтрам палітычнай барацьбы праваслаўнага шляхецтва. У XVII ст. прадстаўнікі кланаў Агінскіх і Статкевічаў былі лідарамі брацтва. У гэты час абаронцамі брацтва былі кальвіністы Крыштап II Радзівіл і яго сын Януш Радзівіл [24]. Шлюб Януша Радзівіла з князёўнай Марыяй Лупул (1645 г.), дачкой праваслаўнага ўладара Малдовы Васіля Лупула, зрабіў Радзівіла галоўным абаронцам праваслаўя ў Беларусі. Пратэстанцкая фамілія Радзівілаў зрабілася адным з самых вялікіх фундатараў праваслаўнай царквы. На працягу XVII ст. яны зрабілі 50 фундаваньняў для праваслаўнай царквы на сваёй тэрыторыі [25]. Паведамленьні аб гэтым шлюбе прагучалі ў Скандынавіі як прыклад добрага ўзаемаразуменьня паміж пратэстантызмам і праваслаўем. У 1644-1645 гг. Расея і Данія вялі перамовы наконт заключэньня антышвэдзкага альянсу. Першым крокам дамовы павінен быў стаць шлюб аднаго з 23 дзяцей дацкага караля Хрысьціяна IV, ягонага пазашлюбнага сына Вальдэмара-Хрысьціяна [26] з Ірынай Міхайлаўнай, старэйшай дачкой цара Міхаіла. Найбольшай перашкодай было патрабаваньне да Вальдэмара-Хрысьціяна прыняць праваслаўе. Аргумэнты расейскага амбасадара пра абсалютную недапушчальнасьць шлюбу паміж лютаранінам і праваслаўнай былі абвергнутыя сьвятаром дацкай амбасады Матэўсам Фэльгабэрам, які спаслаўся на факт шлюбу Януша Радзівіла з Марыяй Лупул, дабраславёны ўсяленскай патрыярхіяй у Канстантынопалі [27].
31 кастрычніка1632 г., новаабраны кароль Рэчы Паспалітай падпісаў "Артыкулы заспакаеньня Праваслаўнай Царквы", якія былі вылучаныя некаталіцкай арыстакратыяй. У выніку была заснавана Беларуская эпархія з цэнтрам у Магілёве. Беларускі япіскап павінны быў абірацца паводле старой традыцыі ўзгадненьня з арыстакратыяй і мусіў быць "шляхецкага паходжаньня". Па-за межамі Беларускага япіскапату, праваслаўным было дазволена мець манастыры і цэрквы ў Вільні, Троках, Берасьці, Менску, Полацку й Слуцку. Гэта была трыюмфальная перамога праваслаўна-пратэстанцкага альянсу. Пасьля 26 год барацьбы, праваслаўная царква ў Беларусі аднавіла сваю легітымнасьць, гэтаксама як і права праводзіць набажэнствы, будаваць цэрквы, друкарні, ствараць брацтвы і школы. Аналізуючы сьпіс адноўленых праваслаўных цэнтраў аднаго нельга не заўважыць, што ў многіх месцах праваслаўныя і пратэстанцкія цэрквы існавалі паблізу адна ад адной. Адноўленыя цэрквы паўставалі галоўным чынам у тых мясьцінах, дзе існавалі пратэстанцкія прыходы. Можна прыгадаць Менск, Полацак, Магілёў, Віцебск і Галоўчын. Пэўная колькасьць праваслаўных цэркваў была пабудавана Радзівіламі ў іх прыватнаўладальніцкіх гарадах (Кейданы, Слуцак, Заблудаў, Сялец) [28]. Гэтыя факты сьведчаць пра посьпех праваслаўна-пратэстанцкага альянсу. Нягледзячы на легітымізацыю праваслаўнай царквы, барацьба паміж дызунітамі і вуніятамі не спынілася бо праваслаўная царква патрабавала вяртаньня цэркваў і маёмасьці забранай грэка-каталікамі. Пад ціскам дысыдэнцкай арыстакратыі Уладзіслаў Ваза прызнаў гэтыя патрабаваньні абгрунтаванымі. 14 сакавіка 1635 г., ён даў загад стварыць камісію ў справах падзелу храмаў і маёмасьці. Камісія складалася з трох праваслаўных і трох грэка-каталіцкіх шляхцічаў. Гэта спрычынілася да новых судовых разьбіральніцтваў паміж праваслаўнымі і грэка-каталікамі і запатрабавала далейшай каардынацыі палітычнай дзейнасьці паміж праваслаўнымі і пратэстантамі [29]. Толькі пры падтрымцы віленскага ваяводы Януша Радзівіла, у 1653 г. мясцовае праваслаўнае насельніцтва Вільні вярнула тры праваслаўныя храмы, якія ім належалі раней [30]. У той час, калі Радзівіл быў ваяводам віленскім двое дысыдэнтаў - немец-лютаранін Якуб Гібель і праваслаўны беларус Пракоп Дарафіевіч былі войтамі сталіцы [31].
Беларускія прадпрымальнікі Вільні цанілі Радзівілаўскую дапамогу і ў сваю чаргу фінансава і дыпляматычна падтрымлівалі прашвэдзкую палітыку Радзівілаў у 1655-1656 г. Адзначым, што Беларускі япіскап меў добрыя наўпроставыя дачыненьні з лютаранскім біскупам Швэцыі. Пачынаючы ад 1632 г. два беларускія манастыры (у Віцебску і Полацку) мелі дазвол на душпастырскую дзейнасьць сярод беларускіх прадпрымальнікаў Рыгі: "прыязджаць штогод у Рыгу, цудоўны горад у Швэдзкім каралеўстве, каб там перасьцерагаць і ўмацоўваць у веры сыноў царквы." [32]. Падтрымка праваслаўных Радзівіламі мела фінансавае вымярэньне. Праваслаўныя брацтвы і асобныя прадпрымальнікі былі найбуйнейшымі крэдыторамі Радзівілаў [33]. Патрабаваньне прызнаць правы дысыдэнтаў на элекцыйным сойме 1648 г. было пацьверджаньнем кансалідацыі пазыцыяў пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты. Сэнатары Януш Радзівіл і Мікалай Абрамовіч разам з пасламі ад пратэстантаў і праваслаўных патрабавалі ад караля захаваць правы некаталікоў. Праваслаўныя сэнатары Аляксандар Агінскі і Багдан Статкевіч і паслы Багдан Агінскі (Троцкі павет), Міхал Статкевіч (Мсьціслаўскі павет) і Юры Нелюбовіч (Пінскі павет) далучыліся да гэтага патрабаваньня [34].
У адказ на каралеўскую палітыку канфэсійнае чысьціні русінскія пратэстанты заснавалі традыцыю "выключных шлюбаў" у адпавесьці зь якой зрабіліся магчымымі шлюбы з прадстастаўнікамі праваслаўнай арыстакратыі [35]. Колькасьць шлюбаў паміж пратэстантамі і праваслаўнымі ўзрастала. Як вынік, частка дзяцей арыстакратыі былі пратэстантамі, а другая частка праваслаўнымі. Сем'і Масальскіх, Ломскіх і Мірскіх былі сем'ямі такога кшталту. Сям'я заможнага прадпрымальніка Ломскага з Аршанскакага павету можа служыць прыкладам. У 1654 г. адзін з прадстаўнікоў гэтага роду Мікалай Ломскі, быў чальцом Магілёўскага праваслаўнага брацтва [36]. Адначасова, пратэстанцкія прадстаўнікі гэтае фаміліі былі галоўнымі патронамі рэфармацкае царквы ў Копысі [37]. Адзін зь іх, пратэстант Даніэль Ломскі, паступіў на дыпляматычную службу ў Трансыльванію [38]. Палонны Маскоўскі мітрапаліт Філярэт Раманаў быў шакаваны ад такога суіснаваньня праваслаўя і пратэстантызму ў сем'ях беларускай арыстакратыі "якія ядуць і п'юць разам, жэняцца і нават разам моляцца".
Распаўсюджаньне лютаранства сярод мясцовага ненямецкага насельніцтва выклікала трывогу ў каталікоў. Каб спыніць гэты ўплыў езуіты выдалі шэраг памфлетаў на старабеларускай і польскай мовах, у якіх крытыкавалі лютаранскіх пастароў (за сужонства, дачыненьні з праваслаўнымі ды інш.) [39]. Лютаране насамрэч выкладалі ў праваслаўнай школе ў Вільні [40]. Лютаранскія кнігі выходзілі з праваслаўных друкарняў [41]. Мясцовыя кальвіністы запазычылі ў праваслаўных традыцыю раздаваць міласьціну жабракам пасьля набажэнства [42]. Праваслаўе робіцца аб'ектам дэталёвага дасьледаваньня, якое ад імя лютаранскага пастара зь Вільні, праводзіць першы рэктар нямецкага ліцэю ў Стакгольме Ёган Гербініюс (Johannes Herbinius) [43]. А менавіта, у Вільні у 1673-75 г. Гербініюс напісаў асноўную кнігу свайго жыцьця - першую на захадзе гісторыю Кіева-Пячэрскай Лаўры [44]. Пратэстанты падтрымалі праваслаўных у іх жаданьні захаваць стары юльянскі каляндар (зручны нягледзячы ні на што ў гандлі са швэдзкай Рыгай). Кожны раз калі грэка-каталікі публікавалі памфлеты, у якіх крытыкавалі памылкі старога календара [45], пратэстанты публікавалі календары з паралельнымі датамі ў адпаведнасьці з новым і старым календарамі [46]. Пратэстанты беларускіх паветаў выкарыстоўвалі юльянскі каляндар да канца XVII ст., дэманструючы такім чынам, талерантнасьць да праваслаўнае традыцыі [47]. Пад уплывам пратэстанцкай думкі іннавацыйныя тэндэнцыі пранікалі ў праваслаўную тэалёгію. Праваслаўныя царкоўныя лідары патрабавалі, каб іхныя вернікі пасьціліся ня толькі цялесна, але і духоўна, заклікалі да самастойнага чытаньня Бібліі і г.д. [48] З іншага боку, калі ў XVI ст. большасьць русінскіх пратэстантаў разглядала праваслаўе як ідалапаклонства, то ў XVII ст. яны зьмянілі сваю думку, і праваслаўе зрабілася роўнай верай, у аснове якой ляжыць альтэрнатыўны шлях да Нябёсаў [49].
Радзівілы бачылі сваіх праваслаўных падданых таксама ў якасьці патэнцыйных аднаверцаў. У адпаведнасьці зь іх плянамі пратэстанцкая гімназія ў Слуцку павінна была зрабіцца адукацыйным цэнтрам для мясцовай беларускай моладзі. Меркавалася ўвесьці курс "грэцкае тэалёгіі" які б чытаў праваслаўны прафэсар са статусам прарэктара "які мог бы прыцягнуць русінскую моладзь з ваколіцаў" [50]. Вядома, што апроч арыстакратыі мясцовыя прадпрымальнікі далучыліся да кальвінскае супольнасьці ў Віцебску і Копысі [51]. У 1630 г. граф Орлі, што на Падляшшы, арыянін Станіслаў Курач у адпаведнасьці з даручэньнем Радзівілаў арганізаваў кампанію па прывабленьню этнічных русінаў у мясцовую кальвінскую царкву [52]. Пратэстанты захвочвалі праваслаўных дзяцей Віцебску наведваць кальвінскую школу пры зборы [53].
Нягледзячы на патрэбу палітычнага альянсу стаўленьне некаторых русінскіх патэстантаў да іхных праваслаўных братоў было такое ж крытычнае як і раней. У 1629 г. берасьцейскі судзьдзя Пётар Кахлеўскі пісаў да Крыштапа ІІ Радзівіла, што ён ня можа пагадзіцца з "паганскай ідаламаніяй праваслаўя" гэтаксама як і зь іх агіднай традыцыяй "цалаваць памерлых у вусны", што на думку Кахлеўскага было прычынай розных эпідэміяў [54]. Пратэстанцкія ўладары Слуцкага княства намагаліся палепшыць рэлігійную дысцыплінаванасьць сялянаў мэтадам Марціна Лютара. Кожны вясковы сьвятар павінны быў запісваць вернікаў у адмысловыя мэтрыкі. Кожны адсутны на набажэнстве мусіў заплаціць штраф у памеры адной манэты [55].
Сучасныя польскія дасьледчыкі памылкова лічаць, што толькі праваслаўная арыстакратыя захавала русінскую тоеснасьць [56]. Праваслаўныя аўтары пачалі дыстанцавацца ад гэтага польскага міту самае раньняе ў XVII ст. Як занатаваў Мялет Сматрыцкі ў 1621 г. "ня вера робіць русіна русінам, паляка палякам, ліцьвіна ліцьвінам, але ягонае паходжаньне і кроў, русінская, польская ці ліцьвінская" [57]. У XVII ст. нэафіты - прадстаўнікі русінскай каталіцкай арыстакратыі ўважалі сябе за русінаў [58]. Русінскія пратэстанты таксама атаясамляліся з назовам "Русь". Назва аднаго з дыстрыктаў Літоўскай Ядноты "Беларускі" кажа сама за сябе. Напрыклад на сынодзе Ядноты ў 1612 г. з прапановамі ад "русінскіх братоў шляхецкага стану" выступіў сэнатар, кашталян Пернава Пётар Стаброўскі [59]. Варта адзначыць, што будучы кальвіністам, Стаброўскі выступаў таксама як абаронца праваслаўнага насельніцтва Слонімскага павету [60]. Іншы прадстаўнік гэтага роду, кальвініст Ян Стаброўскі, аддаў уласны дом у Полацку для праваслаўных набажэнстваў, калі ў 1621 г. апошняя царква была забрана ад праваслаўных вернікаў [61]. Адзін з галоўных фундатараў новага будынку легальнай праваслаўнай царквы ў Полацку (1633 г.) быў русінскі кальвініст шляхціч Себасьцян Мірскі [62].
Пратэстантамі ў большай ступені, чым праваслаўнымі быў напісаны шэраг патрыятычных працаў у падтрымку русінскай тоеснасьці і мовы. Зварот Буднага, перакладчыка Малога Катэхізісу Лютара, на старабеларускую мову, да фундатараў Радзівілаўскае друкарні, утрымлівае просьбу да Радзівілаў захаваць вернасьць старабеларускай мове, мове іхных продкаў, зьяўляецца адным з доказаў гэтага [63]. Шляхціч-арыянін з-пад Полацка Васіль Цяпінскі ў прадмове да Эвангельля надрукавага ў ягонай уласнай друкарні на ягоныя грошы вызначыў служэньне русінам як мэту сваёй працы: "служыць майму народу, бо я зь яго выйшаў, служыць маёй Русі" [64]. Іншы русін, шляхціч-кальвініст са Слуцку Ян Казімір Пашкевіч, напісаў у 1621 г. патрыятычны верш у гонар русінаў:
Польшча квітнее лацінаю,
Літва красуе русчызнаю
Бяз той у Польшчы не пражывеш
А без гэтай у Літве дурнем будзеш
Важна, што верш Пашкевіча быў апублікаваны на палях Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 - напісаным па-старабеларуску зводзе законаў - і важным сымбалі незалежнасьці ВКЛ ад Польшчы [65]. Тыповым прадстаўніком русінскага пратэстантызму можа служыць Хведар Еўлашоўскі кальвініст і праўнік з Наваградку. Адзін зь вядомых даўніх беларускіх пісьменьнікаў, аўтар першых мэмуараў на старабеларускай мове, Еўлашоўскі быў шчыльна зьвязаны з праваслаўнай культурай. Ён атрымаў пачатковую адукацыю ў "русінскай школе, бо ў гэты час не было іншых школаў у нашай зямлі". Ягоны бацька Міхаіл, стаў праваслаўным япіскапам Пінска і Турава [66]. Нічога дзіўнага не было ў тым, што праваслаўныя сьвятары карысталіся пэўнымі рэфарматарскімі рукапісамі, напрыклад, Новым Запаветам у перакладзе шляхціца-арыяніна Валенція Негалеўскага [67]. Першы русін, які назваў сябе беларусам таксама быў не праваслаўны, а вядомы кальвінскі пісьменьнік Салямон Рысінскі (Solomo Pantherus Leucorussus, 1569-1626). Рысінскі нарадзіўся ў Віцебскім павеце, або, зь ягоных словаў "у багатай на лясы і жывёлу Русі, каля мяжы з халоднай Масковіяй"; атрымаў доктарскую ступень ва ўнівэрсытэце Альтдорфа, а пасьля вяртаньня зрабіўся зрабіўся настаўнікам пры двары Радзівілаў [68]. Так званы "этнічны ліцьвін" Януш Радзівіл з энтузіязмам чытаў русінскія кнігі з бібліятэкі праваслаўнага манастыра ў Супрасьлі [69]. Януш Радзівіл, які паходзіў з магнацкага роду, валодаў маёнткамі ў розных этнічных рэгіёнах і выхоўваўся па чарзе ў ліцьвінскай і русінскай частках дзяржавы. Такім чынам, ягоная тоеснасьць грунтавалася на падставе ўспрыманьня ўсяго Княства як адзінай дзяржавы. Зьяўляючыся ўнукам Васіля Астроскага, галоўнага абаронцы праваслаўя, Радзівіл лічыў сваім абавязкам падтрымаць праваслаўную царкву. Няглядзячы на гэтыя факты, сучасныя беларускія дасьледчыкі вінавацяць пратэстантаў у палянізацыі [70]. Сапраўды польская мова дамінавала ў пратэстанцкіх колах, але разам з гэтым у XVII ст. адбывалася самапалянізацыя ўсіх астатніх канфэсійных групаў шляхты, уключаючы і праваслаўных.
Войны Рэчы Паспалітай з Расеяй і Швэцыяй (1654-1667) былі катастрофай для Беларусі і Літвы. ВКЛ страціла 48,4% насельніцтва. На ўсходзе Беларусі гэтая лічба дасягнула 72% [71]. Войскі маскоўцаў і ўкраінскія казакі зьнішчылі ўсе друкарні, якія выдавалі кнігі кірыліцай і разбурылі шэраг пратэстанцкіх рэлігійных і культурных асяродкаў. Больш за тое, гэтыя войны паклалі канец палітычнаму супрацоўніцтву пратэстантаў з праваслаўнымі. Калі пачалася вайна паміж Рэччу Паспалітай з аднаго боку і Расеяй і Ўкраінай - з другога, пратэстанцкая шляхта спрабавала ўсталяваць патаемную сувязь са Швэцыяй [72]. Януш і Багуслаў Радзівілы, якіх падтрымлівала пратэстанцкая шляхта, зьвярнуліся да швэдзкага караля Карла Х з просьбай дамагчы ВКЛ палітычна адасобіцца ад Польшчы. Швэдзкае войска ўвайшло ў заходнюю частку ВКЛ (сучасная Літва і паўночна-заходняя Беларусь). 20 кастрычніка 1655 г. была падпісана вунія ў Кейданах, паводле якой гістарычная Літва адасаблялася ад Польшчы і аб'ядноўвалася з лютаранскай Швэцыяй у фэдэратыўную дзяржаву [73]. Невыпадкова, што беларускія гандляры зь Вільні ("ryska kopman av Vilna") падтрымалі саюз ВКЛ са Швэцыяй.
У сваю чаргу, абсалютная большасьць той буйной арыстакратыі, з тых хто падпісаў Кейданскую вунію, былі пратэстантамі. У той самы час найбуйнейшыя русінскія магнаты Самуэль Статкевіч, Ян, Самуэль і Сымон Агінскія супрацоўнічалі з Расеяй або гетманскай Украінай. У выніку, пасьля гэтых войнаў пратэстантаў і праваслаўных можна было зьвінаваціць у супрацоўніцтве з двума галоўнымі ворагамі Польшчы: Швэцыяй і Расеяй. Пачалася моцнай антыпратэстанцкая і антыправаслаўная прапаганда. Каталіцкая царква лічыла швэдзкае і расейскае ўварваньне карай Божай за дазвол пратэстантам жыць спакойна. У рэшце рэшт большая частка пратэстанцкай шляхты перайшла ў каталіцтва, забраўшы з сабой парафіі, якія знаходзіліся на іх землях, а таксама многіх сваіх падданых. Апошні пратэстанцкі сэнатар Ян Сасноўскі перайшоў у каталіцтва ў 1664 г.. У 1667 г. памёр праваслаўны сэнатар Аляксандар Агінскі. Ён быў апошнім сэнатарам-некаталіком у гісторыі польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. У 1669 г. апошняга праваслаўнага магната МарцыянаАгінскага прымусілі перайсьці ў каталіцтва. Ён мусіў выбіраць паміж рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай царквой [74].Без магутных заступнікаў пратэстанцкая і праваслаўная цэрквы былі безабаронныя перад атакамі каталікоў. Больш за 10 гадоў, пачынаючы ад 1678 г. адзіная праваслаўная эпархія Беларусі ўвогуле ня мела япіскапа [75].
Напрыканцы XVII ст. пратэстанцкая і праваслаўная шляхта паступова зрабілася нязначнай рэлігійнай меншасьцяй. Котррэфармацыя атрымала перамогу [76]. У той час каля 15 студэнтаў кальвіністаў з ВКЛ навучаліся ва ўнівэрсытэтах Заходняй Эўропы: 4 - у Ляйдэнскім унівэрсытэце, 3 - у Магдэбурскім унівэрсытэце, 2 - ва ўнівэрсытэце Франкфурта на Одэры, яшчэ 2 у Ёхімстальскай гімназіі Бэрліну [77]. У тых, умовах , якія склаліся ў краіне, многія беларускія інтэлектуалы некаталікі мелі толькі два шляхі: або прыняць каталіцтва, або пакінуць краіну. Шмат хто зь іх абраў эміграцыю. Прпатэстанты пераехалі на Захад, а праваслаўныя - у адзіную ў Эўропе праваслаўную краіну - Масковію. Найбольш цікава тое, што некаторыя беларускія пратэстанты пераехалі ў Маскву, дзе памножылі лік выбітных працаўнікоў на ніве культуры ў Расеі. Сярод іх быў Гальляш Капіевіч (1651-1714), найбуйнейшы выдавец славянскіх кнігаў у Заходняй Эўропе і аўтар сучаснай вэрсіі кірылічнага альфабэту, а таксама Ян Мануэль Белабоцкі (каля 1650-пасьля 1700), знакіміты пісьменьнік і перакладчык [78]. У тым жа часе ўтварылася вялікая грамада пратэстантаў Вялікага Княства ў Прусіі, дзе яна праіснавала да 1767 г., калі ў Рэчы Паспалітай зноў была абвешчана рэлігійная свабода і апошнія пратэстанты вярнуліся на Бацькаўшчыну. Увесь гэты час у Кёнісбэргу была друкарня і кальвінская царква, якія належалі Літоўскаму Задзіночаньню і карысталіся польскай мовай ў якасьці lingua franca.
У XVIII ст. ідэя пратэстанцка-праваслаўнага саюзу зноў зрабілася актуальнай. У 1710 г. падчас Вялікай Паўночнай вайны лідар пратэстантаў, беларускі шляхціц Міхал Воўк-Ланеўскі распрацаваў праграму палітычнай барацьбы за правы дысыдэнтаў. Гэтая праграма галоўным чынам была скіравана на палітычны саюз з праваслаўнай царквой. У 1735 г. у Санкт-Пецярбург прыехала дэлегацыя дысыдэнтаў з просьбамі пра дапамогу. Паказальна тое, што ў скаладзе дэлегацыі былі прадстаўнікі ўсіх трох уцісканых веравызнаньняў: кальвіністаў, лютаранаў і праваслаўных. Пры гэтым шляхціц-кальвініст Аляксандар Гулевіч ажыцьцяўляў інтарэсы праваслаўя [79]. Тым часам, пруска-брандэбургская дыпляматыя пачынае ўводзіць у гульню дысыдэнцкую фігуру. Тэкст Віленскага пагадненьня 1599 г. быў знойдзены ў сакрэтным архіве Бэрліну [80]. Слуцкая канфэдэрацыя 1767 г. была кульмінацыйным момантам палітыкі суседніх дзяржаваў. На расейскія грошы ў Слуцак прыехалі 800 прастаўнікоў пратэстанцкай шляхты і апошнія праваслаўныя арыстакраты (Юзафовіч, Булгак і Чарнышоў). Беларускі япіскап Георгі Каніскі старшыняваў на гэтым сходзе, праца якога вялася на лаціне. 18 сакавіка 1767 г. 130 яе ўдзельнікаў вырашылі падпісаць Акт канфэдэрацыі з патрабаваньнем ад Варшавы аднавіць рэлігійныя свабоды і з просьбай да ўрадаў Расеі, Прусіі і Швэцыі аказаць ім дапамогу [81]. Слуцкая канфэдэрацыя сымбалізавала сабой пачатак працэсу зьнікненьня ВКЛ з палітычнай мапы Эўропы. У той жа час гэта быў апошні ў гісторыі факт супрацоўніцтва паміж пратэстантамі і парваслаўнымі. У сучаснай Беларусі паміж гэтымі канфэсіямі няма й ценю ад былога супрацоўніцтва. Цяпер, калі праваслаўная царква абвешчана галоўнай канфэсіяй Беларусі, пратэстанты розных дэнамінацыяў знаходзяцца пад моцным уціскам як з боку дзяржавы, так і з боку праваслаўнай царквы зь яе прапагандай.
Літаратура
1. На працягу ХІХ - пачатку ХХ ст. два сучасныя нацыянальныя праекты (беларускі і летувіскі) узрасьлі на грунце былога Вялікага Княства Літоўскага. Многія прадстаўнікі гісторычнай ўляхты Вялікага Княства бралі ўдзел у абодвух рухах. Гл.: Kotljarchuk, Andrej. 2004. The tradition of Belarusian Statehood: a war for the past. Contemporary Change in Belarus. Baltic and Eastern European Studies. Volume 2. S?dert?rns University College. P. 41-72.
2. Гл.: Варонін, Васіль. 1998. Палітычная сістэма Полацкага ваяводстваў першай палове 16 ст. Беларускі Гістарычны Агляд. Т.5. Сш. 1 (8). Mінск, с. 27-66.
3. Mallek, Jerzy. 1996. Polscy i litewscy studenci na uniwersytecie krolewieckim. Polska i jej wschodni sasiedzi od sredniowiecza po wspolczesnosc. Torun, p. 179.
4. Грушевський, Михайло. 1995. Історія України-Русі. T. VI. Kиїв, с. 422-425.
5. Liedke, Marzena. 2002. Szlachta ruska Wielkiego Ksiestwa Litewskiego a Reformacja. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 18. Available from Internet: http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/bzh/index.htm
6. Liedke, Marzena. 2002. Szlachta ruska Wielkiego Ksiestwa Litewskiego a Reformacja. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No.18. Даступны праз Internet: http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/bzh/index.htm
7. Ластоўскі, Вацлаў. 1926. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігапісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя. Коўня (каўнас). С. 383-395.
8. Luksaite, Inga. 1999. Reformacija Lietuvos Didziojoje Kunigaikstysteje ir Mazojoje Lietuvoje. Vilnius; Kriegseisen, Wojciech. 1996. Ewangelicy Polscy i Litewscy w Epoce Saskiej. Warszawa, p.100-101.
9. The Polish brethren: documentation of the history and thought of Unitarianism in the Polish-Lithuanian commonwealth and in the diaspora, 1601-1685. Edited, translated and interpreted by George Huntston Williams. In: The proceedings of the Unitarian historical society. Vol. XVIII. 1978-79. Cambridge, Mass. P. 373-374.
10. Kosman, Marceli. 1977. Programme of the Reformation in the grand Duchy of Lithuania and how it was carried through (ca. 1550-ca.1650). Acta Poloniae Historica. No. 35., p. 29.
11. Гл. публікацыю ва: Українськая література XIV-XVI ст. Kиїв, 1988. С. 194-197.
12. Гл. Малышевский, Иван. 1878. Подложное письмо половца Ивана Смерды к киевскому князю Владимиру Святому. В: Труды III археологического съезда в России. T. 2. Kиев, с. 307-316.
13. Williams, George. 1978. Protestants in the Ukraine during the period of Polish-Lithuanian Commonwealth. Harvard Ukrainian Studies. 2(2) June, p. 195.
14. Падокшын, Сямён. 2000. Унія, дзяржаўнасць, культура. Miнск, с. 57, 71.
15. "Літоўская Метрыка". Кніга 73, с. 508-509. Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі. Ф. 18. Вопіс 1. Справа 73.
16. Kosman, Marceli. 1977. Programme of the Reformation in the grand Duchy of Lithuania and how it was carried through (ca. 1550-ca.1650). Acta Poloniae Historica. No. 35., p. 43.
17. Lulewicz, Henrik 1977. Sklad wyznaniowy senatorow swieckich Wielkiego Ksiestwa Litewskiego za panowania Wazow. Przeglad Historyczny. T. LXVIII, Z. 3., p. 425-445. table 1.
18. Гл. тэкст у: Уния в документах. Mинск, 1997. No 106, с. 300-307. і апошні артыкул на гэтую тэму: Oljanсyn, Domet. 1936. Zur frage der Generalkonfederation zwischen Protestanten und Orthdoxen in Wilna 1599. Kyrios. no. 1., p. 27-46.
19. Жукович, Павел. 1901-1912. Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией (1596-1632). У восьмі тамах. St. Petersburg; Chodynicki, Kazimierz. 1934. Kosciol prawoslawny a Rzeczpospolita Polska. Zarys historyczny 1370-1632. Warszawa, 376-385.
20. Ледке, Мажэна. 2001. Сувязі Агінскіх з пратэстанцтвам у першай палове 17 ст. Гістарычны Альманах. Том 5. Гродна, с. 105-112.
21. Гл.: Кніга Беларусі. Зводны каталог. 1517-1917. Miнск, 1986. No. 70-79, 99-100, 117-123. 128-129, 136-137, 152, 158-160.
22. Хмяльніцкая, Лена. 1995. Род фундатараў і мецэнатаў. Агінскія. Віцебскі сшытак, No.1. с. 42-47.
23. Lulewicz, Henryk. 1984. Elita polityczno-spoleczna Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w polowie XVII wieku. Praca doktorska. Неапублікаваны рукапіс. Warszawa, p. 74.
24. Kempa, Tomasz. Wilenskie bractwo sw. Ducha jako centrum obrony prawoslawia w Wielkim Ksiestwie Litewskim w koncu XVI i w pierwszej polowie XVII w. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 21., p. 47-69.
25. Augustyniak, Urszula. 1997. Zrodla do badania stosunkow wyznaniowych i narodowosciowych w WKL XVII w. w Archiwum Warszawskim Radziwillow. Miscellanea Historico-Archivistica. T. VII. Warszawa, p. 158 .
26. У 1655, падчас вайны Швэцыі супраць Рэчы Паспалітай, князь Вальдэмар Хрысьціян паступіў афіцэрам на швэдзкую службу і памёр у 1656 г. непадалёку ад Любліна.
27. Опарина, Татьяна. 1998. Иван Наседка и полемическое богословие Киевской митрополии. Новосибирск, с. 235. Князь Вальдэмар Хрысьціян і дацкія дыпляматы атрымалі гэтую інфармацыю непасрэдна ад Януша Радзівіла. Дацкае пасольства ехала ў Маскву праз Літву і Януш Радзівіл сустрэўся зь ім у Вільні. Гл.: Kotlubaj, Edward. 1859. Zycie Janusza Radziwilla. Wilno-Witebsk, p. 73-74.
28. Kempa, Tomasz. Wilenskie bractwo sw. Ducha jako centrum obrony prawoslawia w Wielkim Ksiestwie Litewskim w koncu XVI i w pierwszej polowie XVII w. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 21., p. 65.
29. Пануцэвіч, Вацлаў. 2000. Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі. Полацак, с. 135-150.
30. Архіў уніяцкіх мітрапалітаў. Даведнік. Мінск-Полацк. 1999. С. 53.
31. Kosman, Marceli. 1978. Protestanci i Kontrreformacja. Z dziejow tolerancji w Rzeczypospolitej XVI-XVIII wieku. Wroclaw, p. 84.
32. Катлярчук, Андрэй. 2002. Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў. Mінск, с. 62-63.
33. Degiel, Rafal. 2000. Protestanci i Prawoslawni. Patronat wyznaniowy Radziwillow birzanskich nad Cerkwia prawoslawna w ksiestwie Sluckim w XVII w. Warszawa, p. 83.
34. Akta Seymu Walnego Elekcyi Nowego Krola r. 1648. У: Prawa, Konstytucye y Przywileie Krolewstwa Polskiego, Wielkiego Xiestwa Litewskiego y wszystkich prowincyi nalezacych. Volumen Quartum (4). Ab anno 1641 ad annum 1668. 1859. St. Petersburg, p. 85-87, 96-97.
35. Augustyniak, Urszula. 2001. Dwor i klientela Krzysztofa Radziwilla (1585-1640). Miechanizmy funkcjonowania patronatu. Warszawa, p. 125.
36. Список брацтва при церкви Богоявления Господня Могилёва (1634-1734). Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Вильна. 1871. Tом 5., с. 125-126.
37. Kriegseisen, Wojciech. 1996. Ewangelicy Polscy i Litewscy w Epoce Saskiej. Warszawa, p. 107.
38. Szilafyi, Sandor . 1891. Erdely es az eszakkeleti haboru, levelek es okiratok. Transsylvania et bellum boreo-orientale. Acta et documenta. T. 2, Budapest, 72-73.
39. Гл.: Stopnie doskonalosci Lutherskiey. Wilnа. 1623; Witanie na pierwszy wiazd z Krolewca do Kadlubka Saskiego Wilenskiego Ixa Her N. Lutermachra: na wlasne kleynoty Lutermachra. Drukowano w Witembergu roku 1642 dnia wczorayszego. Witemberg [насамрэч Вільня]. 1642; Chadzynski, Jan. 1619. Suplikacya Zboru Wilenskiego: Do Herr Martyna Luter za x. Mikolaiem Burchardem ministrem swym, ktory w sobote po kury lazac z drabiny spadl y szyie zlamac raczyl. Wilna; Chadzynski, Jan. 1623. relacya a oraz supplika Zboru Wilenskiego: Do Herr Martyna Luter za predikantem Burchardym…Wilna; Chadzynski, Jan. 1624. Taiemna rada, abo Exorbitantiae niektore Samuela Dambrowskiego superuspendanta confusij szachskiey, od pewnych osob teyze sekty do pospolstva Lutherskiego...pisal Phil. Han, pomogal Karzel zloty, korrigowal Murzyn mlody. Wilna; Koleda paniom saskim. Wilna. Друк 17 ст.
40. Kempa, Tomasz. Wilenskie bractwo sw. Ducha jako centrum obrony prawoslawia w Wielkim Ksiestwie Litewskim w koncu XVI i w pierwszej polowie XVII w. У: Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 21., p. 56.
41. Гл.: Cora Iairowa zmarla od Chrystusa w zbudzona na pogrzebie cney y pobozney panny Anny Debowskiey szlachetnego pana Marcina Debowskiego aptekarza y mieszczanina Wilenskiego przez x. Andrzeia Schonflisiusa kaznodzieie Wilenskiego Confess. Aug. Jewie. [Надрукавана ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва]. Гл.: Ivanovic, Maria. 1998. XVII a. Lietuvos lenkiskos knygos. Kontrolinis sarasas. Vilnius, no. 587.
42. Kriegseisen, Wojciech. 1996. Ewangelicy Polscy i Litewscy w Epoce Saskiej. Warszawa, p. 91.
43. Bendel, Heinrich. 1924. Magister Johannes Herbinius. Ein Gelehrtenleben aus dem XVII. Jahrh. Bern.
44. Herbinius, Johannes. 1675. Religiosae Kijovienses Cryptae, sive Kijovia Subterranea: in quibus labyrinthus sub terra, et in eo emortua, a sexcentis annis, Divorum atque Heroum Graeco-Ruthenorum, & nec dum corrupta, corpora, ex nomine atque ad oculum, e PATERIKO sclavonica detegit. Jena. Фасымільную копію гл.: Seventeenth-century writings on the Kievan caves monastery. With an introduction by Paulina Lewin. Harvard library of early Ukrainian literature. Cambridge Mass. 1987.
45. Sakowicz, Kasjan. 1640. Kalendarz stary, w ktorym jawny y oczywisty blad. Wilna. Гл. розныя выданьні пратэстанцкіх календароў за 1654-1657 г., гл.: Ivanovic, Maria. 1998. XVII a. Lietuvos lenkiskos knygos. Kontrolinis sarasas. Vilnius, no. 167-170.
46. Liedke, Marzena. 2002. Szlachta ruska Wielkiego Ksiestwa Litewskiego a Reformacja. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 18. Даступна праз Internet: http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/bzh/index.htm
47. Дмитриев, Михаил. 1996. Изменения в культурной и идейной жизни Речи Посполитой в эпоху Реформации и православное общество. Брестская уния 1596 и общественно-политическое борьба на Украине и в Белоруссии в конце XVI -начале XVII вв. Ч. 1. Брестская уния 1596 г. Москва, с. 42-60.
48. Degiel, Rafal. 2000. Protestanci i Prawoslawni. Patronat wyznaniowy Radziwillow birzanskich nad Cerkwia prawoslawna w ksiestwie Sluckim w XVII w. Warszawa, p. 151.
49. Іванова, Людміла. 1997. Рэфармацыйны рух на Беларусі. Беларускі гістарычны часопіс. No 2, с. 67.
50. Іванова, Людміла. 1995. З гісторыі рэфармацыйнай царквы ў Віцебску ў другой палове XVI-XVII стст. Віцебскі сшытак. No. 1., с. 41-45.
51. Augustyniak, Urszula. 2001. Dwor i klientela Krzysztofa Radziwilla (1585-1640). Miechanizmy funkcjonowania patronatu. Warszawa, p. 230.
52. Іванова, Людміла. 1995. З гісторыі рэфармацыйнай царквы ў Віцебску ў другой палове XVI-XVII стст. Віцебскі сшытак. No. 1., с. 41-45.
53. Augustyniak, Urszula. 1997. Zrodla do badania stosunkow wyznaniowych i narodowosciowych w WKL XVII w. w Archiwum Warszawskim Radziwillow. Miscellanea Historico-Archivistica. T. VII. Warszawa, p. 165, note 66.
54. Degiel, Rafal. 2000. Protestanci i Prawoslawni. Patronat wyznaniowy Radziwillow birzanskich nad Cerkwia prawoslawna w ksiestwie Sluckim w XVII w. Warszawa, p. 101.
55. Гл.: Liedke, Marzena. 2002. Szlachta ruska Wielkiego Ksiestwa Litewskiego a Reformacja. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 18. Даступна праз Internet: http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/bzh/index.htm
56. Яковенко, Наталя. 2002. Паралельні світ. Дослідження з історіі уявлень та ідей в Україні XVI-XVII ст. Kиїв, с. 306.
57. Марзалюк, Ігар. 2002. Наша "Кіеўская" і "Літоўская" спадчына. Спадчына. No 5-6.
58. Augustyniak, Urszula. 2001. Dwor i klientela Krzysztofa Radziwilla (1585-1640). Miechanizmy funkcjonowania patronatu. Warszawa, p. 200. 59. Chodynicki, Kazimierz. 1934. Kosciol prawoslawny a Rzeczpospolita Polska. Zarys historyczny 1370-1632. Warszawa, p. 376-385.
60. Kempa, Tomasz. Prawoslawie i unia we wschodnich wojewodztwach WKL w koncu XVII w. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 22. p. 23.
61. Kempa, Tomasz. Prawoslawie i unia we wschodnich wojewodztwach WKL w koncu XVII w. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No. 22. p. 35.
62. Прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны. Miнск, 1991. с. 25.
63. Прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны. Miнск, 1991. с. 33-35.
64. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Miнск, 1989, с. 28.
65. Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Miнск. 1983, 32.
66. Назаревский, Александр. 1911. Евангелие 1581 года в переводе В. Негалевского. Университетские известия. Kиев. No. 8. 20-40. No. 11. 79-110. No. 12. 119-136. Тут No. 8., p. 20-23.
67. Поретский, Яков. 1983. Саламон Рысинский. Solomo Pantherus Leucorussus, конец XVI -начало XVII века. Mинск.
68. Щавлинская, Лариса. 1999. Языковой феномен человека польско-восточнославянско-литовского пограничья XVII века: Виленский воевода Януш Радзивил-читатель кирических текстов. Studia Russica. Volume 17. Budapest, 129-132.
69. Іванова, Людміла. 1997. Рэфармацыйны рух на Беларусі. Беларускі гістарычны часопіс. No 2, с. 72.
70. Morzy, Jozef. 1965. Kryzys demograficzny na Litwie i Bialorusi w II polowie XVII wieku. Poznan, Table 23.
71. Котлярчук, Андрей. 2004. Дипломатические отношения между Швецией и Украиной в 1654-1660 г.: Шведская историография и источники.
72. Украина и соседние государства в XVII веке. Материалы международной конференции. Издательство С.-Петербургского университета, 2004. С. 90-107.
73. Kotljarchuk, Andrej. 2005. The pro-Swedish Advisory Council of the Grand Duchy of Lithuania in 1655-1656: the origin, structure and fate of members. Faworyci i opozycjonisci. Krol a Elity polityczne w Rzeczypospolitej XV-XVII wieku. Materialy konferencji naukowej zorganizowanej przez Zamek Krolewski na Wawelu, Instytut Historii Uniwersytetu Jagiellonskiego, Instytut Historii Uniwersytetu Slaskiego w dniach 15-17 listopada 2004. Pod red. Ryszarda Skowrona; Zamek Krolewski na Wawelu. Krakow.
1
74. Lulewicz, op. cit., p. 443.
75. Сагановіч, Генадзь 2001. Нарыс гісторыі Беларусі. Ад старажытнасці да канца XVIII ст. Mінск, с. 291-292.
76. Mironowicz, Antoni. 1997. Prawoslawie i unia za panowania Jana Kazimierza. Bialystok; Фактычна, мы можам сказаць, што застаўся толькі адзін пратэстанцкі цэнтар. Гэта быў Слуцак, які належаў эмігранту Багуславу Радзівілу (да 1669) і ягонай дачцэ Людвіцы Шарлоце Радзівіл (1667-1695), якая жыла ў Прусіі і ўрэшце яе мужу Каралю Філіпу Нойбургу.
77. Lukaszewicz, Jozef. 1843. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. T.2. Poznan, p.171-173.
78. Николаев, Николай (Нікалаеў, Мікола). 1998. Был ли прав в своем доносе Павел Негребетский. Белорусский сборник. Выпуск 1. СПб., с. 101-106.
79. Kriegseisen, Wojciech. 1996. Ewangelicy Polscy i Litewscy w Epoce Saskiej. Warszawa, p. 228-231.
80. Lukaszewicz, Jozef. 1842. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. T. 1. Poznan, p. 394-395.
81. Анішчанка, Яўген. 2003. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Інкарпарацыя. Mінск, с. 102-104.
З ангельскай пераклала Вольга Сямёнава
|
|