Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Швэцыя і пратэстанцкі збор Вялікага Княства Літоўскага

Андрэй Катлярчук

Сучасная Беларусь/Vitryssland[1] мае ў Швэцыі імідж праваслаўнай краіны, вернікі якой нібыта заўсёды знаходзілася пад вялікарасейскім культурным ўплывам. Пра Рэфармацыю і існаваньне з 16 ст. кальвінскага і лютаранскага збораў Беларусі ня ведае значная частка швэдзкіх гісторыкаў. Нават сьвятары Швэдзкай лютаранскай царквы/Svenska kyrkan маюць кантакты перадусім з Беларускім экзархатам Расейскай праваслаўнай царквы. Між тым, Швэцыя грала важнаю ролю ў гісторыі пратэстанцкага збору Вялікага княства Літоўскага 16-18 стст. Малавядомым дачыненьням паміж Швэцыяй і ліцьвінскімі пратэстантамі прысьвечаны гэты артыкул.

У новы час Швэцыя рушыла як моцная дзяржава Балтыцы. Ў выніку нацыянальнага паўстаньня супраць Даніі ў 1521-1523 гады на чале з простым шляхціцам, будучым каралём Густавам Васа/Gustav Vasa Швэцыя здабыла незалежнасьць. У 1527 Густаў Васа прымае ідэі Рэфармацыі. За часы ягонага ўладарства (да 1560) Швэцыя робіцца суцэльна пратэстанцкай краінай, "лютаранскай Гішпаніяй" як яе называлі ў Эўропе.

Калі палітыка сучаснай Швэцыя арыентаваная перадусім на заходняю Эўропу, асноўным напрамкам міжнароднай палітыкі навачаснай Швэцыя была ўсходняя Эўропа. У 1561 годзе сын Густава Васы Эрык XIV/Erik XIV Vasa (1533-1577) падбівае пад швэдзкае панаваньне Эстонію. Унук Густава Васы, Густаў Адольф II /Gustav Adolf II (1594-1632) адбівае ў 1617 годзе ад Расеі Інгерманляндыю і Карэлію. У 1622 годзе Рыга далучаецца да Швэдзкага каралеўства каб стацца найбольшым местам краіны. З 1629 году большая частка Лівоніі належыць Швэцыі.

У адрозненьні ад Швэцыі ВКЛ з канца 16 ст. зазнала вялікаю крызу. Па Люблінскай вуніі дзяржава страціла незалежнасьць і самастойнаю міжнароднаю палітыку. Брутальны канфлікт з суседняй Масквой набыў сталы характар. Апошнім зьнешнім посьпехам ВКЛ было далучэньне ў 1561-1566 гады Лівоніі. ВКЛ і Швэцыя атрымалі агульнаю мяжу, і былі да 1721 году суседнімі краінамі. Менавіта суседзтва вызначыла шчыльнасьць палітычных, культурных і рэлігійных кантактаў ВКЛ і Швэцыі 16-18 стст.

Першыя дысыдэнты на чале з Геранімам Праскім візітавалі ВКЛ ў 1413 годзе. Пачатак Рэфармацыі ў ВКЛ сувязаны з ўплывам Прусіі. Як вядома першыя зборы ўзьнікаюць ў 1540-х гады на Жмудзі. Унівэрсытэт Караляўца-Кёнігсбэргу робіцца важным цэнтрам адукацыі пратэстантаў ВКЛ[2]. У 1553 годзе Мікалай Радзівіл "Чорны" заснаваў Берасьцейскі лютаранскі храм - першы збор на абшарах сучаснай Беларусі.

У 1578 годзе пратэстанцкая царква ВКЛ афармляецца структурна. Яднота Літоўская/Jednota Litewska складалася з двух збораў: "збор вялікі"-кальвінская царква і "збор меньшы"-арыяне, ці літоўскія браты (іншая назва сацыяне). Палова збораў месьцілася на беларускай этнічнай прасторы[3]. Абсалютнаю большасьць вернікаў складала шляхта, што ўскосна сьведчыць пра жаданьне ліцьвінаў пабудаваць адметную палітычную нацыю паміж праваслаўнай Масквой і каталіцкай Польшчай. Яднота Літоўская падтрымлівала таксама лютаранскі збор які напачатку 17 ст. складаўся з 12 парафіяў і ачольваўся біскупам/супэрінтэндантам[4]. З канца 16 ст. Рэфармацыя хутка распаўсюджваецца сярод праваслаўнай шляхты ўсходніх паветаў ВКЛ[5]. Новыя зборы ўзьнікаюць ў Віцебску, Полацку, Магілёве, Галаўчыне. Цэнтрам Рэфармацыі паўночнай Беларусі робіцца Браслаўскі павет, дзе пратэстанцкая шляхта на чале зь Мірскімі й Пуцятамі трымае на працягу 17 ст. уладу.

Росквіт Рэфармацыі на паўночным ўсходзе Беларусі быў заахвочаны прыкладам суседняй Швэцыі. З 1622 году швэдзкая Рыга была важным гандлёвым партнэрам Віцебску й Полацку. Невыпадкова, толькі ў гэтых гарадах ВКЛ аснову пратэстанцкіх парафіяў складалі купцы. Пасьля далучэньня Лівоніі да ВКЛ і падзелу Лівоніі паміж Швэцыяй і Рэччу Паспалітай (1629) важную ролю ў рэфармацыйным руху Беларусі пачынае мець лютаранская лівонская шляхта. Цэнтрам адукацыі лівонскай шляхты робіцца ад 1632 году швэдзкі Дорпацкі ўнівэрсытэт - другі пасьля Ўпсолы ўнівэрсытэт Швэцыі. Прадстаўнікі лівонскіх фаміліяў Корфаў, Путкамэраў, Тызэнгаўзаў, Нонхардаў, Плятэраў, Отэнгаўзаў пераязджаюць на службу ў ВКЛ, фундуюць новыя зборы ды адаптуюцца ў асяродку беларускай шляхты[6]. Зь іншага боку дужа беларуска-літоўская шляхта атрымала пасады ў Лівоніі. Палітычныя нацыя літоўска-польскай Лівоніі/Ducatus Ultradunensis складалася зь ліцьвінаў, палякаў і немцаў-лівонцаў. Лівонія абірала 6 паслоў на вальны сойм Рэчы Паспалітай, зь іх два шляхціцы былі прадстаўнікамі беларуска-літоўскага рыцарства[7]. Падкрэсьлім, што менавіта беларуская шляхта якая служыла і жыла на мяжы са Швэцыяй упарта трымалася Рэфармацыі. Маю на ўвазе фаміліі Касакоўскіх, Раецкіх, Календаў, Высоцкіх, Еўлашэўскіх, Сіцінскіх і Корсакаў.

У 1592-1599 гады Швэцыя й ВКЛ былі злучаныя пад ўладаю аднаго караля, Жыгімонта III Васы/Sigismund Vasa, які будучы вялікім князем літоўскім зацьвердзіў Статут 1588 году, што ў часе рэлігійных войнаў гарантаваў свабоду веравызнаньня. Сын караля Ёвана III/Johan III і Кацярыны Ягелёнкі/Katarina Jagellonica швэдзкі каралевіч нарадзіўся, як паведамляюць энцыкляпэдыі, у 1566 годзе ў каралеўскім замку Грыпсгольм ля Стакгольму. Але па-за увагай застаецца адна дробязь: Жыгімонт нарадзіўся ў сям'і вязьня, бо ягоны бацька, вялікі князь фінляндзкі Ёван меў пляны па стварэньню незалежнай Фінляндыі за што быў арыштаваны каралём Эрыкам XIV ды кінуты ў турму Грыпсгольма. Таму, Жыгімонт быў узгадаваны маці ў непрыхільнасьці да швэдзкай улады і лютаранства. Згубіўшы швэдзкі сталец Жыгімонт III распачаў у Рэчы Паспалітай шалёную Контррэфармацыю, мэтай якой была, перадусім, ліквідацыя ў ВКЛ панаваньня пратэстанцкай эліты. У першы год гаспадарства Жыгімонта ВКЛ заставалася пратэстанцкаю краінаю, (большасьць сэнатараў была пратэстантамі). У 1632 годзе - апошнім годзе жыцьця Жыгімонта ўсе сэнатары-ліцьвіны былі выключна каталікамі[8]. Нягледзячы на тое, што Статут 1588 забараняў гвалт хрысьціянскіх храмаў не зважаючы на канфэсію[9], паміж 1610-1640 гадамі шэраг збораў былі разрабаваныя ў выніку наездаў каталіцкіх фанатыкаў. Сярод іх зборы Вільні (1611, 1639), Полацку (1632), Наваградку (1638). Справа 1639-1640 гадоў аб разбурэньні галоўнага кальвінскага збору ў Вільні вызначыла перамогу каталіцкага палітычнага блёку. Рашэньне вальнага сойму 1640 году аб зачыненьні збору сымбалізавала паразу пратэстанцкай эліты на чале з ваяводаю віленскім Крыштапам II Радзівілам ды перамогу караля, біскупа Абрагама Войны і каталіцкага кляну Сапегаў[10]. Палітыка Жыгімонта III прывяла да глыбокай крызы ў ВКЛ. Эліта гаспадарства падзялілася на дзьве варожых партыі: каталікоў і дысыдэнтаў. У гэтых умовах пратэстанцкая шляхта пачала шукаць уплывовага абаронцу.

У 1621 годзе коштам старасты аршанскага і гараднічага віленскага, лютараніна Пятра Нонгарта[11], ў Кракаве выдаецца кніга "Postilla chrzescijanska to jest kazania albo wyklady porzadne Swietych Ewangelii na kazda niedziele i na kazde swieto". Менавіта гэтай працы наканавана было стацца найпапулярнай чытанкай лютаранаў Беларусі. Яна перавыдавалася 12 разоў на працягу 17-21 стст.[12] Аўтарам твору быў славуты біскуп лютаранскага збору ВКЛ Самуэль Дамброўскі (1577-1625). У прадмове да другага выданьня фундатар Пётар Нонгарт зазначыў што выданьне прысьвячаецца "сьвятой памятцы наяснейшай паньне яе каралеўскай мосьці Ганне, з ласкі Боскай Швэдзкай каралеўне ...патронцы і пястунцы ўбогага касьцёлу Аўгсбургскай канфэсіі." Швэдка Ганна Васа/Anna Vasa (1568-1625) была галоўнай апякункай лютаранскага збору ВКЛ. Нарадзілася яна ў каралеўскім замку Эскільстуна/Eskilstuna slott і да 1589 году жыла ў Швэцыі. Яе бацькам быў кароль швэдзкі Ёван III, маці - Кацярына Ягелёнка. Маці-фанатычная каталічка выхоўвала дзетак тайнымі каталікамі. Але, паводле каралевы Кацярыны, дачка Ганна ўпарта трымалася лютаранства "як драб захоўваючы вернасьць першаму хросту". Ад 1589 году Ганна Васа жыве ў Рэчы Паспалітай. Жыгімонт III і езуіты мелі надзею на тое каб перавярнуць яе на каталіцтва ды выдаць з палітычный карысьцю замуж. Але Ганна ніколі не пабралася шлюбам і да скону захавала вернасьць роднаму збору. Дзякуючы яе падтрымцы Жыгімонт III даў дазвол на друк ў трэйцім Статуце ВКЛ (артыкул 3, частка 3) славутага акта талеранцыі Варшаўскай канфэдэрацыі 1573 году[13]. Па спачыну ў 1625 годзе, 11 гадоў цела Ганны Васы заставалася непахаваным з забароны каталіцкага касьцёлу. Нарэшце, 16 ліпеня 1636 году яна была пахаваная ў лютаранскім зборы Таруні. Ніхто з польскага каралеўскай дому Васа не прыбыў на хаўтуры[14]. Пахаваньне пераўтварылася ў магутнаю дэманстрацыю еднасьці пратэстантаў. Кіраўніком цырымоніі быў Крыштап II Радзівіл[15]. За труной рушыла каля 60 пратэстанцкіх сьвятароў з ВКЛ.

Адразу па пахаваньні Крыштап Радзівіл выправіў свайго пасла, рэктара Слуцкай пратэстанцкай гімназіі Адам Рэйнгольда ў Заходняю Эўропу. Прыканцы 1636 году, у Парыжы, Рэйнгольд перадаў амбасадару Швэцыі ў Францыі, заснавальніку сучаснага міжнароднага права Гуга Гроцыюсу/Hugo Grotius мэмарандум пра хаўтуры Ганны Васы, ды рэзкае пагаршэньне пасьля яе спачыну становішча пратэстантаў ВКЛ[16]. У той самы час, ў Варшаве, сын Крыштапа II Януш Радзівіл прамовіў знакамітыя словы: "Я веру, прыйдзе час калі мы ўсіх палякаў павыкідваем праз вокны."[17] Гэта мэтафара адсылала да славутай "дэфэнэстрацыі" 1618 года ў Празе калі чэскія пратэстанты павыкідвалі з вокнаў немцаў - каталіцкіх паслоў Габсбургаў.

Кантакты са швэдзкімі пратэстантамі Януш Радзівіл падтрымліваў перадусім праз інтэлектуалаў эўрапейскага ўзроўню кшталту Яна Амоса Каменскага і Самуэля Гартліба з Лёндану, якія ў сваю чаргу, мелі добрыя сувязі ў Стакгольме й Рызе. Бліжэйшым паплечнікам Каменскага быў беларускі шляхціц - пратэстант Амброзі Кахлеўскі сын судзьдзі земскага берасьцейскага Пятра Кахлеўскага, кліента Радзівілаў. Родны брат лёнданскага Гартліба Георг Гартліб быў рэктарам пратэстанцкай школы Вільні[18]. Важную ролю ў кантактах Радзівілаў са Швэцыяй граў настаўнік Януша Радзівіла швэд Лаўрэнці Горн/Laurentius Horn. Менавіта праз гэтыя кантакты найбуйнейшы швэдзкі прамыслоўца Луіс дэ Гіір/Luis de Geer дапамагаў арыянам ВКЛ грашыма. У першай палове 17 ст. уладары дынастыі Васа пераўтварылі Швэцыю ў дынамічную балтыцкую імпэрыю якая кантралявала амаль што ўсе тутэйшыя марскія парты. Балтыцкае мора зрабілася "ўнутраным швэдзкім возерам". Густаў II Адольф лічыў сябе галоўным апякуном пратэстантаў Эўропы. Ведаючы пра сур'ёзнае пагаршэньне становішча пратэстантаў ВКЛ Густаў II дамагаецца ад свайго стрыечнага брата польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III спыненьня контррэфармацыйнай палітыкі. 26 верасьня 1629 году, ў прускім мястэчку Альтмарк Швэцыя і Рэч Паспалітая падпісваюць чарговаю мірнаю дамову, згодна зь якой гарантаваліся правы пратэстантаў ВКЛ і Польшчы[19]. Жыгімонт Васа ціха памёр у Варшаве 30 красавіка 1632 году.

Праз 6 месяцаў, 6 лістапада 1632 года Густаў II Васа загінуў ў бітве пры Луцэне/L?tzen ў вайне пад сьцягам абароны лютаранскай веры Нямеччыны. Але да таго, дзякуючы палітыцы швэдзкага караля, было адноўлена права пратэстантаў і праваслаўных ВКЛ займаць дзяржаўныя пасады. У траўні 1632 году віленская канвакацыя (рада магнатаў ВКЛ) на чале з Крыштапам II бяз згоды Польшчы даслала пасольства ў Швэцыю да губэрнатара Лівоніі[20]. У выніку перамоваў каралевіч Уладзіслаў Васа зацікаўлены ў падтрымцы пратэстантамі ягонай кандыдатуры на выбарах караля падпісаў з Густавам Васам дамову. Пагадненьне гарантавала свабоды пратэстантаў Рэчы Паспалітай, між іншым правы на сэнатарскія пасады[21]. Напачатку новы кароль Уладзіслаў IV Васа выканаў абяцаньні ды легалізаваў праваслаўнаю царкву і спыніў рэпрэсіі супраць пратэстантаў. З нагоды вяртаньня талеранцыі ў лютаранскім зборы Вільні адбыўся трыюмф, нарыс якога быў надрукаваны ў Любчы.[22]

4 верасьня 1644 года Яднота Літоўская склікала сынод у Орлі (Гарадзенскі павет, сёньня ў Польшчы). Вёў рэй Януш Радзівіл. На сынод апроч кальвінаў, арыянаў і лютаранаў былі запрошаныя праваслаўныя. Тэмай абмеркаваньня было стаўленьне да прапановы Варшавы арганізаваць харатыўны (экуменічны) калёквіюм у Таруні, каб паяднацца з каталікамі. Дысыдэнты ВКЛ вырашылі ня браць удзелу ў калёквіюме. Адзінае, што былі дасланыя як назіральнікі два сьвятары - Мікалай Высоцкі і Адам Рэйнгальд. Падрабязная рэляцыя пра сынод у Орлі напісаная Янушам Радзівілам выйшла друкам у 1645 годзе ў Лёндане[23]. Асобнік атрымала каралеўская бібліятэка Швэцыі[24]. Наступным годам пратэстантаў ВКЛ наведала дэлегацыя Швэцыі на чале з рэктарам унівэрсытэта Дорпата/Academia Gustaviana прафэсарам швэдзкага і рымскага права Гейнрыхам Гейнам/Heinrich Hein і прафэсарам грэцкай мовы Ёганэсам Гізелем/Johannes Georgii Gezelius[25]. Гізель быў дарадцам губэрнатара Эстоніі Эрыка Оксэншэрны/Erik Oxenstierna і выдаўцом латыскага катэхізіса. У выніку перамоваў быў усталеваны сталы кантакт паміж пратэстантамі ВКЛ і Швэцыі. З таго часу Януш Радзівіл падтрымлівае стасункі з элітай Швэцыі.

Цягам першай Паўночнай вайны (1600-1629) зразумеўшы марнасьць вайсковага канфлікту, беларуска-літоўскія пратэстанты насуперак інтарэсам Польшчы імкнуцца да добрых стасункаў са Швэцыяй. У верасьні 1625 году па здачы швэдам Біржаў Крыштап II бяз згоды польскага караля сустракаецца з швэдзкім каралём "братам па веры", Густавам II. З нагоды сустрэчы, паплечнік Крыштапа Радзівіла, беларускі кальвініст Салямон Рысінскі піша панэгерычнаю паэму дзе ўхваляе ідэю швэдзка-ліцьвінскага хаўруса. Паводле Рысінскага "швэдзкі кароль пажадаў пабратацца са знакамітым суседам". Прыдворныя маляры ствараюць карціну "Спатканьне Крыштапа Радзівіла і Густава Васы", што ўпрыгожвала палац у Біржах, ды два партрэты "галоўнага ворага Польшчы" Густава II для беларускага палаца і музэя Радзівілаў у Любчы[26]. Польская літаратура досыць хутка адгукнулася на гэтыя падзеі паэмай "Поўнае здрады вітаньне з Густавам каралём швэдзкім Крыштапа Радзівіла, на той час Гетмана Польнага Літоўскага" ў якой абвінаваціла Крыштапа II ў дзяржаўнай здрадзе[27].

19 студзеня 1627 году ў Балдэнмуйжы/Baldenmuize, з ініцыятывы Швэцыі, ВКЛ падпісвае сэпаратнаю дамову са Стакгольмам, што бурыла ўсе пляны міжнароднай палітыкі Польшчы і Жыгімонта III. Падпісантамі з боку ВКЛ былі спрэс пратэстанты[28]. Сярод іх, ліцьвіны-беларусы Гэдэон Раецкі і Марцін Карлінскі. Стараста жмудзкі каталік Юры Валовіч публічна абвінаваціў пратэстантаў ў тым што яны мараць разарваць вунію з Польшчай ды далучыць ВКЛ да Швэцыі. Першымі подпісы на Балдэнмуйскай дамове паставілі Крыштап II і Якуб Дэ ля Гарды/Jakob De la Gardie. Праз 28 гадоў іх сыны Януш Радзівіл і Магнус Дэ ля Гарды падпішуць Кейданскаю вунію, згодна зь якой ВКЛ разрывала стасункі з Польшчай злучаючыся ў адно фэдэратыўнае гаспадарства са Швэцыяй.

Пратэстанцкі характар Кейданскай вуніі не падкрэсьліваўся на паперы. Наадварот артыкул 5 дамовы ад 17 жніўня 1655 году гарантаваў правы праваслаўнай, вуніяцкай і каталіцкай цэркваў, нічога не кажучы пра зборы[29]. Але складальнікі вуніі выдатна разумелі што ў будучыні ВКЛ будзе пратэстанцкай краінай. Адразу па другой Кейданскай дамове (20 кастрычніка 1655 году) Магнус Дэ ля Гарды і Бэнгт Шуттэ даводзілі Карлу X што, нягледзячы на тое, што біскуп жмудзкі Пётар Парчэўскі (кліент Януша Радзівіла) падпісаў тэкст вуніі, каталіцкія сьвятары моцна агітавалі супраць дамовы[30]. Розныя погляды на будучыню ВКЛ выклікалі на думку швэдаў турботы каталіцкага жыхарства[31]. Ідэю барацьбы пратэстантаў ВКЛ на чале з "правадыром Эвангелікаў- каралём Швэцыі" супраць каталікоў Рэчы Паспалітай адлюстроўваюць матэрыялы шляхецкага стану Швэдзкага сойма/Riksdagen[32]. Абмяркоўваючы справу палону князя Багуслава Радзівіла (8 кастрычніка 1656 году) швэды сьвярджалі што галоўнага апякуна Ядноты Літоўскай "езуіты на сваёй радзе прысудзілі забіць ды даслалі адпаведны ліст Вінцэнту Гансеўскаму", але Багуслаў быў выратаваны праз швэдзкую пільнасьць генэралам Густавам Отта Стэнбокам/Gustav Otto Stenbock[33].

Сярод уплывовай шляхты ВКЛ, з пасадамі, з тых хто падпісаў Кейданскаю вунію, абсалютная большасьць былі пратэстантамі. Напрыклад, ваявода віленскі і гетман вялікі Януш Радзівіл, кашталян вэндэнскі Мікалай Корф, кашталян жмудзкі Яўстах Кірдэй, маршалак вількамірскі Ян Мяржынскі, маршалак ашмянскі Ян Дэспат-Зяновіч, маршалак лідзкі Тэафіл Дунін-Раецкі, маршалак браслаўскі Самуэль Пуцята, ды іншыя[34]. У 1655-1656 гады на занятай, згодна з Кейданскай вуніяй, швэдамі, частцы ВКЛ (Жмудзь, Вількамірскі, Упіцкі, Ковенскі і Браслаўскі паветы) дзейнічала рада Швэдзкага губэрнатара ВКЛ Бэнгта Шуттэ/Bengt Skytte, сябрамі якой былі абраныя тутэйшыя ўплывовыя шляхціцы. З 16 чальцоў рады 11 былі пратэстантамі. Сярод іх: кухмістар ВКЛ (ад 1667 г.) Казімер Сесіцкі, пісар земскі вількамірскі Гэктар Азэмблоўскі, падстолі браслаўскі Ўладзіслаў Пуцята, пісар гродзкі ковенскі Ян Візгірд, пісар земскі ковенскі Павал Празор, падстолі ковенскі Міхал Варлоўскі, судзьдзя земскі ўпіцкі Павал Марцінкевіч, скарбнік упіцкі Міхал Волмінскі, стольнік упіцкі Ўладзіслаў Сіцінскі, цівун Дырвянскі і Арыгальскі Альбэрт Вежынскі, стараста Орлі Вільгельм Корф[35]. Большасьць маёнткаў, што ў 1655-1656 гады раздаў шляхце Карл X, атрымалі пратэстанты[36].

Камандзерамі харугваў Януша і Багуслава Радзівілаў таксама былі пратэстанты. Значная частка пратэстантаў падтрымлівала ідэю Кейданскай вуніі і служыла ў швэдзкім войску. На чале палка Багуслава Радзівілла з 800 вершнікаў стаяў лівонскі немец палкоўнік Эбэргард Путкамэр. Сярод жаўнераў рэгімэнту больш за палову складалі шляхціцы ВКЛ. Эбэрхард Путкамэр быў патронам лютаранскага збору Вільні[37]. Генэрал швэдзкай службы Багуслаў Радзівіл быў галоўным заўзятарам ідэі Кейданскай вуніі. Менавіта праз яго йшлі дыпляматычныя кантакты. У Нацыянальным архіве Швэцыі/Riksarkivet і Каралеўскай бібліятэцы/Kungliga biblioteket захавалася каля 100 лістоў дасланых ў 1655-1657 гады Багуславам Радзівілам Карлу X, Магнусу Дэ ля Гарды, Бэнгту Оксэншэрна/Bengt Oxenstierna.

У 1655 годзе Швэцыя набрала ў ВКЛ на службу 1600 вершнікаў на чале якіх стаялі лютаране Вільгельм Корф і Эрнэст Ян Корф. Іх зьвязы біліся ў траўні 1656 году супраць жмудзкіх паўстанцаў, а потым адышлі ў Курляндыю. На жаль, не вядома колькі ў складзе гэтых палкоў было замежных наймітаў, а колькі мясцовай шляхты, але швэды называлі полк Эрнста Корфа "польская кавалерыя", што ўскосна сьведчыць пра ягоны тутэйшы склад[38].

Вядома што лютаранскія сьвятары Беларусі падтрымлівалі швэдзкі урад ВКЛ. Да прыкладу, 12 верасьня 1656 году кароль польскі Ян Казімер забраў усе маёнткі ў Лідзкім павеце ў лютаранскага пастара Хаціжэўскага "як здрайцы Рэспублікі і Касьцёла нашага, які дагэтуль пры непрыяцелі нашым Швэдзе застаецца"[39]. Узімку 1656 году два ковенскія шляхціцы Якуб Шэмфелт і Павал Мэйрах ачолілі дэлегацыю пратэстанцкай шляхты да Карла X з просьбай перадаць фарны касьцёл Сьв. Пятра Коўні пад збор. За што згубілі ўсе маёнткі[40]. Ад расейскага палону на прасторах швэдзкай Літвы хавалася ў 1655-1656 гады шмат беларускай пратэстанцкай шляхты і пастараў. Пра гэта піша ў сваіх успамінах менскі кальвін Ян Цадроўскі, які падкрэсьліў што беларускія пратэстанты "пад той час заступніцтвам ягамосьці караля Швэдзкага ганарыліся"[41].

Заўважым, што ўрачыстая цырымонія падпісаньня Кейданскай вуніі адбылася ў мурах лютаранскага збору[42]. Швэдзкая дэлегацыя падаравала збору звон з красамоўным надпісам на лаціне: "Дар ад Швэдзкіх сяброў Літве на памяць хаўрусу ў Кейданах"[43]. Служба з нагоды вуніі прайшла ва ўсіх зборах Лівоніі і швэдзкай Літвы. Януш Радзівіл атрымаў найвышэйшую ўзнагароду лютаранскай Швэцыі - ордэн Імя Ісуса[44].

Знаходзячыся ў 1655-1657 гады ў Беларусі швэды цікавіліся й шанавалі пратэстанцкія помнікі краіны. Збор пад Браславам зрабіўся ў 1655-56 гады домам малітвы жаўнераў швэдзкага гарнізону. У траўні 1657 году знаходзячыся ў складзе швэдзкага гарнізону Берэсьця швэдзкі мастак Эрык Дальбэрг/Erik Dahlberg склаў плян места. У паўднёвай частцы старога гораду пад літарай "D" ён абазначыў вялікі лютаранскі збор/Pfarr Kirche, зьвесткі пра які губляюцца напачатку 17 ст.

Пасьля антышвэдзкага паўстаньня на Жмудзі (красавік-травень1656 года) і пачатку вайны Расеі супраць Швэцыі (ліпень 1656 года) швэдзкія зьвязы пакідаюць абшары ВКЛ. Ідэя Кейданскай вуніі сканала. Да ліпеня 1657 году Багуслаў Радзівіл няўдала імкнецца ажыцьцявіць плян спадчынага пратэстанцкага княства ў Беларусі, якое мусіла паўстаць пад пратэктаратам Швэцыі з Наваградзкага ваяводзтва і Падляшша. Нагадаем, менавіта гэтыя абшары былі цэнтрамі пратэстанцтва на беларускіх землях Рэчы Паспалітай.

Па вайне Рэчы Паспалітай са Швэцыяй (1655-1660) пратэстанты ВКЛ былі абвінавачаныя ў калябарацыі са Швэцыяй ды абмежаваныя ў палітычных правах. Адбудова зруйнаваных у вайну храмаў была забароненая, пастары не маглі карыстацца сьвятарскай вопраткай на вуліцах. Польская літаратура канца 17-пачатку 18 стст. стварыла вобраз "пратэстантаў-здраднікаў" з "монстрам літоўскім" Янушам Радзівіллам на чале[45]. Найбольш радыкальная частка пратэстантаў-арыяне былі асуджаны на баніцыю, альбо мусілі прыняць каталіцтва[46]. Шмат зь іх зьехала ў Каралявец, дзе Багуслаў Радзівіл атрымаў пасаду губэрнатара Ўсходняй Прусіі. У Караляўцы былі заснаваныя збор і друкарня Ядноты Літоўскай. Некаторыя пратэстанты праз Галяндыю трапілі ў Амэрыку дзе заснавалі Ўнітарскі збор/the Unitarian Church[47]. Ужо ў 1659 годзе эмігрант з ВКЛ пратэстант Аляксандар Курціч/Alexander Curtius, працаваў настаўнікам адной з першых школаў Нью-Ёрку[48]. Вялізарная колькасьць пратэстантаў вымушана была падацца на эміграцыю ў розныя краіны Заходняй Эўропы[49]. Сярод краінаў эміграцыі была таксама Швэцыя. Апошнім лютаранскім пастарам швэдзкага места Нюен/Nyen, які ў 1703 годзе захапіла Расея, заснаваўшы там сваю сталіцу - Санкт-Пецярбург, быў якісьці Захар Ліцьвін/Zacharius Litovius[50].

Па сконе кашталяна полацкага Яна Сасноўскага і кашталяна віцебскага Тамаша Касакоўскага (1664) ў Беларусі і Літве не засталося ніводнага сэнатара-пратэстанта. Адсутнасьць уплывовых дабрадзеяў прывяла да зруйнаваньня каталікамі большасьці парафіяў "Беларускага" дыстрыкту кальвінскага збору (Полацак, Віцебск, Магілёў, Шацк, Галаўчын, Сакольня, Сэрвач)[51]. Кульмінацыяй рэпрэсіяў сталася разбурэньне кальвінскага збору Вільні (1682)[52].

Пры канцы 16 ст. ў ВКЛ было каля 150 пратэстанцкіх храмаў, ў 1655 -- 110 храмаў, ў 1696 годзе захавалася толькі 46 парафіі[53]. "Швэдзкая справа" атрымала паразу. Яе вынікам былі рэпрэсіі супраць пратэстанцкай шляхты ВКЛ якая з уладароў краіны ператварылася ў стыгматычную меньшасьць. У 1661 годзе ў Лёндане выйшаў палемічны нарыс з гісторыі пакутаў кальвінскага збору Беларусі й Літвы ў войнах сярэдзіны 17 ст. Аўтар, пастар з Заблудава Ян Краінскі няшчыра абвінаваціў швэдаў у тым што яны ня здолелі абараніць пратэстантаў ВКЛ ды наагул ставіліся да кальвінаў як да ворагаў [54].

Наступны этап супрацоўніцтва Швэцыі з пратэстантамі ВКЛ прыпадае на часы Вялікай Паўночнай вайны. У выніку палітычнай барацьбы каталіцкі клян Сапегаў падтрымаў ў гэтай вайне Швэцыю. Ужо ў 1696 годзе лідар партыі Ян Павал Сапега ўладкаваў кантакт з пратэстантамі. Пастары зрабіліся пажаданымі гасьцямі палацаў Ружанаў і Горадні. У 1700 годзе Ян Павал Сапега лічыўся генэральным патронам кальвінскага збору. У 1703 годзе Сапега перайшоў разам са шматлікімі гарадамі й вёскамі Беларусі ў швэдзкае падданства. У той самы час, клян Агінскіх праз свайго пасла, каталіцкага каноніка Крыштапа Белазора, дамаўляецца з Пятром I аб пратэктараце Расеі над ВКЛ.

У 1703 годзе пратэстанты ВКЛ перадалі праз сваю філію ў Караляўцы і амбасадара Прусіі ў Швэцыі дэклярацыю Карлу XII, з просьбай дапамагчы аднавіць свабоды пратэстантаў. Сярод прыхільнікаў шукаць дапамогі ў Швэцыі былі прадстаўнікі сярэдняй шляхты: мечнік літоўскі Казімер Сяніцкі, ягоны брат Людзьвік Сяніцкі, палкоўнік Аляксандар Корф, мечнік менскі Яраслаў Мацкевіч, ягоны брат канюшы менскі Аляксандар Мацкевіч, стольнік мсьціслаўскі Крыштап Мацкевіч, харужы ваўкавыскі Юры Аледзкі, ягоны брат пісар гродзкі ваўкавыскі Гэдэон Аледзкі, скарбнік літоўскі лівонскі немец Ян Шротэр, лоўчы наваградзкі Ян Воўк-Ланеўскі, ягоны брат харунжы старадубскі Міхал Воўк-Ланеўскі, чашнік ашмянскі Томаш Волян ды іншыя. Усе гэтыя пратэстанты падчас вайны былі на баку Швэцыі.

Як вядома, у 1706 і 1708 гады Швэцыя кантралявала значнаю частку ВКЛ. За гэты час швэдзкія пастары якія служылі ў войску ўсталявалі шчыльны кантакт з Яднотай ВКЛ. Да прыкладу, швэдзкі пастар Свэн Агрэль/Sven Agrell ў сакавіку 1708 сустракаўся з кальвіністамі мястэчка Беліца на Нёмане ды з ласкі тутэйшага пастара "чытаў казань для швэдзкіх харугваў у будынку кальвінскага збору"[55]. Швэдзкі палкоўнік Карл Пасэ/Carl Posse даслаў з Лоску ў Вільню харугву швэдзкіх жаўнераў для аховы лютаранскага збору. Афіцэр Ёакім Луц/Joachim Luth размаўляў зь лютаранамі ВКЛ. Паводле Луца "гэтыя людзі нашай веры скардзіліся на ціск каталікоў таму моцна радаваліся з прыходу швэдаў і выказвалі пажаданьне, каб мы ніколі больш адсюль не зыходзілі"[56].

У 1704 годзе Варшаўская канфэдэрацыя, арганізаваная Карлам XII абвяшчае каралём польскім і вялікім князем літоўскім Станіслава Ляшчынскага, які падпісвае Варшаўскі трактат. Згодна з артыкулам 18 пратэстантам вярталіся ўсе палітычныя і прыватныя правы, між іншым права гадаваць дзетак ў веры бацькоў[57]. У 1707 годзе, галоўныя патроны Ядноты Літоўскай браты Сяніцкія што кіравалі Быхавам паднялі паўстаньне супраць Расеі, абвесьцілі пра пераход пад Швэдзкае падданства ды накіравалі ліст аб дапамозе Карлу XII. Помач не пасьпела. Быхаў быў захоплены і зруйнаваны, браты Сяніцкія сасланыя ў Сыбір. Менскі шляхціц, апякун Койданаўскага збору, Аляксандар Мацкевіч напісаў у 1706 годзе панэгірык Карлу XII, які абсалютна немагчыма ўявіць у польскай традыцыі. Пад швэдзкім кантролем у 1706 годзе ў Слуцку ды ў 1708 годзе ў Кейданах адбыліся генэральныя сыноды збору ВКЛ. На гэтых сынодах пратэстанты з надзеяй на будучыню прынялі рашэньні па адбудове занядбаных храмаў[58].

15 красавіка 1708 году ў швэдзкім табары ў Радашкавічах шэраг каталіцкай шляхты ды колькі магнатаў у прысутнасьці Карла XII вырашылі прыняць лютаранства падпісаўшы "Вызнаньне веры праўдзівай хрысьціянскай Эвангелічнай"[59]. Гэты крок ствараў магчымасьць вяртаньня пратэстантаў ВКЛ, з дапамогай Швэцыі, да ўлады. Параза пад Палтавай перакрэсьліла ўсе надзеі. Праз 155 гадоў пра гэтыя падзеі паэтычна выкажацца гадунец слуцкай пратэстанцкай гімназіі Альгерд Абуховіч у паэме "Дума а Каралю XII". Згодна з аўтарам параза Швэцыі пад Палтавай пахавала надзеі Беларусі на свабоду.

Па Вялікай Паўночнай вайне над Яднотай Літоўскай прайшла другая хваля рэпрэсіяў якая фактычна прывяла пратэстанцкі рух Беларусі да поўнага занядбаньня. Каталіцкі ўрад ВКЛ прымусіў лютаранскаю шляхту пакінуць шэрагі збору, бо царква гэта ў часе вайны дапамагала варожай Швэцыі. Віленскі лютаранскі збор мусіў заплаціць 1000 талераў штрафу[60]. Ад таго часу большасьць вернікаў лютаранскага збору Вільні пачалі складаць купцы й рамесьнікі замежнага паходжаньня, між іншым швэд Самуэль Вэбэр/Samuel Weber.

Шукаючы шляхі выйсьця з крызы койданаўскі кальвінскі пастар Багуслаў Капіевіч піша праграму захаваньня збору ВКЛ у якой раіць забыць пра дапамогу Швэцыі, "якая больш ніколі ня будзе біцца за нас лоб у лоб з Польшчай", ды шукаць унутраныя сродкі[61]. Плянуецца асьцярожна заахвочваць ідэямі Рэфармацыі беларускіх купцоў і майстроў. Ля кожнага збору ўтвараецца школка й бібліятэка. Напрыклад, кнігазбор збора мястэчка Асташын налічваў у 1728 годзе 118 кніжак, сярод якіх выданьні на нямецкай, галяндзкай і францускай мовах[62]. У выніку вандровак Капіевіча па Эўропе будучыя пастары Беларусі атрымалі 15 сталых стыпэндыяў на навучаньне ў лепшых унівэрсытэтах Галяндыі, Шатляндыі, Нямеччыны й Францыі. У 18 ст., калі нават магнаты ня едуць на вучобу далей за Вільню, дробная пратэстанцкая шляхта Беларусі за свой кошт вучыцца па ўсей Эўропе. Па адукацыі яны вяртаюцца на Бацькаўшчыну. У выніку па-эўрапейску адукаваныя людзі зь ведамі колькіх заходніх моваў вымушаны служыць на дробных пасадах ў памежных з Расеяй замках. Да прыкладу, стараста замка Сітна (полацкі павет) Стэфан Аледзкі пераклаў у 1757 годзе з францускай на польскаю мову культаваю кнігу пратэстантаў Эўропы "Шлях пілігрыма" ангельца Джона Бунана[63]. Неверагодна каб сёньня бібліятэка вёскі Асташын мела галяндзкія кніжкі, а ў Сітне жыў перакладчык з францускай мовы.

Апошнім разам швэдзкі сьлед вяртаецца ў ВКЛ пры сконах Рэчы Паспалітай. 14-18 сакавіка 1767 году 130 шляхціцаў-пратэстантаў падпісалі ў Слуцку акт канфэдэрацыі з патрабаваньнем аднавіць свабоду веравызнаньня. Між іншым, бараніць "стаптаныя правы" Слуцкая канфэдэрацыя заклікала ўрад Швэцыі[64]. Сярод падпісантаў былі простыя нашчадкі колішніх палітычных хаўрусьнікаў Швэцыі ў 1655-1657 і 1702-1708 гады: генэрал Ян Грабоўскі, генэрал Ваўрынец Путкамэр, Стэфан Аледзкі, Уладзіслаў і Самуэль Воўк-Ланеўскія, Ян Раецкі, Самуэль Корсак, Марцін Отэнгауз[65]. Менавіта Слуцкая канфэдэрацыя сымбалізавала пачатак руінаў Рэчы Паспалітай. Цікава, што калі ў 1805 годзе новая расейская ўлада вырашала якім абрадам літургіі мусіць карыстацца лютаранскі збор былога ВКЛ быў абраны менавіта швэдзкі ўзор.

***

Пад час нашай размовы з Рышардам Радзікам якая адбылася ў траўні 2003 года ва ўтульнай кавярні старога места Люблінскага побач зь лютаранскім зборам вядомы польскі беларусіст выказаў цікаваю думку. Абмярковаючы альтэрнатыву пратэстанцкага выбару Беларусі Рышард Радзік зазначыў што як мінімум тры разы (ў канцы 16 ст, 1655-57 і 1706-1708 гады) Беларусь мела шанцы зрабіцца пратэстанцкай краінай і апынуцца ў межах Швэдзкага ўплыву. У гісторыі суседняй Латвіі кароткі перыяд швэдзкага панаваньня (1622-1704) вядомы як "добры швэдзкі час". Швэдзкі ўрад правёў аграрную рэформу, якая палепшыла стан сялянаў, заснаваў унівэрсытэт, заклаў сыстэму народнай адукацыі, спрыяў развіцьцю латыскай літаратуры, надрукаваў Біблію на латыскай мове, праз выхаваньне настаўнікаў і пастараў стварыў першую ў гісторыю латыскаю эліту. Як вынік спынілася германізацыя латыскага этнасу, быў закладзены падмурак посьпеху навачаснага нацыянальнага руху. Беларусі ў той час не пашанцавала. Калі б мары пратэстанцкай эліты зьдзейсьніліся, сёньня Беларусь па ментальнасьці, культуры насельніцтва і дабрабыту была б накшталт паўночна-эўрапейскіх пратэстанцкіх краінаў. Ва ўсялякім разе пратэстанты ВКЛ зрабілі больш паважны ўнёсак ў культуру Беларусі чым гэта прызнаецца сучаснымі беларускімі гісторыкамі.

Літаратура

1. Ў зваротным перакладзе з швэдзкай мовы "Белая Расея".

2. Mallek, Jerzy. 1996. Polscy i litewscy studenci na uniwersytecie krolewieckim. Polska i jej wschodni sasiedzi od sredniowiecza po wspolczesnosc. Torun, s. 179.

3. Luksaite, Inga. 1999. Reformacija Lietuvos Didziojoje Kunigaikstysteje ir Mazojoje Lietuvoje. Vilnius; Kriegseisen, Wojciech. 1996. Ewangelicy Polscy i Litewscy w Epoce Saskiej. Warszawa, s.100-101.

4. Ў Беларусі моцныя лютаранскія парафіі існавалі ў Слуцку, Гайцюнішках, Нэйдорфе, (ля Дамачава), Венграве, Орлі.

5. Liedke, Marzena. 2002. Szlachta ruska Wielkiego Ksiestwa Litewskiego a Reformacja. Bialoruskie Zeszyty Historyczne. No.18. Даступны праз Сеціва: http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/bzh/index.htm

6. Менавіта такім чынам былі заснаваныя лютаранскія зборы ў Гайцюнішках (фамілія Нонгартаў) і ў жмудзкіх Шаўкенах/ Saukenai (фамілія Корфаў).

7. Urzednicy inflancy XVI-XVIII. Spisy. Opracowali Krysztof Mikulski i Andrzej Rachuba. 1994. Kornik, s.7.

8. Lulewicz, Henrik 1977. Sklad wyznaniowy senatorow swieckich Wielkiego Ksiestwa Litewskiego za panowania Wazow. Przeglad Historyczny. T. LXVIII, Z. 3. s. 425-445; Іванова, Людміла. 1997. Рэфармацыйны рух на Беларусі. Беларускі гістарычны часопіс. Нумар 2, б., 58.

9. Артыкул 3, частка 11. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Мінск. 1989, б.278.

10. Lulewicz, Henryk. 1984. Elita polityczno-spoleczna Wielkiego ksiestwa Litewskiego w polowie XVII wieku. Praca doktorska. Manus. Warszawa, s.5.

11. Пётар Нонгарт/Piotr Nonhardt, паходжаньнем лівонскі немец асіміляваўся ў ліцьвінскам асяродку. Быў найбольш уплывовым шляхціцам-лютаранінам ВКЛ першай паловы 17 ст. Яму належалі маёнткі Халопенічы і Хацюхова ў Аршанскім павеце. У 1613-33 гады ён пабудаваў лютаранскі збор ў Гайцюнішках які дзейнічаў да 1939 года, але быў зруйнаваны Савецкай уладай. На спачын Пятра Нонгарта (18 лютага 1633 г.) пастар Андрэй Шонфлісіюш напісаў і выдаў у Любчы эпітафію "Obchod pogrzebu Jego Mosci Pana Piotra Nunharta..."

12. Гл. Апошняе выданьне: Dambrowski, Samuel. 2002. Sakrament oltarza w kazaniach ks. Samuela Dambrowskiego. Wstep, wybor i oprac. Barbara Zyszkowska. Ustron. Towarzystwo Ewangelickie.

13. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Мінск. 1989, б.112-113.

14. Lindkvist, Sven. 1996. Anna Vasa: polsk nutid och svensk historia. Kungliga Vitterhets historien och antikvitetsakademiens arsbok. S. 131-135; Anna Vasa. Svenskt Biografiskt handlexikon. T. I. Stockholm, 1906, s. 39.

15. Augustyniak, Urszula. 2001. Dwor i klientela Krzysztofa Radziwilla (1585-1640). Miechanizmy funkcjonowania patronatu. Warszawa, s. 23.

16. Лялькоў, Ігар. 1999. Gallia Albaruthenensie або пяць стагодзьдзяў беларускай прысутнасьці ў Францыі. Спадчына, Нумар 2, б., 186.

17. Kotlubaj, Edward. 1859. Zycie Janusza Radziwilla s.Panstwa Rzymskiego Xiazecia na Birzach i Dubinkach. Wilno -Witebsk, s. 49.

18. Skutil, Jan. 1993. Jan Komensky mezi Stockholmem a Lesnem v letech 1642-1650. Acta Musei Moraviae. LXXVIII. s. 193, 203.

19. Sveriges traktater med frammande magter. V. 5:1. 1571-1632. 1903. Stockholm, s. 352.

20. Wisner, Henryk. 1997. Kilka uwag o Wielkim Ksiestwie Litewskim I polowy XVII wieku. Lietuvos Valstybe XII-XVIII a. Vilnius, s.315.

21. Szelagowski, Adam. 1899. Uklady krolewicza Wladyslawa i dysydentow z Gustawem Adolfem w roku 1632. Kwartalnik Historyczny. T. XIII. S. 683-733.

22. Triumph po spokoyney electiey Naiasnieyszego Wladislawa Zigmunta krola Polskiego y Szwezkiego, Wielkiego X. Litewskiego w Wilnie w kosciele Confess. Auspur. Roku 1632. dnica secunda Adventus solleniter odprawowany. Lubcza, 24 ss.

23. Radzivil, Janusius. 1645. Ad epistolam Synodi Warsawiensis... sicut & ad subsequutum Sacrae Regiae Majestatis ad eosdem dissidentes eodem in negotio diploma, Ordinum evangelicorum responsio. Londini.

24. Syntagmatis Confessionum Fidel. S. 11-30. Raritets-Kammaren. Kungliga biblioteket. Stockholm.

25. Skutil, Jan. op. cit., s. 204.

26. Котлярчук, Андрэй. 2002. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. Менск, б., 199-200.

27. Pelne zdrady witanie z Gustawem krolem szwedzkim Krysztopha Radziwilla na ten czas Hetmana Polnego Litewskiego. Biblioteka Czartoryskich. Muzeum Narodowe w Krakowie. Signatura 2064 (IV) /65, s. 55-56.

28. Wisner, Henrik. 2001. Rozejm w Baldenmojzie (1627). Lietuva ir jos kaimynai. Nuo normanu iki Napoleono: straipsniu rinkinys. Vilnius, p. 266-277.

29. Riksarkivet. Militaria. Vol. 1304. s.3-4.

30. Magnus Gabriel De la Gardi och Bengt Skytte till Carl X. Keidaniai. October 21, 1655. In: Riksarkivet. Livonica II. Generalguvernor Livland till Kungliga Majestat 1655-1656. Volym 77. 4pp.

31. Carlson, Fredrik Ferdinand. 1883. Sveriges historia under konungarne af pfalziska huset. Sveriges historia under Carl den tionde Gustafs regering. Andra upplagan. Stockholm, s. 287.

32. Relation till standerna av statssekretaren Edvard Ehrensteen. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags- protokoll. Sjunde delen 1660. Stockholm, 1881. Bilaga A, s. 172-173.

33. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags- protokoll. Sjette delen 1656-1658. Stockholm, 1877, s. 144-145.

34. Konopczynski, Wladyslaw, Lepszy, Kazimierz. 1935. Akta Ugody Kiedanskiej 1655 roku. Ateneum Wilenskie, R.10, Wilno, p. 173-224; Gronski, Paul. 1928. Le traite Lituano-Suedois de Keidany (18 aout 1655). Revue historique. V.159, p.291-304.

35. Riksarkivet. Militaria. Vol. 1304.

36. Wasilewski, Tadeusz. 1973. Zdrada Janusza Radziwilla w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy. Odrodzenie i Reformacja w Polsce. Volume 18. Warszawa, s.142-146.

37. Adamowicz, Adam. 1855. Die evangelisch-lutherische Kirche zu Wilna: Eine Chronik. Wilna, s. 53.

38. Fagerlund, Rainer. 1979. Kriget i Ostersjoprovinserna 1655-1660. Operationer och krigsanstrangningar pa en bikrigsskadeplats under Carl X Gustafs krig. Abo, s. 63.

39. Metryka Litewska. Ksiega wpisow nr 131. Opracowal Andrzej Rachuba. Warszawa, 2001. no 203.

40. Metryka Litewska. 2001. no 214.

41. Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. 1983. Мінск, б., 127-128.

42. Mikalojaus Kazimiero Semetos "Reliacija". 1994 (1657). Senoji Lietuvos literat?ra. Knyga 2. Vilnius, s. 100-102.

43. Sandberg, Per. 1938. Fordraget i Kedainiai mellan Sverige och Litauen 1655. Planerna pa en Svensk-Litauisk union. Baltisk revy. Lund, s. 49.

44. Да 1914 году гэты ўнікальны з 16 дыямэнтамі ордэн захоўваўся ў Нясьвіскім замку. Набыты каралеўскім музэем Швэцыі ад прыватнай асобы ў Польшчы. Сёньня ў зборах музэя "Цэйгаўз"/"Livrustkammaren".

45. Libiszowska, Zofia. 1957. Antyszwedzka literatura propagandowa z czasow "Potopu". Polska w okresie drugiej wojny polnocnej 1655-1660. Warszawa, s.481-527.

46. Prawa, Konstytucye y Przywileie Krolewstwa Polskiego, Wielkiego Xiestwa Litewskiego y wszystkich prowincyi nalezacych. Volumen Quartum (4). Ab anno 1641 ad annum 1668. 1859. St. Petersburg, s. 238-239.

47. Tazbir, Janusz. 1977. Bracia polscy na wygnaniu. Studia z dziejow emigracji arianskiej. Warszawa.

48. Eriksonas, Linas. 2000. The lost Colony of Scots: Unravelling overseas connections in a Lithuanian town. Ships, Guns and Bibles in the North Sea and the Baltic States c. 1350-c. 1700. East Lothian, p. 180.

49. Kotljarchuk, Andrej. 2004. The "brain drain" from the Grand Duchy of Lithuania during the second half of the 17th century. Baltic and Eastern European School yearbook. Sodertorns hogskola. 2004. In print.

50. Bonsdorff, Carl Gabriel. 1891. Nyen och Nyenskans: historisk skildring. Helsingfors, s. 84.

51. Kriegseisen, op. cit., p. 109.

52. Zwolski, Boles?aw. 1937. Zburzenie zboru ewangelicko-reformawanego w Wilnie w 1682. Ateneum Wilenskie, V.XII. s. 482-514.

53. Сагановіч, Генадзь. 2002. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Mінск, с. 94; Kriegseisen, op. cit., p. 100-101; Luksaite, Inga. 1999. Reformacija. Lietuvos Didziojoje Kunigaikstysteje ir Mazojoje Lietuvoje. Vilnius, p. 583-591.

54. Krainsky , John de Kraino. 1661. A relation of the distressed state of the church of Christ professing the protestant religion in the Great Dukedom of Lithuania presented to the view of all compassionate Christians. London, p. A 5.

55. Котлярчук, Андрэй. 2002. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. Менск, б., 93-94.

56. Lyth, Joachim. 1903. Dagbok 1703-1722. Karolinska Krigares Dagbocker. V. 2. Lund, s. 50-51.

57. Гл.: Feldman, Jan. 1925. Polska w dobie wielkiej wojny polnocnej 1704-1709. Krakow.

58. Котлярчук, op. cit., б., 91-94.

59. Chodzka, Ignat. 1870. Podania Litewskie. Wilno, s.125.

60. Adamowicz, Adam. 1855. Die evangelisch-lutherische Kirche zu Wilna: Eine Chronik. Wilna, s. 53.

61. Kriegseisen, op. cit., s. 234.

62. Ibid, s. 279.

63. Bynuan, Joan. The piligrim's progress.

64. Анішчанка, Яўген. 2003. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Інкарпарацыя. Мінск, б. 102-104.

65. Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі. Фонд. 1727. Справа 14. Ліст 1246-1249.

Паводле Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. - Мн.: Бел. кнігазбор, 2005. С. 54-69.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: