|
Кальвiнiсты ў культуры Вялiкага Княства Лiтоўскага
Адметныя элемэнты й чужыя ўплывы
Марцэлі Косман
У выдадзеным у 1967 годзе сынтэтычным творы Е. Ахманьскага "Гiсторыя Лiтвы" чытаем: "Запачаткаваная Марцiнам Лютэрам у 1517 г. царкоўная рэфармацыя не магла абмiнуць Лiтвы. Сутнасьць рэфармацыi палягала ня столькi ў крытыцы рэлiгiйных догматаў каталiцкага касьцёлу, колькi ў спробе падрыву ягонай усемагутнасьцi ў грамадзтве, вызваленьня ад эканамiчнага i грамадзкага ўцiску касьцёлу. Асобныя клясы грамадзтва, што падпадалi пад рэфармацыю, напару мелi наўвеце розныя мэты. Багатыя мяшчане не маглi цярпець таго, што царква асуджала лiхвярства. Гэта перашкаджала iм у iх фiнансавых апэрацыях i зьмяншала прыбыткi. Iнтэлiгенцыя бачыла ў рэфармацыi прадвесьце свабоды думкi i веравызнаньня. Тым ня менш, рэфармацыя хутчэй не закранала народных масаў у Лiтве. Занадта моцны ўплыў усё яшчэ на яе аказвала паганства, каб захапляцца рэлiгiйнымi новаўвядзеньнямi. Сяляне не давалi дзесяцiны царкве, а ўцiск быў ня толькi ў царкоўных гаспадарках"[1].
У Вялiкае Княства Лiтоўскае былi перанесены ўнiвэрсальныя рысы рэфармацыйных рухаў. Паганства было афiцыйна заменена на каталiцызм, якi зрабiўся пануючым толькi напрыканцы XIV стагодзьдзя, хаця ўлады - як i ў схрысьцiянiзаваных краiнах - на сваiм двары карысталiся паслугамi манахаў, асаблiва ў дыпляматыi[2], а бальшыня падданых адвеку вызнавала праваслаўе. Царква арганiзацыйна была слабой у параўнаньнi з магнатамi, якiя хутка павялiчвалi сваю магутнасьць, i абшарнiкамi, якiя чакалi прывiлеяў на польскi ўзор; зямлi ўраблялася няшмат (каля 5% ральлi, калi ў Кароне 12%), лiхвярства ня мела значэньня, багатае мяшчанства павiнна было сфармавацца пазьней. Насельнiцтва - праўда - было яшчэ дужа зьвязанае са старымi вераньнямi, i рэлiгiйныя дыскусii ў Польшчы яго не цiкавiлi[3].
Меркаваньнi дасьледнiкаў веравызнаўчых адносiнаў у Лiтве ў XVI ст. былi ўлiчаны ў новым выданьнi згаданай працы, якое пабачыла сьвет празь пятнаццаць гадоў, а таксама ў наступным выданьнi 1990 г.[4]. Але, тым ня менш, па-ранейшаму трэба ўлiчваць цесную сувязь спэцыфiкi рознаканфэсiйных рухаў у Вялiкiм Княстве з тагачаснай[5] дзяржавай, што ахоплiвала беларускiя i летувiскiя землi, i пры разглядзе сувязяў памiж хрысьцiянскiмi веравызнаньнямi ў XVI-стагодняй Эўропе, а таксама каталiцызмам i пратэстантызмам у яго розных варыянтах памiж Трыдэнтам i першым ватыканскiм саборам. Калi мы гаворым аб занадта сфармалiзаваных ацэнках у гiстарыяграфii, варта зьвярнуць увагу на атаясамленьне ў працах савецкiх дасьледнiкаў сёньняшнiх адносiнаў з тымi, якiм налiчваецца некалькi стагодзьдзяў: я маю на ўвазе схематычнае тарнаваньне перадусiм пайма "Лiтва" ў ейных сёньняшнiх межах да сытуацыi, што склалася ў часы Ягайлы. Мяжа памiж гэтай рэспублiкай i Беларусяй, што стаўляе Салечнiкi на адным баку, а Беняконi на другiм, нiколi не iснавала i ёсьць адно вынiкам распаду Савецкага Саюзу. Вiленшчына i Наваградчына заўсёды станавiлi сабой цэласьць з узаемна пранiкаючым славянска-балтыйскiм насельнiцтвам, прычым першае адыгрывала дамiнуючую ролю як у сталiцы Вялiкага Княства, так i ў яе ваколiцах таксама i пасьля ўпадку шляхецкай дзяржаўнасьцi. Пiсаньнi аб замежнай палiтыцы Летувы цi навуцы ў Летуве ў XVI ст., а таксама аб езуiтах у Беларусi за часоў Вазаў толькi заблытваюць сапраўдны стан рэчаў[6].
Таму, пераходзячы да адметных элемэнтаў i чужых уплываў у рэфармацыйным руху - асаблiвую ўвагу зьвяртаючы на рэфармаваны эвангелiзм, якi захоўваўся найдаўжэй i быў адаптаваны грамадзтвам, пачаўшы выконваць спэцыяльную ролю нават пасьля ўзнаўленьня незалежнасьцi ў пэрыядзе памiж дзьвюма сусьветнымi войнамi (згадаем славутыя вiленскiя разводы[7]) - трэба мець наўвеце рэалii часоў Мiкалая Радзiвiла Чорнага, бачыць своеасаблiвасьць тагачаснай Эўропы, а таксама характар дзяржаваў, якiя знаходзiлiся пад уладай Ягайлавічаў.
У працах, прысьвечаных канфэсiйным забурэньням у XVI стагодзьдзi, рэдка сустракаецца дэфiнiцыя Рэфармацыi i, рэч ясная, яшчэ менш увагi адводзiцца працэсам яе разьвiцьця ў каталiцкай Эўропе i таму, што яна суправаджалася вострымi выступамi ў паасобных краiнах супраць Апостальскай сталiцы. У асноўнай на сёньня крынiцы чытаем: гэта быў "рэлiгiйны рух, якi ўзьнiк на аснове грамадзка-палiтычных канфлiктаў XV-XVI ст. i прывёў у XVI ст. да паўстаньня незалежных ад папства пратэстанцкiх цэркваў. Iдэйна яму папярэднiчалi сярэднявечныя гарэзii зь вiклефiзмам i гусытызмам на чале"[8]. Розьнiцу ў меркаваньнях нельга не заўважыць i вакол пайма Контрарэфармацыi, паколькi некаторыя аўтары мяркуюць, што больш адпаведны гэтай зьяве iншы тэрмiн: каталiцкая Рэфармацыя, таму што ён валодае шырэйшым значэньнем i датычыць ня толькi нэгатыўнага боку або перамогi над працiўнiкам, але мае шырэйшае, пазытыўнае значэньне дзякуючы сфармуляваньню праграмы направы каталiцызму[9]. Аналiзу паддаюцца таксама i iншыя вызначэньнi, а наймя канфэсiйная талеранцыя[10].
Пакiдаючы ўбаку гэтыя тэрмiналягiчныя пытаньнi, мы зьвернемся толькi да першага з вызначэньняў, бо яно зьвязана з рэфармацыйнай спэцыфiкай Вялiкага Княства Лiтоўскага. На захадзе маем дачыненьнi адно з каталiцызмам, тое ж самае ў этнiчнай Польшчы - за выняткам Чырвонай Русi, якая была ўлучана ў Карону за часоў Казiмера Вялiкага, а таксама пазьнейшае пашырэньне ўладных паўнамоцтваў - ужо ня Пястаў - на праваслаўныя землi. Тым ня менш, улады Вiльнi знаходзiлiся ў зусiм iншай сытуацыi, якую можна акрэсьлiць каротка: мора прадстаўнiкоў усходняй рэлiгii i каля 10% (як у сэнсе насельнiцтва, так i ў сэнсе тэрыторыi) фармальных паганцаў на самавiтай Лiтве, якiя ад другой палавiны XIV стагодзьдзя ўсё хутчэй i хутчэй асвойвалiся з выявай крыжа, цэрквамi, а ў Наваградку i Вiльнi сутыкалiся i з каталiцкiмi законьнiкамi. Там таксама - у Аўкштоце пасьля 1387 г., на Жмудзi трыццацьцю гадамi пазьней - распачаўся працэс афiцыйнай хрысьцiянiзацыi з iнiяцыятывы валадара, якi дагэтуль лiчыўся найвышэйшым культавым функцыянэрам, i, такiм чынам, быў кампэтэнтны пакласьцi канец старым вераньням. Так належала разумець ягоную волю, хоць гэта i не азначала, што з дня на дзень павiнна было наступiць адмаўленьне ад полiтэiзму. Так нiколi i нiдзе не было, i хаця аб сынкрэтызьме веравызнаньняў было напiсана ўжо шмат, прыгадаем, што праз тры стагодзьдзi пасьля апiсаных падзеяў сяляне-кальвiнiсты ва ўладаньнях Радзiвiлаў збунтавалiся супраць свайго духоўнiка, калi ён прынучаў спалiць перахоўваныя iмi фiгуркi бажкоў; яны чулiся апекунамi гэтых пазбаўленых важкай пратэкцыi звышнатуральных стварэньняў, якiя былi магутныя ў прамiнулыя стагодзьдзi[11].
Усход Эўропы для ягонага захаду ўяўляў экзатычную тэрыторыю, якая паступова станавiлася блiжэйшай дзякуючы ўсё больш i больш падрабязным - але ня вольным ад фантазii - мапам i аповедам падарожнiкаў. Напару Варшаве даводзiлася даваць адказы на iлжывыя, тэндэнцыйныя паведамленьнi, якiя мелi месца ў Вене на тэму манархii Ягайлавічаў, як гэта зрабiў падчас панаваньня Жыгiмонта Старога аўтар Сармацыi эўрапейскай i азіяцкай[12]. XVI стагодзьдзе павiнна было прынесьцi падарожжы магнацкай моладзi зь Вялiкага Княства на Захад, i гэта, хоць i не ў такiх памерах, як у Кароне, сыстэматычна зьмяняла меркаваньне французаў або iталiйцаў аб далёкай Лiтве; зрэшты, ейныя жыхары, што выпраўлялiся за Лабу i за Альпы ў часы Вазаў, уважалiся ўжо за падданых Рэчы Паспалiтай[13]. Таму на парозе Рэфармацыi на берагох Вяльлi i Нёмна, калi яна здолела канчаткова перамагчы ў Вiтэнбэрзе i Жэнэве, не безь зьдзiўленьня адзiн са швайцарскiх пратэстантаў даведваўся ад свайго адзiнавернiка ў далёкай краiне: "Некаторым трэба зьнiшчыць забабоны папства, у iншых на мэце выкаранiць адвечнае народнае пакланеньне стодзiвам, паколькi сёньня (напiсана ў 1563 г. - М.К.) лiцьвiны яшчэ вераць у чысьленых багоў i ахвяруюць iм. Iншыя кажуць, што нам трэба iзноў змагацца з вучэньнем грэкаў, у руках якiх знаходзяцца цэрквы на Русi". Укладальнiк гэнага лiста, а iм быў Сымон Будны, лiчыў патрэбным у вострых выразах выказацца на тэму праваслаўя ў Вялiкiм Княстве: яно ёсьць "заступнiкам i руплiвым пасьлядоўнiкам усiх грэцкiх забабонаў цi, хутчэй, поўнай забабонаў малпай"[14].
Навiдавоку тут выразныя праграмныя лёзунгi iншавернiкаў, якiм блiзкiя былi лёзунгi зрэфармаваньня ня толькi каталiцызму, але i ўсходняга хрысьцiянства. Згодна з духам нэафiтаў эпохi гуманiзму бескампрамiсна адкiдалася ўсё тое, што падавалася людзям гэнай эпохi праявай канфармiзму, саступкай розуму на карысьць забабонам. Дзеля гэтага немiласэрна ганiлi ў сваiх выступах спосабы хрысьцiянiзацыi, якiя, дарэчы, стагодзьдзямi выкарыстоўвалiся на ўсiм кантынэнце. Гэта адбывалася ў розных сытуацыях - так, Ваўжынец з Пшасьніша, званы Нязгодам, заатакаваўшы чысьцец, пахвалiў Радзiвiлаў за - як яму падавалася - зварот да iнтэлекту наверненых у "праўдзiвую веру", супрацьставiўшы iм Уладыслава Ягайлу, якi на паўтара стагодзьдзя раней тарнаваў да нэафiтаў мэтад "хабарнiцтва" (уручэньне падчас хросту iльняных строяў). Праз пэўны час Ян Ласiцкi з сарказмам параўнаў паганскiх бажкоў з пантэонам хрысьцiянскiх сьвятых[15].
Такiх прыкладаў можна прывесьцi шмат. З аднаго боку, пратэстанты атакавалi як каталiкоў, так i праваслаўных, а з другога - яны не рабiлi важкiх закiдаў праваслаўным, разьлiчваючы на тое, што iх можна будзе навярнуць да сябе безь вялiкага высiлку дзякуючы аналёгii ў дагматычным i лiтургiчным абсягу. Усё ж iх не падзяляла выкарыстаньне народнай мовы падчас набажэнстваў, цэлiбат сьвятароў (праўда, на ўсходзе iснавалi чысьленыя манастыры!), камунiя пад двума абразамi. Замена папа мiнiстрам (калi першы не зьмяняў веравызнаньня i з каталiка не рабiўся пратэстантам) часта не заўважалася вернiкамi, паколькi нярэдка шмат захоўвалася з ранейшай абраднасьцi. Праваслаўная шляхта на Наваградчыне масава адыходзiла ад каталiцызму, аднак гэта часта было вынiкам хуткаплыннага захапленьня, хаця яшчэ напрыканцы XVI ст. i выклiкала непакой з боку Пятра Скаргi. Рэакцыя езуiта прагучэла ў часе бурлiвай палемiкi памiж каталiкамi, праваслаўнымi i пратэстантамi (бо i яны тады не былi бязьдзейнымi) у сувязi з правядзеньнем Берасьцейскай унii.
Перш як перайсьцi да фармаваньня "тоеснасьцi" паасобных рэфармiсцкiх канфэсiяў, трэба зьвярнуцца да часоў апошнiх Ягайлавічаў, калi па Рэчы Паспалiтай пранеслася незвычайна iмклiвая, хоць i кароткатрывалая антыкаталiцкая бура. Iнакш сытуацыя выглядала ў Кароне, дзе была парушана, хоць i часова, парафiяльная структура (дыяцэзii заставалiся нават у найбольш крытычныя моманты, iхная сэкулярызацыя была ажыцьцёўлена адно ў гаспадарстве крыжакаў, пераўтвораным у васальную Княскую Прусiю) унаступак масавай перабудовы касьцёлаў на зборы. Падужэлы пасьля Трыдэнту каталiцызм здолеў, аднак, хутка адваяваць тое, што ён нядаўна страцiў з парафiяльнай сеткi, канчаткова ўфармаванай напрыканцы сярэднiх вякоў. У канцы XVI ст. засталося каля пяцьдзесяцi збораў, сярод iх былi ўтвораныя арыянамi, лютэранамi i чэскiмi братамi, якiх усяго было каля палавiны. Не заглыбляючыся ў пытаньне колькасьцi гмiнаў у параўнаньнi з парафiямi, заўважым, што апошнiх было тады каля 3600. У часох Контрарэфармацыi ў шырокiм маштабе ўтваралiся новыя касьцельныя тэрыторыi, але гэта не былi парафii або кляштары: цягам стагодзьдзя (1550-1650) на польскiх землях iхны лiк узрос з 157 да 283, iнакш, чымся ў Кароннай Русi (30-102), а таксама ў Вялiкiм Княстве (14-95). Такiм чынам, у двух апошнiх выпадках адносны прырост быў меншы, паколькi ўвага была сканцэнтравана на выразным пашырэньнi слабой дагэтуль парафiяльнай сеткi. На тэрыторыi Кароны да аднаўленьня талеранцыi падчас Станiслава Аўгуста была практычна зьлiквiдавана царкоўная арганiзацыя кальвiнiстаў, яшчэ раней зьнiклi ўстаноўленыя iмi акругi (rozbudowane dystrykty); у сярэдзiне XVII ст. юрыдычна - рашэньне сойму 1658 г. - быў зьлiквiдаваны арыянiзм. Найменшыя страты панесьлi лютэране[16].
У Вялiкiм Княстве сытуацыя ўяўлялася iнакш. У магнацкiх колах напачатку атрымалi прызнаньне антытрынiтарысты, асаблiва дзякуючы прыбылым з Польшчы iдэолягам, упаасобку паходзячаму з Iталii лекару Ежы Бляндрата. Яны пераканалi ў сваiх тэалягiчных канцэпцыях наймагутнейшага ў сярэдзiне XVI стагодзьдзя вяльможу, вялiкага канцлера i вiленскага вайводу Мiкалая Радзiвiла Чорнага (памёр у 1565 годзе), якi стварыў асяродак пратэстантызму ў Вiльні, а таксама ў родавым Нясьвiжы. Пасьля ягонай сьмерцi, аднак, сыны пад уплывам езуiтаў вярнулiся да каталiцызму i са стараннасьцю нэафiтаў нiшчылi справу свайго бацькi, у тым лiку хораша выдадзеную па-польску Бiблiю, па месцы публiкацыi званую Берасьцейскай (Берасьце над Бугам). Радыкальныя трынiталягiчныя канцэпцыi знаходзiлi прыхiльнiкаў, паколькi iх апекуны з асяродзьдзя магнатаў (апошнiм зь iх быў памерлы ў 1592 г. Януш Кiшка) не зьбiралiся накiроўваць прыблiжаных да польскiх грамадзкiх канцэпцыяў. Супраць iх выступiў таленавiты папулярызатар рэлiгii i перакладчык Бiблii на рускую мову (jezyk ruski) Сымон Будны ў творы "Аб ужываючым меч урадзе" (1583): гэты мазаўшанiн усё жыцьцё правёў на беларускiх землях, галоўна ў Радзiвiлавым Нясьвiжы i Лоску, а ў дактрынальным пляне перажыў эвалюцыю ад кальвiнiзму да крайнага антытрынiтарызму. Аднак прыхiльнiкi гэтага кiрунку хутка трацiлi значэньне i былi выцесьнены з апошнiх бастыёнаў (Наваградак) перад 1620 г., а пазьней iм было забаронена весьцi канфэсійную прапаганду[17]. Аднак таленавiтыя супрацоўнiкi бiржанскiх Радзiвiлаў яшчэ ў другой палавiне XVII ст. у значнай ступенi прымыкалi да польскiх арыянаў[18].
З эвангелiчна-аўгсбурскiх збораў, што зьявiлiся яшчэ за часоў Ягайлавічаў, захавалiся толькi тыя, якiя разьмяшчалiся ў найвялiкшых гарадох зь Вiльняй на чале i мелi нямецкi, мяшчанскi характар, хоць з часам у iх утварылiся i польскiя гмiны. Гэта было вынiкам узмоцненага працэсу натуралiзацыi чужаземцаў. Характэрна, што контрарэфармацыйны каталiцызм, актыўна атакуючы ў сталiцы Вялiкага Княства шляхецкi кальвiнiсцкi збор (славутыя тумулты), у прапагандзе зьвяртаўся супраць пратэстантаў-немцаў, асьмейваючы iх у сатырычных творах[19]. Лютэранства перажыло ўпадак Рэчы Паспалiтай, разьдзелы i сканала - як i кальвiнiзм - толькi пасьля 1939 г., калi ў часе другой сусьветнай вайны на летувiска-беларускiх землях даўнага гаспадарства пад знакам Арла i Пагонi пратэстантызму канчаткова наступiў канец. Ня чым iншым, як сымбалiчным ударам па ягоных сьлядох сталася зьнiшчэньне ўжо пасьля 1950 г. гiстарычных могiлак двух веравызнаньняў паблiзу Вялiкай Пагулянкi[20].
У Вялiкiм Княстве нацыянальным веравызнаньнем надоўга стаўся кальвiнiзм, хаця па вялiкiм рахунку ён ня надта шмат - за выключэньнем прынцыповых супадзеньняў, у першую чаргу дагматычных - меў супольнага зь веравызнаньнем, створаным рэфарматарам з Жэнэвы. Яшчэ больш ён адрозьнiваўся ад мясцовых антытрынiтарыстаў, з прапагандай якiх эвангелiчны клер змагаўся датуль, дакуль iснаваў "меншы збор". Пазьней, страцiўшы ранейшую грознасьць, магнаты-кальвiнiсты - як мы былi згадалi - абкружалi сябе арыянамi пры ўмове, што тыя ня будуць праводзiць рэлiгiйную прапаганду сярод народу. Што да самога кальвiнiзму - перастала акцэнтоўвацца ягонае фундамэнтальнае палажэньне аб прызначэньнi, таксама як не ўзнiмалася супольная з каталiкамi праблема культу сьвятых i не адбылося адмаўленьня ад пакланеньня Марыi. Папросту аб пэўных справах перасталi гаварыць, калi адышлi ў нябыт першыя пакаленьнi баёвых рэфармацыйных iдэолягаў.
У сярэдзiне XVI стагодзьдзя ў Лiтве ўзьнiкалi як чарговыя каталiцкiя парафii, так i на практычна не схрысьцiянiзаваных землях стваралiся эвангелiчныя грамады, што мелi ня толькi шляхецкi характар. Дзякуючы гэтаму зборы у Кельмах, Радзiвiлiшках або Попелi перажылi найгоршыя часы перасьледаў, тымчасам як абшарнiцкiя, галоўна ў Наваградчыне, зборы, калi iм i ўдавалася выжыць, налiчвалi некалькi або дзясятак сем'яў[21]. Паступова ўзмацнялася дэмакратычнае кiраўнiцтва Эвангелiчна-Рэфарматарскага Сыноду, якi штогод зьбiраўся на свае правiнцыйныя сэсiі. Калi напрыканцы XVII ст. вымерлi бiржанскiя Радзiвiлы, мэцэнат з iндывiдуальнага, магнацкага, набываў шляхецкi, зборны характар. З часам зь мясцовым серадовiшчам зьвязалiся прыбышы з Шатляндыi, якiя былi паселены ў Кейданах i ўвайшлi ў склад тамашняй эвангелiчнай грамады. У дадатак да шасьцi акругаў (кiруючыся перадсудамi, эвангелiкi iмкнулiся трактаваць iх як адпаведнiкi дыяцэзiяў) у эры талеранцыi (1768) зьявiлася яшчэ пяць з 38 парафiямi, аднак зьнiк наваградзкi збор. Пасьля другога падзелу адпаў ад Рэчы Паспалiтай Слуцак, аднак неўзабаве гэты магутны асяродак кальвiнiзму, якi валодаў гiмназiяй (другая iснавала ў Кейданах) апынiўся ў супольным гаспадарстве пад расiйскай акупацыяй. Аб часох росквiту ў XIX стагодзьдзi нагадвалi руiны будынку збору ў Койданаве. Эвангелiчныя традыцыi культывавалi рады Валянаў, Сьвiдаў, Курнатоўскiх, Гружэўскiх, Путкамэраў, Мацкевiчаў. Iхныя прозьвiшчы ня толькi паяўлялiся ў сынадальных пратаколах, але i доўга фiгуравалi на грамадзкай, прафэсiйнай нiве i ў патрыятычных выступах[22]. У гэтым пляне школа ў Слуцку карысна вырозьнiвалася ў параўнаньнi з пазыцыяй каталiцкага духавенства[23]. Iнфармацыю з тамашняй бiблiятэкi руплiва пераказвалi творцу польскай нацыянальнай бiблiяграфii, Каралю Эстрайхеру старшаму.
Дагэтулешнюю царкоўную арганiзацыю ў пэўнай ступенi закранулi i зьмены ў межах, адбытыя пасьля першай сусьветнай вайны: магутныя летувiскiя зборы адпалi пасьля стварэньня гаспадарства са сталiцай у Коўнi, маючыя багатую гiсторыю Слуцак i Койданава апынiлiся ў Беларусi i разам зь ёй у СССР. Структура ацалела практычна як збор у Вiльнi (разам са штучнымi дэ факта некалькiмi iншымi парафiямi), i ў дадатак скаланалася скандальнымi разводнымi працэсамi, розгалас пра якiя iшоў па ўсёй Польшчы. Зрэшты, не надоўга, бо пасьля 1945 г. гаварыць пра яе ўжо не выпадала[24].
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
Зацемы:
1 J. Ochmanski, Historia Litwy. Wroclaw, 1967, s. 99.
2 Аб паганскiм гаспадарстве ў Лiтве i ягонай спэцыфiцы за стагодзьдзе да прыняцьця хросту на Вавэлi вялiкiм князем Ягайлам гл. M.Kosman, Zmierzch Perkuna czyli ostatni poganie nad Baltykiem. Warszawa, 1981, s. 100-156, асаблiва 133, разьдзелы 5 i 6.
3 M. Kosman. Reformacja i Kontrreformacja w Wielkiem Ksiestwie Litewskim w swietle propagandy wyznaniowej. Wrocіaw, 1973, s. 39. На тэму сьвядомасьцi канфлiктаў веравызнаньняў цi, хутчэй яе нястачы гл. J. Tazbir, Reformacja a problem chlopski w Polsce XVI wieku. Wrocіaw, 1953.
4 J. Ochmanski, Historia Litwy. Wydanie drugie poprawione i uzupelnione. Wroclaw, 1982, s. 125, а таксама трэцяе выданьне: Wrocіaw, 1990.
5 На тэму сьцiраньня розьнiцаў памiж даўным i сёньняшнiм лiтоўскiм гаспадарствам, што адбываецца ня толькi ў публiцыстыцы, i заангажаваньня рэпараванай гiстарычнай веды на карысьць сучаснасьцi гл. заўвагi аўтара гэтага артыкулу: M. Kosman, Stosunki polsko-litewskie (у:) Polska i jej nowi sasiedzi (1989-1993). Praca zbiorowa, Poznan-Torun, 1994, s. 43 nn.; яго ж, The problem of Vilnius: close relations or isolation? (у:) Fremde-Nachbarn-Partner wider Willen? Praca zbiorowa. Wien-Torun, 1995, s. 169 nn.; яго ж, Litwa etniczna i historyczna, у: Swiat i Polska u progu XXI wieku. Praca zbiorowa. Torun, 1994, s. 262 nn.
6 Напр. B.Dundulis, Lietuvos uћsienio politika XVI a. /=Замежная палiтыка Летувы ў XVI ст./. Vilnius, 1971; T.Б. Блинова, Езуиты в Белоруссии. Mинск 1990; R. Pleиkaitis, Feodalizmo laikotarpio filosofija Lietovoje. Vilnius, 1975/ аб гэтай каштоўнай працы гл. маю рэцэнзiю на старонках "Odrodzenia i Reformacji w Polsce" XXIII, 1978, s. 242.
7 Шырэй аб гэтым M. Kosman, Litewska Jednota Ewangelicko-Reformowana od polowy XVII w. do 1939 r. Opole, 1986, s. 80 nn.
8 Wielka Encyklopedia Powszechna PWN. T. 9. Warszawa, 1967, s. 740 (артыкул бяз подпiсу). Гл. таксама ў т.6 пазыцыю: Kontrreformacja, аўтарства Е. Тaзьбiра.
9 У навукова-папулярным "Zarysie dziejow Kosciola katolickiego w Polsce" (Krakow, 1986) Е. Kлачоўскi (суаўтары: Л. Мюлерава i Е. Скарбэк) надае разьдзелу IV у першай частцы назву: Пэрыяд вялiкiх рэформаў, стагодзьдзе XVI - першая палавiна XVII, даючы двум з шасьцi падзагалоўкi: Рэформы як крызыс узросту; Каталiцкая рэформа. Як лёгка заўважыць, аўтары пазьбягаюць як "Рэфармацыi", так i "Контрарэфармацыi".
10 J. Lecler, Historia tolerancji w wieku Reformacji. T.I.Przeklad z francuskiego L. i H. Kuhn. Warszawa 1964, s. 9 n.
11 Лiст кальвiнiсцкага мiнiстра Самуэля Бiтнэра Людвiцы Каралiне Радзiвiл 1682 г.: I. Luksaite, Lietuvir kalba reformacianime judejime XVII a. Vilnius, 1970 ("Acta Historica Lituanica" V), s. 54 n. Аб культавых функцыях валадара M. Kosman, Litwa pierwotna - mity, legendy, fakty. Warszawa, 1989, s. 110 nn.
12 Першае выданьне твора Мацея зь Мехава мела назву: Tractatus de duabus Sarmatiis (1517), наступнае: Deskriptio Sarmatiarum (1521). Гл. таксама S. Aleksandrowicz, Rozwoj kartografii Wielkiego Ksiestwa Litewskiego od XV do polowy XVIII w. Wydanie II poprawione i uzupelnione. Poznan, 1989, t. I, passim.
13 Сьпiсаньне падарожнiкаў склаў S.Kot, La Reeforme dans le Grand Duche de Lithuanie. Facteur d'occidentalisation culturelle. "Brussels Universite Libre. Institut de Philologie et d'Histoire Orientales et Slaves" 12, 1953, s. 45-48.
14 Пераклад фрагмэнту лiста падаў O. Halecki, Zgoda sandomierska 1570 r. Warszawa, 1915, s. 22.
15 Выказваньне Дыскордыi належыць трактаваць у тыповых катэгорыях лiтаратурнага замоўцы часоў гуманiзму i ягонага адваката (Навука аб праўдзiвай i аб фальшывай пакуце ...Ваўжынца з Пшасьнiша ...Берасьце на Бугу 1559, без прысьвячэньня). Новае выданьне твора Ласiцкага: J.Lasickis, Apie zemaicir, kitr sarmatr bei nekitru krikscionir dievus (Вiльня, 1969, на с. 35-51 фатаграфiчны тэкст лацiнскага выданьня: Bazylea, 1615). Аб Я.Л. манаграфiя пяра Х.Барыча, а таксама ягоны жыцьцяпiс у Polskim Slowniku Biograficznym XVIII, 1973, s. 218-222.
16 J. Tazbir, Spoleczny i terytorialny zasieg polskiej reformacji, "Kwartalnik Historyczny" LXXXII, 1975, s.723-735. Дагэтуль ня страцiла сваёй вартасьці праца H. Merczynga, Zbory i senatorowie Protestancy w dawnej Polsce. Warszawa, 1908 (дадатак да твору В. Красiньскага, Zarys dziejow powstania i upadku Reformacji w Polsce. Таксама рэпрынт 1986 г.).
17 M.Kosman, Reformacja i Kontrreformacja...; яго ж, Litewska Jednota...; яго ж, Protestanci i Kontrreformacja. Wroclaw, 1978, passim; K. Gorski, Studia nad dziejami polskiej literatury antytrynitarskiej XVI wieku. Krakow, 1949; L. Szczucki, Jan Licyniusz Namyslowski. Studium z dziejow antytrynitaryzmu litewskiego na przelomie XVI i XVII wieku (у:) Studia nad arianizmem. Praca zbiorowa. Warszawa, 1959, s. 131-157; I. Саверчанка, Сымон Будны - гуманiст i рэфарматар. Менск 1993, а таксама артыкул у Polskim Slowniku Biograficznym III, s. 96 nn. пяра С. Кота.
18 Гл. J. Tazbir, Bracia polscy na wygnaniu. Warszawa, 1977, s. 58 nn.
19 Kosman, Protestanci, s. 70 nn. i паказьнiк крынiцаў; Z. Nowak, Kontrreformacyjna satyra obyczajowa w Polsce XVII wieku. Gdansk, 1968 (гаворка вядзецца пра Вiльню, гл. частку II: Antologia, s. 197 nn.)
20 Палiтычнага аспэкту змаганьня са сьведчаньнямi мiнуўшчыны датычыць: M. Kosman, Cmentarze dawnego Wilna. Torun, 1994, асаблiва с. 155 нн. (разьдзел аб часох пасьля другой сусьветнай вайны).
21 Аб укараненьнi хрысьцiянскiх культаў, у тым лiку кальвiнiсцкага пратэстантызму ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм M. Kosman, Drogi zaniku poganstwa u Baltow. Wroclaw, 1976, s. 180 nn. На тэалягiчную слабасьць польскай Рэфармацыi зьвяртае ўвагу Е. Тазьбiр, Reformacja w Polsce. Szkice o ludziach i doktrynie. Warszawa, 1993, s. 27.
22 Сьпiсаньне сынодаў i правiнцыйных сэсiяў Лiтоўскай Кангрэгацыi 1611-1913, "Monumenta Reformationis Polonicae et Lithuanicae" Seria IV, zeszyt 1. Wilno, 1913. Хаця каты Шымана Канарскага гэтага ня ведалi, змоўнiк быў кальвiнiсцкага веравызнаньня, i перад карай сьмерцяй у Вiльнi яго спавядаў эвангелiчны духоўнiк. Гл. таксама "Аб некаторых успамiнах Флярыяна Сьвiды ў сувязi з фамiльным маёнткам Глевiн", Цэнтральная бiблiятэка Летувiскай Акадэмii Навук у Вiльнi, сьпiсаньне ERS F40-1025.
23 Kosman, Litewska Jednota, s. 65.
24 Рэфармацыя стварыла перадумовы для ўзмацненьня кантактаў памiж Вялiкiм Княствам i Захадам Эўропы, у тым лiку дзякуючы выездам на студыi моладзi i кандыдатаў у духоўны стан, i, перадусiм, для больш iнтэнсіўнай iнтэграцыi Рэчы Паспалiтай. Тымчасам у летувiскай навуцы, не вылучаючы найнавейшых працаў, можна спаткаць тэндэнцыю ўвыпукленьня выняткавасьцi, спэцыфiкi, а таксама залiчэньня ў летувiсы людзей, зьвязаных паходжаньнем i культурным асяродзьдзем з каронай i рускiмi землямi Вялiкага Княства. Як прыклад пакажам тут на кнiгу: Lietuvos publicistai valstiecir klausimu XVI a. pabaigoje - XVII a. pirmojoje puseje, укладзеную I. Luksaite (Vilnius, 1976), дзе - пакiдаючы ўбаку iнтэрпрэтацыйныя падыходы - аналiзуюцца такiя "лiтоўцы", як Пётра Скарга, Аран Алiзароўскi, Марцiн Сьмiглецкi або Анджэй Волян. На гэта зьвярнуў увагу Х. Вiснэр у рэцэнзii на старонках "Odrodzenia i Reformacji w Polsce" XXIII, 1978, s. 243. Гэты гiсторыяграфiчны аспэкт вывучэньня Рэфармацыi заслугоўвае асобнага дасьледаваньня.
|
|