Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
АСОБЫ

Навуковыя крыніцы самаакрэслення Саламона Рысінскага як беларуса

Алег Латышонак


Саламон Рысінскі (?-1625), класічны філолаг, латынамоўны паэт, фалькларыст-парэміёлаг і пратэстанцкі дзеяч [1] - першы вядомы навуцы чалавек, які сам сябе назваў беларусам, а сваю краіну Беларуссю.

Да яго назву "Белая Русь" і "белыя русіны" прымянялі выключна чужаземскія пісьменнікі, пры тым у адносінах да самых розных частак Русі: ад Галіччыны праз Валынь, Пскоўшчыну, Полаччыну і Ноўгарад Вялікі па Маскоўшчыну [2]. На пачатку ХVІ ст. польскія пісьменнікі сталі стала адносіць назву Белая Русь і белыя русіны да жыхароў цэлай літоўскай Русі (пры тым Руссю не лічылася Маскоўшчына). На працягу некалькі дзесяцігоддзяў назвы гэтыя звужалі свой тэрытарыяльны абсяг. Калі для Яна Стабніцкага "Белай Руссю" была ўся Русь апрача галіцкай (львоўскай) Русі і Падоліі (але з Вялікім Ноўгарадам), дык для Яна Мончынскага "белай руссю" не былі ужо і валынцы. Для Марціна Кромэра "Белай Руссю" перастала быць яшчэ і Падляшша (якое называў Палессем). Тое самае можна сказаць пра Мацея Стрыйкоўскага і яго alter ego Алессандра Гваніні [3]. Для двух апошніх "Белай Руссю" магла быць і Маскоўшчына, усё такі "белымі русінамі" (Albi Rutheni), як у Гваніні, ці "беларусакамі" (Bie?orussacy, Russacy Biali), як у Стрыйкоўскага, называюцца выключна жыхары ўсходніх тэрыторыяў ВКЛ. Пры нагодзе адзначу, што найбольш папулярны ў ХVІІ ст. тэрмін, які прымяняўся да праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай, "беларусцы", гэта праўдападобна неалагізм, створаны дзеля перакладу терміна Стрыйкоўскага [4].

Саламон Рысінскі быў чалавекам высокаадукаваным. Пачатковую адукацыю атрымаў, відаць, на бацькаўшчыне, паколькі ведаў царкоўнаславянскую мову (у выдадзеным і выпраўленым сабою польскім перакладзе Псалмаў Давіда першыя версы перадаў на царкоўнаславянскай мове, пераклаў таксама на латынь з "мясцовай мовы" вершы Андрэя Рымшы). У 1582 г. студыяваў у Лайпцыгу. Пасьля некалькі гадоў настаўнічаў, спярша ў Жамойдзі, пасля ў Малапольшчы. У 1586 г. паступіў у Альтдорфскі ўніверсітэт пад Нюрнбергам. Імматрыкулаваўся (запісаўся) тут як Solomo Pantherus Leuсorussus. Гэта і ёсць першая вядомая ў гісторыі дэкларацыя беларускасці. Два гады пазней, у пісме да свайго немецкага сябра Конрада Рытэрсгаўзена назваў сваю бацькаўшчыну Leucorossia.

Гэта значыць, што Рысінскі самаакрэсліўся як беларус яшчэ да другога прыезду ў Нямеччыну. У гэты час ніхто на бацькаўшчыне Рысінскага такімі назвамі не карыстаўся. У паўсюдным абарачэнні былі назвы Літва і Русь, русіны і літвіны. На прыклад Францыск Скарына запісаўся ў Кракаўскі ўніверсітет як "літвін" (Lithuanus), а ў Падуанскі як "русін" (Ruthenus).

Такім чынам тое што Рысінскі сябе назваў беларусам, а сваю бацькаўшчыну Беларуссю было абсалютнай навізной, свайго роду інтэлектуальным прарывам. Крыніцаў самаакрэслення Рысінскага як беларуса трэба шукаць у інтэлектуальнай сферы, у яго лектурах.

Пра краіну "Белая Русь і "белых русінаў" пісалі раней за палякаў і немцы. Вялікай папулярнасцю цешылася праца Ульрыха Рыхенталя "Канстанцкі сабор", якая, дарэчы, праўдападобна была першакрыніцай, з якой пачарпнулі терміны "Белая Русь" і "белыя русіны" польскія вучоныя. Рысінскі, хутчэй за ўсё, пазнаёміўся з гэтымі тэрмінамі з папулярных на яго бацькаўшчыне працаў Кромера, Мончынскага, Гваніні і Стрыйкоўскага. Тым не менш, тэрміны Рысінскага абсалютна яго ўласныя. Кромер і Гваніні карысталіся лацінскімі тэрмінамі, а Мончынскі і Стрыйкоўскі польскімі. Пры тым яны пісалі пра Белую Русь, белых русінау або беларусцаў. Рысінскі нацыянальнасць перадае тэрмінам грэцка-латынскім, а назву краіны грэцкім. Назвы краіны і нацыі з'яўляюцца ў яго адразу у сённяшняй форме "Беларусь" і "беларусы".

Беларускі даследчык Алесь Белы адшукаў падобную да скарыстанай Рысінскім канструкцыю у лекцыях па Вергілію Юлія Пампонія Лета, які наведаў паўднёвую частку ВКЛ у 1479-1480 г. Лет выкладаў, што рака Паўднёвы Буг (Hypanis) "нараджаецца ў балоце беласкіфаў" (in paludes Leucoscytharum). У іншым месцы Лет сцвяржжае, што у Сарматыі гавораць на сямі розных мовах, з якіх сама распаўсюджаная скіфская, якую называюць таксама рускай. Такім чынам, Лет праўдападобна пераклаў на грэцкую мову латынскі термін Alba Russia [5]. Гэта важны след, і вельмі праўдападобна, што грэцкае слова "леўкос" і канструкцыю тэрмінаў Рысінскі запазычыў менавіта ад Лета. Тым не менш, ні беларусы (Leucorussi), ні Беларусь (Leucorossia) у працы вучонага італіянца не выступаюць. Формы, скарыстаныя Рысінскім, належаць выключна яму і маглі ўзнікнуць самастойна. Веданне грэцкай мовы было доказам высокай адукаванасці; Рысінскі дадаткова мог яе скарыстаць дзеля падкрэслення свайго "грэцкага" (у канфесійным разуменні - праваслаўнага) паходжання.

Апрача ўжо згаданых, ёсць у Рысінскага яшчэ адзін прыклад скарыстання назвы "беларусы". У рукапісных каментарах да прац Аўзонія, напісаных у форме пісем разам з Рытэрсгаўзенам, Рысінскі тлумачыць суаўтару ўжыванне прыналежных прыметнікаў: "Яшчэ і цяпер маскоўцы, беларусы і вялікая частка літоўцаў такім часта карыстаюцца" [6]. На акрэсленне маскоўцаў Рысінскі скарыстоўвае рэдка ўжываную літаратурную латынскую назву Hamaxobi . Гэтаксама называе маскоўцаў згаданы вышэй лексыкограф Мончынскі, першы польскі мовазнаўца, які ўжывае назвы "белая русь" як этнічную [7].

Мончынскі, як і ўсе тагачасныя польскія вучоныя, трактуе "белую русь" шырока. Гэта усе жыхары Русі (без Масквы) апрача валынцаў [8]. Паколькі Рысінскі перакладаў термін без канчатку -ін, вельмі праўдападобна, што пераклаў менавіта тэрмін Мончынскага "biala rus". Праўдападабенства, што менавіта слоўнік Мончынскага быў першакрыніцай зробленага Рысінскім перакладу ўзмацняецца і тым, што Мончынскі быў пратэстантам-кальвіністам, у свой час бліска звязаным з дворам Радзівілаў.

Такім чынам, навуковай крыніцай самаакрэслення Рысінскага як беларуса быў, хутчэй за ўсё, "Лексікон" Яна Мончынскага, а грэцкая форма перакладу магла ўзнікнуць пад уплывам Юлія Пампонія Лета.

Застаецца яшчэ ўстанавіць, што канкрэтна значылі для Рысінскага тэрміны "беларус" і "Беларусь". Для ўсіх згаданых вышэй вучоных "Белая Русь" абазначала амаль усю сённяшнюю Беларусь і большую частку Украіны (без Галіччыны, Падоліі і Валыні). Тым не менш яны апісвалі становішча да люблінскай уніі 1569 г., пасля якой назва Белая Русь хутка звужала свой тэрытарыяльны абсяг. Гэты самы Кромер, які ў тэксце сваёй працы, напісанай да уніі, падняпроўскую Украіну называе "Белай Руссю", ва ўступе, напісаным пасля Люблінскай уніі называе Кіеў сталіцай Падоліі. Падобна Стрыйкоўскі, які называе беларусцамі ўсіх жыхароў Беларусі і падняпроўскай Украіны, сярод "беларускіх народаў" вылучае "літоўскіх беларусцаў". Тут відавочна падразумеваюцца сённяшнія беларусы.

Са сзгаданага раней выказвання Рысінскага вынікае ясна, што не лічыў сябе ні маскоўцам, ні літоўцам. Адносна апошніх, Рысінскі ведае, што вялікая частка літоўцаў гаворыць па-славянску, але не ўсе (з літоўскай мовай мусеў быць знаёмы, бо ў 1584 г. коратка настаўнічаў у Жамойдзі). Значыць яны, відаць, для яго асобны народ. Да рэчы, сваю бацькаўшчыну ў прыдуманай самаму сабе падчас смяротнай, як яму здавалася, хваробы, эпітафіі, назваў традыцыйна проста "Руссю" [9]. Як беларус лічыў сябе прыналежным да шырэйшай супольнасці "сарматаў", паколькі аднойчы падпісаўся як Solomo Rysinius Sarmata. Сарматызм пазней вырадзіўся ў вузкую ідэалогію шляхты Рэчы Паспалітай. Усё такі, у часы Рысінскага і для яго асабіста "сармата" абазначала альбо грамадзяніна Рэчы Паспалітай і ў тым сэнсе "паляка", або, шырэй - славяніна. Рысінскі карыстаўся тэрмінам "сармата" адначасова ў абодвух значаннях. Відаць гэта ў яго пісме да Вінанда Карнелія, далучаным да "Польскіх прымавак". З аднаго боку Рысінскі захапляецца польскай мовай і называе яе "сармацкай", а палякаў "сарматамі". З другога боку Рысінскі піша, што мова рускага народ таксама багатая як мова палякаў. У агульнасці сцвярджае: "Як шырока сармацкая мова распаўсюджаная, на колькі гаворак падзяляецца, якія народы, якія краіны, якое насельніцтва абыймае, тут немагчыма даць дакладны пералік; але, карыстаючыся дабрадзействамі гэтай мовы, кожны зможа прайсці ад Адрыятыцкага заліва да Каспійскага мора без перакладчыка, паразумеваючыся на такіх вялічэзных прасторах. Пры тым, якія народы, якія плямёны, якія акругі ўключае гэтая старана свету, пакідаю дзеля ацэнкі вучоным у геаграфіі" [10]. Тут відавочна, што "сармацкая" мова гэта мова ўсіх славян.

Застаецца самая цяжкая да вырашэння праблема: ці Рысінскі да "беларусаў" далучаў таксама сённяшніх украінцаў. Непасрэднага адказу на гэтае пытанне няма. Можна толькі сказаць, што ў яго вершах праяўляеццца літоўскі палітычны патрыятызм. У дзяржаўным сэнсе і Літва яму айчына [11]. Паколькі гэта Літва ў межах пасля люблінскай уніі, можна меркаваць, што Рысінскі быў, хутчэй за ўсё, беларусам у сэнсе бліскім сённяшняму. Аб межах Беларусі Рысінскага можа сведчыць і тое, што ў кальвінскай Літоўскай Ядноце (якой Рысінскі быў адным з самых паважаных дзеячоў) існаваў рускі (пазней перайменаваны на беларускі) дыстрыкт, які абыймаў полацкае, віцебскае, мсціслаўскае і мінскае ваяводзтвы.

Такім чынам, Саламон Рысінскі лічыў сябе беларусам і славянінам, грамадзянінам Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Спосаб думання Рысінскага пра нацыянальнасць безумоўна праяў Новага Часу. Раней у ВКЛ этнічнасць знітавная была з веравызнаннем. Хаця здараліся адступленні, як правіла русін быў праваслаўным, а літовец католікам. Рэфармацыя прынясла з сабой ломку традыцыйных этнаканфесійных стэрэатыпаў. У тым сэнсе можна сцвердзіць, што Рысінскі змог падумаць пра сябе як пра беларуса менавіта таму, што быў пратэстантам.

Літаратура:
1. Глядзі: Я. И Порецкий, Соломон Рысинский. Solomo Pantherus Leucorussus. конец XVI - начало XVII века, Минск 1983. Пра Рысінскага існуе даволі абшырная літаратура. У асноўным сабраў яе Генрык Люлевіч у біяграме С. Рысінскага: H. Lulewicz, Salomon Rysi?ski, Polski S?ownik Biograficzny, T. XXXIII/4, Z. 139.

2. Глядзі: А. Белы, Хроніка Белай Русі. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы, Мінск 2000, c. 183 - 189.

3. Ioannes de Stobnicza. Introductio in Ptolemei Cosmographiam. Cracoviae 1512; Ioanne Maczinsky. Lexicon Latino Polonicum ex optimis Latinae lingue scriptoribus concinnatum. Regimonti Borussiae 1564; Martini Cromeri. Polonia sive de situ, populis, moribus, magistratibus et republika regni Polonici libri duo. Coloniae 1577; Alexandri Guagnini. Sarmatiae Europae descriptio. Cracoviae 1578; M. Stryjkowski, Kronika Polska, Litewska, ?modzka i wszystkiej Rusi, Kr?lewiec 1582.

4. Менавіта так перакладзена тэрмін "Bie?orussacy" у старабеларускім перакладзе "Хронікі" Стрыйкоўскага. Параўняй: Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы, ч. 1, Мінск 1961, с. 396.

5. А. Белы, Хроніка..., с. 68.

6. Etiamnum Hamaxobys, Leucorussis, et potiori Lithuanorum parti illum frequentari, Biblioteka Czartoryskich w Krakowie, rkp. 2834, Exerticiorum epistolicarum ad Ausonium virum consularem libri duo, Solomone Rysinio et Conrado Rittershusio actoribus, p. 273. Я. Парэцкі пераклаў Hamaxobi як "скіфы", відавочна не ведаючы, што гэта літаратурная назва маскоўцаў, Я. И. Порецкий, с. 124.

7. P. Zwolinski, Jezyk bialoruski a ukrainski w opiniach gramatykow XVI-XIX w. // P. Zwolinski, Szkice i studia z historii slawistyki, Ossolineum 1988, s. 245.

8. Rhoxolani, masc. qui hodie Rutheni vocantur, Populus in Sarmatia Europea Przi rzece Tanais, biala rus y z wolincami, I. Maczynski. Lexicon...

9. "Вось я, каго нарадзіла на мяжы Масквы шматснежнай,/ Слаўная звярамі, паляўнічымі пушчамі, борамі Русь". Раней як месца нараджэння С. Рысінскага называліся два Рысіны: на Полаччыне або непадалёку ад Клімавіч. Як устанавіў нядаўна Г. Люлевіч, Рысінскі двойчы назваў як такое Кабыльнікі. У сувязі з тым Люлевіч разглядае дзве магчымасці: мястэчка Кабыльнік (сёння Нарач) у ашмянскім павеце і ленны маёнтак Кабыльнікі у віцебскім ваяводстве. Ашмяны тады не лічыліся часткай ні Русі, ні Беларусі. У 1585 г. ашмянскія францішкане Белай Руссю (Alba Russia) называлі Полаччыну. Такім чынам, Рысінскі нарадзіўся відавочна ў Кабыльніках віцебскага ваяводства. Насупраць сумненням Люлевіча, месца нараджэння Рысінскага не пярэчыць яго паходжанню ад Фёдара Рысінскага з Рысіна ў полацкім ваяводзтве. У час нараджэння Саламона Рысінскага Полаччына знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй і сям'я Рысінскіх відаць вымушаная была пакінуць бацькаўшчыну.

10. Поўны тэкст пісьма ў перакладзе на рускую мову: Я. И. Порецкий, с. 45-50.

11. Вось некалькі прыкладаў з рускіх перакладаў панегірыкаў Рысінскага: "Друг короля из Сарматии князь Радзивил появился,/ Слава великая, знамя и сила литовской земли ("Ревель"), "Доблестно войско Литвы: Кокенгаузена стены свидитель./ Руку вождя Радзивила и воинов смелых отряд ("Кокенгпузен"), "Князь Радзивил знаменитый, литовской отчизны глава" ("Кирпенсиум"), Я. И. Порецкий, с. 64-66.

Паводле Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі.-- Мн.: Бел. кнігазбор, 2005. С. 126-131.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: