Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
АСОБЫ

На тым стаю

Тоні Лэйн

Марцін Лютар Марцін Лютар нардзіўся 10 лістапада 1483 г. у Эйслебене (Усходняя Нямеччына). Ён зьбіраўся стаць юрыстам, аднак стаў манахам. Ён далучыўся да манахаў-аўгустынаў у Эрфурце і там пачаў вывучаць тэалёгію. Праз некаторы час ён стаў прафэсарам тэалёгіі ў нядаўна заснаваным унівэрсітэце гораду Вітэнбэргу. Але Лютар меў свае праблемы. Яго вучылі, што для таго, каб дагадзіць Богу і заваяваць Ягоную Ласку, чалавек павінны імкнуцца "з усяе моцы рабіць дабро", што прадугледжвала і любіць Бога перадусім. Аднак такі Бог паўстаў перад Лютарам як судзьдзя, які ўзважвае ягоныя заслугі. Лютар пачуваўся так, быццам трапіў у пастку: ён ня мог любіць такога Бога, Які асуджаў яго і Які ня мог прыняць яго, пакуль ён не палюбіць Яго.

Адзін верш з Пісьма прыносіў асаблівыя пакуты Лютару: "У ім [Эвангельлі] аб'яўляецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: "праведны верай жывы будзе" (Рым. 1:17). Лютар ненавідзеў Бога за тое, што Той справядліва асуджаў чалавека, ня толькі згодна з законам, але і згодна з Эвангельлем. І раптам у нейкім цудоўным дні вочы Лютара расплюшчыліся і ён зразумёў значэньне "праведнасьці ў Богу". Гэта ня праведнасьць, якая асуджае нас, але праведнасьць, якая апраўдоўвае нас паводле веры. Эвангельле аб'яўляе нам не асуджэньне і гнеў Божы, але Яго збаўленьне і апраўданьне. Як толькі Лютар зразумеў гэта, ён адчуў, што нарадзіўся наноў і ўвайшоў у рай.

Лютар пачаў прапаведваць тое, што даведаўся. У 1517 годзе ён прыбіў дзевяноста сем тэзаў для абмеркаваньня ва ўнівэрсітэце (што было для таго часу звычайнай практыкай), у якіх ён выступаў зь цьвёрдых пазыцыяў пасьлядоўніка Сьвятога Аўгустына. На расчараваньне Лютара, гэтыя тэзы выклікалі мала цікавасьці. Аднак пазьней у гэтым жа годзе ён напісаў іншыя тэзы, якія выклікалі ня проста цікавасьць.

Побач зь Вітэнбэргам прадаваліся "індульгэнцыі" (ідэя была ў тым, што набыцьцё індульгэнцыі можа вызваліць адляцелую душу з чысца, але ня зь пекла. "Як толькі бразьне манэта ў кубку, дык вылятае душа з чысца"). Простыя ж людзі верылі ў тое, што грахі іх могуць быць прабачаныя проста набыцьцём індульгэнцыі. Лютар быў разгневаны. (Ён быў бы разгневаны яшчэ больш, каб ведаў, што сродкі ад продажу ішлі на фінансаваньне набыцьця яшчэ аднаго архібіскупства для прынца Альбэрта). Лютар напісаў 95 тэзаў супраць продажу індульгэнцыяў і даслаў асобнікі свайму біскупу і прынцу Альбэрту. Але яшчэ адзін асобнік патрапіў у рукі прадпрымальнага выдаўца, які ўбачыў іх патэнцыйную магутнасьць і апублікаваў гэтыя тэзы ў нямецкай мове. Тэзы хутка зрабіліся бэстсэлерам, і ўся Нямеччына ўзьнялася на ногі. Вокамгненна Лютар стаў героем. Тэзы былі параўнальна кансэрватыўнымі, у іх прапаноўваліся толькі нязначныя рэформы існай сыстэмы. (Лютар, напрыклад, не сумняваўся ў існаваньні чысца, паўнамоцтвах папы ці законнасьці індульгэнцыяў). Аднак яны білі ў самае адчувальнае месца: па "кішэні" папы. Тэзы ўзбудзілі хваляваньні ў Нямеччыне, выкліканыя цяжкімі падаткамі на карысьць Рыму. Былі зробленыя захады, каб прымусіць Лютара змоўкнуць, аднак ён атрымаў падтрымку ад свайго ўладара Фрыдрыха Мудрага.

У 1519 годзе Лютар і некалькі ягоных калегаў скіраваліся ў Ляйпцыг, каб паўдзельнічаць у дэбатах зь Ёганам Экам, адным з найлепшых тэолягаў таго часу. Тэмай дэбатаў былі 95 тэзаў. Эк быў разумным спрэчнікам. Ён падвёў Лютара да прызнаньня, што Ўсяленскі сабор царквы можа памыляцца, і ў выніку Лютар ухваліў некаторыя пастуляты вучэньня Гуса і Уікліфа. Спрэчка перайшла ад абмеркаваньня тэзаў да пытаньня аб прыродзе ўлады. У наступным годзе папа адлучае Лютара, які адказаў на гэта тым, што спаліў папскую булу. Гэта ўжо было адкрытым мяцяжом. Яшчэ праз год Лютара выклікаюць у Вормс на імпэрскі сойм, дзе малады імпэратар Караль V загадвае яму вырачыся сваіх поглядаў. Хоць, быць можа, Лютар і не сказаў вядомых словаў "На тым стаю і не магу інакш", у іх, аднак, добра адлюстроўваецца сутнасьць ягонага адказу.

Цяпер разлад з Рымам быў канчатковым. На працягу чатырох гадоў, калісьці папаў вернападданы, быў пастаўлены ў такое становішча, што папа для яго стаў антыхрыстам, аб якім прарочыў Новы Запавет. Шанцы на выжываньне ў Лютара былі невялікія, аднак Фрыдрых падтрымаў яго, і імпэратар нічога ня здолеў з гэтым зрабіць. Туркі аблажылі Вену, і Каралю неабходная была аб'яднаная Нямеччына, каб паслаць войскі на яе абарону. Ён ня мог дазволіць, каб Нямеччына падзялілася дзеля рэлігійных пытаньняў, а пасьля ... час быў страчаны - лютаранства ўмацавалася і ўжо не магло быць сілай вырвананае з карэньнем.

У 1520 годзе Лютар напісаў тры галоўныя творы, у якіх выклаў праграму рэформаў: 1. Зварот "Да хрысьціянскай шляхты нямецкай нацыі". Лютар заклікаў уладцаў рэфармаваць царкву. Гэта неабходна, так як сама царква ня можа зрабіць парадку ў сваім уласным доме. Уладцы павінны ўзяць на сябе гэты абавязак. Далей, калі яны ахрышчаныя вернікі, уладцы падзяляюць "сьвятарства" ўсіх вернікаў. Лютар адрынаў погляд каталіцызму на духавенства, як на асобную касту сьвятароў. "Рэлігійныя дзеячы" ў царкве (духавенства і мніхі) ня маюць якога небудзь адмысловага статусу ці годнасьці, а проста выконваюць свае функцыі. Калі яны ня маюць сілаў выконваць іх, то тады іншыя могуць заняць гэтыя месцы.

Зваць папаў, біскупаў, мніхаў і мнішак рэлігійным станам, а князёў, паноў, рамесьнікаў і сялянаў станам сьвецкім - гэта адмысловая прылада, вынайдзеная служкамі часу гэтага. Аднак нікога не павінна гэта палохаць, і не павінна палохаць з вельмі важкай прычыны. Бо ўсе хрысьціяне паўсюль насамрэч належаць да рэлігійнага стану, і няма паміж імі розьніцы, за выключэньнем таго, што яны выконваюць розную працу ... Бо толькі хрышчэньне, Эвангельле і вера робяць людзей рэлігійнымі і робяць зь іх народ хрысьціянскі... Несумніўны факт, што хрышчэньне высьвячае нас усіх без вынятку і робіць нас усіх сьвятарамі (1Пят. 2:9; Адкр.5:9-10).

2. "Аб бабілёнскім паланеньні царквы". У гэтай працы Лютар разглядае сем таінстваў каталіцкай царквы (у тым выглядзе, у якім яны былі прынятыя на Флярэнтыйскім саборы). Ён скарачае сьпіс да двух таінстваў, усталяваных самім Ісусам Хрыстом: хрышчэньня і эўхарыстыі (прычасьця). Аднак ён ня проста скараціў колькасьць таінстваў. Ён рэзка выступіў супраць каталіцкай дактрыны аб эўхарыстыі, пад час якой віно не падавалася сьвецкім людзям, і асабліва супраць цьверджаньня, што набажэнства - гэта тая ахвяра, якую мы прыносім Богу.

3. "Аб свабодзе хрысьціяніна". Лютар адрозьніваў чалавека ўнутранага і чалавека вонкавага. Што тычыцца ўнутранага чалавека, ён сьцьвярджаў, што мы апраўдоўваемся толькі верай. Толькі паводле веры мы становімся праведнымі, а не паводле добрых учынкаў. Вера дае нам абяцаньні Божыя, злучае нас зь Ісусам Хрыстом і насамрэч выконвае закон (у тым сэнсе, што праслаўляе Бога, як таго патрабуе першае зь дзесяці прыказаньняў). Добрыя ўчынкі - гэта ня сродак, з дапамогай якога мы становімся праведнымі, а толькі плод праведнасьці, праява ў вонкавым чалавеку праведнасьці чалавека ўнутранага. Учынкі праведнасьці - ўсё роўна што плады дрэва. "Наша вера ў Хрыста вызваляе нас ад учынкаў, але і ад падманлівага ўяўленьня ад учынкаў, гэта значыць ад глупага ўяўленьня, што апраўданьне дасягаецца ўчынкамі".

Хрысьціянін -- цалкам свабодны гаспадар над усім, які не падпарадкоўваецца нікому. Хрысьціянін - цалкам абавязковы слуга для ўсіх, які не падпарадкоўваецца нікому... Усё Пісьмо Божае падзеленае на дзьве часткі: прыказаньні і абяцаньні. Абяцаньні Божыя даюць тое, чаго патрабуюць прыказаньні Божыя, і выконваюць прадпісанае законам так, каб усё належыла Богу - і прыказаньні і іх выкананьне. Ён адзін загадвае, Ён адзін выконвае ...Безумоўна, мы названыя імем Хрыста, але не таму, што Ён вылучаны з нас, але таму, што Ён перабывае ў нас, і гэта таму, што мы верым у Яго і зьяўляемся хрыстамі адзін для аднаго і учыняем бліжнім сваім тое, што ўчыняе для нас Хрыстос. Аднак у нашы дні нас навучаюць дактрыне людзкой, паводле якой мы павінны імкнуцца толькі да заслугаў, узнагародаў і рэчаў, што нам не належыць. З Хрыста мы зрабілі толькі ўсяго разьмеркавальніка работаў, значна больш жорсткага, чым Маісей.
"Аб свабодзе хрысьціяніна"

Пасьля Вормсу Лютар быў у велізарнай небясьпецы. Сябры арганізавалі ягонае зьнікненьне пад час аднаго з падарожжаў і ахоўвалі яго ў замку Вартбург. Там ён пачаў пераклад Бібліі на нямецкую мову. Лютарава Біблія мае ня толькі рэлігійнае значэньне, але і належыць агульнай культуры. Яна дапамагла ня толькі данесьці Пісьмо да простага народу, але таксама дапамагла сфармаваць сучасную нямецкую мову. Уплыў яе можа быць параўнаны з творамі Шэксьпіра і Бібліяй караля Якуба ў ангельскай мове.

Асабліва вядомы Лютар сваёй дактрынай аб апраўданьні толькі паводле веры. Казнадзей адмыслова вылучаў патрэбу ў жывой, асабістай веры і выступаў супраць мэханістычнага стаўленьня да таінстваў, але ня супраць значэньня слова "апраўданьне". Празь некаторы час, на пачатку 1520-х гг., Лютар прыйшоў да разуменьня, што тэрмін Апостала Паўла "апраўдаць" не азначае "зрабіць праведным" ці "замяніць на добрага чалавека", але азначае "лічыць чалавека апраўданым", "бачыць чалавека апраўданым". Апраўданьне кажа хутчэй аб маім становішчы, чым пра мой стан, пра тое, якім Бог бачыць мяне, а не пра тое, што ён робіць ува мне; гэта азначае, што Бог прымае мяне, а не зьмяняе мяне. Такім чынам. Лютар прыйшоў да разуменьня пратэстанцкага адрозьненьня паміж апраўданьнем (маім становішчам перад Богам) і асьвячэньнем (маім ростам сьвятасьці).

Так, калі мы апраўдваемся альбо прымаемся Богам толькі на падставе веры, бяз добрых учынкаў, то, значыць, вернік можа жыць "як ён сабе захоча", не турбуючыся пра наступствы? Такія абвінавачваньні на адрас Лютара былі несправядлівыя. Нягледзячы на тое, што ён разрозьнівае апраўданьне й асьвячэньне, ён не падзяляе іх. Адно не існуе без другога. Калі Бог прымае кагосьці, то Ён і зьмяняе гэтага чалавека. Але калі гэтыя два паняткі ідуць побач, то які сэнс праводзіць паміж імі адрозьненьне? Адказ просты. Апраўданьне толькі паводле веры (ці, што найбольш дакладна, апраўданьне толькі Хрыстом, толькі праз веру) азначае, што я магу быць упэўнены ў тым, што Бог прымае мяне, прымае не таму, што я жыву добрым жыцьцём, а таму што Хрыстос памёр за мяне. У гэтым выпадку гутарка ідзе ад тым, ці апраўданьне можа існаваць без асьвячэньня (а яно ня можа), важна зразумець у чым ёсьць падстава апраўданьня. Калі нашае прыняцьце Богам заснавана на нашых добрых учынках, то тады ўпэўненасьці быць ня можа ні ў кога, за выняткам толькі такіх ганарліўцаў, як фарысэй з Эвангельля паводле Лукаша 18:9-14. Апраўданьне толькі паводле веры азначае, што мы можам мець гэтую ўпэўненасьць на падставе Хрыстовага крыжу. Гэта азначае, што мы можам рабіць добрыя ўчынкі не для таго, каб заслужыць ухвалу Божую і быць прынятымі Ім, але таму, што Бог ужо прыняў нас. Паслушэнства Богу - гэта свабодны, з любоўю адказ Ягоных дзяцей, а не назапашваньне заслугаў людзьмі, якія імкнуцца атрымаць пахвалу.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: