Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
АСОБЫ

Пастар, які працягнуў справу Скарыны

Станіслаў Акіньчыц


У марозную навагоднюю ноч, калі ад сьцюжы вада ў палонцы адразу ж зацягваецца тонкім ільдом, прэсьвітэр баптысцкай царквы ў Беластоку Раман Хамяк даў воднае хрышчэньне маладому настаўніку. Ня кожны адважыцца хрысьціцца ў 40-градусны мароз, але малады чалавек ня меў страху. Ён ведаў, у Каго паверыў. І неўзабаве яго вера была выпрабаваная на трываласьць. У гэтым жа годзе за пропаведзь Эвангельля яго арыштавалі і, прывязаўшы да сядла жандара, 170 кілямэтраў гналі пад канвоем у турму. Так пачалася духоўная біяграфія Лукаша Дзекуць-Малея, пастара найбуйнейшай ва Ўсходняй Эўропе баптысцкай царквы, чалавека, які першым пераклаў і выдаў Эвангельле на сучаснай беларускай мове.

Лукаш Дзекуць-Малей, з імем якога зьвязана ўзьнікненьне і разьвіцьцё цэркваў эвангельскіх хрысьціян баптыстаў у Берасьці, дый ва ўсёй Заходняй Беларусі, нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 г. у Слонімскім павеце Гарадзенскай губерні ў сям'і настаўніка. Пасьля заканчэньня школы і настаўніцкай сэмінарыі ён працаваў нейкі час інспэктарам народнай адукацыі. Быўшы прызваны ў расейскае войска, служыў у Беластоку, дзе і пазнаёміўся з эвангельскімі хрысьціянамі, і пачаў наведваць баптысцкую царкву. У ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня 1912 г. на рацэ Супрасьль Лукаш Дзекуць-Малей прыняў воднае хрышчэньне. У тым жа 1912 г. ён быў у першы раз арыштаваны за пропаведзь Эвангельлі (у Расейскай імпэрыі, у склад якой тады ўваходзіла Беларусь, было забароненае прапаведаваць любое хрысьціянскае вучэньне, акрамя вучэньня Рускай Праваслаўнай Царквы, якая зьяўлялася апорай самадзяржаўя).

У 1913 г. Дзекуць-Малей паступіў на Біблійныя курсы, арганізаваныя ў Санкт-Пецярбурзе вядомым расейскім дзеячам эвангельскага руху Іванам Праханавым, якія скончыў з адзнакаю. Праз год пачалася Першая Сусьветная вайна, і лінія фронту разрэзала Беларусь напалову. Толькі ў 1918 г. Лукаш Дзкуць-Малей змог вярнуцца ў родныя мясьціны, каб прапаведваць Слова Божае. Ён прыехаў у Горадню і адразу пачаў адраджаць практычна зьніклую ў гады ваеннай завірухі эвангельскую супольнасьць. Ужо тады Лукаш Дзекуць-Малей быў вядомы як беларускі патрыёт і грамадзкі дзеяч. Скончыўшы Першыя беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні ў 1919 г., ён актыўна заняўся арганізацыяй беларускага школьніцтва на Гарадзеншчыне. Неўзабаве Дзекуць-Малей узначаліў Гарадзенскую беларускую настаўніцкую раду, а праз паўгады быў абраны старшынём Беларускай школьнай рады ў Горадні і ў прэзідыюм Цэнтральнай беларускай школьнай рады. У той жа самы час Дзекуць-Малея абіраюць у Гарадзенскую павятовую раду і ў Аргкамітэт па скліканьні Беларускага зьезду Гарадзеншчыны. Лукаш Дзекуць-Малей таксама стаяў ля вытокаў Грамады беларускай моладзі ў Горадні.

Актыўная грамадзкая і прапаведніцкая дзейнасьць Дзекуць-Малея выклікала незадаволенасьць польскіх уладаў (Заходняя Беларусь у выніку Рыскага міру тады ўвайшла ў склад Польшчы), і ў 1921 г. Лука Мікалаевіч разам з некаторымі іншымі беларускімі служыцелямі быў высланы ў горад Лодзь пад нагляд паліцыі. Аднак да гэтага часу царква ў Горадні адрадзілася і ўмацавалася, і ўжо нішто не магло патушыць сьвятло Эвангельля ў горадзе над Нёманам.

У 1921 г. Лукаш Дзекуць-Малей атрымаў дазвол пераехаць у Берасьце, старажытны беларускі горад, слаўны сваімі эвангельскімі традыцыямі. У 1553 г. менавіта ў Берасьці віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў першы ў Беларусі кальвінскі збор. У тым самым годзе ў Берасьці была арганізаваная рэфарматарская друкарня, у якой убачылі сьвет першы ў Вялікім Княстве Літоўскім катэхізіс эвангельскай веры, першы беларускі зборнік эвангельскіх сьпеваў, вядомы як "Берасьцейскі канцыянал", а таксама знакамітая Радзівілаўская Біблія.

12 сьнежня 1921 г. у прыгарадзе Берасьця - Вульцы адбылося першае служэньне баптысцкай царквы. На працягу наступных дваццаці гадоў служэньне Лукаша Дзекуць-Малея было непарыўна зьвязана з гэтай царквой. Калі праз год царква вырасла настолькі, што хатка на Вульцы не зьмяшчала усіх вернікаў, браты знайшлі памяшканьне бліжэй да цэнтру гораду. Тут па ініцыятыве пастара была арганізаваная культурна-асьветніцкае таварыства "Беларуская хатка", якое дапамагло разьбіць сьцяну недаверу і нядобразычлівасьці да эвангельскіх хрысьціянаў.

Нягледзячы на заклікі праваслаўных сьвятароў ня мець зносіны з "адрачэнцамі ад крыжа Гасподня і сьвятых іконаў", нягледзячы на пагрозы, а то і непасрэдныя напады на веручых за пропаведзь Эвангельля, эвангельская царква ў Берасьці расла, і да 1926 г., маючы больш за 800 членаў, стала самай шматлікай і арганізаванай грамадоў ва ўсёй Усходняй Эўропе. Каб уявіць маштабы дзейнасьці Дзекуць-Малея і яго паплечнікаў, адзначым, што за некалькі гадоў у Берасьцейскім рэгіёне адчынілася 19 эвангельскіх цэркваў, а яшчэ ў 70 месцах праходзілі служэньні. Больш за 200 чалавек прынялі воднае хрышчэньне толькі ў 1926 г.

Праз шэсьць гадоў пасьля першай пропаведзі Лукаша Дзекуць-Малея, 18 сьнежня 1927 г. у Берасьці адбылося ўрачыстае асьвячэньне Дому малітвы, які зьмяшчаў да 500 чалавек. У новым малітоўным доме вялася ня толькі духоўная праца, але таксама ажыцьцяўляліся шматлікія сацыяльныя праекты, праводзіліся пчалярскія і кравецкія курсы, пры царкве быў арганізаваны прытулак для дзяцей-сірот, у якім Лукаш Дзекуць-Малей і яго жонка Серафіма поруч з хрысьціянскім выхаваньнем давалі дзецям веды па агульнаадукацыйных прадметах. У пляне сацыяльнай працы грамада пад кіраўніцтвам Дзекуць-Малея была ўзорам для цэркваў Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Каб эвангельская вестка без перашкод распаўсюджвалася па краіне, Лука Мікалаевіч арганізаваў пры царкве курсы для прапаведнікаў, рэгенцкія курсы, навучаньне настаўнікаў нядзельных школаў.

І ва ўсёй гэтай актыўнай дзейнасьці на ніве Божай Лукаш Дзекуць-Малей ніколі не забываў, што Госпад паклікаў яго несьці Слова Праўды беларускаму народу. "З 1920 па 1924 г. я сам пераклаў 17 кніжак з польскай і расейскай на беларускую мову", - успамінаў пастар Берасьцейскай царквы. Але найважнейшае і самае галоўнае - Лукаш Дзекуць-Малей першым пераклаў і выдаў Новы Запавет на беларускай мове. З пачатку ХХ ст. шматлікія дзеячы беларускага нацыянальнага руху гаварылі аб неабходнасьці перакладу Бібліі, аднак толькі Лукаш Дзекуць-Малей змог ажыцьцявіць гэтую справу. У 1926 г. баптысцкім выдавецтвам "Компас" былі надрукаваныя Эвангельлі паводле Лукі, Яна і Мацьвея ў перакладзе Дзекуць-Малея. На наступны год у тым жа выдавецтве выйшаў першы беларускі пераклад Новага Запавету. У 1931 г. Брытанскае Біблійнае таварыства выдала Новы Запавет і Псальмы ў перакладзе пастара з Берасьця. У падрыхтоўцы выданьня Дзекуць-Малею дапамагаў Антон Луцкевіч, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага адраджэньня пачатку ХХ ст. Да сёньняшняга дня гэты пераклад лічыцца адным з самых удалых беларускіх перакладаў Бібліі. Ён перавыдаваўся чатыры разы - у 1931, 1948, 1985 і 1991 г., і на сёньня зьяўляецца самым распаўсюджаным тэкстам Сьвятога Пісаньня на беларускай мове. Ангельскі беларусіст Гай Піккарда пісаў: "Выданьне Біблійнага таварыства было і застаецца да сёньняшняга дня ня толькі лепшым магчымым варыянтам Новага Запавету, але таксама выразам народнага і нацыянальнага пасьвячэньня".

1 верасьня 1939 г. гітлераўская Нямеччына напала на Польшчу, пачалася Другая Сусьветная вайна. 17 верасьня Чырвоная Армія захапіла тэрыторыю Заходняй Беларусі. Праз некалькі дзён у Берасьці прайшоў сумесны нямецка-савецкі парад, а ў горадзе над Бугам усталявалася савецкая ўлада. Успамінаючы пра тыя часы, веручыя гавораць: "І усё стала нельга". Спачатку забаранілі ўдзельнічаць у служэньнях дзецям, затым моладзі.

19 чэрвеня 1941 г. Лукаша Дзекуць-Малея і яго сям'ю арыштавала НКВД. Сям'я адразу ж была высланая ў Казахстан, а пастар Лукаш быў пасаджаны ў турму і прысуджаны да смяротнага пакараньня. Толькі раптоўная акупацыя Берасьця нямецкімі войскамі выратавала пастара ад немінучай сьмерці. На працягу трох гадоў нямецкай акупацыі Лукаш Дзекуць-Малей нёс служэньне пастара ў берасьцейскай царкве. Калі ў 1944 г. фронт зноўку набліжаўся да Берасьця, Дзекуць-Малей зьвярнуўся да царквы з просьбай дазволіць яму пакінуць Берасьце і выехаць на Захад, бо заставацца ў Берасьці азначала зноўку патрапіць у рукі НКВД. Царква дабраславіла свайго пастара і адпусціла ў супакоі. Лукаш Дзекуць-Малей перабраўся ў Польшчу і працягнуў там сваю місіянерскую дзейнасьць, нясучы служэньне прэсьвітэра ў Гданьску. 20 студзеня 1955 г. ва ўзросце 67 гадоў Лукаш Дзекуць-Малей адышоў да вечнага супакою.

Жыцьцё і служэньне Лукаша Дзекуць-Малея ярка сьведчыць, што на працягу ўсёй беларускай гісторыі - і ў XVI ст., і ў ХХ - эвангельскія хрысьціяне былі сярод тых, каму неабыякавы лёс беларускага народу, хто імкнецца да таго, каб беларусы адбыліся як народ, як нацыя.

Пры напісаньні артыкула выкарыстоўвалася літаратура:

1. С.Пекун. Лука Николаевич Декуть-Малей: жизнь и служение.

2. Л.Коваленко. Облако свидетелей Христовых для народов России в ХІХ-ХХ веках.

3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1-6.

4. История евангельских христиан-баптистов в СССР.

Евангельская Беларусь № 1(7) 2002. С.12-13.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: