|
1.03.2003. Газэта "Культура" надрукавала інтэрвію з Анатолем Грыцкевічам "Юбілей Залатога Веку — сёлета".
Газэта "Культура" ў нумары за 1-7 сакавіка разьмясьціла інтэрвію Сьвятланы Ішчанкі са старшынём Грамадзкага аргкамітэту па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі Анатолем Грыцкевічам.
ЮБІЛЕЙ ЗАЛАТОГА ВЕКУ — СЁЛЕТА!
XVI стагодзьдзе нярэдка называюць "Залатым векам беларускага Рэнэсансу", эпохай Рэфармацыі. Гэта ці не самы цікавы пэрыяд нашае гісторыі. Сапраўды, XVI стагодзьдзе вызначалася імклівым росквітам навук і мастацтваў, ростам навучальных установаў, распаўсюджаньнем кнігадрукаваньня, свабодай філязофскай палемічнай думкі. Адной з прычынаў гэтых прагрэсыўных зрухаў стала Рэфармацыя: пратэстанцкія вучэньні, пераважна кальвінства, а таксама лютаранства й арыянства, набывалі тады ў Вялікім Княстве Літоўскім усё болей пріхільнікаў. Менавіта ў той час, калі ў многіх краінах Эўропы лютавала інквізыцыя, у нашай Айчыне сфармавалася ўнікальная верацярпімасьць, якая стала адной з асноўных каштоўнасьцяў беларускага грамадзтва. Рэфармацыйны рух у ВКЛ аказаў значны ўплыў на грамадзкую думку і меў на мэце прымірэньня людзей розных поглядаў, паходжаньня й веравызнаньня на глебе служэньня вышэйўым ідэалам, адзін зь якіх - адданая праца на карысьць Радзімы. "Бо чалавек павінен жыць не сам дзеля сябе, але найперш на хвалу Ўсявышняму Богу, Чыіх рук ён стварэньне, потым дзеля сваёй Айчыны, а нарэшце і дзеля бліжняга свайго, прыстаўленага да аднолькавых зь ім працаў і аднолькавых справаў", -- пісаў вялікі маршалак літоўскі Крыштап Мікалай Дарагастайскі, адзін зь лідараў кальвінскай плыні.
Сёлета спаўняецца 450 год з пачатку шырокага распаўсюджаньня на тэрыторыі Беларусі рэфармацыйных ідэяў. Навуковая і творчая інтэлігенцыя, грамадзкія аб'яднаньні і творчыя саюзы краіны не маглі, зразумела, абмінуць такой значнай гістарычнай падзеі. У лістападзе 2002 году быў створаны Аргкамітэт па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі, ягоным старшынём быў абраны доктар гістарычных навук, прафэсар, прэзыдэнт Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Анатоль Грыцкевіч. У склад Аргкамітэту ўвайшлі многія вядомыя пісьменьнікі, навукоўцы, мастакі. Аргкамітэт распрацаваў насычаны гадавы плян сьвяточных мерапрыемстваў. Некалькі зь іх ужо адбыліся, некаторыя павінны зьдзейсьніцца ў хуткім часе. Мы вырашылі атрымаць інфармацыю "зь першых вуснаў", зьвярнуўшыся да прафэсара Анатоля ГРЫЦКЕВІЧА.
— Анатоль Пятровіч, найперш узьнікае пытаньне: чаму менавіта 2003 год вызначаны як юбілейны для Рэфармацыі? Вядома ж, што пратэстанты зьявіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім раней за 1553 год ...
— Менавіта ў 1553 годзе канцлер ВКЛ, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны вярнуўся зь Нямеччыны, дзе пазнаёміўся з рэфарматарскім рухам, прыняў новую кальвінскую веру і афіцыйна абвесьціў сябе апекуном айчынных пратэстантаў. З гэтага часу Вільня і Нясьвіж гадоў на 20 робяцца "сталіцамі" Рэфармацыі: Вільня - як сталіца Вялікага Княства, а Нясьвіж - як родавае гняздо Радзівілаў. Да гэтай даты выпушчаны насьценны каляндар з партрэтам Мікалая Радзівіла Чорнага.
— Хто стаў ініцыятарам сьвяткаваньня 450-годзьдзя Рэфармацыі?
— Такая ідэя насьпявала даўно. Першымі яе выказалі вернікі асноўных пратэстанцкіх цэркваў: рэфарматы (кальвіністы) і лютаране, у большасьці беларускамоўныя. Далучыліся, таксама, баптысты, эвангелісты. Але ж эпоха Рэфармацыі - гэта неад'емная частка нашай агульнай гісторыі, эпоха вельмі важных для ўсяго беларускага народа падзеяў. У прыватнасьці, у XVI стагодзьдзі ў кнігах рэлігійнага зьместу пачала ўжывацца мясцовая мова. Наступ Рэфармацыі прымусіў адэптаў каталіцтва актывізаваць, а ў нечым і зьмяніць сваю дзейнасьць, вынайсьці новыя мастацкія формы, каб вярнуць да сябе пачуцьці і прыхільнасьці людзей. Разгарнуліся плённы абмен думкамі, конкурс ідэяў, вострыя філязофскія дыспуты, а ўсё гэта якраз і спрыяе найлепшым чынам разьвіцьцю культуры. Мяркую, што сёлятнія сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфарамцыі будуць уяўляць цікавасьць для беларусаў усіх канфэсіяў.
— Якія ж мерапрыемствы заплянаваныя Аргкамітэтам?
— Найперш абвешчаны шэраг конкурсаў. Агульнацыянальны дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс "Беларусь. Гістарычныя вандроўкі" прапануе школьнікам 12-14 гадоў прысьвяціць сачыненьні розных жанраў, графічныя ці жывапісныя працы значным падзеям, славутым асобам, помнікам гісторыі. Агульнацыянальны конкурс навуковых працаў "Рэфармацыя і Рэнэсанс у Беларусі XVI стагодзьдзе" сярод студэнтаў ВНУ, асьпірантаў і сашукальнікаў навуковай ступені ва ўзросьце да 30 гадоў уключае шырокае кола тэмаў у тым ліку: "сацыяльна-эканамічныя працэсы ў Беларусі XVI стагодзьдзя", "матэрыяльная культура ВКЛ", "кнігадрукаваньне ў Беларусі ў XVI стагодзьдзі"... Вітаюцца і міжгаліновыя навуковыя дасьледаваньні (гістарычная сацыялёгія, археалёгія, музыказнаўства). Аўтары найлепшых працаў будуць запрошаныя выступіць на Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі "450 год Рэафрмацы ў Беларусі", якая павінна адбыцца ў кастрычніку. Патрабаваньні да навуковай абгрунванасьці вельмі строгія. Чакаем удзельнікаў з Польшчы, Расеі, верагодна зь Нямеччыны. Матэрыялы конкурсу навуковых працаў і канфэрэнцыі будуць надрукаваныя ў зборніках.
Сярод мастакоў і скульптараў праводзіцца конкурс на лепшы мастацкі твор прысьвечаны Рэфармацыі, а паводле ягоных вынікаў будзе наладжана выстава. З красавіка па верасень пройдуць творчыя сустрэчы зь пісьменьнікамі. У красавіку мяркуецца правесьці круглы стол: "Традыцыі талерантнасьці ў ВКЛ. Культурна-філязофскі аспэкт"; у кастрычніку - фэстываль мастацкіх калектываў. Ня толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах адбудуцца лекцыі прысьвечаныя розным аспэктам Рэфармацыі. Канцэрты старажытнай музыкі змогуць наведаць жыхары Менску, Віцебску, Берасьця, Койданава, Слуцку, Лепеля, Нясьвіжу, Наваградку, Полацку, Заслаўя.
— Ці зьявяцца кніжныя навінкі, датычныя Рэфармацыі?
— Падрыхтаваны да друку і на працягу году буць упершыню выдадзены ў сучасным варыянце на беларускай мове айчынныя літаратурныя помнікі: "Катэхізіс" Сымона Буднага, збор грамадзка-палітычных трактатаў Андрэя Воляна, "Гіпіка, альбо Аповяд пра коней" Крыштапа Мікалая Дарагастайскага. Пабачаць сьвятло і новыя кнігі: навукова-папулярная брашура "Галоўныя падзеі Рэфармацыі" вядомага спэцыяліста ў гэтай галіне Сямёна Падокшына, "Дзеячы Рэфармацыі" Адама Мальдзіса, "Кронікі Залатога Веку", якія рыхтуем мы са Станіславам Акіньчыцам. Я завяршаю працу над кнігай пра Мікалая Радзівіла Чорнага.
Летась выйшла з друку Білія ў перакладзе Васіля Сёмухі на беларускую мову накладам 10 тыс. асобнікаў. Біблія будзе распаўсюджвацца пад час сьвяточных мерапрыемстваў, рассылацца паводле замоваў у суполкі "Бацькаўшчыны" ды вернікам, яе бясплатна атрымаюць многія школы, дабрачынныя ўстановы. Рыхтуецца да выданьня яшчэ і Новы Запавет у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага.
— А як наконт сувэніраў?
— Неўзабаве распачнецца выпуск спэцыяльных значкаў, керамічных мэдалёў, керамічных кубкаў. Выдавецтва "Беларускі кнігазбор" узялося друкаваць паштоўкі, каляндарыкі, і насьценныя календары адпаведнай тэматыкі.
Увесь гэты ёмісты сьпіс сьвяточных мерапрыемстваў падпарадкаваны галоўнай мэце, вызначанай Аргкамітэтам: прыцягнуць увагу шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадзкасьці да духовай, гістарычнай і культурнай спадчыны Рэфармацыі ў Беларусі. Рознабаковае навуковае асэнсаваньне Рэфармацыі, спадчыны яе знакамітых дзеячоў яшчэ наперадзе.
Гутарыла Сьвятлана Ішчанка
|
|