Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
КОНКУРС

I. Што аб'ядноўвае Ф. Скарыну і М. Лютэра і ці сустракаліся гэтыя людзі ў сваім жыцці?

Францішак Скарына для беларусаў з'яўляецца першадрукаром, вучоным, пісьменнікам, мысліцелем эпохі Адраджэння. Марцін Лютэр вядомы найперш як заснавальнік плыні пратэстанцтва, названай яго імем - лютэранства. Гэтых людзей аб'ядноўвае ў першую чаргу тое, што яны з'яўляюцца выбітнейшымі прадстаўнікамі сваёй эпохі - эпохі Адраджэння і Рэфармацыі. Але гэтае самае аб'ядноўвае яшчэ сотні выдатных дзеячоў Рэнесансу. У еўрапейскім маштабе дзейнасць Скарыны і Лютэра вылучаецца адмаўленнем ад панаваўшага ў той час царкоўнага касмапалітызму і зваротам да інтарэсаў народаў сваіх дзяржаў. Гэта праявілася ў тым ліку ў перакладзе Бібліі адпаведна на тагачасныя беларускую і нямецкую мовы. Дарэчы, скарынаўскі пераклад (1517-1519) выйшаў раней за пераклад Лютэра (Новы Запавет - 1522, а ўся Біблія - 1534 г.).

Мэта перакладаў Бібліі Скарынай і Лютэрам на родныя мовы была ў тым, каб даць магчымасць простым людзям чытаць яе, не зважаючы на святароў, і разважаць над сэнсам тэксту. Скарына пераклаў Біблію на аснове параўнальнага аналізу лацінскіх, чэшскіх, старажытнаяўрэйскіх і царкоўнаславянскіх тэкстаў. У 1517-1519 гг. Скарына аздобіў сваё выданне каментарыямі і надрукаваў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам "Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, богу ко чти и людем посполитым к доброму научению". У скарынаўскіх каментарыях сцвярджаецца, што змест "кнігі кніг" можна ўзгадняць з чалавечым разуменнем і вопытам, рацыянальна выкарыстоўваць. Скарына лічыў Біблію тварэннем філосафаў, мудрацоў і летапісцаў і рэкамендаваў рэлігійныя кнігі для навучання і выхавання. Усё гэта не адпавядала царкоўнай традыцыі, і на выданні Скарыны царкоўнікі глядзелі як на ератычныя. Біблія для Скарыны ўяўлялася пісьмовай крыніцай маральных норм. Праз яе, як вынікае з вучэнняў Скарыны, чалавек вядзе прамы (без царкоўнага пасрэдніцтва) дыялог з Богам. Дзякуючы асабстай веры і самастойнаму вывучэнню Бібліі чалавек можа дасягнуць маральнай дасканаласці. Гэтыя думкі Скарыны пераклікаюцца з думкамі Марціна Лютэра, працы якога забараняліся, а сам Лютэр быў названы каталіцкай царквой ерэтыком за тое, што (гэтаксама, як і Скарына) лічыў, што вернікі маюць права самастойна тлумачыць Біблію. Спачатку Лютэр выступіў супраць практыкі гандлю індульгенцыямі, а пазней яго пратэст супраць царквы стаў больш рэзкі. Лютэр стаў адмаўляць уладу папы і сказаў, што будзе кіравацца толькі Бібліяй і здаровым сэнсам.

Галоўны пастулат тэалогіі лютэранства - выратаванне асабістай верай, якая даруецца без дапамогі царквы самім Богам. Усе вернікі ў лютэранстве прызнаюцца роўнымі, святары страчваюць палажэнне асобага саслоўя, адмаўляецца іерархія, дазваляюцца шлюбы для святароў. Лютэране выступалі таксама за правядзенне набажэнстваў на зразумелай, роднай мове.

Вучоныя спрачаюцца аб веравызнанні Скарыны, але яго ўласныя думкі, выказаныя ў шматлікіх прадмовах і каментарыях, дазваляюць зрабіць вывад аб тым, што Скарына, як і Лютэр, безумоўна з'яўляўся чалавекам Рэфрамацыі.

Ёсць звесткі, што падчас вандровак па Заходняй Еўропе Францішак Скарына сустракаўся з Марцінам Лютэрам.

II. Хто і калі выдаў у Нясвіжы "Катэхізіс хрысціянскай веры" і чым вядомыя гэтыя людзі?

"Катэхізіс" ("Катихисис то ест наука стародавная христианьская от светого писма для простых людей языка руского в пытаниах и отказех събрана") выйшаў у Нясвіжы 10 чэрвеня 1562 года. Гэта была першая кніга выдавецтва нясвіжскай друкарні, заснаванай аўтарамі гэтага твору - Сымонам Будным, Мацеем Кавячынскім і Лаўрэнціем Крышкоўскім. Галоўная роля ў напісанні кнігі належала Сымону Буднаму - беларускаму рэфарматару, тэолагу, філолагу, гісторыку, паэту, філосафу. Будны з'яўляецца аўтарам шэрагу рэлігійна-філасофскіх твораў, адзін з найважнейшых сярод якіх у сэнсе падагульнення ідэй аўтара - "Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры" (1576).

Да пачатку 60-х гадоў Будны належаў да памяркоўнай рэфармацыйнай плыні, якая на Беларусі называлася евангелічнай і была блізкай да кальвінізму. Але пазней у Буднага ўзніклі сумненні ў трактоўцы дагмата Тройцы і прыроды Хрыста. У сваіх працах Будны адхіляў вучэнне пра Тройцу і абвяшчаў сапраўдным толькі Бога Айца. Святы Дух Будны лічыў атрыбутам Бога Айца, а Хрыста бачыў высокамаральным чалавекам, самаадданым прапаведнікам і абвяргаў яго боскае паходжанне. 18 красавіка 1563 г. Будны накіраваў з Клецка ліст цюрыхскаму тэолагу Генрыху Булінгеру, у якім крытыкаваў дагмат Тройцы. Каб даказаць свае ідэі Будны звяртаўся да патрыстычнай літаратуры, г.зн. рэлігійнай філасофіі перыяду недагматызаванага хрысціянства, а таксама шукаў аўтэнтычны тэкст Бібліі, вывучаў і супастаўляў паміж сабой вялікую колькасць біблейскіх кніг, напісаных на розных мовах.

Асноўная ідэя, выказаная Будным у "Катэхізісе" - ідэя рэлігійна-маральнага аднаўлення. Будны робіць стаўку на асабістую рэлігійнасць чалавека, яго маральнасць, шчырую веру. "Катэхізіс" быў напісаны на беларускай мове, змест яго склаўся падчас двухгадовай працы на пасадзе катэхізіста ў Вільні, куды Будны прыехаў у 1558 г. на запрашэнне Мікалая Радзівіла Чорнага - вядомага беларускага рэфарматара і дзяржаўнага дзеяча. У абавязкі Буднага як настаўніка пратэстанцкай суполкі ўваходзіла выкладанне асноў кальвінісцкага вучэння дзецям і дарослым па нядзелях, аўторках, пятніцах і ў святочныя дні.

У 1573 г. Сымон Будны атрымаў пасаду міністра (прапаведніка) у Лоску. Там Будны заснаваў друкарню, з якой у хуткім часе выйшаў Новы Запавет з прадмовай і каментарыямі Буднага. Каментарыі Буднага выклікалі бурную рэакцыю тэолагаў і рэлігійных філосафаў розных плыняў, многія з якіх абвінавачвалі Буднага ў выказванні індывідуальнага разумення Пісання. На працягу 1574-1575 гг. з друкарні ў Лоску выйшлі некаторыя творы Буднага на лацінскай мове, а ў 1576 г. - трактат "Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры". У тым жа 1576 г. у лоскай друкарні ў перакладзе Буднага была выдадзена кніга французскага аўтара Эдмонда Фрыза "Пра фурыі, або Вар'яцтвы, французскія", якая па намеры Буднага павінна была паслужыць перасцярогай для Вялікага княства Літоўскага і паказаць, да чаго можа прывесці рэлігійная нецярпімасць. У 1583 г. у тым жа Лоску быў апублікаваны твор Буднага "Аб свецкай уладзе", які з'яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі беларускай Рэфармацыі і грамадска-філасофскай думкі.

Сааўтар "Катэхізісу" Мацей Кавячынскі вядомы як кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. Ён з'яўляўся нясвіжскім намеснікам Мікалая Радзівіла Чорнага. Кавячынскі ўдзельнічаў у засанаванні нясвіжскай друкарні, паперні, заснаваў порт на рацэ Узда. Другі сааўтар - Лаўрэнцій Крышкоўскі - быў пісьменнікам, рэфармацыйным дзеячам, кальвінісцкім прапаведнікам у Нясвіжы. Крышкоўскі падтрымліваў ідэі антытрынітарызму, адстойваў прынцыпы верацярпімасці, а таксама выступаў з крытыкай прыгонніцтва.

III. Як называецца звод законаў Вялікага княства Літоўскага XVI ст. і ў чым яго прагрэсіўнасць?

Па-першае, варта адзначыць, што зводаў законаў Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. было тры: у 1529, 1566 і 1588 гг. Але найдасканалейшым з іх быў апошні - 1588 г. Гэтыя зводы законаў называюцца Статутамі - ад лацінскага statuo: усталёўваю, вырашаю. Неабходна падкрэсліць, што Статуты Вялікага княства Літоўскага былі менавіта зводамі законаў, а не кодэксамі, як іх памылкова называюць часам. Кодэксы - гэта комплексныя законы, якія рэгулююць вызначаную сферу грамадскіх адносін. Зводы ж законаў утрымліваюць нормы, што тычацца розных бакоў жыцця грамадства, нормы ўсіх існуючых галін права. Скласці кодэкс вельмі цяжка, звод жа законаў патрабуе ў шмат разоў большай працы.

Дарэчы, у Статуце 1588 г. найбольш ярка (у параўнанні з яго папярэднікамі) прасочваецца разгалінаванне права. Справа ў тым, што Статуты Вялікага княства Літоўскага не былі пабудаваны па агульнапрынятай у той час у Еўропе рымскай сістэме. Будова Статутаў, гэта значыць размяшчэнне прававых нормаў у нейкім акрэсленым парадку, адлюстроўвала існаванне іншай, падобнай на сучасную, сістэмы права. У прававой навуцы лічацца існуючымі дзве сістэмы права: рымская і галіновая. Рымская сістэма права была ўспрынята шматлікімі еўрапейскімі краінамі. Згодна з ёй права падзяляецца на публічнае і прыватнае. Як пісаў рымскі юрыст Ульпіан, "Publicum ius est quod ad statum rei romanae spectat, privatum quod ad singulorum utilitatem" (D.1.1.1.2.) [Публічным правам ёсць такое, каторае адносіцца да становішча рымскай дзяржавы, прыватным - [такое, якое адносіцца] да карысці канкрэтных асоб]. Сучасным крытэрыем дзялення на публічнае і прыватнае права з'яўляецца характар праваадносін паміж дзяржавай і асобай.

Галіновая сістэма зыходзіць з выдзялення ў якасці элементаў права галін, падгалін, інстытутаў і падынстытутаў. Існаванне іх абумоўлена аб'ектыўным існаваннем розных груп грамадскіх адносін. Традыцыйнымі, агульнапрынятымі крытэрыямі выдзялення галін права з'яўляюцца прадмет і метад прававога рэгулявання. Так, сістэма права Рэспублікі Беларусь уключае такія галіны як канстытуцыйнае, адміністрацыйнае, грамадзянскае, працоўнае, крымінальнае, сямейнае, зямельнае, фінансавае, грамадзянска-працэсуальнае, крымінальна-працэсуальнае, крымінальна-выканаўчае права. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. у параўнанні са сваімі папярэднікамі больш шырока і дэталёва рэгламентаваў усе існаваўшыя прававыя адносіны: ад канстытуцыйных да працэсуальных. Ён утрымліваў нормы канстытуцыйнага, ваеннага, адміністрацыйнага, судова-працэсуальнага, спадчыннага, шлюбна-сямейнага, апякунскага, зямельнага, ляснога, паляўнічага, крымінальнага права. Вядомы палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай Гуго Калантай праз больш чым два стагоддзі сказаў аб Статуце 1588 г. так: "Статут робіць гонар чалавечаму розуму... складзены так разумна... што яго можна лічыць самай дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе." Галоўнае значэнне ў Статуце 1588 г. належыць нормам канстытуцыйнага права. Справа ў тым, што Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. быў зацверджаны пасля заключэння Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай Люблінскай вуніі. Паводле акта Люблінскай вуніі, зацверджанага пастановай Люблінскага сойма 1 ліпеня 1569 г., Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае павінны былі ўяўляць сабою "ужо адно непадзельнае і неаддзельнае цэлае, а таксама не асобную, а адну агульную рэспубліку, якая злучылася і злілася ў адзін народ з дзвюх дзяржаў і народаў" . Акт Люблінскай вуніі прадугледжваў агульныя соймы і адну Раду. Дагаворы і саюзы з іншымі краінамі павінны былі заключацца толькі з агульнага ведама і са згоды абодвух народаў. Апроч таго, у акце былі наступныя словы: "Усе, якія б яны ні былі, статуты, па якой бы прычыне яны ні былі ўведзены ці ўхвалены ў Літве супроць польскага народа і якія звязаны з набыццём ці ўладаннем пазямельнай маёмасцю, што дасталася паляку ў Літве якім бы ні было спосабам... усе гэтыя статуты, як супярэчныя наогул праву, справядлівасці, узаемнай братэрскай любові і Уніі, роўна як і агульнаму злучэнню, ніякай сілы мець не павінны" . Насуперак акту Люблінскай вуніі Статут 1588 г. заканадаўча аформіў захаванне Вялікага княства Літоўскага як дзяржавы. Складальнікі новага Статута нібы не заўважылі ці не зразумелі акта вуніі аб уключэнні Вялікага Княства ў склад Польшчы. Статут гарантаваў эканамічную, палітычную і культурную незалежнасць Княства.

Гэтак, у арт. 4 р. III князь абяцаў не змяншаць тэрыторыю княства і "то, што будеть... отдалено... ку власности того Великого князства привести, привлащати и граници направити".

Згодна з арт. 12 р. III, усім іншаземцам забаранялася набываць (купляць або атрымліваць як узнагароду ад вялікага князя) зямельныя надзелы, замкі ды маёнткі, а таксама гаспадарскія і духоўныя пасады на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства: " Также мы, господар, обецуем и шлюбуем под присегою нашою [...], што ж в том паньстве Великом князстве Литовском и во всих землях, ему прислухаючих, достойностей духовных и светских, городов, дворов, грунтов, староств, держав, врядов земских и дворных посесый або в держанье и поживанье и вечностей жадных чужоземцом и заграничником, ани суседом того паньства давати не маем. Але то все мы и потомки нашы, великие князи литовские, давати будем повинни только Литве, Руси, Жомойти, родичом старожитным и уроженцом Великого князства Литовского и иных земель, тому Великому князству належачых..." Такім чынам папярэджвалася пранікненне на тэрыторыю Княства ў прыватнасці палякаў, а, значыць, стрымліваўся працэс апалячвання, распачаты ў другой палове XVI ст.

Адпаведна арт. 8 р. III кожны раз перад тым, як паехаць на сойм у Польшчу, шляхта Вялікага Княства павінна была "зъезд свой вольный мети у Слониме". Вялікакняская шляхта мела, такім чынам, магчымасць вызначыць сваю палітыку і напрамкі дзейнасці на агульным сойме Рэчы Паспалітай, а менавіта палітыку, якая не дазваляла б суседзям-палякам уплываць на жыццё Княства. Згодна з артыкуламі Статута, у Вялікім княстве Літоўскім працягваў дзейнічаць свой адасоблены Сойм, які выконваў ролю заканадаўчага органа.

Арт. 1 р. IV Статута гаворыць: "...А писар земский маеть по-руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы..." Гэтак замацоўвалася дзяржаўнасць беларускай мовы на ўсёй тэрыторыі гаспадарства.

Вельмі прагрэсіўнай была новая норма аб свабодзе хрысціянскага веравызнання, заключаная ў арт. 3 р. III, згодна якому на вялікага князя ўскладаўся абавязак ахоўваць "покой посполитый межы разорваными и розными людьми в вере и набоженьстве". Фактычна Статутам 1588 г. было акрэслена грамадзянства Вялікага княства Літоўскага, разуменне якога дамінавала над царкоўным касмапалітызмам і існаваннем розных рэлігійных плыняў.

Акрамя таго, у Статуце 1588 г. замацоўваўся адзін з найважнейшых прынцыпаў крымінальнага права - прынцып адказнасці толькі за віну ("Не маеть нихто ни за кого терпети, але кождый сам за себе").Узрост крымінальнай адказнасці быў павялічаны да шаснаццаці год (арт. 11 р. XIV). Статут 1588 г. юрыдычна замацоўваў прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Так, арт. 3 патрабуе ад суда, каб той у выпадку сумневаў у віне падсуднага схіляўся да вызвалення ад пакарання: "...А вед же суд подобенства всякие на доброй бачности мети маеть и в речах вонтпливых склоннейший маеть быти ку вызволенью, нижли ку каранью". Таксама вельмі прагрэсіўнай была норма, змешчаная ў арт. 1 р. XII. Ёй ўпершыню прадугледжвалася крымінальная адказнасць за забойства шляхцічам простага чалавека ў выглядзе смяротнага пакарання ("маеть быти горлом каран"), што сведчыла аб намаганні заканадаўцы прымусіць нават людзей з прывілеяванага саслоўя паважаць закон.

Дзесяты раздзел Статута 1588 г. утрымліваў нормы, накіраваныя на ахову прыроды (напрыклад, арт. 2 - "Цена звером диким" - устанаўліваў штрафы за паляванне ў чужых уладаннях у памеры дванадцаці рублёў грошаў за зубра, шасці - за лася, аленя альбо ланю і г.д.).

У Статуце 1588 г. (зноў жа ў параўнанні са Статутамі 1529 і 1566 гг.) больш выразна прасочваецца тэндэнцыя падзелу ўладаў. У прыватнасці, больш дэталёва рэгламентуецца кампетэнцыя і склад сойма (заканадаўчая ўлада) (арт. 6-9 р. III), зафіксаваны некаторыя змены адносна судавай улады (р. IV): у Статут увайшлі палажэнні з закона 1581 г. аб Галоўным трыбунале.

У самым першым артыкуле Статута 1588 г. замацаваны прынцып адзінства права: "Напрод мы, господар, обецуем и шлюбуем..., иж всих княжат, панов рад, духовных и светских, панов хоруговных, шляхту, места и всих подданых наших... почоншы от вышшого стану аж до нижшого, тыми одными правы и артыкулы, в том же статуте нижей писаными... судити и справовати маем. Также чужоземцы заграничники Великого князства Литовского, прыеждчые и яким кольвек обычаем прибылые люди, тым же правом мають быть сужоны ...".

Важнае значэнне маюць таксама прысвячэнне каралю і вялікаму князю Жыгімонту і зварот да ўсіх саслоўяў Лева Сапегі , што былі прыкладзены да Статута 1588 г. У іх тагачасным падканцлерам быў тэарэтычна абргунтаваны прынцып вяршэнства права, які знайшоў увасабленне ў нормах Статута. Прынцып вяршэнства права заключаецца ў тым, што ніхто, ніякая службовая асоба ці дзяржаўны орган, не выключаецца з-пад уплыву права, а наадварот, абавязваецца дзейнічаць у адпаведнасці з прававымі нормамі. Ідэя вяршэнства права, якая мае непасрэднае дачыненне да прававой дзяржавы, стала сапраўдным здабыткам юрыдычнай думкі ў Вялікім княстве Літоўскім XVI ст.

Спасылаючыся на Арыстоцеля, Сапега пісаў у прысвячэнні, што "там бельлуа, а по-нашому дикое звера, пануеть, где чоловек водлуг уподобанья своего владность свою ростегаеть. А где опять право або статут гору маеть, там сам бог всим владнеть". На думку Сапегі дзякуючы выключна праву могуць людзі жыць бяспечна ў спакоі, ніякага насілля і крыўды, як здароўю, гэтак жа і маёмасці, не церпячы, "бо то цель и скуток усих прав ест и маеть быти на свете, абы кождый добрую славу свою, здоровъе и маетность в целости мел, а на том всем жадного ущирбку не терпел".

Статут 1588 г. прадзейнічаў на тэрыторыі Беларусі амаль 250 год: у Віцебскай і Магілёўскай губернях ён быў адменены ў 1831 годзе, а ў Менскай, Гродзенскай і Віленскай - у 1840. Важнейшыя ідэі Статута былі пазней успрыняты Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай; Статут таксама значна паўплываў на развіццё права суседніх дзяржаў: Польшчы, Украіны, Расіі, Латвіі, Эстоніі.

Таццяна Фадзеева





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: