Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НАВІНЫ

16.01.2003. У "Белорусской Деловой Газете" выйшаў артыкул "І ў нас была Рэфармацыя".

І Ў НАС БЫЛА РЭФАРМАЦЫЯ

Апошнім часам шмат увагі надзяляецца даволі дыскусійнаму пытаньню аб "найбольш беларускай" і найбольш значэннай для нашага народу канфэсіі. Не заглыбляючыся ў сутнасьць, на маю думку, чыста схалястычнае спрэчкі, хачу прыцягнуць увагу да такой незаслужана забытай старонкі нашай гісторыі як Рэфарматарская эвангелічная (кальвінская) царква. На працягу больш чым стагодзьдзя яна была практычна дзяржаўнай рэлігіяй. Само яе існаваньне яскрава ілюструе найшчыльнейшую сувязь Беларусі з гісторыяй і культурай Заходняй Эўропы.

Такім чынам, дазвольце паведаміць чытачу, што ў Беларусі была Рэфармацыя. Безумоўна, для тых, хто да гэтага часу ня ведае розьніцы паміж каталіцкай і праваслаўнай канфэсіямі, ды ўпарта падзяляе суседзяў паводле прызнаку "беларус (рускі) -- паляк" і ня мае ўяўленьня аб тым, што наш народ ахрышчаны быў яшчэ да канчатковага падзелу цэркваў, які адбыўся ў 1054 г., гэтае паведамленьне вельмі дзіўнае. Аднак гэта менавіта так.

Пра Рэфармацыю я даведаўся пад час фатаграфаваньня культавых будынкаў, пабудова якіх датуецца сярэднявеччам. Кінулася ў вочы рэзкае адрозьненьне архітэктуры некаторых зь іх. Будаваліся гэтыя будынкі як кальвінскія зборы. Асаблівасьці ж архітэктуры кальвінскіх збораў, якія захаваліся, зьвязаныя з рэзкім функцыянальным адрозьненьнем ад касьцёлаў і цэркваў. Найбольш паказальны ў гэтым дачыненьні касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла ў Смаргоні і занядбаны цяпер кальвінскі збор у вёсцы Кухцічы Узьдзенскага раёну. Кампактныя, круглыя ў пляне кампазыцыі гэтых храмаў самой адсутнасьцю выдзеленай алтарнай часткі пацьвярджаюць сваё пратэстанцкае паходжаньне. Галоўным месцам у пратэстанцкім храме быў не алтар, а катэдра казнадзея. Другім адрозьненьнем кальвінскіх збораў былі прастакутныя ў пляне, але таксама гранічна аскэтычныя ў архітэктурным вырашэньні храмы, у прыватнасьці добра захаваны касьцёл Прасьвятай Троіцы ў Жойдзішках Смаргонскага раёну і Касьцёл Сьвятой Барбары ў Замосьці Слуцкага раёну. Для сталічнага жыхара найбольш блізкім прыкладам можа стаць Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. Гэта старажытнае збудаваньне - даволі тыповы кальвінскі збор. Строгі, функцыянальны, але той, што надае павагу і нават нейкае трымценьне.

Адкуль жа зьявіліся кальвінскія зборы? Нават беглае знаёмства з гісторыяй паказвае, што гэта не выпадковыя госьці на нашай зямлі. Па-першае, іх ня так ужо і мала захавалася. Да ўжо згаданых збудаваньняў, пратэстанцкае паходжаньне якіх не выклікае сумневаў, можна дадаць і немалую колькасьць сярэднявечных касьцёлаў, якія ў XVI ст. перабудоўваліся на кальвінскія зборы. Па-другое, геаграфія іх таксама даволі шырокая. Па-трэцяе, вывучэньне літаратуры паказала, што Рэфарматарская (кальвінская) царква ў Беларусі мела шмат парафіянаў. У Расейскай імпэрыі, дзе парадак ва ўліку быў сур'ёзны, а стаўленьне да іншаверных цэркваў насьцярожанае, для нагляду за кальвінскай царквой быў створаны адмысловы дэпартамэнт духовых справаў замежных веравызнаньняў Міністэрства ўнутраных справаў, які таксама загадваў і справамі лютаранскай царквы. Паводле афіцыйных дадзеных, яшчэ ў 1865 годзе ў межах сучаснай Беларусі заставаліся 17 дзейсных кальвінскіх збораў. Усё гэта адназначна сьведчыць, што ў Беларусі існавала свая, прынятая значнай часткай насельніцтва Рэфарматарская (кальвінская) царква. Пры гэтым яна была так вялікаю колькасьцяй парафіянаў і геаграфіяй парафіяў, што нават пасьля Контррэфаомацыі і далучэньня тэрыторыі былога ВКЛ да праваслаўнай Расеі патрабавала ўвагі ад уладаў ня меньшай, чым параўнальна шматлікая ў Расеі лютаранская канфэсія, якая аб'ядноўвала ў асноўным хрысьціянаў нямецкага паходжаньня.

Што ж такое кальвінства і хто такія кальвіністы? Кальвінства - гэта адна з двух гістарычна ўзьніклых першымі галінаў пратэстантызму. У адрозьненьні ад больш вядомага і больш мяккага ў сваіх канонах лютаранства, гэта строгае і нават як яго называлі, насупленае вучэньне адрозьнівалася сваім аскэтызмам. Яно заснавана Жанам Кальвінам (1509-1564) у 1-й палове XVI ст. у Жэневе (Швайцарыя), пасьля распаўсюдзілася ва ўсёй Эўропе. У Францыі менавіта кальвіністы былі названыя знаёмым нам яшчэ са школы словам гугеноты (успомнім ноч сьв. Баўтарамея). У Ангельшчыне й Шатляндыі яны былі вядомыя як пурытане. У Швайцарыі кальвінства да гэтага часу зьяўляецца найбольш распаўсюджанай хрысьціянскай канфэсіяй. Згодна з Кальвінам, Бог яшчэ да стварэньня сьвету прадвызначыў адных людзей да "збаўленьня", іншых - да згубы, адных - да раю, іншых - да пекла, і гэты прысуд Бога абсалютна нязьменны. Аднак чалавек павінен быць пэўны, што ён зьяўляецца "Божым абраньнікам", і давесьці гэта сваім жыцьцём і дзейнасьцю, сьведчаньнем чаму зьяўляецца ягоны посьпех у прафэсійнай дзейнасьці. Арганізацыя кальвінскай царквы таксама была вельмі спэцыфічнай. На чале царкоўнай грамады стаялі старэйшыны (прэсьвітары), якія абіраліся са сьвецкіх асобаў, і казнадзеі-міністры (ад лац. ministerium). Такая арганізацыя царквы давала прастору ўплыву найбольш моцных людзей у грамадзе. У ёй таксама быў ажыцьцёўлены ідэал "таннай царквы" (спрашчэньне культу, скасаваньне раскошы і г.д.)

У Беларусі кальвінізм зьявіўся ў 1553 годзе пры садзейнічаньні князя Мікалая Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Берасьці першы кальвінскі збор з друкарняй. Ужо праз дзесяць год кальвінская шляхта бы ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. А напрыканцы XVI ст. дзейнічала ўжо каля 200 збораў, пры якіх існавалі школы, шпіталі, друкарні. Адно толькі пералічэньне кальвінскіх школаў, што ўзьклі на зломе XVI - XVII стст., пакідае ўражаньне ўрагану. Вільня , Віцебск. Глыбокае, Заслаўе, Магілеў, Менск, Новагародак, Ворша, Сьвіслач, Смаргонь і нават Шклоў. Гэтыя школы мелі ўзроўні ад пачатковага (6 год навучаньня) да пяціклясавых вучэльняў (10 год навучаньня), якія давалі адукацыю, дастатковую для паступленьня ва ўнівэрсітэт. Лепшыя вучні атрымлівалі стыпендыю ва ўнівэрсітэтах Ангельшчы й Нямеччыны.

Варты асаблівай увагі факт, што кальвінства ў Беларусі ўзьнікла сынхронна з усёй Эўропай, а не было прынесены пазьней і са спазьненьнем. . Гэта адназначна сьведчыць, што наша краіна была поўнасьцю інтэгравана ў эўрапейскую інфраструктуру. Першыя зборы былі пабудаваныя яшчэ пры жыцьці самога Кальвіна. Зірніце на даты. У 1533 г. Кальвін афіцыйна выракся каталіцкай веры, у 1536-м выходзіць яго галоўная кніга "Настаўленьне ў хрысьціянскай веры" з сыстэматычным выкладам новага веравучэньня, а ўсяго крыху больш чым праз 10 год у Беларусі ўжо дзейнічае першая грамада.

Чым жа было так прывабнае кальвінcтва для беларусаў? На гэты конт няма адзінага меркаваньня. Можа быць у выбары нашымі продкамі менавіта кальвінскае галіны Рэфармацыі праявіўся менталітэт народу. Нашаму працавітаму чалавеку цалкам лягічным ўяўляецца пастулят, што чалавек лепш жыве, таму што лепш працуе. І гэта прадвызначана самім Творцам. Г. зн. лянота і бяднота - гэта нават не пакараньне, але сама праява якасьцяў нявартай асобы, якая агідная нават для Творцы. Апошнім часам часта стала ўжывацца вельмі цікавае, на мой погляд, меркаваньне што ўсеабдымная падтрымка князямі Радзівіламі кальвінскай царквы выцякала наўпрост зь іх мэты стварыць на базе ВКЛ цалкам незалежную дзяржаву са сваёй, у адрозьненьні ад каталіцкай Польшчы, афіцыйнай рэлігіяй. Хутчэй за ўсё, выявілася сума усіх гэтых прычынаў.

Так ці інакш, але Рэфармацыя ў Беларусі набыла кальвінскую афарбоўку. Прадстаўнікі найвыбітных фаміліяў, напрыклад Радзівілы і Сапегі, станавіліся прэсьвітарамі грамадаў. Якія імёны, якія біяграфіі! Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) - князь Сьвятарнай Рымскай імпэрыі, канцлер ВКЛ (пры яго садзейнічаньні надрукавана першая беларуская пратэстанцкая Берасьцейская Біблія) - першы галава кальвінскай кансысторыі. Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584) - князь Сьвятарнай Рымскай імпэрыі, вялікі гетман ВКЛ, канцлер ВКЛ. Пасьля сьмерці Мікалая Радзівіла Чорнага ён ачоліў кальвіністаў ВКЛ. Януш Радзівіл (1612-1655) - выпускнік Слуцкай кальвінскай гімназіі, навучаўся ў Ляйпцыгскім, Альдорфскім і Ляйдэнскім унівэрсітэтах, генэральны староста Жмудзі, віленскі ваявода, вялікі гетман ВКЛ - быў, напэўна, самым высокаадукаваным прэсьвітарам. Сярод кальвінскіх міністраў (служылых культу) асабліва вылучу вядомага беларускага пісьменьніка й асьветніка Сымона Буднага. Ён быў кальвінскім казнадзеем, прычым нагэтулькі зацятым, што нават клясічнае кальвінства здавалася яму "мяккацелым", і ён спрабаваў стварыць уласнае адгалінаваньне гэтага вучэньня. Паводле зьвестак гісторыкаў, радыкалізм Буднага зайшоў так далёка, што толькі зь яго непасрэдным удзелам былі паплюндраваныя некалькі сотняў касьцёлаў і праваслаўных цэркваў, якія пазьней былі перабудаваныя на кальвінскія зборы.

Безумоўна, Рэфармацыя была наймацнейшым ударам для паноўнае у Эўропе каталіцкай царквы. Таму было зроблена практычна ўсё магчымае для выкараненьня гэтай "ерасі". Асноўнай задачай ордэну езуітаў, дарэчы, была барацьба з рэфарматарамі. Менавіта з гэтым, але ніяк не зь мітычным пранікненьнем на кананічную тэрыторыю праваслаўя, была першапачаткова зьвязаная звышактыўная дзейнасьць езуітаў на тэрыторыі Беларусі. У выніку ўзгодненых дзеяньняў каталіцкай царквы ў асобе яе шматлікіх ордэнаў, якія запоўнілі Беларусь, і адсутнасьці моцнай буржуазіі, якая стала на Захадзе распаўсюднікам ідэяў Рэфармацыі, кальвінства ў Беларусі даволі хутка патухла. Нават прадстаўнікі роду Радзівілаў, якія зрабілі найбольш істотны ўнёсак у ягонае сьцьверджаньне, давалі грошы на Контррэфармацыю. Так, напрыклад, Мікалай Радзівіл Сіротка перанабываў пратэстанцкія кнігі дзеля іх зьнішчэньня, перабудоўваў і перарабляў на касьцёлы кальвінскія зборы, што стаялі на ягоных землях. Наступнае далучэньне земляў былога ВКЛ да Расеі, якая праводзіла праправаслаўную палітыку, зусім зьнішчымніла рэшткі Рэфармацыі ў Беларусі. Колькасьць кальвінскіх грамадаў, якія засталіся, няўхільна меншала. З 200 парафіяў, што зьявіліся ў XVI стагодзьдзі, ужо ў XVII ст. налічвалася ўсяго некалькі дзясяткаў, а да пачатку стагодзьдзя ХХ засталося толькі 6. Зь дзейсных грамадаў даўжэй за ўсіх праіснавала грамада ў Дзяржынску (Койданаве) - да пачатку Першай усясьветнай вайны. Нават месцазнаходжаньне яе збору старажылы да гэтага часу завуць не інакш як Кальвіншчызна.

Аднак захаваліся маўклівыя сьведкі Рэфармацыі - кальвінскія зборы, архітэктура якіх нават пасьля шматлікіх перабудоваў адназначна нагадвае аб іх пратэстанцкім мінулым. Наведаўшы іх можна падыхаць паветрам Рэфармацыі, на свае вочы пераканацца ў багатым мінулым нашай краіны.

Вадзім Гарабец, Уладзімер Багданаў
"Белорусская Деловая Газета" 16 студзеня 2003 году



Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: