Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НАВІНЫ

20.03.2003. Газэта "Новы час" надрукавала артыкул Станіслава Акіньчыца "Час узьнёсласьці".

У сакавіцкім нумары газэта "Новы час" разьмясьціла некалькі матэрыялаў, прысьвечаных угодкам Рэфармацыі ў Беларусі. Акрамя артыкулу Станіслава Акіньчыца "Час узьнёсласьці" на старонках выданьня можна было азнаёміцца з фатаздымкамі беларускіх пратэстанцкіх цэркваў розных стагодзьдзяў.

ЧАС УЗЬНЁСЛАСЬЦІ

ХУІ стагодзьдзе ўвайшло ў гісторыю Беларусі як Залаты Век нашае краіны. Гэта быў час, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывала незвычайны ўздым у культурным, эканамічным і палітычным жыцьці. Друкаваліся кнігі на беларускай мове, пісаліся паэмы, багаслоўскія трактаты, дзёньнікі, бэлетрыстыка, былі выдадзеныя лепшыя ў Эўропе зборнікі законаў, імкліва расьлі гарады, разьвівалася сельская гаспадарка. І ўсё гэта ва ўмовах, якія ніяк не назавеш надзвычай спрыяльнымі. Больш таго, у жыцьці ВКЛ як дзяржавы XVI ст. было нашмат горшае за папярэдняе. Калі ў ХУ ст. пасьля перамогі пад Грунвальдам Вялікае Княства практычна ня мела зьнешняе пагрозы, дык пачынаючы з княжаньня Аляксандра краіна вяла несупынныя войны з Масквою, якія былі вельмі няўдалымі і мелі наступствам патрэбу заключэньня больш сьціслай уніі з Польшчай дзеля захаваньня Вялікага Княства як дзяржаўнага арганізму. Тым ня менш, менавіта ХУІ стагодзьдзе дало Беларусі агульнаэўрапейскую славу, якая не згубіла свайго бляску аж да сёньня. Дастаткова назваць імёны Франьцішка Скарыны, Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага або Льва Сапегі, каб уявіць маштаб тае эпохі.

Адной з цэнтральных падзеяў гэтага незвычайнага стагодзьдзя была Рэфармацыя, якая набыла ў Беларусі такі размах, што можна казаць пра Вялікае Княства ХУІ ст. як пра краіну, дзе рэфармаваная царква займала калі не пануючую, дык прынамсі вызначальную пазыцыю ў духовым жыцьці грамадзтва. Практычна ўсе выбітныя постаці Беларусі ХУІ ст. або непасрэдна зьяўляліся вернікамі пратэстанцкіх цэркваў, або знаходзіліся пад моцным уплывам рэфармацыйнай думкі. Рэфармацыя -- рух аднаўленьня царквы, вяртаньня да Бібліі як першаасновы хрысьціянства, спрычынілася да таго, што краіны Паўночнае Эўропы, такія як Нямеччына, Англія, Швэцыя, высунуліся на першы плян у культурным, палітычным і эканамічным разьвіцьці, пакінуўшы далёка ззаду бясспрэчных лідараў эпохі Сярэднявечча - Італію, Гішпанію, Францыю. Такія самыя працэсы адбываліся і ў Беларусі.

Ідэі Рэфармацыі не былі цалкам новымі для жыхароў Вялікага Княства. Амаль стогадовая дзейнасьць гусітаў добра падрыхтавала глебу для наступных падзеяў. Яшчэ ў 1413 г. у Беларусі прапаведваў палечнік Яна Гуса Геранім Праскі. Пасьля беларускія ваяры бралі чынны ўдзел ў гусіцкіх войнах. Ня трэба таксама забывацца, што большасьць беларускай моладзі, якая вучылася ва унівэрсытэтах у ХУ-пачатку ХУІ стст., набывала веды ў Празе і Кракаве - буйных інтэлектуальных асяродках гусітызму. Пропаведзь Яна Гуса была вельмі падобнай да пропаведзі Марціна Лютара, таму літаральна празь некалькі год пасьля славутага выступу ў Вітэнбэргу ў Вільні на поўны голас гучалі заклікі да рэформы царквы. Франьцішка Скарыну, які пачаў выдаваць Біблію па-беларуску ў 1517 г., абвінавачвалі, што ягоны пераклад Сьвятога Пісьма прасякнуты лютаранскім духам.

У 1553 г. князь Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага Княства і адзін з найбольш уплывовых беларускіх магнатаў, публічна абвесьціў аб тым, што ён вызнае эвангельскую веру і заснаваў пратэстанцкія цэрквы ў Берасьці, Вільне і Нясьвіжы. У тым жа годзе ён выдаў у Берасьці эвангельскі катэхізіс. Не прайшло некалькіх год, як прыхільнікамі Рэфармацыі сталі Вішнявецкія, Валовічы, Глябовічы, Дарагастайскія, Сапегі, Пацы, Зяновічы, Агінскія і іншыя. У хуткім часе рэфармацкія зборы зьявіліся ў Клецку, Койданаве, Менску, Полацку, Віцебску, Воршы, Шклове, іншых гарадах і мястэчках. На працягу другой паловы ХУІ ст. у Беларусі было заснавана каля 300 эвангельскіх цэркваў. Мітрапаліт Іпаці Пацей пісаў, што ў Наваградзкім павеце "наўрад ці хоць адзін шляхецкі дом з сотні" застаўся неахоплены вучэньнем Рэфармацыі. Віленскі біскуп Бэнэдыкт Война скардзіўся ў Рым, што ў Княстве раней было 600 касьцёлаў, а засталося толькі 300. Аж да пачатку ХУІІ ст. у сэнаце Вялікага Княства пераважную большасьць складалі пратэстанты.

У гарадах мяшчане ня менш массава прымалі эвангельскае вучэньне. Мандат вялікага князя Жыгімонта Аўгуста на заснаваньне кальвінскай царквы у Віцебску пачынаецца такімі словамі: "Прыслалі до нас бояре, шляхта, бурмістры, райцы і мешчане тамошніе вітэбскіе, бьючы чолом, абыхмо у тамошнем месте Вітэбском дозволілі ім ку науцэ детем і для хожэнія іх ку слуханю слова Божего дом збудоваті і казнодею ховаті". Улічваючы, што ў Вялікім Княстве шляхта складала каля 10%, а жыхары гарадоў і мястэчак - больш 15%, можна упэўнена казаць пра вялікі уплыў Рэфармацыі на жыцьцё краіны.

Знакавай падзеяй у беларускай гісторыі сталася выданьне Франьцішкам Скарынаю Бібліі на беларускай мове. Гэта паклала пачатак ня толька беларускаму друкарству, але і сталася адной з прычынаў хуткага разьвіцьця Рэфармацыі ў нашай краіне. Хоць сам Скарына нічога не пісаў пра сваё веравызнаньне, уся яго дзейнасьць сьведчыць аб ім у першую чаргу як аб рэфарматары. Ужо той факт, што ён друкаваў Біблію для людзей паспалітых, што імкнуўся наблізіць Слова Божае да чытача, зрабіць яго распаўсюджаным і зразумелым, паказваюць беларускага першадрукара як пачынальніка Рэфармацыі ў Беларусі. Сучасьнікі Скарыны на дзіва згодна ацэньваюць яго дзейнасьць. Па словах змагара за чысьціню праваслаўя А.Курбскага, Біблія Скарыны "растленна", пярэчыць усім сьвятым уставам і ў-ва ўсім згодная зь Бібліяй Лютара. Каталікі таксама абвінавачвалі Скарыну ў адыходзе ад канонаў каталіцкае царквы і прыналежнасьці да Рэфармацыі. Уніяцкі мітрапаліт А.Сялява называў Скарыну "ератыком гусітам", а выданую ім Біблію разглядаў як пачатак Рэфармацыі ў Вялікім Княстве. Наадварот, дзеячы Рэфармацыі бачылі ў Скарыне свайго аднадумца.

У далейшым сувязь кнігадрукаваньня і Рэфармацыі ня менш выразная. Палова друкарняў, якія дзейнічалі ў Вялікім Княстве, былі цесна зьвязаныя з рэфармацыйным рухам. Такія выдаўцы як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Цыпрыян Базылік, Даніэль Ленчыцкі, Бэрнард Ваяводка, Мацьвей Кавячынскі і г.д. вядомыя ня толькі як друкары, але, перш за ўсё, як актыўныя дзеячы Рэфармацыі. Значную частку кнігадрукаў ХУІ ст. складаюць Бібліі, катэхізісы, багаслоўскія трактаты, палемічныя творы. Цікавасьць да чытаньня Бібліі, абуджаная гэтым прага пазнаць ісьціну і увогуле цікавасьць да разнастайных ведаў спрычыніліся да таго, што кнігі друкаваліся немалымі накладамі, для іх знаходзіліся і мэцэнаты, і спажыўцы. Нельга абмінуць увагаю Берасьцейскую друкарню, якую фундаваў Мікалай Радзівіл Чорны, або фундацыі Астафея Валовіча на кірылічныя творы Сымона Буднага. Падтрымка з боку Яна Кішкі ці Яна Глябовіча у многім дапамагла друкарскай дзейнасьці Сымона Буднага ў Лоску або друкаваньню разнастайных твораў Андрэя Воляна.

Рэфармацыя ў Беларусі прывяла да істотнай перамены ў галіне адукацыі. Яна вывела асьвету за межы манастырскіх муроў і дала магчымасьць велізарнай колькасьці беларусаў атрымаць даволі грунтоўныя веды ў сябе на радзіме. Шырокае распаўсюджваньне Рэфармацыі суправаджалася ня толькі будаўніцтвам збораў, а, у першую чаргу, адкрыцьцём пачатковых школаў пры новаўтвораных цэрквах. Адзін з галоўных прынцыпаў Рэфармацыі - патрабаваньне да кожнага хрысьціяніна чытаць Біблію, бо толькі Біблія дае паўнавартасныя веды пра веру і Бога і толькі яна зьяўляецца асноваю хрысьціянства. Каб людзі маглі чытаць Біблію, яны павінны умець чытаць. Таму адукацыя разглядалася беларускімі рэфарматарамі як адна з асноўных сваіх задач. Пратэстанцкія школы, народжаныя Рэфармацыяй, нямала дапамаглі хуткім посьпехам рэфармацыйнага руху на беларускіх землях. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным разам з царквою, у канцы ХУІ ст. прэтэндавала на статус акадэміі, і толькі супрацьдзеяньне каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы не дазволілі ажыцявіць гэты праект.

Распаўсюджваньне пісьменнасьці сярод шырокіх колаў беларускага грамадзтва прынесла літаральна выбух у пісьменьніцкай дзейнасьці. Самыя розныя людзі пачалі пісаць дзёньнікі, запіскі з падарожжаў, мемуары. У адрозьненьні ад ранейшых летапісцаў, аўтараў цікавілі ня толькі вялікія гістарычныя падзеі, але і лёсы канкрэтных людзей.

Таксама для ХУІ ст. характэрна фармаваньне вялікіх бібліятэчных збораў. Рэй у гэтым зноў вялі Радзівілы, а таксама іншыя магнаты-пратэстанты. Першы нотны зборнік, выданы ў Беларусі, першая мастацкая калекцыя, рознабаковая падтрымка магнатамі пэатаў і пісьменьнікаў, так званая рэнэсансная архітэктура - гэта таксама ўнёсак Рэфармацыі ў культурны уздым нашай краіны ў ХУІ ст.

Ня толькі разьвіцьцё культуры зрабіла стагодзьдзе Рэфармацыі Залатым Векам. Ня меншых посьпехаў дасягнула ў гэты пэрыяд эканоміка. Сьведчаньнем гэтаму зьяўляецца імклівы рост насельніцтва, калі на працягу стагодзьдя колькасьць жыхароў краіны вырасла амаль удвая. У выніку правядзеньня валочнай памеры, правядзеньнем якой кіравалі Мікалай Радзівіл Чорны ды Астафей Валовіч, краіна атрымала сельскагаспадарчы пад'ём, які дазволіў экспартаваць збожжа ў Заходнюю Эўропу. Калі дзяржаўны скарб перад рэформай атрымліваў падаткаў з сельскай гаспадаркі менш 20 тыс. коп грошаў, дык у 1588 г. ён атрымаў 82 тыс. коп грошаў. Прынцыпы, закладзеныя валочнай памерай, дзейнічалі на Беларусі аж да пачатку ХХ ст., а форма забудовы да сёньняшняга дня адрозьнівае Беларусь ад суседняй Расеі.

Разьвіцьцё сельскай гаспадаркі падштурхнула разьвіцьё гарадоў. На працягу ХУІ ст. іх колькасьць у Беларусі вырасла з 48 да 380. Ліквідацыя сялянскай абшчыны дазволіла частцы сялян замест працы на зямлі займацца рамяством. Гэтыя памкненьні падтрымлівалі магнаты і заможная шляхта, засноўваючы на сваіх землях гарадзкія паселішчы і надаючы ім права самакіраваньня. Нярэдка у новаўтвораныя гарады запрашаліся рамесьнікі-пратэстанты, вядомыя сваёй якаснай працаю. Пратэстанцкая этыка працы, якая была ля вытокаў рынкавай эканомікі ў Заходняй Эўропе, гэтак сама дзейнічала і ў Беларусі, спрыяючы разьвіцьцю вытворчасьці. Дзеячы Рэфармацыі ставілі сабе за мэту пашырэньне кола людзей, якія займаюцца нейкім рамяством. Сымон Будны ў "Катэхізісе" зьвяртаў увагу бацькоў, што "повінны родітелі научаті сынов своіх мастерству або ремества якого побожного, абы от него слушное выжывене на потом мелі". Ён ставіў майстра ў адзін шэраг з настаўнікам, пастарам ці прадстаўніком улады.

Пытаньні эканомікі цікавілі як палітыкаў, так і паэтаў. Менскі ваявода Ян Абрамовіч, адзін з лідэраў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напісаў кнігу "Погляды ліцьвіна на танную куплю і дарагі продаж збожжа", у якой тлумачыў неабходнасьць стварэньня ў краіне свабоднага рынку. Ягоны сучасьнік, філёзаф і паэт Язэп Даманеўскі ў сваіх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крыніцу шчасьця чалавека, а гультайства і бязьдзейнасьць, як прычыну нешчасьлівага жыцьця.

Адной з самых моцных ідэяў, якая вынікала з мэнталітэту Рэфармацыі, была ідэя дзяржаўнага сувэрэнітэту. Біблія давала шматлікія прыклады патрыятызму і сьведчыла сваім чытачам, што воляй Бога зьяўляецца, каб кожны народ самастойна арганізоўваў сваё жыцьцё. Ня дзіўна, што менавіта магнаты-пратэстанты - Радзівіл Чорны, Радзівіл Руды, Астафей Валовіч, Леў Сапега і іншыя -- былі ў першых шэрагах змагароў за незалежнасьць Вялікага Княства. Менавіта іх пазіцыя не дазволіла на сойме ў Любліне ў 1569 г. пазбавіць краіну дзяржаўнасьці, менавіта яны праводзілі разнастайныя рэформы, якія ўмацоўвалі сувэрэнітэт краіныю.

У адрозьненьні ад многіх эўрапейскіх дзяржаваў, дзе працэс цэнтралізацыі ішоў праз узмацненьне ўлады манарха, у Вялікім Княстве ХУІ ст. цэнтралізацыя праяўлялася праз разьвіцьцё агульнадзяржаўнага заканадаўства. Прававыя акты таго часу напоўненыя спасылкамі на аўтарытэт Сьвятога Пісьма і нормы хрысьціянскай маралі. Для беларускіх законатворцаў, большасьць зь якіх былі эвангельскімі хрысьціянамі, першасная крыніца законаў заключалася ў Богу і Ягоным сьвятым законе. Людзі, ствараючы законы, адлюстроўваюць у іх не сваю волю, але волю Бога.

Адным з базавых прынцыпаў, на якіх асноўвалася беларускае заканадаўства ХУІ ст., была роўнасьць усіх перад законам, якое вынікала з роўнасьці ўсіх перад Божым законам. Андрэй Волян, адзін зь вядучых мысьляроў беларускай Рэфармацыі, пісаў, што толькі там, дзе ў дзяржаве існуе роўнасьць усіх перад законам, людзей сапраўды магчыма назваць свабоднымі. Для беларускіх рэфарматараў свабода - гэта такі стан чалавека, калі яго паводзіны ў грамадзтве вызначаюцца не ягонымі жаданьнямі (што хачу, тое і раблю), але вызначана рамкамі закону. Свабода асобы, каб не прывесьці да анархіі, павінна стрымлівацца нормамі хрысьціянскай адказнасьці.

Выразам гэтых памкненьняў сталася выданьне Статуаў ВКЛ, а асабліва Статуту 1588 г. Гэты зборнік законаў зьяўляецца шэдэўрам беларускай юрыдычнай думкі і лічыцца найлепшым і найдасканальшым юрыдычным кодэксам у тагачаснай Эўропе. У Статут увайшлі нормы канстытуцыйнага права, чаго на той час не было ў заканадаўстве іншых эўрапейскіх дзяржаваў, а таксама адміністрацыйнага, ваеннага, судова-працэсуальнага, шлюбна-сямейнага, зямельнага, крымінальнага права.

Статут замацоўваў асабістую свабоду кожнага чалавека, даваў права вольнага выезду за мяжу, уводзіў прэзумпцыю невінаватасьці і свабоду веравызнаньня. Паводле Статуту ніхто з урадоўцаў ня мог быць пазбаўлены манархам пасады, іначай як паводле пастановы суду. Былі замацаваныя палітычныя правы шляхты: права ўдзелу ў законатворчай дзейнасьці, абіраць і быць абранымі ў сойм. Таксама Статут вызначаў беларускую мову як дзяржаўную, дый сам быў напісаны па-беларуску, каб кожны грамадзянін мог ведаць свае правы: "Мы маем законы, напісаныя не на нейкай чужой мове, але на саёй уласнай, і ў любы час можам даведацца тое, што неабходна для абароны ад усякае крыўды".

Статут вызначаў, што закон павінен, па-першае, абараняць грамадзян дзяржавы ад злоўжываньняў з боку манарха, г.зн. прадухіляць праявы тыраніі, а па-другое, забясьпечыць дзяржаве ўнутраны парадак і мір. На першай старонцы Статуту былі напісаныя словы з Бібліі, зварот да судзьдзяў: "Глядзіце, што вы чыніце. Вы зьдзяйсьняеце не суд чалавечы, але суд Божы ... Няхай будзе на вас страх Госпадаў" (2 Крон 19,6-7).

Стагодзьдзе Рэфармацыі праславілася свабодай веравызнаньня, якая панавала ў нашай краіне. Традыцыі верацярпімасьці, характэрныя для Вялікага Княства і ў ранейшыя стагодзьдзі, дзякуючы дзейнасьці рэфарматараў набылі сілу закону. Гарадзельскі прывілей 1413 г. забараняў некатолікам займаць дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве. І хоць гэты закон не заўсёды выконваўся, заканадаўчая дыскрымінацыя існавала да сярэдзіны ХУІ ст. У 1563 г. магнаты і шляхта на чале зь Мікалаем Радзівілам Чорным дамагліся прыняцьця пастановы, што "на ўсялякія пасады і ва ўрад павінны абірацца ня толькі падданыя рымскае царквы, але ў той самай ступені ўсе мужчыны шляхецкага стану, людзі веры хрысьціянскае, кожны паводле сваіх заслугаў". У хуткім часе пасьля гэтага ў сэнаце Вялікага Княства большасьць месцаў стала належаць пратэстантам.

Нашая краіна набыла ў Эўропе славу "прыбежышча герэтыкаў", краіны, у якой кожны мог свабодна вызнаваць сваю веру. У Вялікае Княства пачалі перасяляцца італьянцы, французы, чэхі, шатляндцы, у якіх на радзіме за нязгоду з пануючай рэлігіей можна было трапіць у турму або на стос.

У студзені 1573 г. беларуская і польская шляхта прынялі так званы акт Варшаўскае канфэдэрацыі: Гэта быў першы ў сьвеце прававы акт, які дакляраваў прынцыпы роўнасьці правоў паміж людзьмі розных веравызнаньняў. Для Эўропы, ахопленай полымем рэлігійных войнаў, Варшаўская канфэдэрацыя стала прыкладам, як вырашаць пытаньні свабоды сумленьня. У той самы час у Парыжы быў прыняты закон, які забараняў па ўсёй Францыі сабраньні і служэньні гугенотаў, пагражаючы за яўнае або патаемнае вызнаваньне "герэзіі" сьмерцю. Да канца ХУІ ст. францускія пратэстанты ставілі нашую краіну ў прыклад сваім суайчыньнікам.

Ідэі Рэфармацыі, якімі была прасякнута значная частка беларусаў ХУІ ст., сталі асновай таго, што гэтая эпоха стала часам сапраўднага росквіту нашай краіны. Ідэі, якімі жыве народ, вызначаюць шляхі разьвіцьця грамадзтва. Гэта выразна пацьвярджаюць падзеі, што адбываліся ў Беларусі ў наступным стагодзьдзі. Прыняцьцё элітай Вялікага Княства ідэалёгіі Контррэфармацыі прывяло да татальнага заняпаду ў тых сфэрах, якія ў ХУІ ст. былі славай нашага народу. Гэта не было абумоўлена ходам гістарычных падзеяў, гэта быў выбар эліт. Нашчадкі тых, хто ў ХУІ ст. прынялі Рэфармацыю, у ХУІІ ст. адмовіліся ад гэтых ідэяў. Вынік не прымусіў доўга чакаць - Залаты Век скончыўся і пачаўся доўгі пэрыяд неславы, паразаў і катастрофаў. Аднак сьведчаньне ХУІ стагодзьдзя дае надзею, што калі наш народ павернецца да тых каштоўнасьцяў, якія прынесла з сабой Рэфармацыя, калі беларускія эліты зробяць выбар, падобны да выбару беларускіх эліт часоў Скарыны і Радзівіла Чорнага, наш народ паднімецца з кален, краіна адродзіцца.



Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: