Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
КОНКУРС

I. Па-першае, звернемся да Берасцейскае друкарні ці, дакладней, друкарняў, бо у Берасці 1550-1570-х гадоў дзейнічала некалькі друкарняў, фундаваных збольшага знакамітым Мікалаем Радзівілам Чорным. Менавіта у гэты час у Берасці была выдадзеная даволі добра вядомая Біблія, якая захоўвалася у богаслужбовым ужытку ажно да 19 стагоддзя, пра што згадвае Уладзіслаў Сыракомля у нядаўна перавыдадзенай па-беларуску кнізе "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах". Але ж не толькі Берасцейскую Біблію здолелі выдаць берасцейскія пратэстанты-кнігавыдаўцы, сярод якіх варта адзначыць Бернарда Ваявудку (вядомага вучонага-гуманіста, вучня Эразма Ратэрдамскага), Анджэя Тшэцецкага (паэта і перакладчыка), Станіслава Мурмеліуса, Цыпрыяна Базыліка (кампазітара, паэта і перакладчыка).

Першыя два выдаўцы, імкнучыся зменшыць недахоп богаслужбовай і тэалагічнай літаратуры на беларускіх землях, надрукавалі Малы і Вялікі катэхізісы, а таксама пераклады з лаціны твораў Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса (напрыклад, "Спосабы і звычаі..." Рэгіуса). На вялікі жаль, першыя выданні берасцейскай друкарні да нас не дайшлі. Больш удалай была дзейнасць Станіслава Мурмэліуса, які выдаў каля дваццаці кніг разнастайнага зместу і прызначэння. Першым і, мабыць, адным з найбольш значных яго выданняў стаў канцыянал "Песні хвал боскіх" Яна Зарэмбы - першы друкаваны нотны зборнік у ВКЛ і адзін з самых ранніх ва Усходняй Еўропе. Выдадзены ён быў у 1558 годзе. Апроч таго, дзякуючы старанням Мурмэліуса свет пабачылі "Два пасланні" (1559) - адказ папскаму нунцыю Ліпамано, у якім рэзка крытыкавалася рэлігійная палітыка рымскай курыі, яе бесцырымоннае ўмяшанне ў справы іншых краін, "Гісторыя папы Іаана VIII, які быў жанчынай па імені Жыльберта" (1560), сатырычная паэма "Пратэй, або Пярэварацень" (1564), "Размова паляка з ліцвінам" (1564) - адзін з першых друкаваных свецкіх твораў, выдадзеных у Беларусі.

Значныя дасягненні беларускага кнігадрукавання звязаныя з дзейнасцю ў Берасці Цыпрыяна Базыліка. За час яго працы з'явілася больш за 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах, у т.л. некалькі яго ўласных перакладаў, сярод якіх вылучаюцца "Гісторыя жорсткіх ганенняў царквы Божай" (1567) і кніга М. Барлетыуса "Гісторыя пра жыццё і слаўныя справы Юрыя Кастрыёта, звычайна званага Скандэрбегам" (1569) з дадаткам "Гісторыя горада Шкодры".

3 берасцейскай друкарні таксама выйшаў шэраг юрыдычныш кніг: "Законы польскага права" (два выданні, 1559-1560 і 1561), працы Барталамея Граіцкага - "Артыкулы права магдэбургскага", "Судовы працэс" (1560). Ні імя друкара, ні месца выдання на кнігах не пазначаны.

Такім чынам, у 1576-1586 гадах было выдадзена 58 кніг высокага мастацкага узроўню.

II. Цяпер звернемся да пытання пра Яна Глябовіча. Паходзіў ён са старажытнага беларускага шляхецкага роду герба "Ляліва". Ягоны бацька, таксама Ян, быў маршалкам, старостам, ваяводам, а пасля і канцлерам ВКЛ. Сам жа Ян Глябовіч (1544-1590) быў дзяржаўцам анікштынскім, кашталянам менскім (1571-1585), старостам анікштынскім (1575) і радашковіцкім (1576), падскарбіем земскім і пісарам ВКЛ (з канца 1580 ці пачатку 1581 да 1586), кашталянам троцкім (з 1586), старостам упіцкім (з 1587).

Рана асірацеўшы (Ян Глябовіч старэйшы памёр, калі сыну было толькі 5 год), Ян трапіў пад апеку гетмана Вялікага Княства Мікалая Радзівіла Рудога. У дзевятнаццаць год Ян Глябовіч, як і кожны шляхціч таго часу, атрымаў ганаровае права служыць у войску. Але ж лёс падкінуў маладому яшчэ чалавеку новае выпрабаванне: Яну Глябовічу давялося узначаліць абарону аднаго з прадмесцяў Полацка у часе аблогі горада войскамі маскоўскага цара Івана Жахлівага. Нягледзячы на мужнасць абаронцаў, Полацк быў захоплены (ці хутчэй здадзены), і Ян Глябовіч трапіў у палон. Знаходзячыся ў Маскве, ён збіраў і перадаваў у ВКЛ разведвальную інфармацыю. Іван Жахлівы меў свае інтарэсы да знатнага літвіна, прыхільна ставіўся да яго, вёў з ім дыскусіі аб рэлігіі. А пасля прапанаваў яму пасадзейнічаць і абраць яго польскім каралём і вялікім князем літоўскім. Глябовіч згадзіўся, У 1566 годзе ён быў вызвалены. Вярнуўшыся на радзіму, Ян распавёў каралю і вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту аб намерах Івана Жахлівага. І, хоць гаспадар апраўдаў учынак Глябовіча, але жамойцкі староста Ян Хадкевіч абвінаваціў яго у здрадзе. На доўгія гады яшчэ захаваецца варожасць між Глябовічам ды Хадкевічам, пакуль у часы другога безгаспадарства яны не аб'ядналі свае намаганні ў барацьбе супраць Радзівілаў за прызнанне вялікім князем Стэфана Баторыя. Так што Глябовіч пераступіў цераз крыўду і паставіў дзяржаўныя інтарэсы вышэй за асабістыя. Гэта сведчанне яго палітычнай мудрасці. У найболыпай ступені Ян Глябовіч як асоба дзяржаўная сябе паказаў на пасадзе менскага кашталяна, якую атрымаў у 1571 годзе. Ваяводскі статус Менск атрымаў толькі ў 1569 годзе і, безумоўна, саступаў іншым сталіцам ваяводстваў у прэстыжнасці, значнасці і ўплыве на дзяржаўнае жыццё. I вось галоўны клопат па кіраванню і самім горадам, і Менскім паветам, і ўвогуле ўсім ваяводствам лёг на плечы Яна Глябовіча. Непасрэдным яго абавязкам было кіраванне замкам, але ён і выконваў судовыя функцыі, і ўзначальваў павятовую шляхту, і праводзіў павятовыя сеймікі, а ў адсутнасць ваяводы даводзілася выконваць і ягоныя абавязкі.

Тыя чатырнаццаць гадоў, калі менскім кашталянам быў Ян Глябовіч, можна назваць для горада эпахальнымі. Руцінная плынь жыцця змянілася бурлівым ды імклівым бегам. Менск станавіўся прыцягальным для шляхты і паноў. Горад вырас са сваіх старых межаў. Кіраваў працэсам узвелічэння Менска Ян Глябовіч, пад ягоным наглядам працякала штодзённае жыццё горада. Адначасова кашталян аддаваў шмат увагі і асветніцкай працы.

Нягледзячы на надзвычайную занятасць менскімі справамі, Глябовіч не забываўся і пра агульнадзяржаўныя справы. Тагачасныя дакументы сведчаць пра найактыўнейшы ўдзел Глябовіча ў палітычным жыцці краіны. Асабліва прыкметная ягоная роля ў прызнанні Стэфана Баторыя вялікім князем літоўскім, - менавіта Глябовіч у 1576 годзе ўзначаліў літвінскую дэлегацыю да Баторыя. Палітычная вага Глябовіча ўзрасла пасля таго, як ён атрымаў пасаду падскарбія - гэта значыць, пачаў загадваць дзяржаўнай скарбніцай. Прызначэнне было дарэчы, бо адбілася і на лёсе Менска. У 1581 годзе ў Вялікім Княстве быў створаны найвышэйшы апеляцыйны суд - Трыбунал. Пасяджэнні Трыбунала адбываліся пачаргова ў Вільні, Наваградку і Менску. Безумоўна, што на выбар Менска паўплываў Ян Глябовіч, зацікаўлены ў павышэнні палітычнага статуса горада. Такім чынам, Менск пачаў адыгрываць важнае значэнне ў жыцці дзяржавы. На паседжанні Трыбунала з усёй краіны з'язджаліся дзяржаўныя мужы, шляхта, паны, а за імі ўслед -купцы і гандляры. Гэта быў новы імпульс для развіцця горада. Ужо праз дзесяць гадоў пасля прызначэння Менска месцам правядзення паседжанняў Трыбунала.

У 1585 годзе Ян Глябовіч перайшоў на пасаду троцкага кашталяна, а праз год стаў і троцкім ваяводам. Але яшчэ да 1587 года, пакуль на Менскае кашталянства не прызначылі Паўла Паца, Глябовіч выконваў і свае ранейшыя абавязкі менскага кашталяна. Сувязей з Менскам ён не губляў, часта выступаў пасярэднікам паміж гараджанамі і цэнтральнымі ўладамі, дапамагаючы менчукам.

Вяршыняй дзяржаўнай дзейнасці Яна Глябовіча па праву трэба лічыць выдатную дыпламатычную перамогу - зацверджанне Жыгімонтам Вазам трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага. У 1588 годзе Ян Глябовіч ўзначаліў літвінскую дэлегацыю да караля польскага Жыгімонта Вазы з мэтай дамагчыся зацверджання ранейшых прывілеяў Княства і Статута. Ён выдатна справіўся з пастаўленай задачай. Глябовіч і ягоны паплечнік Леў Сапега занялі цвёрдую пазіцыю у адносінах да Жыгімонта Вазы, патрабуючы ад яго прызнання літвінскіх умоў, паводле якіх ей мог быць выбраны вялікім князем. Скарыстоўваючы выдатны дыпламатычны талент Сапега і Глябовіч дабіліся прызнання перамір'я Рэчы Паспалітай з Масковіяй, падзелу Лівоніі паміж Каронай і Княствам, а галоўнае, без вывучэння і абмеркавання зацверджання Статута. Статут аднаўляў палітычныя страты Княства пры заключэнні Люблінскай уніі. Вялікае Княства Літоўскае захавала свой дзяржаўны суверэнітэт.

Але ці не найбольшую вядомасць Ян Глябовіч атрымаў праз сваю актыўную рэфармацкую дзейнасць. Усё жыццё ён нёс у сабе веру ў Бога. Дакументы, якія дайшлі да нас з таго далёкага і адначасна даволі блізкага 16-га стагоддзя, сведчаць пра глыбокую абазнанасць менскага кашталяна ў пытаннях веры. У 1577 годзе ён на свае сродкі збудаваў у цэнтры Заслаўя, на месцы гарадзішча, абкружанага ровам і абарончым валам, знакаміты мураваны кальвінскі збор, якіх так мала захавалася на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. У гэтым зборы ён сам служыў пастарам, заснаваў пры ім друкарню. Адзін час на запрашэнне Глябовіча ў Заслаўі жыў славуты беларускі філосаф і тэолаг Сымон Будны. Пэўна, прыналежнасцю Глябовіча да пратэстантызму і можна растлумачыць тое, што у той час у Менску не было пабудавана храмаў іншых канфесій. Відавочна, што менскія пратэстанты на чале са сваім лідэрам былі дамінуючай сілай у горадзе. Паводле меркавання Уладзіслава Сыракомлі, Менскі збор знаходзіўся на месцы, дзе пазней будзе пабудаваны кляштар бенедыктынак (сучасны раён кінатэатра "Перамога"). Гэтая частка горада, верагодна, забудоўвалася пры Глябовічу і з яго падтрымкі.

Памёр Ян Глябовіч у 1591 годзе і быў, праўдападобна, пахаваны у пабудаваным ім Заслаўскім зборы. Варта было б народу беларускаму захоўваць памяць пра свайго земляка, які так шмат зрабіў для Беларусі, для сённяшняй беларускай сталіцы, - бо менавіта дзякуючы яму сёння мы маем такую сталіцу.

III. I апошняе, Слуцкая гімназія на працягу сваіх больш чым 300 год існавання дзякуючы таленавітай працы выкладчыкаў і выкарыстанню прагрэсіўных тэхналогій навучання дала Беларусі знакамітых, добра адукаваных навукоўцаў і даследчыкаў, грамадскіх і царкоўных дзеячаў. Сёння іх імёны шырока вядомыя ў свеце. У першую чаргу гэта:

Альгерд Абуховіч (беларускі пісьменнік, перакладчык, адзін з пачынальнікаў жанру байкі у беларускай літаратуры (разам з Ф.Багушэвічам), а таксама беларускай мемуарыстыкі і мастацкай прозы нашага часу, падарожнік, магчыма, удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў, за што быў сасланы ў Сібір)

Міхал Аскерка (камісар Менскага ваяводства ў час паўстання К.Каліноўскага, лекар)

Сцяпан Аскерка (эканаміст-утапіст, саветнік юстыцыі караля Фрыдрыха II)

Якаў Балвановіч (дырэктар Гарадзенскай і Віленскай гімназій)

Ян Белабоцкі (філосаф і паэт, кальвінісцкі прапаведнік, перакладчык пасольства Ф.Галавіна у Кітаі)

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы Расійскай імперыі, арцыбіскуп, біскуп-суфраган, настаяцель, член РАН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства, заснавальнік Магілёўскай друкарні, літаратар)

Эдвард Вайніловіч (гаспадарчы і палітычны дзеяч, фундатар пабудовы мінскага касцёла Святых Сымона і Алены, інжынер-механік, старшыня Менскага таварыства сельскай гаспадаркі і таварыства дабрачыннасці Слуцкага павету, член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі, ганаровы суддзя Слуцкага павету, падтрымаў утварэнне БНР, выступаў з планам аднаўлення ВКЛ, стваральнік "Саюза абшарнікаў Менскай губерні", "Саюза палякаў з беларускіх ускраін" і інш., у яго доме праходзіў беларускі з'езд Случчыны, які ўзняў Слуцкае паўстанне)

Леапольд Ванноўскі (наглядчык і інспектар Слуцкай гімназіі, суперінтэндант у Слуцку)

Стэфан Ванноўскі (доктар багаслоўя)

Рычард Вішнеўскі (магістр вышэйшай матэматыкі)

Табіяш Граткоўскі (паэт, педагог)

Аляксандр Гулевіч (прафесар багаслоўя ў Франкфуртскім (на Одэры) універсітэце)

Зарыян Даленга-Хадакоўскі (славяназнаўца, адзін з пачынальнікаў беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай археалогіі, старажытнай гісторыі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дьіялекталогіі)

Язэп Дыла (грамадскі дзеяч, пісьменнік, адзін з пачынальнікаў беларускай гістарычнай прозы і драматургіі, супрацоўнік газеты "Северо-Западный край" і часопіса "Современный мир", кіраўнік менскай арганізацыйнай групы РСДРП, старшыня ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады, дэлегат першага Усебеларускага з'езда, удзельнік падрыхтоўкі абвяшчэння БССР, камісар працы БССР, праціўнік палітыкі А,Мяснікова, за што арыштаваны і высланы з Беларусі, старшыня праўлення Цэнтрабелсаюза ў Менску, старшыня Дзяржплана БССР, вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар інстытута па вывучэнню мастацтва Інбелкульта, дырэктар БДТ-1, намеснік загадчыка "Белдзяржкіно", арыштаваны па справе "СВБ" і высланы ўглыб Расіі)

Адам Ёдка (беларускі эсперантыст (праца "Эсперанта перад судом навукі"), "чырвоны камісар", удзельнік I сусветнай і грамадзянскай войнаў, загадчык цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Магілёве, неабгрунтавана рэпрэсаваны за шпіёнскую дзейнасць на карысць Польшчы(1938))

Ілля Капіевіч (выдавец, вынаходнік "грамадзянкі" ці "беларускай азбукі" - асновы сённяшніх кірылічных шрыфтоў, выдаў першую ў Расіі мапу зорнага неба, асветнік, педагог, энцыклапедыст, літаратар, перакладчык, паплечнік Пятра I)

І.Каржанеўскі (вучоны, медык)

Пётр Карповіч (рэвалюцыянер-тэрарыст, агітарар, адзін з арганізатараў Гомельскага камітэта РСДРП, смяротна параніў міністра асветы М.П.Багалепава за рэпрэсіі супраць рэвалюцыйнага студэнцтва, за што адбываў катаргу, уцёк за мяжу, удзельнік падрыхтоўкі няўдалага замаху на цара Мікалая II)

Станіслаў Карповіч (педагог, распрацоўшчык асноваў самаадукацыі, складальнік забароненага цэнзурай і канфіскаванага дапаможніка "Што чытаць", грамадскі дзеяч, асветнік, арганізатар бібліятэк на Меншчыне)

І.Карсалін (мастак)

Восіп Каржанеўскі (вучоны ў галіне хірургіі і інфекцыйных хвароб, доктар медыцыны, прафесар)

Сямён Косберг (канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў, лаурэат Ленінскай прэміі, ягоным іменем названы кратэр на месяцы)

Антон Красоўскі (медык, адзін з заснавальнікаў аперацыйнага акушэрства і гінекалогіі у Расійскай імперыі, прафесар, заснавальнік часопіса "Журнал акушерства и женскйх болезней", выканаўца ўнікальных аперацый)

Генрых Кулакоўскі (доктар медыцыны, прафесар фармакалогіі, супрацоўнік клінікі ўнутраных хвароб, аўтар курса лекцый па хваробах скуры, заснавальнік першага ў Расійскай імперыі спецыялізаванага шпіталю па хваробах скуры)

Артур Непакайчыцкі (ваенны дзеяч, генерал ад інфантэрыі, генерал-ад'ютант, удзельнік баявых дзеянняў на Каўказе (1841, 1843-1845), задушэння Венгерскай рэвалюцыі (1848-1849), Крымскай вайны (1853-1856), старшыня Ваенна-кадыфікацыйнай камісіі, удзельнік правядзення ваенных рэформ 1860-70-х гадоў, член Ваеннага і Дзяржаўнага саветаў)

Нолькен (генерал)

Іван Няшкоўскі (доктар медыцыны)

Эдвард Паўловіч (мастак, мемуарыст, педагог, скарбнік музея Любамірскіх у Львове, заснавальнік школ, жаночага пансіёна і тэатра ў Наваградку, актор, удзельнік паўстання 1863-1864)

Антон Пяткевіч(псеўданім Адам Плуг, беларускі і польскі пісьменнік, сябра У.Сыракомлі, адзін з арганізатараў беларускага літаратурна-асветнага гуртка у Варшаве, рэдактар часопіса "Кlosу", галоўны рэдактар "Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі", кіраўнік часопіса "Wedrowіес" і інш., аўтар шматлікіх вершаў пра Беларусь)

Януш Радзівіл (генэральны староста Жмудзі, віленскі ваявода, вялікі гетман і падкаморы ВКЛ, удзельнік вайны з Расіяй 1632-1634, упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм праз выкарыстанне права ліберум вета, адзін з найбольш адукаваных прэсьвітараў)

Міхал Робуш (прафесар вышэйшай матэматыкі ў Харкаўскім універсітэце)

Л.Сеўрук (выкладчык Санкт-Пецярбургскага універсітэта)

Барон Сталь (генерал)

Іван Сухазанет (генерал артылерыі, удзельнік войнаў 1812 і 1828-1829 (з Турцыяй), адзін з выканаўцаў падаўлення паўстання дзекабрыстаў і паўстання 1830-1831, Першы дырэктар Ваеннай акадэміі (пазней акадэмія Генштаба), член Ваеннага савета Расійскай імперыі)

Анатоль Фядзюшын (даследчык арнітафауны Беларускага Палесся, кіраўнік сектара заалогіі АН БССР, займаў шэраг высокіх дзяржаўных і навуковых пасад, стваральнік першага ў рэспубліцы заамузея, выдатны педагог, прафесар БДУ, супрацоўнік часопісаў "Наш край" і "Паляўнічы Беларусі", стваральнік Бярэзінскага запаведніка і шматлікіх заказнікаў, актыўны дзеяч руху за ахову прыроды, апошнія 40 гадоў амаль бяздзейсна жыў у Омску, ратуючыся тым самым ад рэпрэсій у БССР)

Вітольд Цэраскі (доктар астраноміі, прафесар, член-карэспандэнт РАН, пачынальнік інструментальнай фотаметрыі, педагог)

Восіп Шпіндлер (фізік, географ, адзін з пачынальнікаў марской метэаралогіі, акеанограф, рэдактар "Метэаралагічнага Весніка", педагог)

А.Ярэміч (вучоны, медык)

Вось прыблізны пералік найбольш вядомых выхаванцаў Слуцкай гімназіі, назва якой заслужана можа ўжывацца з прыметнікам "славутая". Гэты пералік яшчэ можна значна падоўжыць, папарацаваўшы яшчэ пару дзён. Можна было б скласці не менш прадстаўнічы спіс выкладчыкаў гімназіі. Але тэта ўсё яшчэ наперадзе.

Алесь Суша





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: