|
22.11.2002. У наступным годзе ў Віцебску плянуецца ўсталяваць мэмарыяльную дошку ў гонар Гераніма Праскага.
У наступным годзе ў Віцебску будзе ўстаноўлена мэмарыяльная дошка на знак таго, што ў 1413 годзе горад на Заходняй Дзьвіне наведаў славуты рэлігійны дзеяч і асьветнік з Чэхіі Геранім Праскі.
Тады, 600 год таму, гэты вядомы ў Эўропе рэфарматар царквы пабываў у Польшчы, Літве, Беларусі, гутарыў з народам, чытаў лекцыі ва ўнівэрсітэтах. У Віцебску, жыхароў якога Геранім Праскі палічыў "добрымі хрысьціянамі", вучоны з Чэхіі пражыў 2 месяцы.
Каталіцкая царква таго часу ставілася да чэскага вучонага адмоўна, бо ён быў сябрам і аднадумцам Яна Гуса. Праз тры гады пасьля гасьцяваньня ў Віцебску ён падзяліў лёс славутага "герытыка": як і Гуса, Гераніма Праскага інквізыцыя спаліла на вогнішчы.
Ідэя ўшанаваць знаходжаньне Гераніма Праскага ў Віцебску была прапанавана Віцебскаму краязнаўчаму фонду імя А. Сапунова менчукамі, у прыватнасьці доктарам філязофіі, ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі прафэсарам Э. Дарашэвічам. Праўленьне фонду імя А. Сапунова зь ідэяй пагадзілася, а вядомы айчынны скульптар Валянцін Занковіч бясплатна выканаў праект мэмарыяльнага знаку. Знайшліся добраахвотнікі, згодныя на грамадзкіх пачатках выканаць цікавую замову. Месца, дзе будзе ўстаноўлена памятная дошка, у бліжэйшы час павінен вырашыць гарвыканкам.
Сяргей Буткевіч
"Народная Воля" 22 лістапада 2002 году
|
|