23.01.2003. "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшына" абвесьціла конкурс навуковых працаў "Рэфармацыя й Рэнэсанс у Беларусі. ХVІ стагодзьдзе".
Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" абвяшчае рэспубліканскі конкурс сярод студэнтаў ВНУ, асьпірантаў і сашукальнікаў навуковай ступені ўзростам да 30-ці гадоў.
Тэматыка конкурсу:- Канфэсійная сытуацыя ў ВКЛ ХVІ ст.;
- ВКЛ у эўрапейскай палітыцы ХVІ ст.;
- Сацыяльна-эканамічныя працэсы ў Беларусі ХVІ ст.;
- Матэрыяльная культура ВКЛ;
- Грамадзка-палітычная думка ВКЛ;
- Багаслоўская й філязофская думка ВКЛ;
- Архітэктура Беларусі ХVІ ст.;
- Адукацыя й навука ў ВКЛ ХVІ ст.;
- Кнігадрукаваньне ў Беларусі ў ХVІ ст.;
- Статуты ВКЛ і юрыдычная думка ХVІ ст.;
- Літаратура Беларусі ХVІ ст.;
- Вялікія постаці рэфармацыйнага руху ў Беларусі;
- Мастацтва ў ВКЛ ХVІ ст.;
- Уплыў рэфармацыйнай думкі на далейшае гістарычнае развіцьцё краіны.
Вітаюцца таксама тэмы, якія раскрываюць іншыя аспэкты беларускай культуры ХVІ ст., і міжгаліновыя навуковыя даследаваньні (гістарычная сацыялёгія, археалёгія, музыказнаўства ды інш.).
Ацэньваць працы будзе Экспэртная камісія на чале з доктарам гістарычных навук, прафэсарам Анатолем Грыцкевічам.
Лепшыя даследваньні будуць надрукаваныя ў зборніку пад аднайменнай назвай. Таксама аўтары найлепшых працаў будуць запрошаныя да ўдзелу ў якасьці выступоўцаў у Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі "Рэфармацыя й грамадзтва", якая адбудзецца ў кастрычніку 2003 г. Матэрыялы канфэрэнцыі будуць выдадзеныя.
Матэрыялы на конкурс, аб'ёмам ня больш за 10 старонак (шрыфт Times New Roman, памер 12), неабходна даслаць не пазьней за 20 чэрвеня г.г. у друкаваным выглядзе па пошце (220050, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15, МГА "ЗБС "Бацькаўшчына") ці на e-mail (zbsb@lingvo.minsk.by). Да матэрыялаў неабходна прыкласьці кароткія біяграфічныя зьвесткі (імя, прозьвішча, год нараджэньня, месца працы/вучобы, пасада, кантактная інфармацыя) і інфармацыю аб навуковай дзейнасьці (тэматыка даследаваньняў, спіс навуковых публікацыяў).
Дасланыя матэрыялы не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.
Па даведкі зьвяртайцеся на e-mail zbsb@lingvo.minsk.by
ці праз тэлефон (017) 289 31 94
МГА ЗБС "Бацькаўшчына"
|