Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПРЫПОВЕСЬЦІ ў перакладзе А.Бокуна (2016)

АДКРЫЦЬЦЁ ЯНА БАГАСЛОВА

Разьдзел 1

1. Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве. І Ён даў знак, паслаўшы [яго] праз анёла Свайго слузе Свайму Яну, 2. які засьведчыў слова Божае, і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і ўсё, што бачыў. 3. Шчасьлівы той, хто чытае і хто слухае словы прароцтва і захоўвае тое, што напісана ў ім: бо час блізкі. 4. Ян - да сямі цэркваў, што ў Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, і ад сямі духаў, якія перад пасадам Ягоным, 5. і ад Ісуса Хрыста, сьведкі вернага, Першароднага з мёртвых і Начальніка валадароў зямных. Яму, Які палюбіў нас і ў крыві Сваёй абмыў нас ад грахоў нашых, 6. і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн. 7. Вось, Ён прыходзіць з аблокамі, і ўгледзіць Яго кожнае вока і тыя, якія прабілі Яго, і заплачуць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн. 8. "Я ёсьць Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, - кажа Госпад, - Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіць, Усеўладны". 9. Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, і ў Валадарстве, і ў цярплівасьці Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Патмас, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста. 10. Я быў у духу ў дзень Госпадаў і пачуў за сабою вялікі голас, як трубы, 11. які казаў: "Я ёсьць Альфа і Амэга, Першы і Апошні; і што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, што ў Азіі: у Эфэс, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філядэльфію, і ў Ляадыкею". 12. І я павярнуўся, каб пабачыць той голас, што гаварыў са мною, і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў, 13. і сярод сямі сьвечнікаў - Падобнага да Сына Чалавечага, Які апрануты ў доўгую шату і падперазаны праз грудзі залатым паясом. 14. А галава Ягоная і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы Ягоныя - як полымя агню, 15. і ногі Ягоныя падобныя да сьпіжу, як у печы распаленыя; і голас Ягоны - як гук водаў многіх; 16. І меў Ён у правай руцэ Сваёй сем зорак, і з вуснаў Ягоных выходзіў меч двусечны востры; і твар Ягоны - як сонца, якое сьвеціць у сіле сваёй. 17. І калі я ўбачыў Яго, я ўпаў ля ног Ягоных як мёртвы, і Ён паклаў на мяне правую руку Сваю, кажучы мне: "Ня бойся. Я ёсьць Першы і Апошні, 18. і Жывы, і Я быў мёртвы, і вось, жыву на вякі вякоў, амэн. І Я маю ключы пекла і сьмерці. 19. Напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што мае стацца пасьля гэтага. 20. Тайна сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі сьвечнікаў залатых: сем зорак - гэта анёлы сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў, якія ты бачыў, - гэта сем цэркваў.

Разьдзел 2

1. Анёлу Эфэскае царквы напішы: "Гэта кажа Той, Які трымае сем зорак у правіцы Сваёй і Які ходзіць сярод сямі залатых сьвечнікаў: 2. 'Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і што ня можаш пераносіць ліхіх, і дасьведчыў тых, якія называюць сябе апосталамі і ня ёсьць [імі], і знайшоў, што яны хлусы, 3. і ты перанёс, і маеш цярплівасьць, і дзеля імя Майго працаваў і не зьнямогся. 4. Але маю супраць цябе, што ты пакінуў першую любоў тваю. 5. Дык памятай, адкуль выпаў, і навярніся, і рабі першыя справы твае; а калі не, хутка прыйду да цябе і зрушу сьвечнік твой з месца ягонага, калі не навернешся. 6. Але тое ты маеш, што ненавідзіш справы Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу'. 7. Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага". 8. І анёлу Сьмірнскае царквы напішы: "Гэта кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў: 9. 'Ведаю справы твае, і прыгнёт, і ўбоства, хоць ты багаты, і блюзьнерствы ад тых, якія называюць сябе Юдэямі і ня ёсьць, але ёсьць сынагога шата?на. 10. Не палохайся нічога, што маеш выцярпець. Вось, д'ябал мае кідаць [некаторых] з вас у вязьніцу, каб спакусіць вас; і будзеце мець прыгнёт дзесяць дзён. Будзь верны да сьмерці, і Я дам табе вянок жыцьця'. 11. Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Той, хто пераможа, не дазнае крыўды ад сьмерці другое". 12. І анёлу царквы, што ў Пэргаме, напішы: "Гэта кажа Той, Які мае меч двусечны востры: 13. 'Ведаю справы твае, і што жывеш там, дзе пасад шата?на, і трымаеш імя Маё, і не адрокся веры Маёй у тыя дні, калі забіты быў у вас, дзе пасяліўся шата?н, Антыпа, Мой верны сьведка. 14. Але маю супраць цябе крыху, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Білеама, які навучыў Балака кінуць згаршэньне перад сынамі Ізраіля, каб яны елі ахвяры ідалам і жылі распусна. 15. Таксама маеш і ты тых, якія трымаюцца навукі Мікалаітаў, якую Я ненавіджу. 16. Навярніся, а калі не, хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом вуснаў Маіх'. 17. Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад манны схаванае і дам яму каменьчык белы, і на каменьчыку імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі той, хто атрымаў". 18. І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: "Гэта кажа Сын Божы, Які мае вочы Свае, як полымя агню, і ногі Свае, падобныя да сьпіжу: 19. 'Ведаю справы твае і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае, і што апошнія большыя, чым першыя. 20. Але маю супраць цябе крыху, бо ты дазваляеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучы?ць і падманваць слугаў Маіх, [каб яны] жылі распусна і елі ахвяры ідалам. 21. І Я даў ёй час, каб навярнулася ад распусты сваёй, і яна не навярнулася. 22. Вось, Я кідаю на ложак яе і тых, якія чужаложаць з ёю, - у вялікі прыгнёт, калі не навернуцца ад справаў сваіх, 23. і дзяцей ейных сьмерцю заб'ю, і даведаюцца ўсе цэрквы, што Я - Той, Які дасьледуе ныркі і сэрца, і Я дам вам кожнаму паводле справаў вашых. 24. Вам жа кажу і рэшце, што ў Тыятыры, усім, якія ня маюць гэтае навукі і якія не даведаліся так званых глыбіняў шата?на: "Ня ўскіну на вас іншага цяжару. 25. Толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль не прыйду". 26. І таму, хто пераможа і захавае справы Мае да канца, Я дам уладу над паганамі, 27. і ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным, як начыньне глінянае, яны будуць скрышаныя, як і Я атрымаў ад Айца Майго, 28. і дам яму зорку ранішнюю'. 29. Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам".

Разьдзел 3

1. І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: "Гэта кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: 'Ведаю справы твае, што ты маеш імя, што жывеш, ды ёсьць мёртвы. 2. Чувай і ўмацоўвай іншых, якія маюць паміраць, бо не знайшоў Я, каб справы твае былі споўненыя перад Богам. 3. Дык памятай, што ты атрымаў і пачуў, і захоўвай, і навярніся. А калі ня будзеш чуваць, Я прыйду да цябе, як злодзей, і ты ня будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе. 4. Ты маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не апаганілі адзеньня свайго, і яны будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны дастойныя. 5. Той, хто пераможа, будзе апрануты ў белыя шаты; і Я ня вы?тру імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае перад Айцом Маім і перад анёламі Ягонымі'. 6. Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам". 7. І анёлу царквы, што ў Філядэльфіі, напішы: "Гэта кажа Сьвяты, Праўдзівы, Які мае ключ Давідавы, Які адчыняе, і ніхто не замкне, і замыкае, і ніхто не адчыніць: 8. 'Ведаю справы твае. Вось, Я даў перад табою дзьверы адчыненыя, і ніхто ня можа замкнуць іх, бо ты маеш малую сілу, і захаваў слова Маё, і не адрокся ад імя Майго. 9. Вось, Я даю, што з сынагогі шата?на, з тых, якія называюць сябе Юдэямі, ды ня ёсьць, але хлусяць, вось, Я зраблю, каб яны прыйшлі, і пакланіліся перад нагамі тваімі, і даведаліся, што Я палюбіў цябе. 10. А што ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, і Я захаваю цябе ад гадзіны спакусы, якая мае прыйсьці на ўвесь сусьвет, каб спакусіць жыхароў зямлі. 11. Вось, Я прыходжу хутка. Трымай, што маеш, каб ніхто не забраў вянка твайго. 12. Таго, хто пераможа, Я зраблю слупом у бажніцы Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліму, які зыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае'. 13. Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам". 14. І анёлу Ляадыкейскае царквы напішы: "Гэта кажа Амэн, Сьведка верны і праўдзівы, Пачатак стварэньня Божага: 15. 'Ведаю справы твае, што ты ані халодны, ані гарачы; о, каб ты быў халодны або гарачы! 16. Дык дзеля таго, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я маю выплюнуць цябе з вуснаў Маіх. 17. Бо ты кажаш: "Я багаты і ўзбагаціўся, і ня маю аніякае патрэбы", і ня ведаеш, што ты - гаротны, і жалю годны, і ўбогі, і сьляпы, і голы. 18. Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае ў вагні, каб ты ўзбагаціўся, і белыя шаты, каб апрануўся, і каб ня выявіўся сорам галізны тваёй; і мазьзю вочнаю памаж вочы твае, каб ты бачыў. 19. Я тых, каго люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівы і навярніся. 20. Вось, стаю пры дзьвярах і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён - са Мною. 21. Таму, хто пераможа, Я дам сесьці са Мною на пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на пасадзе Ягоным'. 22. Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам"".

Разьдзел 4

1. Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, дзьверы адчыненыя ў небе, і першы голас, які я чуў, як трубы, які гаварыў са мною, сказаў: "Узыйдзі сюды, і Я пакажу табе, што мусіць стацца пасьля гэтага". 2. І я адразу стаўся ў духу, і вось, пасад стаяў у небе, і на пасадзе - Той, Які сядзеў. 3. І Той, Які сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя ясьпісовага і сардыновага, і вясёлка вакол пасаду, з выгляду падобная да шмарагду. 4. І вакол пасаду - дваццаць чатыры пасады, і на пасадах я ўбачыў дваццаць чатыры старосты, якія сядзелі, апранутыя ў белыя шаты, і на галовах яны мелі залатыя вянкі. 5. І з пасаду выходзяць маланкі, і грымоты, і галасы; і сем лямпаў агністых гараць перад пасадам, якія ёсьць сем духаў Божых. 6. І перад пасадам - мора шкляное, падобнае да крышталю, і па сярэдзіне пасаду і вакол пасаду - чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду. 7. І першая жывёла падобная да ільва, і другая жывёла падобная да цяляці, і трэцяя жывёла мела аблічча, як чалавек, і чацьвёртая жывёла падобная да арла, які ляціць. 8. І чатыры жывёлы, кожная па сабе, мелі па шэсьць крылаў наўкола, і ўсярэдзіне поўныя вачэй; і ня маюць яны супачынку ўдзень і ўначы, кажучы: "Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усеўладны, Які быў, і Які ёсьць, і Які прыходзіць". 9. І калі жывёлы аддаюць славу, і пашану, і падзяку Таму, Які сядзіць на пасадзе, Які жыве на вякі вякоў, 10. падаюць дваццаць чатыры старосты перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, і пакланяюцца Таму, Які жыве на вякі вякоў, і кідаюць свае вянкі перад пасадам, кажучы: 11. "Госпадзе, Ты годны атрымаць славу, і пашану, і моц, бо Ты стварыў усё, і воляй Тваёю яно ёсьць і створана".

Разьдзел 5

1. І ўбачыў я ў правіцы Таго, Які сядзеў на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і зьверху, запячатаную сямю пячаткамі. 2. І ўбачыў я дужага анёла, які абвяшчаў голасам вялікім: "Хто годны разгарнуць кнігу і зьняць пячаткі яе?" 3. І ніхто ня мог ані ў небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу і паглядзець у яе. 4. І я шмат плакаў, што не знайшлося нікога, годнага разгарнуць і прачытаць кнігу ці паглядзець у яе. 5. І адзін са старостаў кажа мне: "Ня плач! Вось, Леў, Які з калена Юды, корань Давіда, перамог, каб разгарнуць кнігу і зьняць сем пячатак яе". 6. І я ўбачыў, і вось, пасярод пасаду і чатырох жывёлаў, і пасярод старостаў Ягня стаіць, быццам забітае, Які мае сем рагоў і сем вачэй, што ёсьць сем духаў Божых, якія пасланыя на ўсю зямлю. 7. І Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы Таго, Які сядзеў на пасадзе. 8. І калі ўзяў Ён кнігу, чатыры жывёлы і дваццаць чатыры старосты ўпалі прад Ягнём, маючы кожны гусьлі і чары залатыя, поўныя фіміяму, які ёсьць малітвы сьвятых, 9. і сьпяваюць новы сьпеў, кажучы: "Ты годны ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо Ты быў забіты, і Ты Крывёю Сваёю адкупіў нас Богу з кожнага калена, і мовы, і пле?мяні, і народу, 10. і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі". 11. І я ўбачыў і пачуў голас мноства анёлаў вакол пасаду, і жывёлаў, і старостаў; і лік іхні быў дзясяткі тысячаў дзясяткаў тысячаў і тысячы тысячаў, 12. якія гаварылі голасам вялікім: "Годны Ягня забіты ўзяць моц, і багацьце, і мудрасьць, і магутнасьць, і пашану, і славу, і дабраслаўленьне". 13. І ўсякае стварэньне, што ў небе, і на зямлі, і пад зямлёй, і ў моры, і ўсё, што ў іх, я чуў, як казала: "Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці - дабраслаўленьне, і пашана, і слава, і ўлада на вякі вякоў". 14. І чатыры жывёлы казалі: "Амэн". І дваццаць чатыры старосты ўпалі і пакланіліся Таму, Які жыве на вякі вякоў.

Разьдзел 6

1. І ўбачыў я, што Ягня адчыніў адну з пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывёлаў, якая казала быццам голасам грымотным: "Прыйдзі і глядзі". 2. І я ўбачыў, і вось, конь белы, і вершнік на ім, які мае лук; і дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы, і каб перамагчы. 3. І калі Ён адчыніў другую пячатку, я пачуў другую жывёлу, якая казала: "Прыйдзі і глядзі". 4. І выйшаў іншы конь, чырвоны, і вершніку на ім дадзена забраць супакой з зямлі, і каб адны адных забівалі; і дадзены яму меч вялікі. 5. І калі Ён адчыніў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывёлу, якая казала: "Прыйдзі і глядзі". І я ўбачыў, і вось, конь чорны, і вершнік на ім, які меў шалі ў руцэ сваёй. 6. І пачуў я голас пасярод чатырох жывёлаў, які казаў: "Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і алівы і віна не марнуй". 7. І калі Ён адчыніў чацьвёртую пячатку, я пачуў голас чацьвёртае жывёлы, які казаў: "Прыйдзі і глядзі". 8. І я ўбачыў, і вось, конь бляды, і вершнік на ім, імя якому - Сьмерць, і пекла ідзе за ім; і дадзена ім улада забіваць на чацьвёртай частцы зямлі мячом, і голадам, і сьмерцю, і зьвярамі зямнымі. 9. І калі Ён адчыніў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам ду?шы забітых за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі. 10. І закрычалі яны голасам вялікім, кажучы: "Дакуль, Уладару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня помсьціш за кроў нашу жыхарам зямлі?" 11. І былі дадзены кожнаму вопраткі белыя, і сказалі ім, каб супакоіліся яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць [лік] таварышы іхнія і браты іхнія, што маюць быць забітыя, як і яны. 12. І ўбачыў я, калі Ён адчыніў шостую пячатку, і вось, стаўся вялікі землятрус, і сонца сталася чорным, як мех валасяны, і месяц стаўся, як кроў, 13. і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як дрэва фігавае, устрасанае вялікім ветрам, скідае недасьпелыя фігі свае, 14. і неба зьнікла, як скручваецца кніга, і кожная гара і востраў былі зрушаны з месцаў сваіх. 15. І валадары зямныя, і магнаты, і багатыры, і тысячнікі, і магутныя, і кожны слуга, і кожны свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах, 16. і кажуць горам і скалам: "Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці, 17. бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто зможа ўстаяць?"

Разьдзел 7

1. І пасьля гэтага я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня дзьмуў вецер ані на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва. 2. І ўбачыў я іншага анёла, які ўзыходзіў ад усходу сонца, які меў пячатку Бога Жывога. І закрычаў ён вялікім голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена чыні?ць шкоду зямлі і мору, кажучы: 3. "Не чыніце шкоды ані зямлі, ані мору, ані дрэвам, пакуль не паставім пячаткі на слугаў Бога нашага на ілбах іхніх". 4. І пачуў я лічбу папячатаных - сто сорак чатыры тысячы папячатаных з усякага калена сыноў Ізраіля. 5. З калена Юды - дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Рубэна - дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Гада - дванаццаць тысячаў папячатаных; 6. з калена Асэра - дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Нэфталі - дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Манасы - дванаццаць тысячаў папячатаных; 7. з калена Сымона - дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Левія - дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Ісахара - дванаццаць тысячаў папячатаных; 8. з калена Забулёна - дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Язэпа - дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Бэн'яміна - дванаццаць тясячаў папячатаных. 9. Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, вялізарны натоўп, палічыць якога ніхто ня мог, з усякага народу, і калена, і пле?мяні, і мовы стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іхніх, 10. і ўсклікаюць яны вялікім голасам, кажучы: "Збаўленьне Богу нашаму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці!" 11. І ўсе анёлы стаялі вакол пасаду, і старостаў, і чатырох жывёлаў, і ўпалі яны перад пасадам на абліччы свае, і пакланіліся Богу, 12. кажучы: "Амэн! Дабраслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і пашана, і моц, і магутнасьць Богу нашаму на вякі вякоў! Амэн!" 13. І адказаў адзін са старостаў, кажучы да мяне: "Гэтыя, апранутыя ў белыя вопраткі, хто яны і адкуль прыйшлі?" 14. І я сказаў яму: "Пане, ты ведаеш". І ён сказаў мне: "Гэта тыя, якія прыйшлі з вялікага прыгнёту. І яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці. 15. Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў бажніцы Ягонай; і Той, Які сядзіць на пасадзе, паселіцца ў іх, 16. і ня будуць яны хацець есьці, і ня будуць смагнуць, і ня будзе пячы іх сонца і аніякая сьпёка, 17. бо Ягня, Які пасярод пасаду, будзе пасьвіць іх і вадзі?ць іх да жывых крыніцаў водаў, і вы?цярэ Бог усякую сьлязіну з вачэй іхніх".

Разьдзел 8

1. І калі Ён адчыніў сёмую пячатку, сталася ціша ў небе недзе на паўгадзіны. 2. І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў. 3. І прыйшоў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, маючы кадзільню залатую; і далі яму шмат фіміяму, каб паклаў з малітвамі ўсіх сьвятых на залаты ахвярнік, што перад пасадам. 4. І ўзыйшоў дым фіміяму з малітвамі сьвятых з рукі анёла перад Богам. 5. І ўзяў анёл кадзільню, і напоўніў яе агнём з ахвярніку, і кінуў на зямлю; і сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус. 6. І сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб трубіць. 7. І першы анёл затрубіў, і стаўся град і агонь, зьмяшаныя з крывёю, і былі кінутыя на зямлю; і трэцяя частка дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная згарэла. 8. І другі анёл затрубіў, і быццам гара вялікая, якая агнём палае, была кінутая ў мора; і трэцяя частка мора сталася крывёю, 9. і памерла трэцяя частка стварэньняў у моры, якія маюць душу, і трэцяя частка караблёў была зьнішчаная. 10. І трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарыць, як паходня, і ўпала на трэцюю частку рэкаў і на крыніцы водаў, 11. і імя зоркі называецца Палын; і трэцяя частка [водаў] сталася палынам, і шмат людзей памерла ад тых водаў, бо яны сталі горкімі. 12. І чацьвёрты анёл затрубіў, і былі пашкоджаная трэцяя частка сонца і трэцяя частка месяца і трэцяя частка зорак, каб трэцяя частка іх зацьмілася, і каб дзень не сьвяціў трэцюю частку сваю, і падобна ноч. 13. І ўбачыў я, і пачуў, як адзін анёл ляцеў пасярод неба і казаў вялікім голасам: "Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад рэшты трубных галасоў трох анёлаў, якія маюць трубіць!"

Разьдзел 9

1. І пяты анёл затрубіў, і ўбачыў я зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і дадзены быў ёй ключ ад калодзежа бездані, 2. і адчыніла яна калодзеж бездані, і ўзьняўся з калодзежа дым, як дым з вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа. 3. І з дыму выйшла на зямлю саранча, і дадзена ёй улада, як маюць уладу скарпіёны зямныя, 4. і сказана ёй, каб не рабіла шкоды ані траве зямной, ані ўсякай зеляніне, ані ўсякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаткі Божае на ілбах сваіх; 5. і дадзена ёй, каб не забівала іх, але каб мучыліся пяць месяцаў, і мучэньне ад яе, як мучэньне ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека. 6. І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці і ня знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, і сьмерць будзе ўцякаць ад іх. 7. І выгляд саранчы падобны да коней, якія падрыхтаваныя на бітву, і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя да золата; і абліччы ў яе быццам абліччы чалавечыя, 8. і яна мела валасы, як валасы жаночыя, і зубы ў яе былі як у ільвоў. 9. І мела яна панцыры, быццам панцыры жалезныя, і гук крылаў ейных быццам гук мноства калясьніцаў, [запрэжаных] коньмі, якія бягуць на бітву, 10. і мае хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і ў хвастах у яе джала было, і ўлада яе - рабіць шкоду людзям пяць месяцаў, 11. і мае над сабою за валадара анёла бездані, імя якога па-гебрайску - Абаддон, а па-грэцку мае імя Апаліён. 12. Адно гора прайшло; вось, прыходзяць яшчэ два горы за ім. 13. І шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніку, што перад Богам, 14. які казаў да шостага анёла, што меў трубу: "Разьвяжы чатырох анёлаў, якія зьвязаныя над вялікай ракой Эўфрат". 15. І былі разьвязаныя чатыры анёлы, якія былі падрыхтаваныя на гадзіну, і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэцюю частку людзей. 16. І лічба коннага войска - два дзясяткі тысячаў дзясятка тысячаў; і я пачуў лічбу іх. 17. І гэтак я ўбачыў коней у відзежы, і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя і гіяцынтавыя, і серкавыя; і галовы ў коней, як галовы ў ільвоў, і з храпаў іхніх выходзіць агонь, і дым, і серка. 18. Трыма гэтымі была забіта трэцяя частка людзей: агнём, і дымам, і серкаю, што выходзілі з храпаў іхніх. 19. Бо ўлада іхняя - у храпах іхніх, а хвасты іхнія падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі робяць шкоду. 20. І рэшта людзей, што не была забітая плягамі гэтымі, не навярнулася ад справаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і срэбным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, якія ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць; 21. і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, і ад чараўніцтва свайго, і ад распусты сваёй, і ад крадзяжоў сваіх.

Разьдзел 10

1. І ўбачыў я іншага дужага анёла, які зыходзіў з неба, які быў апрануты ў воблака, і вясёлка над галавою яго, і аблічча ягонае - як сонца, і ногі ягоныя - як слупы агністыя, 2. і меў ён у руцэ сваёй кніжку адкрытую, і паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую - на зямлю, 3. і закрычаў голасам вялікім, як леў рыкае; і калі закрычаў ён, прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі. 4. І калі прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі, я меўся пісаць, і пачуў я голас з неба, які казаў мне: "Запячатай тое, што прагаварылі сем грымотаў, і не пішы гэтага". 5. І анёл, якога я бачыў, як ён стаяў на моры і на зямлі, узьняў руку сваю да неба 6. і пакляўся Тым, Які жыве на вякі вякоў, Які стварыў неба, і што ў ім, і зямлю, і што на ёй, і мора, і што ў ім, што часу ўжо ня будзе, 7. але ў дні голасу сёмага анёла, калі той мае трубіць, зьдзейсьніцца таямніца Божая, як Ён дабравесьціў слугам Сваім прарокам. 8. І голас, які я чуў з неба, ізноў прагаварыў да мяне і сказаў: "Ідзі, вазьмі кніжку разгорнутую ў руцэ анёла, які стаіць на моры і на зямлі". 9. І я падыйшоў да анёла, кажучы яму: "Дай мне кніжку". І ён кажа мне: "Вазьмі і зьеш яе; і яна стане горкаю ў тваім жываце, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд". 10. І я ўзяў кніжку з рукі анёла, і зьеў яе, і яна была ў вуснах маіх салодкая, як мёд, і калі я зьеў яе, стаў горкім жывот мой. 11. І ён кажа мне: "Ты мусіш ізноў прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і валадароў многіх".

Разьдзел 11

1. І дадзена мне трысьціна, падобная да кія; і анёл, які стаяў, сказаў: "Паўстань і памерай бажніцу Божую, і ахвярнік, і тых, якія пакланяюцца ў ім, 2. а падворак, які перад бажніцаю, кінь прэч і ня мерай яго, бо ён дадзены паганам, і горад сьвяты яны будуць таптаць сорак два месяцы. 3. І Я дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысяча дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён, апранутыя ў зрэбніцу". 4. Гэта ёсьць дзьве аліўкі і два сьвечнікі, якія перад Богам зямлі стаяць. 5. І калі хто захоча зрабіць ім шкоду, агонь выйдзе з вуснаў іхніх і зьесьць ворагаў іхніх; і калі хто захоча зрабіць ім шкоду, мусіць ён быць забіты. 6. Яны маюць уладу замкнуць неба, каб не ішоў дождж у дні праракаваньня іхняга; і маюць уладу над водамі перамяніць іх у кроў і біць зямлю ўсякімі плягамі, калі толькі захочуць. 7. І калі яны скончаць сьведчаньне сваё, зьвер, які выйдзе з бездані, учы?ніць вайну з імі, і пераможа іх, і заб'е іх. 8. І целы іхнія [будуць ляжаць] на вуліцы вялікага гораду, які называецца духоўна Садом і Эгіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны. 9. І з плямёнаў, і каленаў, і моваў, і народаў будуць глядзець на целы іхнія тры дні і паўдня, і не дазволяць пакласьці целы іхнія ў магілы. 10. І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх і весяліцца, і будуць пасылаць адны адным падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі жыхароў зямлі. 11. І праз тры дні і паўдня дух жыцьця ад Бога зыйшоў на іх, і яны сталі на ногі свае, і страх вялікі прыйшоў на тых, якія бачылі іх. 12. І пачулі яны голас вялікі з неба, які казаў да іх: "Узыйдзіце сюды". І яны ўзыйшлі ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія. 13. І ў тую гадзіну стаўся землятрус вялікі, і дзясятая частка гораду завалілася, і былі забітыя ў землятрусе сем тысячаў імёнаў чалавечых; і іншыя сталіся ў страху і аддалі славу Богу Нябеснаму. 14. Другое гора прайшло; вось, трэцяе гора прыходзіць хутка. 15. І сёмы анёл затрубіў, і сталіся вялікія галасы ў небе, якія казалі: "Валадарствы сьвету сталіся [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і Ён будзе валадарыць на вякі вякоў". 16. І дваццаць чатыры старосты, якія сядзелі перад Богам на пасадах сваіх, упалі на абліччы свае і пакланіліся Богу, 17. кажучы: "Дзякуем Табе, Госпадзе, Бог Усеўладны, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіш, што прыняў Ты моц Сваю вялікую і запанаваў. 18. І загневаліся пагане, і прыйшоў гнеў Твой, і пара? судзі?ць мёртвых і даць нагароду слугам Тваім прарокам і сьвятым, і тым, якія баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і вынішчыць тых, якія нішчаць зямлю". 19. І адчынілася бажніца Божая ў небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў бажніцы Ягонай; і сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і землятрус, і град вялікі.

Разьдзел 12

1. І знак вялікі зьявіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак. 2. І, маючы ва ўлоньні, яна крычала ад болю і мукаў радзі?наў. 3. І зьявіўся другі знак у небе: і вось, цмок вялікі, чырвоны, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных - сем дыядэмаў, 4. і хвост ягоны сьцягнуў трэцюю частку зорак нябесных і кінуў іх на зямлю. І цмок стаў перад жанчынай, якая мелася нарадзіць, каб, калі народзіць, зжэрці дзіця яе. 5. І нарадзіла сына, хлопчыка, які мае пасьвіць усе народы кіем жалезным; і было ўзятае дзіцятка яе да Бога і пасаду Ягонага, 6. і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мае месца, падрыхтаванае ад Бога, каб там жывілі яе тысяча дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён. 7. І сталася вайна ў небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі супраць цмока, і цмок ваяваў, і анёлы ягоныя, 8. і не адолелі, і не знайшлося ўжо месца для іх у небе. 9. І быў скінуты цмок вялікі, зьмей старадаўны, называны д'яблам і шата?нам, які падманвае ўвесь сусьвет, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя былі скінутыя з ім разам. 10. І пачуў я голас вялікі, які казаў у небе: "Цяпер сталася збаўленьне, і моц, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінавальнік братоў нашых, які дзень і ноч вінаваціў іх перад Богам нашым. 11. І яны перамаглі яго праз кроў Ягняці і праз слова сьведчаньня свайго і не любілі душы? сваёй аж да сьмерці. 12. Дзеля гэтага весяліцеся, нябёсы і тыя, якія жывуць у іх! Гора жыхарам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас д'ябал, маючы ярасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу". 13. І калі ўбачыў цмок, што ён скінуты на зямлю, пачаў ён перасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка. 14. І дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на месца сваё ад аблічча зьмея, дзе будуць жыві?ць яе пару?, поры і паўпары?. 15. І пусьціў зьмей за жанчынай з пашчы сваёй ваду, як раку, каб рака панесла яе. 16. І дапамагла зямля жанчыне, і расчыніла зямля вусны свае, і праглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй. 17. І разьюшыўся цмок на жанчыну, і пайшоў ваяваць з рэштай насеньня яе, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.

Разьдзел 13

1. І стаў я на пяску марскім; і ўбачыў зьвера, які выходзіў з мора, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў; і на рагах ягоных - дзесяць дыядэмаў, і на галовах ягоных - імя блюзьнерскае. 2. І зьвер, якога я ўбачыў, быў падобны да ры?ся, і ногі ягоныя - як у мядзьведзя, і пашча ягоная - як пашча ільвіная. І даў яму цмок моц сваю, і пасад свой, і ўладу вялікую. 3. І ўбачыў я, [што] адна з галоваў ягоных, быццам на сьмерць забітая, і рана яе сьмяротная аздаравілася, і зьдзіўлялася ўся зямля ззаду за зьверам, 4. і пакланіліся цмоку, які даў уладу зьверу, і пакланіліся зьверу, кажучы: "Хто падобны да гэтага зьвера? Хто можа ваяваць з ім?" 5. І дадзены яму вусны, якія гавораць вялікае і блюзьнерскае, і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы. 6. І ён расчыніў вусны свае дзеля блюзьнерства супраць Бога, каб блюзьніць на імя Ягонае, і намёт Ягоны, і тых, якія жывуць у небе. 7. І дадзена яму весьці вайну са сьвятымі і перамагчы іх; і дадзена яму ўлада над усякім каленам, і моваю, і народам. 8. І паклоняцца яму ўсе жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця Ягняці, забітага ад заснаваньня сьвету. 9. Калі хто мае вуха, няхай слухае. 10. Калі хто вядзе ў палон, у палон пойдзе; калі хто мячом забівае, сам мусіць быць мячом забіты. Тут цярплівасьць і вера сьвятых. 11. І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў з зямлі, і меў ён два рогі, падобныя да ягнячых, і гаварыў, як цмок. 12. І ўсю ўладу першага зьвера ён зьдзяйсьняе перад ім, і робіць, каб зямля і жыхары яе пакланяліся першаму зьверу, у якога аздароўлена сьмяротная рана ягоная. 13. І робіць знакі вялікія, і агонь робіць, каб зыходзіў з неба на зямлю перад людзьмі, 14. і падманвае жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зьверам, кажучы жыхарам зямлі зрабіць вобраз зьвера, што мае рану ад мяча і жывы. 15. І дадзена яму даць дух вобразу зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў, і рабіў, каб тыя, хто не паклоніцца вобразу зьвера, былі забітыя. 16. І робіць, каб усім: малым, і вялікім, і багатым, і ўбогім, і свабодным, і слугам - была дадзена пазнака на правую руку іхнюю або на лоб іхні, 17. і каб ніхто ня мог ані купляць, ані продаць, акрамя тых, якія маюць пазнаку, або імя зьвера, або лічбу імя ягонага. 18. Вось тут мудрасьць. Хто мае розум, няхай аблі?чыць лічбу зьвера; бо гэта лічба чалавека, і лічба яго шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць.

Разьдзел 14

1. І ўбачыў я, і вось, Ягня, Які стаіць на гары Сыён, і з Ім сто сорак чатыры тысячы тых, якія маюць імя Айца Ягонага, напісанае на ілбах іхніх. 2. І пачуў я голас з неба, як голас мноства водаў, і як голас грымотаў вялікіх; і пачуў я голас гусьляроў, якія граюць на гусьлях сваіх. 3. І яны сьпяваюць нібы новы сьпеў перад пасадам, і перад чатырма жывёламі, і старостамі, і ніхто ня мог навучыцца сьпеву [гэтаму], акрамя ста сарака чатырох тысячаў, што адкупленыя ад зямлі. 4. Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны ў дзявоцтве; гэта тыя, якія ідуць за Ягнём, куды б Ён ні ішоў. Яны адкуплены ад людзей, першынцы Богу і Ягняці, 5. і ў вуснах іхніх ня знойдзена хітраваньня, бо яны беззаганныя перад пасадам Божым. 6. І ўбачыў я іншага анёла, які ляцеў па сярэдзіне неба, які меў вечнае Эва?нгельле, каб дабравесьціць жыхарам зямлі, і ўсім народам, і каленам, і мовам, і плямёнам, 7. і казаў голасам вялікім: "Бойцеся Бога, і аддайце Яму славу, бо прыйшла гадзіна суду Ягонага, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і крыніцы водаў". 8. І іншы анёл ішоў за [ім], кажучы: "Упаў, упаў Бабілон, горад вялікі, бо віном ярасьці распусты сваёй ён напаіў усе народы". 9. І трэці анёл ішоў за імі, кажучы голасам вялікім: "Калі хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і атрымлівае пазнаку на лоб свой ці на руку сваю, 10. той будзе піць віно ярасьці Божай, налітае без дамешкаў у келіх гневу Ягонага, і будзе мучыцца ў агні і ў серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём, 11. і дым мучэньняў іхніх будзе ўзьнімацца на вякі вякоў, і ня будуць мець супачынку ўдзень і ўначы тыя, якія пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму, і якія атрымалі пазнаку імя ягонага. 12. Тут цярплівасьць сьвятых; тут тыя, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і веру Ісусаву". 13. І пачуў я голас з неба, які казаў мне: "Напішы: "Адгэтуль шчасьлівыя мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе. Так, - кажа Дух, - каб яны супачылі ад працаў сваіх, і справы іхнія ідуць за імі"". 14. І ўбачыў я, і вось воблака белае, і на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага, Які мае на галаве Сваёй вянок залаты і ў руцэ Сваёй - серп востры. 15. І іншы анёл выйшаў з бажніцы, закрычаўшы вялікім голасам да Таго, Які сядзеў на воблаку: "Пашлі серп Твой і жні; бо прыйшла для Цябе гадзіна жніва, бо сасьпела жніво зямлі". 16. І кінуў Той, Які сядзеў на воблаку, серп Свой на зямлю, і зямля была зжатая. 17. І іншы анёл выйшаў з бажніцы, што ў небе, сам маючы серп востры. 18. І іншы анёл выйшаў з ахвярніку, маючы ўладу над агнём, і ўсклікнуў крыкам вялікім да таго, які меў серп востры, кажучы: "Пашлі твой серп востры і зьбяры ягады вінаграду зямлі, бо сасьпелі гронкі яго". 19. І кінуў анёл серп свой на зямлю, і сабраў вінаград зямлі, і кінуў яго ў тоўчню вялікую ярасьці Божай; 20. і патапталі яго ў тоўчні вонках гораду, і выйшла кроў з тоўчні аж да цугляў конскіх на тысячу шэсьцьсот стадыяў.

Разьдзел 15

1. І ўбачыў я іншы знак у небе, вялікі і дзіўны: сем анёлаў, якія маюць сем плягаў апошніх, якімі мае скончыцца ярасьць Божая. 2. І ўбачыў я нібы мора шкляное, зьмяшанае з агнём, і тых, якія перамагалі зьвера, і вобраз ягоны, і пазна?ку ягоную, і лічбу імя ягонага, якія стаяць на моры шкляным, маючы гусьлі Божыя, 3. і сьпяваюць сьпеў Майсея, слугі Божага, і сьпеў Ягняці, кажучы: "Вялікія і дзіўныя справы Твае, Госпадзе, Божа Ўсеўладны! Справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару сьвятых! 4. Хто не спалохаецца Цябе, Госпадзе, і не праславіць імя Тваё? Бо адзін Ты - Сьвяты, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо выявілася праведнасьць Твая". 5. І пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, адчынілася бажніца намёту сьведчаньня ў небе, 6. і выйшлі з бажніцы сем анёлаў, якія маюць сем плягаў, апранутыя ў ільняную вопратку, чыстую і сьветлую, і падперазаныя праз грудзі паясамі залатымі. 7. І адна з чатырох жывёлаў дала сямі анёлам сем чараў залатых, поўных ярасьці Бога, Які жыве на вякі вякоў. 8. І напоўнілася бажніца дымам ад славы Божае і ад моцы Ягонае, і ніхто ня мог увайсьці ў бажніцу, пакуль ня зьдзейсьніліся сем плягаў сямі анёлаў.

Разьдзел 16

1. І пачуў я голас вялікі з бажніцы, які казаў да сямі анёлаў: "Ідзіце і выліце чары ярасьці Божай на зямлю". 2. І пайшоў першы, і выліў чару сваю на зямлю, і сталіся благія і балючыя скулы ў людзей, якія мелі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. 3. І другі анёл выліў чару сваю ў мора, і сталася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая памерла ў моры. 4. І трэці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў, і сталася кроў. 5. І пачуў я анёла водаў, які казаў: "Праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць, і Які быў, і Сьвяты, што прысудзіў гэтак, 6. бо кроў сьвятых і прарокаў яны вылілі, і кроў Ты даў ім піць, бо яны вартыя гэтага". 7. І пачуў я іншага, які казаў з ахвярніку: "Так, Госпадзе, Божа Ўсеўладны, слушныя і праведныя суды Твае". 8. І чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца, і дадзена яму палі?ць людзей у агні. 9. І палі?ла людзей вялікая сьпёка, і блюзьнілі яны на імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб даці Яму славу. 10. І пяты анёл выліў чару сваю на пасад зьвера, і сталася, што валадарства ягонае зацемрылася, і яны кусалі языкі свае ад болю 11. і блюзьнілі на Бога Нябеснага дзеля болю свайго і скулаў сваіх, і не навярнуліся ад справаў сваіх. 12. І шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат, і высахла вада ў ёй, каб падрыхтаваны быў шлях для валадароў, што ад усходу сонца. 13. І ўбачыў я: з вуснаў цмока, і з вуснаў зьвера, і з вуснаў фальшывага прарока - тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў, 14. бо гэта - духі дэманаў, якія чыняць знакі, якія зыходзяць на валадароў зямлі і ўсяго сусьвету, каб сабраць іх на вайну ў той дзень вялікі Бога Ўсеўладнага. 15. "Вось, прыходжу, як злодзей. Шчасьлівы той, які чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым, і каб ня бачылі непрыстойнасьці ягонай". 16. І сабраў ён іх у месцы, якое па-гебрайску называецца Армагедон. 17. І сёмы анёл выліў чару сваю на паветра, і выйшаў голас вялікі з бажніцы нябеснай, ад пасаду, які казаў: "Сталася!" 18. І сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус стаўся вялікі, якога ня было ад [часоў], як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткі землятрус! Такі вялікі! 19. І распаўся горад вялікі на тры часткі, і гарады паганаў заваліліся; і Бабілон вялікі быў узгаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна ярасьці гневу Ягонага. 20. І кожны востраў уцёк, і гары не знайшлося. 21. І град вялікі, як таленты, зыйшоў з неба на людзей, і блюзьнілі людзі на Бога за плягу граду, бо вельмі вялікая была пляга гэтая.

Разьдзел 17

1. І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, і загаварыў да мяне, кажучы мне: "Хадзем, я пакажу табе суд над распусьніцай вялікай, якая сядзіць над мноствам водаў, 2. з якою распусьнічалі валадары зямныя, і віном распусты яе напіваліся жыхары зямлі". 3. І ён павёў мяне ў духу ў пустыню, і ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на зьверы пунсовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў. 4. І жанчына была апранутая ў пурпур і кармазын, і аздобленая золатам і каштоўным камянём і пэрламі, і мела ў руцэ сваёй келіх залаты, поўны агіды і нячыстасьці распусты яе. 5. І на ілбе ў яе напісанае імя: "Тайна, Бабілон вялікі, маці распусьніц і агіды зямлі". 6. І ўбачыў я, што жанчына напіваецца крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І, бачачы яе, я зьдзіўляўся зьдзіўленьнем вялікім. 7. І сказаў мне анёл: "Што ты зьдзіўляешся? Я табе скажу таямніцу жанчыны і зьвера, які носіць яе і мае сем галоваў і дзесяць рагоў. 8. Зьвер, якога ты бачыў, быў і няма яго, і мае выйсьці з бездані і пайсьці на загубу; і зьдзівяцца жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця ад заснаваньня сьвету, гледзячы на зьвера, што ён быў і няма яго, хаця ёсьць. 9. Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоваў ёсьць сем гор, дзе жанчына сядзіць на іх, 10. і сем валадароў: пяць упалі, і адзін ёсьць, іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, нядоўга мусіць быць. 11. І зьвер, які быў і няма яго, ён - восьмы, і з сямі ён ёсьць, і на загубу ідзе. 12. І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія яшчэ не атрымалі валадарства, але атрымаюць уладу, як валадары, на адну гадзіну разам са зьверам. 13. Яны маюць адну думку і моц і аддаюць уладу сваю зьверу. 14. Яны будуць ваяваць з Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён - Пан паноў і Валадар валадароў, а тыя, што з Ім, - пакліканыя, і выбраныя, і верныя". 15. І кажа мне: "Воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць распусьніца, - гэта плямёны, і натоўпы, і народы, і мовы. 16. І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьверы, яны зьненавідзяць распусьніцу, і спустошаць яе, і аголяць, і цела яе зьядуць, і спаляць яе ў агні; 17. бо Бог даў у сэрца іхняе ўчыні?ць думку Ягоную і ўчыні?ць аднадумна, і даць валадарства сваё зьверу, дакуль ня зьдзейсьняцца словы Божыя. 18. І жанчына, якую ты бачыў, - гэта горад вялікі, які мае валадарства над валадарамі зямнымі".

Разьдзел 18

1. І пасьля гэтага ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў вялікую ўладу; і зямля была асьветленая ад славы ягонае; 2. І закрычаў ён моцна голасам вялікім, кажучы: "Упаў, упаў Бабілон, вялікая [распусьніца], і стаўся жытлом дэманаў, і прыбежышчам усякага духа нячыстага, і прыбежышчам усякай птушкі нячыстай і брыдкай, 3. бо віном ярасьці распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і валадары зямныя распусьнічалі з ёю, і купцы зямныя ўзбагаціліся з моцы раскошы яе". 4. І пачуў я іншы голас з неба, які казаў: "Выйдзі з яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць у грахах ейных і не атрымаць плягаў ейных; 5. бо дайшлі грахі яе аж да неба, і ўзгадаў Бог пра нягоднасьці ейныя. 6. Аддайце ёй, як і яна аддавала вам, і падвойце ёй удвая паводле справаў яе; у келіх, у які яна налівала, наліце ёй удвая. 7. Колькі ўслаўляла яна сябе і раскашавалася, гэтулькі дайце ёй мучэньняў і плачу, бо яна казала ў сэрцы сваім: "Сяджу валадаркаю, і не ўдава я, і плачу не пабачу". 8. Дзеля гэтага ў адзін дзень прыйдуць на яе плягі: сьмерць, і плач, і голад; і будзе яна спалена ў агні, бо магутны Госпад Бог, Які су?дзіць яе. 9. І загалосяць, і заплачуць па ёй валадары зямныя, якія распусьнічалі і раскашаваліся з ёю, калі ўбачаць дым ад пажару яе, 10. стаўшы здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе і кажучы: "Гора, гора, горад вялікі Бабілён, горад магутны, бо ў адну гадзіну прыйшоў суд твой!" 11. І купцы зямныя галосяць і плачуць па ёй, бо ніхто ўжо не купля?е тавару іхняга, 12. тавару з золата, і срэбра, і каштоўнага камяня?, і пэрлаў, і вісону, і пурпуру, і ядвабу, і кармазыну, і ўсякага дрэва пахкага, і ўсякіх вырабаў з косьці слановае, і ўсякіх вырабаў з дрэва каштоўнага, і медзі, і жалеза, і мармуру, 13. і цынамону, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і мукі?, і пшаніцы, і скаціны, і авечак, і коней, і вазоў, і целаў і душаў чалавечых. 14. "І плады пажаданьня душы? тваёй адыйшлі ад цябе; і ўсё тлустае і бліскучае адыйшло ад цябе, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага". 15. І гандляры гэтага, якія ўзбагаціліся ад яе, будуць стаяць здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе, плачучы і галосячы, 16. і кажучы: "Гора, гора, горад вялікі, апрануты ў вісон, і пурпур, і кармазын, і аздоблены золатам, і каштоўным каменем, і пэрламі, 17. бо ў адну гадзіну спустошана гэткае багацьце!" І ўсе корнікі, і ўсе людзі на караблях, і маракі, і ўсе працаўнікі на моры сталі здалёк 18. і, гледзячы на дым ад пажару яго, крычалі, кажучы: "Што падобна да гораду вялікага?" 19. І сыпалі пыл на галовы свае, і крычалі, плачучы і галосячы, і кажучы: "Гора, гора, горад вялікі, у якім узбагаціліся ад каштоўнасьцяў ягоных усе, хто мае караблі на моры, бо ў адну гадзіну ён спустошаны! 20. Весяліся над ім, неба і сьвятыя апосталы і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго". 21. І ўзяў адзін дужы анёл камень вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, кажучы: "Гэтак з сілаю кінуты будзе Бабілон, горад вялікі, і ўжо больш ня знойдуць яго. 22. І ня будзе ўжо чутно ў табе голасу гусьляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і трубачоў, і ня будзе знойдзена ўжо ў табе ніводнага майстра, і ніякага майстэрства, і голас млыновы ня будзе чутны ўжо ў табе, 23. і ня зьявіцца ўжо ў табе сьвятло сьвечкі, і голас жаніха і нявесты ня будзе чутны ўжо ў табе, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо чараваньнямі тваімі падманутыя ўсе народы. 24. І знойдзена ў ім кроў прарокаў, і сьвятых, і ўсіх забітых на зямлі".

Разьдзел 19

1. І пасьля гэтага пачуў я голас вялікі мноства народу ў небе, які казаў: "Альлелюя! Збаўленьне, і слава, і пашана, і моц Госпаду, Богу нашаму! 2. Бо слушныя і справядлівыя суды Ягоныя, бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, якая паганіла зямлю распустаю сваёю, і адпомсьціў за кроў слугаў Сваіх ад рукі яе". 3. І другі раз сказалі: "Альлелюя! І дым яе ўзьнімаецца на вякі вякоў". 4. І ўпалі дваццаць чатыры старосты і чатыры жывёлы, і пакланіліся Богу, Які сядзіць на пасадзе, кажучы: "Амэн! Альлелюя!" 5. І выйшаў голас з пасаду, які казаў: "Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя, хто баіцца Яго, і малыя, і вялікія!" 6. І пачуў я быццам голас шматлікага натоўпу, і быццам голас мноства водаў, і быццам гук грымотаў моцных, які казаў: "Альлелюя! Бо заваладарыў Госпад, Бог Усеўладны! 7. Узрадуемся, і ўзьвесялімся, і дамо славу Яму, бо прыйшло вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе". 8. І дадзена ёй, каб апранулася ў вісон чысты і сьветлы; вісон жа - гэта праведнасьць сьвятых. 9. І кажа мне: "Напішы: "Шчасьлівыя тыя, якія пакліканыя на вячэру вясельную Ягняці". І кажа мне: "Гэта ёсьць праўдзівыя словы Божыя". 10. І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, і ён кажа мне: "Глядзі, не [рабі гэтага]! Я - таварыш твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва". 11. І ўбачыў я неба адчыненае, і вось, конь белы, і Вершнік на ім, называ?ны Верным і Праўдзівым, і Ён паводле справядлівасьці су?дзіць і ваюе. 12. А вочы Ягоныя - як полымя агню, і на галаве Ягонай шмат дыядэмаў. Ён мае імя напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго Самога. 13. І Ён апрануты ў шату акрываўленую, і імя Ягонае называецца: "Слова Божае". 14. І ішлі за Ім войскі нябесныя на белых конях, апранутыя ў вісон белы і чысты. 15. І з вуснаў Ягоных выходзіць меч востры, каб ім біць народы, і Ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным. І Ён топча тоўчню віна ярасьці і гневу Бога Ўсеўладнага. 16. І мае на шатах і на сьцягне Сваім напісанае імя: "Валадар валадароў і Пан паноў". 17. І ўбачыў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы. І крыкнуў ён голасам вялікім, кажучы да ўсіх птушак, якія лёталі па сярэдзіне неба: "Хадземце, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога, 18. каб есьці целы валадароў, і целы тысячнікаў, і целы дужых, і целы коней і вершнікаў на іх, і целы ўсіх свабодных, і слугаў, і малых, і вялікіх". 19. І ўбачыў я зьвера, і валадароў зямных, і войскі іхнія, сабраныя дзеля вайны з Тым, Які сядзіць на кані, і з войскам Ягоным. 20. І быў схоплены зьвер, і з ім - фальшывы прарок, які рабіў знакі перад ім, якімі падманваў тых, што атрымалі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. Абодва жыўцом былі кінутыя ў возера агню, якое палае серкаю. 21. І рэшта была забітая мячом Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. І ўсе птушкі насыціліся целамі іхнімі.

Разьдзел 20

1. І ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў ключ ад бездані і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй. 2. І ён меў уладу над цмокам, зьмеем старадаўным, які ёсьць д'ябал і шата?н, і зьвязаў яго на тысячу гадоў, 3. і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і запячатаў зьверху, каб не падманваў больш народы, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; і пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на малы час. 4. І ўбачыў я пасады, і сядзелі на іх, і быў ім дадзены суд, і ду?шы сьцятых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зьверу і вобразу ягонаму, і не атрымалі пазнакі на лоб свой і на руку сваю. І яны ажылі, і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў. 5. А рэшта мёртвых не ажыла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта - уваскрасеньне першае. 6. Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае частку ў першым уваскрасеньні; над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў. 7. І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе разьвязаны шата?н з вязьніцы сваёй 8. і выйдзе падманваць народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба іх - як пясок марскі. 9. І яны ўзыйшлі на шырыню зямлі, і атачылі табар сьвятых і горад улюбёны, і зыйшоў ад Бога з неба агонь, і зжор іх. 10. І д'ябал, які падманваў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе зьвер і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзень і ўначы на вякі вякоў. 11. І ўбачыў я вялікі белы пасад і Таго, Які сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцяклі зямля і неба, і не знайшлося месца для іх. 12. І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам. І былі разгорнутыя кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, якая ёсьць [кніга] жыцьця, і былі суджаныя мёртвыя паводле напісанага ў кнігах, паводле справаў сваіх. 13. І аддала мора мёртвых, што ў ім, і сьмерць ды пекла аддалі мёртвых, што ў іх; і быў суджаны кожны паводле справаў сваіх. 14. А сьмерць і пекла кінутыя ў возера агню. Гэта - другая сьмерць. 15. І калі хто ня быў знойдзены запісаным у кнізе жыцьця, той быў кінуты ў возера агню.

Разьдзел 21

1. І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма. 2. І я, Ян, убачыў горад сьвяты, новы Ерусалім, які зыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны як нявеста, аздобленая дзеля мужа свайго. 3. І пачуў я голас вялікі з неба, які казаў: "Вось, намёт Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і яны будуць народам Ягоным, і Сам Бог будзе з імі Богам іхнім. 4. І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані крыку, ані болю, бо ранейшае прамінула". 5. І сказаў Той, Які сядзіць на пасадзе: "Вось, Я раблю ўсё новае". І кажа мне: "Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя". 6. І сказаў мне: "Сталася. Я - Альфа і Амэга, Пачатак і Канец. Таму, хто смагне, Я дам з крыніцы вады жыцьця дарма. 7. Той, хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам. 8. А для палахлівых і няверных, і брыдотных, і забойцаў, і распусьнікаў, і чараўнікоў, і ідалапаклоньнікаў, і ўсіх хлусьлівых частка іхняя - у возеры, якое палае агнём і серкаю. Гэта - другая сьмерць". 9. І прыйшоў да мяне адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, напоўненых сямю апошнімі плягамі, і загаварыў са мною, кажучы: "Хадзем, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці". 10. І ён павёў мяне ў духу на вялікую і высокую гару, і паказаў мне горад вялікі, сьвяты Ерусалім, які зыходзіць з неба ад Бога 11. і мае славу Божую. І сьвятло ягонае падобнае да найкаштоўнейшага камяня, накшталт камяня ясьпісу, што зіхціць, як крышталь. 12. І ён мае мур вялікі і высокі, і мае дванаццаць брамаў, і на брамах - дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраіля: 13. ад усходу - тры брамы, ад поўначы - тры брамы, ад поўдня - тры брамы, ад захаду - тры брамы. 14. І мур гораду мае дванаццаць падмуркаў, і на іх - імёны дванаццаці апосталаў Ягняці. 15. І той, які гаварыў са мною, меў трысьціну залатую, каб абмераць горад, і брамы ягоныя, і мур ягоны. 16. І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І ён абмераў горад трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня, і шырыня, і вышыня ягоныя аднолькавыя. 17. І ён абмераў мур ягоны на сто сорак чатыры локці меры чалавечае, якая і анёльская. 18. І мур быў пабудаваны з ясьпісу; а горад - з чыстага золата, падобнага да шкла чыстага. 19. І падмуркі муру гораду аздобленыя ўсякім каштоўным камянём: першы падмурак - я?сьпісам, другі - сапфірам, трэці - хальцэдонам, чацьвёрты - шмара?гдам, 20. пяты - сардоніксам, шосты - сардам, сёмы - хрызалітам, восьмы - бэры?лем, дзявяты - тапазам, дзясяты - хрызапразам, адзінаццаты - гіяцынтам, дванаццаты - амэтыстам. 21. І дванаццаць брамаў - з дванаццаці пэрлінаў, кожная брама - з аднае пэрліны. І вуліца гораду - з чыстага золата, празрыстага, як шкло. 22. І бажніцы ў ім ня ўбачыў я, бо Госпад, Бог Усеўладны, і Ягня - гэта бажніца ягоная. 23. І горад ня мае патрэбы ані ў сонцы, ані ў месяцы, каб асьвятлялі яго, бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны - Ягня. 24. І народы збаўленых будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і валадары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свае. 25. І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе. 26. І прынясуць у яго славу і гонар народаў. 27. І ня ўвойдзе ў яго ніхто апаганены і той, хто чы?ніць агіду і хлусьню, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягняці.

Разьдзел 22

1. І паказаў ён мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выходзіла з пасаду Бога і Ягняці. 2. На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі - дрэва жыцьця, якое дае плады дванаццаць разоў, даючы на кожны месяц ягоны плод; і лісьце дрэва - дзеля аздараўленьня народаў. 3. І ня будзе ўжо нічога выклятага. І пасад Бога і Ягняці будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму. 4. І яны ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае - на ілбах іхніх. 5. І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ў сьветачы і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх, і будуць валадарыць на вякі вякоў. 6. І сказаў мне: "Словы гэтыя верныя і праўдзівыя. І Госпад, Бог сьвятых прарокаў, паслаў анёла Свайго паказаць слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве. 7. Вось, прыходжу хутка. Шчасьлівы той, які захоўвае словы прароцтва кнігі гэтае". 8. І я, Ян, бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў пакланіцца перад нагамі анёла, які паказваў мне гэта. 9. І ён кажа мне: "Глядзі, не [рабі гэтага], бо я - таварыш твой і братоў тваіх, прарокаў, і тых, якія захоўваюць словы кнігі гэтае. Богу пакланіся". 10. І кажа мне: "Не запячатывай словы прароцтва кнігі гэтае, бо час блізкі. 11. Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і брудны няхай яшчэ брудзіцца, і праведны няхай яшчэ чы?ніць праведнасьць, і сьвяты няхай яшчэ асьвячаецца. 12. І вось, Я прыходжу хутка, і нагарода Мая са Мною, каб аддаць кожнаму [паводле таго], якія будуць справы ягоныя. 13. Я - Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, Першы і Апошні. 14. Шчасьлівыя тыя, якія выконваюць прыказаньні Ягоныя, каб была ўлада ў іх на дрэва жыцьця, і каб увайсьці праз брамы ў горад. 15. А вонках - сабакі і чараўнікі, і распусьнікі, і забойцы, і ідалапаклоньнікі, і ўсе, якія любяць і чыняць падман. 16. Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я - корань і род Давідавы, зорка сьветлая і ранішняя". 17. І Дух, і нявеста кажуць: "Прыйдзі!" І хто чуе, няхай скажа: "Прыйдзі!" І той, хто смагне, няхай прыходзіць, і той, хто хоча, няхай бярэ ваду жыцьця дарма. 18. Бо я сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто дакладзе [нешта] да гэтага, Бог ускладзе на яго пля?гі, напісаныя ў кнізе гэтай; 19. і калі хто забярэ нешта ад словаў кнігі прароцтва гэтага, Бог забярэ ў яго частку ягоную з кнігі жыцьця, і з гораду сьвятога, і з таго, што напісанае ў кнізе гэтай. 20. Той, Які засьведчыў гэта, кажа: "Так, прыходжу хутка!" Амэн. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе! 21. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: