|
ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАХВЕЯ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ
Разьдзел 1
1. Паўла, Апостал Ісуса Хрыста па загаду Бога, Збавіцеля нашага і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае,
2. Цімахвею, праўдзіваму сыну ў веры: ласка, міласьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3. Адыходзячы ў Македонію, я ўпрасіў цябе быць у Эфэсе і загадаць некаторым, каб яны ня вучылі іншага
4. і не займаліся міфамі ды радаводамі бясконца, якія робяць больш спрэчак, чымся Божага збудаваньня ў веры.
5. Завяршэньне-ж загаду есьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня ды веры бяз хітрыкаў,
6. ад чаго адступіўшы, некаторыя ўзьбіліся на шлях пустаслоўя,
7. жадаючы быць вучыцялямі закону, ды не разумеючы ані таго, аб чым гавораць, ані таго, што сцьвярджаюць.
8. А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,
9. ведаючы тое, што закон не пакладзены для праведніка, але для беззаконных і непакорных, бязбожных і грэшнікаў, распусных і паганых, для забойцаў бацькоў і матак, для душагубаў,
10. для блуднікаў, мужаложнікаў, грабежцаў людзей, брахуноў, вераломных і для іншага, што праціўна здаровай навуцы,
11. водле Эвангельля славы шчаснага Бога, якое мне даверана.
12. I дзякую Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, Які дае мне сілу, што Ён прызнаў мяне верным, паставіўшы на служэньне,
13. мяне, які раней і зьняважаў, і перасьледаваў, і крыўдзіў, але памілаваны, бо рабіў гэта праз няведаньне, у няверы.
14. Ласка-ж Госпада нашага памножылася ўва мне разам з вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
15. Вернае гэтае слова і ўсякага прыйма вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў на сьвет збавіць грэшнікаў, а каторых я першы.
16. Але дзеля таго я й памілаваны, каб Ісус Хрысгос у-ва мне першым паказаў усю доўгацярплівасьць, на прыклад тым, што хочуць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.
17. Цару-ж вякоў нятленнаму, нявідомаму, адзінаму прамудраму Богу чэсьць і слава на векі вякоў. Амін.
18. Гэты запавет выкладаю табе, сын мой Цімахвей, водле былых аб табе прароцтваў, каб ты ваяваў згодна з імі добрую вайну,
19. маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое некаторыя заняпалі ў веры;
20. із якіх Імяней і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб навучыліся не зьняважаць (Бога).
Разьдзел 2.
1. Дык перш за ўсё прашу ўпрашаць, маліцца, умаляць ды дзякаваць за ўсіх людзей,
2. за цароў і за ўсіх, што наверсе, каб вясьці нам жыцьцё ціхое і спакойнае ў-ва ўсякай багабойнасьці і чыстасьці,
3. бо гэта добра і прыемна перад Спасам нашым Богам,
4. Які хоча, каб усе людзі збавіліся і да назнаньня дайшлі.
5. Бо Бог адзін і адзін пасярэднік між Богам і людзьмі - чалавек Хрыстос Ісус,
6. што аддаў Сябе дзеля адкупленьня ўсіх, сьвядоцтва сваім часом,
7. дзеля Якога я пастаўлены зьвястуном і Апосталам (праўду кажу ў Хрысьце, не маню), вучыцелем паганаў у веры і праўдзе.
8. Дык жадаю, каб на кожным месцы маліліся мужы, узьнімаючы чыстыя рукі бяз гневу і сумляваньня;
9. каб таксама й жанчыны, у прыстойнай вопратцы, са стыдлівасьцяй і мудрасьцяй аздаблялі сябе не пляценьнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані шатамі дарагімі,
10. але добрымі ўчынкамі (што прыстойна жанчынам, якія на багабойнасьць сябе пасьвяцілі).
11. Жанчына няхай моўчкі вучыцца ўсякае пакоры,
12. а жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам верхаводзіла, але каб у бязмоўнасьці была.
13. Бо перш створаны Адам, а пасьля Ева;
14. і не Адам быў спакушаны, але жана, спакушаная, у праступку была,
15. збаўлёна-ж будзе праз раджэньне дзяцей, калі будзе трываць у веры й любві ды ў сьвятасьці з мудрасьцяй.
Разьдзел 3.
1. Вернае слова: калі хто япіскапства жадае, добрага дзела жадае.
2. Дык-жа япіскапу трэба быць беззаганным, аднае жаны мужам, цьвярозым, мудрым, чэсным, гасьцінным, навучаючым,
3. ня пяніцай, не забіякай, ня зьдзірцам, але ціхім, неваяўнічым, не срэбралюбцам,
4. каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей у паслухмянасьці дзяржаў з усякай пашанай;
5. бо хто ня ўмее кіраваць уласным домам, ці будзе той турбавацца аб Царкве Божай?
6. (Трэба быць) не з нованаверненых, каб не загардзеў і не падпаў пад асуджэньне з д'яблам.
7. Трэба яму і сьвядоцтва мець добрае ад вонкавых, каб ня ўпасьці ў дакор і сеці д'яблавы.
8. Дыяканам таксама (трэба) быць чэснымі, не двуязычнымі, не прагавітымі на віно, ня зьдзірцамі,
9. каб мелі тайну веры ў чыстым сумленьні.
10. I гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, няхай служаць.
11. Гэтак сама і жонкам трэба быць чэснымі, не абмоўніцамі, цьвярозымі, вернымі ў-ва ўсім.
12. Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, добра кіруючы дзяцьмі і домам сваім,
13. бо хто добра паслужыў, падгатоўваюць сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
14. Гэтае табе пішу, спадзяючыся зараз прыйсьці да цябе,
15. каб ты, калі забаўлюся, ведаў, як трэба жыці ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.
16. I запраўды - вялікая ёсьць тайна багабойнасьці: Бог зьявіўся ў ц?ле, апраўдаў сябе ў Духу, паказаў сябе Ангелам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.
Разьдзел 4.
1. Дух жа ясна кажа, што ў астатнія часы некаторыя адступяцца ад веры, слухаючыся духоў спакушаючых і навук дэманавых,
2. у крывадушнасьці брахлівых, загарэлых у сумленьні сваім,
3. што забяраняюць жаніцца, (кажуць) узьдзержывацца ад ежы, якую Бог стварыў дзеля спажываньня з падзякай вернымі і пазнаўшымі праўду.
4. Бо ўсякае стварэньне Божае добрае, і нішта не ганебнае, што прымаецца з падзякаю,
5. бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
6. Падаючы гэтае братом, будзеш добрым служкай Ісуса Хрыста, кормленым словамі веры і добрай навукай, за якой ты пасьледаваў.
7. А паганых і бабскіх казак цурайся, сябе-ж прывучай да багабойнасьці;
8. бо цялеснае навытараньне мала карыснае, а багабойнасьць на ўсё карысная, маючы прырачэньне жыцьця цяперашняга і будучага.
9. Слова гэтае вернае і ўсякага прыняцьця годнае.
10. Бо мы дзеля гэтага і працуем, дый ненавідзяць нас, што спадзяваліся на Бога Жывога, які ёсьць Збавіцель усіх людзей, а найбалей верных.
11. Апавядай гэтае і навучай.
12. Няхай ніхто не пагарджае маладосьцяй тваёй, але будзь узорам для верных у слове, у жыцьці, у любві, у духу, у веры, у чыстасьці.
13. Пакуль прыду, займайся чытаньнем, пацяшаньнем, навучаньнем.
14. Ня будзь няўважлівым на здольнасьць у табе, што дадзена табе прароцтвам, з узлажэньнем рук сьвяшчэнства.
15. На гэта зважай, у гэтым будзь, каб пасьпяваньне твае для ўсіх было яўнае.
16. Уваходзь у сябе і ў навуку, трывай у гэтым, бо, гэтак робячы, і сябе збавіш, і тых, што слухаюць цябе.
Разьдзел 5.
1. Старога не дакарай, але малі, як бацьку; малодшых, як братоў;
2. старых жанчын, як матак; малодшых, як сёстраў, з усякаю чыстасьцяй.
3. Удоваў паважай, тых, што ўдовы запраўды.
4. Калі-ж якая ўдава мае дзяцей, ці ўнукаў, дык яны насамперш няхай вучацца паважаць уласны дом і ў свой чарод аддзячыць бацьком: бо гэта добра і ўгодна перад Богам.
5. Праўдзівая-ж удава і адзінокая спадзяецца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уначы і ўдзень,
6. раскошніца-ж, жывучы, мёртвая.
7. I гэтае загадвай ім, каб былі беззаганнымі.
8. Калі-ж хто аб сваіх, а асабліва аб хатніх не клапоціцца, той адрокся ад веры і горш за нявернага.
9. Удава-ж няхай выбіраецца ня менш, як шасьцідзесяцігодняя, якая была жонкаю аднаго мужа,
10. дазнаная з добрых учынкаў, ці дзяцей узгадавала, ці прымала падарожных, ці абмывала ногі сьвятым, ці памагала нешчасьлівым, ці рупілася аб кожную добрую справу.
11. А маладых удоў ня прымай, бо яны, разласаваўшыся насупраць Хрысту, хочуць замуж;
12. яны падлягаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;
13. да таго-ж яны, гуляючы, прывучаюцца хадзіць па дамох; дый ня толькі гуляшчыя, але й баўтлівыя, і цікавыя, і гавораць, чаго ня сьлед.
14. Дык хачу, каб маладыя ўдовы йшлі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі домам і не давалі праціўніку ніякае падставы дзеля абмаўляньня:
15. бо некаторыя ўжо зьвярнулі на сьлед шатана.
16. Калі які верны ці верная мае ўдовы, няхай памагае ім і не абцяжае Царквы, каб яна памагала запраўдным удовам.
17. Старшыя, якія старшынствуюць добра, варты падвойнае пашаны, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.
18. Бо Пісаньне кажа: не закелзай вала, які малоціць, і: работнік варты нагароды сваей (Другазак. 25,4; Мацьв. 10,10).
19. Абвінавачаньне на старшага ня йначай прымай, як пры двох ці трох сьведках.
20. Тых, што грашаць, дакарай перад усімі, каб і іншыя страх мелі.
21. Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі Ангеламі заклінаю цябе захаваць гэтае, не асуджаючы наперад, нічога ня робячы водле ўнады.
22. Рук хутка ні на кога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахох; хавай сябе чыстым.
23. Дый ня пі адну ваду, але ўжывай крыху віна дзеля жывата твайго і частых тваіх недамаганьняў.
24. Грахі ў іншых людзей яўныя ,і нап?радзе вядуць на асуджэньне, а за іншымі ідуць сьледам.
25. Гэтак сама і добрыя ўчынкі наперад яўныя; а калі інакш, схавацца ня могуць.
Разьдзел 6.
1. Рабы, што пад ярмом, павінны лічыць паноў сваіх годнымі ўсякае пашаны, каб ня было ганьбаваньня на імя Божае і на навуку.
2. Тыя-ж, што верных маюць за паноў, няхай ня будуць нядбалымі, бо яны браты; але тым балей няхай паслугуюць ім, што яны верныя і ўмілаваныя, прымаючы дабро. Гэтага навучай і заклікай.
3. Калі-ж хто навучае інакш і ня йдзе за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за навукай аб багабойнасьці,
4. той загардзеў, нічога ня ведаючы, але хворы на змаганьне і спрэчкі, ад чаго бывае зайздрасьць, сварка, лаянкі, благія падазрэньні,
5. пустыя гутаркі між людзьмі папсаванага розуму, што згубілі праўду і думаюць, быццам багабойнасьць служыць дзеля прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх.
6. Вялікі-ж набытак быць багабойным і здаволеным.
7. Бо мы нічога ня прынесьлі на сьвет; дык ясна, што й нічога вынясьці ня можам.
8. Маючы-ж ежу і вопратку, будзем здаволены гэтым.
9. Тыя-ж, што жадаюць узбагачвацца, падаюць у спакушэньне і ў сеці і ў многія неразумныя і шкадлівыя пажаданьні, што топяць людзей у зьніштажэньні й загубе;
10. бо корань усяго благога ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому некаторыя ўхіліліся ад веры і самі сябе аддалі на многія мукі.
11. Ты-ж, чалавеча Божы, уцякай ад гэтага, але пасьпявай у праўдзе, багабойнасьці, веры, любві, цярплівасьці, ціхасьці;
12. змагайся добрым змаганьнем веры, дзяржыся за жыцьцё вечнае, да якога ты і пакліканы, дый ты вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.
13. Перад Богам, усё ажыўляючым, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнаньне, загадываю табе
14. захаваць гэту запаведзь чыстай, беззаганнай, аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15. якое ў свой час адкрые шчасьлівы й адзіны магутны Цар Цароў і Госпад гаспадароў,
16. адзіны, што мае несьмяротнасьць, жыве ў сьвятле недаступным, якога ніхто із людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму чэсьць і дзяржава вечная. Амін.
17. Багатым у гэтым веку загадывай, каб яны ня думалі шмат аб сабе ані спадзяваліся на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, што дае нам усё шчодра дзеля ўслады;
18. каб яны рабілі дабро, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,
19. зьбіраючы сабе, як скарб, добры грунт дзеля будучыны, каб дастаць жыцьцё вечнае.
20. О, Цімахвею, захоўвай пераданае табе, ухіляючыся ад паганага пустаслоўя і перакорлівасьці фальшывага знаньня,
21. пахваляючыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Ласка з табою. Амін.
Да Цімахвея першае напісана з Ляодыкіі, што ёсьць сталічнае места Фрыгіі Пакатыянскае.
Зьмест
|
|