|
ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАХВЕЯ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ
Разьдзел 1
1. Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, водле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце Ісусе,
2. Цімахвею, умілаванаму сыну: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3. Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленьнем, што безперастанку ўспамінаю аб табе ў малітвах маіх уначы і ўдзень,
4. жадаючы бачыць цябе, помнячы аб сьлёзах тваіх, каб мне напоўніцца радасьцяй,
5. успамінаючы некрывадушную веру тваю, якая раней жыла ў бабцы тваёй Ляідзе і ў матцы тваёй Яўніцы; дый я пэўны, што і ў табе.
6. Дзеля гэтае прычыны напамінаю табе, каб падаграваў дар Божы, які ёсьць у табе праз узлажэньне рук маіх,
7. бо даў нам Бог ня духа страху, але сілы й любві і мудрасьці.
8. Дык ня стыдайся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ані мяне, вязьня Яго; але цярпі муку разам з Эвангельлем водле сілы Бога,
9. што выбавіў нас і паклікаў прызваньнем сьвятым, ня водле ўчынкаў нашых, але водле пастановы Сваей і ласкі, дадзенае нам у Хрысьце Ісусе перад вечнымі часамі,
10. а цяпер выяўленае праз зьяўленьне Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, што зьнішчыў сьмерць і асьвяціў жыцьцё і нятленнасьць праз Эвангельле,
11. для якога я пастаўлены за прапаведніка і Апостала ды вучыцеля паганаў.
12. З гэтае прычыны я і цярплю гэтае; але не саромлюся, бо ведаю, у Каго я ўвераваў, і пэўны, што Ён дуж захаваць залог мой на гэны дзень.
13. Дзяржыся прыкладу здаровых слоў, што ты чуў ад мяне, у веры й любві, што ў Хрысьце Ісусе.
14. Хавай добры залог Духам Сьвятым, што жыве ў нас.
15. Ты ведаеш тое, што адвярнуліся ад мяне ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гармаген.
16. Няхай дасьць Госпад міласьць дому Анісіфара, бо ён часта прымаў мяне і ня стыдаўся путаў маіх,
17. але як быў у Рыме, з вялікай рупнасьцяй шукаў мяне і знайшоў.
18. Няхай дасьць яму Госпад знайсьці міласьць у Госпада ў гэны дзень; а колькі ён служыў мне у Эфэсе, ты лепей ведаеш.
Разьдзел 2.
1. Дык ты, сын мой, узмацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе,
2. і, што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
3. Дык цярпі мукі, як добры жаўнер Ісуса Хрыста.
4. Ніводзін жаўнер ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб дагадзіць начальніку войска.
5. Калі-ж хто і змагаецца, не дастане вянка, калі будзе бароцца незаконна.
6. Трэба, каб зямляроб, які працуе, першы спробаваў пладоў.
7. Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім.
8. Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста, з насеньня Давідавага, што ўскрос із мертвых водле Эвангельля майго,
9. у якім цярплю мукі аж да путаў, як ліхадзей, але слова Божага нельга закаваць.
10. Дзеля гэтага я ўсё цярплю для выбраных, каб і яны здабылі збаўленьне, што ў Хрысьце Ісусе з вечнаю славаю.
11. Вернае слова: бо калі мы з Ім памерлі, дык з Ім і жыць будзем;
12. калі мучымся, дык з Ім і царыць будзем; калі адцураемся, і Ён адцураецца ад нас;
13. калі мы няверныя, Ён верным астаецца, бо ад Сябе адрачыся ня можа.
14. Гэтае напамінай, сьведчучы перад Госпадам не спрачацца, што зусім не карысна, а на няшчасьце для слухаючых.
15. Старайся паставіць сябе годным перад Богам, работнікам беззаганным, правільна пераказваючы слова праўды.
16. Ад нягоднага марнаслоўя ўхіляйся; бо яны яшчэ балей будуць памнажаць бязбожнасьць.
17. I слова іх, як гангрэна, меціме корм. Гэтакія Гімэнэй і Філет,
18. якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўскрасеньне ўжо было, і пераварачаюць у некаторых веру.
19. Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы гэтакую пячаць: пазнаў Госпад Сваіх; і: няхай адступіцца ад няпраўды кожны, хто імя Госпада называе.
20. А ў вялікім доме ёсьць пасудзіны ня толькі залатыя і сярэбраныя, але і драўляныя і гліняныя; і адны ў чэсьці, другія - ня ў чэсьці.
21. Дык, калі хто ачысьціцца ад гэтага, той будзе судзінаю ў чэсьці, асьвянчонаю і карыснаю Валадару, прыгатаванаю на кожнае добрае дзела.
22. Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а дзяржыся праўды, веры, любві, міру з прызываючымі Госпада ад чыстага сэрца.
23. Ад дурнога і ненавуковага змаганьня ўхіляйся, ведаючы, што яно родзіць сваркі;
24. рабу-жГоспадаву ня сьлед сварыцца, але быць ветлым да ўсіх, навучаючым, лагодным,
25. у ціхасьці навучаць супраціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог пакаяньня дзеля пазнаньня праўды,
26. каб яны вызваліліся з сеці д'ябла, што жыўцом улавіў іх пад сваю волю.
Разьдзел 3.
1. Ведай жа тое, што ў апошнія дні прыйдуць цяжкія часы.
2. Бо будуць людзі самалюбнымі, срэбралюбцамі, пышнымі, гордымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацьком, няўдзячнымі, бязбожнымі, няпрыязьлівымі,
3. нязгодлівымі, абмоўцамі, непаўстрыманымі, жорсткімі, нялюбячымі дабра,
4. здрайцамі, напастлівымі, надзьмутымі, будуць больш любіць раскошу, чым Бога,
5. маючы выгляд багабойнасьці, сілы-ж Яго выракшыся. Ад гэтакіх ухіляйся.
6. Бо з гэткіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і зводзяць жанок, абцяжоных грахамі, кіраваных усялякай пажадлівасьцяй,
7. што заўсёды вучацца ды ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
8. Як Яньні і Ямбр спраціўляліся Майсею, гэтак і яны спраціўляюцца праўдзе, людзі з папсаваным розумам, невукі ў веры
9. Але яны ня шмат пасьпявацімуць: бо дурасьць іх выкрыецца перад усімі, як гэта і здарылася з гэнымі.
10. А ты пайшоў за мной у навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, веры, любві, цярплівасьці,
11. у перасьледаваньнях, муках, што здарыліся мне ў Антыохіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледаваньні я перанёс, із усіх вызваліў мяне Госпад.
12. Дый усе, што жадаюць жыць багабойна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць.
13. Людзі-ж нягодныя і чарадзеі пасьпявацімуць у зьле, баламуцячы і баламучаныя.
14. А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;
15. дый ты з дзяцінства ведаеш сьвятое пісаньне, што зрабіць цябе можа мудрым на збаўленьне вераю, што ў Хрысьце Ісусе.
15. Усенькае Пісаньне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўленьня, дзеля ўзгадаваньня ў праведнасьці,
17. каб дасканалым быў чалавек Божы, на ўсякае добрае дзела гатовым.
Разьдзел 4.
1. Дык сьведчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у зьяўленьні Сваім і ў царстве Сваім:
2. прапаведуй слова, настаівай у час і ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усенькай доўгацярплівасьцяй і навучаньнем,
3. бо будзе час, калі здаровае навукі прымаць ня будуць, але водле свайго пажаданьня будуць выбіраць сабе вучыцялёў, лашчаныя па слыху,
4. і ад праўды слых адвернуць і зьвернуцца да казак.
5. Але ты будзь чуйны ў-ва ўсім, цярпі і гора, рабі дзела дабравешчаньня, служэньне тваё выпаўняй.
6. Бо мяне ўжо на жэртву прыгатавалі, і час майго адыходу настаў.
7. Бароўся я добрай барацьбой, бег закончыў, веру захаваў;
8. наастатак гатовіцца мне вянок праўды, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у гэны дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, што зьяўленьне Яго палюбілі.
9. Пастарайся хутка прыйсьці да мяне.
10. Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, дый пайшоў у Фесалоніку; Крыскент у Галятыю; Ціт у Дальматыю; адзін Лукаш са мною.
11. Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня,
12. Тыхіка-ж я паслаў у Эфэс.
13. Плашч, што пакінуў я ў Троадзе у Карпы, ідучы, прынясі, дый кнігі, асабліва скураныя.
14. Аляксандра, меднік, шмат зрабіў мне благога. Няхай дасьць яму Госпад водле ўчынкаў Яго!
15. Сьцеражыся яго і ты, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.
16. Пры першым маім адказе нікога ня было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана!
17. Госпад жа стануў перада мною і ўмацаваў мяне, каб пропаведзь праз мяне забясьпечана была, ды каб і пачулі яе ўсе пагане; і я вызваліўся з ільвінае ляпы.
18. I вызваліць мяне Госпад ад усякага ліхога дзела і спасе для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
19. Прывітай Прыскіллу і Акілу і дом Анісіфараў.
20. Эраст астаўся ў Карыньце; Трахіма-ж я пакінуў хворага ў Мілеце.
21. Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Яўвул і Пуд, і Лін і Кляўдыя, і ўсе браты.
22. Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін.
Другое да Цімахвея, першага рукапакладзенага япіскапа Эфэскае царквы, пісанае з Рыму, калі паўторна стануў Паўла перад кесарам Нэронам.
Зьмест
|
|