|
ПАСЛАНЬНЕ ДА ФІЛІПЯНАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ
Разьдзел 1
1. Паўла і Цімахвей, слугі Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што ў Філіпах, з япіскапамі і дыяканамі:
2. ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3. Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне аб вас,
4. (заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас молячыся з радасьцяй,)
5. за вашае ўчасьце ў дабравешчаньні ад першага дня аж дагэтуль,
6. перакананы ў тым, што той, хто пачаў у вас добрае дзела, будзе завяршаць ажно па дзень Ісуса Хрыста,
7. як і справядліва мне думаць аб усіх вас, бо я маю вас у сэрцы, у путах маіх і ў абароне і ўмацаваньні Эвангельля, вас, якія ўсе - супольнікі маі ў ласцы.
8. Бо Бог мне сьведка, што я люблю вас у любві Ісуса Хрыста;
9. і малюся аб тое, каб любоў вашая яшчэ балей і балей узрастала ў пазнаньні і ўсякім пачуцьці,
10. каб пазнаць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і неспаткнуўшыміся ў дзень Хрыстовы,
11. напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу й пахвалу Божую.
12. Хачу, браты, каб вы ведалі, што тое, што са мной (сталася), служыла балей на пасьпех Эвангельля,
13. бо путы маі ў Хрысьце сталіся вядомымі ўсёй прэторыі і ўсім іншым,
14. і большая частка братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ балей адважыліся бяз страху апавядаць Слова.
15. А некаторыя праз зайздрасьць і непакорлівасьць, іншыя-ж з добрай думкай абвяшчаюць Хрыста:
16. тыя, што праз непакорлівасьць, абвяшчаюць Хрыста ня чыста, думаючы дадаць гора путам маім;
17. тыя-ж, што з любві, ведаючы, што дзеля абароны Эвангельля ляжу.
18. Дык што? Так, ці сяк, дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца, і я з гэтага цешуся і буду цешыцца,
19. бо я ведаю, што гэта паслужыць мне на збаўленьне праз вашу малітву, з дапамогай Духа Ісуса Хрыста,
20. водле спадзяваньня і надзеі маей, што я ні ў чым ня буду асаромлены, а з усенькай адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпер, узьвялічаны будзе Хрыстос у целе маім, ці то жыцьцём, ці сьмерцяй.
21. Бо для мяне жыцьцё -Хрыстос, і сьмерць - набытак.
22. А як жыцьцё водле цела - гэта мне плод дзела, дык і ня ведаю, што выбраць.
23. Цягне тое і другое: маю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае,
24. але аставацца ў целе патрабней дзеля вас.
25. I я напэўна ведаю, што астануся і перабуду з усімі вамі на вашу карысьць і радасьць веры,
26. каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе павялічылася праз мяне пры маім паўторным да вас прыходзе.
27. Толькі жывеце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне, ці прыду і ўгледжу вас, ці ня прыду, чуць аб вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Эвангельскую
28. і ані не палохаючыся супраціўнікаў; гэтае для іх ёсьць знак пагібелі, а для вас - збаўленьня, і яно ад Бога;
29. бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і мучыцца за Яго,
30. вядучы тую-ж барацьбу, якую вы бачылі ў-ва мне і цяпер чуеце аба мне.
Разьдзел 2.
1. Дык, калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любві, калі ёсьць якая лучнасьць духа, калі ёсьць якое міласэрдзе і спачуваньне,
2. то дапоўніце маю радасьць: каб тое самае думалі, тую-ж любоў мелі, былі аднадушныя і аднадумныя;
3. нічога (не рабеце) праз спрэчкі ці дзеля пустое пахвальбы, але ціхой мудрасьцяй лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе.
4. Не аб сабе толькі кожны клапоцься, але і аб другіх,
5. бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Ісусе:
6. Які, будучы ў пастаці Боскай, ня лічыў захопам быць роўным Богу;
7. але панізіў Сябе Самога, прыняўшы абраз раба, стаўшыся на падабенства людзей і здаўшыся выглядам, як чалавек,
8. зьняважыў Сябе, будучы паслухмяным ажно да сьмерці і сьмерці крыжовай.
9. Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя,
10. каб перад іменьнем Ісуса сукланілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных,
11. і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад - Ісус Хрыстос, у славу Бога Айца.
12. Дык вось, умілаваныя маі, як вы заўсёды слухалі ня толькі ў бытнасьць маю, але шмат балей цяпер, у час нябытнасьці маей, са страхам і дрыжэньнем аб збаўленьне сваё старайцеся,
13. бо Бог ёсьць той, што робіць у вас і жаданьне і дзеяньне з зычлівасьці Сваей.
14. Усё рабеце без нараканьня і сумляваньня,
15. каб вам быць бязьвіннымі і чыстымі, дзяцьмі Божымі беззаганнымі сярод перакорлівага і распуснага роду, між якім вы зьяеце, як сьветачы на сьвеце,
16. маючы слова жыцьця, на пахвалу маю ў дзень Хрыстовы, што я не надарма хадзіў і не надарма працаваў.
17. Але, калі я й роблюся ахвяраю за жэртву й служэньне веры вашай, я цешуся і цешуся супольна з вамі;
18. з гэтага самага і вы цешцеся і цешцеся супольна са мною.
19. Спадзяюся-ж у Госпадзе Ісусе хутка паслаць вам Цімахвея, каб і я, даведаўшыся аб вас, уцешыўся духам.
20. Бо ня маю нікога роўнага душою, хто гэтак шчыра рупіўся-б аб вас;
21. бо ўсе шукаюць свайго, а не Ісуса-Хрыстовага.
22. А яго дасьведчаньне ведаеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне ў дабравешчаньні.
23. Дык я спадзяюся паслаць яго зараз-жа, як толькі даведаюся, што будзе са мною.
24. Бо я пэўны ў Госпадзе, што й сам хутка прыду.
25. Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадзіта, брата і супрацоўніка і супольніка майго ў барацьбе, а вашага пасланца і служку ў патрэбе маёй,
26. бо ён жадаў бачыць усіх вас і цяжка тужыў, што вы дачуліся аб хваробе яго.
27. Бо ён быў хворы траха не сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня меў я суму да суму.
28. Дык я хутчэй паслаў Яго, каб вы, угледзіўшы яго ізноу, уцешыліся, дый каб я быў менш сумны.
29. Прымеце-ж яго ў Госпадзе з усякай радасьцяй і гэтакіх у чэсьці мейце,
30. бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьмерці, ня дбаючы аб жыцьці, каб папоўніць нястачу служэньня вашага мне.
Разьдзел 3.
1. Урэшце, браты маі, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам аб тым самым для мяне ня цяжка, а для вас цьвёрда.
2. Сьцеражыцеся сабак, сьцеражыцеся благіх працаўнікоў, сьцеражыцеся абрэзаньня,
3. бо абрэзаньне - мы, што служым Богу духам і пахваляемся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне:
4. хоць і я спадзяюся і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык балей я,
5. абрэзаны ў восмы дзень, з роду Ізраілявага, з калена Бэніямінавага, Жыд з Жыдоў, водле закону Фарысэй,
6. які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, водле праведнасьці законнай - беззаганны.
7. Але, што для мяне было набыткам, тое дзеля Хрыста лічыў я за страту.
8. Дый усё лічу стратай для вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё ўтраціў і ўсё лічу за сьмяцьцё, каб Хрыста прыдбаць
9. і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, што з закону, але тую, што праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога на падставе веры,
10. каб пазнаць Яго і сілу ўваскрасеньня Яго, і ўчасьце ў муках Яго, упадабляючыся сьмерці Яго,
11. каб толькі дасягнуць ускрасеньня мёртвых.
12. Не затым, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо стаўся дасканалым, а імкнуся, ці не дасягну й я таго, за што і мяне дасягнуў Хрыстос Ісус.
13. Браты, я ня думаю аб сабе, што дасягнуў, а толькі, забываючыся аб мінулым і пнучыся да таго, што наперадзе,
14. імкнуся да мэты, да чэсьці вышэйшага прызваньня Божага ў Хрысьце Ісусе.
15. Дык хто з нас дасканалы, думайма гэтак; калі-ж вы аб чым іначай думаеце, дык і гэтае вам Бог адкрые.
16. Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, (ёсьць:) тым жа законам жыці, тое-ж думаці.
17. Насьлядуйце, браты, мяне і ўзірайцеся на тых, хто гэтак паступае, па ўзору, які маеце ў нас.
18. Бо многія, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, паступаюць, як ворагі Хрыстовага крыжа, -
19. якіх канец - загуба, якіх бог - чэрава, і слава якіх у сораме іх, тых, што думаюць аб зямным.
20. Нашае-ж жыцьцё - на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збавіцеля, Госпада Ісуса Хрыста,
21. Які ператворыць цела зьнявагі нашае, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, сілаю, якою Ён дуж і пакарыць Сабе ўсё.
Разьдзел 4.
1. Гэтак, браты мае ўмілаваныя і пажаданыя, радасьць і вянец мой, стойце так у Госпадзе, любыя.
2. Прашу Яўводзію, прашу і Сынтыхею думаць гэтак сама ў Госпадзе;
3. ды прашу й цябе, шчыры супрацоўніку, дапамагай ім, тым, што працавалі ў дабравешчаньні разам са мною і з Клімантам і з рэштай супрацоўнікаў маіх, імёны якіх у кнізе жыцьця.
4. Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і йзноў кажу: радуйцеся!
5. Ціхасьць ваша няхай пазнана будзе ўсімі людзьмі. Госпад блізка.
6. Ня турбуйцеся ні аб чым, але заўсёды ў малітве і благаньні падзякай няхай адкрываюцца просьбы вашыя перад Богам, -
7. і мір Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і мысьлі вашыя ў Хрысьце Ісусе.
8. Наканец, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвалебнае, калі ёсьць якая цната і якая пахвала, - аб гэтым думайце.
9. I чаго вы навучыліся, і што прынялі і чулі і бачылі ў-ва мне, тое рабеце, - і Бог міру будзе з вамі.
10. Я вельмі ўцешыўся ў Госпадзе, што вы ўжо калісь пачалі думаць аба мне, аб якім і раней думалі, ды ня было нагоды.
11. Кажу не як дзеля нястачы, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне ёсьць:
12. бо ўмею і ў паніжэньні быць, умею і ў дастатках; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім, і насычацца і галадаваць, і мець дастаткі і недастатак,
13. Усё магу ў Хрысьце, які ўзмацняе мяне.
14. Па-за гэтым вы добра зрабілі, дзелячы са мною мой сум.
15. Ведаеце і вы, Філіпяне, што напачатку дабравешчаньня, калі выйшаў я з Македоніі, ні адна царква не далучылася да мяне праз дораньне і гасьціну, апрача вас адных.
16. Вы і ў Фесалоніку і раз, і два прысылалі мне ў патрэбе.
17. Ня тое, каб я шукаў падарунку, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
18. Я дастаў усё і маю дастаткі; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадзіта пасланае вамі, пахі салодкія, ахвяру прыемную, Богу любую.
19. Бог мой няхай напоўніць усякую нястачу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе.
20. Богу-ж і Айцу нашаму слава на векі вякоў. Амін.
21. Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
22. Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з кесаравага дому. Ласка Госпада
нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Да Філіпянаў пісана з Рыму праз Эпафрадзіта.
Зьмест
|
|