|
ПАСЛАНЬНЕ ДА ГАЛЯТАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
Разьдзел 1
1. Павал, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
2. і ўсе браты, што са мною, - цэрквам Галятыі:
3. ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста,
4. Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з цяперашняга веку злога паводле волі Бога і Айца нашага,
5. Якому слава на вякі вякоў. Амэн.
6. Дзіўлюся, што вы гэтак хутка перакінуліся ад Таго, Які паклікаў вас да ласкі Хрыста, да іншага дабравесьця,
7. якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць некаторыя, якія вас трывожаць і хочуць перамяніць Эва?нгельле Хрыстовае.
8. Але калі нават мы ці анёл з неба будзе дабравесьціць вам насуперак таму, што мы дабравесьцілі вам, няхай будзе адлучаны!
9. Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто дабравесьціць вам насуперак таму, што вы прынялі, няхай будзе адлучаны!
10. Бо ці ж я на людзей спадзяюся, ці на Бога? Ці шукаю, каб спадабацца людзям? Бо калі б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыста.
11. Паведамляю ж вам, браты, што Эва?нгельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека;
12. бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
13. Бо вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Царкву Божую і ні?шчыў яе,
14. і апярэджваў у Юдэйстве многіх аднагодкаў у родзе маім, будучы найбольшым рупліўцам традыцыяў бацькоў маіх.
15. Калі ж спадабалася Богу, Які аддзяліў мяне ад улоньня маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,
16. адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, я адразу не зьвярнуўся да цела і крыві
17. і не ўзыйшоў у Ерусалім да апосталаў, якія былі раней за мяне, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
18. Пасьля, праз тры гады, я ўзыйшоў у Ерусалім пабачыцца з Пятром і быў у яго пятнаццаць дзён.
19. А з іншых апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Госпадавага.
20. А што пішу вам, вось, перад Богам [сьведчу], што не хлушу.
21. Пасьля я пайшоў у краіны Сірыі і Кілікіі.
22. А з аблічча я быў невядомы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце,
23. а толькі чулі яны, што той, які некалі перасьледаваў іх, цяпер дабравесьціць веру, якую раней нішчыў,
24. і славілі за мяне Бога.
Разьдзел 2
1. Пасьля, праз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерусалім з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта.
2. Хадзіў жа я паводле адкрыцьця? і прадставіў ім, асабліва тым, якія лічацца [галоўнымі], Эва?нгельле, якое абвяшчаю сярод паганаў, ці не надарма? бягу або бег?
3. Але і Ціт, які быў са мною, які быў Грэк, ня быў зму?шаны абрэзацца.
4. Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся і прыйшлі падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб зьняволіць нас,
5. мы ні на гадзіну не паддаліся і не падпарадкаваліся, каб праўда Эва?нгельля захавалася ў вас.
6. А тыя, якія лічацца [галоўнымі], (хоць якія яны былі некалі, для мяне няма розьніцы, [бо] Бог не зважае на аблічча чалавека), тыя, якія лічацца [галоўнымі], мне нічога не пярэчылі,
7. але наадварот, убачыўшы, што мне даверана Эва?нгельле [для] неабрэзаных, як Пятру - [для] абрэзаных,
8. бо Той, Які дзейнічаў праз Пятра ў апостальстве ў абрэзаных, дзейнічаў і праз мяне між паганамі,
9. і пазнаўшы ласку, якая дадзена мне, Якуб, і Кіфа, і Ян, якія лічацца слупамі, далі мне і Барнабу правіцу супольнасьці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны - да абрэзаных,
10. толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што я гэтаксама і намагаўся рабіць.
11. Калі ж Пётар прыйшоў у Антыёхію, я асабіста супрацьстаў яму, таму што [варта] было га?ніць [яго].
12. Бо перад тым, як прыйшлі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі; а калі яны прыйшлі, ухіляўся і аддзяляўся, баючыся абрэзаных.
13. І з ім крывадушнічалі іншыя Юдэі, так што нават Барнаба быў захоплены іхняй крывадушнасьцю.
14. Але калі я ўбачыў, што яны ня ходзяць проста паводле праўды Эва?нгельскай, я сказаў Пятру пры ўсіх: "Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму паганаў змушаеш жыць па-юдэйску?"
15. Мы паводле прыроды Юдэі, а не з паганаў грэшнікі,
16. ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўданае ніводнае цела.
17. А калі, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы самі аказаліся грэшнікамі, дык ці Хрыстос - служыцель грэху? Няхай ня станецца!
18. Бо калі я зноў будую тое, што зруйнаваў, сам сябе зьяўляю парушальнікам.
19. Бо праз Закон я памёр для Закону, каб жыць для Бога.
20. Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, жыву праз веру ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і выдаў Сябе за мяне.
21. Не адкідаю ласкі Божае. Бо калі праз Закон праведнасьць, дык Хрыстос надарма? памёр.
Разьдзел 3
1. О, бяздумныя Галяты! Хто зачараваў не пакарацца праўдзе вас, перад вачыма якіх быў раней апіса?ны Ісус Хрыстос, [нібыта] ў вас укрыжаваны?
2. Гэтае толькі хачу даведацца ад вас: ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа, ці праз слуханьне веры?
3. Ці вы гэткія бяздумныя, што, пачаўшы духам, цяпер сканчваеце целам?
4. Ці гэтулькі перацярпелі вы надарма?? Дый каб жа надарма?!
5. Дык ці Той, Які дае вам Духа і робіць між вамі цуды, праз учынкі Закону [робіць] ці праз слуханьне веры?
6. Як Абрагам паверыў Богу, і залічана яму за праведнасьць,
7. гэтак і вы разумейце, што тыя, хто з веры, гэтыя ёсьць сыны Абрагама.
8. А Пісаньне, прадбачачы, што з веры Бог апраўдвае паганаў, раней дабравесьціла Абрагаму: "У табе будуць дабраслаўлёныя ўсе народы".
9. Так што тыя, хто з веры, дабраслаўляюцца разам з верным Абрагамам.
10. Бо ўсе тыя, хто праз учынкі Закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: "Пракляты ўсякі, хто не трывае ў-ва ўсім, што напісана ў кнізе Закону, каб рабіць гэтае".
11. А што Законам ніхто не апраўдаецца перад Богам, зразумела, бо: "Праведны з веры жыць будзе".
12. А Закон ня ёсьць з веры, але: "Чалавек, які спаўняе яго, жыць будзе ім".
13. Хрыстос адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшыся за нас праклёнам, бо напісана: "Пракляты ўсякі, хто вісіць на дрэве",
14. каб дабраслаўленьне Абрагама ў Хрысьце Ісусе сталася на паганаў, каб абяцаньне Духа мы атрымалі праз веру.
15. Браты, па-чалавечаму кажу: нават чалавекам засьведчанага запавету ніхто не адкідае, ані не дадае [да яго].
16. Абяцаньні ж былі сказаныя Абрагаму і насеньню ягонаму. Ня кажа: "і насеньням", як пра многіх, але як пра аднаго: "і насеньню твайму", якое ёсьць Хрыстос.
17. Я вось кажу тое, што запавет пра Хрыста, раней засьведчаны Богам, Закон, які стаўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не пазбаўляе сілы, каб зьнішчыць абяцаньне.
18. Бо калі спадчына праз Закон, дык ужо не праз абяцаньне; а Абрагаму Бог падараваў [яе] праз абяцаньне.
19. Дык навошта Закон? Ён дадзены з прычыны парушэньняў, пакуль прыйдзе насеньне, пра якое дадзена абяцаньне, загаданае праз анёлаў рукою пасярэдніка.
20. Пасярэднік жа ня ёсьць пры адным, а Бог адзін.
21. Дык ці Закон супраць абяцаньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі б быў дадзены закон, які можа ажыўляць, праўдзіва, праведнасьць была б з закону.
22. Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне з веры Ісуса Хрыста было дадзена тым, якія вераць.
23. А перш, чым прыйшла вера, мы былі пад аховаю Закону, замкнёныя дзеля [атрыманьня] веры, якая мела адкрыцца.
24. Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры.
25. А калі прыйшла вера, мы ўжо не пад выхавацелем,
26. бо ўсе вы - сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса.
27. Бо ўсе тыя, хто ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся.
28. Няма ані Юдэя, ані Грэка; няма ані слугі?, ані свабоднага; няма ані мужчыны, ані жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
29. А калі вы - Хрыстовыя, дык вы - насеньне Абрагама і паводле абяцаньня - спадкаемцы.
Разьдзел 4
1. Кажу вось: увесь час, пакуль спадкаемца - немаўля, ён нічым ня лепшы за слугу, хоць ён пан усяго,
2. але ён пад наглядчыкамі і аканомамі аж да вызначанага ба?цькам часу.
3. Гэтак і мы, калі былі немаўлятамі, былі паняволеныя стыхіям сьвету.
4. А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам,
5. каб адкупі?ць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне.
6. А як вы - сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які кліча: "Абба?, Ойча!"
7. Так што ты ўжо не слуга, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Бога праз Хрыста.
8. Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі тым, якія паводле прыроды ня ёсьць богі.
9. Цяпер жа, пазнаўшы Бога, а больш пазнаныя Богам, як вы вяртаецеся ізноў да нядужых і ўбогіх стыхіяў, якім зноў хочаце служы?ць нанова?
10. Вы сочыце за днямі, і месяцамі, і порамі, і гадамі.
11. Баюся за вас, ці не надарма? я працаваў у вас.
12. Прашу вас, браты, будзьце, як і я, бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне.
13. А вы ведаеце, што я ў нядужасьці цела дабравесьціў вам раней,
14. і вы не пага?рдзілі спакусай маёй, якая ў целе маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
15. Дык якое было шчасьце вашае! Бо сьведчу вам, што калі б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, вы далі б мне.
16. Дык ці ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
17. Рупяцца пра вас нядобра, але хочуць аддзяліць вас [ад нас], каб вы рупіліся пра іх.
18. А добра рупіцца пра добрае заўсёды, а ня толькі, калі я прысутны ў вас,
19. дзеткі мае, якімі ізноў му?чуся ў радзі?нах, пакуль не ўкшталтуецца ў вас Хрыстос.
20. Хацеў бы я цяпер быць прысутным у вас і зьмяніць голас мой, бо я зьбянтэжаны вамі.
21. Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад Законам: ці ж вы ня слухаеце Закону?
22. Бо напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служкі і аднаго ад свабоднай.
23. Але той, які ад служкі, народжаны паводле цела, а той, які ад свабоднай, - праз абяцаньне.
24. Гэта ёсьць алегорыя. Бо гэта два запаветы: адзін - ад гары Сынай, які нараджае на няволю, які ёсьць Агар,
25. бо Агар ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, які ў няволі з дзецьмі сваімі;
26. а Ерусалім, які ўверсе, - свабодны, ён ёсьць маці ўсім нам.
27. Бо напісана: "Узьвесяліся, няплодная, якая не нараджала; загука?й і закрычы, якая ня мучылася ў радзі?нах, бо шмат дзяцей у самотнай, больш, чым у той, якая мае мужа".
28. А мы, браты, паводле Ісака - дзеці абяцаньня.
29. Але як тады той, які быў народжаны паводле цела, перасьледаваў таго, які паводле духа, гэтак і цяпер.
30. Але што кажа Пісаньне? "Вы?жані служку і сына ейнага, бо сын служкі ня будзе спадкаемцам разам з сы?нам свабоднай".
31. Дык вось, браты, мы - дзеці ня служкі, але свабоднай.
Разьдзел 5
1. Дык стойце ў свабодзе, якою вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце ізноў пад ярмо няволі.
2. Вось я, Павал, кажу вам, што, калі вы абрэзваецеся, Хрыстос вам ня дасьць ніякай карысьці.
3. Зноў жа сьведчу ўсякаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь Закон.
4. Вы, якія апраўдваецеся праз Закон, зьнішчылі [ў сабе] Хрыста, адпалі ад ласкі.
5. Бо мы духам праз веру чакаем надзеі праведнасьці.
6. Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
7. Вы беглі добра. Хто перашкодзіў вам, каб вы ня мелі перакананасьці ў праўдзе?
8. Гэткае перакананьне не ад Таго, Які вас кліча.
9. Малая кі?сьля ўсё цеста квасіць.
10. Я перакананы наконт вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць аніяк іначай. А той, хто вас трывожыць, хто б ён ні быў, атрымае асуджэньне.
11. Калі ж я, браты, усё яшчэ абвяшчаю абразаньне, чаму я перасьледаваны? Тады зьнішчанае будзе згаршэньне крыжа.
12. О, каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!
13. Бо вы да свабоды пакліканыя, браты. Толькі каб свабода ня [сталася] нагодай для [пажаданьняў] цела, але праз любоў служы?це адзін аднаму.
14. Бо ўвесь Закон у адным слове спаўняецца: "Любі бліжняга твайго як самога сябе".
15. Калі ж адзін аднаго кусаеце і зьядаеце, глядзіце, ня будзьце зьнішчаныя адзін адным.
16. А я кажу: хадзіце [паводле] духа і пажаданьняў цела не спаўняйце.
17. Бо цела жадае насупраць духу, а дух - насупраць целу: яны адзін аднаму працівяцца, каб вы рабілі ня тое, што б хацелі.
18. Калі ж вы ведзеныя духам, вы не пад Законам.
19. А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць,
20. ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі,
21. зайздрасьць, забойствы, п'янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія гэтак робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага.
22. Плод жа Духа - любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вера,
23. ціхасьць, стрыманасьць. Супраць гэтакіх няма Закону.
24. А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пакутамі і пажаданьнямі.
25. Калі мы жывем [паводле] Духа, дык і ходзім сьледам за Духам.
26. Не шукайма пустой славы, адзін аднаго раздражняючы, адзін аднаму зайздросьцячы.
Разьдзел 6
1. Браты, калі і ўпадзе чалавек у які праступак, вы, духоўныя, выпраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, зважаючы на сябе, каб ня быць спаку?шаным.
2. Насіце цяжа?ры адзін аднаго, і гэтак споўніце закон Хрыстовы.
3. Бо калі хто думае, што ён ёсьць нешта, будучы нічым, ашуквае самога сябе.
4. А кожны няхай выспрабоўвае справы свае, і тады будзе мець пахвалу? толькі адносна сябе, а не адносна другога.
5. Бо кожны панясе свой цяжа?р.
6. А хто навучаецца ў слове, няхай дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто навучае.
7. Не падманвайцеся, з Бога не пасьмяешся. Бо што чалавек сее, тое і будзе жаць.
8. Хто сее ў цела сваё, з цела будзе жаць сапсутасьць; а хто сее ў Дух, з Духа будзе жаць жыцьцё вечнае.
9. А робячы дабро, ня будзем журы?цца, бо ў свой час будзем жаць, калі не саслабеем.
10. Дык пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш - сваім у веры.
11. Бачыце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёю рукою.
12. Тыя, якія хочуць мець добры выгляд паводле цела, прымушаюць вас абрэзвацца толькі дзеля таго, каб ня быць ім перасьледаванымі за крыж Хрыстовы.
13. Бо нават тыя, што абрэзваюцца, самі не захоўваюць Закон, але хочуць, каб вы абрэзваліся, каб хвалі?цца целам вашым.
14. А мне няхай не надарыцца хвалі?цца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне сьвет укрыжаваны, і я - для сьвету.
15. Бо ў Хрысьце Ісусе ня ма?е аніякай сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але новае стварэньне.
16. І хто ходзіць паводле гэтага правіла, на тых - супакой і міласэрнасьць, і на Ізраіль Божы.
17. Нарэшце, няхай ніхто не дадае мне працы, бо я нашу пазна?кі Госпада Ісуса на целе маім.
18. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.
Зьмест
|
|