Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

ПАСЛАНЬНЕ ДА ГАЛЯТАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ

Разьдзел 1

1. Паўла Апостал, (выбраны не людзьмі і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, што ўскрасіў Яго з мёртвых,) 2. і ўсе браты, што са мною, цэрквам галятыйскім: 3. ласка вам і мір ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, 4. Які аддаў сябе за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад сучаснага веку крывадушнасьці, па волі Бога і Айца нашага, 5. Якому слава на векі вякоў. Амін. 6. Дзіўлюся, што вы гэтак хутка адвярнуліся ад паклікаўшага вас ласкай Хрыстовай да іншага дабравешчаньня, 7. якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць такія, што вас трывожаць і хочуць перавярнуць Эвангельле Хрыстовае. 8. Але, калі-б навет мы або Ангел з неба пачаў дабравесьціць па-над тое, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе анатэма! 9. Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: хто дабравесьціць вам па-над тое, што вы прынялі, няхай будзе анатэма! 10. Бо ці-ж я людзей шукаю, ці Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Бо калі-б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыстовым. 11. Апавяшчаю-ж вас, браты, што Эвангельле, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае; 12. бо я ані прыняў яго ад чалавека, ані навучыўся, але праз адкрыцьце Ісуса Хрыста. 13. Бо вы чулі аб маім ранейшым жыцьці ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Божую Царкву і пустошыў яе, 14. і апераджаў у юдэйстве многіх равесьнікаў у родзе маім, будучы найбольш руплівым аб бацькаўскія пераказы мае. 15. Калі-ж Богу ўгодна было, выбраўшы мяне ад чэрава маткі маей і паклікаўшы ласкай сваей, 16. адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, - дык я не пачаў зараз-жа радзіцца з целам і крывёю 17. і не пайшоў у Ерузалім да Апосталаў, што былі да мяне, а пайшоў у Арабію ды йзноў вярнуўся ў Дамаск. 18. Пасьля, цераз тры гады, хадзіў я ў Ерузалім бачыцца з Пётрай і прабыў у яго пятнаццаць дзён. 19. Другога-ж з Апосталаў я ня бачыў нікога, апрача Якуба, брата Госпадавага. 20. А што пішу вам, дык вось перад Богам, што не маню. 21. Пасьля пайшоў я ў староны Сірыі і Кілікіі. 22. Абліччам жа быў я няведамы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце, 23. а толькі чулі яны, што той, хто калісь перасьледаваў нас, цяпер добравесьціць веру, якую раней нішчыў; 24. і славілі за мяне Бога.

Разьдзел 2.

1. Пасьля, цераз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерузалім з Варнаваю, узяўшы з сабою і Ціта. 2. Хадзіў-жа згодна з адкрыцьцем і вылажы? ім, асабліва-ж выдатнейшым, Эвангельле, якое абвяшчаю між паганамі, ці не надарма хаджу я, або хадзіў? 3. Але і Ціт, што быў са мною, як Грэк, ня быў прымушаны абрэзацца. 4. Фальшывым-жа братом, што паўкрадаліся, ды якія прыходзяць украдня падглядзець нашу свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас, 5. мы ні на гадзіну не паддаліся і не пакарыліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас. 6. А ад тых, што лічаць сябе нечым, (якімі-б яны ні былі некалі, для мяне ўсё роўна: Бог не пазірае на аблічча чалавека), - дык тыя, што думаюць аб сабе, не ўзлажылі на мяне нічога; 7. але наадварот, угледзіўшы, што мне даверана дабравешчаньне неабрэзаньня, як Пётры абрэзаньня, - 8. (бо Той, Хто дапамог Пётры ў Апостальстве абрэзаньня, дапамагаў і мне між паганамі), - 9. і пазнаўшы ласку, даную мне, - Якуб і Кіфа і Іоан, што здаюцца стаўбамі, падалі мне і Варнаве руку лучнасьці, каб нам (ісьці) да паганаў, а ім да абрэзаных, 10. толькі каб мы памяталі аб убогіх, што я і стараўся рабіць, гэтае самае. 11. Калі-ж Пётра прыйшоў у Антыохію, дык я паўстаў супраць яго водле аблічча ягонага, бо ён заслужыў на дакор. 12. Бо перш, чым прыйшлі некаторыя ад Якуба, еў разам з паганамі; а, як прыйшлі, таіўся і ўхіляўся, баючыся абрэзаных. 13. Разам з ім крывадушнічала і рэшта Жыдоў; - ажно й Варнава быў захоплены іх крывадушнасьцяй. 14. Але, калі я ўбачыў, што яны няпроста ходзяць па праўдзе Эвангельскай, дык сказаў Пётры пры ўсіх: калі ты, будучы Жыдом, жывеш па-паганску, а не па-жыдоўску, дык чаму паганаў прымушаеш жыць па-жыдоўску? 15. Мы па прыродзе Жыды, а не з паганаў грэшнікі, - 16. ведаючы, што чалавек апраўдываецца не дзеламі закону, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а не дзеламі закону, бо дзеламі закону не апраўдаецца ніводнае цела. 17. Калі-ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самыя аказаліся грэшнікамі, дык ці-ж Хрыстос слуга грэху? Няхай ня станецца! 18. Бо, калі я ізноў будую, што зруйнаваў, дык сам сябе стаўляю за праступніка. 19. Бо праз закон я памёр для закону, каб жыць для Бога. 20. Я раскрыжаваны разам з Хрыстом. I ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, што палюбіў мяне і выдаў сябе за мяне. 21. Не адкідаю ласкі Божае. А калі праз закон апраўданьне, дык Хрыстос надарма памёр.

Разьдзел 3.

1. О, бязглуздыя Галяты! Хто вас ачараваў, каб не пакараліся праўдзе, (вас), у якіх перад вачыма наперад быў апісаны Ісус Хрыстос, (як-бы) ў вас раскрыжаваны? 2. Гэтае толькі хачу даведацца ад вас: ці ад дзел закону вы ўзялі Духа? Ці ад слуханьня веры? 3. Ці вы гэткія бязглуздыя, што, пачаўшы духам, цяпер завяршаеце целам? 4. Няўжо-ж гэтулькі пацярпелі вы надарма? Дый каб жа надарма! 5. Бо Той, Хто дае вам Духа, між вамі цуды робіць, - ці ад дзел закону (гэтае робіць), ці ад слуханьня веры? 6. Водле (таго, як) Аўраам паверыў Богу, і залічана яму гэтае ў праведнасьць (Быт. 15,6). 7. Ведайце-ж, што, хто ад веры, гэтыя ёсьць сыны Аўраамавы. 8. I Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдывае паганаў, загадзя апавясьціла Аўраама: у табе багаслаўлены будуць усе народы (Быт. 12,3). 9. Гэтак тыя, што ад веры, багаслаўляюцца разам з верным Аўраамам. 10. А тыя, што ад дзел закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: пракляты ўсякі, хто ня трывае ў-ва ўсім, што напісана ў кнізе закону, каб рабіць гэтае (Другазак. 27,26). 11. А што законам ніхто не апраўдываецца перад Богам, гэта ясна, бо праведны вераю жыць будзе (Аввак. 2, 4). 12. Закон-жа не ад веры; але чалавек, які гэтае выпаўняе, жыць будзе ў гэтым (Ляв. 18,5). 13. Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закону, стаўшыся за нас пракляцьцем, (бо напісана: пракляты ўсякі, хто вісіць на дзераве) (Другазак. 21,23), 14. каб багаслаўленьне Аўраамавае ў Хрысьце Ісусе сталася на паганаў, каб абяцаньне Духа ўзялі мы праз веру. 15. Браты, па чалавечаму кажу: навет чалавекам абвешчанага запавету ніхто не адкідае, або не дадае (да яго). 16. Аўрааму-ж высказаны прырачэньні і насеньню яго. Ня сказана: і насеньням, як аб многіх, але як аб адным: і насеньню твайму, якое ёсьць Хрыстос (Быт. 12,7). 17. Я-ж кажу тое, што запавету аб Хрысьце, раней сцьверджанага Богам, закон, які настаў цераз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе на тое, каб прырачэньне было зьнішчана. 18. Бо, калі спадчына - ад закону, дык ужо не з прырачэньня; але Аўрааму Бог падараваў цераз прырачэньне. 19. Дык што-ж закон? Ён дадзены з прычыны праступкаў, да часу, пакуль прыйдзе насеньне, якому дадзена прырачэньне, і выкладзены праз ангелаў рукою пасярэдніка. 20. Але пасярэдн?к ня ёсьць аднаго, а Бог адзін. 21. Дык ці закон проціў прырачэньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі-б даны быў закон, што можа ажыўляць, дык запраўды праведнасьць была-б ад закону; 22. але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб прырачэньне ад веры Ісуса Хрыста было дадзена веруючым. 23. А да прыходу веры мы замкнёны былі пад вартаю закону да таго часу, як мусіла адкрыцца вера. 24. Дык закон быў для нас настаўнікам, (каб вясьці) да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю. 25. Як-жа прышла вера, мы ўжо не пад настаўнікам, 26. бо ўсе вы сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса. 27. Бо, колькі вас у Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. 28. Няма ўжо Юдэя, ані Грэка; няма раба, ані свабоднага; няма мужчынскага полу, ані жаноцкага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе. 29. Калі-ж вы Хрыстовыя, дык вы насеньне Аўраамавае і водле прырачэньня насьледнікі.

Разьдзел 4.

1. Кажу-ж: пакуль насьледнік - дзіця, ён нічым ня розьніцца ад раба, хаця і гаспадар усяго, 2. але ён пад апякунамі і аканомамі аж да вызначанага айцом часу. 3. Гэтак і мы, калі былі дзяцьмі, былі паняволены матэряльнымі зачаткамі сьвету; 4. калі-ж прыйшла поўня часу, Бог паслаў сына Свайго, які нарадзіўся ад жанчыны і быў пад законам, 5. каб адкупіць тых, што пад законам, каб нам узяць усынаўленьне. 6. А як вы сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, які галосе: Авва, Ойча! 7. Дзеля гэтага ты ўжо ня раб, але сын; а калі сын, дык і насьледнік Божы праз Хрыста. 8. Але тагды, ня ведаючы Бога, вы служылі тым, што не па прыродзе богі; 9. цяпер-жа, пазнаўшы Бога, а балей - пазнаныя Богам, як вы варочаецеся ізноў да бяссільных і бедных матэряльных зачаткаў, якім хочаце служыць нанова? 10. Вы пілнуеце дні, месяцы, часы і годы. 11. Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас. 12. Малю вас, браты, будзьце, як і я; бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне; 13. ведаеце-ж, што я ў бяссільлі цела прапаведываў вам Эвангельле першы раз, 14. і вы не пагардзілі спакусай маей, што ў целе маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як Ангела Божага, як Хрыста Ісуса. 15. Якое-ж было шчасьце вашае! Сьведчу-ж вам, што, калі б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, аддалі-б вы мне. 16. Дык ці-ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду? 17. Рупяцца аб вас нягодна, а хочуць адлучыць вас, каб вы рупіліся аб іх. 18. Добра-ж рупіцца аб добрым заўсёды, а ня толькі, як я прыходжу да вас, 19. дзеткі мае, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль ня знойдзе абраз Свой у вас Хрыстос! 20. Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні аб вас. 21. Скажэце мне вы, што жадаеце быць пад законам: ці-ж вы ня слухаеце закону? 22. Бо напісана, што Аўраам меў двох сыноў: аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай (Быт. 16,15; 21,3). 23. Але, каторы ад рабыні, той народжаны водле цела, а каторы ад вольнай, той водле прырачэньня. 24. Гэта ёсьць інасказ. Бо гэта два запаветы: адзін ад гары Сынайскае, што родзіць на рабства, якое ёсьць Агара; 25. бо Агара ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузаліму, ды з дзяцьмі сваімі ў рабстве; 26. а вышэйшы Ерузалім свабодны, які ёсьць маці ўсім нам. 27. Бо напісана: Узьвесяліся, няплодная, якая не раджаеш; загукай і загаласі ты, якая ня мучылася, родзячы. Бо ў пакіненай шмат балей дзяцей, чымся ў маючай мужа (Ісая 54,1). 28. Мы-ж, браты, - водле Ізаака, дзеці прырачэньня. 29. Але, як тагды народжаны водле цела перасьледаваў таго, што водле духа, гэтак і цяпер. 30. Што-ж кажа Пісаньне? Выжані рабыню і сына яе, бо сын рабыні ня будзе насьледнікам разам з сынам свабоднай (Быт. 21,10). 31. Вось-жа, браты, мы дзеці не рабыні, а свабоднай.

Разьдзел 5.

1. Дык стойце ў волі, якою вызваліў нас Хрыстос, і не падпадайце ізноў пад ярмо рабства. 2. Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі абрэзываецеся, дык Хрыстос вас нічым не ўспаможа. 3. Яшчэ сьведчу ўсякаму чалавеку, які абрэзываецца, што ён павінен выпаўніць увесь закон. 4. Вы далёкія ад Хрыста; вы, што апраўдываецеся законам, адпалі ад ласкі; 5. мы-ж духам ад веры чакаем надзеі праведнасьці; 6. бо ў Хрысьц? Ісусе ня мае сілы ні абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але вера, што дзеець праз любоў. 7. Вы беглі добра: хто ўбіў вам не карыцца праўдзе? 8. Гэткае перакананьне не ад Таго, Хто вас заклікае. 9. Крошка кісьлі ўсё цеста квасіць. 10. Я пэўны ў вас у Госпадзе, што нічога ня будзеце думаць інакш; хто-ж вас баламуціць, той, хто-б ён ні быў, панясе на сабе асуджэньне. 11. Калі-ж я, браты, і цяпер абвяшчаю абрэзаньне, дык завошта-ж яшчэ мяне перасьледуюць? Тагды спакуса крыжа зьніштожылася-бы. 12. О, каб былі адсечаны тыя, што вас бунтуюць! 13. Бо вы к волі пакліканы, браты; каб толькі воля ваша ня была сродкам для цела, але праз любоў служыце адзін аднаму. 14. Бо ўвесь закон у адным слове поўніцца: любі бліжняга твайго, як самога сябе (Ляв. 19,18). 15. Калі-ж адзін аднаго грызецё і заядаеце, сьцеражацеся, каб ня былі загублены адзін адным. 16. Я-ж кажу: хадзеце духам і пажаданьняў цела не спаўняйце. 17. Бо цела хоча супраць духу, а дух супраць целу: яны адно аднаму працівяцца, каб вы ня тое рабілі, чаго хацелі-б. 18. Калі-ж вы ведзены духам, дык вы не пад законам. 19. Учынкі-ж цела ведамыя; яны ёсьць: блуд, распуста, нячыстасьць, сваволя, 20. пакланеньне ідалам, чарадзейства, варожасьць, спрэчкі, гарачнасьць, гнеў, сварлівасьць, нязгода, гарэзіі, 21. ненавісьць, забойствы, пянства, няпрыстойнасьць і падобнае; гэтае кажу вам наперад, як і казаў, што тыя, хто гэтак робіць, Царства Божага не ўнасьледуюць. 22. Плод жа духа: любоў, радасьць, мір, доўгацярплівасьць, добрасьць, міласэрдзе, вера, 23. ціхасьць, паўзьдзержлівасьць. На гэтакіх няма закону. 24. А Хрыстовыя раскрыжавалі цела з мукамі і пажаданьнямі. 25. Калі мы жывем духам, дык і паступаем духам. 26. Ня будзем задавацца, адзін аднаго дражнячы, адзін аднаму завідуючы.

Разьдзел 6.

1. Браты, калі і ўпадзе чалавек у якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, наглядаючы за сабою, каб і табе ня быць спакушаным. 2. Насеце берамя адзін аднаго і гэтак выпаўняйце закон Хрыстовы. 3. Бо хто думае, што ён ёсьць нешта, будучы нічым, зводзіць самога сябе. 4. Дзела-ж свае няхай кожны выпрабуе і тагды будзе мець пахвалу толькі ў сабе, а не ў другім. 5. Бо кожны панясе сваё берамя. 6. Хто-ж вучыцца слова, няхай дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто навучае. 7. Не ашуківайце сябе; з Бога не насьмяешся. Бо што чалавек пасее, тое і пажне: 8. хто сее ў цела сваё, ад цела пажне тленнасьць; а хто сее ў духа, ад духа пажне жыцьцё вечнае. 9. Робячы-ж дабро, ня журымася: бо ў свой час пажнем, не слабеючы. 10. Дык, дакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбалей таварышом па веры. 11. Бачыце, як многа напісаў я вам сваею рукою. 12. Жадаючыя хваліцца паводле цела прымушаюць вас абрэзывацца толькі дзеля таго, каб ня быць перасьледаванымі за крыж Хрыстоў; 13. бо і тыя, што абрэзываюцца, самі ня пілнуюць закону, але хочуць, каб вы абрэзываліся, каб пахваліцца ў вашым целе. 14. Мне-ж няхай ня здарыцца хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне сьвет укрыжаваны, і я для сьвету. 15. Бо ў Хрысьце Ісусе нічога ня значыць ані абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але новы твор. 16. І хто паступае паводле гэтага правіла, мір ім і зьмілаваньне і Ізраілю Божаму. 17. Урэшце, няхай ніхто ня робіць мне цяжару, бо Я нашу раны Госпада Ісуса на целе маім. 18. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін. Да Галятаў пісана з Рыму.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: