Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ПАЎЛЫ ДА ЖЫДОЎ

Разьдзел 1.

1. Бог, які многакротна і рознымі спосабамі прамаўляў здаўна да айцоў праз прарокаў, 2. у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына, Якога паставіў за насьледніка ўсяго, праз Якога й вякі стварыў. 3. Той, будучы зьяньнем славы і ўзорам пастаці Яго, усё словам сілы Сваей носячы, учыніўшы цераз Сябе ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышынях, 4. дасканальшы за Ангелаў нагэтулькі, наколькі слаўнейшае за іх дастаў у спадчыне імя. 5. Бо каму із Ангелаў сказаў Ён калі: Ты Сын Мой, сягоньня Я Цябе спарадзіў,- і яшчэ: Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам? (Псал. 2,7, 2 Царств. 7,14). 6. Калі-ж ізноў уводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: I няхай паклоняцца Яму ўсе Ангелы Божыя (Псал. 96,7). 7. Да Ангелаў жа кажа: Ты Ангеламі Сваімі духаў робіш і служкамі Сваімі полымя агнявое (Псал. 103,4). 8. А аб Сыне: Пасад Твой, Божа, па век вечны; паліца правасьці - паліца царства Твайго. 9. Ты праўду палюбіў і зьненавідзіў беззаконьне; дзеля гэтага памазаў Цяба, Божа, Твой Бог алеем радасьці балей за супольнікаў Тваіх (Псал. 44,7-8). 10. I: напачатку заснаваў Ты, Госпадзе, зямлю, і нябёсы - дзела рук Тваіх; 11. яны пагібнуць, а Ты трываеш; і ўсе, быццам вопратка, пастарэюць, 12. і, як вопратку, скруціш іх, і пераменяцца; але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца (Псал. 101,26-28). 13. Каму із Ангелаў сказаў Ён калі: Сядзь праваруч Мяне, дакуль пакладу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх? (Псал. 109,2). 14. Ці ня ўсе яны - служэбныя духі, пасланыя на служэньне дзеля тых, што маюць збаўленьне ўнасьледаваць?

Разьдзел 2.

1. Дзеля гэтага трэба нам асабліва ўважаць на чутае, каб часам не адпасьці. 2. Бо, калі, сказанае праз Ангелаў слова было цьвёрдае, і ўсякі праступак і непаслухмянства даставалі справядлівую адплату, 3. дык як мы ўцячэм, (мы), што ня рупіліся аб гэткае збаўленьне, якое, апавяшчанае спачатку Госпадам, умацована ў нас ад тых, што ад Яго чулі, 4. пры сьведчаньні Богам праз знаменьні і цуды і розныя сілы, ды праз раздаваньне Духа Сьвятога паводле волі Яго? 5. Бо не для Ангелаў пакарыў Бог будучы сусьвет, аб якім гаворым; 6. засьведчыў жа нехта недзе, кажучы: Што ёсьць чалавек, што памятаеш аб ім, ці сын чалавечы, што адведваеш Яго? 7. Мала Ты панізіў яго перад Ангеламі; славай ды чэсьцю ўвянчаў Ты яго і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх; 8. усё пакарыў Ты пад ногі яго (Псал. 8,5-7). Калі-ж пакарыў Яму ўсё, дык нічога не пакінуў непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб усё было пакорна яму; 9. але бачым, што Ісус, мала чым умалены перад Ангеламі, за муку сьмерці ўвенчаны славай і чэсьцю, каб з ласкі Божае спазнаў сьмерць за ўсіх. 10. Бо трэба было, каб Той, праз Якога ўсё і Кім усё, Таго, Хто прывёў многіх сыноў у славу, Павадыра збаўленьня іх, праз мукі завяршыў. 11. Бо і той, хто асьвячае, і тыя, што асьвячаюцца, усе - ад Аднаго; дзеля гэтага Ён не сароміцца называць іх братамі, кажучы: 12. Абвяшчу імя Тваё братом Маім, пасярод царквы засьпяваю гымн Табе (Псал. 21,23). 13. I яшчэ: Я буду спадзявацца на Яго. I яшчэ: Вось я і дзеці, якіх даў мне Бог (Ісая 8,17-18). 14. Калі-ж дзеці сталіся супольнікамі цела і крыві, дык і Ён таксама супольнік іх, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто мае ўладу над сьмерцяй, гэта ёсьць д'ябала, 15. і збавіць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі адданы пад уладу рабству. 16. Бо запраўды ня Ангелаў прыймае Ён, але насеньне Аўраамавае прыймае. 17. Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім падобным стацца да братоў, каб быць міласэрным і верным Архірэем перад Богам, каб ачысьціць грахі народу; 18. бо, як Сам Ён, спакушаны, цярпеў, дык і можа спакушаным дапамагчы.

Разьдзел 3.

1. Дык вось, браты сьвятыя, супольнікі ў нябесным прызваньні, пазнайце Пасланца і Архірэя вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста, 2. Які верны паставіўшаму Яго, як і Майсей у-ва ўсім доме Яго (Лічб. 12,7). 3. Бо Гэты варты тым большае славы перад Майсеем, чым большую чэсьць за дом мае той, хто яго збудаваў. 4. Бо кожны дом кім-небудзь будуецца; а хто ўсё збудаваў, ёсьць Бог. 5. I Майсей верны ў-ва ўсім доме Яго, як слуга, дзеля пасьведчаньня таго, што мела быць сказаным. 6. А Хрыстос - як Сын у доме Яго; дом жа Яго - мы, калі толькі адвагу й пахвалу надзеі цьвёрда даканца захаваем. 7. Дзеля гэтага, як кажа Дух Сьвяты: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, 8. не рабеце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у гневе, у дзень спакушэньня ў пустыні, 9. дзе спакушалі Мяне айцы вашыя, выпрабоўвалі Мяне і бачылі ўчынкі Мае сорак гадоў 10. Дзеля гэтага угнявіўся Я на род гэны і сказаў: Заўсёды блукаюцца яны сэрцам, а самі не пазналі шляхоў Маіх; 11. дык пакляўся Я ў гневе Маім: ці ўвойдуць яны ў супачынак Мой? (Псал. 94,7-11). 12. Глядзеце, браты, каб ня было ў кім з вас сэрца хітрага ды нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога. 13. Але заклікайце адзін аднаго што-дня, дакуль можна казаці: сягоньня, - каб хто з вас не зачарствеў праз подступ грэху; 14. бо мы сталіся супольнікамі Хрыста, калі толькі пачатак істнаваньня цьвёрда захаваем даканца, 15. дакуль гаворыцца: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, не рабеце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у гневе. 16. Бо некаторыя, пачуўшы, угнявілі; але ня ўсе, што выйшлі з Эгіпту з Майсеем. 17. На каго-ж гневаўся Ён сорак гадоў? Ці не на саграшыўшых, косьці якіх паляглі ў пустыні? 18. Каму-ж кляўся, што ня ўвойдуць у супачынак Яго, калі не непакорным? 19. I бачым, што яны ня здолелі ўвайсьці праз няверые.

Разьдзел 4.

1. Дзеля гэтага высьцерагаймася, каб, калі йшчэ трывае прырачэньне ўвайсьці ў супачынак Яго, не аказаўся хто з вас спозьніўшымся. 2. Бо і нам яно абвешчана, як і гэным; але ім не дало карысьці чутае слова, бо не давяршылася вераю слухаўшых. 3. Бо ўваходзім у супачынак мы, увераваўшыя, бо Ён сказаў: Як пакляўся Я ў гневе Маім: ці ўвойдуць у супачынак Мой?, хаця ўчынкі Яго сталіся йшчэ ад стварэньня сьвету. 4. Бо сказана недзе аб сёмым дню гэтак: I супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзел Сваіх (Быт. 2,2). 5. I яшчэ недзе: Ці ўвойдуць у супачынак Мой? 6. Дык, калі некаторым астаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непаслухмянства, 7. то йзноў азначае нейкі дзень "сягоньня", гаворачы праз Давіда, цераз гэтулькі часу, як было сказана: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, не рабеце цьвёрдымі сэрцы вашыя. 8. Бо, калі-б Ісус гэных супакоіў, дык ня было-б сказана пасьля таго аб іншым дню. 9. Дзеля гэтага пакінена яшчэ народу Божаму сьвяткаваньне суботы. 10. Бо, хто ўвайшоў у супачынак Яго, той і сам супачыў ад дзел сваіх, як і Бог ад Сваіх. 11. Дык пастараймася ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым-жа прыкладам ня ўпаў у непакорнасьць. 12. Бо слова Божае жывое і дзеючае, ды гастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і пранікаючае да разьдзяленьня душы і духа, суставаў і мазгоў, і судзіць думкі й лятуценьні сэрца. 13. I няма стварэньня, укрытага ад Яго, але ўсё абнажона й адкрыта вачам Яго, да Якога нашае слова. 14. Дык, маючы Архірэя вялікага, што нябёсы прайшоў, Ісуса, Сына Божага, трымаймася вызнаньня. 15. Бо маем Архірэя не такога, што ня мог-бы спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў у-ва ўсім спакушэньня, апрача грэху. 16. Дык прыступайма з адвагаю да пасаду ласкі, каб дастаць зьмілаваньне ды ласку знайсьці на падмогу ў добры час.

Разьдзел 5.

1. Бо ўсякі архірэй, спаміж людзей выбіраны, дзеля людзей стаўляецца на тое, што Божае, каб прынасіць дары й ахвяры за грахі, 2. каб мог выбачаць няцямлючым і блукаючымся, бо й сам абложаны нядужасьцяй, 3. і дзеля гэтага павінен, як за народ, гэтак і за сябе, прынасіць ахвяры за грахі. 4. I ніхто сам сабою ня прыймае гэтае чэсьці, але той, хто пакліканы Богам, як і Арон. 5. Гэтак і Хрыстос ня Сам Сябе ўславіў, каб быць Архірэем, але Той, Хто сказаў Яму: Ты - Сын Мой, сягоньня Я Цябе спарадзіў (Псал. 2,7), 6. як і ў другім месцы кажа: Ты сьвяшчэньнік навек па уставу Мэльхісэдэкаваму (Псал. 109,4). 7. У дні цела Свайго Ён з вялікім лямантам і сьлязьмі прыносіў малітвы і просьбы к Таму, Хто мог выбавіць Яго ад сьмерці, і быў выслуханы за пакорлівасьць Сваю. 8. Хоць Ён і Сын, аднак праз мукі паслухмянства навучыўся 9. і, зьвяршоны, зрабіўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўленьня, 10. названы ад Бога Архірэем па уставу Мэльхісэдэка. 11. Аб Ім нам вялікае слова, ды цяжка яго высказаць, бо вы зрабіліся няздольнымі слухаць. 12. Бо вас, якія, водле часу, мусілі-б быць вучыцялямі, трэба йзноў вучыць пачаткаў слоў Божых, і вам патрэбна малако, а ня цьвёрдая страва. 13. Бо ўсякі, хто корміцца малаком, нясьведамы ў слове праўды, бо ён дзіцятка. 14. Дасканалых-жа есьць цьвёрдая страва, тых, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны распазнаваць дабро і зло.

Разьдзел 6.

1. Дык, пакінуўшы пачатак Хрыстовага слова, пасьпяшайма да дасканаласьці, не кладучы ізноў падставы дзеля пакаяньня ад мёртвых дзел і веры ў Бога, 2. навукі аб хрышчэньнях, і аб ускладаньні рук, і аб уваскрасеньні мёртвых, і аб судзе вечным. 3. I зробім гэтае, калі Бог дазволіць. 4. Бо немагчыма тых, што раз былі прасьвечаны, і паспробавалі дару нябеснага, і сталіся супольнікамі Духа Сьвятога, 5. і пакаштавалі добрага слова Божага і сілаў будучага веку 6. ды адпалі, - ізноў абнаўляць каяньнем, калі яны йзноў раскрыжоўваюць у сабе Сына Божага і зьдзекуюцца над Ім. 7. Бо зямля, якая п'е дождж, што часта зыходзе на яе, і родзіць расьліну, карысную для тых, хто садзіць яе, - дастае багаслаўленьне ад Бога; 8. тая-ж, што прыносіць церні й пустазельле, нікчэмная і блізкая да праклёну: канец яе - на спаленьне. 9. Мы-ж спадзяемся ад вас, умілаваныя, лепшага і маючага збаўленьне, хаця й гаворым гэтак. 10. Бо Бог не несправядлівы, каб забыўся аб дзеле вашым і працы любві, якую вы выявілі дзеля іменьня Яго, калі служылі і служыце сьвятым. 11. Хочам жа, каб кожны з вас выяўляў такую-ж рупнасьць аб цьвёрдую надзею даканца; 12. каб ня стацца вам лянівымі, але насьлядавець тых, што вераю і доўгацярплівасьцяй бяруць у спадчыну абяцаньне. 13. Бо Бог, прыракаючы Аўрааму, ня маючы клясьціся нікім вышэйшым, кляўся Самым Сабою, 14. кажучы: Запраўдным багаслаўленьнем пабагаслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе (Быт. 22,17). 15. Дык вось (Аўраам), як доўгацярплівы, атрымаў абяцанае. 16. Бо людзі клянуцца вышэйшым, і кожнае спрэчкі між імі канец на сцьвярджэньне - прысяга. 17. Дзеля гэтага й Бог, хочучы балей паказаці насьледнікам прырачэньня нязьменнасьць волі Сваей, ужыў прысягу, 18. каб у дзьвёх нязьменных рэчах, у якіх для Бога зманіць немагчыма, мелі крэпкае пацяшэньне, прыбегшы ўзяці надзею, што перад намі ляжыць, 19. якую маем, як якар душы, бясьпечную, пэўную, і ўваходзіць яна ў самае нутраное за заслону, 20. куды, як наш папярэднік, увайшоў Ісус, стаўшыся Архірэем навек паводле уставу Мэльхісэдэкавага.

Разьдзел 7.

1. Бо Мэльхісэдэк, цар Саліму, сьвяшчэньнік Бога Найвышэйшага, той, што спаткаў Аўраама, як варочаўся з пабоішча цароў, і пабагаславіў яго, 2. ды яму дзесяціну аддзяліў Аўраам ад усяго (- першае ў перакладзе цар праўды, а пасьля і цар Салімскі, гэта ёсьць цар міру), 3. бяз бацькі, бяз маткі, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзен, ні канца жыцьця, упадоблены-ж Сыну Божаму, астаецца сьвяшчэньнікам назаўсёды. 4. Бачыце-ж, як вялік той, каму й дзесяціну даў Аўраам патрыарх із найлепшае здабычы. 5. I тыя з сыноў Левіных, што прымаюць сьвяшчэнства, маюць запаведзь - браць паводле закону дзесяціну з народу, гэта ёсьць з сваіх братоў, хаця й гэтыя паходзяць ад сьцягнаў Аўраамавых. 6. Ён жа, не паходзячы з іхняга роду, дастаў дзесяціну ад Аўраама і пабагаславіў таго, што меў прырачэньне. 7. Бяз усякае-ж спрэчкі меншае багаслаўляецца большым. 8. I тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там - той, аб Якім сьведчыцца, што жыве. 9. I, адным словам, праз Аўраама ўзята дзесяціна і з Левія, які сам бярэ дзесяціны, 10. бо ён быў яшчэ ў сьцягнах бацькавых, калі спаткаў яго Мэльхісэдэк. 11. Дык, калі-б зьвяршэньне было праз сьвяшчэнства лявіцкае, (бо народ ад яго закон дастаў), дык якая йшчэ патрэба паўставаць іншаму сьвяшчэнству па уставу Мэльхісэдэкаваму, а не па уставу Аронаваму называцца? 12. Бо з зьменай сьвяшчэнства канечнай робіцца і зьмена закону. 13. Бо Той, аб Кім гаворыцца гэтае, належаў да другога калена, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка; 14. бо ведама, што Госпад наш зазьяў з калена Юдавага, а аб гэтым калене Майсей нічога не сказаў адносна сьвяшчэнства. 15. I яшчэ ясьней відаць з таго, што нападобу Мэльхісэдэку ўстае іншы сьвяшчэньнік, 16. Які не па закону запаведзі цялеснае стаўся, але па сіле нязьнішчальнага жыцьця. 17. Бо сьведчыцца: Ты сьвяшчэньнік навек па уставу Мэльхісэдэкаваму. 18. А раней быўшая запаведзь адкінена праз бяссільле яе і бескарыснасьць; 19. бо закон нічога не давяршыў; але ўводзіцца лепшая надзея, праз якую набліжаемся да Бога. 20. I паколькі гэта не бяз прысягі, -. 21. (бо тыя ставаліся сьвяшчэньнікамі бяз прысягі, а Гэты - з прысягай Таго, Хто казаў да Яго: Кляўся Госпад і не пакаецца: Ты сьвяшчэньнік навек па уставу Мэльхісэдэкаваму) (Псал. 109,4). 22. пагэталькі парукай лепшага запавету стаўся Ісус. 23. I тых сьвяшчэньнікаў было балей, бо сьмерць не дапускала трываць; 24. а Гэты праз тое, што вечна трывае, мае сьвяшчэнства непраходзячае, 25. дык і можа назаўсёды збаўляць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх. 26. Гэткага і трэба было нам Архірэя: сьвятога, вольнага ад зла, беззаганнага, адлучанага ад грэшнікаў і узвышанага па-над нябёсы, 27. Які ня мае патрэбы штодня, як архірэі, прынасіць ахвяры сьпярша за свае грахі, пасьля за грахі народу: бо Ён зрабіў гэта за-раз, прынесшы (ў ахвяру) Сябе. 28. Бо закон стаўляе за Архірэяў людзей, маючых слабасьці; а слова прырачэньня, што пасьля закону, (паставіла) Сына, навекі дасканалага.

Разьдзел 8.

1. Галоўнае-ж у сказаным ёсьць: мы маем Архірэя такога, што сеў праваруч пасаду велічы на нябёсах, 2. слуга сьвятыні і скініі праўдзівай, якую паставіў Госпад, а не чалавек. 3. Бо кожны архірэй стаўляецца на тое, каб прынасіць дары й ахвяры; дык трэба было, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці. 4. Бо калі-б Ён быў на зямлі, дык ня быў-бы сьвяшчэньнікам, бо ёсьць сьвяшчэньнікі, што па закону прыносяць дары, 5. якія служаць абразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі ён маніўся зрабіць скінію: Глядзі, сказана, рабі ўсё па ўзору, паказанаму табе на гарэ (Выхад. 25,40). 6. Цяпер жа Ён атрымаў служэньне тым дасканальшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконіўся на лепшых прырачэньнях. 7. Бо калі-б той першы быў без заганы, дык ня шукаласяб месца другому. 8. Бо-ж, дакараючы іх, кажа: вось, надыходзяць дні, кажа Госпад, калі зроблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет, 9. не паводле запавету, які з бацькамі іх зрабіў у той дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпскай; бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я перастаў рупіцца аб іх, - кажа Госпад. 10. Вось запавет, які дам дому Ізраіляваму пасьля Тых дзён, -. кажа Госпад: Даўшы законы Мае ў думкі іх, напішу іх і на сэрцах іхніх і буду ім Бог, а яны Мне будуць народ. 11. I ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго, і кожны брата свайго, кажучы: пазнай Госпада; бо ўсе, ад малога да вялікага, ведаць Мяне будуць. 12. Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іх і грахоў іхніх, і беззаконьняў іх ня ўспомню балей (Ерам. 31,31-34). 13. А сказам "новы" састарыў першы; а састарэўшае і старэючае блізка да зьніштажэньня.

Разьдзел 9.

1. Дык жа і першая скінія мела уставы служэньня і сьвятыню зямную. 2. Бо скінія, тая першая, была збудаваная, і ў ёй сьветач і стол і складаньне хлябоў, ды завецца яна Сьвятая. 3. За другой жа заслонай скінія, званая Сьвятое Сьвятых, 4. што мела залатую кадзільню і абкладзены з усіх бакоў золатам карабель запавету, у якім залатая судзіна з маннай ды паліца Ааронава, што расцьвіла, і табліцы запавету, 5. а над ім Хэрувімы славы, ацяняючы ачысьцільню: аб іх ня сьлед цяпер гаварыць падрабязна. 6. Калі-ж гэта так наладжана, дык у псршую скінію заўсёды ўваходзяць сьвяшчэньнікі адпраўляць службу, 7. а ў другую - раз у год адзін толькі архірэй, не бяз крыві, якую прыносіць за сябе і за няведаньне народу. 8. Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, дакуль стаіць першая скінія, 9. якая ёсьць абраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары й ахвяры, якія ня могуць зрабіць дасканалым паводле сумленьня таго, хто служыць, 10. якія толькі ў стравах і напітках ды розных абмываньнях і установах цела, ды пастаўлены аж да часу направы. 11. Але Хрыстос, зьявіўшыся, як Архірэй будучага дабра, з большаю й дасканальшаю скініяй, нерукатворнаю, гэта ёсьць не такое будовы, 12. ды ня з крывёю казлоў і цялят, але з уласнай крывёю, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы вечнае адкупленьне. 13. Бо, калі кроў быкоў і кароў ды попел каровы, акрапляючы апаганеных, асьвячае на чыстасьць цела, 14. дык наколькі балей кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых дзел, дзеля служэньня Богу Жывому? 15. Дзеля гэтага Ён ёсьць пасярэднік новага запавету, каб, як станецца сьмерць дзеля адкупленьня ад праступкаў, што ў першым запавеце, тыя, што пакліканы да вечнае спадчыны, дасталі абяцанае. 16. Бо дзе тастамант, там мусіць прыйсьці сьмерць адказываючага, 17. бо запавет мае сілу пасьля памершых: ён ня мае сілы, пакуль жыве той, хто адказывае. 18. Дык і першы быў замацаваны не бяз крыві. 19. Бо, як былі сказаны Майсеем усе запаведзі па закону ўсяму народу, ён, узяўшы кроў цялят і казлоў з вадою ды воўнай чырвонай ды гізопам, акрапіў і самую кнігу, і ўвесь народ, 20. кажучы: Гэта кроў запавету, які паклаў вам Бог (Вых. 24,8). 21. Гэтак сама акрапіў крывёю і скінію, і ўсё судзьдзе дзеля служэньня. 22. Ды бадай усё па закону ачышчаецца крывёй, і без праліцьця крыві ня бывае адпушчэньня. 23. Дык і трэба было, каб абразы нябеснага ачышчаліся гэтымі, а самае нябеснае - лепшымі за гэтыя ахвярамі. 24. Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворную сьвятыню, на ўзор праўдзівае збудаваную, але ў самае неба, каб зьявіцца цяпер абліччу Божаму за нас; 25. і не дзеля таго, каб мнагакротна прынасіць Сябе, як кожын год уваходзіць архірэй у сьвятыню з чужою крывёй, 26. (бо трэба-б Яму мнагакротна цярпець мукі ад пачатку сьвету), а Ён адзін раз на канцы вякоў зьявіўся дзеля зьнішчэньня грэху Сваей ахвярай. 27. I як людзям назначана раз памарці, а пасьля суд, - 28. гэтак і Хрыстос, раз прынесшы Сябе ў ахвяру, каб панясьці грахі многіх, другі раз бяз грэху зьявіцца тым, што чакаюць Яго, на збаўленьне.

Разьдзел 10.

1. Бо закон, маючы цень будучага дабра, а ня самы абраз рэчаў, тымі-ж ахвярамі, што прыносяцца кожын год, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць (з імі). 2. Бо кінулі-б прынасіць іх, бо ўжо ня мелі-б ніякае сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, раз ачышчаныя. 3. Алс ў іх што-году ўспамін аб грахох, 4. бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў зьнімала грахі. 5. Дзеля гэтага (Хрыстос), уваходзячы ў сьвет, кажа: Ахвяры й дару Ты не захацеў, але цела прыгатаваў мне. 6. Усепаленьні й (ахвяры) за грэх недаспадобы Табе. 7. Тады Я сказаў: вось іду (на пачатку кнігі напісана аба Мне) учыніць волю Тваю, Божа (Псал. 39,7-9). 8. Сказаўшы перш, што ні ахвяры, ні дару, ні ўсепаленьняў, ні (ахвяры) за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў, - а яны прыносяцца водле закону, - 9. пасьля сказаў: вось іду учыніць волю Тваю, Божа. Касуе першае, каб паставіць другое. 10. Гэтай вось воляй асьвячоны мы аднакротна прынясеньнем цела Ісуса Хрыста. 11. І ўсякі сьвяшчэньнік штодня стаіць, служачы ды мнагакротна прыносячы тыя-ж ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў. 12. Ён жа, прынесшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога, 13. ждучы далейшага, дакуль ворагі Яго будуць пакладзены к падножжу ног Яго (Псал. 2,8). 14. Бо Ён адным дарам дасканалымі зрабіў назаўсёды асьвячаных. 16. Сьведчыць жа нам і Дух Сьвяты; бо сказана: 16. Вось запавет, які пакладу вам пасьля дзён гэных, кажа Госпад: даўшы законы Маі ў сэрцы іх, напішу іх і ў думках іхніх, 17. і грахоў іх і беззаконьняў іх ня ўспомню балей. 18. А дзе адпушчэньне іх, там непатрэбны дар за грахі. 19. Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню крывёй Ісуса Хрыста, 20. шляхам новым і жывым, які Ён аднавіў нам праз заслону, гэта ёсьць цела Сваё, 21. ды маючы вялікага Сьвяшчэньніка над домам Божым, 22. прыступайма з шчырым сэрцам, у поўні веры, акрапіўшы сэрцы ад сумленьня благога і абмыўшы цела чыстай вадою, 23. трымаймася няўхільна вызнаньня надзеі, (бо верны Той, Хто прырок). 24. I ўважайма адзін на аднаго, заахвочываючы да любві і добрых учынкаў, 25. не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы (да яго), і тым балей, чым балей выглядаеце набліжэньня гэнага дня. 26. Бо калі мы самахоць грашым, прыняўшы пазнаньне праўды, дык ужо не астаецца ахвяра за грахі, 27. але нейкае страшное чаканьне суду і палу агнявога, што мае пажэрці супраціўнікаў. 28. Хто адступіўся ад закону Майсеявага пры двох ці трох сьведках, хай памрэць без зьмілаваньня; 29. наколькі-ж, думаеце, цяжэйшае кары варты будзе той, хто Сына Божага патаптаў, і кроў запавету, якою ён асьвячоны, за звычайную ўважаў, і Духа ласкі зьняважаў? 30. Мы ведаем Таго, Хто сказаў: Мне помста, Я аддам, кажа Госпад. I ізноў: Госпад будзе судзіць народ Свой (Другазак. 32,35-36). 31. Страшна папасьці ў рукі Бога Жывога. 32. Прыпомніце-ж першыя дні вашыя, калі вы, прасьвечаныя, вытрымалі вялікае тамленьне мукаў, 33. то самі выстаўляныя на зьнявагі і зьдзекі, то дзелючы такое-ж жыцьцё другіх, 34. бо вы і маім путам спачувалі, і рабаваньне багацьця вашага з радасьцяй прыймалі, ведаючы, што маеце на нябёсах багацьце лепшае, непераходзячае. 35. Дык не пакідайце адвагі вашае, якая мае вялікую нагароду. 36. Бо патрэбна вам цярплівасьць, учыніўшы волю Божую, дастаць абяцанае; 37. бо яшчэ крыху, крыху, і прыдзе Той, Хто надыходзе, і не замарудзіць. 38. А праведны вераю жыць будзе; і: калі хто спалохаецца, не ўпадабае яго душа Мая (Аввак. 2,3-4). 39. Мы-ж не палахлівыя на пагібель, але веруючыя на збаўленьне душы.

Разьдзел 11.

1. Вера-ж ёсьць зьдзейсьненьне спадзяванага, поўнасьць у рэчах, якіх ня бачым. 2. Бо ў ёй пасьведчаны старажытныя. 3. Вераю пазнаем, што вякі складзены словам Божым, каб з нявідомага сталася бачнае. 4. Вераю Авель прынёс Богу ахвяру, лепшую за Каінаву, ды ею дастаў сьвядоцтва праведнасьці, як засьведчыў Бог аб дарох яго; ею ён яшчэ й памершы гаворыць. 5. Вераю Энох быў перанесены, каб Яму сьмерці ня бачыць; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо да перанясеньня яго было пасьведчана аб ім, што дагадзіў Богу. 6. А бяз веры дагадзіць немагчыма; бо хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і шукаючым Яго дае нагароду. 7. Вераю Ной, дазнаўшыся аб ніколі ня бачаным, праз асьцярожнасьць пабудаваў карабель на спасеньне дому свайго; ею асудзіў ён сьвет і па веры насьледаваў праведнасьць. 8. Вераю пакліканы Аўраам паслухаўся, каб ісьці ў месца, якое меў дастаць у спадчыну, і выйшаў, ня ведаючы, куды йдзе. 9. Вераю асеў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у шатрох з Ізаакам і Якубам, сунасьледнікамі таго-ж прырачэньня; 10. бо чакаў места, маючага фундамэнты, якога будаўнічы й тварэц Бог. 11. Вераю й сама Сара прыняла сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку спарадзіла, бо верным лічыла Таго, Хто даў абяцаньне. 12. I дзеля гэтага ад аднаго, пры тым амярцьвелага, нарадзілася гэтак многа, як многа зораў на небе і як нязьлічоны пясок, што на ўзьбярэжжы мора. 13. Усе тыя памерлі водле веры, не атрымаўшы абяцанага, а толькі здалёк пабачыўшы яго, і верылі, і цешыліся, і казалі аб сабе, што яны чужынцы й прыходні на зямлі. 14. Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць; 15. і, калі-б памяталі тую, з якое выйшлі, дык мелі-б час вярнуцца. 16. Але яны лепшага пажадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага і Бог не сароміцца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён прыгатаваў ім места. 17. Вераю Аўраам, спакушаны, прывёў Ізаака і, прыняўшы прырачэньне, прынёс адзінароднага, 18. аб якім было сказана: У Ізааку назавецца насеньне табе (Быт. 21,12); 19. бо ён думаў, што Бог мае сілу і з мёртвых ускрасіць, дзеля чаго й дастаў яго на ўзор. 20. Вераю ў будучае пабагаславіў Ізаак Якуба й Ізава. 21. Вераю Якуб, паміраючы, пабагаславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся на верх кія свайго. 22. Вераю Язэп, канчаючыся, аб выхадзе сыноў Ізраілявых успамінаў і даў загад аб касьцёх сваіх. 23. Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі, бо бачылі, што дзіця харошае, і не спалохаліся царскага загаду. 24. Вераю Майсей, як вырас, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавае 25. і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець дачэсную раскошу грэху, 26. зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпскія; бо ён на нагароду аглядаўся. 27. Вераю пакінуў ён Эгіпет, не ўбаяўшыся царскага гневу, бо цьвёрды быў, быццам бачачы Нявідомага. 28. Вераю зрабіў пасху і праліцьце крыві, каб нішчыцель першакоў іх не крануў. 29. Вераю перайшлі яны цераз Чырвонае мора, як па сухапуцьцю; чаго паспробаваўшы, Эгіпцяне патапіліся. 30. Вераю ўпалі сьцены Эрыхонскія, абходжаныя навакол сем дзён. 31. Вераю Рааб блудніца, з мірам прыняўшы выведчыкаў, не пагібла з нявернымі. 32. Дый што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб апавядаць аб Гедэоне, аб Вараку, аб Самсоне ды Ефтаю, аб Давідзе і Самуіле, ды аб прароках, 33. якія вераю перамагалі царствы, чынілі праўду, даставалі прырачэньні, загараджалі ляпы львоў, 34. тушылі сілу агню, уцякалі ад гострага мяча, крапчэлі ад слабасьці, ставаліся дужымі на вайне, прымушалі ўцякаць палкі чужых. 35. Жоны памершых сваіх з ускрасеньня даставалі; іншыя-ж былі замучаныя, ня прыняўшы вызваленьня, каб дастаці лепшае ўскрасеньне; 36. другія паспыталі зьдзекаў і біцьця, ды йшчэ путаў і вязьніцы, 37. былі каменьнямі пабіваныя, распіловываныя, мучаныя, паміралі ад мяча, туляліся ў гавечых ды казіных скурах, церпячы нэндзу, гора, нягоды, 38. (іх увесь сьвет ня быў варты), бадзяліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі. 39. I ўсе гэтыя, дастаўшы пасьведчаньне праз веру, не дасталі абяцанага, 40. бо Бог прадугледзіў аб нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасяглі дасканаласьці.

Разьдзел 12.

1. Дзеля гэтага і мы, маючы навакол сябе гэткую хмару сьведак, скінуўшы ўсякую гордасьць і грэх, што нас блутаў, з цярплівасьцяй прабягаць будзем праз поле барацьбянае, што ляжыць перад намі, 2. пазіраючы на пачынальніка і завяршыцеля веры, Ісуса, Які замест радасьці, што была перад Ім, перацярпеў крыж, ня дбаючы аб сорам, ды сеў праваруч пасаду Божага. 3. Бо падумайце аб Тым, Хто перацярпеў гэткі над сабою зьдзек ад грэшнікаў, каб вы не зьнемагаліся, аслабеўшы душамі вашымі. 4. Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху, 5. і забыліся аб закліку, што кажацца вам, як сыном: Сын мой! Ня грэбуй карай Гасподняй і не слабей, калі Ён цябе дакарае. 6. Бо Госпад, каго любіць, таго карае, ды б'е ўсякага сына, якога прыймае (Прып. 3,11-12). 7. Калі вы церпіце кару, дык Бог адносіцца да вас, як да сыноў: бо ці ёсьць гэткі сын, якога-б не караў бацька? 8. Калі-ж астаецёся бяз кары, супольнікамі якое сталіся ўсе, дык вы байструкі, а не сыны. 9. Дык, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і баяліся іх, - то ці ня шмат балей карыцца будзем Айцу духаў ды жыць? 10. Бо тыя каралі, як самі думалі, на няшмат дзён; а Гэты на карысьць, каб быць нам учасьнікамі ў сьвятасьці Яго. 11. Усякае-ж караньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцяй, а сумам; а пасьля дае навучаным ім мірны плод праведнасьці. 12. Дык выпрастуйце апусьціўшыяся рукі і стомленыя калені (Ісая 35,3) 13. і сьцежкі простыя рабеце нагамі вашымі, каб кульгавае ня зьбілася з дарогі, а лепш наздаравела. 14. Старайцеся аб мір з усімі і аб сьвятасьць, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада, 15. гледзячы, каб хто ня ўтраціў ласкі Божае; каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, ды праз яго каб не апаганіліся многія (Другазак. 29,18); 16. каб ня было між вамі каго блуднага, ці нясьведамага, як Ізаў, які за адну страву аддаў першародзтва сваё. 17. Бо ведайце, што і пасьля ён, хочучы ўнасьледаваць багаслаўленьне, быў адкінены; бо не знайшоў месца пакаяньня, хоць і шукаў яго з сьлязьмі. 18. Бо не прыступіліся вы да гары датыкальнае і агнём палаючае, ані да цемры, і мроку, і буры, 19. ані да гуку трубнага і голасу мовы, аб якім чуўшыя прасілі, каб да іх ня было больш слова, 20. (бо ня вытрымалі загаданага: калі і зьвер дакранецца да гары, будзе ўкаменаваны ці каменем забіты (Вых. 19,13), 21. і гэткая жахлівая была гэная праява, што Майсей сказіаў: Я у страху й дрыжу). 22. Але вы прыступіліся да гары Сыону і да места Бога Жывога, да нябеснага Ерузаліму і да мірыядаў Ангелаў, 23. да зграмаджэньня і царквы першакоў, запісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх, Бога, і да духаў праведнікаў, што дайшлі дасканаласьці, 24. і да пасярэдніка новага запавету, Ісуса і да крыві акрапленьня, што лепш за Авеляву прамаўляе. 25. Глядзеце, не адвярнецеся й вы ад таго, хто гаворыць. Бо, калі тыя не ўцяклі, не паслухаўшы прарочыўшага на зямлі, то тым балей мы, калі адвернемся ад нябеснага, 26. голас Якога тады захістаў зямлёю, цяпер жа прырок, кажучы: Яшчэ раз устрасяну ня толькі зямлю, але й неба (Аг. 2,7). 27. Словы "яшчэ раз" паказваюць зьмену ўстрасанага, як створанага, каб трываць непарушна. 28. Дык мы, прыняўшы царства непарушнае, ласку маем, праз якую служыцімем Богу даспадобы з саромлівасьцяй і страхам, 29. бо Бог наш есьць агонь, што пажырае (Другазак. 4,24).

Разьдзел 13.

1. Любоў братняя няхай трывае. 2. Аб гасьціннасьці не забывайцеся; бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, аказалі гасьціннасьць Ангелам. 3. Памятайце аб вязьнях, якбы і вы з імі былі ў путах, і аб тых, што гора церпяць, бо-ж і самі вы ў целе. 4. Супружства (хай будзе) чэснае ў усіх і ложа беззаганнае; а блуднікаў ды распусьнікаў няхай судзіць Бог. 5. Ня мейце нораву срэбралюбнага, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: Не астаўлю цябе і ня кіну цябе (Іс.Нав. 1,5). 6. Дзеля гэтага мы адважна кажам: Госпад мне ўспамога, і не ўбаюся: што зробіць мне чалавек? (Псал. 117,6). 7. Памінайце настаўнікаў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, пазіраючы на сканчэньне жыцьця іх, пераймайце веру. 8. Ісус Хрыстос учора й сягоньня Той Самы, дый навекі. 9. Навукамі рознымі ды чужымі не захоплівайцеся; бо добра ласкай умацоўваць сэрцы, а ня стравамі, ад якіх ня мелі карысьці тыя, што пайшлі за імі. 10. Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права есьці тыя, што скініі служаць. 11. Бо ад жывёлаў, кроў якіх за грахі заносіцца архірэем у сьвятыню, мяса спаліваецца па-за станам; 12. дык і Ісус, каб асьвяціць крывёй Сваей народ, быў мучаны за варотамі. 13. Выйдзем жа да Яго за стан, пераносячы зьдзекі Яго; 14. бо ня маем тут сталага места, але шукаем таго, што мае быць. 15. Будзем жа праз Яго нрынасіць Богу бясспынна ахвяры хвалы, гэта ёсьць плод вуснаў, што славяць імя Яго. 16. Аб дабрадзейнасьці-ж і супольнасьці не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу. 17. Сл?хайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны над душамі вашымі чуваюць, як абязаныя здаць справу (аб іх); ды каб з радасьцяй гэта рабілі, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна. 18. Малецеся за нас; бо мы перакананы, што добрае маем сумленьне, бо ў-ва ўсім жадаем паступаць справядліва. 19. Асабліва-ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам вернены. 20. Бог жа міру, што із мёртвых падняў вялікага Пастыра гавец праз кроў запавету вечнага, Госпада нашага Ісуса, 21. няхай удасканаліць вас у-ва ўсякім добрым дзеле - на выпаўненьне волі Яго, робячы ў вас тое, што Яму даспадобы, праз Ісуса Хрыста. Якому слава на векі вякоў. Амін. 22. Прашу-ж вас, браты, прымеце слова напамінаньня; дый я-ж коратка вам напісаў. 23. Ведайце, што брат наш Цімахвей звольнены; з ім разам, калі хутка прыдзе, угледжу я вас. 24. Прывітанце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі. 35. Ласка з усімі вамі. Амін. Да Жыдоў напісана з Італіі праз Цімахвея.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: