|
ПАСЛАНЬНЕ ДА ГЕБРАЯЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
Разьдзел 1
1. Бог, Які шмат разоў і шматлікімі спосабамі здаўна гаварыў да бацькоў праз прарокаў,
2. у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына, Якога паставіў за спадкаемцу ўсяго, праз Якога і вякі ўчыніў.
3. Ён, будучы зьзяньнем славы і выразам існасьці Ягонай і ўсё словам моцы Сваёй трымаючы, учыніўшы праз Сябе ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышынях,
4. стаўшыся лепшым за анёлаў нагэтулькі, наколькі слаўнейшае за іх успадкаеміў імя.
5. Бо каму з анёлаў сказаў Ён калі: "Ты - Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе"? І яшчэ: "Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сы?нам"?
6. А калі ізноў уводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: "І няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя".
7. А наконт анёлаў кажа: "Ён робіць анёламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі - полымя агню".
8. А наконт Сына: "Пасад Твой, Божа, на век вечны; кій правасьці - кій валадарства Твайго.
9. Ты палюбіў праведнасьць і зьненавідзеў беззаконьне. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем весялосьці больш за таварышаў Тваіх".
10. І: "Ты напачатку, Госпадзе, умацаваў зямлю, і неба - справа рук Тваіх;
11. яны загінуць, а Ты застаешся; і ўсе, як шаты, састарэюць,
12. і, як адзеньне, Ты скруціш іх, і яны зьменяцца; а Ты - Той Самы, і гады Твае ня скончацца".
13. А наконт каго з анёлаў сказаў Ён калі: "Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"?
14. Ці ня ўсе яны - паслугавальныя духі, якія пасланыя на служэньне дзеля тых, якія маюць успадкаеміць збаўленьне?
Разьдзел 2
1. Дзеля гэтага мусім асабліва зважаць на чутае, каб не адпасьці.
2. Бо калі сказанае праз анёлаў слова было цьвёрдае, і ўсякае парушэньне і непаслухмянасьць даставалі справядлівую адплату,
3. як мы ўцячэм, калі занядбалі такое вялікае збаўленьне, якое спачатку было сказанае Госпадам, зацьверджана ў нас ад тых, якія чулі,
4. якім засьведчыў Бог праз знакі, і цуды, і розныя сілы, і праз раздаваньне Духа Сьвятога паводле волі Яго?
5. Бо не анёлам падпарадкаваў Ён будучы сусьвет, пра які гаворым.
6. Засьведчыў жа нехта недзе, кажучы: "Што ёсьць чалавек, што Ты ўзгадваеш яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?
7. Крыху Ты панізіў яго перад анёламі, даў яму вянок славы і пашаны і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх;
8. усё падпарадкаваў Ты пад ногі яго". Бо калі падпарадкаваў яму ўсё, нічога не пакінуў непакорным яму. Але цяпер мы яшчэ ня бачым, каб усё было падпарадкавана яму,
9. а бачым Ісуса, Які крыху быў паніжаны перад анёламі, Які праз пакуту сьмерці атрымаў вянок славы і пашаны, каб з ласкі Божае пакаштаваў сьмерці за ўсіх.
10. Бо трэба было, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, ведучы многіх сыноў у славу, Начальніка збаўленьня іхняга праз пакуты ўчыніў споўненым.
11. Бо і Той, Які асьвячае, і тыя, якія асьвячаюцца, усе - з Аднаго; дзеля гэтай прычыны Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
12. "Паведамлю імя Тваё брата?м Маім, пасярод царквы засьпяваю Табе".
13. І яшчэ: "Я буду спадзявацца на Яго". І яшчэ: "Вось, я і дзеці, якіх даў мне Бог".
14. Дык калі дзеці сталіся супольнікамі цела і крыві, і Ён таксама ма?е ўдзел у іх, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто ма?е ўладу над сьмерцю, гэта ёсьць д'ябала,
15. і вызваліць тых, якія дзеля страху сьмерці праз усё жыцьцё падлягалі няволі.
16. Бо, сапраўды, не анёлаў Ён прыймае, але насеньне Абрагама прыймае.
17. Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласьцівым і верным Першасьвятаром перад Богам дзеля перамольваньня за грахі народу.
18. Бо таму, што Сам Ён, спакуша?ны, цярпеў, можа тым, якія спакуша?ныя, дапамагчы.
Разьдзел 3
1. Дзеля гэтага, браты сьвятыя, удзельнікі ў нябесным пакліканьні, прыгледзьцеся да Апостала і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
2. Які верны Таму, Які паставіў Яго, як і Майсей у-ва ўсім доме Ягоным.
3. Бо Ён варты яшчэ большае славы за Майсея, як і большую пашану ма?е за дом той, хто яго збудаваў.
4. Бо ўсякі дом некім будуецца; а Той, Які ўсё збудаваў, - Бог .
5. І Майсей верны ў-ва ўсім доме Ягоным, як слуга, дзеля сьведчаньня пра тое, што мела быць сказаным;
6. а Хрыстос - як Сын у доме Ягоным, дом Якога - мы, калі толькі адвагу і пахвалу надзеі цьвёрда да канца трымаць будзем.
7. Дзеля гэтага, як кажа Дух Сьвяты: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны,
8. не закамяняйце сэрцы вашыя, як у раздражненьні, у дзень спакусы ў пустыні,
9. дзе спакушалі Мяне бацькі? вашыя, выпрабоўвалі Мяне і бачылі справы Мае? сорак гадоў.
10. Дзеля гэтага ўгнявіўся Я на пакаленьне тое і сказаў: "Заўсёды блукаюць яны сэрцам, а самі не спазналі шляхоў Маіх".
11. Дык прысягнуў Я ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой".
12. Глядзіце, браты, каб не было ў кім з вас сэрца злога і бязьвернага, што адступаецца ад Бога Жывога,
13. але прасіце адзін аднаго штодня, пакуль называецца "сёньня", каб хто з вас не закамянеў праз падман грэху.
14. Бо мы сталіся ўдзельнікамі Хрыста, калі толькі пачатку пэўнасьці цьвёрда будзем трымацца да канца,
15. калі гаворыцца: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не закамяняйце сэрцы вашыя, як у раздражненьні".
16. Бо некаторыя, што чулі, раздражнілі; але ня ўсе, якія выйшлі з Эгіпту праз Майсея.
17. На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Ці не на тых, якія зграшылі, косткі якіх палеглі ў пустыні?
18. А каму прысягаў Ён, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Ягоны, калі ня тым, якія не скарыліся?
19. І бачым, што яны не змаглі ўвайсьці праз недаверства.
Разьдзел 4
1. Дык будзем баяцца, каб, калі яшчэ трывае абяцаньне ўвайсьці ў супачынак Ягоны, ня думаў хто з вас, што ён горшы.
2. Бо і нам [гэта] дабравешчана, як і тым; але ім не дало карысьці пачутае слова, бо не спалучылася з вераю тых, якія слухалі.
3. Бо ўваходзім у супачынак мы, якія паверылі, бо Ён сказаў: "Дык прысягнуў Я ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой", хоць справы [Ягоныя] сталіся ад заснаваньня сьвету.
4. Бо сказана недзе наконт сёмага дню гэтак: "І супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх".
5. І яшчэ тут: "Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой".
6. Дык, калі некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней дабравешчана, не ўвайшлі ў яго за няскоранасьць,
7. ізноў Ён вызначае дзень "сёньня", кажучы праз Давіда, праз гэтулькі часу, як было сказана: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не закамяняйце сэрцы вашыя".
8. Бо калі б Егошуа даў тым супачынак, не было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
9. Таму застаецца для народу Божага захаваньне суботы.
10. Бо хто ўвайшоў у супачынак Ягоны, той і сам супачыў ад справаў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
11. Дык будзем намагацца ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым прыкладам не палёг праз няскоранасьць.
12. Бо слова Божае жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і працінае аж да разьдзяленьня душы? і духа, суставаў і шпіку, і су?дзіць думкі і намеры сэрца.
13. І няма стварэньня, схаванага перад Ім, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Таго, пра Якога нашае слова.
14. Дык, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў праз неба, Ісуса, Сына Божага, будзем трымацца вызнаньня.
15. Бо маем Першасьвятара не такога, што ня можа спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў спакушэньня ў-ва ўсім, апрача грэху.
16. Дык будзем набліжацца з адвагаю да пасаду ласкі, каб атрымаць літасьць і ласку знайсьці дападмогу ў адпаведны час.
Разьдзел 5
1. Бо ўсякі першасьвятар, які спаміж людзей бярэцца, дзеля людзей стаўляецца на тое, што Божае, каб прыносіў дары? і ахвяры за грахі,
2. каб мог спачуваць тым, якія не разумеюць і заблукалі, бо і сам абложаны нядужасьцю,
3. і праз гэта павінен як за народ, гэтак і за сябе прыносіць [ахвяры] за грахі.
4. І ніхто сам сабою не прыймае гэтую пашану, але той, хто пакліканы Богам, як і Аарон.
5. Гэтак і Хрыстос ня Сам Сябе праславіў, каб быць Першасьвятаром, але Той, Які сказаў Яму: "Ты - Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе",
6. як і ў іншым [месцы] кажа: "Ты - сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка".
7. Ён у дні цела Свайго з вялікім крыкам і сьлязьмі прыносіў просьбы і ўпрошваньні да Таго, Які мог збавіць Яго ад сьмерці, і быў выслуханы дзеля багабойнасьці.
8. Хоць Ён - Сын, але навучыўся паслухмянасьці праз тое, што перацярпеў,
9. і, споўніўшы [ўсё], стаўся для ўсіх, якія паслухмяныя Яму, прычынаю вечнага збаўленьня,
10. названы ад Бога Першасьвятаром паводле парадку Мэльхісэдэка.
11. Адносна Яго мы маем шмат сказаць, і цяжка выказаць, бо вы сталіся маруднымі, каб слухаць.
12. Бо вы, якія паводле часу павінны быць настаўнікамі, ізноў маеце патрэбу, каб вучылі вас падставовым пачаткам словаў Божых, і вы маеце патрэбу ў малацэ, а ня ў цьвёрдай страве.
13. Бо ўсякі, хто спажывае малако, неспрактыкаваны ў слове праведнасьці, бо ён - немаўля.
14. А цьвёрдая страва ёсьць для дасканалых, у якіх праз ужываньне разуменьне спрактыкаванае распазнаваць добрае і ліхое.
Разьдзел 6
1. Дзеля гэтага, пакінуўшы пачатак Хрыстовага слова, зьвернемся да дасканаласьці, не кладучы ізноў падмуркі, [гаворачы пра] навяртаньне ад мёртвых справаў і веру ў Бога,
2. вучэньне пра хрышчэньні, і ўскладаньне рук, і ўваскрасеньне мёртвых, і суд вечны.
3. І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
4. Бо немагчыма тых, якія аднойчы былі прасьветленыя, і пакаштавалі да?ру нябеснага, і сталіся ўдзельнікамі Духа Сьвятога,
5. і пакаштавалі добрага слова Божага і моцаў будучага веку,
6. і адпалі, ізноў абнаўляць праз навяртаньне, тых, якія ізноў укрыжоўваюць у сабе Сына Божага і аддаюць на сорам [Яго].
7. Бо зямля, якая п'е дождж, што часта зыходзіць на яе, і родзіць расьліну, карысную для тых, хто абрабляе яе, атрымлівае дабраслаўленьне ад Бога;
8. а тая, якая прыносіць церні і асот, непрыдатная і блізкая да праклёну, і канец яе - спаленьне.
9. А мы перакананыя адносна вас, улюбёныя, што вы - лепшыя і маеце збаўленьне, хаця і гаворым гэтак.
10. Бо Бог не няправедны, каб забыцца на справу вашую і працу любові, якую вы зьявілі ў імя Ягонае, калі служылі і слу?жыце сьвятым.
11. А мы жадаем, каб кожны з вас выяўляў такую самую дбаласьць у пэўнасьці надзеі да канца,
12. каб ня стацца вам маруднымі, але пераймальнікамі тых, якія праз веру і доўгацярплівасьць бяруць у спадчыну абяцаньні.
13. Бо Бог, абяцаючы Абрагаму, ня маючы нікога вышэйшага, каб прысягаць, прысягаў Самім Сабою,
14. кажучы: "Праўдзіва, дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе".
15. І гэтак [Абрагам], маючы доўгацярплівасьць, атрымаў абяцаньне.
16. Бо людзі прысягаюць вышэйшым, і ўсякая спрэчка між імі завяршаецца прысягай на сцьвярджэньне.
17. Дзеля гэтага Бог, хочучы празьмерна паказаць спадкаемцам абяцаньня нязьменнасьць намеру Свайго, ужыў прысягу,
18. каб праз дзьве нязьменныя рэчы, у якіх Богу хлусі?ць немагчыма, вялікае пацяшэньне мелі мы, якія прыбеглі ўхапіцца за надзею, што перад намі ляжыць,
19. якую маем, як якар душы?, пэўны і трывалы, які ўваходзіць у-ва ўнутранае за заслону,
20. куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка.
Разьдзел 7
1. Бо гэты Мэльхісэдэк, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, які сустрэў Абрагама, калі той вяртаўся пасьля разгрому валадароў, і дабраславіў яго,
2. і якому дзесяціну ад усяго аддзяліў Абрагам, па-першае, перакладаецца як Валадар праведнасьці, а пасьля ён - валадар Салему, гэта ёсьць Валадар супакою,
3. бяз ба?цькі, бяз маці, без радаводу, які ня ма?е ані пачатку дзён, ані канца жыцьця, падобны да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
4. Бачыце, які вялікі той, якому нават Абрагам патрыярх даў дзесяціну са здабычы.
5. Тыя з сыноў Левія, якія атрымліваюць сьвятарства, маюць прыказаньне паводле Закону браць дзесяціну з народу, гэта ёсьць з братоў сваіх, хаця і яны выйшлі з паясьніцы Абрагама.
6. А ён, які не паходзіць з іх, узяў дзесяціну ад Абрагама і дабраславіў таго, які меў абяцаньні.
7. Без усялякае спрэчкі меншы дабраслаўляецца большым.
8. І тут дзесяціны атрымліваюць людзі сьмяротныя, а там - той, пра якога сьведчыцца, што жыве.
9. І, можна так сказаць, праз Абрагама ўзята дзесяціна і з Левія, які сам атрымлівае дзесяціны,
10. бо ён быў яшчэ ў паясьніцы ба?цькі, калі сустрэў яго Мэльхісэдэк.
11. Дык, калі б усё зьдзейсьнілася праз сьвятарства лявітаў, бо народ разам з ім атрымаў Закон, якая яшчэ патрэба паўставаць іншаму сьвятарству паводле парадку Мэльхісэдэка, а не паводле парадку Аарона называцца?
12. Бо разам з пераменай сьвятарства патрэбна, каб сталася і зьмена Закону.
13. Бо Той, пра Якога гаворыцца гэтае, належаў да другога калена, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка.
14. Бо відочна, што Госпад наш узыйшоў з калена Юды, а пра гэтае калена Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
15. І гэта яшчэ больш зразумела, калі паводле падабенства Мэльхісэдэка паўстае іншы Сьвятар,
16. Які не паводле Закону прыказаньня цялеснага стаўся, але паводле моцы незьнішчальнага жыцьця.
17. Бо засьведчыў [Бог]: "Ты - сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка".
18. Бо раней быўшае прыказаньне адкінута праз слабасьць яго і некарыснасьць,
19. бо Закон нічога ня споўніў, але ўводзіцца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.
20. І як гэта было не без прысягі,
21. бо тыя ставаліся сьвятарамі без прысягі, а Гэты - з прысягай Таго, Які гаварыў пра Яго: "Прысягнуў Госпад і не раскаецца: Ты - сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка",
22. нагэтулькі лепшага запавету Паручальнікам стаўся Ісус.
23. І тых сьвятароў было шмат дзеля таго, што сьмерць забараняла [некаму] затрымацца,
24. а Гэты праз тое, што застаецца на вякі, ма?е сьвятарства, якое не адступаецца [ад Яго],
25. таму Ён і можа цалкам збаўляць тых, якія прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх.
26. Бо Гэткага трэба нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, адлучанага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над нябёсы,
27. Які ня ма?е патрэбы штодня, як тыя першасьвятары, прыносіць ахвяры спачатку за свае грахі, пасьля за [грахі] народу, бо Ён зрабіў гэта аднойчы, прынёсшы [ў ахвяру] Сябе.
28. Бо Закон стаўляе за першасьвятароў людзей, якія маюць нядужасьць, а слова прысягі, што пасьля Закону, [паставіла] Сына, дасканалага на вякі.
Разьдзел 8
1. А галоўнае ў тым, што сказана, тое, што мы маем Першасьвятара, Які сеў праваруч пасаду велічы ў небе,
2. служыцель Сьвятыні і праўдзівага Намёту, які паставіў Госпад, а не чалавек.
3. Бо кожны першасьвятар стаўляецца на тое, каб прыносіць дары? і ахвяры; таму трэба, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці.
4. Бо калі б Ён быў на зямлі, ня быў бы сьвятаром, [бо] ёсьць сьвятары, якія паводле Закону прыносяць дары?,
5. якія служаць прыкладу і ценю [рэчаў] нябесных, як атрымаў слова Майсей, калі меўся зрабіць намёт: "Глядзі, - прамовіў Ён, - зрабі ўсё паводле вобразу, які паказаны табе на гары".
6. А цяпер Ён атрымаў служэньне тым слаўнейшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконены на лепшых абяцаньнях.
7. Бо калі б той першы быў без заганы, не шукалася б месца для другога.
8. Бо, вінавацячы іх, кажа: "Вось, надыходзяць дні, - кажа Госпад, - і Я зраблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
9. не паводле запавету, які Я зрабіў з бацька?мі іх у дзень, калі ўзяў іх рукою Маёю, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпту, бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я занядбаў іх, - кажа Госпад.
10. Вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля тых дзён, - кажа Госпад, - даючы законы Мае? ў думкі іхнія, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Богам, а яны Мне будуць народам.
11. І ня будзе вучы?ць кожны бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: "Пазнай Госпада", бо ўсе, ад малога іхняга да вялікага іхняга, будуць ведаць Мяне.
12. Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іхніх, і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю".
13. Калі кажа "новы", учыніў старым першы; а тое, што старэе і здаўніваецца, блізкае, каб шчэзнуць.
Разьдзел 9
1. Дык і першы [запавет] меў пастановы служэньня і сьвятыню ў сьвеце.
2. Бо першы намёт быў збудаваны, і ў ім сьвечнік, і стол, і хлябы пакладныя, і завецца ён "Сьвятое".
3. А за другой заслонай намёт, які завецца "Сьвятое Сьвятых",
4. які ма?е залатую кадзільню і каўчэг запавету, які абкладзены з усіх бакоў золатам, у якім залатая пасудзіна з маннай, і кій Аарона, што расквітнеў, і табліцы запавету,
5. а над ім - херувімы славы, якія ацяняюць перамольню; пра гэта ня варта цяпер казаць падрабязна.
6. А калі гэта так збудавана, у першы намёт заўсёды ўваходзяць сьвятары, зьдзяйсьняючы служэньне,
7. а ў другі - раз у год адзін першасьвятар, не без крыві, якую прыносіць за сябе і за няведаньне народу.
8. Гэтым паказвае Дух Сьвяты, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, пакуль стаіць першы намёт,
9. які ёсьць прыклад цяперашняга часу, калі прыносяцца дары? і ахвяры, якія ня могуць удасканаліць паводле сумленьня таго, хто слу?жыць,
10. якія толькі ў ежы і пітве, і розных абмываньнях і пастановах цела, якія пастаўленыя да часу выпраўленьня.
11. А Хрыстос, Першасьвятар будучага дабра, прыйшоўшы праз вялікшы і дасканалейшы намёт, не рукамі зроблены, гэта значыць, не такога стварэньня,
12. і не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы вечнае выбаўленьне.
13. Бо калі кроў валоў і казлоў і попел каровы, пакрапіўшы апаганеных, асьвячае іх дзеля чыстасьці цела,
14. наколькі больш кроў Хрыста, Які праз Духа вечнага прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых справаў дзеля служэньня Богу Жывому?
15. І дзеля гэтага Ён - Пасярэднік новага запавету, каб, як станецца сьмерць дзеля адкупленьня парушэньняў, [што былі пры] першым запавеце, тыя, якія пакліканыя да вечнае спадчыны, атрымалі абяцаньне.
16. Бо дзе запавет, трэба, каб прыйшла сьмерць таго, хто заключыў [яго],
17. бо запавет набывае моц ад памёршых; ён ня ма?е сілы, пакуль жыве той, хто заключыў [яго].
18. Дык і першы [запавет] быў усталяваны не без крыві.
19. Бо Майсей, сказаўшы ўсе прыказаньні паводле Закону ўсяму народу, узяў кроў цялят і казлоў з вадою, і воўнай пунсовай, і ізопам, пакрапіў і саму кнігу, і ўвесь народ,
20. кажучы: "Гэта кроў запавету, які даў вам Бог".
21. І намёт, і ўсё начыньне дзеля служэньня таксама пакрапіў крывёю.
22. І амаль усё паводле Закону ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві не бывае адпушчэньня.
23. Дык трэба было, каб [рэчы, што паводле] прыкладу таго, што ў небе, ачышчаліся гэтымі, а самі [рэчы] нябесныя - лепшымі за гэтыя ахвярамі.
24. Бо Хрыстос увайшоў не ў сьвятыню, рукамі зробленую, на ўзор праўдзівае, але ў самае неба, каб цяпер зьявіцца перад абліччам Божым за нас;
25. і не дзеля таго, каб шматкроць прыносіць Сябе, як штогод уваходзіць першасьвятар у сьвятыню з чужою крывёй,
26. бо мусіў бы Ён шматкроць цярпець ад заснаваньня сьвету, але Ён цяпер адзін раз зьявіўся на сканчэньні вякоў дзеля адкіданьня грэху праз ахвяру Сваю.
27. І як усім людзям вызначана раз памерці, а пасьля гэтага - суд,
28. гэтак і Хрыстос, раз прынёсшы Сябе [ў ахвяру], каб панесьці грахі многіх, другі раз бяз грэху будзе зьяўлены дзеля збаўленьня тым, якія чакаюць Яго.
Разьдзел 10
1. Бо Закон, які ма?е цень будучага дабра, а ня сам вобраз рэчаў, тымі ахвярамі, якія нязьменна прыносяцца штогод, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць [з імі].
2. Бо іначай перасталі б прыносіць іх, бо ўжо ня мелі б сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, аднойчы ачышчаныя.
3. Але праз гэтыя [ахвяры] штогод узгадваецца пра грахі,
4. бо немагчыма, каб кроў валоў і казлоў забірала грахі.
5. Дзеля гэтага [Хрыстос], уваходзячы ў сьвет, кажа: "Ахвяры і да?ру Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў для Мяне.
6. Цэласпале?ньні і [ахвяры] за грэх Ты не ўпадабаў.
7. Тады Я сказаў: "Вось, іду (на пачатку кнігі напісана пра Мяне) учыні?ць, Божа, волю Тваю"".
8. Сказаўшы перш, што "ахвяры, і да?ру, і цэласпале?ньняў, і [ахвяры] за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў", а яны прыносяцца паводле Закону,
9. пасьля сказаў: "Вось, іду ўчыні?ць, Божа, волю Тваю". Касу?е першае, каб паставіць другое.
10. Гэтай воляй мы асьвячоныя праз аднакротнае прынясеньне цела Ісуса Хрыста.
11. І ўсякі сьвятар штодня стаіць, спраўляючы служэньне і шматкроць прыносячы тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў.
12. А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
13. чакаючы яшчэ, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены як падножжа ног Ягоных.
14. Бо Ён адным да?рам назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, якіх асьвяціў.
16. Сьведчыць жа нам і Дух Сьвяты, бо пасьля прадказана:
16. "Вось запавет, які Я заключу з імі пасьля дзён тых, - кажа Госпад, - даючы законы Мае? ў сэрцы іхнія, напішу іх і ў думках іхніх,
17. і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю".
18. А дзе адпушчэньне грахоў, ужо непатрэбны дар за іх.
19. Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню праз кроў Ісуса Хрыста,
20. шляхам новым і жывым, які Ён усталяваў для нас праз заслону, гэта ёсьць цела Сваё,
21. і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
22. будзем падыходзіць са шчырым сэрцам, у поўні веры, пакрапіўшы сэрцы, [каб ачысьціць] ад сумленьня злога, і абмыўшы цела чыстай вадою.
23. Будзем трымацца няўхільна вызнаньня надзеі, бо верны Той, Які абяцаў,
24. і будзем зважаць адзін на аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў,
25. не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы [ў яго], і тым больш, калі бачыце, што набліжаецца дзень той.
26. Бо калі мы самахоць грашым, атрымаўшы пазнаньне праўды, ужо не застаецца ахвяра за грахі,
27. але нейкае жахлівае чаканьне суду і жару агню, які ма?е пажэрці супраціўнікаў.
28. Хто адкінуў Закон Майсея пры двух ці трох сьведках, бяз літасьці памірае.
29. Наколькі, думаеце, цяжэйшае кары дастойны той, хто Сына Божага патаптаў, і кроў запавету, якою ён асьвячоны, за звычайную палічыў, і Духа ласкі зьняважыў?
30. Бо мы ведаем Таго, Які сказаў: ""Мне помста, Я аддам", - кажа Госпад". І ізноў: "Госпад будзе судзі?ць народ Свой".
31. Жахліва трапіць у ру?кі Бога Жывога!
32. Узгадайце ж ранейшыя дні вашыя, калі вы, прасьветленыя, вытрывалі вялікае змаганьне пакутаў,
33. ці то самі выстаўля?ныя на зьнявагі і зьдзекі, ці то стаўшыся супольнікамі тых, якія пераносяць такое.
34. Бо вы і маім путам спачувалі, і рабунак маёмасьці вашае з радасьцю прыймалі, ведаючы, што маеце для сябе ў небе маёмасьць лепшую, якая застанецца.
35. Дык не пакідайце адвагі вашае, якая ма?е вялікую нагароду.
36. Бо вам патрэбная цярплівасьць, каб, учыніўшы волю Божую, атрымаць абяцаньне.
37. Бо яшчэ крыху, зусім крыху, і надыйдзе Той, Які надыходзіць, і не замарудзіць.
38. "А праведны з веры жыць будзе"; і: "Калі хто будзе хістацца, не ўпадабае яго душа Мая".
39. Мы ж ня хісткія на загубу, але [стаім] у веры на здабыцьцё душы?.
Разьдзел 11
1. А вера ёсьць пэўнасьць у тым, чаго спадзяемся, перакананасьць у рэчах нябачных.
2. Бо ў ёй засьведчаны старэйшыя.
3. Вераю разумеем, што вякі наладжаны словам Божым, каб з няяўнага сталася бачнае.
4. Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён - праведны, [бо гэта] засьведчыў Бог пра дары ягоныя; і праз яе ён, памёршы, яшчэ гаворыць.
5. Вераю Энох быў перанесены, што ня ўбачыў сьмерці; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо перад перанясеньнем ягоным было засьведчана, што ён спадабаўся Богу.
6. А бяз веры спадабацца немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае.
7. Вераю Ной, атрымаўшы слова пра тое, што яшчэ не было бачным, у багабойнасьці пабудаваў каўчэг дзеля збаўленьня дому свайго; ёю ён асудзіў сьвет і паводле веры стаўся спадкаемцам праведнасьці.
8. Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе.
9. Вераю вандраваў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы? ў намётах з Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня;
10. бо ён чакаў гораду, які ма?е падмуркі, якога майстар і дойлід - Бог.
11. Вераю і сама Сара атрымала сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку нарадзіла, бо верным прызнавала Таго, Які абяцаў.
12. І дзеля гэтага ад аднаго, і пры гэтым амярцьвелага, нарадзілася гэтак шмат, як зорак у небе і як незьлічоны пясок на ўзьбярэжжы мора.
13. Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы [іх], і прызнаючы, што яны - чужынцы і вандроўнікі на зямлі.
14. Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць.
15. І, калі б яны памяталі тую, з якое выйшлі, мелі б час вярнуцца.
16. Але яны лепшага жадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага Бог не саромеецца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён падрыхтаваў ім горад.
17. Вераю Абрагам, спакуша?ны, прынёс [у ахвяру] Ісаака, і прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне,
18. пра якога было сказана: "У Ісааку будзе названае насеньне табе",
19. бо ён лічыў, што Бог ма?е моц і з мёртвых уваскрасіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад.
20. Вераю ў будучае дабраславіў Ісаак Якуба і Эза?ва.
21. Вераю Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх кі?я свайго.
22. Вераю Язэп, кана?ючы, пра выхад сыноў Ізраіля нагадаў і загадаў наконт костак сваіх.
23. Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы быў хаваны бацька?мі сваімі, бо яны бачылі, што хлопчык мілы [Богу], і не спалохаліся валадарскага загаду.
24. Вераю Майсей, стаўшыся дарослым, адмовіўся называцца сы?нам дачкі фараона
25. і выбраў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху,
26. зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпецкія; бо ён на нагароду ўглядаўся.
27. Вераю пакінуў ён Эгіпет, не спалохаўшыся ярасьці валадарскай, бо непахісны быў, быццам бачачы Нябачнага.
28. Вераю ўчыніў ён Пасху і праліцьцё крыві, каб не крануў іх той, які нішчыў першародных.
29. Вераю перайшлі яны праз Чырвонае мора, як па сухім; на што спакусіўшыся, Эгіпцяне былі патопленыя.
30. Вераю ўпалі муры? Ерыхону, як абыходзілі [іх] сем дзён.
31. Вераю Рахаў распусьніца, з супакоем прыняўшы выведчыкаў, не загінула з тымі, якія не скарыліся.
32. І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Бара?ка, пра Самсона і Ефта?я, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў,
33. якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў,
34. тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў,
35. жонкі атрымлівалі памёршых сваіх уваскрошанымі; а іншыя былі замучаныя, не дачакаўшыся адкупленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне,
36. іншыя паспыталі зьдзекаў і тарту?раў, а яшчэ пу?таў і вязьніцы,
37. былі каменава?ныя, пілава?ныя, спакуша?ныя, былі забіва?ныя мячом, бадзя?ліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды;
38. тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі.
39. І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня,
40. бо Бог прадугледзеў адносна нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць.
Разьдзел 12
1. Дык і мы, маючы навокал нас гэткае воблака сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, які нас блу?тае, з цярплівасьцю будзем бегчы ў змаганьні, што ляжыць перад намі,
2. углядаючыся на Пачынальніка і Завяршальніка веры, Ісуса, Які замест радасьці, што была перад Ім, вытрываў крыж, пага?рдзіўшы сорамам, і сеў праваруч пасаду Божага.
3. Бо паразважайце пра Таго, Які вытрываў гэтакую супраць Сябе варажнечу ад грэшнікаў, каб вы не зьнемагаліся, саслабеўшы душамі вашымі.
4. Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
5. і забыліся пра пацяшэньне, якое зьвяртаецца да вас, як да сыноў: "Сыне мой! Ня грэбуй настаўленьнем Госпадавым і не слабей, калі Ён цябе дакарае.
6. Бо каго лю?біць Госпад, таго карае, і бічу?е ўсякага сына, якога прыймае".
7. Калі вы зносіце пакараньне, Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Бо ці ёсьць гэтакі сын, якога не карае бацька?
8. А калі вы без пакараньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, дык вы - байструкі?, а не сыны?.
9. Да таго, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас кара?лі, і саромеліся перад імі, ці ня шмат больш маем падпарадкоўвацца Айцу духаў і будзем жыць?
10. Бо тыя кара?лі, як самі думалі, на некалькі дзён; а Ён - на карысьць [нашую], каб нам удзельнічаць у сьвятасьці Яго.
11. Усякае ж пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, але смуткам; а пасьля дае навучаным праз яго мірны плод праведнасьці.
12. Дзеля гэтага вы?прастуйце ру?кі, што апусьціліся, і калені, што самлелі,
13. і сьцежкі простыя рабіце нагамі вашымі, каб кульгавае нікуды ня збочыла, а лепш было аздароўленае.
14. Імкніцеся да супакою з усімі і да сьвятасьці, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,
15. гледзячы, каб хто ня страціў ласкі Божае; каб які корань горычы, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і каб праз яго не занячысьціліся многія;
16. каб не было якога распусьніка ці паганага, як Эзаў, які за адну ежу аддаў першародзтва сваё.
17. Бо ведаеце, што і пасьля ён, хочучы ўспадкаеміць дабраслаўленьне, быў адкінуты, бо не знайшоў месца навяртаньня, хоць і шукаў яго са сьлязьмі.
18. Бо не падыйшлі вы да гары, да якой [можна] дакрануцца і якая палае агнём, ані да віхуры, і цемры, і буры,
19. ані да гуку трубы? і голасу словаў, пра якія тыя, што чулі, прасілі, каб да іх не было больш слова,
20. бо ня вытрымалі перасьцярогі: "Калі і зьвер кранецца гары, будзе ўкаменаваны ці стралою забіты",
21. і гэткая жахлівая была тая праява, што Майсей сказаў: "Я напалоханы і трасуся".
22. Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога Жывога, да нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў,
23. да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых,
24. і да Пасярэдніка новага запавету, Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепш за Абэлеву гаворыць.
25. Глядзіце, не адвярніцеся ад Таго, Які гаворыць. Бо калі тыя не ўцяклі, што адвярнуліся ад таго, які прамаўляў на зямлі, тым больш мы, калі адкінем Таго, Які з неба,
26. голас Якога тады захістаў зямлю, а цяпер абяцаў, кажучы: "Яшчэ раз страсяну ня толькі зямлю, але і неба".
27. А [словы] "яшчэ раз" паказваюць на зьмену таго, што хістаецца, як створанага, каб засталося тое, што не хістаецца.
28. Дзеля гэтага мы, прыймаючы Валадарства непарушнае, будзем мець ласку, праз якую будзем служы?ць Богу, падабаючыся [Яму], з сарамлівасьцю і багабойнасьцю,
29. бо Бог наш - агонь, які паглынае.
Разьдзел 13
1. Любоў братняя няхай застаецца.
2. Пра гасьціннасьць не забывайцеся, бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцявалі анёлаў.
3. Памятайце пра вязьняў, нібы ўвязьненыя разам [з імі], і пра тых, што ў нягодах, як тыя, якія самі ў целе.
4. Сужонства [няхай будзе] шанаванае ў-ва ўсіх і сужыцьцё беззаганнае; а распусьнікаў і чужаложнікаў будзе судзі?ць Бог.
5. Ня будзьце срэбралюбныя, задавальняючыся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: "Не адпушчу цябе і не пакіну цябе",
6. так што, маючы пэўнасьць, мы кажам: "Госпад мне ўспамога, і не спалохаюся, што зробіць мне чалавек?".
7. Памятайце правадыроў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, аглядаючы вынік жыцьця іх, пераймайце веру.
8. Ісус Хрыстос учора і сёньня Той Самы, і на вякі.
9. Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра ласкай мацаваць сэрца, а ня ежай, ад якой ня мелі карысьці тыя, што ходзяць [за ёю].
10. Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права есьці тыя, якія служаць у намёце.
11. Бо як целы тых жывёлаў, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у сьвятыню, спальваюцца па-за табарам;
12. дзеля гэтага і Ісус, каб асьвяціць праз кроў Сваю народ, пакутаваў за брамамі.
13. Дык выйдзем да Яго па-за табар, пераносячы зьнявагі Ягоныя,
14. бо мы ня маем тут трывалага гораду, але шукаем будучага.
15. Дык будзем праз Яго прыносіць Богу няспынна ахвяры хвалы, гэта ёсьць плод вуснаў, якія вызнаюць імя Ягонае.
16. Пра дабрадзейнасьць і супольнасьць не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
17. Слухайцеся правадыроў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абязаныя здаць справаздачу [за іх], каб яны рабілі гэта з радасьцю, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
18. Маліцеся за нас; бо мы перакананыя, што маем добрае сумленьне, у-ва ўсім хочучы жыць справядліва.
19. Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам вернуты.
20. А Бог супакою, Які падняў з мёртвых у крыві вечнага запавету вялікага Пастыра авечак, Госпада нашага Ісуса,
21. няхай удасканаліць вас у-ва ўсякай справе добрай, дзеля выкананьня волі Ягонай, робячы ў вас тое, што даспадобы Яму, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на вякі вякоў. Амэн.
22. Прашу ж вас, браты, прыйміце слова пацяшэньня, бо я ж крыху напісаў вам.
23. Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены; з ім разам, калі хутка прыйдзе, угледжу я вас.
24. Прывітайце ўсіх правадыроў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
25. Ласка з усімі вамі. Амэн.
Зьмест
|
|