Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

ПАСЛАНЬНЕ ДА КАЛАСЯНАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ

Разьдзел 1

1. Паўла, воляй Божаю Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат, 2. сьвятым і верным братом у Хрысьце, што ў Калосах: Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 3. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся аб вас, 4. пачуўшы аб веры вашай у Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых, 5. дзеля надзеі, што прыгатавана вам у нябёсах, аб якой вы раней чулі ў слове праўды Эвангельля, 6. што ёсьць у вас, як і ўва ўсім сьвеце, і прыносіць плод, як і між вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе, 7. як і навучыліся ад Эпафра, умілаванага супрацоўніка нашага, які ёсьць верным за вас слугой Хрыста, 8. які і апавясьціў нас аб вашай любві ў Духу. 9. Дзеля гэтага і мы, з таго дня, як пачулі, не пакідалі маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным, 10. каб паступалі дастойна Бога, ува ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод у кожнай добрай справе і узрастаючы ў пазнаньні Бога, 11. дужэючы ўсякаю сілаю па магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і вялікадушнасьць з радасьцяй, 12. дзякуючы Айцу, што паклікаў нас да ўчасьця ў спадчыне сьвятых у сьветласьці, 13. вызваліў нас ад улады цемры і перанес у Царства Сына любві Сваей, 14. у Якім мы маем адкупленьне крывёю Яго і дараваньне грахоў, 15. Які ёсьць абраз Бога нявідомага, пяршак усякага стварэньня; 16. бо Ім створана ўсё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці дзяржавы, ці начальства, ці ўлады, - усё Ім і для Яго створана; 17. і Ён перш за ўсё, і ўсё ў Ім стаіць. 18. I Ён ёсьць галава цела, Царквы; Ён - пачатак, пяршак із мертвых, каб быць Яму ў-ва ўсім першым; 19. бо ўгодна было (Айцу), каб у Ім жыла ўсякая поўня, 20. і каб праз Яго пагадзіць з сабою ўсё, уціхамірыўшы праз Яго, крывёю крыжа Яго, ці тое, што на зямлі, ці тое, што ў нябёсах. 21. Дый вас, што былі калісь чужымі і ворагамі праз склоннасьць да благіх дзел, 22. цяпер пагадзіў у целе плоці Яго праз сьмерць, каб паставіць вас сьвятымі й беззаганнымі і бязьвіннымі перад абліччам Сваім, 23. калі трываеце ў веры цьвёрда і непарушна і не адпадаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаеца ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Паўла, слуга. 24. Цяпер радуюся ў муках маіх за вас і дапаўняю недахват у целе маім сумаваньняў Хрыстовых за Яго цела, якое ёсьць Царква, 25. якой я стаўся служкаю паводле распарадку Божага, даручанага мне для вас, каб выпаўніць слова Божае, 26. тайну, укрытую ад вякоў і ад родаў, цяпер жа выяўленую сьвятым Яго, 27. якім схацеў Бог даць пазнаньне, што за багацьце славы ў тайне гэнай сярод паганаў, якое ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы, 28. Якога мы абвяшчаем, навучаючы кожнага чалавека і вучачы ўсякае мудрасьці, каб нам прадставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе, 29. дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, што дзеець у-ва мне магутна.

Разьдзел 2.

1. Хачу-ж, каб вы ведалі, якую барацьбу маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі, і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў целе, 2. каб цешыліся сэрцы іх, злучаныя ў любві, ды дзеля ўсякага багацьця дасканалага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста, 3. у якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваны. 4. Кажу-ж гэтае, каб хто-небудзь ня зьвёў вас, пераконываючы словамі; 5. бо, хаця й няма мяне целам, але духам я з вамі, радуючыся і ўглядаючыся на ваш лад і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста. 6. Дык вось, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, хадзеце ў Ім, 7. укараніўшыся і збудаваныя ў Ім, дый акрэпшы ў веры, як вы былі навучаны, з падзякаю багацеючы ёю. 8. Глядзеце, каб хто ня зьвёў вас філёзофіяй і пустым подступам па пераказу чалавечаму, па стыхіям сьвету, а не па Хрысту; 9. Бо ў Ім жыве ўся поўня Божства цялесна, 10. і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады; 11. у Ім вы і абрэзаны абрэзаньнем нерукатворным, зьняўшы з цела грахі цялесныя ў абрэзаньні Хрыстовым, 12. пахаваныя з Ім у Хрышчэньні; у Ім вы і ўскрэсьлі разам праз веру ў сілу Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых, 13. дый вас, якія былі мёртвыя ў грахох і неабрэзаньні цела вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі, 14. зьнішчыўшы навукаю напісанае аб нас рукою, што было супраць нас; і ўзяў Яго спасярод і прыбіў да крыжа; 15. разьдзеўшы начальства і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, перамогшы іх у Ім. 16. Дык няхай ніхто не асуджае вас за ежу, ці піцьцё, ці за ўчасьце ў сьвяце, ці маладзіку, ці субоце: 17. гэта ёсьць цень таго, што мае быць; цела-ж Хрыстовае. 18. Няхай ніхто не спакушае вас, накланяючы мудрасьцяй пакоры і служэньнем ангелаў, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, марна пышаючыся розумам цела свайго 19. і ня трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым. 20. Дык, калі вы памерлі з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго-ж, быццам жывучы ў сьвеце, трымаецеся закону: 21. не чапай, ані прабуй, ані датыкайся, - што ўсё на тленьне ад ужываньня, - 22. водле запаведзяў і навукі чалавечае? 23. Гэта мае толькі выгляд мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрасьці пакоры і мардаваньні цела, не ў пашане да сытасьці цела.

Разьдзел 3.

1. Дык, калі вы ўскрэсьлі з Хрыстом, шукайце-ж узгорнага, гдзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога; 2. аб узгорным думайце, а не аб зямным, 3. бо вы памерлі, і жыцьцё вашае пахавана з Хрыстом у Богу; 4. калі-ж зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тагды і вы зьявіцеся разам з ім у славе. 5. Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: блуд, нячыстасьць, юр, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць балванахвальства, 6. за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў няслухмянства, 7. сярод якіх і вы калісь хадзілі, як жылі міжы імі. 8. А цяпер і вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, злосьць, лаянку, сорамныя словы з вуснаў вашых; 9. не брашыце адзін аднаму, скінуўшы з сябе старога чалавека з учынкамі яго 10. і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні на ўзор Стварыўшага яго, 11. гдзе нямаГрэка і Юдэя, абрэзаньня і неабрэзаньня, барбара, Скіфа, раба, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос. 12. Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўмілаваныя, міласэрдзем, дабратой, ціхой мудрасьцяй, ласкавасьцяй, доўгацярплівасьцяй, 13. церпячы адзін аднаго і выбачаючы сабе, калі хто да каго мае жаль: як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы. 14. А панад усім - (апрануўшыся) любоўю, якая ёсьць злучэньне дасканаласьці, 15. і няхай у сэрцах вашых гаспадаруе мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; ды будзьце ўдзячнымі. 16. Слова Хрыстовае няхай асядае ў вас багата, у ўсякай мудрасьці: навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі і гымнамі і духоўнымі песьнямі, у ласцы сьпяваючы ў сэрцах вашых Госпаду. 17. I ўсё, што-б вы ні рабілі, словам або дзелам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу. 18. Жонкі, слухайцеся мужоў вашых, як прыстойна ў Госпадзе. 19. Мужы, любеце жанок і ня будзьце для іх прыкрымі. 20. Дзеці, будзьце паслухмянымі бацьком у-ва ўсім, бо гэтае ўгодна Госпаду. 21. Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не ўпадалі на духу. 22. Рабы, у ўсім слухайцеся паноў водле цела, паслугуючы не на вачох толькі, як дагаджаючы людзям, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога. 23. I ўсё, што-б ні рабілі, рабеце ад душы, як для Госпада, а не для людзей, 24. ведаючы, што ад Госпада атрымаеце нагароду спадчыны: бо служыце Госпаду Хрысту. 25. А хто крыўдзіць, атрымае водле зробленае крыўды: бо няма ў Бога ўзіаньня на аблічча.

Разьдзел 4.

1. Паны, аказвайце слугам справядлівасьць і роўнасьць, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах. 2. Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю; 3. молячыся разам і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я й закаваны, 4. каб я выявіў яе, як сьлед мне казаці. 5. Мудра паступайце з тымі, што вонках, выкупляючы час. 6. Слова вашае няхай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соляй, каб вы ведалі, як кожнаму адказаць. 7. Аба мне ўсё скажа вам Тыхік, умілаваны брат і верны слуга і супрацоўнік у Госпадзе, 8. якога я дзеля таго паслаў да вас, каб ён даведаўся, што ў вас, і пацешыў сэрцы вашыя, 9. з Анісімам, верным і ўмілаваным братам, што спаміж вас: яны раскажуць вам усё, што тутака. 10. Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мною, і Марка, пляменьнік Варнавы, (аб якім прынялі вы загад: калі прыдзе да вас, прымеце яго), 11. дый Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаньня; яны - адзіныя супрацоўнікі дзеля Царства Божага, якія былі мне патоляй. 12. Вітае вас Эпафрас, што із вашых, раб Хрыста, што заўсёды стараецца за вас у малітвах, каб вы трывалі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай. 13. Сьведчу-ж аб ім, што мае вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі ды Іераполі. 14. Вітае вас Лукаш, лекар умілаваны, і Дымас. 15. Прывітайце братоў у Ляодыкіі, і Німфана, і дамовую царкву яго. 16. Калі-ж гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабеце, каб яно было прачытана ў Ляодыкійскай Царкве; а тое, што з Ляодыкіі, прачытайце і вы. 17. Ды скажэце Архіпу: пілнуй служэньня; што прыняў ты ў Госпадзе, каб табе выпаўніць яго. 18. Вітаньне маею рукою, Паўлаваю. Памятайце аб кайданох маіх! Ласка з вамі. Амін. Да Каласянаў пісана з Рыму праз Тыхіка і Анісіма.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: