Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА КАРЫНЬЦЯНАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ

Разьдзел 1.

1. Паўла, воляй Божай пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, і Состэн, брат, 2. царкве Божай, што ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, што прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім месцы, у іх і ў нас: 3. ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 4. Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, данае вам у Хрысьце Ісусе, 5. бо ўсім абагаціліся вы ў Ім, усякім словам і ўсякаю ведаю, - 6. бо сьведчаньне Хрыстовае ўмацавалася ў вас, - 7. дзеля чаго вы ня маеце нястачы ні ў якім дары, ждучы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста, 8. Які і ўгрунтуе вас да канца, каб быць вам бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста. 9. Верны Бог, якім вы пакліканы ў лучнасьць Сына Яго, Ісуса Хрыста, Госпада нашага. 10. Малю вас, браты, іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было-б між вамі падзелаў, але каб вы злучаны былі ў адным розуме і ў аднэй думцы. 11. Бо ад Хлоіных сталася мне ведама аб вас, браты мае, што між вамі ёсьць спрэчкі. 12. Кажу-ж аб тым, што кожны ў вас кажа: я Паўлавы, я Апалёсавы, я Кіфавы, а я Хрыстовы. 13. Ці-ж разьдзяліўся Хрыстос? ці-ж Паўла раскрыжаваўся за вас? ці ў імя Паўлава вы ахрысьціліся? 14. Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, апрача Крыспа і Гайя, 15. каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя. 16. Ахрысьціў я таксама Сьцяпанавы дом, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю. 17. Бо і Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, а абвяшчаць Эвангельле; не ў прамудрасьці-ж слова, каб не панізіць крыжа Хрыстовага; 18. бо слова, што аб крыжу, для пагібаючых ёсьць вар'яцтва, а для нас, якія спасаюцца, - сіла Божая. 19. Бо напісана: загублю мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну (Ісая 29,14). 20. Гдзе мудрэц? гдзе кніжнік? гдзе дасьледчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў вар'яцтва? (Ісая 33,18.) 21. Бо, калі сьвет сваёю мудрасьцяй не пазнаў Бога ў прамудрасьці Божай, дык угодна было Богу праз дурасьць пропаведзі збавіць веруючых. 22. Бо і Юдэі трэбуюць цудаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці; 23. а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў спакусу, а для Грэкаў дурасьць, 24. для самых жа пакліканых, і Юдэяў, і Грэкаў, - Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасьць; 25. бо дурное Божае мудрэйшае за людзей, і слабое Божае дужэйшае за людзей. 26. Бо паглядзеце, браты, на пакліканьне вашае: ня многа мудрых паводле цела, ня многа дужых, ня многа дабрародных; 27. але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і бяссільнае сьвету выбраў Бог, каб асароміць дужое; 28. і бязроднае сьвету і пагарджанае і няістотнае выбраў Бог, каб зьнішчыць істотнае, 29. дзеля таго, каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім. 30. З Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, які стаўся для нас прамудрасьцяй ад Бога, і праведнасьцяй, і асьвячэньнем, і адкупленьнем, 31. каб было, як напісана: хто хваліцца, хваліся ў Госпадзе (Іер. 9,24).

Разьдзел 2.

1. I я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў апавяшчаць вам сьведчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцяй, 2. бо я ня думаў бачыць у вас нічога, апрача Ісуса Хрыста дый укрыжаванага. 3. I быў я ў вас у бяссільлі, і ў страху, і ў вялікім дрыжаньні. 4. I слова маё і навука мая не ў пераконваючых словах чалавечае мудрасьці, але ў выяўленьні духа і сілы, 5. каб вера ваша была ня ў мудрасьці чалавечай, але ў сіле Божай; 6. мудрасьць жа мы гаворым сярод дасканалых, але мудрасьць ня гэтага веку і ня ўладаў гэтага веку, што зьнішчаюцца, 7. але прамудрасьць Божую гаворым у тайне, укрытую, якую празначыў Бог прад вякамі на славу нашую, 8. якое ніхто з уладаў гэтага веку не пазнаў; бо, калі-б пазналі, дык не раскрыжавалі-б Госпада славы. 9. Але, як напісана: чаго ня бачыла вока і ня чула вуха, і што ня ўзыходзіла ў сэрца чалавека, тое Бог прыгатаваў любячым Яго (Ісая 64,4). 10. А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго; бо Дух усё пранікае дый глыбіні Божыя. 11. Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, апрача духа чалавечага, які ў ім? Гэтак і Божага ніхто ня ведае, апрача Духа Божага. 12. Мы-ж узялі ня духа сьвету гэтага, а Духа, што ад Бога, каб ведаць, што дарована нам ад Бога. 13. Дый гэтае гаворым не вучонымі словамі мудрасьці чалавечае, але навучанымі ад Духа Сьвятога, разьмяркоўваючы духоўнае духоўным. 14. Душэўны-ж чалавек ня прыймае, што ад Духа Божага, бо гэта дурнота яму, і ня можа зразумець, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна. 15. Духоўны-ж разьбірае ўсё, а яго разабраць ніхто ня можа. 16. Бо хто пазнаў розум Гасподні, што ўявіў-бы яго? А мы маем розум Хрыстовы.

Разьдзел 3.

1. I я ня мог гаварыць вам, браты, як духоўным, але як цялесным, як малалеткам у Хрысьце. 2. Я паіў вас малаком, а ня стравай, бо вы былі яшчэ ня ў сілах, дый цяпер ня ў сілах, бо вы яшчэ цялесныя. 3. Бо, калі між вамі зайздрасьць, спрэчкі і нязгода, дык ці не цялесныя вы? і ці не па чалавечаму паступаеце? 4. Бо, калі адзін кажа: я Паўлавы, а другі: я Апалёсавы, дык ці не цялесныя вы? 5. Хто Паўла? Хто Апалёс? Яны толькі служкі, праз якіх вы ўверавалі, дый як кожнаму даў Госпад. 6. Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але ўзрасьціў Бог; 7. ды гэтак і той, хто садзіў, і хто паліваў ёсьць нішто, а хто ўзрашчае - Бог. 8. Хто садзіць і хто палівае ёсьць адно; але кожны возьме сваю заплату водле сваёй працы. 9. Бо мы супрацоўнікі Бога: вы - Божая ніва, Божая будыніна. 10. Я, водле данай мне ад Бога ласкі, як мудры будаўнічы, залажыў фундамант, а другі стаўляе дом; кожны-ж хай глядзіць, як будуе. 11. Бо ніхто ня можа пакласьці другога фундаманту, апрача закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос. 12. Ці хто будуе на гэным фундаманьце з золата, серабра, дарагіх каменьняў, дрэва, сена, трысьця, - 13. кожнага дзела выявіцца; бо дзень пакажа, бо ў вагні выкрываецца, і агонь выпрабоўвае дзела кожнага, якое яно ёсьць. 14. Калі чыё дзела, што ён будаваў, вытрывае, той дастане заплату. 15. А чыё дзела згарыць, шкоду меці будзе, сам жа спасецца, ды так, як-бы праз агонь. 16. Ці-ж ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас? 17. Калі-ж хто зруйнуе храм Божы, зьніштожыць таго Бог, бо храм Божы - сьвяты; гэта-ж ёсьць вы. 18. Ніхто хай сам сябе не ашуківае: калі хто з вас думае быць мудрым у гэтым веку, станься дурным, каб быць мудрым. 19. Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць дурнота перад Богам, як напісана: зловіць мудрых у хітрасьці іх (Іоў 5,13). 20. I яшчэ: Госпад ведае разважаньні мудрых, што яны марныя (Псал. 93,11). 21. Дык ніхто не хваліся ў людзей, бо вашае - ўсё: 22. ці Паўла, ці Апалёс, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяперашняе, ці будучае, - усё вашае; 23. вы-ж Хрыстовыя. а Хрыстос - Божы.

Разьдзел 4.

1. Гэтак чалавек павінен разумець нас, як служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Божых; 2. ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным. 3. Для мяне найменшая рэч, як судзіце аба мне вы, ці як судзяць людзі; я й сам ня суджу сябе. 4. Бо хоць і нічога ня ведаю за сабою, але ў гэтым не апраўдываюся; судзьдзя-ж мне Госпад. 5. Дзеля гэтага ня судзіце перадчасна, пакуль ня прыдзе Госпад, які і асьвеціць схаванае ў цемры і выявіць думкі сэрцаў; і тагды кожнаму будзе пахвала ад Бога. 6. Гэтае, браты, прыклаў я да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы на нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, ды каб не вывышшаліся адзін над адным. 7. Бо хто адзначае цябе? Што ты маеш, чаго-б ня ўзяў? А калі ўзяў, на што хвалішся, як быццам ня браў? 8. Вы ўжо сытыя, ужо разбагацелі, пачалі цараваць бяз нас. О, каб вы зацаравалі, каб і нам з вамі царыць! 9. Бо я думаю, што Бог нас, Апосталаў, за апошніх паставіў, як бы на сьмерць засуджаных; бо мы сталіся як-бы відовішчам для сьвету, для ангелаў і для людзей. 10. Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы слабыя, а вы дужыя; вы слаўныя, а мы ў няславе. 11. Навет да цяперашняе гадзіны мы церпім голад і смагу, мы нагія, і б'юць нас, і бадзяемся, 12. і працуем, робячы сваімі рукамі. Абмаўляныя, мы багаславім; перасьледаваныя, мы церпім; 13. зьняважаныя, мы молімся. Мы сталіся, як сьмяцьцё сусьветнае, як пыл для ўсіх да цяпер. 14. Не на тое, каб пастыдзіць вас, пішу гэтае, але як умілаваных маіх дзяцей перасьцерагаю. 15. Бо, хаця-б вы тысячы настаўнікаў мелі ў Хрысьце, але айцоў нямнога: бо я спарадзіў вас у Хрысьце Ісусе праз Эвангельле. 16. Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі. 17. Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахвея, які ёсьць дзіця маё ўмілаванае і вернае ў Госпадзе, і ён напомніць вам шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я ўсюды ў-ва ўсякай царкве навучаю. 18. Як быццам я ня маю прыйсьці да вас, гэтак некаторыя з вас загардзелі; 19. але я хутка прыйду да вас, калі захоча Госпад, і распазнаю ня словы гардуноў, а сілу, 20. бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле. 21. Чаго хочаце? з дубцом прыйсьці да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?

Разьдзел 5.

1. Зусюль чутно, што ў вас распуста, ды такая распуста, аб якой ня чуваць навет у паганаў: што нехта мае жонку свайго бацькі. 2. I вы сталіся гордымі, а ці ня лепей бы вам замест таго плакаць, каб узяты быў спасярод вас той, хто робіць гэткую рэч? 3. А я, ня быўшы целам, але духам у вас, ужо прысудзіў, як-бы быў у вас, каб таго, хто гэткае робіць, 4. у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста на сходзе вашым сумесна з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста, 5. аддаць гэткага шатану на загубу цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста. 6. Нядобрая пахвальба вашая. Хіба ня ведаеце, што крошка кісьлі квасіць усё цеста? 7. Дык ачысьцьце старую кісьлю, каб быць вам новым цестам, бо вы бяз кісьлі; бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас. 8. Дзеля гэтага пачнем сьвяткаваць не з старой кісьляй і ня з кісьляй зла і подступу, але з праснакамі чыстасьці і праўды. 9. Я пісаў вам у пасланьні ня злучацца з распусьнікамі; 10. ды не наагул з распусьнікамі гэтага сьвету, ці хабарнікамі, ці драпежнікамі, ці паклоньнікамі ідалаў: бо вам трэба было-б хіба выйсьці з гэтага сьвету; - 11. але я пісаў вам ня злучацца, калі хто, называючыся братам, будзе распусьнікам, ці хабарнікам, ці ідалапаклоньнікам, ці зламоўным, ці п'яніцаю, ці драпежнікам; з гэтакім і ня есьці разам! 12. Бо што мне судзіць тых, хто вонках? Ці ня тых, што пасярод, судзіце вы? Вонкавых жа судзіць Бог. Дык выкіньце распуснага спасярод вас.

Разьдзел 6.

1. Як адважаецца хто з вас, маючы справу з другім, судзіцца перад няправеднымі, а не перад сьвятымі? 2. Хіба ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? Калі-ж вамі будзе суджаны сьвет, дык няўжо-ж вы ня вартыя судзіць найменшае? 3. Ці-ж ня ведаеце, што мы судзіць будзем ангелаў, ня толькі справы жыцьцёвыя? 4. Дык вы, калі маеце судзіцца аб жыцьцёвыя справы, стаўляйце сваімі судзьдзямі нікчэмных у царкве. 5. На сорам вам кажу: няўжо-ж няма між вамі ніводнага разумнага, што мог-бы рассудзіць сярод братоў сваіх? 6. А то брат з братам судзіцца, і гэта перад няверуючымі! 7. I тое ўжо вельмі сорамна для вас, што вы маеце суды між сабою. Чаму-б вам ня лепей быць пакрыўджанымі? Чаму-б вам ня лепей мець шкоду? 8. Але вы самі крыўдзіце, абдзіраеце, дый гэта братоў! 9. Ці ня ведаеце, што няправедныя царства Божага не ўнасьледуюць? Не ашуківайце сябе: ані блуднікі, ані ідалапаклоньнікі, ані распусьнікі, ані пястуны, ані мужаложнікі, 10. ані зладзеі, ані падкупныя, ані п'яніцы, ані зламоўныя, ані драпежнікі - ня возьмуць у спадчыну Царства Божага. 11. I гэткімі былі некаторыя з вас; але вы абмыліся, але асьвяньціліся, але апраўдаліся іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага. 12. Усё мне можна, але ня ўсё карысна; ўсё мне можна, але нічому ня дам валадаць мною. 13. Ежа для чэрава, і чэрава для ежы; але Бог зьніштожыць тое і другое. Цела-ж не для распусты, але для Госпада, і Госпад для цела. 14. Бог падняў Госпада, падыме й нас сілаю Сваёю. 15. Хіба ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць члены Хрыстовыя? Дык ці-ж, узяўшы члены Хрыста, зроблю іх членамі блудніцы? Хай жа ня будзе! 16. Ці-ж ня ведаеце, што, хто злучаецца з блудніцаю, ёсьць адно цела (з ёю)? Бо сказана: двое будуць адно цела (Быт. 2,24). 17. А хто злучаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам). 18. Уцякайце ад блуду; усякі грэх, які робіць чалавек, ёсьць вонках цела, а блуднік грашыць супраць уласнага цела. 19. Ці ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць храм Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і вы не свае? 20. Бо вы куплены дарагою цаною. Дзеля гэтага выслаўляйце Бога у целе вашым і ў духу вашым, якія ёсьць Божымі.

Разьдзел 7.

1. А аб чым вы пісалі да мяне, дык добра чалавеку не дакранацца да жанчыны, 2. але, з увагі на блуд, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа. 3. Муж няхай аказвае жонцы належную любасьць; падобна-ж і жонка мужу. 4. Жонка ня ўладная над сваім целам, але муж; гэтак сама й муж ня ўладны над сваім целам, але жонка. 5. Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць у пасьце і малітве, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас шатан праз няўстрыманасьць вашу. 6. Кажу-ж гэтае, як дазвол, а не як загад. 7. Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак. 8. Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім, калі астануцца, як я; 9. але, калі ня ўзьдзержацца, няхай жэняцца: бо лепей ажаніцца, чым распаляцца. 10. Тым жа, што пажаніліся, ня я запаведываю, але Госпад: жонцы - не разлучацца з мужам, 11. калі-ж разлучыцца, то няхай астаецца бяз мужа, ці пагодзіцца з мужам сваім; і мужу - не пакідаць жонкі. 12. Рэшце-ж кажу я, а ня Госпад: калі каторы брат мае жонку няверуючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай ён не пакідаець яе; 13. і жонка, што мае няверуючага мужа, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідаець яго; 14. бо няверуючы муж асьвянчаецца ў жонцы, і жонка няверуючая асьвянчаецца ў мужу; інакш дзеці вашыя былі-б нячыстыя, а цяпер яны сьвятыя. 15. Калі-ж няверуючы хоча разлучыцца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх выпадках не прыняволіваецца, бо да згоды паклікаў нас Госпад. 16. Чаму-ж бо ты ведаеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, чаму ведаеш, ці ня збавіш жонку? 17. Толькі кожны няхай паступае так, як Бог яму празначыў, кожны, як Госпад паклікаў; і гэтак я загадваю па ўсіх цэрквах. 18. Пакліканы хто абрэзаным? Няхай не хаваецца. Пакліканы хто неабрэзаным? Не абрэзывайся. 19. Абрэзаньне нішто і неабрэзаньне нішто, але выпаўненьне запаведзяў Божых. 20. Кожны няхай астаецца ў тым прызваньні, у якім пакліканы. 21. Рабом ты пакліканы? Не клапоцься. Але, калі можаш стацца вольным, скарыстай з лепшага. 22. Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольны Госпада; гэтак сама і пакліканы вольным ёсьць раб Хрыстоў. 23. Вы куплены (дарагою) цаною: не рабецеся рабамі людзей. 24. У якім прызваньні хто пакліканы, браты, у тым кожны хай астаецца перад Богам. 25. Аб дзевах я ня маю загаду ад Госпада, але даю раду, як той, што атрымаў ад Госпада ласку быць яму верным. 26. Дык лічу за добрае дзеля цяперашняе патрэбы, што добра чалавеку гэтак быць. 27. Ты злучаны з жонкаю? Ня шукай разлукі. Ты вольны ад жаны? Ня шукай жонкі. 28. Калі-ж бы й ажаніўся, не саграшыў; і калі-б дзяўчына пайшла замуж, не саграшыла. Гэткія будуць мець гора для цела; я-ж вас шкадую. 29. Але кажу вам тое, браты, што час ужо малы: каб і тыя, што маюць жанок, былі, як ня маюць; 30. і што плачуць, як ня плачучыя; і што радуюцца, як ня радыя; і што купляюць, як не набываючыя; 31. і карыстаючыяся гэтым сьветам, як не карыстаючыяся; бо праходзіць абраз гэтага сьвету. 32. А я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, 33. а жанаты клапоціцца аб сьвецкае, як дагадзіць жонцы. 34. Ёсьць розьніца між замужкай і дзяўчынай: незамужняя клапоціцца аб Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам і духам; а замужняя клапоціцца аб сьвецкае, як дагадзіць мужу. 35. Кажу гэтае для вашай жа карысьці, ня з тым, каб накінуць на вас путы, але каб вы прыстойна і няспынна служылі Госпаду, не азіраючыся. 36. Калі-ж хто ўважае за няпрыстойнае для свае дзяўчыны, каб яна, перацьвіўшы, так і асталася, - дык няхай робіць, як хоча: не саграшыць; няхай ідуць замуж. 37. Але, хто непарушна цьвёрды ў сэрцы сваім, і ня маючы патрэбы, але ўладу маючы над воляй сваей, пастанавіў гэтак у сэрцы сваім, каб захаваць свае дзявоцтва, - той добра робіць. 38. Дзеля гэтага, хто аддае замуж, добра робіць; а хто не аддае, робіць лепей. 39. Жонка зьвязана законам, дакуль жыве яе муж; калі-ж муж яе памрэ, вольна выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе. 40. Але яна шчасьлівейша, калі астанецца так, як я раджу; а я думаю, што і я маю Духа Божага.

Разьдзел 8.

1. Аб жэртвах ідальскіх ведаем, бо ўсе маем веду. Але веда надзімае, а любоў будуе. 2. Хто думае, што ён нешта ведае, той ніколі йшчэ нічога ня ведаў, як трэба ведаць; 3. але хто любіць Бога, таго Ён пазнае. 4. Аб спажываньні-ж ахвяр ідальскіх ведаем, што ідал на сьвеце нішто, і што няма іншага Бога, апрача Аднаго. 5. Бо, хаця і ёсьць гэтакзваныя богі, ці на небе, ці на зямлі, (бо-ж многа багоў і многа паноў), - 6. але ў нас адзін Бог Ацец, з якога ўсё, і мы для Яго; ды адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз якога ўсё, і мы праз Яго. 7. Але не ў-ва ўсіх гэткая веда: некаторыя і дагэтуль з ідальскай сьвядомасьцяй, што ядуць, як жэртву ідалам, і сьведамасьць іх, як нядужая, апаганіваецца. 8. Ежа-ж не набліжае нас да Бога, бо ці ямо, ня робімся лепшымі, ці не ямо, ня робімся горшымі. 9. Глядзеце-ж аднак, каб вашая ўлада ня сталася спакусай для слабых. 10. Бо, калі хто ўгледзіць, што ты, маючы веду, за сталом у паганскай бажніцы, дык ці сьведамасьць яго, як слабога, ня збудуецца, каб есьці жэртвы ідальскія? 11. I ад тваей веды загіне слабы брат, за якога памёр Хрыстос. 12. А, грэшачы гэтак супраць братоў і б'ючы па сьведамасьці іх, якая нядужая, вы грашыцё супраць Хрыста. 13. Дзеля гэтага, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці мяса давеку, каб не спакусіць брата майго.

Разьдзел 9.

1. Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не маё вы дзела ў Госпадзе? 2. Калі для другіх я не апостал, дык-жа для вас; бо пячатка майго апостальства - вы ў Госпадзе. 3. Вось гэткі адказ тым, што судзяць мяне. 4. Ці мы ня маем улады есьці ды піць? 5. Ці ня маем улады мець спадарожніцаю сястру - жонку, як і рэшта Апосталаў, і браты Госпадавы, і Кіфа? 6. Ці адзін я і Варнава ня маем улады непрацаваць? 7. Хто калі служыць на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня есьць пладоў яго? Ці хто пасець статак і ня есьць малака ад статку? 8. Ці толькі па-чалавечаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і закон? 9. Бо ў Майсеявым законе напісана: не завязвай роту валу малоцячы (Другазак. 25,4). Ці аб валох клапоціцца Бог? 10. Ці дзеля нас агулам гаворыцца? Бо гэта дзеля нас напісана, што, хто гарэ, павінен араць з надзеяй, і, хто малоціць, - з надзеяй атрымаць, на што спадзяецца. 11. Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае? 12. Калі другія - ўчасьнікі ўлады над вамі, дык ці мы не балей? Аднак, мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсё церпім, каб не ўчыніць якое перашкоды Эвангельлю Хрыстоваму. 13. Ці-ж ня ведаеце, што тыя, хто пры сьвятым працуе, ядуць із сьвятога? Што паслугуючыя пры ахвярніку бяруць долю ад ахвярніка? 14. Гэтак і Госпад загадаў тым, што Эвангельле абвяшчаюць, жыць ад Эвангельля. 15. Але я нічым з гэтага не карыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак рабілася для мяне, бо для мяне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю. 16. Бо, калі я абвяшчаю Эвангельле, дык няма мне славы, бо на мне ляжыць абавязак, і гора мне, калі я не абвяшчаю Эвангельля. 17. Бо, калі роблю гэтае сваей ахвотай, дастану маю нагароду; а калі супраць волі, дык выпаўню абавязак. 18. За што-ж мне нагарода? За тое, што, апавядаючы задарма Эвангельле, падаю вестку аб Хрысьце, не карыстаючыся маею ўладаю ў Эвангельлі. 19. Бо, будучы вольным ад усіх, я падняволіў сябе ўсім, каб больш прыдбаці: 20. для Юдэяў я быў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных я быў, як падзаконны, каб здабыць падзаконных; 21. для нямаючых закону - як беззаконны (ня будучы беззаконным перад Богам, але падзаконным Хрысту), - каб здабыць беззаконных; 22. для нядужых быў, як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб наагул збавіць некага. 23. Роблю-ж гэта дзеля Эвангельля, каб быць учасьнікам Яго. 24. Ці ня .ведаеце, што бегаючыя на стадыоне бягуць усе, але нагароду дастае адзін? Дык бяжыце, каб дастаць. 25. Кожын, хто змагаецца, узьдзержываецца ад усяго: тыя, каб дастаць вянец тленны, а мы - нятленны. 26. Вось-жа я бягу, не як на няпэўнае, б'юся, не як паветра б'ючы; 27. але я ўсьцішаю і няволю цела маё, каб, прапаведываючы другім, самому не астацца нікчэмным.

Разьдзел 10.

1. Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад хмараю, і ўсе прайшлі праз мора; 2. і ўсе ахрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры; 3. і ўсе елі тую самую духоўную страву, 4. і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, што йшла за імі, скала-ж быў Хрыстос. 5. Але ня многіх з іх упадабаў Бог: бо яны былі паражоны ў пустыні. 6. А гэта былі прыклады для нас, каб мы не пажадалі благога, як пажадалі яны. 7. Ня будзьце й ідалапаклоньнікамі, як некаторыя з іх, як напісана: народ пасеў есьці й піць, ды ўстаў гуляці (Вых. 32,6). 8. Ня робма і блуду, як некаторыя з іх блудзілі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы (Лічб. 25,1.9). 9. I не спакушайце Хрыста, як некаторыя з іх спакушалі і пагінулі ад зьмеяў (Лічб. 21,6). 10. Дый не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і пагінулі ад губіцеля (Лічб. 14,37). 11. Усё гэтае сталася ім, як прыклады, і апісана на навуку нам, на якіх канец вякоў прыйшоў. 12. Дзеля гэтага, хто думае, што ён стаіць, сьцеражыся, каб ня ўпасьці. 13. Вас зьняла спакуса ня іншая, як чалавечая; верны-ж Бог, які не дапусьціць вам быць спакушанымі больш, чым маеце сілу, але з спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перанесьці. 14. Дык, умілаваныя маі, ухіляйцеся ад ідалапаклонства. 15. Кажу да вас, як да разумных; вы-ж судзіце, што кажу. 16. Чара багаслаўленьня, якую багаславім, ці ня ёсьць супольнасьцяй крыві Хрыстовае? Хлеб, што ламаем, ці ня ёсьць супольнасьць Цела Хрыстовага? 17. Адзін хлеб, адно цела мы, многія; бо ўсе прычашчаемся ад аднаго хлеба. 18. Паглядзеце на Ізраіля па целу: тыя, што ядуць ахвяры, ці ня ўдзельнікі ахвярніка? 19. Што-ж я кажу? Ці тое, што ідал што-небудзь ёсьць? Ці ахвяра ідальская што-небудзь ёсьць? 20. Не; але тое, што жэртвуюць пагане, злым духам жэртвуюць, а ня Богу. Я-ж не хачу, каб вы былі супольнікамі дэманаў. 21. Ня можаце піць чары Гасподняе і чары шатанавае; ня можаце быць учасьнікамі стала Гасподняга і стала шатанавага. 22. Ці-ж нам дражніць Госпада? Ці-ж мы дужэйшыя за Яго? 23. Усё мне можна, ды ня ўсё карысна; усё мне можна, ды ня ўсё будуе. 24. Ніхто няхай ня шукае свайго, але кожны тое, што для другога. 25. Усё, што прадаецца на торжышчы, ешце, не разьбіраючыся дзеля сумленьня; 26. бо Госпадава зямля і поўня яе (Псал. 23,1). 27. Калі-ж хто з няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, - дык ешце ўсё, што дадуць, не разьбіраючыся дзеля сумленьня. 28. Калі-ж хто скажа вам: гэта жэртва ідальская, - дык ня ешце з увагі на таго, хто паведаміў вас, і на сумленьне; бо Госпадава зямля і поўня яе (Пс. 23,1). 29. Пра сумленьне-ж кажу не свае, а другога; бо дзеля чаго мая воля мае (быць) суджана чужым сумленьнем? 30. Калі я з падзякаю прымаю, дык чаму ганьбаваць мяне за тое, за што дзякую? 31. Дык ці ясьцё, ці п'ецё, ці нешта робіце, усё на славу Божую рабеце. 32. Не спакушайце ні Юдэяў, ні Грэкаў, ні царквы Божай, як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не сваёй карысьці, але карысьці многіх, каб яны збавіліся.

Разьдзел 11.

1. Насьлядуйце мяне, як і я Хрыста. 2. Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё помніце і дзержыце наказы, як я наказаў вам. 3. Хачу-ж, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, жонцы галава - муж, а Хрысту галава - Бог. 4. Усякі муж, што моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сваю галаву; 5. і ўсякая жанчына, што моліцца або прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта адно і тое-ж, як-бы яна аголена; 6. бо, калі жанчына не пакрываецца, дык няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай пакрываецца. 7. Дык мужу ня трэба накрываць галаву, бо ён абраз і слава Божая; жонка-ж ёсьць слава мужава. 8. Бо ня муж ад жаны, але жана ад мужа. 9. I ня муж створаны дзеля жаны, але жана дзеля мужа. 10. Дзеля гэтага жана і павінна мець на галаве знак улады над ёю, дзеля Ангелаў. 11. Дый ні муж бяз жонкі, ні жана бяз мужа, у Госпадзе. 12. Бо, як жана ад мужа, так і муж праз жану; усё-ж ад Бога. 13. Судзіце самі ў сабе: ці прыстойна жане маліцца Богу з непакрытаю галавою? 14. Або ці сама прырода ня вучыць вас, што, калі муж расьціць валасы, дык ганьба яму, 15. але, калі жанчына расьціць валасы, для яе гэта чэсьць, бо валасы дадзены ёй замест пакрыцьця. 16. А калі-б хто захацеў спрачацца, то мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя. 17. Запаведываючы-ж гэтае, не хвалю вас, што зьбіраецеся не на лепшае, але на горшае. 18. Бо, наперш, калі зьбіраецеся ў царкву, дык, чую, між вамі бывае падзел, дый я крыху веру, 19. бо мусяць быць між вамі і гэрэзіі, каб верныя выявіліся міжы вамі. 20. Дый, калі вы зьбіраецеся разам, гэта ня ёсьць спажываці вячэру Гасподнюю: 21. бо кожны хапаецца перад другімі зьесьці ўласную вячэру, дык адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца. 22. Хіба-ж дамоў ня маеце, каб есьці й піць? Або ганьбіце царкву Божую і сароміце тых, што ня маюць? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас за гэтае? Не пахвалю. 23. Бо я ад Госпада прыняў, ды тое й вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб 24. і, аддаўшы хвалу, паламаў ды сказаў: прымеце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас ламанае; рабеце гэта на ўспамін аба Мне. 25. Таксама й чару пасьля вячэры, кажучы: гэта чара ёсьць новы запавет у Маёй крыві; гэтае рабеце, калі будзеце піць, на ўспамін аба Мне. 26. Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п'ецё чару гэтую, сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце, дакуль (Ён) прыйдзе. 27. Дзеля гэтага, хто будзе есьці хлеб гэты ці піць чару Гасподню няпрыстойна, вінны будзе Цела й Крыві Гасподняе. 28. Няхай жа паўзіраецца на сябе чалавек ды гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п'е з чары гэтае. 29. Бо хто есьць і п'е няпрыстойна, той есьць і п'е прысуд сабе, не разважаючы аб Целе Гасподнім. 30. Дзеля гэтага сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі ўмірае. 31. Бо, каб мы судзілі самых сябе, дык ня былі-б засуджанымі. 32. Суджаныя-ж, Госпадам караны бываем, каб ня быць разам з сьветам засуджанымі. 33. Гэтак, браты маі, зьбіраючыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце; 34. калі-ж хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Рэшту ўладжу, калі прыду.

Разьдзел 12.

1. Аб духоўных-жа, браты, не хачу, каб вы няведалі. 2. Ведаеце, што, як былі вы паганамі, дык да ідалаў безгалосных хадзілі, быццам вялі вас. 3. Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто, гаворачы Духам Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам. як толькі Духам Сьвятым. 4. Ёсьць розьніцы ў дараваньнях, але Дух той самы; 5. і розьніцы ў служэньні, а Госпад той самы; 6. і розьніцы ў дзеяньні, а Бог той самы, што ўсё і ў-ва ўсіх робіць. 7. Але кожнаму даецца выяўленьне духа на карысьць: 8. аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веды тым-жа Духам; 9. іншаму вера тым жа духам; іншаму дар азрадаўляньня тым-жа Духам; 10. іншаму рабіць цуды, іншаму прароцтва, іншаму распазнаваньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў. 11. Усё-ж гэтае робіць адзін і той-жа Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму хочацца. 12. Бо, як цела адно, але мае многа членаў, і ўсе члены аднаго цела, хаця іх і многа, ёсьць адно цела, - гэтак і Хрыстос. 13. Бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, Юдэі ці Грэкі, рабы ці вольныя, і ўсе напоены адным Духам. 14. Цела-ж не адзін член, але многа. 15. Калі скажа нага: я ня рука, я не ад цела, дык ці-ж яна і не ад цела? 16. I калі скажа вуха: я ня вока, я не ад цела, дык няўжож яно і не ад цела? 17. Калі ўсё цела - вока, дык гдзе слых? Калі ўсё слых, дык гдзе нюх? 18. Але-ж Бог разлажыў члены, кожны з іх па адным, у целе, як Сам хацеў. 19. А калі-б усе былі адзін член, дык гдзе цела? 20. Але цяпер членаў многа, а цела адно. 21. Ня можа-ж вока сказаць руцэ: ты мне непатрэбна; ці таксама галава нагам: вы мне непатрэбныя. 22. Але-ж члены цела, якія здаюцца слабейшымі, шмат патрабнейшыя, 23. і, якія нам здаюцца больш непачэснымі ў целе, тых балей у чэсьці маем, і нашыя няпрыстойныя больш прыстойны выгляд маюць, 24. а нашыя прыстойныя ня маюць патрэбы. Але Бог склаў цела, даўшы менш дасканалым большую чэсьць, 25. каб ня было падзелу ў целе, а ўсе члены аднолькава адзін аб адным каб рупіліся. 26. Дзеля гэтага, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі славіцца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены. 27. Вы-ж - цела Хрыстовае, а паасобна члены. 28. I адных Бог паставіў у Царкве наперш Апосталамі, потым прарокамі, трэціх вучыцялямі; далей (цудоўныя) сілы, затым дары аздараўляньня, дапамаганьня, гаспадараваньня, розныя мовы. 29. Ці ўсе Апосталы? ці ўсе прарокі? ці ўсе вучыцялі? Ці ўсе (цудоўныя) сілы? 30. Ці ўсе маюць дар аздараўляньня? ці ўсе гавораць мовамі? ці ўсе тлумачы? 31. Рупцеся аб дарох большых, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.

Разьдзел 13.

1. Калі я гавару мовамі чалавечымі і ангельскімі, а любві ня маю, то я медзь зьвінячая ці кімвал гудзячы. 2. Калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а ня маю любві, дык я нішто. 3. I калі я раздам усю маемасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любві ня маю, дык няма мне ніякае карысьці. 4. Любоў церпіць доўга, міласэрная яна; любоў не завідуе; любоў не вывышшаецца, не надзімаецца, 5. ня буяніць, ня шукае свайго, не гняўліва, ня думае благога, 6. ня радуецца з крыўды, але цешыцца з праўды. 7. Усё пакрывае, усяму верыць, усяго спадзяецца, усё церпіць. 8. Любоў ніколі ня чэзьне, а вось прароцтвы - і тыя чэзнуць, і мовы змоўкнуць, і веда зьніштожыцца. 9. Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым; 10. калі-ж прыдзе дасканалае, тады тое, што часткова, счэзьне. 11. Калі я быў дзіцяткам, дык падзіцячаму гаварыў, падзіцячаму разважаў; а як стаўся мужам, дык пакінуў дзіцячае. 12. Цяпер мы бачым як-бы праз мутнае шкло, дагадваючыся; тады-ж абліччам да аблічча; цяпер я пазнаю часткова, а тагды пазнаю гэтак сама, як сам я пазнаны. 13. А цяпер трываюць вера, надзея, любоў - гэтыя тры; але большая з іх любоў.

Разьдзел 14.

1. Рупцеся аб любоў; старайцеся аб духоўнае, асабліва-ж аб тое, каб прарочыць. 2. Бо, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу; бо ніхто ня чуе, і ён таемнае духам гаворыць. 3. А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне і напамінаньне і пацяшэньне. 4. Хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, збудоўвае сябе; а хто прарочыць, царкву будуе. 5. Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепей, каб вы прарочылі, бо, хто прарочыць, той дасканальшы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба ён пры тым будзе і тлумачыць, каб царква ўзяла збудаваньне. 6. Цяпер, калі я прыду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысьць, калі ня буду прамаўляць да вас ці адкрыцьцем, ці ведаю, ці прароцтвам, ці навукаю? 7. Бо і бяздушныя, што голас даюць, ці то жалейка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзельнасьці гукаў, дык як распазнаць, што йграюць на жалейцы, ці на гусьлях? 8. I, калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто пачне рыхтавацца да бітвы? 9. Гэтак і вы, калі языком даеце незразумелыя словы, дык як пазнаюць, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер. 10. Колькі, прыкладам, розных слоў на сьвеце, і ніводнага з іх няма бяз голасу; 11. але, калі я не разумею значэньня голасу, дык буду чужаком таму, хто гаворыць, і для мяне чужак, хто гаворыць. 12. Гэтак і вы, калі рупіцеся аб дары духоўныя, старайцеся збагацець імі дзеля збудаваньня царквы. 13. А дзеля гэтага, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, няхай моліцца аб дар тлумачэньня. 14. Бо, калі я малюся ў незнаёмай мове, дык дух мой моліцца, але розум мой астаецца бясплодным. 15. Дык што-ж? Буду маліцца духам, буду маліцца розумам; буду пяяць духам, буду пяяць і розумам. 16. Бо, калі ты будзеш багаславіць духам, дык як той, хто стаіць на месцы няўчонага, скажа амін на тваё дзякаваньне? Бо ён не разумее, што ты гаворыш. 17. Ты хораша дзякуеш, але другі ня збудоўваецца. 18. Дзякую майму Богу, што балей за ўсіх вас гавару мовамі; 19. але ў царкве хачу лепей сказаць пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым мірыяды слоў у (незнаёмай) мове. 20. Браты! ня будзьце дзяцьмі разуменьнем: на благое будзьце дзяцьмі, а розумам будзьце дасьпелымі. 21. У законе напісана: іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але й тагды не паслухаюць Мяне, кажа Госпад (Ісая 28,11-12). 22. Гэтак мовы ёсьць на знак не для веруючых, але для няверуючых; прароцтва-ж не для няверуючых, але для веруючых. 23. Дык, калі ўся царква зыдзецца разам, і ўсе пачнуць гаварыць (незнаёмымі) мовамі, увойдуць-жа да вас няведаючыя ці няверуючыя, - дык ці ня скажуць, што вы шалёныя? 24. Калі-ж усе прарочаць, і ўвойдзе хто няверуючы ці няведаючы, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны, 25. і гэтак тайны сэрца яго выяўляюцца, і гэтак ён, упаўшы тварам, паклоніцца Богу, кажучы: Запраўды, з вамі Бог! 26. Дык што-ж, браты? Калі вы сходзіцеся, дык кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае мову, мае адкрыцьце, мае тлумачэньне; усё гэтае няхай будзе на збудаваньне. 27. Калі-ж хто гаворыць (незнаёмай) мовай, гаварыце падвое, ці найбольш патрое, ды пачародзе; адзін жа тлумач. 28. Калі-ж няма тлумача, няхай маўчыць у царкве, а гаворыць сабе і Богу. 29. I прарокі няхай гавораць двое ці трое, рэшта-ж няхай разважаюць; 30. калі-ж другому з седзячых будзе адкрыцьце, дык першы няхай маўчыць. 31. Бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усе павучаліся і ўсе пацяшаны былі. 32. I духі прарочыя паслухмяныя прарокам, 33. бо Бог ня ёсьць (Бог) бязладзьдзя, але супакою, як па ўсіх цэрквах у сьвятых. 34. Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб карыліся, як і закон кажа (Быт. 3,16). 35. Калі-ж хочуць чаго навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх; бо сорамна жанчыне гаварыць у царкве. 36. Ці-ж ад вас выйшла слова Божае? або ці да вас адных дасягла? 37. Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай разумее, што тое, што я пішу вам, ёсьць запаведзі Госпада; 38. а хто не разумее, няхай не разумее. 39. Гэтак, браты, старайцеся прарочыць, дый не забараняйце гаварыць мовамі. 40. Няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.

Разьдзел 15.

1. Напамінаю вам, браты, Эвангельле, якое я абвяшчаў вам, ды якое вы і прынялі, у якім і ўстаялі, 2. якім і збаўляецеся, калі ўдзержыце, якім словам я абвяшчаў яго вам, калі толькі не надарма паверылі. 3. Бо я сьпярша пераказаў вам, што і сам прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньня, 4. і што Ён быў пахаваны і ўскрос на трэці дзень, паводле Пісаньня, 5. і што зьявіўся Кіфе, пасьля-ж дванаццацём; 6. пасьля зьявіўся балей чым пяцістам братом зараз, з якіх большая частка й дагэтуль жывуць, некаторыя-ж паўміралі; 7. пасьля зьявіўся Якубу, дый усім Апосталам; 8. а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, быццам адкіненаму. 9. Бо я найменшы з Апосталаў і няварты называцца Апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую, 10. але з ласкі Бога ёсьць тым, чым ёсьць, і ласка Яго, што ў-ва мне, ня была дарэмнай, але я балей за іх усіх папрацаваў; дый ня я, але ласка Божая, што са мною. 11. Дык ці я, ці яны, мы гэтак навучаем, а вы гэтак паверылі. 12. Калі-ж аб Хрысьце апавядаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык як некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасеньня мёртвых? 13. Калі няма ўваскрасеньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос; 14. а калі Хрыстос не ўваскрос, дык і навука наша дарэмная, дарэмная і вера вашая. 15. Да таго мы аказаліся-б і ілжывымі сьведкамі Божымі, бо сьведчылі аб Богу, што Ён ускрасіў Хрыста, Якога не ўскрашаў, калі памёршыя не ўскрасаюць. 16. Калі-ж мёртвыя не ўскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос; 17. а калі Хрыстос не ўваскрос, дык вера вашая пустая: вы йшчэ ў грахох вашых. 18. Дык і памёршыя ў Хрысьце пагіблі. 19. А калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяемся на Хрыста, дык найбольш нешчасьлівыя з усіх людзей. 20. Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых, першаком сярод памёршых стаўся. 21. Бо, як сьмерць праз чалавека, гэтак праз чалавека і ўваскрасеньне мёртвых. 22. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрысьце ўсе ажывуць, 23. і кожны ў сваім парадку: пяршак Хрыстос, потым Хрыстовыя ў прыход Ягоны. 24. А тады канец, калі Ён аддасьць Царства Богу і Айцу, калі зьніштожыць усякае начальства і ўсякую ўладу і сілу, 25. бо Яму належыць цараваць, дакуль пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае. 26. Апошні вораг зьнішчыцца - сьмерць, 27. бо ўсё пакарыў пад ногі Яго; калі-ж сказана, што Яму ўсё пакорна, дык ясна, што апрача Таго, Хто пакарыў Яму ўсё. 28. Калі-ж усё пакарыць Яму, тады й Сам Сын пакарыцца Пакарыўшаму Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім. 29. Іначай што будуць рабіць Тыя, што хрысьцяцца дзеля мёртвых, калі мёртвыя зусім не ўскрасаюць? чаго хрысьціцца дзеля мёртвых? 30. Чаго і мы кожную гадзіну ў небясьпецы? 31. Я штодня ўміраю: сцьвяржае гэта пахвала ваша, браты, якую маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. 32. Калі-б я пачалавечаму бароўся з зьверамі ў Эфэсе, дык якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўскрасаюць? Дык будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм! 33. Не ашуківайце сябе: благія сяброўствы псуюць добрыя абычаі. 34. Працьверазіцеся праведна і не грашыце; бо некаторыя з вас ня ведаюць Бога, - кажу вам на сорам. 35. Але скажа хто-небудзь: як ускрэснуць мёртвыя? ды ў якім целе прыдуць? 36. Неразумныя! што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ; 37. і што сееш, сееш ня будучае цела, а голае зерне, пшанічнае, ці якое іншае, як надарыцца; 38. але Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму зярняці сваё цела. 39. Ня кожнае цела такое самае цела, але інакшае ў рыбаў, інакшае ў птушак. 40. I целы нябесныя, і целы зямныя: але інакшая слава нябесных, інакшая зямных; 41. інакшая слава сонца, інакшая слава месяца, інакшая зораў; бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе. 42. Гэтак і ўскрасеньне мёртвых: сеецца на тленьне, устае ў нятленнасьці; 43. сеецца ў паніжэньні, устае ў славе; сеецца ў бяссільлі, устае ў сіле; 44. сеецца цела душэўнае, устае цела духоўнае. Есьць цела душэўнае і ёсьць цела духоўнае. 45. Так і напісана: стаўся першы чалавек Адам душою жывою (Быт. 2,7), а апошні Адам - дух жыцьцятворны. 46. Але не духоўнае раней, а душэўнае; духоўнае пасьля. 47. Першы чалавек з зямлі, зямны; другі чалавек - Госпад з неба. 48. Які зямны, гэтакія і зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя. 49. I як мы насілі абраз зямнога, будзем насіць і абраз нябеснага. 50. Тое-ж скажу вам, браты, што ня могуць цела і кроў унасьледаваць Царства Божае, дый тленнасьць не насьледуе нятленнасьці. 51. Вось кажу вам тайну: бо ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся - 52. зьнячэўку, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўскрэснуць нятленнымі, і мы пераменімся, 53. бо тленнаму гэтаму трэба апрануцца ў нятленнасьць, і сьмяротнаму гэтаму апрануцца ў несьмяротнасьць. 54. Калі-ж тленнае гэтае апранецца ў нятленнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады станецца напісанае слова: праглынена сьмерць перамогаю (Ісая 25,8). 55. Сьмерць! гдзе тваё джала? Пекла! гдзе твая перамога? (Осія 13,14.) 56. Джала-ж сьмерці - грэх; а сіла грэху - закон. 57. Богу-ж падзяка, што даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста! 58. Гэтак, браты мае ўмілаваныя! будзьце цьвёрдыя, стойкія, у дзеле Гасподнім пасьпявайце заўсёды, ведаючы, што праца ваша не дарэмная перад Госпадам.

Разьдзел 16.

1. Пры складцы-ж, што для сьвятых, рабеце і вы так, як я ўстанавіў у цэрквах Галяцкіх: 2. у першы дзень тыдня кожны з вас няхай складае ў сябе і захоўвае, як яму вядзецца, каб не рабіць збораў тады, як я прыду. 3. Калі-ж прыду, дык, якіх выбераце, тых пашлю з пісьмамі занесьці ваш дар у Ерузалім. 4. А калі прыстойна будзе і мне пайсьці, дык са мною пойдуць. 5. Я-ж прыду да вас, калі прайду Македонію (бо праз Македонію праходжу). 6. У вас жа можа забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне праводзілі, куды пайду. 7. Бо не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Госпад дазволіць. 8. У Эфэсе-ж прабуду да Пяцідзесятніцы, 9. бо для мяне адчынены вялікія і шырокія дзьверы, і многа праціўнікаў. 10. Калі-ж прыдзе да вас Цімахвей, глядзеце, каб быў у вас бясьпечны; бо дзела Госпада робіць, як і я; 11. дык няхай ніхто не пагарджае ім, але правядзеце яго ў супакоі, каб ён прышоў да мяне; бо жду яго з братамі. 12. Што да брата Апалёса, дык я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; ды ён зусім ня меў ахвоты ісьці цяпер, але прыдзе, калі яму будзе зручна. 13. Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі і цьвёрдымі! 14. Усё ў вас няхай у любві робіцца. 15. Малю-ж вас, браты: вы ведаеце сям'ю Сьцяпанаву, што яна ёсьць пачатак Ахайі, і што яны аддалі сябе на служэньне сьвятым; 16. - дык каб і вы былі пакорлівымі гэтакім дый кожнаму, хто памагае нам і працуе. 17. Я рады з прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка; яны папоўнілі для мяне вашую нястачу. 18. Бо яны мой дух супакоілі дый ваш. Дык паважайце гэтакіх. 19. Вітаюць вас усе цэрквы Азійскія; вітаюць вас шчыра ў Госпадзе Акіла і Прыскілла з іх дамовай царквой. 20. Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго сьвятым пацалункам. 21. Прывітаньне маёй рукой, Паўлавай. 22. Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафема! Няхай прыдзе наш Госпад! 23. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі; 24. любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін. Да Карыньцян першае, напісанае з Філіпаў праз Сьцяпана і Фартуната, і Ахаіка, і Цімахвея.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: