|
ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА КАРЫНЬЦЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА
Разьдзел 1
1. Павал, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Састэн, брат, -
2. царкве Божай, якая ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, якія прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім месцы, у іх і ў нас:
3. ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4. Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, дадзенае вам у Хрысьце Ісусе,
5. бо ўсім вы ўзбагаціліся ў Ім, усякім словам і ўсякім веданьнем, -
6. бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьверджана ў вас, -
7. так што вы ня маеце нястачы ані ў якім да?ры, чакаючы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
8. Які і ўгрунтуе вас да канца быць бездакорнымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9. Верны Бог, праз Якога вы пакліканыя ў супольнасьць Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
10. Малю вас, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы казалі тое самае, і не было між вамі падзелаў, але каб вы былі злучаны ў тым самым розуме і ў той самай думцы.
11. Бо паведамлена мне ад Хлоіных пра вас, браты мае?, што між вамі ёсьць сваркі.
12. А кажу пра тое, што кожны з вас кажа: "Я - Паўлавы", "А я - Апалёсавы", "А я - Кіфавы", "А я - Хрыстовы".
13. Ці разьдзяліўся Хрыстос? Ці Павал быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя?
14. Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, акрамя Крыспа і Гая,
15. каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.
16. Ахрысьціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю.
17. Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, але дабравесьціць, і ня ў мудрасьці слова, каб не прынізіць крыжа Хрыстовага.
18. Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, ёсьць глупства, а для нас, якія ідуць на збаўленьне, - сіла Божая.
19. Бо напісана: "Загублю мудрасьць мудрых і розум разумных адкіну".
20. Дзе мудры? Дзе кніжнік? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасьць сьвету гэтага глупствам?
21. Бо калі сьвет праз мудрасьць не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, спадабалася Богу праз глупства пропаведзі збавіць тых, якія вераць.
22. Бо і Юдэі просяць знакаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;
23. а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў - згаршэньне, а для Грэкаў - глупства,
24. а для тых, якія пакліканыя, і Юдэяў, і Грэкаў, - Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць.
25. Бо тое, што дурное ў Бога, мудрэйшае за людзей, і тое, што слабое ў Бога, дужэйшае за людзей.
26. Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат [сярод вас] мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат высакародных,
27. але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных,
28. і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць,
29. каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім.
30. А вы з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем,
31. каб было, як напіса?на: "Хто хва?ліцца, няхай у Госпадзе хва?ліцца".
Разьдзел 2
1. І я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў прапаведваць вам сьведчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцю,
2. бо я судзіў ня ведаць у вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго, Які ўкрыжаваны.
3. І быў я ў вас у немачы, і ў страху, і ў вялікім трымценьні.
4. І слова маё, і пропаведзь мая былі не ў пераканаўчых словах чалавечае мудрасьці, але ў выяўленьні Духа і сілы,
5. каб вера ваша была ня ў мудрасьці чалавечай, але ў сіле Божай.
6. А мудрасьць мы гаворым сярод дасканалых, але мудрасьць ня гэтага веку і не князёў гэтага веку, што зьнішчаюцца,
7. але гаворым мудрасьць Божую, якая ў тайне, схаваную, якую прадвызначыў Бог перад вякамі на славу нашую,
8. якое ніхто з князёў веку гэтага не зразумеў, бо калі б зразумелі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.
9. Але як напіса?на: "Вока ня бачыла, і вуха ня чула, і не ўзыходзіла на сэрца чалавека тое, што Бог прыгатаваў тым, якія любяць Яго".
10. А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго, бо Дух усё дасьледуе, і глыбіні Божыя.
11. Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духа чалавечага, які ў ім? Гэтак і таго, што ў Бога, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.
12. А мы атрымалі ня духа сьвету, але Духа, Які ад Бога, каб ведаць, што падаравана нам ад Бога.
13. І гэта мы гаворым ня словамі, якімі навучыла мудрасьць чалавечая, але якіх навучыў Дух Сьвяты, параўноўваючы духоўнае з духоўным.
14. А душэўны чалавек ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо гэта глупства для яго, і ня можа зразумець, бо пра гэта су?дзіцца духоўна.
15. А духоўны су?дзіць усё, сам жа ён нікім ня су?дзіцца.
16. Бо хто зразумеў розум Госпада, што будзе [нешта] даводзіць Яму? А мы маем розум Хрыстовы.
Разьдзел 3
1. І я ня мог гаварыць вам, браты, як духоўным, але як цялесным, як немаўлятам у Хрысьце.
2. Я паіў вас малаком, а не [карміў] ежай, бо вы былі яшчэ нямоглыя, дый цяпер яшчэ нямоглыя.
3. Бо вы яшчэ цялесныя. Бо калі між вамі зайздрасьць, сваркі і нязгода, дык ці не цялесныя вы і ці не па-чалавечаму ходзіце?
4. Бо калі адзін кажа: "Я - Паўлавы", а другі: "Я - Апалёсавы", ці не цялесныя вы?
5. Хто Павал? Хто Апалёс? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы паверылі, і кожны такі, як даў Госпад.
6. Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але расьціў Бог.
7. Так што ані той, які садзіў, ані той, які паліваў, ня ёсьць некім, але Той, Які дае расьці, - Бог.
8. А хто садзіць і хто палівае, ёсьць адно, і кожны атрымае сваю нагароду паводле сваёй працы.
9. Бо мы - супрацоўнікі Божыя, а вы - Божая ніва, Божая пабудова.
10. Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры будаўнічы, залажыў падмурак, а другі будуе [на ім]. Кожны няхай глядзіць, як будуе.
11. Бо ніхто ня можа залажыць іншага падмурку, апрача пастаўленага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
12. А калі хто будуе на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, -
13. работа кожнага выявіцца; бо дзень пакажа, таму што ў вагні адкрываецца, і агонь выспрабуе работу кожнага, якая яна ёсьць.
14. Калі чыя работа, якую ён будаваў, застанецца, той атрымае нагароду.
15. Калі чыя работа згарыць, той згубіць яе, сам жа будзе збаўлены, але так, як праз вагонь.
16. Ці вы ня ведаеце, што вы - бажніца Божая, і Дух Божы жыве ў вас?
17. Калі хто зьнішчыць бажніцу Божую, таго зьнішчыць Бог, бо бажніца Божая сьвятая, а гэтая [бажніца] - вы.
18. Ніхто няхай ня зводзіць сам сябе. Калі хто з вас думае быць мудрым у гэтым веку, няхай будзе дурным, каб быць мудрым.
19. Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць глупства перад Богам, бо напісана: "Ён ловіць мудрых у падступнасьці іхняй".
20. І зноў: "Госпад ведае думкі мудрых, што яны марныя".
21. Так што ніхто няхай ня хва?ліцца між людзей, бо ўсё вашае:
22. ці Павал, ці Апалёс, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяперашняе, ці будучае, - усё вашае;
23. вы ж - Хрыстовыя, а Хрыстос - Божы.
Разьдзел 4
1. Гэтак няхай лічаць нас людзі за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
2. Ад аканомаў жа, урэшце, вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.
3. Для мяне малая [рэч], як су?дзіце пра мяне вы ці іншыя людзі; але я і сам не суджу сябе.
4. Бо хоць нічога ня ведаю за сабою, але ў гэтым я не апраўданы. Госпад - Той, Які су?дзіць мяне.
5. Так што не судзі?це перад часам, пакуль ня прыйдзе Госпад, Які і асьветліць схаванае ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала? ад Бога.
6. А гэтае, браты, аднёс я да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы ад нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, каб не ганарыліся адзін перад адным.
7. Бо хто адзначае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
8. Вы ўжо насыціліся, ужо сталіся багатымі, бяз нас валадарыце. І калі б вы так валадарылі, каб і нам з вамі валадарыць!
9. Бо я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў за апошніх, быццам на сьмерць асуджаных, бо мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.
10. Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы - слабыя, а вы - ду?жыя; вы - слаўныя, а мы - без паша?ны.
11. Да цяперашняе гадзіны мы галодныя, і сасмаглыя, і голыя, і б'юць нас, і туля?емся,
12. і працуем, робячы сваімі рукамі. Зьневажаныя, мы дабраслаўляем; перасьледаваныя, мы церпім;
13. абражаюць нас, мы молімся; мы сталіся, як адкі?ды гэтага сьвету, як сьмецьце для ўсіх да цяпер.
14. Не каб пасароміць вас, пішу гэтае, але як улюбёных дзяцей маіх настаўляю.
15. Бо хаця вы маеце дзесяць тысячаў выхавацеляў у Хрысьце, але ня шмат бацькоў, бо я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе праз Эва?нгельле.
16. Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
17. Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсьць дзіця маё ўлюбёнае і вернае ў Госпадзе, які нагада?е вам шляхі мае? ў Хрысьце, як я паўсюль у-ва ўсякай царкве навучаю.
18. А як я не прыходжу да вас, некаторыя ўзганарыліся,
19. але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і даведаюся ня словы ганарліўцаў, а сілу,
20. бо Валадарства Божае ня ў слове, але ў сіле.
21. Што хочаце? [Каб я] з кіем прыйшоў да вас ці з любоўю і духам ціхасьці?
Разьдзел 5
1. Паўсюль чуваць, што ў вас распуста, і такая распуста, пра якую ня кажуць у паганаў, што [нехта] ма?е жонку свайго ба?цькі.
2. І вы ўзганарыліся, і ня плачаце шмат, каб узяты быў спасярод вас той, хто зрабіў гэткую рэч?
3. Бо я, адсутны целам, але прысутны духам, ужо прысудзі?ў, як прысутны, таго, хто гэткае зрабіў,
4. сабраўшыся разам у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і з духам маім, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
5. аддаць такога шата?ну на зьнішчэньне цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада Ісуса.
6. Няма добрай пахвалы? вашай. Хіба вы ня ведаеце, што малая кі?сьля ўсё цеста квасіць?
7. Дык ачысьціце старую кі?сьлю, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас.
8. Так што будзем сьвяткаваць не са старою кі?сьляю, ня з кі?сьляй ліхоты і зласьлівасьці, але з праснакамі шчырасьці і праўды.
9. Я пісаў вам у пасланьні ня мець справы з распусьнікамі.
10. І не наогул з распусьнікамі гэтага сьвету, ці хціўцамі, ці рабаўнікамі, ці ідалапаклоньнікамі, бо вам трэба было хіба выйсьці з гэтага сьвету,
11. але я пісаў вам цяпер ня мець справы з тым, хто, называючыся бра?там, ці распусьнік, ці хцівец, ці ідалапаклоньнік, ці абмоўнік, ці п'яніца, ці рабаўнік; з гэтакім і ня есьці разам!
12. Бо што мне судзі?ць тых, якія звонку? Ці ня тых, якія пасярод, су?дзіце вы?
13. А тых, якія звонку, будзе судзі?ць Бог. Дык выкіньце злы?дня спасярод вас.
Разьдзел 6
1. Як адважваецца хто з вас, маючы справу з другім, судзі?цца перад няправеднымі, а не перад сьвятымі?
2. Ці вы ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзі?ць сьвет? А калі вамі будзе суджаны сьвет, няўжо вы ня вартыя судзі?ць рэчы малыя?
3. Ці вы ня ведаеце, што мы будзем судзі?ць анёлаў, ня толькі [справы] жыцьцёвыя?
4. Дык вы, калі маеце судзі?цца адносна [справаў] жыцьцёвых, стаўля?йце [судзьдзямі] тых, хто пагарджаны ў царкве.
5. На сорам вам кажу: няўжо няма між вамі ніводнага мудрага, які можа рассудзіць між братамі сваімі?
6. Але брат з бра?там су?дзіцца, і гэта перад бязьвернымі.
7. Дык тое ўжо вялікі ўпадак для вас, што вы маеце суды між сабою. Чаму вам ня лепш быць пакрыўджанымі? Чаму вам ня лепш мець шкоду?
8. Але вы самі крыўдзіце і абдзіраеце, і гэта братоў!
9. Або вы ня ведаеце, што няправедныя Валадарства Божага ня возьмуць у спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані збачэнцы, ані мужаложнікі,
10. ані злодзеі, ані хціўцы, ані п'яніцы, ані абмоўнікі, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Валадарства Божага.
11. І гэткімі былі некаторыя, але вы абмытыя, але вы асьвячоныя, але вы апраўданыя ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і ў Духу Бога нашага.
12. Усё мне можна, але ня ўсё карысна; усё мне можна, але нішто ня будзе валодаць мною.
13. Ежа для жывата, і жывот для ежы; але Бог зьнішчыць і тое, і другое. Цела ж не для распусты, але для Госпада, і Госпад - для цела.
14. А Бог і Госпада ўваскрасіў, і нас уваскрасіць сілаю Сваёю.
15. Хіба вы ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць члены Хрыстовыя? Дык ці ж, узяўшы члены Хрыста, зраблю іх членамі распусьніцы? Няхай ня станецца!
16. Або вы ня ведаеце, што той, хто злучаецца з распусьніцаю, ёсьць адно цела [з ёю]? Бо сказана: "Будуць двое адным целам".
17. А хто злучаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух [з Ім].
18. Уцякайце ад распусты. Усякі грэх, які робіць чалавек, ёсьць звонку цела, а распусьнік грашыць супраць уласнага цела.
19. Або вы ня ведаеце, што цела вашае ёсьць бажніца Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і што вы не свае?
20. Бо вы купленыя дарагою цаною. Таму слаўце Бога ў целе вашым і ў духу вашым, якія ёсьць Божыя.
Разьдзел 7
1. А адносна таго, пра што вы пісалі да мяне, дык добра чалавеку не дакранацца да жанчыны,
2. але, з увагі на распусту, кожны няхай ма?е сваю жонку, і кожная няхай ма?е свайго мужа.
3. Муж няхай аддае жонцы належную зычлівасьць; падобна і жонка мужу.
4. Жонка не валодае сваім целам, але муж; падобна і муж не валодае сваім целам, але жонка.
5. Не ўхіляйцеся адзін ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць свабоднымі для посту і малітвы, і зноў у гэтым будзьце разам, каб не спакушаў вас шата?н праз няўстрыманасьць вашую.
6. А кажу гэтае як дазвол, а не як загад.
7. Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны ма?е свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
8. А нежанатым і ўдовам кажу: добра ім, калі застануцца, як я;
9. а калі не ўстрымаюцца, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца.
10. Тым жа, што пажаніліся, ня я загадваю, але Госпад: жонцы - не разлучацца з мужам,
11. а калі разлу?чыцца, няхай застаецца бяз мужа ці няхай пагодзіцца з мужам; і мужу - не пакідаць жонкі.
12. А іншым кажу я, ня Госпад: калі нейкі брат ма?е жонку бязьверную, і яна згаджаецца жыць з ім, няхай ён не пакідае яе;
13. і жонка, якая ма?е мужа бязьвернага, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго.
14. Бо муж бязьверны асьвячаецца ў жонцы, і жонка бязьверная асьвячаецца ў мужу; бо інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны - сьвятыя.
15. А калі бязьверны разлучаецца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх [выпадках] не прыняволеныя, бо да супакою паклікаў нас Бог.
16. Бо з чаго ты ведаеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, з чаго ведаеш, ці ня збавіш жонку?
17. Толькі кожны няхай ходзіць так, як Бог яму надзяліў, і кожны, як Госпад паклікаў. І гэтак я загадваю ва ўсіх цэрквах.
18. Пакліканы хто абрэзаным? Няхай не хаваецца. Пакліканы хто ў неабразаньні? Няхай не абрэзваецца.
19. Абразаньне ёсьць нішто, і неабразаньне ёсьць нішто, але [важнае] захоўваньне прыказаньняў Божых.
20. Кожны няхай застаецца ў тым пакліканьні, у якім пакліканы.
21. Слугою ты пакліканы? Не табе клапаціцца, але, калі можаш стацца вольным, лепш скарыстайся.
22. Бо слуга, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вызваленец Госпадавы; падобна і той, хто пакліканы вольным, ёсьць слуга Хрыстовы.
23. Вы куплены дарагою цаною; не рабіцеся слугамі людзей.
24. Кожны ў якім [стане] пакліканы, браты, у такім няхай застаецца перад Богам.
25. Адносна дзявоцтва я ня маю загаду ад Госпада, але даю пара?ду, як той, над кім зьлітаваўся Госпад, каб быць яму верным.
26. Дык лічу за добрае дзеля цяперашняе патрэбы, што добра чалавеку гэтак быць.
27. Ты злучаны з жонкаю? Не шукай разводу. Ты вольны ад жонкі? Не шукай жонкі.
28. А калі і ажэнішся, не зграшыш; і калі дзяўчына пойдзе замуж, не зграшыць. Гэткія будуць мець прыгнёт у целе, а я вас шкадую.
29. Але кажу вам, браты: час ужо наблізіўся; таму тыя, што маюць жонак, павінны быць як ня маюць;
30. і тыя, што плачуць, як ня плачуць; і тыя, што радуюцца, як ня радуюцца; і тыя, што купляюць, як не набываюць;
31. і тыя, што карыстаюцца гэтым сьветам, як не карыстаюцца; бо праходзіць кшталт гэтага сьвету.
32. А я хачу, каб вы былі бяз клопату. Нежанаты клапоціцца пра тое, што Госпада, як дагадзі?ць Госпаду,
33. а жанаты клапоціцца пра тое, што сьвету, як дагадзі?ць жонцы.
34. Ёсьць розьніца між жонкай і дзяўчынай: незамужняя клапоціцца пра тое, што Госпада, як дагадзі?ць Госпаду, каб быць сьвятою і целам, і духам; а замужняя клапоціцца пра тое, што сьвету, як дагадзі?ць мужу.
35. А гэта кажу дзеля вашай жа карысьці, не каб накінуць на вас пятлю, але каб вы пава?жна і адпаведна [стаялі пры] Госпадзе без перашкодаў.
36. А калі нехта лічыць за непрыстойнае для свае дзяўчыны, каб яна, перацьвіўшы, так і засталася, няхай робіць, як хоча; [гэтым] не зграшыць, няхай жэняцца.
37. А хто стаў у сэрцы непарушна і, ня маючы патрэбы, але ўладу маючы над воляй сваёй, судзіў гэтак у сэрцы сваім, каб захаваць сваё дзявоцтва, той добра робіць.
38. Так што хто аддае замуж, добра робіць; а хто не аддае, лепш робіць.
39. Жонка зьвязана законам да таго часу, пакуль жыве ейны муж; а калі муж ейны памрэ, яна вольная выйсьці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
40. Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так, паводле маёй парады; а я думаю, што і я маю Духа Божага.
Разьдзел 8
1. Адносна ахвяраў ідалам мы ведаем, бо маем усякае веданьне. Але веданьне робіць ганарыстым, а любоў будуе.
2. А калі хто думае, што ён нешта ведае, той яшчэ нічога не разумее, як трэба разумець.
3. А калі хто любіць Бога, той ма?е разуменьне ад Яго.
4. Дык адносна ежы, ахвяраванай ідалам, мы ведаем, што ідал у сьвеце - нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Аднаго.
5. Бо хаця і ёсьць гэтак званыя богі, ці ў небе, ці на зямлі, бо ёсьць шмат багоў і шмат гаспадароў,
6. але ў нас адзін Бог Айцец, з Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго.
7. Але не ў-ва ўсіх такое веданьне; некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, [якое прызнае] ідалаў, і ядуць [ахвяраванае ідалам] як ахвяры ідалам, і слабое сумленьне іхняе апаганьваецца.
8. А ежа не набліжае нас да Бога, бо ані калі ямо, не набываем, ані калі не ямо, не губляем.
9. Але глядзіце, каб вашая ўлада ня сталася спатыкненьнем для нядужых.
10. Бо калі хто ўбачыць, што ты, які маеш веданьне, узьлягаеш у паганскай бажніцы, ці сумленьне яго, як слабога, не збудуецца, каб есьці ахвяры ідалам?
11. І праз тваё веданьне загіне нядужы брат, за якога памёр Хрыстос.
12. А гэтак грэшачы супраць братоў і б'ючы па слабым сумленьні іхнім, вы грашыцё супраць Хрыста.
13. Дзеля гэтага, калі ежа горшыць брата майго, ня буду есьці мяса даве?ку, каб ня горшыць брата майго.
Разьдзел 9
1. Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці вы - не мая справа ў Госпадзе?
2. Калі для другіх я не апостал, але не для вас; бо пячатка майго апостальства - гэта вы ў Госпадзе.
3. Вось такая мая абарона перад тымі, якія судзяць мяне.
4. Ці мы ня маем улады есьці і піць?
5. Ці ня маем улады хадзіць з сястрою жонкаю, як і пазасталыя апосталы, і браты Госпадавы, і Кіфа?
6. Ці адзін я і Барнаба ня маем улады не працаваць?
7. Хто калі служыць у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаград і ня есьць пладоў яго? Ці хто пасе статак і ня есьць малака ад статку?
8. Ці толькі па-чалавечаму я гэтае гавару? Ці ня кажа гэтае самае і Закон?
9. Бо ў Законе Майсея напісана: "Не завязвай пысы валу?, які малоціць". Ці пра валоў клапоціцца Бог?
10. Ці дзеля нас наогул гаворыць? Бо дзеля нас напісана, што той, хто арэ, павінен араць з надзеяй, і той, хто малоціць, [малаціць] з надзеяй атрымаць тое, на што спадзяецца.
11. Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае?
12. Калі другія атрымліваюць уладу над вамі, ці ня больш мы? Але мы не скарысталі з гэтае ўлады, але ўсё вытрымліваем, каб не ўчыні?ць якое перашкоды Эва?нгельлю Хрыстоваму.
13. Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія пры сьвятым працуюць, ядуць са сьвятыні? Што тыя, якія паслугуюць пры ахвярніку, бяруць частку ад ахвярніка?
14. Гэтак і Госпад загадаў тым, якія абвяшчаюць Эва?нгельле, жыць ад Эва?нгельля.
15. Але я нічым з гэтага не скарыстаўся; напісаў жа гэтае не дзеля таго, каб гэтак было для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым каб хто прынізіў пахвалу? маю.
16. Бо, калі я абвяшчаю Эва?нгельле, няма мне чым хвалі?цца, бо абавязак ляжыць на мне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Эва?нгельля.
17. Бо калі я раблю гэтае сваёй ахвотай, ма?ю нагароду, а калі супраць волі, [выконваю] даверанае гаспадараваньне.
18. Дык якая мая нагарода? Што, дабравесьцячы, бяз платы выклада?ю Эва?нгельле Хрыстовае, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Эва?нгельлі.
19. Бо, будучы вольным ад усіх, я паняволіў сябе ўсім, каб многіх здабыць.
20. І я стаўся для Юдэяў, як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для тых, якія пад Законам, - як той, што пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам;
21. для тых, якія без Закону, - як без Закону, ня будучы без Закону перад Богам, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, якія без Закону;
22. я стаўся для тых, якія слабыя, як слабы, каб здабыць тых, якія слабыя. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб хоць некага збавіць.
23. А гэта я раблю дзеля Эва?нгельля, каб стацца ўдзельнікам яго.
24. Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія бягуць на стадыёне, бягуць усе, але адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце, каб атрымаць.
25. А кожны, хто змагаецца, устрымліваецца ад усяго: тыя, каб атрымаць вянок зьнішчальны, а мы - незьнішчальны.
26. Дык я бягу, не як на няпэўнае, змагаюся, не як паветра б'ючы,
27. але я выму?чваю і няволю цела маё, каб, абвяшчаючы другім, самому ня стацца няздатным.
Разьдзел 10
1. Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што бацькі? нашыя ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора,
2. і ўсе ахрысьціліся ў Майсея ў воблаку і ў моры,
3. і ўсе елі тую самую духоўную ежу,
4. і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, якая ішла за імі, а скала гэтая быў Хрыстос.
5. Але ня многіх з іх упадабаў Бог, бо яны палеглі ў пустыні.
6. А гэта сталася прыкладам для нас, каб мы ня мелі пажаданьня ліха, як пажадалі яны.
7. Ня будзьце таксама ідалапаклоньнікамі, як некаторыя з іх, як напісана: "Народ пасеў есьці і піць, і ўстаў гуляць".
8. Таксама ня будзем рабіць распусты, як некаторыя з іх распуставалі, і ў адзін дзень загінула дваццаць тры тысячы.
9. Таксама ня будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя з іх спакушалі і загінулі ад зьмеяў.
10. Таксама не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад нішчыцеля.
11. А ўсё гэтае здарылася з імі ў прыклад і напісана дзеля напамінаньня нам, на якіх канец вякоў прыйшоў.
12. Так што, хто думае, што стаіць, няхай сьцеражэцца, каб ня ўпасьці.
13. Вас наведала спакуса ня іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакуша?нымі больш, чым вы можаце, але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перанесьці.
14. Таму, улюбёныя мае?, уцякайце ад ідалапаклонства.
15. Кажу, як да мудрых; судзі?це самі, што кажу.
16. Келіх дабраслаўленьня, які дабраслаўляем, ці ня ёсьць супольнасьць Крыві Хрыстовае? Хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць супольнасьць Цела Хрыстовага?
17. Як адзін хлеб, так і адно цела мы, многія, бо ўсе мы атрымліваем адзін хлеб.
18. Паглядзіце на Ізраіль паводле цела: ці тыя, якія ядуць ахвяраванае, ня ёсьць супольнікамі ахвярніка?
19. Дык што я кажу? Ці ідал ёсьць нечым? Ці ахвяра ідалам нечым ёсьць?
20. Але тое, што заколваюць пагане, для дэманаў заколваюць, а не для Бога. А я не хачу, каб вы сталіся супольнікамі дэманаў.
21. Ня можаце піць келіх Госпада і келіх дэманаў; ня можаце ўдзельнічаць у стале Госпада і стале дэманаў.
22. Ці будзем раздражняць Госпада? Ці мы дужэйшыя за Яго?
23. Усё мне можна, але ня ўсё карысна; усё мне можна, але ня ўсё будуе.
24. Ніхто няхай не шукае свайго, але кожны таго, што для іншага.
25. Усё, што продаецца на рэзьніцы, ешце, не дасьледуючы дзеля сумленьня,
26. бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.
27. А калі хто з бязьверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, ешце ўсё, што дадуць, нічога не дасьледуючы дзеля сумленьня.
28. А калі хто скажа вам: "Гэта ахвяра ідалам", - ня ешце дзеля таго, хто паведаміў, і дзеля сумленьня, бо Госпадава зямля і што напаўняе яе.
29. А пра сумленьне кажу не тваё, але іншага; бо дзеля чаго мая свабода ма?е быць су?джана чужым сумленьнем?
30. Калі я ў ласцы атрымліваю, навошта блю?зьніць на мяне за тое, за што я дзякую?
31. Дык ці ясьцё, ці п'іцё, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.
32. Ня станьцеся спатыкненьнем ані для Юдэяў, ані для Грэкаў, ані для царквы Божай,
33. як і я дагаджа?ю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не для сябе карысьці, але для многіх, каб яны былі збаўленыя.
Разьдзел 11
1. Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я - Хрыста.
2. Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё па?мятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам.
3. Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы - муж, а галава Хрысту - Бог.
4. Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.
5. А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная.
6. Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву.
7. Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён - вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа.
8. Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа.
9. І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа.
10. Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў.
11. Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе.
12. Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе - ад Бога.
13. Судзі?це самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу?
14. Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьці?ць валасы, гэта ганьба для яго,
15. а калі жанчына расьці?ць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня.
16. А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.
17. А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае.
18. Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру,
19. бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі.
20. Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпадавай,
21. бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца.
22. Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю.
23. Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб
24. і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: "Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне".
25. Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: "Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне".
26. Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п'іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе.
27. Так што хто есьць хлеб гэты ці п'е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпадавай.
28. Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п'е з келіха гэтага.
29. Бо хто есьць і п'е нягодна, той есьць і п'е прысуд сабе, не зважаючы на Цела Госпадава.
30. Дзеля гэтага сярод вас шмат слабы?х і хворых, і даволі памірае.
31. Бо калі мы зважаем на саміх сябе, ня будзем су?джанымі.
32. А калі мы су?джаныя, Госпад кара?е нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам.
33. Так што, браты мае?, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце.
34. А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загада?ю, калі прыйду.
Разьдзел 12
1. Адносна ж духоўных [дароў], браты, не хачу, каб вы ня ведалі.
2. Вы ведаеце, што, калі былі вы паганамі, да ідалаў безгалосых скіроўваліся, быццам вялі вас.
3. Дзеля гэтага паведамляю вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.
4. Ёсьць адрозьненьні ў дарах, але Дух той самы;
5. і ёсьць адрозьненьні ў служэньнях, але Госпад той самы;
6. і ёсьць адрозьненьні ў дзеяньнях, але Бог той самы, Які ўсё ў-ва ўсіх робіць.
7. А кожнаму даецца выяўленьне Духа дзеля карысьці.
8. Бо адному даецца праз Духа слова мудрасьці, а другому - слова веданьня праз таго самага Духа;
9. а іншаму - вера ў тым самым Духу; а другому - дары? азрадаўля?ньня ў тым самым Духу;
10. іншаму - рабіць цуды, іншаму - прароцтва, іншаму - распазнаваньне духаў, іншаму - разнастайныя мовы, а іншаму - тлумачэньне моваў.
11. А ўсё гэтае робіць адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Ён хоча.
12. Бо як цела адно, але ма?е шмат членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і шмат, ёсьць адно цела, гэтак і Хрыстос.
13. Бо мы ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці Юдэі, ці Грэкі, ці слугі, ці вольныя, і ўсе напоены адным Духам.
14. Бо і цела - гэта не адзін член, але шмат.
15. Калі скажа нага: "Як я не рука, я не ад цела", хіба дзеля гэтага яна не ад цела?
16. І калі скажа вуха: "Як я ня вока, я не ад цела", хіба дзеля гэтага яно не ад цела?
17. Калі ўсё цела - вока, дзе слых? Калі ўсё - слых, дзе нюх?
18. Але цяпер Бог разьмясьціў члены, кожны з іх асобна, у целе, як Сам хацеў.
19. А калі б усе былі адзін член, дзе цела?
20. Але цяпер членаў шмат, а цела адно.
21. Ня можа вока сказаць руцэ: "Я ня ма?ю ў табе патрэбы", або таксама галава нагам: "Я ня ма?ю ў вас патрэбы".
22. Але члены цела, якія лічацца слабейшымі, нашмат больш патрэбныя,
23. і тыя, якія нам падаюцца менш пачэснымі ў целе, атачаем асаблівай пашанай, і нашыя непрыстойныя [члены] маюць асаблівую павагу.
24. А нашыя паважаныя [члены] ня маюць [такой] патрэбы. Але Бог спалучыў цела, даўшы тым, якія маюць недахопы, асаблівую пашану,
25. каб не было падзелу ў целе, але члены адзін пра аднаго клапаціліся.
26. І калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
27. Вы ж - Цела Хрыстовае, а паасобна - члены.
28. І адных Бог паставіў у царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; пасьля - [тых, хто ма?е] сілы, пасьля - дары? аздараўля?ньня, дапамага?ньня, гаспадарава?ньня, разнастайныя мовы.
29. Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?
30. Ці ўсе маюць дары? аздараўля?ньня? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
31. Рупцеся пра дары? большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.
Разьдзел 13
1. Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, я - медзь, якая зьвініць, ці цымбалы, якія гудуць.
2. І калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а любові ня маю, я - нішто.
3. І калі я раздам усю маёмасьць маю, і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, няма мне ніякае карысьці.
4. Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца,
5. ня робіць непрыстойнага, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае ліхога,
6. ня радуецца з няправеднасьці, але цешыцца з праўды;
7. усё вытрымлівае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё трывае.
8. Любоў ніколі ня зьнікне, калі нават прароцтвы зьнікнуць, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне зьнішчыцца.
9. Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;
10. а калі прыйдзе дасканалае, тады тое, што частковае, зьнікне.
11. Калі я быў немаўлём, як немаўлятка гаварыў, як немаўлятка думаў; а калі стаўся мужам, пакінуў тое, што немаўляці.
12. Бо цяпер мы бачым праз [мутнае] шкло, невыразна; а тады - абліччам да аблічча; цяпер я разумею часткова, а тады пазнаю [гэтаксама], як я сам пазнаны.
13. А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў - гэтыя тры; але большая з іх - любоў.
Разьдзел 14
1. Імкніцеся да любові; і рупцеся пра [дары?] духоўныя, асабліва пра тое, каб прарочыць.
2. Бо хто гаворыць [незнаёмай] моваю, той гаворыць ня людзям, але Богу; бо ніхто ня чуе, [як] ён тайны духам гаворыць.
3. А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне, і на заахвочваньне, і на пацяшэньне.
4. Хто гаворыць [незнаёмай] моваю, збудоўвае сябе; а хто прарочыць, царкву збудоўвае.
5. Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але больш, каб вы прарочылі, бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе і тлумачыць, каб царква атрымала збудаваньне.
6. Цяпер, як я прыйду да вас, браты, гаворачы мовамі, якая вам карысьць, калі ня буду гаварыць да вас ці з адкрыцьцём, ці з веданьнем, ці з прароцтвам, ці з навучаньнем?
7. Падобна і бяздушныя [рэчы], якія голас даюць, ці жалейка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзельнасьці гукаў, як даведацца, што граюць на жалейцы ці граюць на гусьлях?
8. І калі труба будзе даваць невыразны голас, хто пачне рыхтавацца да бітвы?
9. Гэтак і вы, калі языком не вымавіце выразнае слова, як зразумеюць, што вы гаворыце? Бо вы будзеце гаварыць на вецер.
10. Колькі, напрыклад, разнастайных моваў у сьвеце, і ніводнае бяз голасу.
11. Дык калі я ня ведаю значэньня мовы, буду чужынцам для таго, хто гаворыць, і той, хто гаворыць, [будзе] для мяне чужынец.
12. Гэтак і вы, калі рупіцеся пра [дары?] духоўныя, шукайце, каб набываць іх дзеля збудаваньня царквы.
13. Дзеля гэтага той, хто гаворыць [незнаёмай] моваю, няхай моліцца, каб тлумачыць.
14. Бо, калі я малюся [незнаёмай] моваю, дух мой моліцца, а розум мой бяз плоду.
15. Дык што? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
16. Бо калі ты будзеш дабраслаўляць духам, як той, хто стаіць на месцы [чалавека] простага, скажа "Амэн" на тваю падзяку, бо ён ня ведае, што ты гаворыш.
17. Бо ты добра дзякуеш, але іншы не збудоўваецца.
18. Дзякую Богу майму, больш за ўсіх вас гаворачы мовамі,
19. але ў царкве хачу лепш сказаць пяць словаў розумам маім, каб і другіх навучыць, чым дзясяткі тысячаў словаў на [незнаёмай] мове.
20. Браты! Ня будзьце дзецьмі розумам; на благое будзьце немаўлятамі, а розумам будзьце дасканалымі.
21. У Законе напісана: "Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але і тады не паслухаюць Мяне, - кажа Госпад".
22. Так што мовы ёсьць на знак не для тых, якія вераць, але для бязьверных; а прароцтва не для бязьверных, але для тых, якія вераць.
23. Дык калі ўся царква зыйдзецца разам, і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць да вас [людзі] простыя ці бязьверныя, ці ня скажуць яны, што вы вар'яцееце?
24. А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе нейкі чалавек бязьверны ці просты, дык усімі ён дакараны, усімі су?джаны,
25. і гэтак таямніцы сэрца ягонага выяўляюцца, і ён, упаўшы на аблічча, паклоніцца Богу, паведамляючы: "Праўдзіва, з вамі Бог!"
26. Дык што, браты? Калі вы зыходзіцеся, кожны з вас ма?е псальм, ма?е навучаньне, ма?е [незнаёмую] мову, ма?е адкрыцьцё, ма?е тлумачэньне; усё няхай будзе на збудаваньне.
27. Калі хто гаворыць [незнаёмай] моваю, [гаварыце] па двое ці, найбольш, па трое, і па чарзе, і адзін няхай тлумачыць.
28. А калі няма тлумача, няхай маўчыць у царкве, а гаворыць сабе і Богу.
29. І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважаюць.
30. А калі іншаму з тых, якія сядзяць, [нешта] адкрыецца, першы няхай маўчыць.
31. Бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усе былі навучаныя і ўсе былі суцешаныя.
32. І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
33. бо Бог ня ёсьць [Бог] бязладзьдзя, але супакою, як ва ўсіх цэрквах у сьвятых.
34. Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб былі паслухмяныя, як і Закон кажа.
35. А калі хочуць нечаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх, бо сорамна жанчынам гаварыць у царкве.
36. Ці ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас адных прыйшло?
37. Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай ведае, што тое, што я пішу вам, ёсьць прыказаньні Госпадавы.
38. А калі хто ня ведае, няхай ня ведае.
39. Так што, браты, рупцеся, каб прарочыць, і не забараняйце гаварыць мовамі.
40. Усё няхай будзе прыстойна і парадкам.
Разьдзел 15
1. Паведамляю вам, браты, Эва?нгельле, якое я дабравесьціў вам, і якое вы прынялі, і ў якім стаіцё,
2. і праз якое збаўляецеся, калі будзеце трымацца таго слова, якое я дабравесьціў вам, калі толькі не надарма? паверылі.
3. Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньняў,
4. і што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісаньняў,
5. і што Ён зьявіўся Кіфе, а пасьля - Дванаццаці,
6. пасьля зьявіўся больш чым пяцістам брата?м за раз, з якіх многія дагэтуль жывуць, а некаторыя паўміралі;
7. пасьля зьявіўся Якубу, пасьля - усім апосталам,
8. а апошняму з усіх зьявіўся і мне, быццам неданоску.
9. Бо я - найменшы з апосталаў, які ня варты называцца апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую,
10. але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ў-ва мне не была дарэмнай, але я больш за іх усіх працаваў; дый ня я, але ласка Божая, якая са мною.
11. Дык ці я, ці яны, мы гэтак абвяшчаем, і вы гэтак паверылі.
12. А калі пра Хрыста абвяшчаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, як некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасеньня мёртвых?
13. Калі няма ўваскрасеньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос;
14. а калі Хрыстос не ўваскрос, тады дарэмнае і абвяшчэньне нашае, дарэмная і вера вашая.
15. А нас знайшлі б фальшывымі сьведкамі Божымі, бо мы сьведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога не ўваскрашаў, калі мёртвыя не ўваскрасаюць.
16. Бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос;
17. а калі Хрыстос не ўваскрос, дык вера вашая марная, вы яшчэ ў грахах вашых.
18. Таму і тыя, якія памерлі ў Хрысьце, загінулі.
19. Калі мы толькі ў гэтым жыцьці спадзяемся на Хрыста, мы найбольш жалю годныя з усіх людзей.
20. Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых, стаўся Першынцам сярод памёршых.
21. Бо як праз чалавека сьмерць, гэтак праз чалавека і ўваскрасеньне мёртвых.
22. Бо як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрысьце ўсе ажывуць,
23. але кожны - у сваім парадку: Першынец - Хрыстос, пасьля - Хрыстовыя ў прыйсьце Ягонае,
24. а пасьля - канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Айцу, калі зьнішчыць усякае начальства, і ўсякую ўладу і сілу,
25. бо Яму належыць валадарыць, пакуль пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае.
26. Апошні вораг будзе зьнішчаны - сьмерць,
27. бо ўсё падпарадкаваў пад ногі Яго. А калі сказана, што ўсё падпарадкавана, зразумела, што акрамя Таго, Які падпарадкаваў Яму ўсё.
28. А калі ўсё будзе падпарадкавана Яму, тады і Сам Сын падпарадкуецца Таму, Які падпарадкаваў Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім.
29. Іначай, што будуць рабіць тыя, якія хрысьцяцца дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрасаюць, навошта хрысьціцца дзеля мёртвых?
30. Навошта і мы ўсякую гадзіну ў небясьпецы?
31. Я штодня паміраю, сцьвяржае гэта пахвала вашая, якую ма?ю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
32. Калі б я па-чалавечаму змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? "Будзем есьці і піць, бо заўтра памром!"
33. Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя звычаі.
34. Працьверазіцеся на праведнасьць і не грашыце; бо некаторыя [з вас] ня ведаюць Бога, на сорам вам кажу.
35. Але скажа нехта: "Як уваскрэснуць мёртвыя? Ды ў якім целе прыйдуць?"
36. Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ.
37. І тое, што сееш, сееш ня цела, якое будзе, але голае зерне, можа, пшанічнае, ці якое іншае,
38. а Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму насеньню - сваё цела.
39. Ня ўсякае цела такое самае цела, але адно цела ў людзей, а іншае цела ў жывёлаў, іншае ў рыбаў, іншае ў птушак.
40. І [ёсьць] целы нябесныя, і целы зямныя; але адна слава нябесных, а другая - зямных,
41. іншая слава сонца, і іншая слава месяца, і іншая слава зорак, бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе.
42. Гэтак і ўваскрасеньне мёртвых: сеецца ў сапсутасьці, уваскрашаецца ў незьнішчальнасьці;
43. сеецца ў ганьбе, уваскрашаецца ў славе; сеецца ў нядужасьці, уваскрашаецца ў моцы;
44. сеецца цела душэўнае, уваскрашаецца цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, і ёсьць цела духоўнае.
45. Гэтак і напісана: "Стаўся першы чалавек Адам душою жывою", а апошні Адам - дух, які ажыўляе.
46. Але спачатку не духоўнае, але душэўнае; духоўнае пасьля.
47. Першы чалавек - з зямлі, зямны; другі Чалавек - Госпад з неба.
48. Які зямны, гэтакія і зямныя; і які Нябесны, гэтакія і нябесныя.
49. І як мы насілі вобраз зямнога, будзем насіць і вобраз Нябеснага.
50. А тое скажу, браты, што ня могуць цела і кроў успадкаеміць Валадарства Божага, і сапсутасьць не ўспадкаеміць незьнішчальнасьці.
51. Вось, кажу вам тайну: ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся,
52. у адзін момант, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць незьнішчальнымі, і мы пераменімся.
53. Бо зьнішчальнае гэтае мусіць апрануцца ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае - апрануцца ў несьмяротнасьць.
54. А калі зьнішчальнае гэтае апранецца ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады станецца напісанае слова: "Паглынутая сьмерць перамогаю".
55. "Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?"
56. Джала сьмерці - грэх, а сіла грэху - закон.
57. Падзяка ж Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста!
58. Так што, браты мае? ўлюбёныя, будзьце непарушныя, непахісныя, у справе Госпадавай мейце рупнасьць заўсёды, ведаючы, што праца вашая не дарэмная перад Госпадам.
Разьдзел 16
1. А адносна складак, якія для сьвятых, рабіце і вы так, як я загадаў цэрквам Галяцкім:
2. у першы [дзень] пасьля суботы кожны з вас няхай складае ў сябе і зьбірае паводле таго, як яму вядзецца, каб не рабіць складак тады, калі я прыйду.
3. А калі я прыйду, пашлю тых, якіх вы вызначыце праз лісты, занесьці дар ваш у Ерусалім.
4. А калі будзе варта і мне пайсьці, яны пойдуць са мною.
5. Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію, бо праз Македонію праходжу.
6. А ў вас, можа быць, затрымаюся, або і перазімую, каб вы мяне праводзілі, куды я пайду.
7. Бо не хачу бачыць вас цяпер мімаходам, але спадзяюся застацца нейкі час з вамі, калі Госпад дазволіць.
8. А ў Эфэсе я застануся да Пяцідзясятніцы,
9. бо для мяне адчыненыя вялікія і зручныя дзьверы і шмат супраціўнікаў.
10. Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб быў у вас бяз страху; бо ён справу Госпада выконвае, як і я.
11. Дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго ў супакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
12. Што да брата Апалёса, дык я шмат прасіў яго, каб ён прыйшоў да вас з братамі; ды ён зусім ня меў ахвоты, каб прыйсьці цяпер, але прыйдзе, калі будзе мець час.
13. Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, умацоўвайцеся.
14. Усё ў вас няхай будзе ў любові.
15. Прашу ж вас, браты: вы ведаеце дом Стэфана, што ён ёсьць пачатак Ахаі і што яны аддалі сябе на служэньне сьвятым;
16. дык і вы будзьце паслухмяныя гэтакім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.
17. Я радуюся з прыходу Стэфана, і Фартуната, і Ахаіка, што яны дапоўнілі вашую нястачу,
18. бо яны супакоілі дух мой і ваш. Дык зважайце на такіх.
19. Вітаюць вас цэрквы Азійскія. Вітаюць вас шчыра ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з царквою, якая ў іх доме.
20. Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго пацалункам сьвятым.
21. Прывітаньне маёй рукою, Паўлавай.
22. Калі хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, няхай будзе адлучаны! Прыходзіць наш Госпад!
23. Ласка Госпада Ісуса Хрыста з вамі.
24. Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амэн.
Зьмест
|
|