|
ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА КАРЫНЬЦЯНАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ
Разьдзел 1.
1. Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат, - царкве Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі па ўсёй Ахайі:
2. ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3. Багаслаўлены Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ацец міласэрдзя і Бог усякага пацяшэньня,
4. што пацяшае нас у кожным горы нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, што ў усялякім горы, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас самых!
5. Бо, водле таго, як памнажаюцца ў нас мукі Хрыстовыя, гэтак памнажаецца Хрыстом і пацеха нашая.
6. Ці тужым мы, дык дзеля вашае пацехі і збаўленьня, якое дзеецца перажываньнем тых жа мук, якія й мы церпім; ці ўцяшаемся, дык дзеля вашае пацехі і збаўленьня.
7. I надзея нашая аб вас цьвёрдая, бо ведаем, што вы ўчасьнікі як мук нашых, так і пацяшэньня.
8. Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі аб нашым горы, што сталася нам у Азіі, бо бязьмерна цяжка было нам праз сілу, ажно не спадзяваліся астацца жывымі.
9. Але самыя ў сабе мелі прыгавор сьмяротны, каб спадзявацца не на самых сябе, а на Бога, што мёртвых ускрашае.
10. Які і выбавіў нас ад гэткае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяемся, што й яшчэ выбаўляць будзе
11. пры дапамозе і вашай малітве за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
12. Бо пахвала нашая гэткая: пасьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце й яснаце Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі на сьвеце, асабліва-ж у вас.
13. I мы пішам вам ня іншае, як тое, што вы ці чытаеце, ці разумееце, дый спадзяюся, што даканца зразумееце,
14. як вы часткова і зразумелі ўжо ў нас, што будзем пахвалой вашай, таксама, як і вы нашай, у дзень Госпада Ісуса.
15. I з гэтай пэўнасьцяй меўся я прыйсьці да вас раней, каб вы другі раз мелі ласку,
16. ды праз вас прайсьці ў Македонію, з Македоніі-ж ізноў прыйсьці да вас, а вы правялі-б мяне ў Юдэю.
17. Маючы гэткае жаданьне, ці-ж я лёгкадумна нешта зрабіў? Ці, што я надумываю, водле цела надумываю, каб было ў мяне то так, так, то не, не?
18. Верны-ж Бог, што слова нашае да вас ня было так і не!
19. Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, пра Якога мы ў вас абвяшчалі, - і я, і Сілуан, і Цімахвей, - ня быў так і не, але было ў Ім так.
20. Бо колькі ёсьць абяцаньняў Божых, у Ім так і ў Ім амін, на славу Богу праз нас.
21. Той жа, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
22. Які і запячатаў нас, і даў задатак Духа ў сэрцах нашых.
23. Я-ж Бога клічу ў сьведкі на душу маю, што, ашчаджаючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт
24. не затым, што пануем над вераю вашай, - але мы дапамагаем радасьці вашай: бо верай вы цьвёрдыя.
Разьдзел 2.
1. Дык я разважыў сам у сабе ня прыходзіць да вас ізноў у горы;
2. бо, калі я засмучаю вас, то хто пацешыць мяне, як ня той, што засмучаны мною?
3. Гэтае самае я і пісаў вам, каб, прыйшоўшы, ня мець суму ад тых, ад якіх мне трэба мець пацеху, пэўны аб усіх вас, што мая радасьць для ўсіх вас.
4. Бо з вялікага гора й тугі сэрца пісаў я вам праз многія сьлёзы, не каб вы засумавалі, але каб пазналі любоў, якую я з лішкаю маю да вас.
5. Калі-ж хто засмуціў, дык не мяне засмуціў, але часткова, - каб не сказаць многа, - і ўсіх вас.
6. Даволі такому гэтае кары ад многіх;
7. дык вам ужо лепей дараваць Яму і пац?шыць, каб гэтакі ня быў абняты сумам церазмерным.
8. Дзеля гэтага прашу вас паказаць яму любоў.
9. Бо натое я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ў-ва ўсім вы паслухмяныя.
10. А каму вы што дароўваеце, таму і я; бо і я, калі што дараваў каму, дараваў дзеля вас прад абліччам Хрыста,
11. каб не перамог нас шатан; бо нам не няведамы думкі ягоныя.
12. Прыйшоўшы-ж у Троаду дзеля абвяшчаньня аб Хрысьце, калі мне былі адчынены дзьверы ў Госпадзе,
13. я ня меў супакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта; але, разьвітаўшыся з імі, я пайшоў у Македонію.
14. Дзякуй-жа Богу, што заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце - і пахашчы веды Сваей выяўляе праз нас у-ва ўсякім месцы.
15. Бо мы Хрыстовыя пахашчы Богу ў тых, што збаўляюцца, і ў тых, што гінуць.
16. Для адных мы пах сьмерці на сьмерць, а для другіх - пах жыцьця на жыцьцё.
17. Бо мы не таргуем словам Божым, як многія, але апавядаем шчыра, як ад Бога, перад Богам у Хрысьце.
Разьдзел 3.
1. Няўжо-ж пачынаць нам ізноў зна?міцца? Няўжо-ж патрэбны для нас, як для некаторых, паручаючыя лісты да вас, ці паручаючыя ад вас?
2. Вы - наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які пазнаюць і чытаюць усе людзі;
3. вы паказваеце сабою праз служэньне нашае, што вы ліст Хрыстовы, напісаны не чарніламі, але Духам Бога Жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.
4. Гэтакую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста
5. не затым, што мы здольныя думаць нешта ад сябе, быццам із сябе, але здольнасьць нашая ад Бога:
6. Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
7. Калі-ж служэньне сьмерці ў літарах, выкаванае на камнях, было ў слове, ажно сыны Ізраілявы не маглі глядзець на аблічча Майсеявае праз славу аблічча яго, якая мінае,
8. дык ці ня шмат балей будзе ў славе служэньне духа?
9. Бо, калі служэньне асуджэньня ёсьць слава, дык шмат балей багата славаю служэньне апраўданьня.
10. Дый услаўленае навет ня слаўнае ў тэй меры з прычыны славы, што мае выявіцца.
11. Бо, калі слаўна тое, што мінае, тым балей у славе, што астаецца.
12. Дык, маючы вось гэткую надзею, паступаем з вялікай адвагаю.
13. Але ня так, як Майсей, які пакрываў аблічча свае, каб сыны Ізраілявы не пазіралі на канец таго, што мінае.
14. Але зацьміліся розумы іх, бо тая-ж заслона да сягоньняшняга дня астаецца нязьнятай пры чытаньні Старога Запавету, бо яна ў Хрысьце зьніштажаецца.
15. Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, заслона ляжыць на сэрцах іхніх;
16. але, калі зварачаюцца да Госпада, заслона здымаецца.
17. Бо Госпад ёсьць Дух; а гдзе Дух Гасподні, там свабода.
18. Мы-ж усе, адкрытым абліччам, як у люстры, пазіраючы на славу Гасподню, перамяняемся ў той жа абраз ад славы ў славу, як ад Гасподняга Духа.
Разьдзел 4.
1. Дзеля гэтага, маючы такое служэньне, як памілаваныя, мы не слабеем,
2. але адракаемся тайных дзел сораму, ня ходзячы ў хітрасьці, ані падыходзячы слова Божае, а выяўленьнем праўды прадстаўляючы сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
3. Калі-ж і закрыта Эвангельле нашае, дык закрыта для пагібаючых,
4. для няверуючых, у якіх бог веку гэтага асьляпіў думкі, каб ім не зазьяла сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць абраз Бога нявідочнага.
5. Бо мы не аб сабе абвяшчаем, але аб Хрысьце Ісусе, Госпадзе; а мы - слугі вашыя дзеля Ісуса.
6. Бо Бог, Які сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, засьвяціў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня нас пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста.
7. Скарб-жа гэты маем у гліняных начыньнях, каб паддастаткам было сілы Божае, а ня з нас:
8. мы ў-ва ўсім уцісканыя, ды ня сьцісьненыя; мы ў роспачы, ды не ў безнадзейнасьці;
9. нас перасьледуюць, але мы не пакінены; мы павалены, ды не пагібаем.
10. Заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў целе нашым.
11. Бо мы, жывыя, заўсёды на сьмерць выдаваны дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў сьмяротным целе нашым,
12. дык сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
13. Але, маючы той самы дух веры, як напісана: Я верыў і дзеля гэтага гаварыў, (Псал. 115,1) і мы верым, дык і гаворым,
14. ведаючы, што Той, Хто ўскрасіў Госпада Ісуса, ускрасіць праз Ісуса і нас ды з вамі паставіць.
15. Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце ласкі тым большую ў-ва многіх памнажала ўдзячнасьць на славу Божую.
16. Дзеля гэтага мы ня губляем надзеі; але, калі наш вонкавы чалавек і тлее, дык унутраны з дня на дзень абнаўляецца.
17. Бо цяперашняя лёгкасьць гора нашага церазмерна вытварае вагу славы вечнае для нас,
18. якія глядзім не на відочнае, але на нявідочнае: бо відочнае - часовае, а нявідочнае - в?чнае.
Разьдзел 5.
1. Бо мы ведаем, што, калі зямны наш дом, хаціна, разваліцца, дык мы маем ад Бога будоўлю на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.
2. Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашу будоўлю, што з нябёсаў.
3. Толькі-б нам, і апрануўшыся, не аказацца нагімі.
4. Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, уздыхаем пад цяжырам, з якога ня хочам распрануцца, але адзецца, каб сьмяротнае жыцьцём было праглынена.
5. На гэтае самае і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
6. Дык мы заўсёды добрае мысьлі, ведаючы, што, жывучы ў целе, жывем па-за Госпадам, -
7. (бо ходзім вераю, а ня бачаньнем), -
8. дык будзьма добрае мысьлі і жадайма лепей жыць па-за целам, ды жыць у Госпадзе.
9. Дзеля гэтага рупна стараемся, ці жывучы ў Ім, ці па-за Ім, быць Яму любымі;
10. бо ўсім нам трэба зьявіцца перад суд Хрыстовы, каб кожны атрымаў за тое, што ён рабіў целам, добрае, ці благое.
11. Дык, ведаючы страх Гасподні, мы пераконываем людзей, для Бога-ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленьняў.
12. Бо мы не нанова прадстаўляем сябе вам, але даем спосаб хваліцца намі, каб мелі вы для тых, якія пахваляюцца абліччам, а ня сэрцам.
13. Калі-ж мы выходзім з сябе, дык дзеля Бога; калі-ж пры розуме, дык дзеля вас.
14. Бо любоў Хрыстова абыймае нас, што гэтак разважаем: калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.
15. Ён-жа памёр за ўсіх, каб жывыя ўжо не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Хто памёр за іх і ўскрос.
16. Гэтак мы адгэтуль нікога ня ведаем у целе; калі-ж і ведалі ў целе Хрыста, дык цяпер ужо ня ведаем.
17. Дык хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось настала ўсё новае.
18. Усё-ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
19. бо Бог быў у Хрысьце, годзячы з Сабою сьвет, не залічаючы ім праступкаў іхніх і кладучы ў нас слова прымірэньня.
20. Дык мы - пасланцы за Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: пагадзіцеся з Богам.
21. Бо Таго, Хто грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцяй Божай.
Разьдзел 6.
1. Мы-ж, як памочнікі, молім вас, каб ласка Божая не надарма была прынята вамі.
2. (Бо сказана: у час прыемны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўленьня памог табе (Ісая 49,8). Вось цяпер час прыемны, вось цяпер дзень збаўленьня!)
3. Мы нікому не кладзем ніякага спаткненьня, каб ня было зьняважана служэньне.
4. Але ў-ва ўсім выяўляем сябе, як служкі Божыя, у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, у ўціску,
5. пад ударамі, у вастрогах, у выгнаньні, у працы, у чуваньні, у пастох,
6. у чыстасьці, у мудрасьці, у велічы душы, у дабраце, у Духу Сьвятым, у любві некрывадушнай,
7. у слове праўды, у сіле Божай, з зброяй праўды ў правай і ў левай руцэ,
8. праз славу й ганьбу, заганы й пахвалы; нібы ашуканцы, ды справядлівыя,
9. як няведамыя, але пазнаваныя; як паміраючыя, ды вось жывем; як караныя, ды не забіваныя;
10. як засмучаныя, ды заўсёды вясёлыя; як жабракі, ды многіх збагачаючыя; як нічога ня маючыя, ды ўсім валадаючыя.
11. Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае расшырана.
12. Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна.
13. Дзеля гэткае-ж заплаты (кажу, як дзецям,) пашырцеся і вы.
14. Не хадзеце пад чужым ярмом з нявернымі; бо якая лучнасьць праведнасьці з беззаконьнем? Што супольнага ў сьвятла ды з цемраю?
15. Што за згода між Хрыстом і Вэліалам? Ці якая частка вернаму з няверным?
16. Дык якая супольнасьць храму Божаму з ідальскім? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: Пасялюся ў іх і хадзіць буду; і буду Богам іхнім, і яны народ Мне будуць (Лев. 25,16).
17. Дзеля гэтага выйдзіце спасярод іх і адлучыцеся, - кажа Госпад, - і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас (Ісая 52,11);
18. I буду вам за Айца, і вы будзеце Мне за сыноў і дачок, - кажа Госпад Уседзяржыцель (Ер. 3,19; Осія 1,11).
Разьдзел 7.
1. Дык, умілаваныя, маючы ўсе парукі, ачысьцім сябе ад усякага бруду цела й духа, зьдзейсьняючы сьвятасьць у страху Божым.
2. Зразумейце нас. Мы нікога ня крыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не абдзіралі.
3. Не на асуджэньне кажу: бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і памерці, і жыць.
4. Вялікае ў мяне спадзяваньне на вас, вялікая мне пахвала за вас; я напоўнены пацехаю, маю паддастаткам радасьці пры ўсім суме нашым.
5. Бо, калі мы прышлі ў Македонію, цела нашае ня мела аніякага супакою, ды ў-ва ўсім бедавалі: звонку - напасьці, унутры - страхі.
6. Але Бог, Які пацяшае ціхіх, пацешыў нас прыходам Ціта.
7. I ня толькі прыходам яго, але і пацехаю, якою ён цешыўся з вас, пераказваючы нам аб вашай руплівасьці, аб вашым плачу, аб вашай прыхільнасьці да мяне, ажно я балей радаваўся.
8. Калі-ж я й засмуціў вас у пасланьні, не шкадую, хоць і шкадаваў быў; бо бачу, што гэнае пасланьне, хоць і на гадзіну, засмуціла вас.
9. Цяпер я цешуся не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся на каяньне, бо засмуціліся па Богу, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды.
10. Бо смутак па Богу няруплівае пакаяньне ў збаўленьне ператварае, а смутак сьвецкі сьмерць робіць.
11. Бо-ж вось самае тое, што вы засумавалі па Богу, якую дбаласьць учыніла ў вас, а апраўдываньне, а абурэньне, а страх, а жаданьне, а рупнасьць, а адплату! У-ва ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе.
12. Дык, калі я й (пісаў да вас), то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб вам выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам.
13. Дзеля гэтага мы ўцешыліся ўцехаю вашаю; а яшчэ балей узрадаваліся мы радасьцяй Ціта, што супакоіўся дух яго ад вас усіх;
14. дык я не асароміўся, калі чым пахваліўся вамі перад ім; але, як мы вам гаварылі ўсю праўду, гэтак і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;
15. і сэрца яго тым балей да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасьці ўсіх вас, як вы прынялі яго з страхам і дрыжаньнем.
16. Дык я рад, што ў-ва ўсім магу на вас пакладацца.
Разьдзел 8.
1. Паведамляем вас, браты, аб ласцы Божай, што дадзена цэрквам Македонскім;
2. бо ў вялікай спробе горам у іх паддастаткам радасьцяў, і глыбокая ўбогасьць іх мае паддастаткам багацьця іх прастаты,
3. бо яны дабрахотлівыя па сілам і цераз сілу - я сьведчу гэта.
4. Яны вельмі прасілі нас прыняць дар і ўчасьце іх у служэньні сьвятым;
5. ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе перш Госпаду, дый і нам па волі Божай;
6. дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і дакончыў у вас і гэтую ласку.
7. А як вы багатыя ўсім: вераю і словам, і ведаю, і ўсякай дбаласьцяй, і любоўю вашаю да нас, дык і ў гэтай ласцы мейце дастатак.
8. Кажу гэта не як загад, але дбаласьцяй другіх выпрабовую шчырасьць і вашай любві.
9. Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, абяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбожствам разбагацелі.
10. Я даю ў гэтым раду: бо гэта карысна вам, якія ня толькі рабіць, але й жадаць перш пачалі з леташняга году.
11. Цяпер-жа й канчайце рабіць, каб, як была ахвота жадаць, гэтак і закончыць водле магчымасьці.
12. Бо, калі ёсьць ахвота, дык яна прыемна водле таго, як хто мае, а не водле таго, як ня мае.
13. Бо не на тое, каб другім было палягчэньне, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
14. Цяпер вам дастатак дзеля іх недастатку, каб і іх дастатак быў дзеля вашага недастатку; каб была роўнасьць,
15. як напісана: Хто (сабраў) многа, ня меў лішніцы; і хто - мала, ня меў недастатку (Вых. 16,18).
16. Дзякуй Богу, які паклаў у сэрца Цітава гэткую дбаласьць аб вас;
17. бо і просьбу прыняў, і, сам больш дбалы, сваей ахвотай пайшоў да вас.
18. З ім паслалі мы таксама брата, у-ва ўсіх цэрквах хвалёнага за дабравешчаньне;
19. дый ня толькі тое, але ён і выбраны ад цэркваў, таварыш наш з тэй ласкай, якой мы служылі на славу Самога Госпада і на вашае жаданьне,
20. высьцерагаючыся, каб не наракаў на нас хто за гэткае множства дараў, якімі мы служым,
21. бо мы думаем аб добрым ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
22. Ды паслалі мы з імі і брата нашага, якога дбаласьць мнагакротна выпрабавалі шмат у чым, які цяпер яшчэ больш дбалы ў вялікай надзеі на вас.
23. Што-ж да Ціта, дык гэта - мой таварыш і вам памочнік; а што да братоў нашых, дык яны пасланцы цэркваў, слава Хрыстовая.
24. Дык перад абліччам цэркваў пакажыце ім доказ любві вашай і (справядлівасьць) пахвальбы нашае вамі.
Разьдзел 9.
1. Для мяне-ж лішне пісаць да вас аб служэньні сьвятым,
2. бо я ведаю вашу ахвоту, якой пахваляюся вамі перад Македонянамі, што Ахайя прыгатавана яшчэ з леташняга году; і рупнасьць ваша заахвоціла многіх.
3. Братоў жа я паслаў, каб маё хваленьне вас не аказалася дарэмным у гэтым выпадку, але каб вы, як я гаварыў, былі прыгатаваны,
4. каб, як прыдуць са мною Македоняне і знойдуць вас негатовымі, не асароміліся мы, - каб не сказаць: вы, - пахваліўшыся з гэткаю пэўнасьцяй.
5. Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны наперад пайшлі да вас і загадзя паклапаціліся, каб абвешчаны наперад дар ваш быў прыгатаваны так, як дар, а не як прымус.
6. Вось жа: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
7. Кожны (давай) па голасу сэрца, ня з жалю або з прымусу, бо Бог любіць таго, хто рады дае.
8. Бог-жа дуж узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб, заўсёды і ў-ва ўсім маючы ўсякі дастатак, былі багаты на ўсякае добрае дзела,
9. (як напісана: Рассыпаў, раздаў убогім; праведнасьць яго астаецца навекі (Пс. 111,9).
10. А хто дае насеньне сеючаму, дасьць і хлеб дзеля ежы, і памножыць пасеў ваш, і павялічыць плады праведнасьці вашае),
11. каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчодрасьць, якая праз нас робіць падзяку Богу,
12. Бо ўпарадкаваньне служэньня гэтага ня толькі папаўняе тое, ў чым маюць недастатак сьвятыя, але і многімі дзякаваньнямі Богу багатае.
13. Бо праз вьшрабаваньне служэньня гэтага яны славяць Бога за пакорнасьць вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыстоваму і за шчырую лучнасьць з імі і з усімі
14. і моляцца за вас, прыхіляючыся да вас праз вялікую ласку Божую ў вас.
15. Падзяка Богу за дар Яго нявымоўны.
Разьдзел 10.
1. Сам-жа я, Паўла, што асабіста між вамі ціхі, а завочна адважны супраць вас, малю вас лагоднасьцяй і паблажлівасьцяй Хрыстовай;
2. прашу-ж, каб мне, як буду між вамі, ня быць адважным з тэй упэўненасьцяй, з якой думаю адважыцца супраць некаторых, што лічаць нас так, як быццам мы ходзім водле цела.
3. Бо мы, ходзячы ў целе, не водле цела ваюем,
4. (бо зброя змаганьня нашага не цялесная, але дужая Богам на зруйнаваньне цьвярдыняў),
5. руйнуючы замыслы і ўсякае вывышшаньне, што паўстае проці пазнаньня Божага, і бяручы ў палон усякае памышленьне на послух Хрысту,
6. і гатовыя адамсьціць за кожную непаслухмянасьць, калі ваш послух выпаўніцца.
7. Ці на аблічча глядзіцё? Хто пэўны ў сабе, што ён Хрыстоў, той сам па сабе няхай разважае, што, як ён Хрчыстоў, гэтак і мы Хрыстовыя.
8. Бо, каб я і балей стаў хваліцца нашай уладай, якую Госпад даў нам на збудаваньне, а не на зьніштажэньне вашае, дык не асароміўся бы.
9. Каб не здалося, быццам я палохаю вас пасланьнямі,
10. бо, скажуць, пасланьні важкія і сільныя, а бытнасьць цела бяссільная і слова няважкае.
11. Гэтакі няхай ведае тое, што, якія мы словам у пасланьнях, ня будучы, гэткія і дзелам, будучы.
12. Бо мы не адважаемся стаўляць сябе побач ці раўнаваць з тымі, якія самі сябе выстаўляюць: тыя, што мераюць сябе самымі сабою і раўнуюць сябе з сабою, неразумныя.
13. А мы не бяз меры хваліцца будзем, але ў меру меркі, што назначыў нам Бог мерыць, каб дасягнуць і да вас.
14. Бо мы ня так, як быццам недасягнуўшыя да вас, лішне цягнемся: бо-ж дасяглі й Эвангельлем.
15. Мы не бяз меры хвалімся чужою працаю, але спадзяемся, што з узрастаньнем веры вашай з лішкам узьвялічымся і мы ў вас водле меркі нашае,
16. каб і далей вас навучаць Эвангельля, а не хваліцца прыгатаваным чужой меркай.
17. Бо, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам (Ерам. 9,24).
18. Бо ня той варты, хто сам сябе хваліць, але каго хваліць Госпад.
Разьдзел 11.
1. О, каб вы хоць крыху пацярпелі маю неразумнасьць! Але вы й церпіце мяне!
2. Бо я руплюся аб вас рупнасьцяй Божай, бо я заручыў вас з адным мужам, каб паставіць перад Хрыстом чыстую дзеву.
3. Але баюся, каб, як зьмей хітрасьцяй сваей зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся (адыйшоўшы) ад прастаты ў Хрысьце.
4. Бо, калі-б хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі-б вы прынялі іышага духа, якога ня прымаеце, або іншае Эвангельле, якога не дасталі, дык вы былі-б вельмі цярплівымі.
5. Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад вышэйшых Апосталаў,
6. бо, хоць я дурны ў слове, але ня ў ведзе, бо-ж мы ў-ва ўсім зусім ведамы вам.
7. Ці саграшыў я тым, што паніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо задарма навучаў вас Эвангельля Божага?
8. У другіх цэркваў браў я, дастаючы ўтрыманьне дзеля служэньня вам, і, быўшы ў вас, ды церпячы недастатак, нікому не дакучаў, бо недастатак мой папоўнілі браты, што прыйшлі з Македоніі;
9. дый у-ва ўсім я стараўся і пастараюся быць вам не цяжкім.
10. Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне, дык пахвала гэтая ня будзе аднята ў мяне ў землях Ахайі.
11. Дзеля чаго? Ці што ня люблю вас? Богу ведама!
12. Але, што роблю, і буду рабіць, каб адрэзаць повад жадаючым поваду, каб, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі ж, як і мы.
13. Бо гэтакія фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, прыкідаюцца Апосталамі Хрыстовымі.
14. I ня дзіва: бо-ж і сам шатан прыкідаецца ангелам сьветласьці,
15. дык невялікая рэч, калі і служкі яго прыкідываюцца служкамі праўды; але канец іх будзе водле іх учынкаў.
16. Ізноў кажу: няхай ніхто не палічыць мяне дурным; а калі не, дык прымеце мяне хоць як дурнога, каб і мне крыху чым пахваліцца.
17. Што кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як-бы ў дурноце пры гэткай адвазе на пахвалу.
18. Як многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца.
19. Бо вы людзі разумныя, ахвотна церпіце дурных;
20. церпіце, калі хто вас паняволівае, калі хто абядае, калі хто абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто б'е вас па твару.
21. На сорам кажу, што мы як-быццам абяссілелі. А калі хто адважаецца ў чым (кажу па дурноце), дык адважаюся і я.
22. Яны Жыды? і я. Яны Ізраільцяне? і я. Яны насеньне Аўраамавае? і я.
23. Хрыстовыя служкі? (здурэўшы кажу) я балей: шмат балей у працы, бязьмерна ў ранах, балей у вастрогах і многа разоў пры сьмерці.
24. Ад Юдэяў пяць разоў дастаў па сорак без аднаго (ўдараў);
25. тройчы білі мяне кіямі, аднойчы каменавалі; тры разы разьбіваўся карабель, ноч і дзень прабыў у глыбіні.
26. Многа быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад зямлякоў, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у месьце, у небясьпеках між фальшывымі братамі,
27. у працы і ў зьнемажэньні, часта ня сплючы, у голадзе і смазе, часта ў пастох, у холадзе й нагаце.
28. Апрача пабочных (спраў), у мяне што-дня зборка, турбота аб усіх цэрквах.
29. Хто зьнямагаецца, каб і я не зьнямагаўся? Хто спакушаецца, каб і я не гарэў?
30. Калі мне трэба хваліцца, дык буду хваліцца маім бяссільлем.
31. Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, багаслаўлены навекі, ведае, што я ня лгу.
32. У Дамаску намесьнік цара Арэты пілнаваў места Дамашчанаў, жадаючы схапіць мяне;
33. і я ў карзіне быў спушчаны з вакна па сьцяне і ўцёк ад рук ягоных.
Разьдзел 12.
1. Некарысна мне хваліцца; перайду-ж да відзежаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
2. Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць год назад (ці ў целе - ня ведаю, ці па-за целам - ня ведаю; Бог ведае) падхоплены быў да трэцяга неба.
3. I ведаю гэткага чалавека (ці у целе, ці па-за целам, ня ведаю: Бог ведае),
4. што быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалавеку нельга выгаварыць.
5. Гэтакім магу хваліцца; сабою-ж не пахвалюся, хіба толькі бяссільлем маім.
6. Калі-ж захачу хваліцца, ня буду дурным, бо скажу праўду; але я стрымліваюся, каб хто не падумаў аба мне балей, чым у-ва мне бачыць або чуе ад мяне.
7. I, каб я не вывышшаўся веліччу церазьмернай адкрыцьцяў, дадзена мне калючка ў цела, ангел шатанавы, каб зьняважаці мяне, каб я не вывышшаўся.
8. Тройчы маліў я Госпада аб ім, каб адступіўся ад мяне.
9. Але Госпад сказаў мне: даволі табе ласкі Маей, бо сіла мая завяршаецца ў слабасьці. Дык ахвотна больш буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне сіла Хрыстовая.
10. Дзеля гэтага я добрае мысьлі і ў слабасьцях, у крыўдах, у недастатках, у перасьледаваньнях, у ўціску за Хрыста, бо, калі я слабы, тады дужы.
11. Я адурэў хвалячыся: вы мяне прымусілі. Бо трэба было, каб вамі быў хвалены, бо ні ў чым я ня горшы за найпершых Апосталаў, хаця я й нішто.
12. Знакі Апостала сталіся ў вас у ўсякім цярпеньні, знаменьнях, цудах і сілах.
13. Бо што ў вас, чым вы горшыя за другія Цэрквы? Хіба тое, што сам я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэткую крыўду.
14. Вось, трэці раз я гатоў ісьці да вас і ня буду цяжкім для вас, бо шукаю ня вашага, а вас. Бо ня дзеці мусяць зьбіраць багацьце для бацькоў, але бьцькі для дзяцей.
15. Я ахвотна буду траціць сваё і аддаваць сябе за душы вашыя, хоць, любячы вас балей, я менш карыстаюся вашай любоўю.
16. Няхай так, што сам я не абцяжаў вас; але, як хітрун, мо подступам браў з вас?
17. Ці-ж карыстаўся я чым ад вас праз некага з тых, каго пасылаў да вас?
18. Я папрасіў Ціта і паслаў з ім аднаго з братоў: ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым жа духу мы хадзілі? ня тымі-ж сьлядамі?
19. Ці мо ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце і ўсё, умілаваныя, дзеля вашага збудаваяьня.
20. Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне вас ня гэткімі, як хачу, дый каб і вам не знайсьці мяне, якім ня хочаце: каб не (знайсьці ў вас) калатні, зайздрасьці, гневу, сварак, абмаўляньняў, нагавораў, пыхі, бязладзьдзя,
21. каб, як ізноў прыду, не панізіў мяне Бог мой у вас, ды каб не аплаківаў я многіх, якія саграшылі раней і не пакаяліся, і ў нячыстасьці, і ў блудзе, і ў распусьце, якую рабілі.
Разьдзел 13.
1. Трэці гэта раз іду да вас: пры вуснах двух сьведкаў ці трох умацуецца кожнае слова (Другазак. 17,6).
2. Я папераджаў і папераджаю так, як быўшы ў вас другі раз; і цяпер, адсутны, пішу перш да саграшыўшых і ўсіх другіх, што, калі зноў прыду, не памілую.
3. Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне гаворыць Хрыстос, Які не слабы для вас, але дужы ў вас.
4. Бо хаця-ж Ён і раскрыжаваны ў бяссільлі, але жывы сілаю Божай; і мы таксама, хаця слабыя ў Ім, але будзем жывы з Ім сілаю Божаю ў вас.
5. Выпрабуйце самых сябе, ці вы ў веры? Самых сябе дазнавайце. Ці вы ня ведаеце самых сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя.
6. Спадзяюся-ж, вы даведаецеся, што мы не нягодныя.
7. Малюся-ж Богу, каб вы не рабілі ніякага зла, не каб нам паказацца годнымі, але каб вы рабілі дабро, мы-ж каб выдаваліся, як-быццам нягодныя.
8. Бо мы нічога ня можам супраць праўды, толькі за праўду
9. Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым вось і молімся, аб вашай дасканаласьці.
10. Дзеля гэтага я і пішу гэтае ў адсутнасьці, каб, прысутны ня ўжыў срогасьці водле ўлады, якая дадзена мне Госпадам на будаваньне, а не на руйнаваньне.
11. Урэшце, браты, радуйцеся, рабецеся дасканалымі, пацяшайцеся, будзьце аднадумнымі, у згодзе, - і Бог любві і міру будзе з вамі.
12. Прывітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем. Вітаюць вас усе сьвятыя.
13. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста і любоў Божая і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.
Да Карыньцянаў другое напісана з Філіпаў Македонскіх праз Ціта й Луку.
Зьмест
|
|