Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПРЫПОВЕСЬЦІ ў перакладзе А.Бокуна (2016)

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ

Разьдзел 1

1. Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама: 2. Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных; 3. Юда нарадзіў Пэрэса і Зару ад Тамар; Пэрэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама; 4. Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона; 5. Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут; 6. Абэд нарадзіў Есэя; Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад Урыявай; 7. Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу; 8. Аса нарадзіў Ясафата; Ясафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію; 9. Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію; 10. Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію; 11. Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон. 12. А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля; 13. Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора; 14. Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда; 15. Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба; 16. Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос. 17. Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў. 18. Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па зару?чынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога. 19. Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе, хацеў цішком адпусьціць яе. 20. Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпадаў зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: "Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога. 21. Вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх". 22. А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: 23. "Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог". 24. Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпадаў, і прыняў жонку сваю, 25. і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус.

Разьдзел 2

1. Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлее?ме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць: 2. "Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму". 3. Пачуўшы гэтае, Ірад валадар стрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім. 4. І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос. 5. Яны ж сказалі яму: "У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока: 6. "І ты, Бэтлее?м, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль"". 7. Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі. 8. І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: "Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму". 9. Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над [месцам], дзе было Дзіцятка. 10. Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю. 11. І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну. 12. І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю. 13. Калі ж яны адыйшлі, вось, анёл Госпадаў зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: "Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго". 14. Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і пайшоў у Эгіпет. 15. І там быў да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: "З Эгіпту паклікаў Я сына Майго". 16. Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў. 17. Тады збылося сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа: 18. "Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма". 19. А пасьля сьмерці Ірада, вось, анёл Госпадаў у сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце 20. і кажа: "Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы? Дзіцяці". 21. Ён устаў, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраіля. 22. А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; але, атрымаўшы слова ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія. 23. І, прыйшоўшы, асеў у горадзе, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.

Разьдзел 3

1. У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, абвяшчаючы ў пустыні Юдэйскай 2. і кажучы: "Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае". 3. Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: "Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму". 4. Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд. 5. Тады выходзілі да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдану, 6. і хрысьціліся ў яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае. 7. А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: "Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? 8. Учыні?це ж плод, годны навяртаньня, 9. і ня думайце гаварыць у думках сваіх: "Бацьку маем Абрагама"; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму. 10. Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. 11. Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні. 12. Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным". 13. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьці?цца ў яго. 14. Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: "Мне трэба хрысьці?цца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?" 15. А Ісус, адказваючы, сказаў яму: "Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць". Тады дапускае Яго. 16. І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго. 17. І вось, голас з неба, які казаў: "Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне".

Разьдзел 4

1. Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушваньня праз д'ябла, 2. і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў. 3. І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: "Калі Ты - Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі". 4. Ён жа, адказваючы, сказаў яму: "Напісана: "Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых"". 5. Потым бярэ Яго д'ябал у сьвяты горад, і стаўляе на вільчаку сьвятыні, 6. і кажа Яму: "Калі Ты - Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: "Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб каме?нь нагою Тваёю"". 7. Ісус сказаў яму: "Ізноў жа напісана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго"". 8. Ізноў бярэ Яго д'ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх, 9. і кажа Яму: "Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне". 10. Тады Ісус кажа яму: "Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: "Госпаду, Богу твайму, пакланяйся, і Яму аднаму служы"". 11. Тады пакідае Яго д'ябал; і вось, анёлы прыступіліся, і служылі Яму. 12. А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею. 13. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у гарадах Забулёна і Нэфталі, 14. каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 15. "Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская, 16. народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла". 17. З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: "Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае". 18. Праходзячы ж недалёка мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы, 19. і кажа ім: "Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў". 20. І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім. 21. Ідучы адтуль далей, убачыў Ён другіх двух братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Зэбэдэем, бацькам іхнім, якія правілі сеці свае, і паклікаў іх. 22. І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім. 23. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. 24. І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў. 25. І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану.

Разьдзел 5

1. Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя. 2. І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы: 3. "Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. 4. Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя. 5. Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю. 6. Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя. 7. Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя. 8. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 9. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя. 10. Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. 11. Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва. 12. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас. 13. Вы - соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям. 14. Вы - сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. 15. Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме. 16. Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе. 17. Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць. 18. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё. 19. Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным. 20. Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 21. Вы чулі, што сказана старадаўным: "Не забівай, а хто заб'е, падлягае суду". 22. А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: "Рака", падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: "Дурань", падлягае гееньне вогненай. 23. Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе, 24. пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой. 25. Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу, і ня быў ты кінуты ў вязьніцу. 26. Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта. 27. Вы чулі, што сказана старадаўным: "Не чужалож". 28. А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім. 29. Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну. 30. І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну. 31. Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод. 32. А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць. 33. Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: "Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае". 34. А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно - пасад Божы; 35. ані зямлёю, бо яна - падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён - горад вялікага Валадара; 36. ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным. 37. Але няхай будзе слова вашае: "Так, так", "Не, не", а што больш таго, тое ад злога. 38. Вы чулі, што сказана: "Вока за вока і зуб за зуб". 39. А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую, 40. і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты; 41. і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве. 42. Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся. 43. Вы чулі, што сказана: "Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго". 44. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас, 45. каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных. 46. Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі? 47. І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі? 48. Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.

Разьдзел 6

1. Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе. 2. Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. 3. У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая, 4. каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна. 5. І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. 6. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна. 7. А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя. 8. Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. 9. Маліцеся ж вось гэтак: "Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё; 10. прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. 11. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. 12. І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; 13. і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн". 14. Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе. 15. А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых. 16. А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. 17. А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё, 18. каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна. 19. Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць; 20. але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць. 21. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. 22. Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае. 23. Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама? 24. Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне. 25. Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела - за адзеньне? 26. Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх. 27. Хто ж з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? 28. І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць. 29. А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. 30. Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы? 31. Дык не клапаціцеся, кажучы: "Што нам есьці?", ці: "Што нам піць?", ці: "У што апрануцца?" 32. Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна. 33. Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам. 34. Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць дню свайго ліха.

Разьдзел 7

1. Не судзіце, каб не былі суджаныя. 2. Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць. 3. Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш? 4. Ці як скажаш брату твайму: "Дазволь, выму сучок з вока твайго", а вось, у воку тваім - бервяно? 5. Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго. 6. Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас. 7. Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам. 8. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць. 9. Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень? 10. І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю? 11. Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго. 12. Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі. 13. Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх, 14. бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх. 15. Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны - ваўкі драпежныя. 16. Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі? 17. Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя. 18. Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя. 19. Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь. 20. Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. 21. Ня кожны, хто кажа Мне: "Госпадзе! Госпадзе!", увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе. 22. Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?" 23. І тады прызнаюся ім: "Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне". 24. Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале. 25. І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале. 26. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску. 27. І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае". 28. І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага, 29. бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі.

Разьдзел 8

1. Калі ж Ён зыйшоў з гары, пайшлі за Ім шматлікія натоўпы. 2. І вось пракажоны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: "Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць". 3. І, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: "Хачу, будзь ачышчаны". І ён адразу ачысьціўся ад праказы сваёй. 4. І кажа яму Ісус: "Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі, пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей дзеля сьведчаньня ім". 5. Калі ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго 6. і кажучы: "Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца". 7. І кажа яму Ісус: "Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго". 8. І, адказваючы, сотнік прамовіў: "Госпадзе! Я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 9. Бо і я чалавек, які пад уладаю, ды маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: "Ідзі", і ён ідзе; і другому: "Прыйдзі", і ён прыходзіць; і слузе майму: "Зрабі тое", і ён робіць". 10. Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, якія за Ім ішлі: "Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры. 11. Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і ўзьлягуць з Абрагамам, і Ісаакам, і Якубам у Валадарстве Нябесным, 12. а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў". 13. І сказаў Ісус сотніку: "Ідзі, і, як ты паверыў, станецца табе". І паздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну. 14. І, прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. 15. І Ён дакрануўся да рукі ейнай, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і паслугавала ім. 16. Калі ж надыйшоў вечар, прывялі да Яго шмат апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам, і ўсіх хворых аздаравіў, 17. каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: "Ён узяў нашыя нядужасьці і панёс хваробы". 18. Убачыўшы ж навокал Сябе шматлікія натоўпы, Ісус загадаў адыйсьці на другі бок. 19. І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: "Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў". 20. І кажа яму Ісус: "Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя - гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву схіліць". 21. А іншы з вучняў Ягоных сказаў Яму: "Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго". 22. Ісус жа сказаў яму: "Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых". 23. І калі ўвайшоў Ён у човен, пайшлі за Ім вучні Ягоныя. 24. І вось, сталася вялікае ўзрушэньне на моры, так што хвалі залівалі човен, а Ён спаў. 25. І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: "Госпадзе! Збаў нас, мы гінем!" 26. І кажа ім: "Чаго вы палохаецеся, малаверы?" Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася вялікая ціша. 27. А людзі зьдзіўляліся, кажучы: "Хто ж Ён, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?" 28. І, калі Ён прыйшоў на другі бераг у край Гергесэнскі, перанялі Яго двое апанаваных дэманам, якія выйшлі з магілаў, страшэнна злыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю. 29. І вось яны закрычалі, кажучы: "Што нам і Табе, Ісусе, Сыне Божы? Ці Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас?" 30. Далёка ж ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў. 31. А дэманы прасілі Яго, кажучы: "Калі нас выганяеш, дазволь нам адыйсьці ў гэты гурт сьвіняў". 32. І Ён сказаў ім: "Ідзіце". І тыя, выйшаўшы, адыйшлі ў гурт сьвіняў. І, вось, рынуўся ўвесь гурт сьвіняў са стромы ў мора, і загінуў у вадзе. 33. А тыя, што пасьвілі, уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваныя дэманам. 34. І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб зыйшоў ад межаў іхніх.

Разьдзел 9

1. І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад, і прыйшоў у Свой горад. 2. І вось, прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на ложку. І, бачачы веру іх, Ісус сказаў спараліжаванаму: "Будзь пэўным, дзіця! Адпускаюцца табе грахі твае". 3. І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: "Ён блюзьніць". 4. І, бачачы думкі іхнія, Ісус сказаў: "Чаму злое вы падумалі ў сэрцах вашых? 5. Бо што лягчэй сказаць: "Адпускаюцца табе грахі", ці сказаць: "Устань і хадзі"? 6. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі", - кажа тады спараліжаванаму: "Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой". 7. І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой. 8. Бачачы гэтае, натоўпы зьдзівіліся і славілі Бога, Які даў такую ўладу людзям. 9. І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, званага Мацьвеем, і кажа яму: "Ідзі за Мною". І ён, устаўшы, пайшоў за Ім. 10. І сталася, як Ён узьлягаў у доме, вось, шмат мытнікаў і грэшнікаў, прыйшоўшы, узьляглі з Ісусам і вучнямі Ягонымі. 11. І фарысэі, якія бачылі гэта, сказалі вучням Ягоным: "Дзеля чаго Настаўнік ваш есьць з мытнікамі і грэшнікамі?" 12. А Ісус, пачуўшы, сказаў Ім: "Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. 13. Пайдзеце ж, навучыцеся, што значыць: "Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры". Бо Я прыйшоў не праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня". 14. Тады прыходзяць да Яго вучні Янавы, кажучы: "Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?" 15. І сказаў ім Ісус: "Ня могуць плакаць сыны вясельля, пакуль з імі жаніх. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць посьціць. 16. Ніхто ж не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо прышытае аддзярэцца ад адзеньня, і дзіра станецца большая. 17. Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое". 18. Калі Ён гаварыў ім гэта, вось, падыйшоўшы, начальнік пакланіўся Яму, кажучы: "Дачка мая цяпер памірае, але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна ажыве". 19. І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя. 20. І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю шаты Ягонай, 21. бо яна казала ў сабе: "Калі толькі дакрануся да шаты Ягонай, буду выратаваная". 22. Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: "Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе". І жанчына ў тую ж гадзіну паздаравела. 23. І, прыйшоўшы ў дом начальніка і ўбачыўшы жалейнікаў і ўзрушаны натоўп, 24. Ісус сказаў ім: "Адыйдзіцеся, бо не памерла дзяўчынка, але сьпіць". І сьмяяліся з Яго. 25. Калі ж вывелі натоўп, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала. 26. І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй той зямлі. 27. І калі Ісус ішоў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы і кажучы: "Зьлітуйся над намі, Сыне Давідаў!" 28. Калі ж Ён прыйшоў у дом, падыйшлі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: "Ці вы верыце, што Я магу гэтае зрабіць?" Кажуць яму: "Так, Госпадзе!" 29. Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх, кажучы: "Паводле веры вашае няхай станецца вам". 30. І адчыніліся вочы іхнія. І Ісус грозна глянуў на іх, кажучы: "Глядзіце, каб ніхто ня ведаў". 31. А яны, выйшаўшы, шырылі вестку пра Яго па ўсёй той зямлі. 32. Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам. 33. І, калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў, і натоўп зьдзіўляўся, кажучы: "Ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілі". 34. А фарысэі казалі: "Праз князя дэманаў Ён выганяе дэманаў". 35. І абыходзіў Ісус усе гарады і мястэчкі, навучаючы ў сынагогах і абвяшчаючы Эва?нгельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. 36. Убачыўшы ж натоўпы, Ён зьлітаваўся над імі, што былі саслабелыя і расьцярушаныя, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха. 37. Тады кажа вучням Сваім: "Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. 38. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё".

Разьдзел 10

1. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач. 2. А дванаццаці апосталаў імёны такія: першы - Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якуб Зэбэдэяў і Ян, брат ягоны, 3. Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Леўвей, якога звалі Тадэвушам, 4. Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго. 5. Гэтых дванаццаць паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: "На шлях паганаў не ўзыходзьце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце, 6. а ідзіце больш да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі. 7. Ідучы ж, абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Валадарства Нябеснае. 8. Нядужых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце. 9. Не бярыце з сабою ані золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя, 10. ані торбы на дарогу, ані дзьвюх вопратак, ані сандалаў, ані кія. Бо работнік варты ежы сваёй. 11. А ў які горад ці мястэчка ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім дастойны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце. 12. А, уваходзячы ў дом, вітайце яго. 13. І, калі дом будзе сапраўды дастойны, супакой ваш прыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, супакой ваш да вас вернецца. 14. І калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому ці з гораду таго, абтрасіце пыл з ног вашых. 15. Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суду, чым гораду таму. 16. Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы. 17. Сьцеражыцеся людзей, бо яны будуць выдаваць вас у сынэдрыёны і ў сынагогах сваіх будуць бічаваць вас. 18. І павядуць вас да ваяводаў і валадароў дзеля Мяне на сьведчаньне ім і паганам. 19. Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся пра тое, як ці што вам гаварыць, бо вам у тую гадзіну будзе дадзена, што гаварыць. 20. Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас. 21. Выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька - сына, і паўстануць дзеці на бацькоў, і пазабіваюць іх; 22. і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але хто вытрывае да канца, збаўлены будзе. 23. Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо сапраўды кажу вам: вы не абыйдзеце ўсіх гарадоў Ізраіля, як прыйдзе Сын Чалавечы. 24. Вучань не вышэй за настаўніка свайго, і слуга не вышэй за гаспадара свайго. 25. Досыць для вучня, каб ён стаўся як настаўнік ягоны, і для слугі, каб ён стаўся як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, тым больш хатніх яго. 26. Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога прыкрытага, каб не адкрылася, ані тайнага, каб ня сталася вядомым. 27. Што кажу вам у цемры, кажыце пры сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў. 28. І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы? забіць ня могуць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і душу?, і цела загубіць у гееньне. 29. Ці ж ня два вераб'і продаюцца за асар? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага. 30. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. 31. Дык ня бойцеся, вы лепшыя за многіх вераб'ёў. 32. Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе. 33. А хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ў небе. 34. Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прыйшоў Я прынесьці, але меч. 35. Бо Я прыйшоў разлучы?ць чалавека з бацькам яго, і дачку - з маці яе, і нявестку - са сьвякрухай яе. 36. І ворагі чалавеку хатнія яго. 37. Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне. 38. І хто не бярэ крыжа свайго і ідзе за Мною, той ня варты Мяне. 39. Хто знойдзе душу? сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу? сваю дзеля Мяне, знойдзе яе. 40. Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне. 41. Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастане нагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, дастане нагароду праведніка. 42. І калі хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае".

Разьдзел 11

1. І сталася, як скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія. 2. Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх 3. сказаць Яму: "Ці Ты - Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?" 4. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: "Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце: 5. сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца. 6. І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне". 7. Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: "Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае? 8. Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходяцца ў дамах валадарскіх. 9. Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. 10. Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: "Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою". 11. Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго. 12. Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і людзі гвалтоўныя захопліваюць яго. 13. Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна. 14. І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці. 15. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае. 16. Да каго прыраўняю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх, 17. і кажуць: "Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі". 18. Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п'е, і кажуць: "Дэмана мае". 19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажуць: "Вось, чалавек - абжора і п'яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў". І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе". 20. Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся: 21. "Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся. 22. Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам. 23. І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш, бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня. 24. Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе". 25. У той час, адказваючы, Ісус сказаў: "Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. 26. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе. 27. Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць. 28. Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак. 29. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я - ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым. 30. Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі".

Разьдзел 12

1. У той час праходзіў Ісус у суботу праз палеткі. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці. 2. А фарысэі, убачыўшы гэтае, сказалі Яму: "Вось, вучні Твае робяць, што ня сьлед рабіць у суботу". 3. Ён жа сказаў ім: "Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім? 4. Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх не належала есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятарам? 5. Альбо ці не чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, і бязьвінныя? 6. Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню. 7. Калі б вы разумелі, што значыць: "Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры", не асудзілі б бязьвінных. 8. Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы". 9. І, адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у сынагогу іхнюю. 10. І вось, быў чалавек, які меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, каб абвінаваціць Яго, кажучы: "Ці належыцца аздараўляць у суботу?" 11. Ён жа сказаў ім: "Ці ёсьць сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ці ня возьме ён яе і ня выцягне? 12. Дык на колькі чалавек лепшы за авечку? Так што можна ў суботу рабіць дабро". 13. Тады кажа таму чалавеку: "Выцягні руку тваю!" І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая. 14. А фарысэі, выйшаўшы, учынілі нараду супраць Яго, каб Яго загубіць. 15. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль; і пайшлі за Ім вялікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх усіх. 16. І забараніў ім, каб не выяўлялі Яго, 17. каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 18. "Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюбёны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд. 19. Ня будзе сварыцца, ані крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго. 20. Трысьціны надламанай не пераломіць і лёну, што дыміцца, не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі. 21. І на імя Ягонае будуць спадзявацца народы". 22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што сьляпы і нямы стаў і гаварыць, і бачыць. 23. І дзівіліся ўсе натоўпы, і казалі: "Ці ня гэта Сын Давідаў?" 24. А фарысэі, пачуўшы, казалі: "Ён выганяе дэманаў не іначай, як праз Бэльзэбула, князя дэманаў". 25. А Ісус, ведаючы думкі іхнія, сказаў ім: "Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад ці дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць. 26. І калі шата?н шата?на выганяе, ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць валадарства ягонае? 27. І, калі Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вам судзьдзямі. 28. А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыцца, дасягнула вас Валадарства Божае. 29. Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы ягоныя, калі раней ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны. 30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідвае. 31. Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьне?рства будзе адпушчана людзям, а блюзьне?рства на Духа ня будзе адпушчана людзям. 32. І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе адпушчана яму; а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе адпушчана яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым. 33. Або ўчыні?це дрэва добрым і плод ягоны добрым, або ўчыні?це дрэва благім і плод ягоны благім, бо дрэва пазнае?цца паводле пладоў. 34. Спараджэньне яхідны! Як вы можаце гаварыць добрае, калі вы злыя? Бо з перапоўненага сэрца гавораць вусны. 35. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое. 36. Кажу ж вам, што ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, аддасцца ім у дзень суду. 37. Бо паводле словаў сваіх будзеш апра?ўданы і паводле словаў сваіх будзеш асу?джаны". 38. Тады адказалі некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў, кажучы: "Настаўнік! Хочам бачыць ад Цябе знак". 39. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: "Пакаленьне злое і чужаложнае шукае знакаў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока. 40. Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. 41. Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны; і вось, тут большы за Ёну. 42. Валадарка з Поўдня паўстане на суд з пакаленьнем гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось, тут большы за Салямона. 43. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і не знаходзіць. 44. Тады кажа: "Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў". І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным. 45. Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе стаецца горш за першае. Так будзе і з гэтым пакаленьнем злым". 46. Калі ж Ён яшчэ гаварыў да натоўпаў, вось, маці і браты Ягоныя сталі вонкі, шукаючы гаварыць з Ім. 47. А нехта сказаў Яму: "Вось маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, шукаючы гаварыць з Табою". 48. Ён жа, адказваючы, сказаў таму, які гаварыў з Ім: "Хто маці Мая, і хто браты Мае?" 49. І, выцягнуўшы руку Сваю на вучняў Сваіх, сказаў: "Вось маці Мая і браты Мае. 50. Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці".

Разьдзел 13

1. У той самы дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора. 2. І сабраліся да Яго шматлікія натоўпы, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе. 3. І гаварыў ім шмат у прыповесьцях, кажучы: "Вось, выйшаў сейбіт сеяць. 4. І калі сеяў, адны [зярняты] ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. 5. Іншыя ж упалі на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі; і адразу ўзыйшлі, бо зямля была неглыбокая, 6. а калі ўзыйшло сонца, зьвялі і, як ня мелі кораня, высахлі. 7. Іншыя ж упалі ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі іх. 8. А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плод: адно - сто, адно - шэсьцьдзесят, а адно - трыццаць. 9. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае". 10. І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: "Дзеля чаго гаворыш ім у прыповесьцях?" 11. А Ён, адказваючы, сказаў ім: "Бо вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім ня дадзена. 12. Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае. 13. Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць. 14. І спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: "Слыхам пачуеце, і не зразумееце, і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце. 15. Бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма, і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх" . 16. Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць. 17. Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня чулі. 18. А вы паслухайце прыповесьць пра сейбіта. 19. Да ўсякага, хто чуе слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным; гэта тое, што пасеянае пры дарозе. 20. А пасеянае на камяністае месца - гэта той, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго, 21. але ня мае ў сабе кораня і нетрывалы: калі надыходзіць прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу горшыцца. 22. А пасеянае ў цярніне - гэта той, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і падман багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным. 23. А пасеянае ў добрую зямлю - гэта той, хто чуе слова і разумее, які дае плод, і дае адзін сто, а іншы - шэсьцьдзесят, а іншы - трыццаць". 24. Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: "Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім. 25. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю ку?каль, і пайшоў. 26. Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і ку?каль. 27. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: "Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады ку?каль?" 28. Ён жа сказаў ім: "Вораг чалавек зрабіў гэтае". А слугі сказалі яму: "Дык хочаш, мы пойдзем зьбярэм яго?" 29. А ён мовіў: "Не, каб, зьбіраючы ку?каль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. 30. Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: 'Зьбярыце спачатку ку?каль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой'"". 31. Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: "Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім. 32. Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце - большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго". 33. Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: "Падобнае Валадарства Нябеснае да рашчы?ны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі?, пакуль ня ўкісла ўсё". 34. Усё гэтае Ісус гаварыў да натоўпаў у прыповесьцях і без прыповесьці не гаварыў ім, 35. каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: "Адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу схаванае ад стварэньня сьвету". 36. Тады Ісус, пакінуўшы натоўпы, увайшоў у дом, і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: "Растлумач нам прыповесьць пра кукаль на полі". 37. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: "Сейбіт добрага насеньня - гэта Сын Чалавечы. 38. Поле - гэта сьвет, добрае насеньне - гэта сыны Валадарства, а кукаль - сыны злога; 39. вораг, які пасеяў іх, - гэта д'ябал, жніво - сканчэньне веку, а жняцы - анёлы. 40. Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага: 41. пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чы?ніць беззаконьне. 42. І ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў. 43. Тады праведнікі зазьяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае. 44. Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які, знайшоўшы, чалавек схаваў, і ў радасьці сваёй ідзе, і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле. 45. Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлінаў, 46. які, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе. 47. Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да нерату, які закінуты ў мора і сабраў усякага роду рыбы. 48. Калі ён напоўніўся, выцягнуўшы яго на бераг і сеўшы, добрую сабралі ў пасудзіны, а благую выкінулі вонкі. 49. Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы, і аддзеляць злых спасярод праведных, 50. і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў". 51. Кажа ім Ісус: "Ці зразумелі вы ўсё гэтае?" Яны кажуць Яму: "Так, Госпадзе!" 52. Ён жа сказаў ім: "Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць са скарбу свайго новае і старое". 53. І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, Ён выйшаў адтуль. 54. І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў іх у сынагозе іхняй, так што яны дзівіліся і гаварылі: "Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і моц? 55. Ці ж ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя, і браты Ягоныя - Якуб, і Ёсія, і Сымон, і Юда? 56. І сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэтае?" 57. І горшыліся дзеля Яго. А Ісус сказаў ім: "Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім". 58. І не ўчыніў там шмат цудаў дзеля недаверства іхняга.

Разьдзел 14

1. У той час пачуў Ірад тэтрарх чутку пра Ісуса 2. і сказаў слугам сваім: "Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрошаны з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго". 3. Бо Ірад, схапіўшы Яна, увязьніў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата свайго, 4. бо Ян казаў яму: "Не належыцца табе мець яе". 5. І, хочучы забіць яго, баяўся натоўпу, бо яго мелі за прарока. 6. А калі Ірад спраўляў урадзіны, дачка Ірадыяды таньчыла пасярод іх і спадабалася Іраду. 7. Таму ён з прысягаю паабяцаў ёй даць, чаго б ні папрасіла. 8. Яна ж, падвучаная маці сваёй, сказала: "Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысьціцеля". 9. І засумаваў валадар, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі з ім, загадаў даць. 10. І паслаў адсячы галаву Яну ў вязьніцы. 11. І прынесьлі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, і яна занесла маці сваёй. 12. І вучні ягоныя, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго; і, пайшоўшы, паведамілі Ісусу. 13. І, пачуўшы, Ісус адыйшоў адтуль на чаўне ў пустыннае месца адзін, і натоўп, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з гарадоў пехатою. 14. І, выйшаўшы, Ісус убачыў шматлікія натоўпы, і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нямоглых іхніх. 15. А калі настаў вечар, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: "Тут месца пустыннае, і гадзіна ўжо позьняя; адпусьці натоўпы, каб, пайшоўшы ў мястэчкі, купілі сабе ежы". 16. А Ісус сказаў ім: "Ня трэба ім ісьці. Вы дайце ім есьці". 17. Яны ж кажуць Яму: "Нічога тут ня маем, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы". 18. А Ён сказаў: "Прынясіце Мне іх сюды". 19. І, загадаўшы натоўпам узьлегчы на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, і, зірнуўшы ў неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлеб, а вучні - натоўпу. 20. І елі ўсе, і насыціліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, дванаццаць поўных кашоў. 21. А тых, што елі, было каля пяці тысячаў мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей. 22. І адразу змусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць натоўпы. 23. І, адпусьціўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і, як надыйшоў вечар, быў там адзін. 24. А човен ужо быў пасярод мора, кіданы хвалямі, бо вецер быў супраціўны. 25. А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры. 26. І вучні, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, стрывожыліся, кажучы: "Гэта здань", і ад страху закрычалі. 27. Ісус жа адразу загаварыў з імі, кажучы: "Будзьце пэўныя, гэта Я; ня бойцеся". 28. Адказваючы ж Яму, Пётар сказаў: "Госпадзе! Калі гэта Ты, загадай мне ісьці да Цябе па вадзе". 29. Ён жа сказаў: "Ідзі". І, выйшаўшы з чаўна, Пётар пайшоў па вадзе, ідучы да Ісуса. 30. Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў, кажучы: "Госпадзе, ратуй мяне!" 31. А Ісус адразу, працягнуўшы руку, схапіў яго і кажа яму: "Малаверны! Чаму ты засумняваўся?" 32. І калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сьціх. 33. А тыя, што былі ў чаўне, падыйшоўшы, пакланіліся Яму, кажучы: "Сапраўды, Ты - Сын Божы!" 34. І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэцкую. 35. І людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ва ўсю ваколіцу тую, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых. 36. І прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і ўсе, якія дакрануліся, былі аздароўленыя.

Разьдзел 15

1. Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы: 2. "Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць ру?кі свае, калі ядуць хлеб". 3. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: "Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых? 4. Бо Бог загадаў, кажучы: "Шануй бацьку твайго і маці", і: "Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ". 5. А вы кажаце: "Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся', 6. той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю". І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых. 7. Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы: 8. "Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне. 9. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых"". 10. І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: "Слухайце і разумейце: 11. Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека". 12. Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: "Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?" 13. Ён жа, адказваючы, сказаў: "Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана. 14. Пакіньце іх; яны - сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму". 15. Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: "Растлумач нам прыповесьць гэтую". 16. А Ісус сказаў: "Няўжо і вы такія няця?мкія? 17. Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч? 18. А тое, што выходзіць з вуснаў, - з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека, 19. бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьне?рствы. 20. Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека". 21. І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону. 22. І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: "Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!" 23. А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: "Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі". 24. Ён жа, адказваючы, сказаў: "Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі". 25. А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: "Госпадзе! Дапамажы мне". 26. Ён жа, адказваючы, сказаў: "Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам". 27. А яна сказала: "Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала? гаспадароў іхніх". 28. Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: "О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш". І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны. 29. І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там. 30. І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх ля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх, 31. так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля. 32. А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: "Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе". 33. І кажуць Яму вучні Ягоныя: "Адкуль у нас у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?" 34. І кажа ім Ісус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны ж сказалі: "Сем, і некалькі рыбак". 35. І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі. 36. І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні - натоўпу. 37. І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных. 38. А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей. 39. І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы.

Разьдзел 16

1. І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба. 2. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: "Увечары вы кажаце: "Будзе пагода, бо неба чырвонае". 3. І раніцаю: "Сёньня не?пагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае". Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце? 4. Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока". І, пакінуўшы іх, адыйшоў. 5. І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба. 6. А Ісус сказаў ім: "Глядзіце, сьцеражыцеся кі?сьлі фарысэйскай і садукейскай". 7. Яны ж разважалі між сабою, кажучы: "Бо мы хлябоў ня ўзялі". 8. Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: "Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі? 9. Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі? 10. Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі? 11. Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кі?сьлі фарысэйскай і садукейскай?" 12. Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кі?сьлі хлебнае, але навукі фарысэйскае і садукейскае. 13. А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: "Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?" 14. А яны сказалі: "Адны - Янам Хрысьціцелем, другія - Ільлём, а іншыя - Ярэміем ці адным з прарокаў". 15. Ён кажа ім: "А вы кім Мяне называеце?" 16. Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: "Ты - Хрыстос, Сын Бога Жывога". 17. І, адказваючы, Ісус сказаў яму: "Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе. 18. І Я кажу табе: Ты - скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе. 19. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе". 20. Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос. 21. Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 22. І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: "Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!" 23. Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: "Адыйдзі ад Мяне, шата?н! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае". 24. Тады Ісус сказаў вучням Сваім: "Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною. 25. Бо хто хоча душу? сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу? сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе. 26. Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы? сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу? сваю? 27. Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. 28. Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім".

Разьдзел 17

1. І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і вядзе іх на гару высокую адных. 2. І Ён перамяніўся перад імі, і сьвяцілася аблічча Ягонае, як сонца, а шаты Ягоныя сталіся белыя, як сьвятло. 3. І вось, зьявіліся ім Майсей і Ільля, ведучы? гутарку з Ім. 4. Адказваючы, Пётар сказаў Ісусу: "Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі". 5. Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае ахінула іх; і вось, голас з воблака, які кажа: "Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце". 6. І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і моцна спужаліся. 7. І Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: "Устаньце і ня бойцеся!2 8. Падняўшы ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса. 9. І як зыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: "Нікому не кажыце пра гэты ві?дзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых". 10. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: "Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?" 11. А Ісус, адказваючы, сказаў ім: "Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё. 12. А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх". 13. Тады вучні зразумелі, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля. 14. І як прыйшлі яны да натоўпу, падыйшоў да Яго чалавек, падаючы перад ім на калені і кажучы: 15. "Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён люнатык і цяжка церпіць; бо часта кідаецца ў вагонь і часта ў ваду. 16. І я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго". 17. Ісус жа, адказваючы, сказаў: "О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды". 18. І забараніў яму Ісус, і дэман выйшаў з яго, і хлопец быў аздароўлены ў тую гадзіну. 19. Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса насамоце, сказалі: "Чаму мы не маглі выгнаць яго?" 20. А Ісус сказаў ім: "Дзеля недаве?рства вашага. Бо сапраўды кажу вам: калі вы маеце веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гары гэтай: "Перайдзі адгэтуль туды", дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчымым для вас. 21. Гэты ж род выходзіць толькі праз малітву і пост". 22. Калі ж былі яны ў Галілеі, Ён сказаў ім: "Сын Чалавечы ма?е быць выдадзены ў рукі людзей, 23. і заб'юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне". І яны дужа засмуціліся. 24. Калі ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дыдрахмаў і сказалі: "Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?" 25. Ён кажа: "Так". І калі ён увайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: "Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мы?та ці дані?ну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?" 26. Пётар кажа Яму: "З чужых". Сказаў яму Ісус: "Значыцца, сыны вольныя. 27. Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь ву?ду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе".

Разьдзел 18

1. У тую гадзіну падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: "Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?" 2. І, паклікаўшы дзіцятка, Ісус паставіў яго пасярод іх 3. і сказаў: "Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 4. Дык хто пані?зіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным. 5. І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае. 6. А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора. 7. Гора сьвету ад згаршэньняў, бо патрэбна, каб прыйшлі згаршэньні; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць згаршэньне. 8. Калі ж рука твая ці нага твая горшыць цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгавым ці калекаю, чым, маючы дзьве рукі або дзьве нагі, быць укінутым у агонь вечны. 9. І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную. 10. Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага. 11. Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб збавіць тое, што загінула. 12. Як вы думаеце, калі б нейкі чалавек меў сто авечак, і адна з іх заблукала, ці, пакінуўшы дзевяноста дзевяць у гарах, ня пойдзе ён шукаць тую, што заблукала? 13. І, калі станецца, што знойдзе яе, сапраўды кажу вам: ён узрадуецца з яе больш, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі. 14. Гэтак няма волі Айца вашага, Які ў небе, каб загінуў адзін з малых гэтых. 15. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго. 16. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова. 17. Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік. 18. Сапраўды кажу вам: усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе. 19. Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе. 20. Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх". 21. Тады Пётар, падыйшоўшы да Яго, сказаў: "Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?" 22. Кажа яму Ісус: "Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем. 23. Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахава?цца са слугамі сваімі. 24. Калі ж пачаў ён рахава?цца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў. 25. А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць. 26. Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: "Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам". 27. Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку. 28. А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: "Аддай мне, што вінен". 29. Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: "Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе". 30. А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу. 31. Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася. 32. Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: "Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне. 33. Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?" 34. І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго ка?там, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу. 35. Так і Айцец Мой Нябесны ўчы?ніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных".

Разьдзел 19

1. І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Ярдану. 2. І пайшлі за Ім шматлікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх там. 3. І падыйшлі да Яго фарысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: "Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?" 4. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: "Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх? 5. І Ён сказаў: "Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам". 6. Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае". 7. Яны кажуць Яму: "Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?" 8. Ён кажа ім: "Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак. 9. А Я кажу вам: хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць". 10. Кажуць Яму вучні Ягоныя: "Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца". 11. Ён жа сказаў ім: "Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена. 12. Бо ёсьць скапцы?, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы?, якія вы?пакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы?, якія самі сябе вы?пакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць". 13. Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім. 14. А Ісус сказаў: "Пакіньце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябеснае". 15. І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль. 16. І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: "Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?" 17. Ён жа сказаў яму: "Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні". 18. Кажа Яму: "Якія?" Ісус жа сказаў: "Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва; 19. шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе". 20. Кажа Яму юнак: "Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?" 21. Ісус мовіў яму: "Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною". 22. Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць. 23. А Ісус сказаў вучням Сваім: "Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае. 24. Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае". 25. Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя надта дзівіліся, кажучы: "Хто ж тады можа быць збаўленым?" 26. А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: "У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма". 27. Тады Пётар, адказваючы, сказаў Яму: "Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?" 28. А Ісус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным [сьвеце], калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля. 29. І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі? дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае. 30. Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія - першымі.

Разьдзел 20

1. Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой. 2. І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. 3. І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы. 4. І сказаў ім: "Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам". Яны пайшлі. 5. Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтак сама. 6. А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: "Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?" 7. Яны кажуць яму: "Ніхто нас не наняў". Ён кажа ім: "Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце". 8. А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: "Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых". 9. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару. 10. А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару. 11. І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому, 12. кажучы: "Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку". 13. Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: "Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты ўмовіўся са мною? 14. Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе. 15. Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?" 16. Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя - апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных". 17. І, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус дарогаю ўзяў дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім: 18. "Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць, 19. і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне". 20. Тады падыйшла да Яго маці сыноў Зэбэдэя з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго. 21. Ён жа сказаў ёй: "Чаго ты хочаш?" Яна кажа Яму: "Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі - леваруч у Валадарстве Тваім". 22. А Ісус, адказваючы, сказаў: "Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я ма?ю піць, і хрысьці?цца хрышчэньнем, якім Я хрышчу?ся?" Яны кажуць Яму: "Можам". 23. І Ён кажа ім: "Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчу?ся, будзеце хрысьці?цца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім". 24. І пачуўшы гэта, дзесяцёра абурыліся на двух братоў. 25. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: "Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі. 26. А ў вас ня гэтак ма?е быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым, 27. і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вашым слугою, 28. як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу? Сваю на адкупленьне многіх". 29. І як выходзілі яны з Ерыхону, за Ім ішоў шматлікі натоўп. 30. І вось, два сьляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус праходзіць, закрычалі, кажучы: "Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!" 31. А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: "Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!" 32. І, супыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: "Чаго вы хочаце, каб Я зрабіў вам?" 33. Яны кажуць Яму: "Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя". 34. Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу сталі бачыць вочы іхнія, і яны пайшлі за Ім.

Разьдзел 21

1. І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, 2. кажучы ім: "Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне. 3. І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе: і адразу пашле іх". 4. А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: 5. "Скажыце дачцэ Сыёну: "Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад'ярэмнай"". 6. Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус. 7. Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх. 8. А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. 9. А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: "Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!" 10. І як увайшоў Ён у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: "Хто гэта?" 11. А натоўпы казалі: "Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага". 12. І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў. 13. І кажа ім: "Напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы". А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў". 14. І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх. 15. А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў сьвятыні і казалі: "Гасанна Сыну Давіда!", - абурыліся 16. і сказалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?" А Ісус кажа ім: "Так! Ці вы ніколі не чыталі: "З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты ўчыніў хвалу?"" 17. І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду да Бэта?ніі, і правёў там ноч. 18. А раніцою, вяртаючыся ў горад, адчуў голад. 19. І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падыйшоў да яго, і нічога не знайшоў на ім, акрамя адной лістоты, і кажа да яго: "Няхай больш ня будзе з цябе плоду да веку". І адразу ж засохла дрэва фігавае. 20. І, убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся, кажучы: "Як гэта адразу ж засохла дрэва фігавае?" 21. А Ісус, адказваючы, сказаў ім: "Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня будзеце сумнявацца, ня толькі зробіце тое, што з дрэвам фігавым, але калі і гары гэтай скажаце: "Будзь узятая і кінутая ў мора", - станецца. 22. І ўсё, што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце". 23. І калі прыйшоў Ён у сьвятыню, падыйшлі да Яго, калі Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: "Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?" 24. А Ісус, адказваючы, сказаў ім: "Спытаюся і Я ў вас адно слова; калі на гэта скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. 25. Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?" Яны ж разважалі між сабою, кажучы: "Калі скажам: "З неба", - Ён скажа нам: "Чаму ж вы не паверылі яму?" 26. А калі скажам: "Ад людзей", - баімся натоўпу, бо ўсе маюць Яна за прарока". 27. І, адказваючы, сказалі Ісусу: "Ня ведаем". І Ён сказаў ім: "І Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае раблю. 28. А як вы думаеце: чалавек меў двух дзяцей, і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: "Дзіцятка, ідзі сёньня працаваць у вінаграднік мой". 29. Той жа, адказваючы, сказаў: "Не хачу", а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў. 30. І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той, адказваючы, сказаў: "Іду, пане", і не пайшоў. 31. Каторы з двух выканаў волю бацькі?" Кажуць Яму: "Першы". Кажа ім Ісус: "Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ідуць наперадзе вас у Валадарства Божае. 32. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніцы паверылі яму; вы ж, бачачы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму. 33. Паслухайце другую прыповесьць: быў нейкі чалавек, гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім тоўчню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў. 34. Калі ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць плады свае. 35. І схапілі вінаградары слугаў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага ўкаменава?лі. 36. Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, чым раней; і з імі зрабілі тое самае. 37. Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: "Пасаромеюцца сына майго". 38. А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: "Гэта спадкаемца! Хадзем, заб'ем яго і атрымаем спадчыну ягоную". 39. І, схапіўшы яго, выгналі вон з вінаградніку і забілі. 40. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?" 41. Кажуць Яму: "Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час". 42. Кажа ім Ісус: "Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: "Каме?нь, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых". 43. Дзеля гэтага кажу вам, што будзе забранае ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які ўчыняе плады ягоныя. 44. І той, хто ўпадзе на гэты каме?нь, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць". 45. І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён гаворыць пра іх. 46. І, шукаючы ўзяць Яго, збаяліся натоўпаў, таму што яны мелі Яго за прарока.

Разьдзел 22

1. І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў з імі ў прыповесьцях, кажучы: 2. "Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які справіў вясельле для сына свайго. 3. І ён паслаў слугаў сваіх клікаць пакліканых на вясельле; і тыя не хацелі прыйсьці. 4. Зноў паслаў ён іншых слугаў, кажучы: "Скажыце пакліканым: Вось, я падрыхтаваў бяседу маю, валы? мае? і, што ўкормлена, зарэзаны, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вясельле". 5. А яны, ня дбаючы на тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю. 6. А іншыя, узяўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі. 7. Пачуўшы пра гэтае, валадар загневаўся і, паслаўшы жаўнераў сваіх, выгубіў забойцаў тых, і горад іхні спаліў. 8. Тады кажа ён слугам сваім: "Сапраўды, вясельле падрыхтаванае, але пакліканыя не былі вартыя. 9. Дык пайдзіце на ростані дарог, і ўсіх, каго знойдзеце, клічце на вясельле". 10. І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, злых і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей. 11. Увайшоўшы ж пабачыць тых, што ўзьлягалі, валадар убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельнае адзеньне, 12. і кажа яму: "Дружа, як ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнага адзеньня?" Той жа маўчаў. 13. Тады сказаў валадар слугам: "Зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў. 14. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных"". 15. Тады, пайшоўшы, фарысэі зрабілі нараду, як злавіць Яго ў словах. 16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: "Настаўнік! Мы ведаем, што Ты праўдзівы і пра шлях Божы паводле праўды навучаеш, і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на аблічча людзей. 17. Дык скажы нам, як Ты думаеш, ці належыцца даваць дані?ну цэзару, ці не?" 18. А Ісус, разумеючы зласьлівасьць іхнюю, сказаў: "Чаму спакушаеце Мяне, крывадушнікі? 19. Пакажыце Мне манэту для даніны". Яны ж прынесьлі Яму дынар. 20. І кажа ім: "Чый гэта вобраз і надпіс?" 21. Кажуць Яму: "Цэзара". Тады кажа ім: "Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а што Божае, - Богу". 22. І, пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адыйшлі. 23. У той дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго: 24. "Настаўнік, Майсей сказаў: "Калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, брат ягоны няхай возьме жонку ягоную і адновіць насеньне брату свайму". 25. Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы насеньня, пакінуў жонку сваю брату свайму. 26. Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага. 27. Пасьля ўсіх памерла і жонка. 28. Дык пры ўваскрасеньні якога з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе". 29. Адказваючы, Ісус сказаў ім: "Вы памыляецеся, ня ведаючы ані Пісаньня, ані моцы Божае. 30. Бо пры ўваскрасеньні ані жэняцца, ані замуж выходзяць, але будуць як анёлы Божыя ў небе. 31. А наконт уваскрасеньня мёртвых, ці не чыталі вы сказанага вам Богам, Які кажа: 32. "Я - Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба!" Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых". 33. І, пачуўшы, натоўпы дзівіліся з навукі Ягонай. 34. А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў змоўкнуць садукеяў, сабраліся супраць Яго. 35. І спытаўся адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы: 36. "Настаўнік, якое найбольшае прыказаньне ў Законе?" 37. А Ісус сказаў яму: ""Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім". 38. Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне. 39. Другое ж падобнае да яго: "Любі бліжняга свайго, як самога сябе". 40. На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі". 41. А ў фарысэяў, якія сабраліся, Ісус спытаўся, 42. кажучы: "Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?" Кажуць Яму: "Давіда". 43. Кажа ім: "Як жа Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы: 44. "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх". 45. Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён - сын ягоны?" 46. І ніхто ня змог адказаць Яму ані слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.

Разьдзел 23

1. Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і вучняў Сваіх, 2. кажучы: "На Майсеевай лаве паселі кніжнікі і фарысэі. 3. Дык усё, што скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх, бо яны кажуць і ня робяць. 4. Бо яны вяжуць цяжары цяжкія і невыносныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі пальцам сваім ня хочуць зрушыць іх. 5. Усе ж учынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць крысо шатаў сваіх, 6. і любяць першыя месцы на вячэрах і першыя месцы ў сынагогах, 7. і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: "Ра?ббі, ра?ббі!" 8. А вы не называйцеся "ра?ббі", бо адзін у вас Настаўнік - Хрыстос, а ўсе вы - браты. 9. І айцом сабе не называйце [нікога] на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які ў небе. 10. І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік - Хрыстос. 11. А большы з вас няхай будзе вам за слугу. 12. Усякі ж, хто ўзвысіць сябе, пані?жаны будзе, а хто паніжа?е сябе, будзе ўзвышаны. 13. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсьці. 14. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што аб'ядаеце дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моліцеся; за гэта атрымаеце цяжэйшы прысуд. 15. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што абыходзіце мора і сухмень, каб зрабіць хоць аднаго празэлітам, і, калі станецца, робіце яго сынам геенны, удвая [горшым] за вас. 16. Гора вам, павадыры сьляпыя, якія кажаце: "Калі хто прысягне бажніцаю, гэта нічога, а калі хто прысягне золатам бажніцы, дык вінен". 17. Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: золата або бажніца, якая асьвячае золата? 18. І: "Калі хто прысягне ахвярнікам, гэта нічога, а калі хто прысягне дарам, які на ім, дык вінен". 19. Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: дар або ахвярнік, які асьвячае дар? 20. Дык той, хто прысягае ахвярнікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім; 21. і хто прысягае бажніцаю, прысягае ёю і Тым, Хто жыве ў ёй; 22. і хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім. 23. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяцё дзесяціну з мяты, аніжу і кмену, і пакінулі найважнейшае ў Законе: суд, і міласэрнасьць, і веру; гэтае трэба было рабіць, і таго не пакідаць. 24. Павадыры сьляпыя, якія адцэджваеце камара, а глытаеце вярблюда! 25. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце звонку келіх і місу, а ўнутры яны напоўненыя рабункам і непаўстрыманасьцю. 26. Фарысэй сьляпы, ачысьці перш знутры келіх і місу, каб і звонку сталіся чыстымі. 27. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што падобныя да магілаў пава?пленых, якія звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры напоўненыя косткамі мёртвых і ўсялякай нячыстасьцю. 28. Гэтак і вы звонку выглядаеце людзям праведнымі, а ўнутры поўныя крывадушнасьці і беззаконьня. 29. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і аздабляеце надмагільлі праведнікаў, 30. і кажаце: "Калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі іхнімі ў крыві прарокаў". 31. Так што вы самі сьведчыце, што вы - сыны тых, якія забівалі прарокаў. 32. Дапаўняйце ж меру бацькоў вашых. 33. Зьмеі, спараджэньні яхідны, як уцячэце вы асуджэньня ў геенну? 34. Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і вы адных заб'яцё і ўкрыжуеце, і іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад. 35. Няхай жа прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Абэля праведнага да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між бажніцаю і ахвярнікам. 36. Сапраўды кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на пакаленьне гэтае. 37. Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі. 38. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. 39. Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, пакуль ня скажаце: "Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада"".

Разьдзел 24

1. І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні. 2. А Ісус сказаў ім: "Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня? на камяні?, які б ня быў зруйнаваны". 3. А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: "Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?" 4. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: "Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас, 5. бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: "Я - Хрыстос", - і шмат каго падмануць. 6. Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец. 7. Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі. 8. А ўсё гэтае - пачатак му?каў. 9. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё. 10. І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго. 11. І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх. 12. І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў. 13. А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. 14. І будзе абвешчанае гэтае Эва?нгельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец. 15. Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, - хто чытае, няхай зразумее, - 16. тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы, 17. хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго, 18. і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё. 19. Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні. 20. Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу. 21. Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе. 22. І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні. 23. Тады, калі хто скажа вам: "Вось, тут Хрыстос, ці там", - ня верце. 24. Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных. 25. Вось, Я наперад сказаў вам. 26. Дык, калі скажуць вам: "Вось, Ён у пустыні", - не выходзьце; "Вось, Ён у пакоях", - ня верце. 27. Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага. 28. Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы. 29. А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца. 30. І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю. 31. І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго. 32. У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета. 33. Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах. 34. Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца. 35. Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць. 36. А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін. 37. Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага. 38. Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, 39. і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага. 40. Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца. 41. Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца. 42. Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе. 43. Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой. 44. Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце. 45. Хто такі верны і мудры слуга, якога пан ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час? 46. Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак. 47. Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго. 48. А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: "Марудзіць прыйсьці пан мой", - 49. і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п'яніцамі, - 50. прыйдзе пан слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае, 51. і адлучыць яго, і ўчы?ніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.

Разьдзел 25

1. Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху. 2. А пяць з іх былі мудрыя, і пяць - дурныя. 3. Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею. 4. А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі. 5. А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі. 6. А сярод ночы ўзьняўся крык: "Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!" 7. Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае. 8. Дурныя ж сказалі мудрым: "Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць". 9. А мудрыя адказалі, кажучы: "Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе". 10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя. 11. А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: "Пане, пане! Адчыні нам!" 12. Ён жа, адказваючы, сказаў: "Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас". 13. Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы. 14. Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю. 15. І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму - два, а іншаму - адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў. 16. Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другіх пяць талентаў. 17. Гэтаксама і той, [які ўзяў] два, прыдбаў і другія два. 18. А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра пана свайго. 19. Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і раху?ецца з імі. 20. І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: "Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх". 21. А пан ягоны мовіў яму: "Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго". 22. Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: "Пане, два таленты ты мне даў, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх". 23. Мовіў яму пан ягоны: "Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго". 24. А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: "Пане, я ведаю цябе, што ты - чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпа?ў. 25. І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю: вось, трымай тваё". 26. Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: "Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпа?ў. 27. Дык мусіў ты аддаць срэбра маё мянялам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам. 28. Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў. 29. Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго. 30. А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў". 31. А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй. 32. І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. 33. І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў - леваруч. 34. Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: "Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету. 35. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне, 36. быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне". 37. Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: "Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі? 38. Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі? 39. Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?" 40. І, адказваючы, Валадар скажа ім: "Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі". 41. Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д'яблу і анёлам ягоным. 42. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне; 43. быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне". 44. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?" 45. Тады адкажа Ён ім, кажучы: "Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі". 46. І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі - у жыцьцё вечнае".

Разьдзел 26

1. І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы, сказаў вучням Сваім: 2. "Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне". 3. Тады сабраліся першасьвятары, і кніжнікі, і старшыні народу на падворак першасьвятара на імя Каяфа. 4. І радзіліся яны, каб узяць Ісуса подступам і забіць. 5. Але казалі: "Ня ў сьвята, каб ня сталася замяшаньня ў народзе". 6. А Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага. 7. Падыйшла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збанок міра шматкаштоўнага, і выліла на галаву Ягоную, калі Ён узьлягаў. 8. Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся, кажучы: "Навошта гэткае марнаваньне? 9. Бо можна было добра прадаць гэтае міра і раздаць убогім". 10. А Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: "Што робіце прыкрасьць жанчыне? Бо яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне. 11. Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце. 12. Бо выліўшы міра гэтае на цела Маё, яна ўчыніла гэта на пахаваньне Маё. 13. Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эва?нгельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе". 14. Тады пайшоў адзін з Дванаццаці, называны Юда Іскарыёт, да першасьвятароў. 15. Ён сказаў: "Што хочаце мне даць, і я вам выдам Яго?" А яны паставілі яму трыццаць срэбнікаў. 16. І з таго часу ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго. 17. А ў першы дзень Праснакоў падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы Яму: "Дзе хочаш падрыхтаваць Табе есьці Пасху?" 18. Ён жа сказаў: "Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: "Настаўнік гаворыць: 'Час Мой блізкі; у цябе ўчыню Пасху з вучнямі Маімі'"". 19. І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус; і падрыхтавалі Пасху. 20. А калі настаў вечар, Ён узьлёг з Дванаццацьцю. 21. І, калі яны елі, Ён сказаў: "Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне". 22. І, надта засмуціўшыся, яны пачалі гаварыць Яму, кожны з іх: "Ці ня я, Госпадзе?" 23. Ён жа, адказваючы, сказаў: "Той, які мачае са Мною руку ў місе, гэты выдасьць Мяне. 24. Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б яму, каб ня быў нарадзіўшыся чалавек гэты". 25. Адказваючы, Юда, які выдаў Яго, сказаў: "Ці ня я, Раббі?" Кажа яму: "Ты сказаў". 26. Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў вучням, і сказаў: "Бярыце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё". 27. І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: "Піце з яго ўсе, 28. бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў. 29. Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду яго піць з вамі новае ў Валадарстве Айца Майго". 30. І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную. 31. Тады кажа ім Ісус: "Усе вы згоршыцеся дзеля Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: "Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі статку". 32. Але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею". 33. Адказваючы, Пётар сказаў Яму: "Калі і ўсе згоршацца дзеля Цябе, я ніколі ня згоршуся". 34. Сказаў яму Ісус: "Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне". 35. Кажа Яму Пётар: "Калі б мусіў і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе". Таксама гаварылі і ўсе вучні. 36. Тады ідзе з імі Ісус у месца, званае Гетсэманія, і кажа вучням: "Пасядзіце тут, пакуль Я, адыйшоўшы, памалюся там". 37. І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэя, пачаў тужыць і сумаваць. 38. Тады кажа ім: "Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною". 39. І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, молячыся і кажучы: "Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты". 40. І прыходзіць да вучняў, і знаходзіць іх у сьне, і кажа Пятру: "Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны чуваць са Мною? 41. Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае". 42. Ізноў, другі раз адыйшоўшы, маліўся, кажучы: "Ойча Мой! Калі ня можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яго, няхай станецца воля Твая!" 43. І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне; бо вочы іхнія абцяжэлі. 44. І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы, маліўся трэці раз, кажучы тое самае слова. 45. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: "Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў. 46. Уставайце, хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае". 47. І калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім шматлікі натоўп з мячамі і кала?мі ад першасьвятароў і старшыняў народу. 48. А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён; бярыце Яго". 49. І адразу, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: "Радуйся, Раббі!", і пацалаваў Яго. 50. А Ісус сказаў яму: "Дружа, дзеля чаго ты прыйшоў?" Тады тыя, што прыйшлі, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго. 51. І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выхапіў меч свой і, ударыўшы слугу першасьвятара, адсек яму вуха. 52. Тады кажа яму Ісус: "Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць. 53. Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? 54. Як жа споўніцца Пісаньне, што гэта мусіць стацца?" 55. У тую гадзіну сказаў Ісус натоўпу: "Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кала?мі схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы не хапалі Мяне. 56. А гэта ўсё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў". Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. 57. А тыя, што схапілі Ісуса, завялі [Яго] да першасьвятара Каяфы, дзе былі сабраныя кніжнікі і старшыні. 58. Пётар жа ішоў за Ім здалёк аж да падворку першасьвятара; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сеў з паслугачамі, каб бачыць канец. 59. А першасьвятары і старшыні, і ўвесь сынэдрыён шукалі фальшывага сьведчаньня супраць Ісуса, каб забіць Яго. 60. І не знаходзілі; і многія фальшывыя сьведкі, што прыходзілі, не знайшлі. Нарэшце, два фальшывыя сьведкі, якія прыйшлі, 61. сказалі: "Ён прамаўляў: "Магу зруйнаваць бажніцу Божую і ў тры дні збудаваць яе"". 62. І, устаўшы, першасьвятар сказаў Яму: "Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?" 63. А Ісус маўчаў. І, адказваючы, першасьвятар сказаў Яму: "Заклінаю Цябе Богам жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты - Хрыстос, Сын Божы?" 64. Кажа яму Ісус: "Ты сказаў. Да таго кажу вам: адгэтуль угледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і ідзе на аблоках нябесных". 65. Тады першасьвятар разьдзёр шаты свае, кажучы: "Ён блю?зьніць! Якую яшчэ маем патрэбу ў сьведках? Вось, цяпер вы пачулі блюзьне?рства Ягонае. 66. Што вы думаеце?" Яны ж, адказваючы, сказалі: "Ён варты сьмерці". 67. Тады плявалі Яму ў аблічча і білі Яго; а іншыя білі Яго па шчоках, 68. кажучы: "Прараку?й нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?" 69. А Пётар сядзеў звонку, на падворку, і падыйшла да яго адна служка, кажучы: "І ты быў з Ісусам Галілейцам". 70. Ён жа адрокся перад усімі, кажучы: "Ня ведаю, што ты кажаш". 71. Калі ж ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа тым, якія былі там: "І гэты быў з Ісусам з Назарэту". 72. І ён ізноў адрокся з прысягаю, што ня ведае Чалавека Гэтага. 73. Неўзабаве тыя, што падыйшлі і стаялі там, сказалі Пятру: "Праўда, і ты з іх, бо і гаворка твая выяўляе цябе". 74. Тады ён пачаў бажыцца і прысягаць, што ня ведае Чалавека Гэтага. І адразу запяяў певень. 75. І ўзгадаў Пётар слова Ісуса, сказанае яму: "Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне". І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка.

Разьдзел 27

1. А калі настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу мелі нараду адносна Ісуса, каб забіць Яго. 2. І, зьвязаўшы Яго, павялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, ваяводзе. 3. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срэбнікаў першасьвятарам і старшыням, 4. кажучы: "Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную". Яны ж сказалі яму: "Што нам да гэтага? Глядзі сам". 5. І, кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся. 6. А першасьвятары, узяўшы срэбра, сказалі: "Нельга кінуць іх у скарбонку, бо яны - цана крыві". 7. Зрабіўшы ж нараду, яны купілі за іх поле ганчара, каб хаваць чужынцаў. 8. Дзеля гэтага завецца поле тое "полем крыві" аж да сёньня. 9. Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: "І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля, 10. і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад". 11. А Ісус стаў перад ваяводам; і спытаўся ў Яго ваявода, кажучы: "Ты - Валадар Юдэйскі?" Ісус жа сказаў яму: "Ты кажаш". 12. І, калі абвінавачвалі Яго першасьвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў. 13. Тады кажа Яму Пілат: "Ня чуеш, колькі сьведчаць супраць Цябе?" 14. І не адказаў яму ніводнага слова, так што ваявода надта дзівіўся. 15. А на сьвята ваявода меў звычай вызваляць натоўпу аднаго вязьня, якога яны хочуць. 16. Мелі ж тады знакамітага вязьня, называнага Барабба. 17. Дык калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: "Каго хочаце, каб я вызваліў вам: Бараббу ці Ісуса, называнага Хрыстом?" 18. Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго. 19. Калі ён сядзеў на судовым пасадзе, жонка ягоная паслала да яго, кажучы: "Няма нічога табе і Праведніку Гэтаму, бо я шмат перацярпела сёньня ў-ва сьне дзеля Яго". 20. Але першасьвятары і старшыні пераканалі натоўп, каб прасілі Бараббу, а Ісуса загубілі. 21. Адказваючы, ваявода сказаў ім: "Каго хочаце з гэтых двух, каб я вызваліў вам?" Яны ж сказалі: "Бараббу". 22. Кажа ім Пілат: "Што тады я ўчыню Ісусу, называнаму Хрыстом?" Кажуць яму ўсе: "Няхай будзе ўкрыжаваны!" 23. А ваявода сказаў: "Дык якое зло ўчыніў Ён?" А яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: "Няхай будзе ўкрыжаваны!" 24. Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад натоўпам, кажучы: "Бязьвінны я ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце". 25. І, адказваючы, увесь народ сказаў: "Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!" 26. Тады ён вызваліў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў укрыжаваны. 27. Тады жаўнеры ваяводы, узяўшы Ісуса да прэторыі, сабралі на Яго ўсю кагорту. 28. І, зьняўшы з Яго [ўсё], усклалі на Яго плашч пунсовы, 29. і, сплёўшы вянок з церня, усклалі на галаву Ягоную, і [далі] трысьціну ў правую руку Ягоную, і, кленчучы перад Ім, зьдзекваліся з Яго, кажучы: "Радуйся, Валадару Юдэйскі!" 30. І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай. 31. І, калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго плашч, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне. 32. А выходзячы, яны знайшлі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; яго прымусілі, каб нёс крыж Ягоны. 33. І прыйшлі на месца, называнае Гальгота, што азначае Месца Чэрапа. 34. Яны далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць. 35. А тыя, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае праз прарока: "Падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя". 36. І, пасеўшы, пільнавалі Яго там. 37. І зьмясьцілі над галавою Яго надпіс пра віну Ягоную: "Гэта Ісус, Валадар Юдэйскі". 38. Тады былі ўкрыжаваныя з Ім разам два разбойнікі: адзін - праваруч, а другі - леваруч. 39. А тыя, што праходзілі міма, блю?зьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі 40. і кажучы: "Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, збаў Сябе Самога! Калі Ты - Сын Божы, зыйдзі з крыжа!" 41. Таксама і першасьвятары з кніжнікамі і старшынямі, зьдзекуючыся, казалі: 42. "Іншых збаўляў, а Сябе ня можа збавіць! Калі Ён - Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму. 43. Спадзяваўся на Бога, няхай Ён цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо Ён казаў: "Я - Сын Божы"". 44. Да таго і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго. 45. А ад шостае гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае. 46. Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: "Элі?! Элі?! Лама? сабахтані??", што значыць: "Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?" 47. А некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, казалі: "Ён Ільлю кліча". 48. І адразу адзін з іх, пабегшы, і ўзяўшы губку, і напоўніўшы яе воцатам, і ўсклаўшы на трысьціну, даваў Яму піць. 49. А іншыя казалі: "Пакінь, паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго". 50. А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа. 51. І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся. 52. І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых папаўставала, 53. і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім. 54. Сотнік жа і тыя, што з ім пільнавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што сталася, страхам напалохаліся, кажучы: "Праўда, Ён - Сын Божы". 55. Было там шмат жанчынаў, што глядзелі здалёк, якія ішлі за Ісусам з Галілеі, паслугуючы Яму. 56. Між імі былі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба і Ёсіі, і маці сыноў Зэбэдэя. 57. А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса. 58. Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. 59. І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю 60. і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў. 61. Былі ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы. 62. А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата, 63. кажучы: "Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: "Праз тры дні ўваскрэсну". 64. Дык загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб не прыйшлі вучні Ягоныя ўначы, і ня ўкралі Яго, і не сказалі народу: "Ён уваскрос з мёртвых". І будзе апошні падман горшы першага". 65. Пілат жа прамовіў да іх: "Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце". 66. Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень.

Разьдзел 28

1. Пасьля суботы, пры надыходзе першага дня пасьля суботы, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. 2. І вось стаўся вялікі землятрус; бо анёл Госпадаў, зыйшоўшы з неба, падыйшоўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сеў на ім. 3. А выгляд ягоны быў, як бліскавіца, і адзеньне ягонае белае, як сьнег. 4. І ад страху прад ім затрэсьліся вартаўнікі і сталіся як мёртвыя. 5. А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: "Ня бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага. 6. Яго няма тут, бо Ён уваскрос, як казаў. Хадзіце, паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад. 7. І, хутка пайшоўшы, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых, і вось, ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам". 8. І, выйшаўшы хутка з магілы, яны са страхам і радасьцю вялікай пабеглі паведаміць вучням Ягоным. 9. Калі ж яны ішлі паведаміць вучням Ягоным, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: "Радуйцеся!" І яны, падыйшоўшы, абнялі ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму. 10. Тады кажа ім Ісус: "Ня бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўгледзяць Мяне". 11. Калі ж яны ішлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што сталася. 12. І тыя, сабраўшыся са старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошаў жаўнерам, 13. кажучы: "Скажыце, што вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі вы спалі. 14. І, калі пачуе пра гэта ваявода, мы пераканаем яго, і вам учынім, каб ня мелі клопату". 15. Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае між юдэямі аж да сёньня. 16. А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды вызначыў ім Ісус. 17. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся. 18. І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: "Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі. 19. Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, 20. навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку". Амэн.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: