|
ДРУГОЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ПЯТРА
Разьдзел 1
1. Сымон Пётар, слуга і апостал Ісуса Хрыста, - тым, якія прынялі з намі роўна каштоўную веру ў праведнасьці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:
2. ласка вам і супакой няхай памножацца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага.
3. Як Боская моц Ягоная падаравала нам усё дзеля жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,
4. праз якія падараваныя нам найвялікшыя і каштоўныя абяцаньні, каб праз іх сталіся вы супольнікамі Боскае прыроды, пазьбегнуўшы сапсутасьці ў пажаданьні, якое ў сьвеце,
5. дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсякую дбайнасьць, зьявіце ў веры вашай цноту, а ў цноце - разуменьне,
6. а ў разуменьні - стрыманасьць, а ў стрыманасьці - цярплівасьць, а ў цярплівасьці -пабожнасьць,
7. а ў пабожнасьці - браталюбства, а ў браталюбстве - любоў.
8. Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажаецца, вы не застанецеся бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9. Бо хто ня ма?е гэтага, той сьляпы, невідушчы, забыўся, што атрымаў ачышчэньне даўнейшых сваіх грахоў.
10. Дзеля гэтага, браты, яшчэ больш намагайцеся рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне, бо гэтак робячы, ніколі не спатыкняцёся,
11. бо гэтак шырока зьявіцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
12. Дзеля гэтага я ня буду занядбоўваць заўсёды нагадваць вам пра гэтае, хоць вы і ведаеце гэта, і ўмацаваныя ў гэтай праўдзе.
13. Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас нагадваньнем,
14. ведаючы, што хутка пакіну маю? будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне паведаміў.
15. Але буду намагацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтае.
16. Бо мы зрабілі вядомымі вам моц і прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за мудрагелістымі байкамі ідучы сьледам, але быўшы відавочцамі велічы Ягонай,
17. бо Ён прыняў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: "Гэта ёсьць Сын Мой улюблёны, у Якім ма?ю ўпадабаньне".
18. І гэты голас, які зыходзіў з неба, мы чулі, быўшы з Ім на гары сьвятой.
19. І мы маем цьвёрдае прарочае слова, і вы добра робіце, што зважаеце на яго, як на сьветач, што сьвеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне днець і ня ўзыйдзе зараніца ў сэрцах вашых,
20. разумеючы спачатку, што ніякае прароцтва з Пісаньня ня ма?е адвольнага тлумачэньня,
21. бо ніколі прароцтва не прыносілася воляй чалавека, але гаварылі яго сьвятыя Божыя людзі, ведзеныя Духам Сьвятым.
Разьдзел 2
1. Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя герэзіі і адракуцца Ўладара, Які адкупіў іх, сьцягваючы на сябе хуткую загубу.
2. І многія пойдуць сьледам за імі на загубу, і праз іх будуць блю?зьніць на шлях праўды,
3. і яны ў хцівасьці будуць падкупляць вас лісьлівымі словамі; суд для гэтакіх здаўна не бязьдзейнічае, і загуба іхняя ня дрэмле.
4. Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, кінуўшы [іх] у апраметную ў ковах змроку, аддаў пільнаваць дзеля суду;
5. і калі не пашкадаваў старадаўнага сьвету, але васьмёх з Ноем, весьнікам праведнасьці, захаваў, як навёў быў патоп на сьвет бязбожнікаў;
6. і калі гарады Садом і Гамору, зрабіўшы попелам, асудзіў на зруйнаваньне, даючы прыклад для будучых бязбожнікаў,
7. а праведнага Лота, крыўджанага бессаромным ла?дам жыцьця беззаконьнікаў, выбавіў,
8. бо гэты праведнік, жывучы? між імі, з дня ў дзень мучыў праведную душу? [сваю], бачачы і чуючы справы беззаконныя,
9. дык ведае Госпад, як выбаўляць пабожных ад спакусы, а нягоднікаў захоўваць на дзень суду дзеля пакараньня,
10. а найбольш тых, якія ідуць за целам у нячыстых пажаданьнях і пагарджаюць панаваньнем, якія дзёрзкія, самалюбныя і не баяцца блю?зьніць супраць славы,
11. тады як анёлы, большыя [за іх] магутнасьцю і сілай, не выносяць на іх перад Госпадам блюзьнерчага суду.
12. Яны, як неразумныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы і зьнішчэньне, блюзьняць на тое, чаго ня ведаюць, і ў сапсутасьці сваёй зьнішчаны будуць.
13. Яны атрымаюць нагароду няправеднасьці, за асалоду лічачы штодзённыя раскошы. Плюгаўцы і паскуднікі, яны насалоджваюцца падманамі сваімі, банкетуючы з вамі,
14. вочы маюць поўныя чужалоства і нясупыннага грэху, яны прывабліваюць ду?шы неўгрунтаваныя; дзеці праклёну, яны маюць сэрцы, спрактыкаваныя ў хцівасьці.
15. Пакінуўшы просты шлях, яны заблукалі, ідучы па шляху Білеа?ма Басоравага, які палюбіў нагароду няправеднасьці,
16. але меў дакараньне за сваё беззаконьне: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы чалавечым голасам, затрымала шаленства прарока.
17. Яны - крыніцы бязводныя, аблокі, бурай ганя?ныя, для якіх змрок цемры на вякі захоўваецца.
18. Бо гаворачы пыхліва марнасьць, яны прывабліваюць пажаданьнямі цела і бессаромнасьцю тых, якія ледзь пазьбеглі тых, што вяртаюцца да падма?ну.
19. Яны абяцаюць ім свабоду, а самі яны - слу?гі сапсутасьці, бо хто кім пераможаны, той таму і стаўся слугою.
20. Бо калі яны, уцёкшы ад апаганьваньня сьвету праз пазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, ізноў даўшы зьвязаць сябе, пераможаныя ім, апошняе для іх горш за першае.
21. Бо лепш ім было не пазнаць шляху праведнасьці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенага ім сьвятога прыказаньня.
22. Але з імі здарылася паводле праўдзівае прыказкі: "Сабака варочаецца да вані?таў сваіх, а вымытая сьвіньня? - качацца ў лужыне".
Разьдзел 3
1. Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, улюбёныя, у якім нагадваньнем пабуджаю чыстае разуменьне вашае,
2. каб вы ўзгадалі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і прыказаньне Госпада і Збаўцы, [перададзенае] апосталамі нашымі,
3. разумеючы спачатку, што ў апошнія дні прыйдуць ла?яльнікі, якія ходзяць паводле сваіх уласных пажаданьняў,
4. і кажуць: "Дзе абяцаньне прыйсьця Ягонага? Бо ад [часу], як сталі паміраць бацькі?, усё гэтак застаецца ад пачатку стварэньня".
5. Бо ад тых, якія хочуць гэтак [думаць], утоена, што нябёсы былі здаўна?, і зямля з вады і праз ваду паўстала праз Слова Божае.
6. Дзеля гэтага тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою,
7. а цяперашнія неба і зямля, якія Ягонае слова ўтрымлівае, захоўваюцца для агню на дзень суду і загубы людзей бязбожных.
8. І тое ня можа быць утоена ад вас, улюбёныя, што ў Госпада адзін дзень - як тысяча гадоў, і тысяча гадоў - як адзін дзень.
9. Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубі?ць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня.
10. Прыйдзе ж дзень Госпадаў, як злодзей уначы, і тады нябёсы з вялікім шумам прамінуць, а распаленыя стыхіі будуць разбура?цца, і зямля, і справы, што на ёй, будуць спаленыя.
11. Калі так усё гэтае разбу?рыцца, якімі мусіце быць у сьвятым ладзе жыцьця і пабожнасьці вы,
12. якія чакаеце і сьпяшаецеся [бачыць] прыйсьце дня Божага, калі нябёсы, палымне?ючы, разбу?рацца, і распа?леныя стыхіі растопяцца?
13. А мы, паводле Ягонага абяцаньня, чакаем новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасьць жыве.
14. Дзеля гэтага, улюбёныя, чакаючы гэтага, намагайцеся, каб Ён знайшоў вас у супакоі, неапаганенымі і беззаганнымі.
15. І доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўленьне, як і ўлюбёны брат наш Павал, паводле дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам,
16. як ён кажа пра гэта ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта складанае да разуменьня, што невукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і іншыя Пісаньні.
17. Дык вы, улюбёныя, ведаючы [гэта] раней, сьцеражыцеся, каб, захапіўшыся падманам беззаконьнікаў, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня,
18. і ўзрастайце ў ласцы і веданьні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны. Амэн.
Зьмест
|
|