Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

ПАСЛАНЬНЕ ДА РЫМЛЯНАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ

Разьдзел 1

1. Паўла, раб Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, выбраны дзеля абвяшчаньня Эвангельля Божага, 2. (якое Бог наперад абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях,) 3. аб Сыне Яго, (які целам радзіўся ад насеньня Давідавага па целу 4. і адкрыўся, як Сын Божы, у сіле, духам сьвятасьці праз уваскрасеньне з мёртвых) аб Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым, 5. (праз Якога мы атрымалі ласку й апостальства, каб у імя Яго прыдбаць дзеля веры ўсе народы, 6. між якімі і вы, сягоньня Ісусам Хрыстом пакліканыя), 7. усім, што ёсьць у Рыме, улюбленым Богам, пакліканым сьвятым: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 8. Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера ваша абвяшчаецца па ўсім сьвеце; 9. сьведка мне Бог, якому служу духам маім у дабравешчаньні Сына Яго, што ўсьцяж успамінаю аб вас, 10. заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб калі-небудзь давялося мне прыйсьці да вас паводле волі Божае. 11. Бо я вельмі жадаю ўгледзіць вас, каб даць вам нейкі падарунак духоўны дзеля ўмацаваньня вашага, 12. ці то парадавацца з вамі супольнаю вераю вашаю і маею. 13. Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні, што я часта думаў прыйсьці да вас (ды сустракаў перашкоды ажно па сягоньняшні дзень), каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў. 14. Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным; 15. дык, што да мяне, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме. 16. Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсьць на збаўленьне кожнаму, хто веруе, сьпярша Жыду, а потым і Грэку. 17. Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры да веры, як напісана: праведны жыць будзе вераю (Авак. 2,4). 18. Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, што маюць праўду ў няпраўдзе. 19. Бо, што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім; 20. бо нявідомае Яго, вечная сіла Яго і Божства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўданьня 21. за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаньнях сваіх, і прыцьмілася неразумнае сэрца іх: 22. кажучы аб сабе, што яны мудрыя, яны адурэлі 23. і славу нятленнага Бога замянілі на ўзор абраза тленнага чалавека і птушак, і чацьвёраногіх, і гадаў. 24. Дык і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іх нячыстасьці, каб яны апаганілі целы свае міжы сабою. 25. Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэньню замест стварыцеля, які багаслаўлены навекі, амін. 26. Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае. 27. Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстаньне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасьцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за свой блуд. 28. I, як яны ня рупіліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну, 29. і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй, напоўнены зайздрасьцяй, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі; 30. яны зьвяглівыя манюкі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацьком, 31. неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя. 32. Яны ведаюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты сьмерці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але й пахваляюць тых, хто робіць.

Разьдзел 2.

1. Дык няма выбачэньня табе, кожны чалавеча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе: бо робіш тое самае, асуджаючы. 2. А мы ведаем, што запраўды суд Божы на тых, што гэткае робяць. 3. Няўжо-ж думаеш ты, чалавеча, што ўцячэш ад суда Божага, асуджаючы тых, якія гэткае робяць, ды сам робячы тое-ж? 4. Або багацьцем дабраты, лагоднасьці і доўгацярплівасьці Божае пагарджаеш, не разумеючы, што дабрата Божая вядзе цябе да пакаяньня? 5. Але, праз упартасьць тваю і нераскаянае сэрца, ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суда ад Бога, 6. Які уздасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных: 7. тым, што сталасьцяй у добрым дзеле шукаюць славы, чэсьці й нятленнасьці, - вечнае жыцьцё; 8. а тым, што ўпіраюцца не пакараюцца праўдзе, але аддаюцца няпраўдзе, -ярасьць і гнеў. 9. Сум і уціск кожнай душы чалавека, каторы робіць благое, перш Юдэя, дый Грэка! 10. Слава-ж і чэсьць і мір усякаму, хто робіць дабро, перш Юдэю, дый Грэку! 11. Бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча. 12. Якія без закону саграшылі, без закону й загінуць, а тыя, якія ў законе саграшылі, законам засуджаны будуць 13. (бо ня тыя, што слухаюць закон, праведныя перад Богам, але тыя, што выпаўняюць, апраўданы будуць; 14. бо, калі пагане, ня маючы закону, па прыродзе робяць законнае, то, ня маючы закону, яны самі сабе закон: 15. яны паказваюць дзела закону, у сэрцах у іх напісанае, аб чым сьведчыць сумленьне іх і думкі іх, то абвінавачваючыя, то апраўдываючыя адна адну) - 16. у дзень, калі Бог судзіць будзе тайныя ўчынкі людзей, водле дабравешчаньня майго, праз Ісуса Хрыста. 17. Вось ты завешся Юдэем і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам, 18. і ведаеш волю Яго, і разумееш лепшае, навучаючыся з закону, 19. і пэўны аб сабе, што ты павадыр сьляпых, сьвятло тых, што ў цемры, 20. настаўнік няветных, вучыцель малалетніх, маючы ў законе прыклад веданьня і праўды: 21. як жа ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога? 22. Навучаючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не займайся распустай, - сам распусны. Брыдзячыся ідаламі, сьвятое крадзеш? 23. Хвалішся законам, а пераступаньнем закону Бога зьнявяжаеш? 24. Бо праз вас імя Божае зьняважаецца ў паганаў, як напісана (Ісая 52,5; Езэк. 36,20). 25. Абразаньне карысна, калі выпаўняеш закон; а калі ты праступнік закону, то абрэзаньне твае сталася неабрэзаньнем. 26. Дык, калі неабрэзаны выпаўняе пастановы закону, то ці не залічыцца яму яго неабрэзаньне за абрэзаньне? 27. I неабрэзаны па прыродзе, выпаўняючы закон, ці не асудзіць цябе, праступніка закону пры пісаньні і абрэзаньні? 28. Бо ня той Юдэй, хто (гэтакі) напаказ, і ня тое абрэзаньне, якое напаказ на целе; 29. але хто ўнутры Юдэй, і абрэзаньне ў сэрцы, па духу, а не па напісаньні; яму й пахвала не ад людзей, але ад Бога.

Разьдзел 3.

1. Дык якое пяршынства Юдэя, ці якая карысьць ад абрэзаньня? 2. Вялікае ў-ва ўсіх адносінах, а перадусім у тым, што ім даверана слова Божае. 3. Бо што-ж? калі некаторыя і ня ўверавалі, дык ці нявера іх зьнішчыць веру Божую? 4. Няхай ня станецца! Бог верны, а ўсякі чалавек ілжывы, як напісана: Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог-бы, як суджаны будзеш (Псал. 50,6). 5. Калі-ж няпраўда нашая адкрывае праўду Божую, дык што скажам? няўжо-ж Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? - кажу па чалавечаму. 6. Хай ня станецца! Бо як жа Богу судзіць сьвет? 7. Бо, калі праўда Божая маею няпраўдаю на славу Божую ўзвышаецца, за што-ж яшчэ мяне судзіць, як грэшніка? 8. I ці не рабіць нам благое, каб вышла дабро, як некаторыя абмаўляюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Праведны суд на такіх! 9. Дык што-ж? ці маем перавагу? Зусім не: бо мы ўжо даказалі, што і Юдэі, і Грэкі - усе пад грэхам, 10. як напісана: няма праведніка ніводнага; 11. няма разумеючага; няма нікога, хто шукаў-бы Бога; 12. усе зьбіліся з дарогі, усе разам нягодныя; няма, хто-б рабіў дабро, няма да адзінага (Псал. 13,1-3). 13. Горла ў іх - адчыненая магіла; языкамі сваімі зводзяць. Яд зьмеяў на вуснах іхніх (Псал. 5,10; 139,3); 14. Рот у іх поўны абмовы й гарчыні (Псал. 9,28). 15. Ногі ў іх хуткія на праліцьцё крыві; 16. зьнішчэньне і загуба на шляхох іхніх; 17. шляху міру яны не пазналі (Прып. 1,16; Ісая 59,7-8). 18. Няма страху Божага перад вачыма іх (Псал. 35,2). 19. Мы-ж ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад законам, каб кожны рот быў загароджаны, і ўвесь сьвет каб вінаватым стаўся перад Богам, 20. бо справамі закону не апраўдаецца перад ім ніякае цела; бо праз закон пазнаецца грэх. 21. Але сягоньня, незалежна ад закону, выявілася праўда Божая, аб якой сьведчаць закон і прарокі. 22. Праўда-ж Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх веруючых; бо няма розьніцы, 23. бо ўсе саграшылі і пазбаўлены славы Божае, 24. апраўдываныя дарма ласкай Ягонай, адкупленьнем, што ў Хрысьце Ісусе, 25. Якога Бог аддаў на ахвяру зьмілавальную праз веру, у крыві Ягонай, дзеля выяўленьня праўды Яго ў дараваньні грахоў, учыненых раней, 26. у час доўгацярплівасьці Божае, на выяўленьне праўды Яго ў цяперашні час, каб зьявіўся Ён праведным і апраўдываючым веруючага ў Ісуса. 27. Гдзе-ж тое, чым бы хваліцца? Выключана. Якім законам? законам учынкаў? Не, але законам веры. 28. Бо мы прызнаем, што чалавек апраўдываецца вераю, незалежна ад учынкаў закону. 29. Няўжо-ж Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не паганаў таксама? Ведама, і паганаў, 30. бо адзін ёсьць Бог, які апраўдывае абрэзаньне з веры і неабрэзаньне праз веру. 31. Дык мы зьніштажаем закон вераю? Няхай ня станецца! але ўзмацняем закон.

Разьдзел 4.

1. Што-ж, скажам, Аўраам, бацька наш, знайшоў па целу? 2. Калі Аўраам апраўдаўся ўчынкамі, ён мае пахвалу, але не перад Богам. 3. Бо што кажа пісаньне? Паверыў Аўраам Богу, і гэта залічана яму за праведнасьць (Быт. 15,6). 4. Таму, хто робіць, заплата ня з ласкі залічаецца, але з павіннасьці; 5. хто-ж ня робіць, але веруе ў Таго, Хто апраўдывае бязбожніка, вера яго залічаецца за праведнасьць. 6. Гэтак і Давід называе шчасьлівым чалавека, якому Бог залічае праведнасьць незалежна ад учынкаў: 7. Шчасьлівыя, чые беззаконнасьці дарованы і чые грахі пакрыты; 8. шчасьлівы чалавек, якому Бог не палічыць грэху (Пс. 31,1-2). 9. Ці шчаснасьць гэтая датычыцца абрэзаньня, ці і неабрэзаньня? Мы кажам, што Аўрааму вера палічана за праведнасьць. 10. Калі палічана? па абрэзаньні, ці да абрэзаньня? Не пасьля абрэзаньня, але да абрэзаньня. 11. I знак абрэзаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці праз веру, якую меў у неабрэзаньні, так што ён стаўся айцом усіх веруючых у неабрэзаньні, каб і ім залічана была праведнасьць, 12. і айцом абрэзаных ня толькі прыняўшых абрэзаньне, але і ходзячых па сьлядох веры айца нашага Аўраама, якую ён меў у неабрэзаньні. 13. Бо Аўрааму, ці насеньню яго, не законам дадзена абяцаньне, што ён будзе насьледнікам сьвету, але праведнасьцяй веры. 14. Бо, калі насьледнікі тыя, што з закону, дык апусьцее вера, зьнішчыцца абяцаньне; 15. бо закон робіць гнеў, бо гдзе няма закону, няма й праступку. 16. Дзеля гэтага з веры, каб было водле ласкі, каб абяцаньне было нязьменным для ўсяго насеньня, ня толькі для таго, што з закону, але й для таго, што з веры Аўраама, які ёсьць ацец усім нам, - 17. (як напісана: Я паставіў цябе айцом многіх народаў), - перад Богам, якому ён паверыў, ажыўляючым памершых і называючым няістнуючае, як істнуючае (Быт. 17,5). 18. Каторы, апроч надзеі, паверыў з надзеяй, праз што стаўся айцом многіх народаў, водле сказанага: Гэтак будзе насеньне твае (Быт. 15,5). 19. I, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела яго, амаль стогадовае, ужо амярцьвела, і нутро Сары замершае; 20. ня ймаў сумліву ў абяцаньні Божым нявераю, але ўзмацаваўся ў веры, аддаўшы хвалу Богу 21. і зусім пэўны, што Ён дуж і выпаўніць абяцанае. 22. Дзеля гэтага й залічана яму за праведнасьць. 23. Дый не ў адношаньні да яго аднаго напісана, што залічана яму, 24. але й у адношаньні да нас: залічана будзе й нам, веруючым у Таго, Хто ўскрасіў з памершых Ісуса, Госпада нашага, 25. Які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.

Разьдзел 5.

1. Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, 2. праз Якога й дасталі мы вераю доступ да тае ласкі, у якой стаімо і хвалімся надзеяй славы Божай. 3. Дый не адным тым, але хвалімся й горам, ведаючы, што гора робіць цярплівасьць, 4. цярплівасьць жа дасьведчаньне, дасьведчаньне надзею, 5. а надзея ня ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, які нам даны. 6. Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабымі, у азначаны час памёр за бязбожных. 7. Бо ці-ж памрэ хто за праведнага? Хіба за дабрачынцу мо хто й наважыцца памерці. 8. Але Бог Сваю любоў да нас даводзіць тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, 9. дык тым балей цяпер, калі мы апраўданы Крывёю Яго, збаўлены будзем праз Яго ад гневу. 10. Бо, калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Яго, дык шмат балей, пагадзіўшыся, уратуемся ў жыцьці Ягоным. 11. Дый не адно гэтае, але й хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі сягоньня прымірэньне. 12. Дзеля гэтага, як праз аднаго чалавека ўвайшоў у сьвет грэх і праз грэх - сьмерць, гэтак і сьмерць перайшла праз усіх людзей, бо ў ім усе саграшылі. 13. Бо і да закону грэх быў на сьвеце; але грэх не залічаецца, калі няма закону. 14. Аднак, сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, што не саграшылі падобна праступку Адама, які ёсьць узор будучага. 15. Але ня гэтак, як праступак, і дар з ласкі. Бо, калі цераз праступак аднаго памерлі многія, дык шмат балей ласка Божая, ды з ласкі аднаго чалавека, Ісуса Хрыста, хватае для многіх. 16. I дар не як за аднаго саграшыўшага; бо суд за адзін праступак на асуджэньне, а з ласкі на апраўданьне ад многіх. 17. Бо калі ад праступку аднаго сьмерць запанавала праз аднаго, дык шмат балей прымаючыя церазмернасьць ласкі і дар праведнасьці панаваць будуць у жыцьці праз аднаго Ісуса Хрыста. 18. Дык вось, як цераз праступак аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак цераз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё. 19. Бо, як непаслухмянасьцяй аднаго чалавека многія зрабіліся грэшнымі, так і паслухмянасьцяй аднаго многія зробяцца праведнымі. 20. Закон жа прыйшоў пасьля і такім чынам памножыўся праступак. А калі памножыўся грэх, церазмерна памножылася ласка, 21. каб, як грэх панаваў у сьмерці, так і ласка запанавала праз праведнасьць на жыцьцё вечнае, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.

Разьдзел 6.

1. Што-ж скажам? ці аставацца нам у грэсе, каб памнажалася ласка? Няхай ня станецца! 2. Мы, якія памерлі для грэху, як жа будзем жыць у ім? 3. Няўжо-ж ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Яго ахрысьціліся? 4. Дык мы пахавалі сябе з Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрос з памершых цераз славу Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці. 5. Бо, калі мы злучаны з Ім падабенствам сьмерці Яго, дык павінны быць злучаны і падабенствам ускрасеньня, 6. ведаючы тое, што адвечны наш чалавек раскрыжаваны з Ім разам, каб зьніштожана было грэшнае цела, каб нам ня быць ужо слугамі грэху; 7. бо хто памёр, той вызваліўся ад грэху, 8. Калі-ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што й жыць будзем з ім разам, 9. ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з памершых, ужо ня ўмірае: сьмерць ня мае ўжо ўлады над Ім. 10. Бо, што Ён памёр, дык памёр раз дзеля грэху, а што жыве, то жыве дзеля Бога. 11. Гэтак і вы лічыце сябе памёршымі дзеля грэху, жывымі-ж дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. 12. Дык няхай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам карыцца прад ім у пажадлівасьці яго; 13. і не аддавайце грэху члены вашыя, як прылады няпраўды, але Богу аддайце сябе, як ажыўшых з мёртвых, і Богу вашыя члены, як прылады праведнасьці. 14. Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю. 15. Дык што? ці пачнем грашыць, бо мы не пад законам. а пад ласкаю? Няхай ня станецца! 16. Няўжо-ж вы ня ведаеце, што, каму вы аддаецё сябе за слугі на паслухмянасьць, таго вы і слугі, каго слухаеце: ці грэху на сьмерць, ці паслухмянасьці на праведнасьць. 17. Дзякуй Богу, што вы, быўшы раней слугамі грэху, ад сэрца паслухалі таго тыпу навукі, якому аддалі сябе. 18. Вызваліўшыся-ж ад грэху, вы сталіся слугамі праўды. 19. Палюдзку гавару дзеля слабасьці цела вашага. Бо, як аддавалі вы члены вашыя за слугі нячыстасьці й беззаконнасьці на беззаконнасьць, гэтак сягоньня аддайце члены вашыя за слугі праўдзе на сьвятасьць. 20. Бо, калі вы былі слугамі грэху, былі вы вольнымі ад праўды. 21. Які-ж плод мелі вы тагды, што цяпер гэтага сароміцеся? Бо канец гэтага - сьмерць. 22. Але цяпер, вызваліўшыся ад грэху і стаўшыся рабамі Бога, маеце плод свой на сьвятасьць, а канец - жыцьцё вечнае. 23. Бо заплата за грэх - сьмерць, а дар Божы - жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Разьдзел 7.

1. Ці-ж вы ня ведаеце, браты (бо кажу да ведаючых закон), што закон мае ўладу над чалавекам, пакуль той жыве? 2. Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі муж памрэ, яна звальняецца ад мужа. 3. Дзеля гэтага, калі пры жывым мужу будзе другога, блудніцай называцца будзе; калі-ж памрэ муж, яна вольная ад закону і ня будзе блудніцай, выйшаўшы за другога мужа. 4. Гэтак і вы, браты маі, памерлі для закону праз Цела Хрыстовае, каб належаць другому, уваскросшаму з мёртвых, каб прынасіць плод Богу. 5. Бо, калі мы былі ў целе, тады юрлівасьць грахоўная, што праз закон, дзеяла ў членах вашых, каб даваць плод сьмерці; 6. цяпер жа, памершы для закону, якім былі зьвязаны, мы вызваліліся ад яго, каб нам служыць у абнаўленьні духа, а не па старой літары. 7. Што-ж скажам? Закон - грэх? Няхай ня станецца! але я не пазнаў грэху, толькі праз закон, бо я ня ведаў-бы й пажаданьня, калі-б закон не гаварыў: не пажадай (Вых. 20,16-17). 8. Але грэх, які ўзяўся праз запаведзь, выклікаў у мяне ўсякае пажаданьне; бо без закону грэх мёртвы. 9. Я жыў калісь без закону; але, калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў, 10. а я памёр; і мной было знойдзена, што запаведзь, якая на жыцьцё, яна на сьмерць, 11. бо грэх, які ўзяўся праз запаведзь, зьвёў мяне і забіў ею; 12. дзеля гэтага закон сьвят, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая. 13. Дык няўжо-ж добрае сталася мне сьмерцяй? Няхай ня станецца! Але грэх, каб зьявіўся грэхам, праз добрае робіць мне сьмерць, каб грэх быў цераз меру грэшным праз запаведзь. 14. Бо мы ведаем, што закон духоўны, а я цялесны, адданы пад грэх. 15. Бо не разумею, што роблю, бо ня тое роблю, што хачу, але, што ненавіджу, тое роблю. 16. Калі-ж роблю тое, чаго не хачу, то згаджаюся з законам, што ён добры, 17. і цяперака ўжо ня я роблю, але грэх, што жыве ў-ва мне. 18. Бо ведаю, што ня жыве ў-ва мне (гэта ёсьць у целе маім) добрае; бо жаданьне ёсьць у-ва мне, але каб зрабіць добрае, таго не знаходжу. 19. Бо добрага, што хачу, ня роблю, а благое, якога не хачу, роблю. 20. Калі-ж роблю тое, чаго не хачу, ужо ня я роблю гэта, але грэх, што жыве ў-ва мне. 21. I вось я знаходжу закон, што, калі хачу рабіць добрае, ляжыць прада мною благое. 22. Бо, водле нутранога чалавека, знаходжу здаваленьне ў законе Божым; 23. але ў членах маіх бачу другі закон, што змагаецца з законам розуму майго і робіць мяне рабом закону грэху, які ёсьць у членах маіх. 24. Нешчасьлівы я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці? 25. Дзякую Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык жа сам я розумам маім служу закону Божаму, а целам закону грэху.

Разьдзел 8.

1. Дык вось няма цяпер ніякага асуджэньня тым, што ў Хрысьце Ісусе не паводле цела, але паводле духа ходзяць, 2. бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе звольніў мяне ад закону грэху й сьмерці. 3. Як закон, аслаблены целам, быў бяссільны, дык Бог, паслаўшы Сына Свайго ў кшталце цела грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у целе, 4. каб апраўданьне закону выпаўнілася ў нас, каторыя ня водле цела, але водле духа ходзім. 5. Бо тыя, што водле цела жывуць, аб цялесным думаюць; а тыя, што водле духа, - аб духоўным. 6. Бо думкі цялесныя ёсьць сьмерць, а думкі духоўныя - жыцьцё і мір, 7. бо цялесныя думкі ёсьць варожасьць да Бога: бо не пакараюцца закону Божаму дый ня могуць. 8. Тыя-ж, што жывуць водле цела, Богу дагадзіць ня могуць. 9. Але вы ня ў целе, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі-ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той і не Ягоны. 10. Калі-ж у вас Хрыстос, дык цела мёртва дзеля грэху, а дух жывы дзеля праведнасьці. 11. Калі-ж Дух Таго, Хто ўскрасіў із мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, Хто ўскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы сьмяротныя целы Духам Сваім, што жыве ў вас. 12. Дык вось, браты, мы даўжнікі ня цела, каб жыць водле цела; 13. бо, калі жывецё водле цела, то памрэцё; а калі духам цялесныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце. 14. Бо ўсе, Духам Божым ведзеныя, ёсьць Сыны Божыя; 15. бо вы ня прынялі духа няволі ізноў на страх, але прынялі Духа ўсынаўленьня, у якім і клічам: Авва, Ойча! 16. Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя, 17. а калі дзеці, дык і насьледнікі: насьледнікі Божыя, насьледнікі супольне з Хрыстом, калі і церпім з Ім мукі, дык каб з Ім і ўславіцца. 18. Бо думаю, што мукі цяперашняга часу недастойныя тае славы, што мае выявіцца ў нас. 19. Бо надзея стварэньня чакае адкрыцьця сыноў Божых, 20. бо стварэньне пакарылася марнасьці не самахоць, але па волі пакарыўшага, у надзеі, 21. што й само стварэньне вызвалена будзе з няволі тленьня на волю славы дзяцей Божых. 22. Бо ведаем, што ўсё стварэньне разам стогне й мучыцца дагэтуль, 23. дый ня толькі яно, але й мы самі, што маем зачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, ждучы ўсынаўленьня, выкупленьня цела нашага. 24. Бо мы вызвалены надзеяй. Надзея-ж бачаная ня ёсьць надзея; бо калі хто бачыць, дык чаго яму й спадзявацца? 25. Але, калі спадзяемся таго, чаго ня бачым, дык чакаем цярпліва. 26. Гэтак сама й Дух дапамагае ў слабасьцях нашых; бо мы ня ведаем, аб чым маліцца, як трэба, але Сам Дух стараецца за нас стагнаньнямі нявымоўнымі. 27. Хто-ж выведывае сэрцы, Той ведае, якая думка ў Духа, бо Ён стараецца за сьвятых па волі Божай. 28. Дый ведаем, што тым, хто любіць Бога, пакліканым па Яго пастанове, усё памагае на дабро; 29. бо, каго Ён наперад пазнаў, тым наперад і празначыў быць падобнымі да абраза Сына Свайго, каб Ён быў першаком між многімі братамі; 30. а каго наперад празначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і уславіў. 31. Дык што-ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? 32. Той, які Сына Свайго пе пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго? 33. Хто будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, Які апраўдывае. 34. Хто асуджае? Хрыстос, Які памёр, але-ж і ўваскрос. Ён і праваруч Бога, Ён і просіць за нас. 35. Хто адлучыць нас ад любві Божае? Гора, ці уціск, ці перасьледаваньне, ці голад, ці нагата, ці небясьпека, ці меч? Водле напісанага: 36. За Цябе забіваюць нас кожны дзень; лічаць нас за авечкі, ахвяраваныя на зарэз (Псал. 43, 23). 37. Але ўсё гэтае перамагаем праз Палюбіўшага нас. 38. Бо я пэўны, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні ангелы, ні ўлады, ні сілы, ні цяперашняе, ні будучае, 39. ні вышыня, ні глыбіня, ні другое якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любві Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Разьдзел 9.

1. Праўду кажу ў Хрысьце, не маню, сьведчыць мне сумленьне мае ў Духу Сьвятым, 2. што вялікі для мяне сум і мука няўстанная сэрцу майму: 3. бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне целам, 4. якія ёсьць Ізраільцяне, каторых ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаведзі, і даньне законаў, і служэньне, і прырачэньні, 5. каторых і айцы, ды з іх Хрыстос целам, Каторы ёсьць над усімі Бог, багаслаўлены навекі, амін. 6. Але ня тое, каб слова Божае ня выпаўнілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, што ад Ізраіля, 7. і ня ўсе дзеці затым, што яны ад насеньня Аўраамавага, але (сказана): у Ізааку назавецца насеньне табе (Быт. 21, 12). 8. Гэта значыць: не цялесныя дзеці ёсьць дзеці Божыя, але дзеці прырачэньня прызнаюцца за насеньне. 9. А слова прырачэньня гэткае: у той жа час прыду, і ў Сары будзе сын (Быт. 18,10). 10. I не адно гэтае, але й Равэка, што зачала за адзін раз ад Ізаака, айца нашага; 11. бо, калі яны яшчэ не нарадзіліся іне зрабілі нічога добрага ці благога (каб пастанова Божая ў выбраньні аставалася не з учынкаў, але ад Таго, Хто кліча), 12. сказана было ёй: большы будзе ў няволі ў меншага (Быт. 25,23), 13. як і напісана: Якуба я палюбіў, а Ізава зьненавідзеў (Малах. 1,2-3). 14. Што-ж скажам? Няўжож няпраўда ў Бога? Няхай ня станецца! 15. Бо Ён кажа Майсею: памілую, каго мілую, і зьлітуюся, над кім літуюся (Вых. 33,19). 16. Дык не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які мілуе. 17. Бо Пісаньне кажа Фараону: дзеля таго самага Я й паставіў цябе, каб паказаць у табе сілу Маю, і каб імя Мае было абвяшчана па ўсей зямлі (Вых. 9,16). 18. Дык над кім хоча, зьмілуецца, а каго хоча, жорсткім робіць. 19. Ты скажаш мне: За што-ж яшчэ вінаваціць? бо хто стане насупраць волі Ягонае? 20. А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае зрабіўшаму: на што ты мяне гэтак зрабіў? 21. Ці ня ўладны ганчар пад глінаю, каб з таго-ж месіва зрабіць адно начыньне дзеля пашаннасьці, а другое дзеля непашаннасьці? 22. Што-ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і выявіць магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцяй ашчаджаў начыньні гневу, гатовыя на загубу, 23. каб разам зьявіць багацьце славы Сваей над начыньнямі міласэрдзя, якія Ён прыпас на славу, 24. дый над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але й із паганаў? 25. Як і ў Осіі кажа: Ня мой народ назаву Маім народам, і нялюбую - умілаванай (Осія 2,23); 26. і станецца, што на месцы, гдзе сказана Ім: вы ня мой народ, - там сынамі Бога Жывога названы будуць (Осія 1,10). 27. А Ісая кліча аб Ізраілю: Хаця-б лічба сыноў Ізраілявых была, як пясок у моры, (толькі) астача спасецца: 28. бо, канчаючы слова і прысьпяшаючы справядлівасьць, хутка зьдзейсьніць Госпад слова на зямі (Ісая 10,22-23). 29. I, як прапрарочыў Ісая: калі-б Госпад Саваоф не пакінуў нам насеньня, то мы былі-б, як Садом, І падобнымі сталіся-б да Гаморы (Ісая 1,9). 30. Што-ж скажам? Пагане, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры. 31. А Ізраіль, шукаючы закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці. 32. Чаму? бо ня з веры, а з дзел закону; бо спаткнуліся аб камень спаткненьня, 33. як напісана: вось кладу ў Сыоне камень спаткненьня і камень спакусы; але кожны, хто веруе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28,16; 8,14).

Разьдзел 10.

1. Браты! жаданьне майго сэрца і малітва да Бога аб Ізраілю на збаўленьне. 2. Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, ды не па розуму. 3. Бо, не разумеючы праведнасьці Божае і стараючыся паставіць уласную праведнасьць, яны не пакарыліся праведнасьці Божай; 4. бо канец закону - Хрытос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму. 5. Майсей піша аб праведнасьці, што ад закону: выпаўніўшы яго, чалавек жыць ім будзе (Ляв. 18,5). 6. А праведнасьць з веры гэтак кажа: не гавары ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе на неба? - гэта ёсьць Хрыста зьвясьці ўніз; (Другаз. 30,12) 7. або: хто зыйдзе ў бяздоньне? - гэта ёсьць Хрыста з мёртвых узьвясьці ўверх (Другазак. 30,13). 8. Але што кажа Пісаньне? Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім,- гэта ёсьць слова веры, якое абвяшчаем (Другаз. 30,14), 9. каб ты, як вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім верыць, што Бог ускрасіў яго з мёртвых, быў бы спасён, 10. бо сэрцам верыцца дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаецца дзеля збаўленьня. 11. Бо Пісаньне кажа: Кожын, хто веруе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28,16). 12. Тут няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён Госпад усіх, багаты для ўсіх, што клічуць Яго. 13. Бо кожын, хто пакліча імя Госпада, спасён будзе (Іяіль 2,32). 14. Але як клікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? Як верыць у Таго, аб Кім ня чулі? Як чуць без абвяшчаючага? 15. I як абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Водле напісанага: Як прыгожыя ногі абвяшчаючага мір, прапаведываючага добрае! (Ісая 52,7.) 16. Але ня ўсе паслухалі Эвангельля, бо Ісая кажа: Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас? (Ісая 53,1). 17. Дык вера ад слуханьня, а слуханьне ад слова Божага. 18. Але кажу: ці-ж яны ня чулі? Наадварот: на ўсю зямлю разыйшоўся голас іх, і да межаў сусьвету словы іх (Псал. 18,5). 19. Але кажу: ці-ж Ізраіль ня ведаў? Першы Майсей кажа: я збуджу ў вас рупнасьць не праз народ, узлую вас праз народ бязглузды (Другазак. 32,21). 20. А Ісая адважыўся ды кажа: Мяне знайшлі тыя, што ня шукалі, абявіўся Я тым, што ня пыталіся Мяне (Ісая 65,1). 21. Да Ізраіля-ж кажа: увесь дзень працягваў я рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпартага (Ісая 65,2).

Разьдзел 11.

1. Дык кажу: няўжо-ж Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я Ізраільцянін ад насеньня Аўраамавага, з калена Бэніямінавага. 2. Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Ці ня ведаеце, што кажа Пісаньне (у апавяданьні) аб Ільлі? як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы: 3. Госпадзе! прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Тваі зруйнавалі; астаўся я адзін, і душу маю шукаюць (3 Царств. 19,14). 4. Што-ж кажа яму (Божы) адказ? Я пакінуў Сабе сем тысячаў чалавекаў, што ня ўкленчылі перад Ваалам (3 Царств. 19,18). 5. Вось гэтак і ў цяперашні час, па выбару ласкі, захавалася рэшта. 6. Калі-ж праз ласку, дык не праз учынкі; іначай ласка ня была-б ужо ласкай. А калі праз учынкі, дык гэта ўжо ня ласка: іначай учынак ня ёсьць ужо ўчынак. 7. Што-ж? Ізраіль чаго шукаў, таго не дастаў; выбраныя дасталі, а рэшта разьлютавалася, 8. як напісана: Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, ажно па сяньняшні дзень (Ісая 29,10; Другазак. 29,4). 9. I Давід кажа: Хай будзе ім стол іх сеткаю і цянётамі, і спакусай і адплатаю; 10. няхай зацьмяцца вочы іх, каб ня бачыць, і хрыбет іх няхай будзе сагнуты назаўсёды (Псал. 68,23-24). 11. Дык кажу: няўжо-ж яны спаткнуліся, каб зусім упасьці? Няхай ня станецца. Але ад іх упадку збаўленьне паганам, каб збудзіць у іх рупнасьць. 12. Калі-ж упадак іх - багацьце сьвету, і абядненьне іх - багацьце паганам, дык колькі-ж балей іх поўня? 13. Вам-жа кажу, паганам: як Апостал паганаў, я ўслаўлю служэньне мае, 14. ці ня збуджу рупнасьці ў сваякоў маіх на целу і ці ня збаўлю некаторых з іх? 15. Бо, калі забракаваньне іх - замірэньне сьвету, дык што прыняцьце, як ня жыцьцё з мёртвых? 16. Калі рашчына сьвятая, дык і месіва; і калі корань сьвят, дык і гальлё. 17. Калі-ж некаторыя з галін адламаліся, а ты-ж, быўшы дзікай аліўкай, прышчапіўся замест іх і стаўся злучом караня й соку аліўкі, 18. дык не вывышшайся перад галінамі; калі-ж вывышшаешся, дык ня ты дзержыш корань, але корань - цябе. 19. Дык скажаш: галіны адламаліся, каб мне прышчапіцца. 20. Добра. Яны адламаліся няверыем, а ты дзержышся вераю; ня пышайся, але бойся. 21. Бо, калі Бог прыродных галін не пашкадаваў, дык глядзі, ці й цябе пашкадуе. 22. Дык бачу дабрату і срогасьць Божую: срогасьць да адпаўшых, а дабрата да цябе, калі будзеш у дабраце (Божай); іначай і ты будзеш адцяты. 23. I тыя, калі не астануцца у няверыі, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх. 24. Бо, калі ты адсечаны ад дзікое па прыродзе аліўкі і, насупраць прыродзе, прывіўся да добрае аліўкі, колькі-ж балей тыя, што згодны з прыродай, прышчэпяцца да свае аліўкі? 25. Бо не хачу пакінуць вас, браты, у няведаньні аб гэтай тайне, (каб вы былі мудрымі праз сябе), - што разьлютаваньне сталася ў Ізраілю часткова, да часу, пакуль увойдзе поўная лічба паганаў, 26. ды гэтак увесь Ізраіль спасён будзе, як напісана: прыдзе з Сыону Збавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якуба; 27. І гэта ім ад мяне запавет, калі зьніму з іх грахі іхнія (Ісая 59,20-21; 279). 28. Паводле-ж Эвангельля яны ворагі вам; а паводле выбраньня - умілаваныя Божыя дзеля айцоў. 29. Бо дары і прызваньне Божае нязьменныя. 30. Як і вы некалі былі непаслухмянымі, а цяпер памілаваны праз ненаслухмянасьць іхнюю, 31. гэтак і яны цяпер непаслухмяныя, каб праз зьмілаваньне над вамі і самі яны памілаваны былі. 32. Бо ўсіх Бог замкнуў у непаслухмянасьць, каб усіх памілаваць. 33. О, глыбіня багацьця і мудрасьці і веданьня Божага! Як недасяжныя прысуды Яго і нявысьледны шляхі Ягоныя! 34. Бо хто пазнаў розум Госпада? І ці хто быў райцам Яму? (Ісая 40,13.) 35. Ці кто даў Яму наперад, каб Ён аддаў яму? (Ісая 40,13-14.) 36. Бо ўсё з Яго і праз Яго і ў Яго. Яму слава навекі. Амін.

Разьдзел 12.

1. Вось-жа вельмі прашу вас, браты, праз міласэрдзе Божае, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, угодную Богу, на разумнае служэньне вашае, 2. і не датарноўвайцеся да веку гэтага, але пераабражайцеся абнаўленьнем розуму вашага, каб вам пазнаваць, што ёсьць Воля Божая, добрая, угодная і дасканалая. 3. Бо кажу праз дадзеную мне ласку кожнаму сярод вас: ня думайце аб сабе больш, чым трэба думаць, але думайце мудра, як Бог кожнага мерай веры надзяліў. 4. Бо, як у адным целе ў нас многа членаў, але ня ўсе члены маюць тую-ж работу, 5. гэтак мы многія складаем адно цела ў Хрысьце, а паасобку адзін для аднаго члены. 6. Калі-ж па данай нам ласцы маем розныя здольнасьці, дык, калі прароцтва, прароч па меры веры; 7. калі служэньне, служы; калі навучаеш, вучы; 8. калі напамінаеш, напамінай; калі раздаеш, дык у прастаце; калі пастаўлены над другімі, старшынствуй у шчырасьці; калі міласэрны, дык у радасьці. 9. Любоў няхай будзе ў вас некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра. 10. Братняй любоўю адзін да аднаго пяшчотныя, у пашане адзін аднаго апераджайце; 11. у рупнасьці не слабейце; духам палайце; Госпаду служыце. 12. Пацяшайцеся надзеяй; у горы будзьце цярплівымі, у малітве сталымі; 13. у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; рупліва прымайце падарожных; 14. багаслаўце тых, каторыя вас перасьледуюць; багаслаўце, а не кляніце. 15. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача. 16. Будзьце аднадумныя між сабою; ня думайце зашмат аб сабе, але да пакорных прыхіляйцеся. Ня будзьце мудрымі самі праз сябе. 17. Нікому не адплачвайце злом за зло, але старайцеся аб добрае перад усімі людзьмі. 18. Калі магчыма з вашага боку, будзьце ў згодзе з усімі людзьмі. 19. Ня мсьціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца (Божаму) гневу. Бо напісана: Мне помста, Я аддам! кажа Госпад (Другазак. 32,35). 20. Дык, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі піць хоча, напаі яго: бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугальле гарачае (Прып. 25,21-22). Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

Разьдзел 13.

1. Усякая душа няхай будзе пакорна вышэйшым уладам, бо няма ўлады, каб не ад Бога; істнуючыя-ж улады ад Бога пастаўлены. 2. Дзеля гэтага, хто працівіцца ўладзе, працівіцца Божай пастанове; хто-ж працівіцца, самі на сябе прысуд нацягнуць. 3. Бо начальнікі страшныя не для добрых дзел, але для благіх. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе; 4. бо (гэта) ёсьць Божы слуга табе на дабро, Калі-ж робіш благое, бойся, бо ён не надарма носіць меч: ён Божы слуга, імсьціцель на гнеў робячаму благое. 5. Дзеля гэтага трэба слухацца ня толькі з увагі на гнеў, але й на сумленьне. 6. Дзеля гэтага-ж вы й падаткі плаціце; бо яны Божыя служкі, гэтым самым заўсёды занятыя. 7. Дык аддавайце кожнаму належнае: каму падатак, падатак; каму мыта, мыта; каму страх, страх; каму чэсьць, чэсьць. 8. Не аставайцеся віннымі нікому нічога, апрача ўзаемнай любві; бо, хто любіць другога, выпаўніў закон. 9. Бо запаведзі: ня блудзі, не забівай, не крадзі, ня сьведчы крыва, не жадай чужога, і калі ёсьць іншая запаведзь - зьмяшчаюцца ў вось гэтым слове: любі бліжняга твайго, як самога сябе (Ляв. 19,18). 10. Любоў ня робіць благога бліжняму; дык любоў ёсьць выпаўненьне закону. 11. І гэтак (рабеце), ведаючы час, што прыйшла ўжо гадзіна збудзіцца вам зо-сну. Бо цяпер бліжэй да нас выбаўленьне, чым калі мы ўверавалі. 12. Ноч прайішла, а дзень наблізіўся: дык адкінем справы цемры і апранемся ў зброю сьвятла, 13. як у дзень, будзем хадзіць прыстойна, не ў пражорлівасьці ды пянстве, не ў юрлівасьці ды распусьце, не ў калатні ды зайздрасьці; 14. але апранецеся Госпадам Ісусам Хрыстом і не дагаджайце целу ў пажадлівасьці.

Разьдзел 14.

1. Слабога ў веры прымайце не на спрэчкі аб паглядах. 2. Бо іншы верыць, што (можна) есьці ўсё, а слабы есьць гародніну. 3. Хто есьць, не дакарай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго. 4. Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром стаіць ён, або падае; і ўстаіць, бо Бог дуж паставіць яго. 5. Іншы адрозьнівае дзень ад дня, а іншы судзіць (аднолькава) кожны дзень. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме. 6. Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу. I хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць, ды дзякуе Богу. 7. Бо ніхто з нас ня жыве для сябе, і ніхто ня ўмірае для сябе; 8. бо, калі жывем, для Госпада жывем, калі-ж уміраем - для Госпада ўміраем. I дзеля гэтага - ці жывем, ці ўміраем, мы Гасподнія. 9. Бо Хрыстос дзеля таго і намёр, і ўваскрос, і ажыў, каб валадаць і мёртвымі, і жывымі. 10. А ты чаго судзіш брата свайго? Або й ты, што паніжаеш брата свайго? Бо ўсе мы станем на суд Хрыстовы. 11. Бо напісана: Я жыву, - кажа Госпад, - перада Мною суклоніцца ўсякае калена, і ўсякі язык вызнаваць будзе Бога (Ісая 45,23). 12. Дык вось кожны з нас за сябе дасьць справаздачу Богу. 13. Ня будзем жа балей судзіць адзін аднаго, а лепей судзіце аб тым, каб як ня класьці брату спаткненьня ці спакусы. 14. Я ведаю і пэўны ў Госпадзе Ісусе, што нішто праз сябе не нячыста; толькі таму, хто лічыць што-небудзь нячыстым, - таму нячыста. 15. Калі-ж цераз страву сумуе брат твой, дык ты ўжо не паводле любві ходзіш; ня губі тваей страваю таго, за каго памёр Хрыстос. 16. Дык няхай не зьняважаецца вашае добрае. 17. Бо царства Божае ня ежа і піцьцё, але праведнасьць і мір і радасьці ў Духу Сьвятым. 18. Бо, хто ў гэтым служыць Хрысту, той угодны Богу і паважаны людзьмі. 19. Дык вось будзеш шукаць таго, што служыць дзеля міру і ўзаемнага збудаваньня. 20. Дзеля ежы ня нішчы дзела Божага: усё чыста, але блага чалавеку, які есьць праз спакусу. 21. Добра ня есьці мяса, ня піць віна і не рабіць (такога), ад чаго брат твой спатыкаецца, ці спакушаецца, ці зьнямагае. 22. Ты маеш веру? Мей сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, хто не асуджае сябе ў тым, што шануе. 23. А хто сумляваецца, калі есьць, асуджае сябе, што не па веры; а ўсё, што не па веры, грэх.

Разьдзел 15.

1. Мы, дужыя, мусім перанасіць немачы слабых, а не сабе дагаджаць. 2. Бо кожны з нас няхай дагаджае бліжняму на дабро, на збудаваньне. 3. Бо і Хрыстос не сабе дагаджаў, але, як напісана: Зьняважаньні зьняважаючых Цябе выпалі на мяне (Псал. 68,10). 4. Бо ўсё, што напісана было раней, напісана намі дзеля навукі, каб праз цярплівасьць і пацеху пісаньня мелі надзею. 5. А Бог цярплівасьці і пацехі няхай дасьць вам аднолькава думаць сярод сябе паводле навукі Хрыста Ісуса, 6. каб вы аднадушна, аднымі вуснамі выслаўлялі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста. 7. Дзеля гэтага прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую. 8. Кажу-ж, што Ісус Хрыстос стаўся служкаю абрэзаньня - дзеля праўды Божай, каб выпаўніць абяцанае айцоў. 9. А для паганаў з літасьці, каб славілі Бога, як напісана: За гэта буду славіць Цябе між паганамі і сьпяваць іменьню Твайму (Псал. 17,50). 10. I яшчэ сказана: Узьвесяліцеся, пагане, з народам Яго! (Другазак. 32,43.) 11. I яшчэ: хвалеце Госпада, усе пагане, і слаўце Яго, усе народы! (Псал. 116,1.) 12. Ісая таксама кажа: будзе корань Ясеявы і Той, што паўстане, валадаць народамі; на Яго пагане спадзявацца будуць (Ісая 11,10). 13. Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усякай радасьцяй і мірам у веры, каб вы, сілаю духа Сьвятога, абагаціліся надзеяй. 14. I сам я перакананы аб вас, браты маі, што і вы поўныя дабраты, напоўненыя усякаю ведаю і можаце навучаць адзін аднаго. 15. Сьмялей жа пісаў я вам, браты, часткова як-бы дзеля напамінаньня вам, праз даную мне ад Бога ласку 16. быць мне служкаю Ісуса Хрыста сярод паганаў, сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Божае, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, была ўгодна Богу. 17. Маю вось пахвалу ў Ісусе Хрысьце ў тым, што (датычыцца) Бога: 18. бо не адважуся сказаць што-небудзь, чаго ня зьдзеяў Хрыстос праз мяне на послух паганаў, словам і дзелам, 19. сілаю знакоў і цудаў, сілаю Духа Божага; гэтак Эвангельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерузаліму і ваколіц да Ілірыка. 20. Гэтак я стараўся абвяшчаць Эвангельле ня тым, гдзе ўжо было вядома імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужой аснове, 21. але як напісана: Каму не абвешчана аб Ім, убачаць, і хто ня чуў, даведаюцца (Ісая 52,15). 22. Цераз гэтае я шмат разоў і меў перашкоду прыйсьці да вас. 23. Цяпер жа, ня маючы больш месца ў гэных краінах, ды з даўных год маючы жаданьне прыйсьці да вас, 24. як толькі пакіруюся ў Гішпанію, прыду да вас. Бо спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, ды што вы правядзецё мяне туды, як толькі крыху нацешуся вамі. 25. Цяпер-жа я йду ў Ерузалім паслужыць сьвятым; 26. бо Македонія і Ахайя надумалі ўдзяліць нешта бедным сьвятым у Ерузаліме. Надумалі, але й вінаватыя ім. 27. Бо, калі пагане зрабіліся ўчасьнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цялесным. 28. Выпаўніўшы вось гэтае і даставіўшы ім пад пячацяй гэты плод, пайду праз вас у Гішпанію. 29. Ведаю-ж, што, калі прыду да вас, дык прыду ў поўні багаслаўленьня Эвангельля Хрыстовага. 30. Малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, памагаць мне малітвамі за мяне да Бога, 31. каб выбавіцца мне ад няверуючых у Юдэі, і каб служэньне маё для Ерузаліму было ўгодна сьвятым, 32. каб мне воляй Бога ў радасьці прыйсьці да вас і супачыць з вамі. 33. Бог жа міру з усімі вамі: Амін.

Разьдзел 16.

1. Даручаю-ж вам Фіву, сястру нашу, слугу кенхрэйскае царквы, 2. каб прынялі яе ў Госпадзе, як прыстойна сьвятым, і памаглі ёй, у чым яна будзе мець у вас патрэбу, бо і яна была заступніцай многім дый мне самому. 3. Прывітайце Прыскіллу й Акілу, супрацоўнікаў маіх, у Хрысьце Ісусе, - 4. (якія галаву сваю пакладалі за маю душу, якім ня я адзін дзякую, але і ўсе цэрквы паганаў), - і царкву, што ў іх доме. 5. Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які ёсьць зачаткам Ахайі для Хрыста. 6. Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для нас. 7. Прывітайце Андроніка і Юнія, сваякоў маіх і вязьняў са мною, якія ўславіліся між апосталамі і перш за мяне ўверавалі ў Хрыста. 8. Прывітайце Амплія, любага мне ў Госпадзе. 9. Прывітайце Урбана, сунрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, любага мне. 10. Прывітайце Апэлеса, дазнанага ў Хрысьце. Прывітайце Арыстабулявых. 11. Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце з Наркізавых тых, што ў Госпадзе. 12. Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Госпадзе. Прывітайце любую Пэрсіду, якая шмат папрацавала ў Госпадзе. 13. Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, ды матку яго і маю. 14. Прывітайце Асінкрыта, Флягонта, Ерма, Патрова, Ермія ды іншых з імі братоў. 15. Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі сьвятых. 16. Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас Хрыстовыя цэрквы. 17. Малю вас, браты, сьцеражыцеся тых, што робяць нязгоду і спакусы супраць навукі, якое вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх; 18. бо гэткія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, а свайму чэраву, ды ласкавасьцяй і красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных. 19. Бо-ж вашая паслухмянасьць веры ведама ўсім; дзеля тэтага я цешуся з вас, але жадаю, каб вы былі мудрыя на дабро і няпрыступныя на зло. 20. Бог жа міру неўзабаве скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін. 21. Вітаюць вас Цімох, супрацоўнік мой, ды Лукій, Язон і Сасіпатр, сваякі маі. 22. Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэртый, што пісаў гэтае пасланьне. 23. Вітае вас Гаій, гасьцінны для падарожных, для мяне і для ўсяе царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік мескі, і брат Кварт. 24. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін. 25. Таму-ж, хто можа вас умацаваць водле Эвангельля майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, водле адкрыцьця тайны, што ад вякоў была ўмаўчана, прарочыя пісаньні, па загаду адвечнага Бога, на послух веры абвешчана ўсім народам, - 27. Адзінаму мудраму Богу праз Ісуса Хрыста, Яму навекі хвала. Амін. 28. Пісана да Рымлянаў з Карынту цераз Фіву, служку.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: