Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПРЫПОВЕСЬЦІ ў перакладзе А.Бокуна (2016)

ПАСЛАНЬНЕ ДА РЫМЛЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА

Разьдзел 1

1. Павал, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, аддзелены дзеля Эвангельля Божага, 2. якое [Бог] раней абяцаў праз прарокаў Сваіх у сьвятых Пісаньнях, 3. пра Сына Ягонага, Які паводле цела стаўся з насеньня Давідавага, 4. вызначаны Сынам Божым у моцы паводле духа сьвятасьці праз уваскрасеньне з мёртвых, пра Ісуса Хрыста, Госпада нашага, 5. праз Якога мы атрымалі ласку і апостальства на паслухмянасьць веры ва ўсіх народах, дзеля імя Ягонага, 6. сярод якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, - 7. усім, якія ёсьць у Рыме, улюбёным Бога, пакліканым сьвятым: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 8. Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера ваша абвяшчаецца ва ўсім сьвеце. 9. Бо сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у Эвангельлі Сына Яго, што несупынна ўзгадваю вас, 10. заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб некалі ўжо давялося мне з волі Божае прыйсьці да вас. 11. Бо я жадаю бачыць вас, каб даць вам нейкі дар духоўны дзеля ўмацаваньня вашага, 12. гэта значыць, суцешыцца супольна з вамі вераю адзін аднога, вашаю і маёю. 13. Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што я часта пастанаўляў прыйсьці да вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народах, і забаронена мне было аж дагэтуль. 14. Я вінаваты і Грэкам, і барбарам, і мудрым, і бяздумным. 15. Дык што да мяне, я гатовы дабравесьціць і вам, якія ў Рыме. 16. Бо я не саромлюся Эвангельля Хрыстовага, бо яно ёсьць моц Божая на збаўленьне кожнаму, хто верыць, перш Юдэю, і Грэку. 17. Бо ў ім адкрываецца праведнасьць Божая ад веры ў веру, як напісана: "А праведны з веры жыць будзе". 18. Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няправеднасьць людзей, якія праз няправеднасьць праўду стрымліваюць. 19. Бо, што магчыма ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім. 20. Бо нябачнае Яго, і вечная моц Яго, і Боскасьць ад стварэньня сьвету відочныя праз разважаньне пра творы [Ягоныя], каб быць ім без апраўданьня, 21. бо яны, пазнаўшы Бога, ня славілі [Яго] як Бога і ня дзякавалі, але займаліся марнасьцю ў думках сваіх, і зацемрылася няцямкае сэрца іхняе, 22. цьвердзячы пра сябе, што мудрыя, яны здурнелі 23. і славу незьнішчальнага Бога замянілі на падабенства вобразу зьнішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і паўзуноў. 24. Дзеля гэтага і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іхніх нячыстасьці зьневажаць целы свае між сабою. 25. Яны замянілі праўду Божую на хлусьню, і пакланяліся, і служылі стварэньню замест Таго, Які стварыў, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн. 26. Дзеля гэтага аддаў іх Бог у ганебныя жарсьці, бо жанчыны іхнія замянілі прыродныя зносіны на супрацьпрыродныя. 27. Падобна і мужчыны, пакінуўшы прыродныя зносіны з жанчынамі, распаляліся ў пажадлівасьці сваёй адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі непрыстойнасьць робячы і атрымліваючы ў саміх сабе належную адплату за свой падман. 28. I, як яны не спрабавалі мець пазнаньне Бога, аддаў іх Бог няздатнаму розуму рабіць, што не належыць, 29. напоўненыя ўсякай няправеднасьцю, распустаю, зласьлівасьцю, хцівасьцю, ліхотаю, поўныя зайздрасьці, забойства, сваркі, подступу, благіх звычаяў, 30. абмоўнікі, паклёпнікі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, ганарыстыя, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам, 31. няцямкія, нязгодлівыя, бязьлітасныя, няўмольныя, неміласэрныя. 32. Яны, пазнаўшы пастанову Божую, што тыя, хто гэткае ўчыняе, вартыя сьмерці, ня толькі гэтае робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто робіць.

Разьдзел 2

1. Дзеля гэтага няма апраўданьня табе, кожны чалавек, які судзіш; бо ў чым ты судзіш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае, судзячы. 2. А мы ведаем, што суд Божы ёсьць паводле праўды адносна тых, што гэткае ўчыняюць. 3. Няўжо ж ты думаеш, чалавек, які судзіш тых, што гэткае ўчыняюць, і сам робіш тое самае, што ўцячэш ад суду Божага? 4. Або багацьцем ласкавасьці Ягонай, і цярплівасьці, і доўгацярплівасьці пагарджаеш, ня ведаючы, што добрасьць Божая вядзе цябе да навяртаньня? 5. Але праз упартасьць тваю і ненавернутае сэрца ты зьбіраеш сабе гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суду Божага, 6. Які аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных: 7. тым, якія цярплівасьцю ў добрай справе шукаюць славы, пашаны і незьнішчальнасьці, - жыцьцё вечнае, 8. а тым, што спрачаюцца і не скараюцца праўдзе, але пакараюцца няправеднасьці, - ярасьць і гнеў. 9. Прыгнёт і ўціск кожнай душы чалавека, які робіць ліхое, перш Юдэя, і Грэка! 10. Слава, і пашана, і супакой усякаму, хто робіць добрае, перш Юдэю, і Грэку! 11. Бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча. 12. Бо тыя, якія без Закону зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, якія ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаныя. 13. Бо не слухачы Закону праведныя перад Богам, але выканаўцы Закону будуць апраўданыя. 14. Бо калі пагане, якія ня маюць Закону, паводле прыроды робяць паводле Закону, яны, ня маючы Закону, самі сабе Закон. 15. Яны зьяўляюць справы Закону, якія напісаныя ў сэрцах іхніх, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну, 16. у дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя [ўчынкі] людзей, паводле Эвангельля майго, праз Ісуса Хрыста. 17. Вось, ты завешся Юдэем, і супакойваеш сябе Законам, і хвалішся Богам, 18. і ведаеш волю [Ягоную], і выпрабоўваеш, што лепшае, будучы навучаным у Законе. 19. І ты перакананы пра сябе, што ты - павадыр сьляпых, сьвятло тых, што ў цемры, 20. выхавацель неразумных, настаўнік немаўлят, які мае ў Законе выгляд веданьня і праўды. 21. Дык ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога. 22. Абвяшчаючы ня красьці, крадзеш; кажучы не чужаложыць, чужаложыш, брыдзячыся ідаламі, чыніш сьвятакрадзтва. 23. Ты, які хвалішся Законам, праз парушэньне Закону Бога зьневажаеш. 24. Бо праз вас на імя Божае блюзьніцца ў паганаў, як напісана. 25. Бо абразаньне карыснае, калі выконваеш Закон; а калі ты парушальнік Закону, абразаньне тваё сталася неабразаньнем. 26. Дык калі неабрэзаны захоўвае пастановы Закону, ці не залічыцца яму ягонае неабразаньне за абразаньне? 27. I неабрэзаны паводле прыроды, які спаўняе Закон, будзе судзіць цябе, парушальніка Закону, які з літарай і абразаньнем. 28. Бо ня той Юдэй, хто гэтакі яўна, і ня тое абразаньне, якое яўнае на целе, 29. але хто ва ўтоенасьці Юдэй, і [ў якога] абразаньне сэрца Духам, а ня літарай, такому пахвала не ад людзей, але ад Бога.

Разьдзел 3

1. Дык якая перавага Юдэя, ці якая карысьць ад абразаньня? 2. Вялікая ў-ва ўсіх адносінах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае. 3. Бо што, калі некаторыя не паверылі? Ці недаверства іхняе зьнішчыць веру Божую? 4. Няхай ня станецца! Бог ёсьць праўдзівы, а ўсякі чалавек хлусьлівы, як напісана: "Каб Ты быў праведны ў словах Тваіх і перамог у судзе Тваім". 5. А калі нашая няправеднасьць зьяўляе праведнасьць Божую, што скажам? Ці Бог, Які выяўляе гнеў, няправедны? Кажу па-чалавечаму. 6. Няхай ня станецца! Бо як жа Бог будзе судзіць сьвет? 7. Бо калі праўда Божая праз маю хлусьлівасьць памнажаецца на славу Ягоную, за што яшчэ мяне судзяць як грэшніка? 8. I ці не рабіць нам благое, каб выйшла добрае, як некаторыя блюзьняць на нас і кажуць, што мы гэтак кажам? Справядлівы суд на такіх! 9. Дык што? Ці мы лепшыя? Зусім не! Бо мы ўжо давялі, што і Юдэі, і Грэкі, - усе пад грэхам, 10. як напісана: "Няма праведнага аніводнага; 11. няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога. 12. Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнага. 13. Горла іхняе - магіла адчыненая; языкамі сваімі ашукваюць, атрута зьмяіная на губах іхніх. 14. Вусны іхнія поўныя абмовы і горычы. 15. Ногі іхнія хуткія на праліцьцё крыві, 16. зьнішчэньне і няшчасьце на шляхах іхніх, 17. і шляху супакою яны не пазналі. 18. Няма страху Божага перад вачыма іхнімі". 19. А мы ведаем, што Закон усё, што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад Законам, каб усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам, 20. бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела; бо праз Закон пазнаецца грэх. 21. А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў, 22. праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць; бо няма розьніцы, 23. бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае, 24. атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе, 25. Якога Бог пастанавіў [быць] ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у [час] цярплівасьці Божае, 26. дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса. 27. Дык дзе тое, чым хваліцца? Выключана. Якім законам? [Законам] учынкаў? Не, але законам веры. 28. Дык мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў Закону. 29. Няўжо Бог толькі Юдэяў, а не паганаў таксама? Так, і паганаў, 30. бо адзін Бог, Які апраўдае абразаньне з веры і неабразаньне праз веру. 31. Дык мы зьнішчаем Закон праз веру? Няхай ня станецца! Але ўсталёўваем Закон.

Разьдзел 4

1. Дык што, скажам, Абрагам, бацька наш, знайшоў паводле цела? 2. Бо калі Абрагам апраўданы ўчынкамі, ён мае пахвалу, але ня перад Богам. 3. Бо што кажа Пісаньне? "Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць". 4. Таму, хто робіць, нагарода ня з ласкі залічваецца, але з павіннасьці; 5. а таму, хто ня робіць, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, вера ягоная залічваецца за праведнасьць. 6. Гэтак і Давід кажа, што шчасьце чалавеку, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад учынкаў: 7. "Шчасьлівыя тыя, якім адпушчаныя беззаконьні і якім грахі прыкрытыя; 8. шчасьлівы чалавек, якому Госпад не залічыць грэху". 9. Дык шчаснасьць гэтая для абрэзаных ці і для неабрэзаных? Бо мы кажам, што Абрагаму вера залічана за праведнасьць. 10. Дык калі залічана? У абразаньні ці ў неабразаньні? Не ў абразаньні, але ў неабразаньні. 11. I знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці веры, якую [ён меў] у неабразаньні, каб быў ён бацькам усіх, хто верыць у неабразаньні, каб і ім залічана была праведнасьць, 12. і бацькам абразаньня, тых, якія ня толькі [маюць] абразаньне, але і ходзяць па сьлядах веры ў неабразаньні бацькі нашага Абрагама. 13. Бо не праз Закон Абрагаму ці насеньню ягонаму [дадзена] абяцаньне быць спадкаемцам сьвету, але праз праведнасьць веры. 14. Бо калі тыя, што праз Закон, - спадкаемцы, змарнее вера і зьнішчыцца абяцаньне; 15. бо Закон выклікае гнеў, бо дзе няма закону, няма парушэньня. 16. Дзеля гэтага праз веру, каб было паводле ласкі, каб абяцаньне было ўгрунтаваным для ўсяго насеньня, ня толькі для таго, якое праз Закон, але і для таго, якое праз веру Абрагама, які ёсьць бацька ўсіх нас, 17. як напісана: "Я паставіў цябе бацькам многіх народаў", перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе тое, што ня ёсьць, як тое, што ёсьць. 18. Ён, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што станецца бацькам многіх народаў, паводле сказанага: "Гэткае будзе насеньне тваё". 19. I, не зьнямогшыся ў веры, ён не глядзеў на цела сваё ўжо амярцьвелае, якое мела амаль сто гадоў, і што ўлоньне Сары амярцьвела, 20. у абяцаньні Божым не сумняваўся недаверствам, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу 21. і маючы пэўнасьць, што Ён магутны зрабіць тое, што абяцаў. 22. Дзеля гэтага і залічана яму за праведнасьць. 23. А напісана [гэта] ня дзеля яго толькі, што залічана яму, 24. але і дзеля нас, што мае быць залічана нам, якія вераць у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага, 25. Які быў выдадзены дзеля грахоў нашых і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.

Разьдзел 5

1. Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, 2. праз Якога таксама маем вераю доступ да тае ласкі, у якой стаім і хвалімся надзеяй славы Божай. 3. І ня толькі [гэтым], але хвалімся і ў прыгнётах, ведаючы, што прыгнёт робіць цярплівасьць, 4. а цярплівасьць - выпрабаванасьць, а выпрабаванасьць - надзею, 5. а надзея ня ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Сьвятога, Які нам дадзены. 6. Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных. 7. Бо за праведнага наўрад ці хто памрэ; хіба за добрага можа хто і адважыцца памерці. 8. А Бог Сваю любоў да нас даводзіць тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі грэшнікамі. 9. Дык тым больш цяпер, калі мы апраўданы крывёю Ягонай, збаўленыя будзем праз Яго ад гневу. 10. Бо калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Яго, шмат больш, пагадзіўшыся, будзем збаўленыя праз жыцьцё Ягонае. 11. І ня толькі [гэтае], але таксама хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне. 12. Дзеля гэтага, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх - сьмерць, і гэтак сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі. 13. Бо да Закону грэх быў у сьвеце; але грэх ня лічыцца, калі няма закону. 14. Аднак сьмерць валадарыла ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі на падабенства праступку Адама, які ёсьць вобраз Таго, Які мае быць. 15. Але дар [ласкі] ня гэткі, як грэх. Бо калі праз грэх аднаго памерлі многія, шмат большая ласка Божая, і дар ласкі праз аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, памножыцца для многіх. 16. I дар не такі, як тое, што праз аднаго, які зграшыў; бо суд праз таго аднаго - на асуджэньне, а дар [ласкі] - на апраўданьне ад многіх грахоў. 17. Бо калі праз грэх аднаго сьмерць валадарыла праз аднаго, шмат больш тыя, якія атрымалі багацьце ласкі і дар праведнасьці, будуць валадарыць у жыцьці праз аднаго Ісуса Хрыста. 18. Таму, як праз грэх аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё. 19. Бо як праз непаслухмянасьць аднаго чалавека многія зрабіліся грэшнымі, так і праз паслухмянасьць аднаго многія зробяцца праведнымі. 20. А Закон прыйшоў пасьля, каб памножыць грэх. А калі памножыўся грэх, тым больш удосталь ласкі, 21. каб, як грэх валадарыў у сьмерці, гэтак і ласка валадарыла праз праведнасьць на жыцьцё вечнае праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.

Разьдзел 6

1. Дык што скажам? Ці будзем заставацца ў граху, каб памножылася ласка? Няхай ня станецца! 2. Мы, якія памерлі для грэху, як яшчэ будзем жыць у ім? 3. Ці вы ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Яго ахрысьціліся? 4. Дык мы пахаваныя з Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрос з мёртвых праз славу Айца, так і мы хадзілі ў абнаўленьні жыцьця. 5. Бо калі мы сталіся злучанымі з Ім падабенствам сьмерці Яго, дык будзем [злучаны] і [падабенствам] уваскрасеньня, 6. ведаючы тое, што стары наш чалавек укрыжаваны, каб зьнішчана было цела грэху, каб нам не служыць ужо грэху; 7. бо хто памёр, той апраўданы ад грэху. 8. А калі мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем з Ім, 9. ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, больш не памірае, сьмерць больш над Ім не пануе. 10. Бо, што Ён памёр, памёр раз дзеля грэху, а што жыве, жыве дзеля Бога. 11. Гэтак і вы лічыце сябе памёршымі дзеля грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. 12. Дык няхай не валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб вам слухацца яго ў пажаданьнях ягоных. 13. І не аддавайце граху члены вашыя як зброю няправеднасьці, але аддайце сябе Богу як ажыўшых з мёртвых, і члены вашыя [аддайце] Богу як зброю праведнасьці. 14. Бо грэх ня будзе панаваць над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю. 15. Дык што? Ці будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкаю? Няхай ня станецца! 16. Ці вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяцё сябе на службу, каб [быць яму] паслухмянымі, таго вы і слугі, каго слухаецеся: ці грэху - на сьмерць, ці паслухмянасьці - на праведнасьць. 17. Дзякуй Богу, што вы былі слугамі грэху, але сэрцам сталі паслухмянымі вобразу навукі, якому аддалі сябе. 18. Вызваліўшыся ж ад грэху, вы сталіся слугамі праведнасьці. 19. Па-чалавечаму гавару дзеля нядужасьці цела вашага. Бо, як аддавалі вы члены вашыя на службу нячыстасьці і беззаконьню на беззаконьне, гэтак цяпер аддайце члены вашыя на службу праведнасьці на сьвятасьць. 20. Бо калі вы былі слугамі грэху, былі вы вольнымі ад праведнасьці. 21. Дык які плод вы мелі тады, што цяпер гэтага саромеецеся? Бо канец гэтакіх - сьмерць. 22. А цяпер, вызваліўшыся ад грэху і стаўшыся слугамі Бога, вы маеце плод свой на сьвятасьць, а канец - жыцьцё вечнае. 23. Бо плата за грэх - сьмерць, а дар [ласкі] Божай - жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Разьдзел 7

1. Ці ж вы ня ведаеце, браты, бо кажу да тых, якія ведаюць Закон, што закон валадарыць над чалавекам увесь час, пакуль той жывы? 2. Бо замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі муж памрэ, зьнішчаецца закон мужа. 3. Таму, калі пры жывым мужы выйдзе за другога мужа, будзе названая чужаложніцай; а калі памрэ муж, яна вольная ад закону і ня будзе чужаложніцай, выйшаўшы за другога мужа. 4. Гэтак і вы, браты мае, памерлі для Закону праз цела Хрыстовае, каб належаць вам другому, Які ўваскрошаны з мёртвых, каб даваць плод Богу. 5. Бо калі мы былі ў целе, пакуты грахоў, якія [паўставалі] праз Закон, дзеялі ў членах вашых, каб даваць плод сьмерці. 6. А цяпер мы вызваліліся ад Закону, якім былі зьвязаныя, памершы для яго, каб нам служыць у абнаўленьні духа, а ня ў старасьці літары. 7. Дык што скажам? Ці Закон - грэх? Няхай ня станецца! Але я не зразумеў бы грэх, як толькі праз Закон, бо я ня ведаў бы пажаданьня, каб Закон не сказаў: "Не жадай". 8. Але грэх, атрымаўшы нагоду праз прыказаньне, выклікаў у-ва мне ўсякае пажаданьне, бо без закону грэх мёртвы. 9. Я жыў некалі без Закону, а калі прыйшло прыказаньне, грэх ажыў, а я памёр. 10. І было знойдзена мною, што прыказаньне, якое на жыцьцё, яно на сьмерць, 11. бо грэх, атрымаўшы нагоду праз прыказаньне, зьвёў мяне і забіў праз яго. 12. Так што Закон сьвяты, і прыказаньне сьвятое, і праведнае, і добрае. 13. Дык няўжо добрае сталася мне сьмерцю? Няхай ня станецца! Але грэх, каб быў выяўлены як грэх, праз добрае робіць мне сьмерць, каб грэх стаўся праз меру грэшным праз прыказаньне. 14. Бо мы ведаем, што Закон духоўны, а я - цялесны, прададзены пад [уладу] грэху. 15. Бо я не разумею, што раблю, бо не раблю тое, што хачу, але, што ненавіджу, тое раблю. 16. А калі я раблю тое, што не хачу, згаджаюся з Законам, што ён - добры, 17. і цяпер ужо ня я раблю гэта, але грэх, які жыве ў-ва мне. 18. Бо ведаю, што не жыве ў-ва мне, гэта значыцца, у целе маім, добрае; бо жаданьне [добрага] ёсьць у-ва мне, але каб зрабіць добрае, таго не знаходжу. 19. Бо добрае, якое хачу, не раблю, а благое, якога не хачу, раблю. 20. А калі я раблю тое, што не хачу, ужо ня я раблю гэта, але грэх, які жыве ў-ва мне. 21. Таму я знаходжу закон, што, калі хачу рабіць добрае, ёсьць у-ва мне благое. 22. Бо паводле ўнутранага чалавека я захапляюся Законам Божым, 23. а ў членах маіх бачу другі закон, які супрацівіцца закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грэху, які ёсьць у членах маіх. 24. Гаротны я чалавек! Хто выбавіць мяне ад гэтага цела сьмерці? 25. Дзякую Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык таму я сам розумам служу Закону Божаму, а целам - закону грэху.

Разьдзел 8

1. Таму цяпер няма ніякага асуджэньня тым, што ў Хрысьце Ісусе не паводле цела, але паводле духа ходзяць. 2. Бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху і сьмерці. 3. Бо як Закон быў бяссільны, таму што быў нядужы праз цела, Бог, паслаўшы Сына Свайго ў падабенстве цела грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у целе, 4. каб праведнасьць Закону споўнілася ў нас, якія не паводле цела, але паводле духа ходзяць. 5. Бо тыя, што паводле цела, - пра цялеснае думаюць; а тыя, што паводле духа, - пра духоўнае. 6. Бо думкі цялесныя - сьмерць, а думкі духоўныя - жыцьцё і супакой. 7. Бо думкі цялесныя - варожасьць да Бога, бо яны не падпарадкоўваюцца закону Божаму, дый ня могуць. 8. Дык тыя, якія ў целе, Богу дагадзіць ня могуць. 9. Вы ж ня ў целе, але ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. А калі хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны. 10. Калі ж Хрыстос у вас, дык цела мёртвае праз грэх, а дух жывы праз праведнасьць. 11. А калі Дух Таго, Які ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, жыве ў вас, Той, Які ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас. 12. Дык таму, браты, мы не вінаватыя цела, каб жыць паводле цела; 13. бо калі вы жывяцё паводле цела, памрацё, а калі духам цялесныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце. 14. Бо ўсе, якія Духам Божым ведзеныя, ёсьць сыны Божыя. 15. Бо вы не атрымалі духа няволі ізноў на страх, але атрымалі Духа ўсынаўленьня, у Якім крычым: "Абба, Ойча!" 16. Гэты Дух сьведчыць духу нашаму, што мы - дзеці Божыя. 17. А калі дзеці, дык і спадкаемцы, спадкаемцы Божыя, суспадчыньнікі Хрыста, калі церпім з Ім, каб з Ім і ўславіцца. 18. Бо я лічу, што пакуты цяперашняга часу ня вартыя тае славы, што мае адкрыцца ў нас. 19. Бо стварэньне са спадзяваньнем чакае адкрыцьця сыноў Божых, 20. бо стварэньне падпарадкаванае марнасьці не сваёй ахвотай, але праз Таго, Які падпарадкаваў, у надзеі, 21. што і само стварэньне будзе вызвалена з няволі сапсутасьці на свабоду славы дзяцей Божых. 22. Бо ведаем, што ўсё стварэньне супольна ўздыхае і мучыцца, родзячы, аж да цяпер. 23. І ня толькі яно, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы самі ў сабе ўздыхаем, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага. 24. Бо мы збаўленыя надзеяй. А надзея бачаная ня ёсьць надзея, бо калі хто бачыць, чаго яму спадзявацца? 25. А калі спадзяемся на тое, чаго ня бачым, чакаем з цярплівасьцю. 26. Гэтаксама і Дух дапамагае ў слабасьцях нашых, бо мы ня ведаем, пра што маліцца, як трэба, але Сам Дух заступаецца за нас стагнаньнямі невымоўнымі. 27. А Той, Які дасьледуе сэрцы, ведае, што за думка ў Духа, Які паводле [волі] Бога заступаецца за сьвятых. 28. А мы ведаем, што тым, якія любяць Бога, пакліканым паводле [Яго] вызначэньня, усё дапамагае на дабро. 29. Бо тым, каго наперад ведаў, Ён і прадвызначыў быць падобнымі да вобразу Сына Ягонага, каб Ён быў Першародны між многімі братамі. 30. А каго прадвызначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў. 31. Дык што скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? 32. Той, Які Сына Свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго? 33. Хто стане супраць выбраных Божых? Бог, Які апраўдвае! 34. Хто той, хто асуджае? Хрыстос, Які памёр, але і ўваскрос! Ён і праваруч Бога, Ён і заступаецца за нас. 35. Хто адлучыць нас ад любові Хрыстовае? Прыгнёт, ці ўціск, ці перасьледваньне, ці голад, ці галізна, ці небясьпека, ці меч? 36. Як напісана: "За Цябе забіваюць нас цэлы дзень; лічаць нас за авечкі на зарэз". 37. Але ва ўсім гэтым мы перамагаем праз Таго, Які палюбіў нас. 38. Бо я ўпэўнены, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані анёлы, ані начальствы, ані сілы, ані цяперашняе, ані будучае, 39. ані вышыня, ані глыбіня, ані другое якое стварэньне ня зможа адлучыць нас ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Разьдзел 9

1. Праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым, 2. што вялікі смутак мой і няспынны боль у сэрцы маім, 3. бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела, 4. якія ёсьць Ізраільцяне, якіх ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаветы, і даньне законаў, і служэньне, і абяцаньні, 5. якіх і бацькі, і з якіх Хрыстос паводле цела, Які ёсьць над усімі Бог, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн. 6. Але ня так, што слова Божае ня споўнілася. Бо ня ўсе тыя, што з Ізраіля, Ізраіль, 7. і ня ўсе тыя, якія насеньне Абрагама, дзеці [ягоныя], але: "У Ісааку будзе названае насеньне табе". 8. Гэта значыць, ня дзеці цела ёсьць дзеці Божыя, але дзеці абяцаньня лічацца за насеньне. 9. Бо слова абяцаньня гэткае: "У гэту пару прыйду, і ў Сары будзе сын". 10. I ня толькі, але і Рэбэка зачала за адзін раз ад Ісаака, бацькі нашага. 11. Бо калі яны яшчэ не былі нарадзіўшыся і не зрабілі нічога добрага ці ліхога, каб вызначэньне Божае заставалася паводле выбраньня, не праз учынкі, але праз Таго, Хто кліча, 12. сказана было ёй: "Большы будзе служыць меншаму", 13. як напісана: "Якуба Я палюбіў, а Эзава зьненавідзеў". 14. Дык што скажам? Няўжо няправеднасьць у Бога? Няхай ня станецца! 15. Бо Ён кажа Майсею: "Зьлітуюся над тым, над кім зьлітуюся, і зьяўлю міласэрнасьць таму, каму зьяўлю міласэрнасьць". 16. Дзеля гэтага не ад таго, хто хоча, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які літуецца. 17. Бо Пісаньне кажа фараону: "Дзеля таго Я падняў цябе, каб зьявіць на табе сілу Маю і каб імя Маё было абвешчана на ўсёй зямлі". 18. Дзеля гэтага над кім хоча, літуецца, а каго хоча, закамяняе. 19. Дык ты скажаш мне: "Што Ён яшчэ вінаваціць? Бо хто супрацьстане пастанове Яго?" 20. Наадварот, чалавеча! Хто ты такі, што спрачаешся з Богам? Ці скажа злепленае таму, хто зьляпіў: "Навошта ты мяне гэтак зрабіў?" 21. Ці ня мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адно начыньне на пашану, а другое - на ганьбу? 22. Што, калі Бог, хочучы зьявіць гнеў і зрабіць вядомай магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцю ашчаджаў начыньні гневу, прыгатаваныя на загубу, 23. каб таксама зрабіць вядомым багацьце славы Сваёй над начыньнямі міласэрнасьці, якія Ён загадзя прыгатаваў на славу, 24. і над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але і з паганаў? 25. Як і ў Осіі Ён кажа: "Ня Мой народ назаву Маім народам, і нялюбую - улюбёнай. 26. І будзе, што на месцы, дзе сказана было ім: "Вы - ня Мой народ", - там будуць названыя сынамі Бога Жывога". 27. А Ісая крычыць пра Ізраіль: "Хаця б лічба сыноў Ізраіля была, як пясок марскі, рэштка будзе збаўлена; 28. бо, сканчваючы слова і прысьпешваючы ў праведнасьці, хутка зьдзейсьніць Госпад слова на зямлі". 29. I як раней сказаў Ісая: "Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў нам насеньня, мы сталіся б, як Садом, і былі б падобнымі да Гаморы". 30. Дык што скажам? Пагане, якія не імкнуліся да праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць праз веру. 31. А Ізраіль, які імкнуўся да закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці. 32. Чаму? Бо не праз веру, але праз учынкі закону. Бо яны спатыкнуліся аб камень спатыкненьня, 33. як напісана: "Вось, Я кладу на Сыёне камень спатыкненьня і камень згаршэньня; і кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены".

Разьдзел 10

1. Браты! Упадабаньне сэрца майго і просьба да Бога пра Ізраіль на збаўленьне. 2. Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня. 3. Бо, не разумеючы праведнасьці Божае і шукаючы паставіць сваю праведнасьць, яны не падпарадкаваліся праведнасьці Божай. 4. Бо канец Закону - Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму, хто верыць. 5. Бо Майсей піша пра праведнасьць паводле Закону, што чалавек, які выканае яго, жыць будзе ім. 6. А праведнасьць праз веру гэтак кажа: "Не кажы ў сэрцы тваім: "Хто ўзыйдзе ў неба?"" - гэта ёсьць Хрыста зьвесьці [на зямлю]; 7. або: ""Хто зыйдзе ў бездань?"" - гэта ёсьць Хрыста з мёртвых вывесьці. 8. Але што кажа? "Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім", - гэта ёсьць слова веры, якое мы абвяшчаем. 9. Бо калі ты вуснамі тваімі прызнаеш Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім будзеш верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены, 10. бо сэрца верыць дзеля праведнасьці, а вусны прызнаюць дзеля збаўленьня. 11. Бо Пісаньне кажа: "Кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены". 12. Бо няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён - Госпад усіх, багаты для ўсіх, што прызываюць Яго. 13. Бо кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены. 14. Але як прызываць Таго, у Каго ня вераць? А як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? Як чуць без таго, хто абвяшчае? 15. А як абвяшчаць, калі не былі пасланыя? Як напісана: "Якія прыгожыя ногі таго, хто дабравесьціць супакой, дабравесьціць добрае!" 16. Але ня ўсе паслухаліся Эвангельля, бо Ісая кажа: "Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?" 17. Таму вера - ад слуханьня, а слуханьне - праз слова Божае. 18. Але кажу: Ці ж яны ня чулі? Наадварот, "на ўсю зямлю пайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету - словы іхнія". 19. Але кажу: Ці ж Ізраіль ня ведаў? Першы Майсей кажа: "Я збуджу ў вас рупнасьць праз [тых, хто] не народ, праз народ, які ня цяміць, раздражню вас". 20. А Ісая адважваецца і кажа: "Мяне знайшлі тыя, якія не шукалі Мяне, Я аб'явіўся тым, якія не пыталіся Мяне". 21. А наконт Ізраіля кажа: "Увесь дзень выцягваў Я рукі Мае да народу, які не скараецца і працівіцца".

Разьдзел 11

1. Дык кажу: няўжо Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я - Ізраільцянін, з насеньня Абрагама, з калена Бэн'яміна. 2. Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Ці ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю, як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы: 3. "Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі і ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і душу маю шукаюць". 4. Але што кажа яму адказ Божы? "Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, якія не схілілі калены перад Баалам". 5. Дык гэтак і ў цяперашні час рэшта паводле выбраньня ласкі захавалася. 6. А калі праз ласку, дык не праз учынкі, іначай ласка ўжо ня ёсьць ласка. А калі праз учынкі, дык гэта ня ласка, іначай учынак ужо ня ёсьць учынак. 7. Дык што? Што шукае Ізраіль, таго не атрымаў; выбраныя атрымалі, а іншыя былі скамянеўшы, 8. як напісана: "Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да сёньняшняга дня". 9. I Давід кажа: "Няхай станецца стол іхні пасткаю, і цянётамі, і згаршэньнем, і аднагародаю. 10. Няхай зацемняцца вочы іхнія, якімі ня бачаць, і хрыбет іхні няхай будзе сагнуты назаўсёды". 11. Дык кажу: Няўжо яны спатыкнуліся, каб упасьці? Няхай ня станецца. Але праступак іхні - збаўленьне паганам, каб збудзіць у іх рупнасьць. 12. Калі ж праступак іхні - багацьце сьвету, і ўпадак іхні - багацьце паганаў, дык наколькі больш поўнасьць іхняя? 13. Бо кажу вам, паганам: як апостал паганаў я ўслаўляю служэньне маё, 14. ці, можа, збуджу рупнасьць у маіх паводле цела і ці ня збаўлю некаторых з іх. 15. Бо калі згуба іхняя - прымірэньне сьвету, дык што прыняцьцё, як не жыцьцё з мёртвых? 16. Калі зачатак сьвяты, дык і месіва; і калі корань сьвяты, дык і галіны. 17. Калі ж некаторыя з галінаў былі адламаныя, а ты, дзікая аліўка, быў прышчэплены замест іх і стаўся ўдзельнікам кораня і тлустасьці аліўкі, 18. не вывышайся перад галінамі; а калі вывышаешся, дык [ведай, што] ня ты трымаеш корань, але корань - цябе. 19. Дык скажаш: "Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены". 20. Добра. Яны адламаныя праз недаверства, а ты трымаешся праз веру; дык не ўзьвялічвайся, але бойся. 21. Бо калі Бог прыродных галінаў не пашкадаваў, дык ці цябе пашкадуе. 22. Дык глядзі на ласкавасьць і срогасьць Божую, срогасьць да тых, якія ўпалі, а ласкавасьць да цябе, калі застанешся ў ласкавасьці [Божай], іначай і ты будзеш сьсечаны. 23. I тыя, калі не застануцца ў недаверстве, будуць прышчэпленыя, бо Бог магутны ізноў прышчапіць іх. 24. Бо калі ты адсечаны ад дзікае паводле прыроды аліўкі і, насуперак прыродзе, прывіты да добрае аліўкі, наколькі больш тыя, якія паводле прыроды [ад добрае аліўкі], будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі? 25. Бо не хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтае тайны, каб вы не былі мудрымі праз сябе, што скамяненьне сталася ў Ізраілі часткова, аж пакуль ня ўвойдзе поўнасьць паганаў, 26. і гэтак увесь Ізраіль збаўлены будзе, як напісана: "Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якуба. 27. І гэта Мой запавет з імі, калі забяру грахі іхнія". 28. Дык паводле Эвангельля яны - ворагі для вас, а паводле выбраньня - улюбёныя дзеля бацькоў. 29. Бо нязьменныя дары і пакліканьне Божае. 30. Бо як і вы некалі не скараліся Богу, а цяпер памілаваныя праз няскоранасьць іхнюю, 31. гэтак і яны цяпер не скараюцца дзеля вашага памілаваньня, каб і яны былі памілаваныя. 32. Бо ўсіх Бог замкнуў у няскоранасьць, каб усіх памілаваць. 33. О, глыбіня багацьця, і мудрасьці, і веданьня Божага! Як неспасьцігальныя прысуды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя! 34. Бо хто пазнаў розум Госпада? Ці хто стаўся дарадцам Яму? 35. Ці хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў яму? 36. Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і для Яго. Яму слава на вякі. Амэн.

Разьдзел 12

1. Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу, на разумнае служэньне вашае, 2. і не прыпадабняйцеся веку гэтаму, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вам выпрабаваць, што ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае [Богу], і дасканалае. 3. Бо праз ласку, дадзеную мне, кажу кожнаму з вас: ня думайце [пра сябе] больш, чым трэба думаць, але думайце цьвяроза, як Бог кожнага надзяліў мерай веры. 4. Бо як у адным целе маем шмат членаў, але ня ўсе члены маюць тую самую работу, 5. гэтак мы, многія, зьяўляемся адным целам у Хрысьце, а паасобку адзін для аднаго - члены. 6. Калі ж, паводле дадзенай нам ласкі, маем розныя дары, калі прароцтва, [няхай будзе] згодна з верай; 7. калі служэньне - у служэньні; калі хто вучыць - у навучаньні; 8. калі хто суцяшае - у суцяшэньні; калі хто раздае - у шчырасьці; калі хто кіруе - з дбаласьцю; калі хто чыніць міласэрнасьць - з ахвотаю. 9. Любоў [няхай будзе] некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра. 10. Братняя любоў адзін да аднаго [няхай будзе] ад усяго сэрца, у пашане адзін аднаго выпярэджвайце; 11. у дбаласьці не лянуйцеся; духам палайце; Госпаду служыце; 12. у надзеі радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве - сталымі; 13. у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці. 14. Дабраслаўляйце тых, якія вас перасьледуюць, дабраслаўляйце, а не кляніце. 15. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача. 16. Думайце між сабою аднолькава; не ўзьвялічвайце саміх сябе, але пакорнымі захапляйцеся; ня будзьце мудрымі самі праз сябе. 17. Нікому не аддаючы ліхотай за ліхоту, дбайце пра добрае перад усімі людзьмі. 18. Калі магчыма для вас, мейце супакой з усімі людзьмі. 19. Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу, бо напісана: ""Мне помста, Я аддам", - кажа Госпад". 20. Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі смагне, напаі яго; бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугольлі распаленыя. 21. Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.

Разьдзел 13

1. Усякая душа няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам, бо няма ўлады, каб не ад Бога; а ўлады, якія ёсьць, ад Бога пастаўлены. 2. Так што, хто працівіцца ўладзе, супрацьстаіць Божай пастанове. А тыя, якія супрацьстаяць, самі на сябе прысуд атрымаюць. 3. Бо начальнікі страшныя не для тых, якія добрае робяць, але благое. А хочаш не баяцца ўлады, рабі добрае, і будзеш мець пахвалу ад яе. 4. Бо [гэта] Божы служыцель табе на дабро. А калі робіш благое, бойся, бо ён не дарэмна носіць меч, бо ён - Божы служыцель, мсьціўца на гнеў таму, хто робіць ліхое. 5. Дзеля гэтага трэба падпарадкоўвацца ня толькі з увагі на гнеў, але і на сумленьне. 6. Бо дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо яны - Божыя служыцелі, гэтым самым заўсёды занятыя. 7. Дык аддавайце кожнаму належнае: каму падатак - падатак, каму мыта - мыта, каму страх - страх; каму пашану - пашану. 8. Ня будзьце вінныя нікому нічога, апрача ўзаемнай любові, бо, хто любіць іншага, той споўніў Закон. 9. Бо прыказаньні "Не чужалож", "Не забівай", "Не крадзі", "Ня сьведчы фальшыва", "Не пажадай" і кожнае іншае зьмяшчаюцца ў гэтым слове: "Любі бліжняга твайго як самога сябе". 10. Любоў ня робіць благога бліжняму; дык любоў - гэта спаўненьне Закону. 11. І гэтак [рабіце], ведаючы час, што ўжо гадзіна збудзіцца нам зо-сну, бо цяпер бліжэй да нас збаўленьне, чым калі мы паверылі. 12. Ноч зыходзіць, а дзень наблізіўся, дык адкінем справы цемры і апранемся ў зброю сьвятла. 13. Як у дзень, будзем хадзіць прыстойна, не ў гулянках і п'янстве, не ў юрлівасьці і бессаромнасьці, не ў сварцы і зайздрасьці, 14. але апраніцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажаданьнях.

Разьдзел 14

1. А таго, хто слабы ў веры, прыймайце не на спрэчкі пра погляды. 2. Бо нехта верыць, што [можна] есьці ўсё, а слабы есьць гародніну. 3. Хто есьць, не пагарджай тым, хто ня есьць; і хто ня есьць, не судзі таго, хто есьць, бо Бог прыняў яго. 4. Хто ты такі, які судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае, а будзе стаяць, бо Бог магутны паставіць яго. 5. Нехта судзіць [па-рознаму] дзень супраць дня, а нехта судзіць усякі дзень [аднолькава]. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме. 6. Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу. I хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць, і дзякуе Богу. 7. Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе, і ніхто не памірае дзеля сябе; 8. бо як, калі жывем, дзеля Госпада жывем, так і, калі паміраем, дзеля Госпада паміраем. Таму і калі жывем, і калі паміраем, мы - Госпадавы. 9. Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрос, і жыве, каб валадарыць і над мёртвымі, і над жывымі. 10. А ты навошта судзіш брата твайго? Або навошта ты пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад пасадам судовым Хрыста. 11. Бо напісана: "Жыву Я, - кажа Госпад, - перада Мною схіліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнаваць Бога". 12. Дык таму кожны з нас за сябе дасьць справаздачу Богу. 13. Дык ня будзем больш судзіць адзін аднаго, але судзіце лепш пра тое, каб як не пакласьці перад братам спатыкненьня ці згаршэньня. 14. Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога нячыстага праз сябе; толькі таму, хто лічыць нешта нячыстым, гэта нячыстае. 15. А калі дзеля ежы засмучаецца брат твой, ты ўжо не паводле любові ходзіш. Не губі тваёю ежаю таго, за каго памёр Хрыстос. 16. Дык няхай ня блюзьняць на вашае добрае. 17. Бо Валадарства Божае - гэта ня ежа і пітво, але праведнасьць, і супакой, і радасьць у Духу Сьвятым. 18. Бо хто ў гэтым служыць Хрысту, той даспадобы Богу і варты між людзьмі. 19. Дык таму будзем імкнуцца да таго, што [служыць] дзеля супакою і ўзаемнага збудаваньня. 20. Не руйнуй дзеля ежы справы Божай. Усё, па праўдзе, чыстае, але ліхое для чалавека, які есьць праз спатыкненьне. 21. Добра ня есьці мяса, і ня піць віна, і [не рабіць] нічога, ад чаго брат твой спатыкаецца, ці згаршаецца, ці слабее. 22. Ты маеш веру? Мей сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы той, хто ня судзіць сябе ў тым, што спрабуе. 23. А хто сумняецца, калі есьць, асуджаны, бо [робіць] не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, - грэх.

Разьдзел 15

1. Мы, моцныя, павінны насіць слабасьці нямоглых і не дагаджаць сабе. 2. Бо кожны з нас няхай дагаджае бліжняму на дабро, дзеля збудаваньня. 3. Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, але, як напісана: "Зьнявагі тых, якія зьневажаюць Цябе, упалі на Мяне". 4. Бо ўсё, што было напісана, было напісана дзеля нашага навучаньня, каб праз цярплівасьць і суцяшэньне з Пісаньняў мы мелі надзею. 5. А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам тое самае думаць між сабою паводле [ўзору] Хрыста Ісуса, 6. каб вы аднадушна, аднымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста. 7. Дзеля гэтага прыймайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў нас у славу Божую. 8. Бо я кажу, што Ісус Хрыстос стаўся служыцелем абразаньня дзеля праўды Божай, каб пацьвердзіць абяцаньні бацькам, 9. а [служыцелем] паганаў - дзеля літасьці, каб славілі Бога, як напісана: "Дзеля гэтага буду вызнаваць Цябе між паганамі і сьпяваць пра імя Тваё". 10. I яшчэ кажа: "Узьвесяліцеся, пагане, з народам Яго!" 11. I яшчэ: "Хваліце Госпада, усе пагане, і ўсхваляйце Яго, усе народы!" 12. І яшчэ Ісая кажа: "Будзе корань Есэя, Той, Які паўстане, панаваць над народамі; на Яго народы спадзявацца будуць". 13. А Бог надзеі няхай напоўніць вас усякай радасьцю і супакоем у веры, каб памножыць у вас надзею моцаю Духа Сьвятога. 14. І я сам, браты мае, перакананы адносна вас, што і вы поўныя добрасьці, напоўненыя ўсякім веданьнем і можаце настаўляць адзін аднаго. 15. А тым сьмялей пісаў я да вас, браты, часткова, каб нагадаць вам праз дадзеную мне ад Бога ласку 16. быць мне служыцелем Ісуса Хрыста для паганаў, сьвятарна служачы Эвангельлю Божаму, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, была адпаведнай. 17. Дык маю пахвалу ў Хрысьце Ісусе ў тым, што Божае, 18. бо не адважуся гаварыць нешта такое, чаго не зрабіў Хрыстос праз мяне дзеля [прывядзеньня да] паслухмянасьці паганаў, словам і справаю, 19. у моцы знакаў і цудаў, у моцы Духа Божага, так што Эвангельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліму і ваколіцы аж да Ілірыка. 20. А пры гэтым я намагаўся дабравесьціць ня там, дзе быў абвешчаны Хрыстос, каб не будаваць на чужым падмурку, 21. але, як напісана: "Тыя, якім не было абвешчана пра Яго, убачаць, і тыя, якія ня чулі, зразумеюць". 22. Дзеля гэтага я і меў шмат перашкодаў, каб прыйсьці да вас. 23. Цяпер жа, ня маючы больш месца ў гэтых краях і шмат год маючы жаданьне прыйсьці да вас, 24. як толькі пайду ў Гішпанію, прыйду да вас, бо спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і што вы правядзяцё мяне туды, калі часткова насычуся [супольнасьцю] з вамі. 25. А цяпер я іду ў Ерусалім паслужыць сьвятым, 26. бо спадабалася Македоніі і Ахаі зрабіць нейкую падтрымку ўбогім сьвятым, якія ў Ерусаліме. 27. Спадабалася, бо яны вінаватыя іхнія, бо калі пагане сталіся супольнікамі іхнімі ў духоўным, дык павінны паслужыць ім у цялесным. 28. А зьдзейсьніўшы гэта і перадаўшы ім пад пячаткай плод гэты, адыйду праз вас у Гішпанію. 29. А ведаю, што, прыйшоўшы да вас, прыйду ў поўні дабраслаўленьня Эвангельля Хрыстовага. 30. Малю ж вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, стаць разам са мною ў малітвах за мяне да Бога, 31. каб быць мне выбаўленым ад тых, якія ня вераць, у Юдэі, і каб служэньне маё для Ерусаліму было адпаведным для сьвятых, 32. каб я ў радасьці прыйшоў да вас паводле волі Бога і супачыў з вамі. 33. А Бог супакою [няхай будзе] з усімі вамі. Амэн.

Разьдзел 16

1. Даручаю ж вам Фэбу, сястру нашую, якая ёсьць служыцелькай царквы ў Кенхрэях, 2. каб вы прынялі яе ў Госпадзе, як дастойна сьвятым, і дапамаглі ёй, у чым яна будзе мець у вас патрэбу, бо і яна была падтрымкай для многіх і для мяне самога. 3. Прывітайце Прыскілу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе, 4. якія за душу маю падстаўлялі шыі свае, якім ня я адзін дзякую, але і ўсе цэрквы паганаў, і царкву, якая ў іхнім доме. 5. Прывітайце Эпэнэта, улюбёнага майго, які ёсьць зачаткам Ахаі для Хрыста. 6. Прывітайце Марыю, якая шмат працавала дзеля нас. 7. Прывітайце Андроніка і Юнію, сваякоў маіх і вязьняў са мною, якія знакамітыя між апосталаў і якія раней за мяне былі ў Хрысьце. 8. Прывітайце Амплія, улюбёнага майго ў Госпадзе. 9. Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, улюбёнага майго. 10. Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Прывітайце тых, якія Арыстабулавы. 11. Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце з Наркісавых тых, якія ў Госпадзе. 12. Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, якія працуюць у Госпадзе. Прывітайце любую Пэрсіду, якая шмат працавала ў Госпадзе. 13. Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю. 14. Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Германа, Патроба, Гермеса і братоў, якія з імі. 15. Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх сьвятых, якія з імі. 16. Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас цэрквы Хрыстовыя. 17. Прашу вас, браты, зважайце на тых, якія робяць нязгоду і згаршэньні насуперак навуцы, якое вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх. 18. Бо гэткія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але свайму жывату, і красамоўствам ды ласкавасьцю зводзяць сэрцы нявінных. 19. Бо вашая паслухмянасьць вядомая ўсім, дык я радуюся дзеля вас, але хачу, каб вы былі мудрыя на добрае і шчырымі на благое. 20. А Бог супакою неўзабаве скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн. 21. Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон, і Сасіпатр, сваякі мае. 22. Вітаю вас у Госпадзе я, Тэрцый, які пісаў гэтае пасланьне. 23. Вітае вас Гай, гасьцінны для мяне і для ўсяе царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік гораду, і брат Кварт. 24. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн. 25. А Таму, Які можа ўмацаваць вас паводле Эвангельля майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводле адкрыцьця таямніцы, пра якую замоўчвалася ад часоў адвечных, 26. і якая цяпер яўлена праз прарочыя Пісаньні і, паводле загаду Адвечнага Бога, абвешчана ўсім народам, [каб прыйшлі да] паслухмянасьці веры, 27. Адзінаму Мудраму Богу праз Ісуса Хрыста слава на вякі. Амэн.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: