Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
БІБЛІЯ. КНІГІ СТАРОГА І НОВАГА ЗАПАВЕТУ

ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ТЭСАЛОНЦАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛА

Пераклад на беларускую мову Антонія Бокуна

Разьдзел 1

1. Павал, і Сілуан, і Цімафей - царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:

2. Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3. Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як належыцца, бо моцна ўзрастае вера вашая і памнажаецца любоў кожнага адзін да аднаго між усімі вамі,

4. так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля непахіснасьці вашай і веры ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і прыгнётах, якія вы пераносіце,

5. на выяўленьне праведнага суду Божага, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і пакутуеце.

6. Бо праведна перад Богам адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,

7. а вам, прыгнятаным, - патоляй разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з анёламі сілы Яго,

8. Які ў полымі агню зьдзяйсьняе помсту над тымі, што ня ведаюць Бога і не паслухмяныя Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста,

9. Яны атрымаюць прысуд - вечнае зьнішчэньне, ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Яго,

10. калі Ён прыйдзе ўславіцца ў сьвятых Сваіх і задзівіць у дзень той ва ўсіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню сярод вас.

11. Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі пакліканьня і споўніў з моцаю усякае упадабаньне добрасьці і справу веры,

12. каб праславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы - у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Разьдзел 2

1. Просім вось вас, браты, дзеля прыйсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашага зграмаджэньня перад Ім,

2. не хістайцеся пасьпешна розумам і не трывожцеся ані праз духа, ані праз слова, ані праз пасланьня, нібы праз нас, што быццам надыйшоў дзень Хрыстовы.

3. Няхай ніхто аніяк вас ня зводзіць, бо [дзень гэты ня прыйдзе], пакуль ня прыйдзе перш адступніцтва і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы,

4. які супрацівіцца і вывышшаецца па-над усё, што называецца Богам ці чаму пакланяюцца, так што ў бажніцы Божай засядзе ён як бог, заяўляючы пра сябе, што ён - бог.

5. Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?

6. I цяпер ведаеце, што трымае, каб адкрыцца яму ў свой час.

7. Бо тайна беззаконьня ўжо дзейнічае, хай толькі той, што трымае цяпер, будзе забраны спасярод.

8. I тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб'е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыйсьця Свайго,

9. таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шатана, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі,

10. і з усякім ашуканствам няправеднасьці для тых, што гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі.

11. I з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблуды, каб верылі хлусьні,

12. каб былі асуджаныя ўсе, што не паверылі праўдзе, але ўпадабалі няправеднасьць.

13. Мы-ж заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне,

14. да якога і паклікаў вас праз Эвангельле нашае на атрыманьне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.

15. Дык, браты, стойце і трымайцеся традыцыі, якой вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.

16. Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы,

17. няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і справе добрай.

Разьдзел 3

1. Нарэшце, малецеся за нас, браты, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,

2. і каб мы былі выбаўленыя ад нягодных і злых людзей, бо не ва ўсіх вера.

3. Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і захавае ад злога.

4. Мы пэўныя адносна вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы загадваем вам.

5. Няхай Сам Госпад накіруе сэрцы вашыя да любові Божае і цярплівасьці Хрыстовай.

6. Загадваем вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, які ходзіць свавольна і не паводле традыцыі, прынятай ад нас,

7. бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не сваволілі між вамі,

8. таксама дарма ні ў кога хлеба ня елі, але ў працы і стоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжарыць каго з вас,

9. не таму, што ня маем улады, але каб сябе саміх даць вам за прыклад дзеля перайманьня нас.

10. Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць.

11. Але чуем, што некаторыя ў вас ходзяць свавольна, нічога ня робяць, але мітусяцца.

12. Гэтакім загадваем і молім у Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб.

13. А вы, браты, не журыцеся, робячы дабро.

14. Калі-ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго мейце на прыкмеце і не сябруйце з ім, каб быў асаромлены;

15. але не лічэце яго за ворага, але настаўляйце, як брата.

16. Сам жа Госпад супакою няхай дасьць вам супакой заўсёды і ва ўсім. Госпад з усімі вамі.

17. Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:

18. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.

Зьмест




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: