ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ФЕСАЛОНІКІНЦАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ
Разьдзел 1
1. Паўла і Сілуан і Цімахвей - царкве Фесалонікійцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
2. Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3. Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як дастойна, бо вырастае вельмі вера ваша і павялічаецца любоў кожнага з усіх вас аднаго да аднаго.
4. Так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, за цярплівасьць вашу і веру ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і смутках, якія вы маеце,
5. на доказ справядлівага суда Божага, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога і мучыцеся.
6. Бо справядліва ў Бога аддаць суму тых, што вам суму задаюць,
7. а вам, сумуючым, патолю (даць) разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з Ангеламі сілы яго,
8. у паланеючым агні даючы адплату непазнаўшым Бога і непакарыўшымся Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9. Яны прымуць кару, вечную загубу, ад аблічча Госпада і ад славы сілы Яго,
10. як Ён прыдзе ўславіцца ў сьвятых сваіх і задзівіць усіх веруючых (бо вы паверылі нашаму сьведчаньню) у дзень гэны.
11. Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі прызваньня і выпаўніў усякую спагаднасьць ласкавасьці і дзела веры ў сіле,
12. каб уславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, праз ласку Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Разьдзел 2
1. Молім вас, браты, дзеля прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста і дзеля нашае зборкі да Яго,
2. ня хістайцеся пасьпешна розумам ды ня трывожцеся ані ад духа, ані ад слова, ані ад пасланьня, нібы праз нас, што быццам ужо надыходзіць дзень Хрыстовы.
3. Няхай не спакусіць вас ніхто аніяк: бо дзень гэны ня прыдзе, дакуль ня прыдзе перш адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы,
4. які спраціўляецца і вывышшаецца панад усё, званае Богам ці сьвятыняй, што ў храме Божым засядзе ён, як Бог, паказываючы сябе, што ён Бог.
5. Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?
6. I цяпер ведаеце, што не дае адкрыцца яму ў свой час.
7. Бо тайна беззаконьня ўжо дзеець, толькі той, што цяпер узьдзержывае, (будзе рабіць гэта), пакуль ня будзе забраны спасярод.
8. I тагды адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб'е духам вуснаў сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыходу Свайго,
9. ды якога прыход, сілаю шатана, будзе з усёй магутнасьцяй, і знаменьнямі, і фальшывымі цудамі,
10. і з усякай няправеднай снакусай для тых, што гінуць, за тое, што яны ня прынялі любві праўды, каб ім спасьціся.
11. I за гэтае пашле ім Бог дз?яньне подступу, каб яны паверылі ілжы,
12. каб былі засуджаны ўсе, ня ўвераваўшыя ў праўду, але любіўшыя няпраўду.
13. Мы-ж заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне,
14. да якога і паклікаў вас дабравешчаньнем нашым на здабыцьцё славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
15. Дык, браты, стойце і дзяржыце пераказы, якіх вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.
16. Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог Ацец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы,
17. няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і дзеле добрым.
Разьдзел 3
1. Дык малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,
2. ды каб нам вызваліцца ад распусьнікаў і людзей крывадушных; бо не у ўсіх вера.
3. Верны-ж Госпад, які ўмацуе вас і захавае ад крывадушніка.
4. Мы пэўныя адносна да вас у Госпадзе, што вы выпаўняеце і будзеце выпаўняць тое, што мы вам загадваем.
5. А Госпад няхай пакіруе сэрцы вашыя на любоў Божую і цярплівасьць Хрыстову.
6. Загадываем жа вам, браты, іменьнем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, што ходзе ня ў лад і не па пераказу, які прыняў ад нас,
7. бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не рабілі ў вас нягожага,
8. дый ні ў кога ня елі хлеба дарма, але ў працы і ўтоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжыць каго з вас, -
9. не затым, што мы ня мелі ўлады, але каб сябе самых даць вам за прыклад дзеля насьлядаваньня нам.
10. Бо, кдлі мы былі ў вас, дык загадалі вам гэтак: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць.
11. Але чуем, што некаторын ў вас нягожа паступаюць, нічога ня робяць, але матаюцца;
12. гэтакім загадываем і молім (іх) Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб.
13. Вы-ж, браты, не ўпадайце на духу, калі робіце дабро.
14. Калі-ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго адзначце і не сябруйце з ім, каб быў асаромлены;
15. але ня лічэце яго за ворага, а навучайце, як брата.
16. Сам жа Госпад міру няхай дасьць вам мір заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.
17. Прывітаньне маею рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак ува ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:
18. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Другое да Фесалонікійцаў пісана з Афін.
Зьмест
|