Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Перадумовы Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім

Антоні Бокун


Адной з важнейшых падзеяў эўрапейскай, у тым ліку і беларускай, гісторыі стала Рэфармацыя. Рэфармацыя - гэта шырокі грамадзкі рух, разнастайны з пункту гледжаньня прапанаваных ідэяў і праграм, а таксама сацыяльнай базы, накіраваны на аднаўленьне (рэфармацыю) хрысьціянскіх практык і дактрыны. Яна зьяўляецца як пэўным працягам Адраджэньня, пераводам яго на новы ўзровень, так і адмаўленьнем некаторых ягоных тэндэнцый.

Нараджэньне і разьвіцьцё рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім было выклікана агульнымі зрухамі сацыяльнага, культурнага і палітычнага характару, якія адбываліся ва Усходняй Эўропе ў XV-XVI стст. Унія Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства пачала працэс пераарыентацыі беларускіх элітаў на Захад [1]. Гэтаму спрыяла распаўсюджваньне каталіцтва, актыўны ўдзел дынастыі Ягайлавічаў у цэнтральнаэўрапейскай палітыцы, а таксама непасрэдныя кантакты мяшчан і шляхты з заходнім сьветам. Прывілей вялікага князя Казіміра ад 1447 г. даў шляхце права свабоднага выезду за мяжу “для лепшага шчасьця набыцьця або учынкаў рыцарскіх”.

Вэстэрнізацыя элітаў Вялікага Княства стварала адпаведную атмасфэру для распаўсюджваньня ідэяў, народжаных у Заходняй Эўропе. Менавіта магнаты, заможная шляхта і мяшчане актыўна падтрымлівалі рэфармацыйны рух [2]. Сялянства, якое складала большасьць насельніцтва ВКЛ, было па-просту ня ў стане ўспрыняць падобныя ідэі, таму што рэальная хрысьціянізацыя сялян пачалася толькі пад час Рэфармацыі. Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст пісаў у 1547 г. да кракаўскага біскупа: “Яшчэ вельмі сьвежыя ў гэтым нашым Вялікім Княстве павевы хрысьціянскай веры. Бо тут, па-за Вільняй, цёмны неадукаваны народ аддае чэсьць боскую (ня кажучы ўжо пра іншыя забабоны) гаям, дубам, ліпам, ручаям, валунам, вужам, і прыносяць ім ахвяры, як супольныя, так і прыватныя” [3]. Хрысьціянскія храмы, як каталіцкія, так і праваслаўныя, будаваліся пераважна ў гарадах або буйных маёнтках, а узровень адукаванасьці і місіянерскага запалу сьвятароў, як сьведчаць крыніцы, не маглі адказаць на выклікі часу. Між тым для разуменьня лёзунгаў рэформы царквы неабходная наяўнасьць пэўнага адукацыйнага ўзроўню і хрысьціянскага вопыту. Нават у Францыі і Англіі першапачаткова прыхільнікамі Рэфармацыі былі у асноўным прадстаўнікі заможных пластоў грамадзтва [4].

Усё больш шчыльныя кантакты з Заходняй Эўропай дазволілі сотням ураджэнцаў Беларусі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў навучальных установах Кракава, Прагі, Вены, Вітэнбэргу, Падуі, Балёньі. У 1397 г. у Праскім унівэрсытэце была створана калегія для студэнтаў з ВКЛ. У Кракаўскім унівэрсытэце на працягу XV-XVI стагодзьдзяў вучылася ня менш 430 студэнтаў-ліцьвінаў. Сярод іх былі як прадстаўнікі магнацкіх родаў - Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, так і дзеці мяшчан і шляхты [5]. З 1523 па 1546 дваццаць маладых магнатаў з ВКЛ слухалі лекцыі Марціна Лютара ў Вітэнбэргу [6]. У 1544 г. у сталіцы Прусіі Караляўцы адчыніўся унівэрсітэт, на якім былі выдзеленыя спэцыяльныя стыпэндыі для студэнтаў зь Вялікага Княства. Гэта была найбліжэйшая да Беларусі вышэўшая навучальная установа, што і абумовіла яе прыцягальнасьць для беларускай моладзі. Да 1600 г. у Караляўцы навучалася 185 студэнтаў зь Вялікага Княства [7].

Пачаткі Рэфармацыі ў ВКЛ цесна зьвязаныя зь дзейнасьцю навучэнцаў розных унівэрсітэтаў, якія станавіліся яе першымі прапаведнікамі. У 1525 г. выпускнік Кракаўскага унівэрсітэта Станіслаў Рафаловіч у Вільні пачаў прапаведваць вучэньне Марціна Лютара. У 1539 г. пры падтрымцы троцкага ваяводы Гаштоўта магістар вызваленых навук Юры з Эйшышак спрабаваў заснаваць у Вільні лютаранскую школу, але гэта яму забараніла капітула. У тым жа 1539 г. іншы выпускнік Вітэнбэрскага унівэрсытэту, Абрагам Кульва, адкрыў школу, у якой вучыліся больш за 60 вучняў, перад усім дзеці магнатаў і шляхты. Апрача таго, ён прапаведваў ідэі Лютара ў віленскім касьцёле сьвятой Ганны. Дзейнасьць Кульвы настолькі пашырыла эвангельскае вучэньне сярод жыхароў Вільні, што віленскі біскуп Павал Гальшанскі быў вымушаны зьвярнуцца да Жыгімонта Старога з просьбай пра дапомогу ў спыненьні распаўсюджваньня “сэктанцтва”. У 1542 г. у новым дэкрэце кароль і вялікі князь загадаў Кульве вырачыся сваіх поглядаў, а таксама пагражаў кожнаму шляхцічу пазбаўленьнем шляхецкай годнасьці і канфіскацыяй маёмасьці ў выпадку, калі той будзе вызнаваць вучэньне Лютара, забараняў скіроўваць моладзь на вучобу ў Нямеччыну і запрашаць немцаў у якасьці выхавацеляў і настаўнікаў [8].

Увогуле, павелічэньне колькасьці адукаваных людзей само па сабе вяло да крытыкі стану, у якім знаходзілася як каталіцкая, так і праваслаўная царква, бо вельмі відавочнай была прорва паміж тым, якой царква павінна была быць, і тым, якой яна была ў рэчаіснасьці [4]. Ужо на пачатку XVI ст. герархі праваслаўнай царквы ў ВКЛ засьведчылі аб патрэбе выпраўленьня стану царквы. На саборы 1508-1509 гг. было пастаўлена пытаньне пра “царкоўные нестраенія”, пра падзеньне аўтарытэту царквы і сьвятароў. Сучасьнікі адзінадушна казалі пра маральны ўпадак сьвятарства, іх сквапнасьць і вымагальніцтва, іншыя заганы царкоўнага жыцьця [9].

Вялікі ўплыў на распаўсюджваньне новых ідэяў мела кнігадрукаваньне, якое рабіла кнігу даступнай шырокім колам адукаванага грамадзтва. У гэтай сувязі цяжка пераацаніць значэньне Францішка Скарыны, які толькі на працягу 1517-1519 гг. у Празе надрукаваў больш за 10 тысячаў асобнікаў біблійных кнігаў [10]. Дзякуючы дзейнасьці Скарыны запатрабаваньне на кнігі, якое зьявілася ў Вялікім Княстве пад канец 15 ст., было часткова задаволена.

У сваіх прадмовах беларускі першадрукар ня толькі выкладаў кароткі зьмест тэксту, але і сьцьвярджаў неабходнасьць асабістых адносінаў чалавека з Богам, адмаўляў патрэбу ў “пасярэдніках” паміж Словам Божым і веручым, акцэнтаваў увагу на вывучэньні Бібліі і жыцьці згодна са Словам Божым, “понеже не толіко докторове і люді вченыі в ніх разумеють, но всякій человек простый і посполітый, чтучы іх ілі слухаючы, можеть поразуметі, что ест потребно к душному спасенію его” [11].

Той факт, што Скарына друкаваў Біблію для людзей паспалітых, што імкнуўся наблізіць Слова Божае да чытача, зрабіць яго распаўсюджаным і зразумелым, паказваюць беларускага першадрукара як пачынальніка Рэфармацыі ў Беларусі. Сучасьнікі Скарыны на дзіва згодна ацэньваюць яго дзейнасьць. Па словах змагара за чысьціню праваслаўя А.Курбскага, Біблія Скарыны “растленна”, пярэчыць усім сьвятым уставам і ў-ва ўсім згодная зь Бібліяй Лютара [12]. Каталікі таксама абвінавачвалі Скарыну ў адыходзе ад канонаў каталіцкае царквы і прыналежнасьці да Рэфармацыі. Уніяцкі мітрапаліт А.Сялява называў Скарыну “ератыком гусітам”, а выданую ім Біблію разглядаў як пачатак Рэфармацыі ў Вялікім Княстве [13]. Наадварот, дзеячы Рэфармацыі бачылі ў Скарыне свайго аднадумца. Пратэстанцкі выдавец Прымус Трубэр у выданьнях, прызначаных для жыхароў Вялікага Княства, насьлядаваў выданьні Скарыны. Першы пратэстанцкі япіскап Прусіі Павал Спэратус захоўваў “Псалтыр” Скарыны з “Малой падарожнай кніжыцы” [14].

У 1530 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары ў Вільні абвесьціў першы дэкрэт супраць “лютаранаў і анабаптыстаў”, у якім забараняў пропаведзь антыкаталіцкіх поглядаў ня толькі публічна, але і ў прыватных размовах, а таксама распаўсюджваньне кнігаў падобнага зьместу. Гэты дакумант не называе ніякіх прозьвішчаў, але пасьля абвяшчэньня дэкрэту Франьцішак Скарына выехаў зь Вільні ў Каралявец да Альбрэхта Гогенцольлерна, які ўжо аб’явіў лютаранства веравызнаньнем сваёй дзяржавы. Празь некалькі месяцаў Скарыну зноў зьявіўся ў Вільні, але зь лістамі ад прускага герцага да віленскага ваяводы і віленскага магістрату, у якіх герцаг Альбрэхт просіць не чыніць крыўды доктару Францішку з Полацку. Усё гэта дало падставы польскаму дасьледчыку М.Косману выказаць думку, што адным з тых “лютаранаў і анабаптыстаў”, супраць якіх быў скіраваны вялікакняскі дэкрэт, быў і беларускі першадрукар Францішак Скарына [3].

Яшчэ адным чыньнікам, які паўплываў на распаўсюд Рэфармацыі ў ВКЛ, стаў гусіцкі рух. На працягу XV-пачатку XVI ст. ён стала прысутнічаў у жыцьці беларускіх элітаў. У 1413 г. Вялікае Княства наведаў Геранім Праскі, сябра і паплечнік Яна Гуса. На працягу двух месяцаў ён быў у Віцебску, энэргічна прапаведуючы там гусіцкае вучэньне. Пеаездка Гераніма па гарадах Вялікага Княства адбывалася ў сьвіце Вітаўта, што сьведчыла пра прыхільнасьць вялікага князя новаму вучэньню. Неўзабаве з Чэхіі ў Вільню прыбыла дэлегацыя, запрашаючы вялікага князя літоўскага стаць чэскім каралём і падтрымаць гусітаў у іх барацьбе за рэформу царквы. Вітаўт прыхільна прыняў пасланцоў і абяцаў дапамогу. У 1423 г. пяцітысячнае беларускае войска на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам увайшло ў Чэхію, здабыло замак Нэйстау і абвясьціла ўладу Вітаўта ў Чэскім Каралеўстве. На працягу сямі гадоў ліцьвіны і чэхі разам змагаліся за права жыць паводле Эвангельля, адбіваючы крыжовыя паходы нямецкіх імпэратараў [15].

У 20-30-ыя гг. XV ст. уплыў гусіцкіх ідэяў у беларускім грамадзтве настолькі ўзмацніўся, што ўрад быў вымушаны выдаць некалькі пастановаў, накіраваных супраць прыхільнікаў гусізму. У 1436 г. для барацьбы з гусізмам у Вялікім Княстве Літоўскім была ўведзена інквізіцыя [15]. Праўда, вялікага посьпеху яна ня мела, бо гусітам сымпатызавалі многія прадстаўнікі кіруючых колаў краіны. У іх ліку была і Соф’я Гальшанская, маці вялікага князя Казіміра Ягайлавіча [16]. На працягу XV ст. большасьць студэнтаў-ліцьвінаў атрымлівалі адукацыю ў Кракаве і Празе. Кракаўскі унівэрсітэт быў другім пасьля Праскага інтэлектуальным асяродкам гусізму. Геранім Праскі пэўны час выкладаў у Кракаве. Каля 1450 г. прафэсар Кракаўскага унівэрсітэту Андрэй Галка з Дабчына напісаў верш у гонар ангельскага рэфарматара Джона Уікліфа [16]. На пачатку XVI ст. у Кракаве выладаў перакананы прхільнік гусіцкага вучэньня Якуб зь Ілжы [15].

Гусіцкі рух сфармаваўся пад уплывам пропаведзяў вядомага чэскага прапаведніка Яна Гуса, стаўшага ў 1402 г. рэктарам Праскага ўнівэрсытэту. Ян Гус, усьлед за Уікліфам, патрабаваў абапірацца на Біблію як на вышэйшы аўтарытэт у справах веры, бо толькі Біблія ўтрымлівае ўсё, неабходнае для збаўленьня, і ўсе хрысьціяне павінны яе чытаць. Таксама Гус казаў, што “ня ўсе люді, якія ёсьць у царкве, зьяўляюцца людзьмі царквы”, і крытэрам, які вызначае гэтую прыналежнасьць, зьяўляецца вернасьць вучэньню Хрыста. Дзеяньні любога хрысьціяніна, у тым ліку і папы рымскага, павінны ацэньвацца ў сьвятле іх адпаведнасьці Бібліі. У 1412 г. Гус пачаў крытыкаваць продаж індульгенцый, бо дараваць грахі можа толькі Бог, а продаць тое, што належыць толькі Богу, гэта блюзьнерства [17]. У 1415 г. сабор у Канстанцы асудзіў вучэньне Гуса, а таксама Уікліфа і вынес Яну Гусу сьмяротны прысуд. 6 ліпеня 1415 г. ён быў спалены на вогнішчы. У хуткім часе такі самы лёс напаткаў Гераніма Праскага, які прыехаў на сабор бараніць свайго сябра. Сьмерць Гуса выклікала адзінадушнае абурэньне ў чэскім грамадзтве. 452 шляхцічы ўрачыста абвесьцілі пра сваю згоду з Гусам.

У Чэхіі першапачаткова гусітамі былі ў асноўным заможныя гараджане і шляхта, але хутка яны атрымалі падтрымку больш радыкальных рухаў, сярод якіх вылучаліся табарыты. Перад пагрозаю крыжовых паходаў нямецкага імпэратара ў 1420 г. усе групы гусітаў прыйшлі да згоды па “чатырох праскіх артыкулах”: 1) свабода пропаведзі Слова Божага ва ўсім каралеўстве; 2) прычашчэньне “пад двума постацямі”, г.зн. усе вернікі прымаюць і хлеб, і чашу; 3) царкоўныя служыцелі павінны жыць ў “апостальскай беднасьці”; 4) цяжкія і відавочныя грахі павінны быць адпаведна караныя [18].

Гусіцкі рух у многіх аспектах быў прадвесьнікам Рэфармацыі XVI ст. Пад час Ляйпцыгскага дыспуту ў 1520 г. папскі тэоляг Яган Эк абвінаваціў Марціна Лютара, што ён паўтарае вучэньне Яна Гуса, асуджанае каталіцкай царквою на саборы ў Канстанцы. На гэта Лютар адказаў, што нават адзін чалавек, абапіраючыся на Сьвятое Пісьмо, можа выступаць і супраць папы, і супраць сабору, калі яны не абапіраюцца на Біблію. Празь нейкі час гусіты з Чэхіі прыслалі Марціну Лютару творы Яна Гуса і ён, прачытаўшы іх, знайшоў, што мноства ідэяў праскага рэфарматара падобныя да яго ўласных. Менавіта тады Лютар абвесьціў сваім пасьлядоўнікам: “Усе мы - гусіты, ня ведаючы пра гэта” [19].

Погляд на Скарыну як на гусіта дазваляе даць тлумачэньне рэфарматарскай дзейнасьці гэтага чалавека, які меў заходняе імя Францыск, але ў сваёй працы моцна абапіраўся на ўсходнюю хрысьціянскую традыцыю. Скарына ня мог быць пратэстантам у вэрсіі лютаранства ці кальвінізму з прычыны таго, што ў часы Скарыны іх па-просту не было. Лютаранства як акрэсьленная плынь хрысьціянства афармлялася з 1530 г. (Аугсбургскае вызнаньне) да 1577 г. (Кніга згоды), а кальвінства - з 1536 г. (першае выданьне “Настаўленьняў у хрысьціянскай веры”) да 1618 г. (Дорцкі сінод) [17]. Але тое, што ён выдаў Біблію на народнай мове, прызначыў яе для людзей паспалітых, друкаваў яе ў Празе, карыстаўся як асноўнай крыніцай чэскай гусіцкай Бібліяй 1506 г., сьведчаньні сучасьнікаў, паказваюць на Скарыну як на гусіта [20]. Гэтаму не пярэчыць падзелы Псалтыру і Апостала, характар тэкстаў канонаў, акафістаў і іншых малітваў, якія адпавядаюць прынятым у праваслаўнай царкве, бо на працягу XV-XVI ст. рэфарматары, якія былі ў апазіцыі рыма-каталіцкай царкве, бачылі ў праваслаўнай царкве сваіх саюзьнікаў. Геранім Праскі пад час свайго побыту ў Віцебску і Полацку гаварыў князю Вітаўту, што “схізматыкі русіны ёсьць добрыя хрысьціяне” [15]. Аргументам гусітаў у іх змаганьні за прычашчэньне пад двума постацямі была наяўнасьць такой практыкі ва ўсходняй царкве. Факт існаваньня праваслаўя, незалежнага ад Рыму, надаваў верагоднасьці існаваньню гусіцкай, або любой іншай царквы, якая не прызнае вяршэнства папы рымскага. Адсутнасьць у Скарыны акцэнту на дактрыну апраўданьня толькі верай, так характэрнай для Лютара і яго пасьлядоўнікаў, тлумачыцца адсутнасьцю такой акцэнтацыі ў гусіцкай дактрыне [17]. Таксама на карысьць гусізму Скарыны сьведчыць надрукаваны ім сымбаль веры ў “Малой падарожнай кніжцы”. Скарына надрукаваў яго без filioque, г.зн. так, як гэта прынята ў праваслаўнай царкве, што для католіка было хіба немагчымым. У той жа час такі бясспрэчна пратэстанцкі Нясьвіскі катэхізіс 1562 г. таксама падае сымбаль веры без filioque [21].

Такім чынам, разглядаючы перадумовы Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, у якасьці асноўнага чыньніка магчыма выдзяліць шырокія кантакты беларускіх элітаў з Цэнтральнай і Заходняй Эўропай, і як вынік гэтага, павелічэньне агульнага адукацыйнага ўзроўню, зьяўленьне кнігадрукаваньня, пранікненьне на Беларусь ідэяў рэформы царквы, перш за ўсё ў форме гусізму.

Літаратура:

1. Kot S. La Reforme dans le Grand Duche de Lithuanie.

2. Падокшин С. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI - начало XVII в.), Минск, 1970.

3. Kosman M. Reformacja i Kontrreformacja w Wielkim ksiestwie Litewskim w swietle propogandy wyznaniowej. Wroclaw, 1973.

4. Маграт А. Богословская мысль Реформации. Одесса, 1994.

5. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасьці да канца XVIII стагоддзя. Мінск, 2001.

6. Mallek J. Polscy i litewscy studenci na uniwersytecie krolewieckim. // Polska i jej wschodni sasiedzi od sredniowiecza po wspolczesnosc. Torun, 1996.

7. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989.

8. Плисс В. Исторический очерк проникновения и распространения Реформации в Литве и Западной Руси. Санкт-Петербург, 1914.

9. Дмитриев М.В. Православие и реформация. Москва, 1990.

10. Скарына і яго эпоха. Пад рэд. Чамярыцкага В. Мінск, 1990.

11. Франциск Скорина и его время. Энциклопедический справочник. Минск, 1990

12. Сочинения князя Курбского. Т.1 // РИБ. Т. ХХХІ. Стб. 401-403.

13. Antyelenchus // Архив ЮЗР. Ч. 1 Т.8. Вып. I.

14. Сапунов Б. Религиозные взгляды Скорины. // Бларусіка. кн.9. Мінск, 1998.

15. Падокшын С.А. Гусізм і грамадскі рух Беларусі і Літвы XV-XVI стст. // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968.

16. Krasinski W. Zarys dziejow powstania i upadku reformacji w Polsce, Warszawa, 1904, t. 1.

17. Лейн Т. Христианские мыслители. Санкт-Петербург, 1997.

18. Гонсалес Х.Л. История христианства. Санкт-Петербург, 2001, т. 1-2.

19. Бейнтон Р. На сем стою. Заокский, 1996.

20. Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мінск, 1991.

21. Катэхізіс: помнік беларускай Рэфармацыі XVI ст. Мінск, 2005.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: