Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
500 ГОД БЕЛАРУСКАЙ БІБЛІІ

Прадмова доктара Францыска Скарыны з Полацку да ўсей Бібліі на беларускай мове

Біблія - на грэцкай мове, а па-беларуску гэта называецца - "Кнігі", бо так сьвяты Мацьвей пачынае Хрыстова дабравесьце: "Біблос генезеос Ісусу Хрысту", гэта значыць па-беларуску - "Кніга радаводу Ісуса Хрыста" (Мц 1:1). А можаце так называць усе кнігі Старога і Новага Запавету, таму што поўная Біблія ўсіх іх у сабе зьмяшчае.

Пра гэтую кнігу піша эвангеліст, які ляжаў пры грудзях Хрыста, у Адкрыцьці сваім, кажучы: "І ўбачыў я ў правіцы Таго, Які сядзеў на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і зьверху" (Адкр. 5:1)

Сапраўды, напісаныя кнігі гэтыя ўнутры духоўна для тых, якія разумеюць вялікія таямніцы Божыя, як піша апостал: "О, глыбіня багацьця, і мудрасьці, і веданьня Божага! Як недасяжныя прысуды Ягоныя і як нядасьледныя шляхі Ягоныя!" (Рым 11:33) Напісаныя таксама і зьверху, бо ня толькі дактары навук і людзі вучоныя іх разумеюць, але і кожны чалавек просты ды паспаліты, чытаючы іх ці слухаючы, можа зразумець, што неабходна да збаўленьня душы ягонай, як і Сам Збаўцы кажа: "Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных і адкрыў немаўлятам" (Мц 11:25). Пра гэтую ж кнігу Рыгор Вялікі, настаўнік сусьветны, добра піша, кажучы: "Сьвятое Пісаньне ўсе навукі пераўзыходзіць, бо, калі чытана бывае, у простых словах таямніцы зьмяшчае".

Таму Біблія для дзяцей і людзей простых - навука, для настаўнікаў і людзей мудрых - зьдзіўленьне. Яна - як дзівосная рака: і такая мелкая, што ягня перайсьці яе можа, і такая глыбокая, што слон пераплываць яе мусіць.

У гэтай кнiзе ўсёй прыроднай мудрасьцi пачатак і канец; праз яе Бог Усемагутны пазнаецца. У гэтай кнiзе ўсе законы i правы, якімі людзі на зямлі кіравацца маюць, запiсаныя. У гэтай кнiзе ўсе лекi для душы i цела разам сабраныя. Тут маем навучаньне фiласофii добрых паводзінаў, як любiць Бога дзеля самога сябе i блiжняга дзеля Бога. Тут справа кожнага сабраньня людзкога i кожнага гораду: як вераю, злучэньнем ласкi і згодаю паспалітае дабро памнажаецца. Тут навучаньне сямi свабодным навукам дастатковае.

Калi хочаш ведаць Граматыку, цi, па-беларуску кажучы, Грамату, каб добра гаварыць і чытаць навучыцца, знайдзi ў поўнай Бiблii Псалтыр і чытай яе. Калi хочаш разумець Логiку, якая вучыць аргумэнтавана праўду ад няпраўды адрозьнiваць, чытай кнiгу сьвятога Ёва цi Пасланьнi сьвятога апостала Паўла. А калі захочаш навучыцца Рыторыцы, што ёсьць Красамоўствам, чытай кнiгi Салямонавы. Гэта ёсьць тры навукi слоўныя.

Калі пажадаеш навучыцца Музыцы, гэта значыць Сьпяваньню, вялiкае мноства вершаў і песьняў сьвятых ва ўсёй кнiзе гэтай знойдзеш.

Калі падабаецца табе навучыцца Арытмэтыцы, каб хутка і без памылак лiчыць, часта чытай Чацьвёртую кнiгу Майсея. Калі маеш перад вачыма навуку Геаметрыю, што па-беларуску называецца Землямераньне, чытай кнігу Ісуса Навіна.

Наконт Астраноміі, або Лічэньня зорак, знойдзеш на пачатку гэтай кнігі пра стварэньне сонца, месяца і зорак, знойдзеш у кнізе Ісуса Навіна як стаяла сонца на адным месцы праз увесь дзень, знойдзеш у кнігах Царстваў як сонца адступіла на некалькі прыступак, знойдзеш у сьвятым Эвангельлі пра новую зорку ў час нараджэньня нашага Збаўцы Ісуса Хрыста. Сапраўды, больш зьдзіўляцца найвялікшай Божай моцы мусіш, чым вучыцца. І гэта ёсьць сем свабодных навукаў.

А калі маеш упадабаньне пра ваенныя і геройскія справы ведаць, чытай кнiгi Судзьдзяў цi кнiгi Макавейскія, больш праўды ў iх знойдзеш, чым у "Александрыi" цi "Троi".

Калі ж хочаш коратка летапiс многiх тысячаў гадоў прасачыць, чытай кнiгi Параліпаменан. Там апiсаныя пакаленьнi, пачаўшы ад Адама аж да Сэдэкii, апошняга цара Юды.

Калі патрабуеш навучаньня і мудрасьцi ў добрых звычаях, часта чытай кнiгi Iсуса, сына Сірахава, і Прыповесьцi Салямона. А больш за ўсё гэтае мы, хрысьціяне, ведаючы, што ўсе навукі прамінаюць, патрабуе рэчы вечнае - збаўленьня душы. Таму будзем чытаць з пастаянствам Сьвятое Эвангельле, і, чытаючы, насьлядаваць справы нашага Збаўцы Iсуса Хрыста. Так, з дапамогаю Ягонай, увойдзем у жыцьцё вечнае і ў Валадарства Нябеснае, прыгатаванае выбраным Божым.

Патрэбна таксама ведаць, што Бiблiя на дзьве часткi дзелiцца: Стары Запавет і Новы. Стары Запавет мае ў сабе дваццаць чатыры кнiгi. Першая кніга Майсеева - Быцьцё. У ёй пра стварэньне сьвету, пра пачатак роду чалавечага, пра разьдзяленьне моваў i зямлi, пра народ гебрайскi і пра прыход ягоны ў Эгiпет напiсана.

Другая кнiга - Выхад, у якой напісана пра нараджэньне Майсея, пра дзесяць плягаў фараонавых, пра выхад з Эгiпту сыноў Ізраіля, пра дзесяць прыказаньняў Божых ды пра многiя іншыя суды Ягоныя.

Трэцяя кнiга - Лявіт - пiша пра храм Божы, пра шаты Ааронавы, пра ахвяры і служэньне лявiтаў.

Чацьвёртая кнiга - Лiкі - кажа пра падлiк сыноў Ізраіля, пра падарункi князёў, пра прароцтва Валаама ды пра сорак два табары, дзе сыны Ізраіля спыняліся ў пустынi.

Пятая кнiга Майсея, называная Другi Закон, бо прадказваецца ў ёй сьвятое Эвангельле i тое, што ў папярэднiх кнiгах шырока, тое ў гэтай кнiзе сьцiсла выкладзена. Гэта ёсьць "Пэнтатэўхан" па-грэцку, цi Пяцiкнiжжа Майсеева.

Пра гэтыя пяць кнiгаў апостал пiша, кажучы: "Але ў царкве хачу лепей сказаць пяць словаў розумам маiм, каб i другiх навучыць, чым дзясяткі тысячаў словаў на незнаёмай мове" (1 Кар 14:19)

Пасьля кнiга сьвятога Ёва - люстэрка доўгацярплiвасьцi, усе словы ў ёй поўныя мудрасьцi. Вершамi i выслоўямi яна напiсана, і пра ўваскрасеньне з мёртвых целаў нашых найясьней прарочыць.

Потым Iсус Навiн пераходзiць Ярдан, уводзiць сыноў Ізраіля ў Зямлю Абяцаную, здабывае горад Ерыхон, і, перамогшы многiх цароў, зямлю народу жэрабем падзяліў.

Кнiга Судзьдзяў апівае адвагу герояў і мужоў моцных Атніэля, Аода, Барака, Гедэона, Ефтая і Самсона. Пасьля яе кнiга Рут, прабабкi цара Давiда, разьмешчана.

Пасьля гэтай кнігі ў Бiблii зьмяшчаюцца чатыры кнiгi Царстваў сыноў Ізраіля. Першыя дзьве называюцца па-гебрайску "Шмуэль". У iх напiсана пра нараджэньне Самуіла, памазаньне на царства Саўла, пра войны і цараваньне Давіда. Апошнiя дзьве называюцца па-гебрайску "Млохiм". У iх знойдзеш расповяд пра справы сарака цароў Юды і цароў Ізраіля, ад цара Салямона аж да Ехоніі і ад цара Ераваама, сына Навата, аж да Осіі, якога ўзялі ў палон у Асірыю.

Пасьля дзьве кнiгi Летапісаў, у якіх тое, што прапушчана ў кнiгах Царстваў. Да таго ж, пачаўшы ад Адама і аж да зьняволеньня Ерусалiму Навухаданосарам, многiя пакаленьнi гебрайскія тут ушанаваныя.

Пасьля iх дзьве кнiгi Эздры пра выхад з няволi перскай народу Ізраіля, пра аднаўленьне Ерусалiму i храму для Сьвятога Сьвятых, пра людзей, якія будавалі, што які рабіў, і пра лявітаў, якія выйшлі з палону.

Потым кнiга Тавiт дае бацькам навуку, як сыноў сваіх вучыцьтрэба.

Пасьля кнiга Юдыты-ўдавы. Яна дзеля свабоды айчыны сваё жыцьцё не шкадавала, прыклад мужам даючы.

Пасьля яе кнiга царыцы Эстэры, якая разам з Мардахеем збавiла ад зьнішчэньня народ Ізраільскi.

За ёй - Песьнi цара Давiда, па-грэцку называецца кніга "Псалтырыён", а па-гебрайску - "Тыiлiм", у кнізе гэтай кафізмаў - дваццаць, псальмаў - сто пяцьдзясят, вершаў i прысьпеваў дзьве тысячы шэсьцьсот.

Пасьля Псалтыры iдуць тры кнiгi Салямонавыя: Прыповесьцi, Эклезiяст і Песьня песьняў. У першай напісаная навука юнакам, у другой - мужам, у трэцяй - старым.

Пасьля гэтых кнігаў - кнiга Iсуса, сына Сірахава, называная "Царкоўнiк", якая зьмяшчае ўсё навучаньне добрым звычаям. Пасьля яе - кнiга Мудрасьцi Божай, бо найбольш у ёй напісана пра цярпеньнi пакутнiкаў Божых і пра жыцьцё сьвятых Ягоных. Потым - кнігі шаснаццаці прарокаў Божых. Iсая з iх першы. Ён ня толькі пра Хрыста прароцтва напісаў, але i падобны да эвангелiстаў у прароцтве сваім.

Другi прарок Божы - Ярэмiя, які яшчэ ва ўлоньнi мацi быў пасьвячоны і ў маладосьцi прарочыць пачаў. Ён жа напiсаў кнiгу, якую завуць "Плач Ярэмii".

Трэцi прарок вялiкi - Эзэкііль. Напачатку кнiгi сваёй ён прарочыць пра чатырох эвангелiстаў Хрыстовых, а напрыканцы - пра храм Божы; прароцтвы яго таямнічыя.

Чацьвёрты прарок вялiкi - Данiiл, знаўца часоў распазнаў i апавядальнік гiсторыі ўсiх царстваў сьвету; час прыйсьця на зямлю Хрыста i сьмерць Ягоную ён ясьней за iншых абвяшчае.

Прарокi малыя: Осiя, сын Вэрыі, - першы; Ёіль, сын Батуэля, - другі, які кажа пра спасланьне Сьвятога Духа на апосталаў. Амос - пастух і прарок Госпада, - трэцi; Аўдзей, які самога сябе рабом Госпада называе, - чацьвёрты. Ёна, сын Аматыя, які тры днi ў чэраве кiта быў i ўваскрасеньне Хрыстова на трэцi дзень прадказаў, - пяты. Мiхей з Морасхі - шосты прарок сярод малых прарокаў, пра гэта напiсана ў кнiзе Царстваў. Навум - сёмы, які прарочыць пра Хрыста і кажа: "Вось жа на гарах ногі дабравесьніка, які мір абвяшчае". Абакум - восьмы, прарочыць, кажучы: "Бог прыходзіць з поўдня, і Сьвяты з гары Фаран, слава Яго пакрывае нябёсы, а зямля поўная хвалы Ягонай". Сафонiя, сын Хузiя, - дзявяты; Агей - дзясяты, які пiша: "Яшчэ трохі, і Я ўзварухну неба і зямлю, мора і сушу, і ўзварухну ўсе народы, і прыйдзе Чаканы ўсімі народамі". Захарыя - адзiнаццаты, ён пра ўваходжаньне ў Ерусалiм Госпада, седзячы на асьле, прарочыць; Малахiя - дванаццаты i апошнi сярод прарокаў малых.

А ў канцы Старога Запавету зьмешчаны дзьве кнiгi Макавеяў. Гэткае апiсаньне першай часткi Бiблii.

Другая частка Бiблii - збаўчы Новы Запавет - складаецца з кнiгаў чатырох эвангелiстаў, гэта значыць сьвятога Дабравесьця Мацьвея, Марка, Лукi, Яна, якія, нібы калясьніца, на чатыры бакi сьвету iмя Госпада і пасад жыватворнай Тройцы нясуць.

Пасьля апостал Павал, выбраная пасудзіна і настаўнік усіх народаў, да сямi цэркваў пасланьнi пiша, восьмае - да Гебраяў; Цiмафея, Цiта і Фiлiмона вучыць.

Потым Дзеi апостальскiя пра тое, як царква Хрыстовая памнажаецца, сьвяты эвангелiст Лука, лекар, які душу аздараўляе, пiша і навуку дае.

Потым сьвятыя Якуб, Пётр, Ян, Юда сем паўсюдных пасланьняў сьцiслымi словамi напiсалi, вялiкае навучаньне нам пакiнуўшы. У канцы Бiблii - Апакалiпсiс, або Адкрыцьцё, кнiга сьвятога Яна зьмешчана; колькi ў ёй словаў, столькi i таямнiцаў.

Пра ўсе гэтыя кнiгі Бiблii, паводле майго розуму малога, апiсаньне кароткае я даў. А калi б у чым я памылiўся, няхай мяне выправіць той, хто больш разумее, прашу ў iмя Бога дзеля дабра паспалiтага.

Канец прадмовы да ўсёй Бiблii.

Усе прадмовы Францыска Скарыны



Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: