Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ПРАТЭСТАНЦКАЯ ЦАРКВА І БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ

Пачынальнікі пяцідзесятніцкага руху на захадзе Беларусі

Уладзімір Франчук

Рыгор Краскоўскі, Сьцяпан Ярмалюк і Ануфры Мазала

Пачынаючы з 1919 г., рух пяцідзясятнікаў ахоплівае беларускае і ўкраінскае Палесьсе. Пачатак пяцідзясятніцкага руху ў гэтых мясьцінах зьвязаны зь імёнамі і дзейнасьцю Рыгора Краскоўскага і Сьцяпана Ярмалюка.

Рыгор Краскоўскі нарадзіўся ў 1885 г. у раёне сяла Слораўская Воля на Наваградчыне. Закрануты агульнай хваляй эміграцыі, ён выправіўся ў Амэрыку ў пошуках заробку, каб пракарміць сваю сям'ю і знайсьці лепшую долю.

У Амэрыцы праваслаўны хрысьціянін зь Беларусі Краскоўскі ўпершыню ў сваім жыцьці пачуў жывую пропаведзь пра Хрыста, упершыню задумаўся пра сваё жыцьцё і пра свае шляхі... Любоў Божая клікала яго - і Рыгор Краскоўскі аддаў сваё сэрца і сваю душу праўдзіваму Эвангельлю. У далёкай чужой Амэрыцы ён знайшоў тысячы братоў і сёстраў па веры, пачаў чытаць Біблію, і гэта кніга адкрылася яму, напоўніла яго вусны, і ён стаў прапаведнікам у адной са славянскіх цэркваў. Там, у Амэрыцы, напоўніла яго жыватворная сіла Сьвятога Духа і загадала яму зь весткай Эвангельля вярнуцца на Бацькаўшчыну. У 1919 г. голас прапаведніка Краскоўскага пачаў адкрываць людзям шлях Эвангельля, шлях збаўленьня. Спачатку насьцярожана, потым са зьдзіўленьнем, пасьля з радасьцю слухалі праваслаўныя людзі натхнённую проапведзь Эвангельля на роднай мове - і Божая праўда Новага Запавету рабілася простай, зразумелай і даступнай. Людзі змаглі прыходзіць да Госпада не адразу - было шмат цяжкай працы - але ў паняверцы быў зроблены пралом і людзі пачалі імкнуцца да Ісуса. Паводле сьвядомай веры ў Ісуса Хрыста хрысьціў іх Рыгор Краскоўскі. Госпад сваёй моцай быў побач зь ім падчас пропаведзі Эвангельля. Часопіс "Христианский вестник" [1] паведамляў, што "брат Краскоўскі меў дар аздараўленьня. На яго малітву вылечылася ў аднаго чалавека сухая рука. Іншы раз праз яго малітву нямы пачаў размаўляць, шматлікія іншыя цуды тварыліся моцай Сьвятога Духа пааводле малітвы вернікаў".

А затым на новаствораныя сельскія цэрквы і групы пачала зыходзіць ласка Сьвятога Духа. Вось што перадаў пра тыя дні відавочца Ануфры Мазала: "...Узгадваецца мне 14 красавіка 1924 году..., ужо ў самым пачатку служэньня ў малітве адчулася Божая моц, а затым Госпад пачаў хрысьціць Духам Сьвятым, як у дзень Пяцідзясятніцы. Дзень гэты быў вырашальным для ўсяго павету, бо пачалося вялікае прабуджэньне: грэшнікі каяліся на кожным служэньні, і Госпад хрысьціў Духам Сьвятым часам да 10 душаў у сабраньні. Воднае хрышчэньне зьдзяйсьнялася штонядзелі, і колькасьць прымаючых яго зьлічвалася сотнямі..." [2].

У гэты дзень - 14 красавіка 1924 г. і сам Ануфры Мазала перажыў шчасьце напаўненьня Сьвятым Духам. Гэты малады чалавек вельмі хутка зрабіўся найбліжэйшым супрацоўнікам і памочнікам Рыгору Краскоўскаму. Ануфры Мазала нарадзіўся ў 1906 г. недалёка Шчорсаў пад Наваградкам. Яму было 13 гадоў, калі ў гэтую мясцовасьць прыехаў з Амэрыкі Р. Краскоўскі і пачаў прапаведаваць. 16-гадовым юнаком - у 1922 г. - адгукнуўся на заклік прапаведніка Ануфры Мазала, прыняў веру і аддаў сваё сэрца Ісусу Хрысту. І зь першых дзён навярненьня ўсю сваю юнацкую сілу, маладую энэргію накіраваў Ануфры на справу прапаведваньня Эвангельля, пачаў дбайна дапамагаць Рыгору Краскоўскаму, а пазьней, напоўнены Духам Сьвятым прапаведнік Мазала будзе ня толькі навяртаць людзей да Госпада, хрысьціць іх па веры ў Ісуса Хрыста, але й старанна бараніць статак Божы ад герэзіяў і фальшывых вучэньняў...

Мала было ў гісторыі пяцідзясятніцкага руху на тэрыторыі тагачаснай Польшчы такіх палымяных прапаведнікаў, такіх адданых Госпаду служыцеляў, як Ануфры Мазала. Якое яркае жыцьцё!.. І не выпадкова 23-гадовы Мазала ўвайшоў у склад камітэту Саюзу Хрысьціян Веры Эвангельскай (ХВЭ), а ва ўзросьце 25 гадоў быў абраны намесьнікам старшыні Саюза ХВЭ на ІІ Ўсепольскім зьездзе ў Крычыньску ў 1931 г.

Такіх працаўнікоў абіраў сабе Госпад з асяродку людзей, якія ўпершыню пачулі жывое слова Эвангельля, знайшлі Госпада і запаліліся палымянай любоўю да Яго, рупліва падыходзілі да справы Божай ...

Рыгор Краскоўскі памёр 24 студзеня 1931 г. У нэкралёгу Ануфры Мазала пісаў:

"Пасьля адзінаццацігадовай нястомнай працы на Ніве Божай у Польшчы адыйшоў на 47-ым годзе жыцьця ў вечнасьць наш дарагі брат Рыгор Краскоўскі, пакінуўшы ў гэтым сьвеце жонку, дзьвюх дачок і добрую памяць у братоў і сёстраў, паміж якіх ён працаваў, цярпліва пераносячы ўсе нягоды, радасна і рупліва зьдзяйсьняючы справу дабравесьніка, якую даручыў яму Госпад. Брат Краскоўскі навярнуўся да Госпада ў Амэрыцы, дзе нейкі час і прапаведаваў Слова Божае, тамсама ён атрымаў і хрышчэньне Духам Сьвятым са знаменьнем новых моваў.

У 1919 годзе Госпад пасылае яго праз акіян на бацькаўшчыну ў Наваградзкі павет.

Па прыездзе на бацькаўшчыну брат Краскоўскі спачатку прыглядаўся да духоўнага жыцьця ўсіх веравызнаньняў, а калі пераканаўся, што цемра грахоўная паглынула людзей і людзі знаходзяцца ў цянётах граху, то распачаў з адвагай сьведчыць пра Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага, пра збаўленьне, пра прабачэньне грахоў і вечнае жыцьцё ў Хрысьце.

Людзі па-рознаму ўспрынялі яго служэньне: адны казалі, што ён праўду прамаўляе, іншыя называлі яго антыхрыстам, ілжэпрарокам ды інш. Ён жа не зьвяртаў увагі на размовы людзкія, але гледзячы на Хрыста, нёс сьветач Слова Яго да гінучага чалавецтва. Многія душы пачалі зьвяртацца з малітвай да Госпада, молячы аб прабачэньні грахоў. Затым навернутыя прыймалі ад брата Краскоўскага воднае хрышчэньне. Пазьней у сэрцах іх абудзілася жаданьне атрымаць каштоўны дар ад Бога - хрышчэньне Духам Сьвятым.

На пачатку 1930 году пачалі ўзьнікаць цяжкасьці, якія часткова вырашаліся, а часткова заставаліся, але брат Краскоўскі працягваў працаваць, ствараючы ўсё новыя групы і грамады веручых, і Госпад багата дабраслаўляў яго і новаствораныя грамады.

Моц малітвы брата Краскоўскага была вялікай, бо Госпад адказваў на яе. Са шматлікіх выпадкаў аздараўленьня на малітву брата Краскоўскага, спынюся на адным, сьведкам якога мне давялося быць. На служэньне, якім кіраваў брат Краскоўскі, прынесьлі юнака, у якога правы бок цела быў разьбіты паралюшам, і ён ня мог размаўляць. На малітву брата Краскоўскага Госпад аздаравіў юнака, які празь некалькі дзён пачаў гаварыць, і нястомна сьведчыць і цяпер пра сваё аздараўленьне. Алілуя!

У першыя дні гэтага года наш дарагі брат Краскоўскі асабліва старанна працаваў, як быццам ведаў, што адыходзіць у шлях незваротны і што гэтая работа будзе апошняя на зямлі. Але ніхто зь яго сям'і і братоў не прадбачылі такога хуткага канца. За тыдзень з паловай я і брат Панько наведалі брата Краскоўскага і прабавілі зь ім некалькі радасных дзён.

Яшчэ 18-га студзеня ён са сваёй дачкой меў у нованавернутай грамадзе тры служэньні на дзень і абяцаў у наступную нядзелю зноў прыбыць туды, але Госпад вызначыў інакш.

22-га студзеня, вярнуўшыся зь лесу, ён адчуў моцныя болі ў жываце і 24-га студзеня а 9-тай гадзіне ўвечары цудоўная душа брата Краскоўскага, пакінуўшы яго тленнае цела, адыйшла да Таго, Каму яна тут на зямлі верна служыла.

Адыходзячы ў вечнасьць ён маліўся за новаствораныя грамады і з малітвай на вуснах сканаў - "шчасныя памёршыя, якія ў Госпадзе паміраюць" (Адкрыцьцё 14:13)" [3].

Яшчэ адным пачынальнікам пяцідзясятніцкага руху на Палесьсі быў Сьцяпан Ярмалюк. Сьцяпан Ярмалюк нарадзіўся 20 сьнежня 1878 г. у вёсцы Арэхава Берасьцейскага павету. Перад пачаткам Першай сусьветнай вайны ён зьехаў у Амэрыку, дзе яго адшукаў Госпад. У 1919 г. ён зьвярнуўся да Бога і далучыўся да руху пяцідзясятнікаў, а ў 1920 г. Госпад хрысьціў яго Сьвятым Духам з дарам казаньня на іншых мовах.

Пазьней прапаведнік Даніла Комса ўзгадваў:

"Брат Ярмалюк, які быў ад нараджэньня праваслаўнага веравызнаньня, з ахвотай наведваў царкву, сьпяваў у царкоўным хоры. Ён любіў і цаніў духоўныя сьпевы, у якіх шукаў выйсьця для сваёй тужлівай па духоўнаму сьвету душы. Госпад, бачачы яго імкненьне спазнаць праўду, хутка паказаў яму свой праўдзівы шлях, на які ён і стаў. Калі Госпад дакрануўся да ягонага сэрца і збавіў яго спакутаваную душу, то Сьцяпан думаў, што гэта ўсё, што можна атрымаць ад Госпада, але ягоная душа, якая зьведала нябёснае, не задаволілася толькі збаўленьнем і шукала больш глыбокіх перажываньняў у Богу. Д'ябал рабіў розныя перашкоды, каб не дазволіць брату Ярмалюку далучыцца да гэтага цудоўнага абяцаньня, але Госпад, зважаючы на яго руплівасьць, напоўніў яго цудоўнай моцай і ахрысьціў Сьвятым Духам. Алілуя! Атрымаўшы хрышчэньне Духам Сьвятым, брат Ярмалюк вяртаецца з Амэрыкі на бацькаўшчыну. Я ўзгадваю яго сьведчаньне ў грамадзе ў Нью-Ёрку ў 1923 г. на пачатку верасьня. Ён казаў, што Госпад пасылае яго на бацькаўшчыну для прапаведваньня там поўнага Эвангельля. Асабіста мне ён казаў, што вяртаецца на бацькаўшчыну з надзеяй служыць Госпаду і перанесьці ўсё, што б ні спаткаў. Так яно і адбылося. Па вяртаньні на бацькаўшчыну Сьцяпану Ярмалюку давялося нямала вынесьці болю і смутку. Родныя і сваякі, даведаўшыся, што ён замест золата прывёз "Поўнае Эвангельле", з пагардай адвярнуліся ад яго. Сьцяпан Міхайлавіч усё цярпеў і пра ўсё казаў толькі свайму Сябру Ісусу Хрысту, Якому быў адданы і на Якога ўскладваў усе спадзяваньні.

Міналі дні, тыдні і месяцы, але людзі заставаліся нібыта глухімі да прынесенай ім радаснай весткі, але пазьней Слова Божае пачало дзейнічаць, і сьвятло Эвангельля пачало распаўсюджвацца ня толькі ў ваколіцах Арэхава і Алтушы, але і выйшла далёка за межы Берасьцейскага павету, і калі праз тры гады аўтару гэтых радкоў давялося пабачыцца з братам Ярмалюком, то ў яго грамадах налічвалася да сотні вернікаў. Хутка я вярнуўся назад у Амэрыку, але наша сяброўская сувязь з братам падтрымлівалася праз лісты. Так працягвалася да 1928 г., калі Госпад падштурхнуў і мяне перасяліцца на бацькаўшчыну, дзе я зноў сустрэўся з братам Ярмалюком. Жыцьцё ў Польшчы было іншым, чым у Амэрыцы, і мне нялёгка было прызвычаіцца. Брат Ярмалюк суцяшаў і падбадзёрваў мяне, кажучы: "Наш Госпад, Якому мы аддалі сваё жыцьцё, не пакіне нас і тут". Брат Ярмалюк быў каштоўным і самаадданым супрацоўнікам па працы на Ніве Божай і, не шкадуючы сябе, сьпяшаўся ўсюды, дзе патрэбна была яго дапамога..." [4].

Пісаў пра Сьцяпана Ярмалюка і Іван Зуб-Залатароў [5]:"У 1923 г. ён, імкнучыся прынесьці добрую вестку жонцы, дачцэ і сваім сваякам, сьпяшаецца на бацькаўшчыну. Спачатку нават сваякі паставіліся варожа да яго сьведчаньня, але гэта не засмуціла яго, і ён працягвае далей сьведчыць перад людзьмі. Госпад блаславіў яго адданую працу і ўжо ў 1924 г. больш за сто чалавек прынялі воднае хрышчэньне, і некаторых Госпад ахрысьціў Духам Сьвятым.

Аднак д'ябал ня спаў, і ў тым жа 1924 годзе навёў на яго чацьвёра ўзброеных бандытаў, якія, уварваўшыся да яго, запатрабавалі здаць ім зброю. Брат Ярмалюк вынес ім чатыры Эвангельлі і даў кожнаму па кніжцы, прамовіўшы: "Вось мая зброя!" Тады рабаўнікі пачалі патрабаваць грошы, але брат Ярмалюк сказаў ім, што мае ўсяго 8 злотых і 20 грошаў, і тыя дадзены яму на набыцьцё Бібліі. Рабаўнікі пачалі шукаць. Брат Ярмалюк сказаў ім, што жадае памаліцца, стаў на калені і пачаў малітву на іншых мовах. Бандыты спалохаліся ...

Брат Ярмалюк працягвае далей працаваць для Госпада і празь яго намаганьні каля 350 душ прынялі воднае хрышчэньне ... З дапамогай грамады ён будуе малітоўны дом у Арэхаве, але давялося пераадолець шмат цяжкасьцяў і заплаціць штрафаў, пакуль дазволілі, нарэшце, зьбірацца ў гэтым доме, паблізу якога знаходзілася праваслаўная царква ... За 14 гадоў нястомнай працы не аднойчы даводзілася брату, зьбіўшыся са шляху, начаваць у лесе і балотах, але Госпад ахоўваў яго і даваў сілы знайсьці выйсьце з усялякіх здарэньняў" [6].

Вёска, дзе жыў Сьцяпан Ярмалюк, знаходзіцца якраз на мяжы сучасных Украіны і Беларусі. Таму на ўкраінскім Палесьсі і сёньня ёсьць шмат цэркваў, створаных у свой час Ярмалюком. Пра адну з гэтых цэркваў паведамляе са спасылкай на кнігу "Няскончаная аповесьць" [7] рэдактар часопіса "Благовісник" Юры Ваўрынюк.

"Гута знаходзіцца на самай мяжы зь Беларусяй. Яна была побач, як кажуць гутаўскія сяляне, "за балотам". Там, у вёсцы Добрае, жыў Сьцяпан Ярмалюк. Жыў, як і большасьць мясцовых вяскоўцаў, у граху і разбэшчанасьці. З жонкай ня меў згоды. Вось і вырашыў падацца на заробкі Амэрыку. Менавіта там у 1919 годзе ён пачуў вестку збаўленьня і, пакаяўшыся, прыняў Хрыста як свайго Збаўцу. Госпад цалкам перамяніў яго жыцьцё. З таго моманту Сьцяпана не пакідала думка аб тым, як падзяліцца Добрай Весткай са сваякамі і землякамі. Зь цягам часу Ярмалюк вяртаецца ў родную вёску. Сустрэча была радаснай, хаця сваякі са зьдзіўленьнем глядзелі на тыя перамены, якія адбыліся зь іх родзічам.

У першую ж нядзелю ў доме Ярмалюка адбылося набажэнства. Яно было дзіўным і незразумелым для прысутных. Аднак з часам, дзякуючы натхнёным малітвам Сьцяпана, пакаялася жонка, браты, а ўжо праз год каля 100 чалавек прынялі воднае хрышчэньне ў сяле Добрае.

Вестка пра новую веру пранеслася па навакольных вёсках. Сьцяпаніда Галовій аднога разу прыбегла да Івана: "Ты чуеш, за балотам, кажуць, ёсьць нейкія веручыя". Не дачакаўшыся нядзелі, Іван падаўся ў Добрае. Вярнуўся праз некалькі дзён радасна ўзбуджаны. Гутаркі з адзінаверцамі ўмацавалі яго і дадалі сьмеласьці. Чутка пра тое, што Галовіі навярнуліся ў новую веру, хутка разьляцелася па вёсцы. Была восень 1924 году.

Наступнай вясной, як раз на сьвята Пасхі, Ярмалюк прыйшоў з братамі і сёстрамі ў Гуту, каб упершыню правесьці ў вёсцы эвангельскае служэньне. Адбылося яно пад грушай у Івана Галовія. Гэта груша расьце яшчэ і зараз як помнік прабуджэньню і пачатку новага жыцьця. Аднавяскоўцы Галовія пачалі зьвяртацца да Хрыста і каяцца. Пачаліся рэгулярныя служэньні, сустрэчы вернікаў навакольных вёсак і хутароў - так нарадзілася новая царква. У 1930 годзе яна налічвала 40 вернікаў, ня лічачы дзяцей і падлеткаў.

Сьцяпан Ярмалюк працаваў на Божай Ніве амаль паўтары дзесяцігодзьдзі, і 8 лютага 1937 году адышоў у вечнасьць. Аднак яго праца і малітвы не былі марныя: больш чым у дзесяці сёлах Валыні і Беларусі ўзьніклі цэрквы хрысьціян веры эвангельскай. І сёньня тысячы дзяцей, унукаў і праўнукаў тых першых веруючых праслаўляюць свайго Збаўцу" [8].

Да сказанага варта дадаць толькі, што місыянэрскі дух жаданьня нязмоўкна дзяліцца весткай пра Хрыста заўсёды быў у сям'і Ярмалюка, і нашчадкі яго перанялі ў спадчыну прагненьне абвяшчаць Эвангельле. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя, калі прыйшла свабода, адзін зь ягоных унукаў, Пётра, з ласкі Божай стварыў царкву ў Віцебску. Пакінуўшы родную Беларусь, на Далёкі Ўсход паехалі ствараць цэрквы яшчэ два ўнукі Ярмалюка - Пётра і Сьцяпан. Сёньня Пётр Ярмалюк зьяўляецца старшым пастарам цэркваў ХВЭ на выспе Сахалін.

Даніла Комса

У 1928 г. са Злучаных Штатаў Амэрыкі вярнуўся на бацькаўшчыну Даніла Комса. Ён нарадзіўся 10 ліпеня 1887 г. у вёсцы Мурава на Пружаншчыне. У маладосьці ён выехаў у Амэрыку і там далучыўся да пяцідзясятніцкага руху. Гэта адбылося ў Філядэльфіі, дзе Комса пазнаёміўся таксама з Варанаевым [9].

Тамсама, у Амэрыцы, ён блізка пасябраваў са Сьцяпанам Ярмалюком, і калі апошні пад кіраўніцтвам Божым вярнуўся на бацькаўшчыну, каб прапаведаваць Эвангельле свайму народу, Даніла Комса шмат маліўся за яго працу. У 1926 г. ён прыязджаў наведаць Ярмалюка, жыва цікавіўся яго эвангельскай працай.

Ужо тады ў Комсы таксама высьпела жаданьне вярнуцца на радзіму і прыасьвяціць сваё жыцьцё пропаведзі Эвангельля. Тады ж ён узяў шлюб з веручай дзяўчынай, якая звалася Кацярына, вярнуўся на нейкі час у Амэрыку ўладкаваць свае справы, а затым - у 1928 г. - канчаткова пераехаў у Беларусь. Гэта быў таленавіты чалавек, ён складаў вершы, горача і пераканальна прапаведаваў. Комса пачаў актыўна працаваць на Пружаншчыне, і празь некалькі гадоў стаў на чале многіх цэркваў Пружана-Берасьцейскага рэгіёну.

Ён цяжка перанёс сьмерць свайго блізкага сябры Сьцяпана Ярмалюка. У нэкралёгу з выпадку яго сьмерці, Даніла Комса пісаў наступнае:

"Нябожчык брат ніколі ня скардзіўся на сваё здароўе, але часам казаў: "Сьвечка мая дагарае", з чаго можна цяпер заключыць, што Госпад адкрыў яму лік яго дзён. Адчуваючы, што дні яго набліжаюцца да канца, ён асабліва імкнуўся працаваць для Госпада, аддаючы ўсе свае сілы на служэньне ў нашым рэгіёне, пакуль гарэла яго сьвечка.

Цяпер наш брат, а Богу слуга Сьцяпан Ярмалюк супакоіўся ад справаў сваіх і ўвайшоў навекі ў пакоі Яго, якога так запрагнуў пры жыцьці. Верым, што Госпад, прыняўшы яго да Сябе, не пакіне месца ягонага на зямлі не занятым і спашле годнага яму намесьніка і працаўніка" [10].

Карп Леановіч

Карп Леановіч нарадзіўся 6 кастрычніка 1896 г. у Малкавічах (Берасьцейшчына). Ён навярнуўся да Бога ў 1923 г., калі ў гэтай мясцовасьці пачалося вялікае прабуджэньне ад пропаведзящ Рыгора Краскоўскага, і адразу ж распачаў сваё служэньне кіраўніка мясцовай царквы ў Малкавічах. Слухаючы покліч свайго сэрца, вельмі часта ён пакідаў дом і ў сваіх вандроўках накіроўваўся ад павету да павету, ад вёскі да вёскі па ўсім Палесьсі, прапаведаваў у паўночных частках Валыні ды Ровеншчыны.

Старшыня Саюза цэркваў хрысьціянаў веры эвангельскай Артур Бэргхольц пазьней так ацэньваў служэньне Карпа Леановіча: "Калі ён спазнаў праўду, то з усёй палымянай любоўю да Хрыста пачаў прапаведаваць поўнае Эвангельле. Ён старанна працаваў на ніве Божай, не шкадуючы сябе. Ён быў першым прапаведнікам поўнага Эвангельля ў сваіх ваколіцах. Пераканальнасьць яго пропаведзі палягала не на словах, але на тым, што яна суправаджалася рознымі духоўнымі дарамі: казаньня на мовах, тлумачэньня моваў, прароцтвамі і неаднаразовымі выпадкамі аздараўленьня ... Патрэбна было знайсьці хату пад зборы, і вось Карп Леановіч аддае пад збор свой уласны дом, пасяліўшыся са сваёй сям'ёй, якая складалася з жонкі, чацьвярых дзяцей і састарэлых бацькоў, у маленькім пакойчыку. Так жыве ён некалькі гадоў, пакуль не прыбудаваў яшчэ адзін пакой …" [11].

А вось яшчэ адзін водгук: "Госпад багата дабраслаўляе яго руплівую і самаадданую працу, сотні душ прысьвячаюцца служэньню Госпаду і сотні душ атрымалі хрышчэньне Сьвятым Духам з казаньнем на іншых мовах. За ім ішлі, ці дакладней, разам зь ім хадзілі натоўпы народу веручага і няверучага, жадаючага прысутнічаць на ягоных служэньнях. У выніку яго працы ствараюцца ўсё новыя і новыя цэрквы, а з ростам колькасьці цэркваў узрастаюць і клопаты пастара" [12].

Такія нататкі пра Карпа Леановіча пакінуў Рыгор Сялюжыцкі.

Гэтыя радкі былі напісаны Артурам Бэргхольцам і Рыгорам Сялюжыцкім у той час, калі Карп Леановіча ўжо ня жыў - ён раптоўна памёр у Вільні 9 жніўня 1937 г.

Гэтыя словы - як надмагільны помнік рупліваму служыцелю Хрыста. Вялікі ўдзел яго ў стварэньні пяцідзясятніцкіх цэркваў на Палесьсі.

Браты Селюжыцкія

Важнае месца ў дзейнасьці Саюза пяцідзясятніцкіх цэркваў у ваколіцах Пінска займала служэньне двух родных братоў - Рыгора і Якава Селюжыцкіх.

Рыгор нарадзіўся 4 сьнежня 1901 г. у невялікай палескай вёсачцы Бакінічы, недалёка ад Пінску. Дзед Селюжыцкіх быў вясковым старастам. Магчыма ад яго прыняў у спадчыну Рыгор рэдкую кемлівасьць, якая дапамагла яму лёгка засвоіць школьную навуку, і, кажуць, у сваім асяродку ён быў ледзь не самым адукаваным. Калі камусьці патрэбна было напісаць ліст ці якое прашэньне, як правіла, людзі прыходзілі да Рыгора. Потым юны Рыгор пакінуў родныя Бакінічы і пераехаў у Пінск, дзе ўладкаваўся на працу на шклофабрыку. У Пінску знайшоў ён жывую веру ў Ісуса Хрыста.

Патрэбна сказаць, што ў той час пачалі зьяўляцца першыя эвангельскія вернікі ў Пінску. Здаецца, першым быў каваль Фелікс Пугач, які ўверыў у Амэрыцы ў царкве эвангельскіх хрысьціянаў, калі быў там на заробках. Вярнуўшыся ў родную кузьню на ўскрайку Пінска, ён пачаў прапаведаваць, адкрываючы шлях да збаўленьня. Менавіта там Госпад дакрануўся сэрца маладога Селюжыцкага, адрадзіўшы яго да новага жыцьця ў Ісусе Хрысьце. Акрамя яго яшчэ некалькі чалавек з навакольных вёсак прынялі Госпада ў сваё сэрца. Так утварылася грамада хрысьціянаў, якія пачалі зьбірацца разам для гутарак і малітвы. Гэта быў час духоўнай прагнасьці: здалёк прыязджалі на калёсах людзі, а то і пехатою ішлі, абы толькі пачуць Слова Божае.

Жыў у той час у Пінску веручы хрысьціянін з прозьвішчам Цяжолаў. На ягоную ініцыятыву ў Пінску была створана кнігарня "Компас", дзе гандлявалі хрысьціянскай літаратурай. Часта і яго самога магчыма было ўбачыць у розных раёнах гораду зь вялікай торбай, напоўненай духоўнай літаратурай. Хадзіў з хаты ў хату, несучы Божую праўду. Аднойчы ён прыйшоў да сям'і Давыдавых, іх дачка Марыя вельмі зацікавілася гутаркай зь вернікам. Дух Божы даткнуўся сэрца 16-гадовай дзяўчыны, і яна шчыра прыняла Ісуса Хрыста ў сваё сэрца. Гэта была першая эвангельская хрысьціянка ў Пінску. Нямала крыўды давялося ёй паспытаць ад сваіх бацькоў - гарачых праваслаўных хрысьціянаў. Потым пакаялася маці Марыі. І яна, якая зусім нядаўна лаяла веру дачкі, вызваліла пакой у сваёй хаце для правядзеньня служэньняў і малітваў. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў - і Марыя Давыдава стане Марыяй Селюжыцкай, жонкай Рыгора.

А вось што распавядае пра сябе яго брат Якаў Селюжыцкі у сваім вялікім артыкуле "Маё сьведчаньне", які быў надрукаваны Іванам Зуб-Залатаровым у часопісе "Христианский вестник".

"Нарадзіўся я целам і духам у Беларусі. Бацькі мае і я ў дзяцінстве належалі да праваслаўнай рэлігіі. Назва, надта прыгожая, але яна не апраўдвае свайго прызначэньня, бо занадта рэдка мажліва было знайсьці такіх людзей, якія б "права славілі" Госпада і "права жылі". Яшчэ з юнацтва пераняў я ад гэтакіх жа хрысьціянаў, як і я, паганскія звычаі паленьня тутуню і маўленьня брыдкіх словаў.

Але надышоў час, калі Госпад пастукаў у маё сэрца і абудзіў мяне ад сну грахоўнага, за што слава Яму навекі! Аднойчы я цяжка захварэў на тыфус, і ў адну ноч Госпад спаслаў мне сон. Перада мною паўстаў нейкі сівы старац, які накіраваў на мяне свой указальны палец і прамовіў да майго сэрца, каб я пакінуў свой стары, грахоўны шлях і ступіў на новы, сьвяты. Сон гэты глыбока запаў мне на сэрца. Хутка Госпад мяне цалкам вылечыў. Паўстала пытаньне, як пачаць новае жыцьцё? Я дакладна ня ведаў. Я пачаў старанна выконваць абрады сваёй рэлігіі: наведваў храм, пасьціўся, маліўся, кінуў паліць і брыдкасловіць ды інш. Людзі потым пачалі называць мяне сьвятым манахам. Нягледзячы на ўсё гэта, я адчуваў, што чагосьці важнага не стае.

Празь нейкі час я пачуў, што зьявіліся нейкія "эвангелісты" і "штунда-баптысты". Нягледзячы на тое, што сьвятар мяне папярэджваў берагчыся гэтых новых вучэньняў, мне ўсё ж атрымалася наведаць служэньні баптыстаў і эвангельскіх хрысьціянаў, якія былі за 20-30 вёрстаў ад нашай вёскі. Словы аднаго прапаведніка асабліва запалі мне ў сэрца. Ён казаў, што для таго, каб нам збавіцца, неабходна глядзець на Ісуса, як некалі гебраі, укушаныя зьмяёй, павінны былі глядзець на меднага зьмея, вывешанага Майсеем на штандары (Лічбы 21:8-9; Ян 3:14-16). Многія людзі глядзяць больш за ўсё на штандар (на крыж), а не на Хрыста. З таго часу я пачаў больш чытаць Слова Божае і Эвангельскую літаратуру. І вось надышоў момант, калі Госпад, праз Слова Сваё і Свайго Сьвятога Духа, адрадзіў мяне і зрабіў новым стварэньнем, гэтаму я быў вельмі рады і ўдзячны Госпаду. Апроч мяне Госпад збавіў яшчэ некалькі душ у нашай вёсцы і мы, заснаваўшы грамаду, пачалі прапаведаваць Слова Божае. Зборы нашыя напаўняліся слухачамі і нас, уверыўшых, Госпад умацоўваў з кожным днём. Хутка мы пажадалі ўступіць у запавет з Госпадам праз воднае, паводле веры, хрышчэньне. Дзеля гэтага мы запрасілі прэзьбітара эвангельскіх хрысьціянаў, бо гэткую назву мы знаходзілі ў сваім Эвангельлі, тады як слова "баптысты" мы нідзе ў сваім Эвангельлі на расейскай мове не знайшлі. Аднаго сьвяточнага дня, у натоўпе на беразе нашай рэчкі, мы, некалькі чалавек, былі ахрышчаны ў вадзе ў імя Сьвятой Тройцы, згодна са словам Хрыста (Мацьвея 28:19). Гэта было 26 жніўня 1923 году. Як да воднага хрышчэньня, так і пасьля, Госпад Сваёй ласкай праз нашае служэньне збаўляў новыя душы і далучаў да Сваёй Царквы, хвала Яму!

Зь вялікай ласкі Божай, у 1926 годзе адчыніліся вокны нябёсныя і зыходзілі на нас і на многіх дзяцей Божых вакол нас, паблізу і ў аддаленасьці, рэкі Сьвятога Духа. Перш за ўсё мы вырашылі пабачыць служыцеляў Госпада, якія прыйшлі да нас у "поўні дабраславеньня Хрыстовага" (Рымлянам 15:29), якія "выясьнілі нам шлях Божы" (Дзеі 18:26). І мы пачалалі трымаць пасты і адзінадушныя малітвы, і Госпад пачаў нас моцна дабраслаўляць. Многія з нас, у тым ліку і я, былі ахрышчаны Сьвятым Духам, як і ў часы Апостальскія (Дзеі 2:4; 10:44-46; 19:6).

Некаторым Бог даў дар прароцтва, іншым - дар вытлумачэньня моваў, празь якія цудоўным чынам настаўлялася царква. Былі і такія, што атрымалі ад Бога дар аздараўленьня, на малітву якіх Госпад аздараўляў ад розных хваробаў. Некаторых надзяліў Бог дарам прадбачаньня, і праз гэтае адкрыцьцё выяўляліся ў людзей грахі, людзі прызнаваліся ў іх і каяліся, за што слава Госпаду! А ў адным месцы ворагі народу Божага паклікалі да сябе аднаго прэзьбітара і далі яму пітво з атрутай, каб забіць яго. І брат, ня ведаючы пра гэты злы намер, памаліўшыся, выпіў і застаўся жывым, за што падзяка Богу! Вядома таксама мне, што веручыя, напоўненыя Сьвятым Духам, падобна дыякану Піліпу (Дзеі 8:39:40), былі схопленыя й перанесеныя ў іншыя месцы за некалькі вёрстаў.

Калі Дух Сьвяты зыйшоў у дзень Пяцідзясятніцы і пачалі гаварыць новымі ці іншымі мовамі, то прысутныя там людзі разумелі, што казалі ахрышчаныя Духам Сьвятым на гэтых новых мовах. Гэтак было і ў нас.

За дзьве вярсты ад маёй вёскі на служэньні нашых вернікаў прысутнічалі двое незнаёмых людзей. І вось у час малітвы Госпад напоўніў адну нашу сястру Сьвятым Духам, якая пачынае прамаўляць да тых незнаёмцаў на нямецкай мове аб іхных грахах. Пасьля заканчэньня служэньня высьвятлілася, што незнаёмцы - немцы, якія прызналіся ў грахах і ўверылі, за што таксама слава Богу!

А ў адным горадзе на служэньні нашых веручых прысутнічаў праваслаўны сьвятар. І там таксама веручыя, напоўніўшыся Сьвятога Духа, пачалі прамаўляць на грэцкай мове. І сьвятар, добра ведаючы, што нашы веручыя не навучаліся грэцкай мове, там жа пакаяўся, хвала Богу!

Яшчэ ў іншым месцы на служэньні нашых братоў апынуўся адзін лекар, які быў атэістам. Там таксама, пры канцы служэньня, калі вернікі маліліся, Госпад напоўніў іх Духам Сьвятым, і адзін зь іх пачаў прамаўляць на лацінскай мове. І калі ў размове пазьней доктар даведаўся, што вернікі не вывучалі лаціну, бачачы такі цуд, тамсама пакаяўся, уверыўшы ў Бога і Збаўцу нашага Ісуса Хрыста, Які збавіў яго, і ён потым хадзіў са мною пешшу па вёсках, сьведчачы Слова Божае, алілуя! Былі таксама выпадкі, калі напоўненыя Сьвятым Духам веручыя размаўлялі па-гебрайску і, гебраі, якія былі там, таксама ўверылі ў Ісуса Хрыста. Здаралася таксама, што і цыганы ўверылі, прыняўшы Праўду, бо веручыя, напоўніўшыся Сьвятога Духа, прамаўлялі на іхняй, цыганскай мове, хвала Госпаду!

Дзякуючы такім знакам і цудам, якія тварыў Госпад сярод веручых, навакол надышло вялікае прабуджэньне. Многіх грэшнікаў Госпад збаўляў ад іх грахоў і няправільных вучэньняў, а збаўленых ці адроджаных хрысьціў Сьвятым Духам і ўзбагачаў дарамі і пладамі духоўнымі! Вернікі тады жылі ў сьвятасьці і страху Божым, дбайна маліліся і старанна працавалі дзеля Госпада! І водныя хрышчэньні зьдзяйсьняліся не над адзінкамі, але над сотнямі душаў і больш, ды прытым у розны час году: увесну, улетку, увосень, а ў некаторых выпадках і ўзімку. І паколькі ў сэрцы веручых быў агонь любові Божай, то, хаця звонку быў холад, ніхто тады не захварэў!

О, якія гэта былі дзіўныя дні, багатых дабраславеньняў Божых! Гэта, паводле Сьвятога Пісьма, былі "Дажджы дабраславеньня"! (Эзэкіэль 34:26)" [13].

На працягу дабраславёных гадоў прабуджэньня пры канцы 20-х гадоў працаваў Якаў Селюжыцкі ў якасьці эвангеліста на Палесьсі. Затым, 30 траўня 1931 г. на адным са зьездаў хрысьціянаў веры эвангельскай быў высьвечаны старшымі братамі на прэзьбітарскае служэньне. Духоўную адукацыю набываў на Біблійных курсах у Падрожжы, Ківерцах ды Гданьску. І, нарэшце, у тым самым Гданьску ў 1937 г. скончыў двухгадовы Біблійны інстытут.

Што датычыцца Рыгора Селюжыцкага, ён узрастаў духоўна ў царкве пяцідзясятнікаў у Пінску, якая зьбіралася па-ранейшаму ў хаце Давыдавых пад кіраўніцтвам свайго пастара Васіля Псоціка. Царква пастаянна расла - і ў Пінску і ў ваколіцах. Патрэба ў служыцелях станавілася ўсё больш надзённай.

Старшыня Саюзу цэркваў хрысьціянаў веры эвангельскай Артур Бэргхольц рэгулярна наведваў цэрквы Саюза, настаўляў і падтрымліваў у веры, сачыў за духоўнай працай, дапамагаў мясцовым пастарам і прапаведнікам. У час адной з такіх паездак Артур Бэргхольц пазнаёміўся з Рыгорам Селюжыцкім. Убачыўшы, што малады, ініцыятыўны і дастаткова адукаваны Рыгор мае здольнасьці да навучаньня, імкненьне вучыцца і пэўныя веды, Бэргхольц прапанаваў яму паступіць у Біблійную школу ў Гданьску, якая толькі пачала сваю працу. Рыгор быў адным зь першых студэнтаў. Скончыўшы трохмесяцовы курс навучаньня, Рыгор Сялюжыцкі вярнуўся дадому. Адразу ж пасьля вяртаньня ён зрабіўся пастарам царквы ў Пінску. Царква няспынна расла, зьявілася патрэба мець уласны малітоўны дом. Як ізраэльскі народ ахвяраваў на скінію, так і веручыя Пінску ахвяравалі ўсё, што маглі на будаўніцтва дома Божага. І хутка служэньні пачалі адбывацца ў прасторнай залі дома малітвы. У 30-я гады царква налічвала каля 150 вернікаў.

Вольга Маразоўская ў газэце "Голос надіі" піша яшчэ пра адзін лёсавызначальны момант у жыцьці Рыгора і Марыі:

"Надышоў 1937 год, які прынёс яшчэ адну хвалю эміграцыі ў Амэрыку. Сястра Рыгора аформіла дакумэнты на выезд. Таксама і брата свайго ўгаварыла ехаць. Ужо і дакумэнты ўсе былі аформлены. Засталося толькі перадаць царкоўныя справы, і - у дарогу. Незадоўга перад ад'ездам у дзьверы пастукалі. Марыя, жонка Рыгора, адчыніла. У дзьвярах стаяў брат Бэргхольц. Марыя замітусілася, пачала запрашаць госьця, але той стаяў каля дзьвярэй і маўчаў. Калі выйшаў гаспадар, брат Бэргхольц прамовіў: "Я прыехаў сюды, каб апрануць валасяніцу, галаву попелам пасыпаць і заклікаць да Госпада!" Рыгор зразумеў словы брата і, здаўшы дакумэнты, застаўся ў Пінску працаваць на Божай ніве. Ня ведаў ён, колькі яшчэ выпрабаваньняў чакае яго ў будучыні" [14].

А ў будучыні - у хуткай будучыні - чакала яго жахлівая вайна, перасьлед і вязьніцы, цяжкія пасьляваенныя гады. Чакала горыч пакут і радасьць вернага служэньня Госпаду.

Станіслаў Нядзьведзкі

У 1926 г. пяцідзясятніцкі рух зь вялікай моцай выбухнуў на новай тэрыторыі - у ваколіцах Вілейкі, Радашковіч і Маладзечна. Прабуджэньне пачалося з таго, што ў сваю родную вёску вярнуўся з Амэрыкі Станіслаў Нядзьведзкі.

Станіслаў Нядзьведзкі нарадзіўся прыкладна ў 1890 г. у вёсцы Путнікі пад Радашковічамі. Як і тысячы яму падобных беднякоў у пошуках лепшай долі ён паехаў за акіян разам са сваім братам Стэфанам. Ён вельмі добра ўладкаваўся ў Амэрыцы, хутка разбагацеў і ўжо ў 1908 г. стаў гаспадаром невялікай абутковай фабрыкі. У 1915 г. Станіслаў ажаніўся з украінкай Соф'яй Дайнекай. Жылі яны ў Нью-Ёрку. Існавалі ўсе ўмовы, каб жыць забясьпечана і сытна, але тут Нядзьвецкага закранула няшчасьце - у 1922 г. ён цяжка захварэў. Падчас хваробы ён пачаў зьвяртацца да Госпада, маліўся пра выздараўленьне - і Госпад даў яму здароўе. Падняўшыся пасьля хваробы з ложка, ён пачаў сьведчыць пра сваё аздараўленьне, рашуча пасьвяціўся служэньню Госпаду і далучыўся да царквы хрысьціян веры эвангельскай. Гэта была царква, у свой час створаная І. Варанаевым. Празь нейкі час уверыла і ягоная жонка.

Аднойчы ён атрымаў ад Госпада адкрыцьцё, што Бог пасылае яго прапаведаваць Эвангельле ў родную вёску Путнікі і рабіць там справу Божую. Няпроста было адмовіцца Нядзьведзкім ад забясьпечанага гнязда, але справа Божая была вышэй за ўсё. Апошняе ўражаньне ад жыцьця ў Амэрыцы было вельмі цяжкім - трагічна загінула іх адзіная дзевяцігадовая дачка. Але Дух Госпада ўмацаваў мужнасьць Нядзьведзкага, спаслаў яму сілы ня толькі пераадолець гора, але і іншых суцяшаць - абяздоленых і стомленых ад грахоўнага жыцьця.

У 1924 г. Станіслаў Нядзьведзкі быў высьвечаны на служэньне. У выдадзеным яму пасьведчаньні стаялі подпісы Дзям'яна Матысюка, Івана Красіловіча, Банькоўскага і Лукіна, сакратара царквы. Нядзьведзкія, распрадаўшы і раздаўшы ўсю сваю маёмасьць бедным, сабраліся на бацькаўшчыну. Адсьвяткаваўшы Нараджэньне Хрыстова, яны пагрузіліся на параход, які плыў у польскі порт Гдыню. Яны знаходзіліся ў плаваньні 4 тыдні. Соф'я цяжка пераносіла марскую хваробу. Нарэшце яны прыбылі ў мястэчка Радашковічы і пачалі пропаведзь Эвангельля.

Літаральна праз год пасьля прыезду Нядзьведзкага былі створаныя першыя цэрквы - у вёсках Путнікі і Пецюлі. Адной з першых яго перамогаў дзеля Госпада было навярненьне ў Путніках маладой настаўніцы сельскай школы Любові Кабяка. Пройдзе час, і імя гэтай слабой, кволай, блізарукай жанчыны ў акулярах будзе залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю пяцідзясятніцкага руху ў міжваеннай Польшчы - яна зробіцца эвангелісткай, а пазьней - загадчыцай дзіцячага дому Саюза цэркваў ХВЭ.

Адзін са служыцеляў беларускага брацтва пяцідзясятнікаў Я. Бойка ў сваім рукапісе "Гісторыя ўзьнікненьня вернікаў ХВЭ ў Беларусі. Сьведчаньні і расповеды некаторых работнікаў Эвангельля" [15] распавядае пра першыя эвангелізацыі Нядзьведзкага.

"Першае служэньне Нядзьведзкі правёў у вёсцы Путнікі, як было яму сказана Духам Божым. Калі прыйшоў ён у вёску, там адбывалася вечарына, гралі музыкі і таньчылі людзі. Нядзьведзкі, памаліўшыся, падышоў да музыкаў, яны спыніліся, думаючы, што ён будзе замаўляць нейкую музыку. Ён сказаў, каб яны сыгралі рэлігійную песьню. Музыканты адказалі, што ня ўмеюць граць такіх песьняў. Тады ён спытаў дазволу прасьпяваць псальм: "Грэшнік, слухай вухам веры". У яго быў добры голас, і людзі з выкрыкам "брава" вельмі зацікавіліся. Тады ён распачаў прапаведаваць і распавёў, як Бог яго сюды прывёў, што яму было слова пра іх вёску ў Нью-Ёрку, што Госпад прагне іх збавіць, таму што Ён - жывы Бог, адказвае на малітвы і хрысьціць Духам Сьвятым. Прапаведаваў ён проста і зразумела, людзі забыліся пра вечарыну і слухалі яго. Пасьля пропаведзі ён заклікаў да пакаяньня і малітвы. У той вечар пакаяліся многія, у тым ліку музыкі Піліп Зайкоўскі і Шлойда. Нядзьведзкі раздаў Эвангельлі і духоўную літаратуру, а потым езьдзіў ды навучаў іх, яны разам чыталі і вывучалі Біблію. Нядзьведзкі запрашаў іх да сябе ...

Вясной Станіслаў Нядзьведзкі арандаваў у пана ў Аляхновічах сад, які вартаваў Павал Валадзько і яго брат Уладзімір. Там ён сьведчыў, сьпяваў псальмы - і яны паверылі ў Госпада. Потым яшчэ прынялі Госпада людзі ў Аляхновічах і ў вёсцы Уша. Хутка Нядзьведзкі набыў хату ў вёсцы Валокі побач з Радашковічамі, і там пачаліся служэньні. Першымі тут уверылі Рыгор Радзевіч, Антось Ключнік, Соф'я Жыдовіч, Ганна Майсяновіч, празь якую былі прароцтвы, Маеўскія ды інш. Зьбіраліся па вечарох, вывучалі Біблію, сьпявалі псальмы і маліліся. Хутка Госпад пачаў хрысьціць Духам Сьвятым.

Пазьней Нядзьведзкаму было адкрыцьцё і ўказана вёска Пецюлі. Ён з братамі памаліўся і пайшоў у гэтую вёску. Там адбывалася нейкае сьвята, і шмат людзей сабралася ў цэнтры на плошчы. Тады Нядзьведзкі спытаў дазволу ў людзей і пачаў сьпяваць і прапаведаваць. І гэтак Бог яго дабраславіў, што людзі думалі, што гэта анёл аб'явіўся ім. Пасьля яго пропаведзі, якая была простым сьведчаньнем, як і ў вёсцы Путнікі, людзі каяліся і прымалі Госпада.

Калі розгалас пра Нядзьведзкага разыйшоўся ў вёскі, яго пачалі запрашаць паўсюль. Запрасілі яго аднойчы ў вёску Красоўшчына, там ад яго пропаведзі таксама ўверыла шмат людзей. Далей Нядзьведзкі наведаў вёску Ёнцэвічы. Калі ён прыбыў у вёску Навасёлкі, там спачатку былі перашкоды. Але калі пачалі сьпяваць, людзі замілаваліся сэрцамі, і пасьля пропаведзі Станіслава і сьведчаньня братоў уверыла шмат людзей і адчынілі там царкву. Адтуль перадалося сьведчаньне ў вёскі Уша і Вазгелы. Потым пачалі наведваць вёскі Лядзьвені, Заельнікі, Залецкія, Рыпчына, дзе таксама адчынілі цэрквы. Далей рушылі на Мядзельшчыну, у Студзёніцу, Мількі ды іншыя месцы.

У 1931 годзе адчынілі малітоўны дом у вёсцы Красоўшчына, на якім выступала духавая аркестра царквы з Путнікаў. На захаваным фотаздымку можна заўважыць, як шмат веручых было ўжо тады. Прабуджэньне працягвалася".

А Васіль Чараповіч, 1910 г. нараджэньня, пазьней успамінаў:

"Мы вывучалі Слова Божае для пропаведзі, любілі сьпяваць, наведвалі вёскі: Мясоту, Касьцюшкі, Асавец, Кашэўнікі, Відзеўшчыну, Воўкаўшчыну. Паўсюдна людзі вельмі цікавіліся і казалі: "Такія маладыя людзі, так прыгожа сьпяваюць псальмы і прамаўляюць Слова Божае, лепш за сьвятароў". Гэта не падабалася праваслаўным сьвятарам і ксяндзам, і яны выкарыстоўвалі ўсе сродкі, каб спыніць людзей. Абгаворвалі нас, як толькі маглі, усялякімі небыліцамі палохалі людзей, падкуплялі задзіраў і арганізоўвалі напады на нас. Аднак Бог праводзіў нас бяз шкоды і пасылаў людзей, што папярэджвалі і часта хавалі нас ад злачынцаў. Было шмат выпадкаў, але згадаю адзін. Калі мы вярталіся з адной вёскі, на нас напалі. Тады Нядзьведзкі выйшаў наперад і кажа: "На каго вы выйшлі з палкамі, няўжо вы ня ведаеце, што з намі воінства Божае, што Госпад з намі і пакарае вас". Ён быў моцным чалавекам, зь верай пайшоў адважна на іх, расштурхаў іх, а ў некаторых палкі павырываў з рук і прайшоў, мы таксама прайшлі за ім. Тады некаторыя апамяталіся і пачалі кідаць палкі нам усьлед, але мы ўжо былі далёка. Потым іх намовілі падаць на нас у суд, але суд апраўдаў Нядзьведзкага, а іх хацелі пакараць, аднак Нядзьведзкі папрасіў ім прабачыць. Пазьней некаторыя з гэтых людзей уверылі. Гэта было пад Вілейкай, і потым там утварылася царква" [16].

Першымі памочнікамі Станіслава Нядзьведзкага, а потым прапаведнікамі і прэзьбітарамі цэркваў хрысьціян веры эвангельскай былі Павал Валадзько, Іван Журыха, Іван Палубісек, Язэп Кульбіцкі, Ільля Казак (ён будзе высьвечаны на прэзьбітарскае служэньне ў 1930 годзе, ва ўзросьце 30 гадоў).

Хутка Станіслаў Нядзьведзкі запрашае ў сваю царкву таленавітага музыку Ўладзіміра Гурыновіча з Наваградзкага павету - і пад яго кіраўніцтвам стварае хрысьціянскі хор, сьпевы якога таксама прабуджаюць сэрцы грэшных людзей ... За час працы Нядзьведзкага ў тым рэгіёне было створана 16 цэркваў, якія існуюць да сёньняшняга часу.

Заўвагі:

1. Христианский вестник, сентябрь 1966 - №293 - с. 9-11.

2. Примиритель. 1931 - №2 - с. 13 (Часопіс хрысьціян веры эвангельскай, які выдаваўся ў Гданьску ў 1929-39 гг. - рэд.)

3. Примиритель. 1931 - №2 - с. 13-14.

4. Примиритель, 1937 - №5-6 - с. 44-45.

5. Сакратар Усяпольскага Саюзу ХВЭ ў 1930-ыя гг. - рэд.

6. Примиритель, 1937 - №3-4 - с. 29.

7. Луцик Д.С. Незакічена повість. 1999 -Сакраменто - с. 35-36.

8. Благовісник. 1999 -№3 - с. 32-33.

9. Іван Варанаеў - пачынальнік і кіраўнік пяцідзесятніцкага руху ў Паўднёвай і Усходняй Украіне ў 1920-30-ыя гг. - рэд.

10. Примиритель, 1937 - №5-6 - с. 44-45.

11. Примиритель, 1937 - №9-10 - с. 76.

12. Тамсама, с.77.

13. Христианский вестник, июнь 1964 - №282 - с. 9-11.

14. Голос надіі, Луцк, 2000 - № 5(111) - с. 7

15. История возникновения верующих ХВЕ в Беларуси. Свидетельства и рассказы некоторых тружеников Евангелия. - Рукопись. Архив Всеукраинского Союза церквей ХВЕ.

16. Примиритель, 1937 - №5-6 - с. 44-45.


Пераклад з расейскае

Франчук В. Просила Россия дождя у Господа. - Киев, 2001. - Т. 1. - С 354-361; 388-389;391-394; 419-420;444-450.

<зьмест>




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: