|
З матэрыялаў ІІ аддзелу Генэральнага штабу Польскай Рэспублікі
Толькі для службовага карыстаньня
<…> Барацьба [камуністаў] з каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі палягала ў падтрымцы ўсялякіх сэктаў і падзелу адналітых да гэтага часу арганізацыяў на шэраг драбнейшых, якімі лягчэй было авалодаць. Трымаючы ж у сваіх руках гэтыя сэкты, камунізм ужо мог не дапусьціць іх злучэньне ізноў у нейкія большыя адзінкі.
Перадусім, камуністы намагаліся авалодаць мэтадысцкай царквой. Посьпех у ажыцьцяўленьні гэтага намеру даў бы ім у распараджэньне значныя сродкі Амэрыканскага Камітэту ў Варшаве. Галоўны цэнтар мэтадысцкага руху знаходзіцца ў Злучаных Штатах Паўночнай Амэрыкі. Адтуль дасылаюцца ня толькі значныя сродкі, але таксама рассылаюцца місыянэры для вядзеньня дзейнасьці ў пэўных краінах. У Польшчы цэнтрам мэтадыстаў зьяўляецца г.зв. Амэрыканскі Камітэт у Варшаве, з двума біскупамі ЧЭМБЭРСАМ і ЎДАРДАМ на чале. Апроч абодвух біскупаў у ім працуюць: ДРАНЕЎСКІ, дырэктар гімназіі ў Клярысэве пад Варшавай, Гальяш ЛЯЎКОВІЧ, сакратар Камітэту, адначасова сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Варшаве, а таксама кс. ШЧАПКОЎСКІ.
Патрэбна сьцьвердзіць, што пляны авалоданьня мэтадысцкай царквой камуністам не ўдаліся. Мэтадысцкая царква не дала сябе ўцягнуць у дзейнасьць у камуністычным духу.
Нягледзячы на гэта, у сваёй дзейнасьці на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводзтваў [1] мэтадысты атрымлівалі падтрымку беларускіх камуністычных дзеячаў. Бо гэтыя дзеячы баяліся ўплыву, які рабіла Польшча на беларускі народ праз каталіцкі касьцёл, а расейская стыхія - праз праваслаўную царкву. Апроч гэтага да мэтадысцкай царквы іх прыцягвала ўсьведамленьне, што гэтая царква валодае значнымі матэрыяльнымі сродкамі, выкарыстаньне якіх магло прынесьці беднаму беларускаму насельніцтву ня толькі фінансавую, але і культурную карысьць. Бо мэтадысты, разьвіваючы дзейнасьць сярод насельніцтва, адчынялі школы, дзіцячыя ясьлі, чытальні і г.д.
Беларускія дзеячы, паразумеўшыся з Амэрыканскім Камітэтам, адчынілі ў Вільні г.зв. "Віленскі Амэрыканскі Камітэт", у склад якога ўвайшлі сэнатар УЛАСАЎ; пасол ТАРАШКЕВІЧ Браніслаў; БІЛЬДЗЮКЕВІЧ Адам, прэзыдэнт Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Варшаве, сябра БСС (Беларускі сялянскі саюз. - пер.); ГАЎРЫЛЮК Язэп - настаўнік Беларускай гімназіі; баптыст Нядзьведзкі [2]; а таксама ТАРАШКЕВІЧ Вера, жонка пасла. Падобны Камітэт адчынілі ў Радашковічах. Праз гэтыя два камітэты мэтадысты пачалі авалодваць беларускімі вёскамі, у якіх адчынілі больш за дзясятак мэтадысцкіх парафіяў. Незалежна ад згаданай акцыі, мэтадысты скіравалі вялікую ўвагу на моладзь, якая была найбольш падатным і ўдзячным матэрыялам, з увагі як на сучаснасьць, гэтак і на будучыню. У дачыненьні да беларускай нацыянальнай прапаганды пэўнае значэньне мае візытацыя мэтадысцкіх парафіяў на Віленшчыне, зробленая Янам Эмануэлем ВІТАМ у другой палове лістапада 1925 г.
ВІТА інфармавалі дырэктар гімназіі АСТРОЎСКІ, паслы РАК-МІХАЙЛОЎСКІ С., ТАРАШКЕВІЧ Бр., сэнатары ЎЛАСАЎ і ЛУЦКЕВІЧ А. ВІТ выяўляў адмысловую зацікаўленасьць дачыненьнямі і кірункамі, матэрыяльным становішчам вучняў і настаўнікаў, разьвіцьцём і станам школьніцтва і беларускай працы ў Польшчы, а таксама беларускім рэлігійным, культурным, нацыянальным і палітычным рухам у Польшчы. Даведваўся пра настроі беларусаў у дачыненьні да польскай дзяржаўнасьці, абяцаючы апублікаваць у амэрыканскай прэсе рэфэрат, які мае ахапіць усе беларускія справы ў цэласьці.
Сярод мэтадысцкіх дзеячаў у Варшаве органы бясьпекі правялі шэраг арыштаў. Бо выявілася, што ў атачэньні Яна Эмануэля ВІТА былі асобы, якія дзейнічалі на шкоду польскай дзяржаве. Гэтыя арышты затрымалі далейшае разьвіцьцё мэтадысцкай царквы ў Польшчы.
Рэлігійныя сэкты, распаўсюджваючы свае ўплывы ў беларускім грамадзтве, павінны былі знайсьці вернікаў перадусім сярод яго дзеячаў. Сэнатар УЛАСАЎ Аляксандар, пасол ТАРАШКЕВІЧ Браніслаў з жонкай, АСТРОЎСКІ Радаслаў і БІЛЬДЗЮКЕВІЧ Адам зьяўляюцца мэтадыстамі; пасол МЯТЛА Пётра і ягоны брат разам з бацькамі перайшлі з праваслаўя ў штундызм, а пасол РАК-МІХАЙЛОЎСКІ Сымон зьяўляецца баптыстам.
Заўвагі:
1. Г.зн. на Віленшчыне, Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне - рэд.
2. Насамрэч пастар пяцідзесятніцкай царквы ў Радашковічах. - рэд.
Пераклад з польскае
Krotki zarys zagadnienia bialoruskiego (машынапіс). - Warszawa, 1928. - S. 367-369.
<зьмест>
|
|