Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ПРАТЭСТАНЦКАЯ ЦАРКВА І БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ

Беларускія палітыкі і пратэстанты. Ад "Гомона" да Грамады

Алег Латышонак

Канфэсійны падзел беларускага грамадзтва на праваслаўных і каталікоў быў асноўнай перашкодай, якую мусіў пераадолець беларускі нацыянальны рух на шляху да стварэньня сучаснай нацыі. Каталіцкія дзеячы спосабам вырашэньня гэтай праблемы лічылі новую вунію. Прыхільнікамі вуніі былі сябры віленскага гуртка Адама Г. Кіркора, выдаўцы "Мужыцкай праўды" з Канстанцінам В. Каліноўскім на чале і дзеячы кола "Нашай Нівы", перш за ўсё браты Іван і Антон Луцкевічы.

Правал вунійных плянаў Луцкевічаў схіліў частку беларускіх дзеячаў да далейшых пошукаў "трэцяга шляху". Гэтыя дзеячы зьвярнуліся да пратэстантызму, які на зломе ХІХ і ХХ стст. стаў адраджацца ў Беларусі ў выніку дзейнасьці г. зв. свабодных пратэстанцкіх цэркваў. Першыя канвэртыты ў баптызм зьявіліся пад канец 70-х гг. ХІХ ст. У наступныя дзесяцігодзьдзі баптызм (і зьвязаны зь ім г. зв. штундызм) ды эвангеліцызм знаходзілі штораз больш прыхільнікаў, перш за ўсё сярод зьвязанага з рынкавай гаспадаркай сялянствa [1]. Зьяўленьне новых пратэстантаў заўважылі беларускія народнікі. Невядомы аўтар далучанага да 2-га нумару "Гомона" артыкула, прысьвечанага нацыянальнаму пытаньню, даказваючы, што беларускі народ не забіты і не інэртны, скарыстоўвае і такі аргумэнт: "Появление и быстрое распространение штундизма (в Могилевской губ.) свидетельствует о достаточной умственной и нравственной высоте народа" [2]. Хоць колькасьць пратэстантаў, нягледзячы на супрацьдзеяньне ўладаў і праваслаўнае царквы, расла сапраўды хутка, да Першай сусьветнай вайны было іх усяго некалькі тысячаў, перш за ўсё баптыстаў. Пратэстантызм і беларускі нацыянальны рух разьвіваліся асобна (народнікі праграмна былі рэлігійна індыфэрэнтныя), хоць зьвяртае ўвагу адначасовасьць абодвух адраджэньняў.

Ідэйна спалучыў беларускасьць з пратэстантызмам Гальяш Леўчык (сапр. Ляўковіч), супрацоўнік "Нашай нівы", які перайшоў у мэтадызм. Ідэі стварэньня беларускай нацыянальнай царквы Ляўковіч прысьвяціў усё сваё жыцьцё [3].

Прынцыповы паварот у дачыненьнях беларускага і пратэстанцкага рухаў адбыўся толькі ў сярэдзіне 20-х гг. ХХ ст. у Заходняй Беларусі. Ляўковіч, які ў той час быў сакратаром мэтадысцкага Амэрыканскага камітэту ў Варшаве, у 1924 г. скантактаваў беларускіх дзеячаў з мэтадысцкай Царквой. У выніку пасьпяховых уступных перамоваў беларусы стварылі ў Вільні г. зв. Віленскі Амэрыканскі камітэт у складзе: сэнатар Аляксандар Уласаў, пасол Браніслаў Тарашкевіч, старшыня варшаўскага Беларускага нацыянальнага камітэту Адам Більдзюкевіч, настаўнік беларускай гімназіі Язэп Гаўрылік, пастар Станіслаў Нядзьведзкі і Вера Тарашкевічава. Падобны камітэт стварыўся ў Радашковічах [4]. У Доме мэтадыстаў у Варшаве з 1925 г. месьціўся Беларускі нацыянальны камітэт, якога сакратаром быў Ляўковіч [5].

Царква мэтадыстаў успамагала беларускі рух фінансава. Асаблівую ўвагу мэтадысты зьвярталі на моладзь, фундуючы школы або інтэрнаты ў Радашковічах, Вільні, Слоніме і Клецку [6]. Характэрна, што сымпатыкі мэтадызму стаялі на чале Таварыства беларускае школы ў Польшчы (Аляксандар Уласаў і Радаслаў Астроўскі) і Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі (Канстанцін Езавітаў і С. Красьневіч) [7]. Мэтадысты падтрымлівалі таксама Беларускі інстытут гаспадаркі й культуры з сядзібай у Варшаве. Старшынёй Інстытуту быў Більдзюкевіч, а сакратаром Ляўковіч. Навучаючы рэлігіі ў фінансаваных сабою школах, мэтадысты ўплывалі на інтэлект будучай беларускай эліты. Са свайго боку, беларускія дзеячы памагалі Царкве мэтадыстаў, якая толькі пачынала місыйную дзейнасьць на абшарах, населеных беларусамі. Дзякуючы гэтай дапамозе, мэтадысты стварылі колькінаццаць грамадаў на беларускай вёсцы [8].

Важнай падзеяй для беларускіх прыхільнікаў мэтадызму была інспекцыя беларускіх мэтадысцкіх грамадаў, праведзеная Янам Эмануэлем Вітам, швэдзкім місыянэрам, які ў 1925 г. пераехаў з Рыгі ў Старое Сяло ў Слонімскім павеце. Увосень гэтага году прымалі яго Астроўскі, Рак-Міхайлоўскі, Тарашкевіч, Уласаў і Луцкевіч. Віт цікавіўся ня толькі царкоўнымі справамі, але таксама праблемамі беларускага нацыянальнага руху [9]. З гэтае пары ён стаў самым шчырым заступнікам беларусаў у Царкве мэтадыстаў.

Гэтая царква не была адзінай пратэстанцкай царквой, да якой далучаліся беларускія палітыкі. Беларускія дзеячы не ўдакладнялі, каторая пратэстанцкая царква павінна стаць беларускай нацыянальнай царквой, вызначаючы толькі агульны накірунак перамены. Дарэчы, беларускія пратэстанты шчыльна супрацоўнічалі. Сымбалем гэтага супрацоўніцтва стаў пераклад Новага Запавету на беларускую мову. Перакладам заняліся пастар баптыстаў, адданы нацыянальны дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч [10]. Луцкевіч у той час быў ужо пратэстантам. Праўду кажучы, ён перайшоў у кальвінізм з фармальных прычынаў (развод і другі шлюб) і насамрэч быў атэістам [11]. Але гэты пераход усё ж мацаваў інтэлектуальна беларускі пратэстантызм. Расчараваўшыся у вуніі, Антон Луцкевіч перанёс на пратэстантызм свае спадзяваньні на стварэньне беларускай нацыянальнай царквы.

Спачатку кожная праява беларушчыны апрабавалася беларускімі патрыётамі, нягледзячы на іх палітычныя погляды і канфэсійную прыналежнасьць. Сьведчыць пра тое характэрны прыклад: будучы пастар мэтадыстаў і ідэйны пераймальнік Ляўковіча Ян Пятроўскі, тады яшчэ праваслаўны, з мэтадызмам сустрэўся першы раз, калі з групай каталіцкай моладзі пайшоў на мэтадысцкае набажэнства на беларускай мове проста з памяшканьня хадэцкай "Беларускай крыніцы" [12]. З часам посьпехі пратэстантызму ў беларускім асяродку і яго палітычныя сувязі сталі палохаць прадстаўнікоў традыцыйных цэркваў.

"У такіх абставінах замест рошчыны Хрыстовай нараджаецца фэрмэнт, выкліканы мэтадыстамі і камуністамі, якія скарыстоўваюць нашую абыякавасьць у службе сваёй справе. Мэтадысцкая прапаганда пераконвае беларусаў празь беларускія Эвангельлі, беларускія псальмы, беларускія казані, беларускія катэхізмоўкі. [...] Беларуская інтэлігенцыя зьвяртаецца en masse да мэтадызму або атэізму", - падымаў трывогу ў 1926 г. беларускі каталіцкі сьвятар кс. Андрэй Цікота [13]. У ягоных воклічах, безумоўна, было шмат перабольшаньня, тым ня меньш ёсьць і вялікая доля праўды.

З пратэстантызмам зьвязалася асяродзьдзе арганізатараў і правадыроў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. БСРГ была створаная ў 1925 г. Да пачатку 1927 г. у партыю ўступіла больш за 100 тысяч чалавек. Грамада сапраўды была ня столькі партыяй, колькі агульнанацыянальным рухам, які аб'ядноўваў беларусаў розных грамадзка-палітычных поглядаў. У пытаньні рэлігіі БСРГ праграмна выказвалася за аддзяленьне Царквы (Касьцёлу) ад дзяржавы й палітыкі ды супраць выкарыстоўваньня веравызнаньняў з мэтай палянізацыі або русыфікацыі. Бальшыня заснавальнікаў Грамады была рэлігійна індыфэрэнтная, тым ня меньш падтрымлівала кантакты з пратэстанцкімі цэрквамі. Паводле польскай контрразьведкі Цэнтральны камітэт гэтай партыі складаўся выключна з пратэстантаў: старшыня Б. Тарашкевіч меўся быць мэтадыстам, намесьнікі старшыні С. Рак-Міхайлоўскі - баптыстам, Р. Астроўскі - мэтадыстам, скарбнік П. Мятла - штундыстам, сакратар М.Бурсевіч - мэтадыстам. Да таго ў баптызм быццам бы перайшоў пасол ад Грамады Я. Гаўрылік [14]. У вузкае кола кіраўнікоў партыі ўваходзіў і А.Луцкевіч, намінальны кальвініст.

Ня ўсе названыя польскай контрразьведкай дзеячы сапраўды сталі фармальна пратэстантамі. Напрыклад, сужонства Тарашкевічаў, каталік Браніслаў і праваслаўная Вера, толькі хадзілі на мэтадысцкія набажэнствы [15]. Зь іншага боку, Максім Бурсевіч напэўна быў мэтадыстам, і нават у турме іншыя зьняволеныя лічылі яго "біскупам" мэтадыстаў [16]. Вядома таксама, што як глыбока рэлігійны чалавек прыняў сьмерць на Салаўках Язэп Гаўрылік. Таму варта тут успомніць грамадзка-палітычныя погляды ідэйнага правадыра беларускага мэтадызму Гальяша Ляўковіча: "Я сабе выабражаю: эвангелічны сацыялізм ці камунізм з Хрыстом на чале. Ня словы толькі, фразэалёгія, а факты дзеяньня, жывое жыцьцё, жывая кроў існаваньня чалавека - вось зьмест і мэта! У Эвангельлі праца не для капіталізму і капіталістых, а для людзёў жывой патрэбнай працы ў поце і сьлёзах... Інакш і трэйцяе тысячагодзьдзе пяройдзе, і хрыстыянізм не ўскарэніцца ў сэрцы чалавечым..." [17].

З 1926 г. амаль усе сябры ЦК БСДГ адначасова тайна належалі да Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі, партыі, якая была за камунізм без Хрыста. Першым, хто ўступіў у кампартыю, быў Тарашкевіч; ён і пацягнуў за сабою астатніх. Наўрад ці Тарашкевіч быў перакананым камуністам. Магчыма, паверыў, што ў БССР будуецца "Беларускі Дом". Магчыма, як спрактыкаваны масон, уважаў, што ў гэтай гульні ён раздае карты і скарыстае грошы Камінтэрна дзеля беларускай справы, як, дарэчы, выкарыстоўваліся і грошы пратэстантаў. Так ці інакш, ён трагічна памыляўся. У 1927 г. польскія ўлады арыштавалі кіраўніцтва Грамады і разьвязалі партыю. Празь некалькі гадоў кіраўнікоў Грамады палякі выдалілі ў Савецкі Саюз, дзе ўсе былі зьнішчаны. Сувязі з правадырамі Грамады сталі прычынай перасьледу Царквы мэтадыстаў польскімі ўладамі. Сярод мэтадысцкіх дзеячаў органы дзяржбясьпекі правялі шмат арыштаў, дакараючы іх у дзейнасьці на шкоду польскай дзяржавы. Гэтыя арышты спынілі развіцьцё Царквы мэтадыстаў у Польшчы [18].

Гэтым разам супроць мэтадыстаў востра выступілі і беларускія каталіцкія й праваслаўныя колы. Хадэцкая "Беларуская крыніца" сьцьвердзіла, што мэтадыстаў прывялі беларусы, якія ні з Каталіцкім касьцёлам, ні з Правaслаўнай царквой, ды наогул зь ніякай рэлігіяй нічога супольнага ня маюць, сацыялісты, бязбожнікі й матэрыялісты, якія падтрымліваюць мэтадызм, каб аслабіць Касьцёл і Царкву. Паводле рэдакцыі часопісу, мэтадызм прыводзіў да братняй нянавісьці і аслабляў яшчэ больш беларускі нацыянальны арганізм, і так ужо гістарычна падзелены на два лягеры, каталіцкі і праваслаўны [19].

Тым ня меньш пратэстантамі або прыхільнікамі пратэстантызму былі ў той час ня толькі дзеячы Грамады, але і альтэрнатыўных да яе груповак, як Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (Адам Більдзюкевіч і Гальяш Ляўковіч) ці правай плыні нацыянальнага руху (мэтадызм падтрымлівалі Ян Станкевіч і Францішак Умястоўскі) [20].

Апагей сувязяў беларускай палітыкі з пратэстантызмам выпаў на другую палову 20-х гг. Татальная параза беларускага нацыянальнага руху, якім было падзеньне Грамады, - гэта таксама выразная рыса ў гісторыі беларускага пратэстантызму. Аказалася, што ва ўмовах чужой, да таго ж недэмакратычнай дзяржавы, пратэстантызм ня меньш за каталіцызм і праваслаўе падатлівы на ціск з боку ўладаў.

Заўвагі:

1. Верещагина А. Зарождение и развитие протестантских сект на территории Белоруссии во второй половине ХIX - начале ХХ века. // Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі "Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі ХІІІ - пач. ХХ ст." Гродна, 29 верасня - 1 кастрычніка 1992 г. Кн. 4, Ч. 3, с. 659-670.

2. Публицистика белорусских народников. Нелегальные издания белорусских народников (1881-1884). - Минск, 1983. - С. 114.

3. Пятроўскі Я. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце (1905 - 1945). Кн. І. - Слуцак-Гэйнсвільл, 1988. - С. 154.

4. Krotki zarys zagadnienia bialoruskiego (машынапіс). - Warszawa, 1928. - S. 368.

5. Туронак Ю. Пра Гальяша Леўчыка. Беларускі Каляндар, 1980. - Беласток, 1980. - С. 156.

6. Krotki zarys... S. 368.

7. Picarda G. The Heavenly Fire. A Study of the Origins of the Byelorussian New Testament and Psalms (1931); "Bozym slacham", 1975, nr. l-2 (143-44), p. 10, 14.

8. Krotki zarys... S. 368.

9. Тамсама. С. 369.

10. Гл.: Picarda G. The Heavenly Fire...

11. Інфармацыя Лявона і Юркі Луцкевічаў, сыноў Антона.

12. Пятроўскі Я. Мэмуары... С. 100.

13. Picarda G. The Heavenly Fire... P. 23.

14. Krotki zarys... S. 368-369.

15. Інфармацыя Лены Глагоўскай ад Веры Ніжанкоўскай, 1 v. Тарашкевіч.

16. Bergman А. Sprawy bialoruskie w II Rzeczypospolitej. - Warszawa, 1984. - S. 256-261.

17. Пятроўскі Я. Мэмуары ... С. 154.

18. Krotki zarys... S. 369.

19. Беларуская крыніца, 1928, № 28.

20. Тамсама. Мэтадысткай была жонка Я. Станкевіча; да гэтай Царквы належаць і ягоныя сыны. Інфармацыя Юркі Станкевіча.


Спадчына, 2003, №1. - С. 69-71.

<зьмест>




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: