Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ПРАТЭСТАНЦКАЯ ЦАРКВА І БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ

Беларускія рэфарматары

Антон Луцкевіч

Сёлета ўся беларуская прэса адзначыла юбілей д-ра Францішка Скарыны з Полацку [1]: 450-ыя ўгодкі нараджэньня яго. І Скарына зусім заслужыў на гэткі знак пашаны ад ягоных патомкаў: бо тыя зярняты, якія ён кідаў на народную ральлю, не загінулі, а прарасьлі, закрасавалі і далі багаты плён. Паміж іншым, даючы свайму народу Слова Божае ў роднай, для ўсіх зразумелай беларускай мове, Скарына як-быццам паклаў фундамант і дзеля цэлага грамадзка-рэлігійнага руху на Беларусі, які ведамы пад назовам Рэфармацыі.

Рух гэты пачаўся ў XV стагодзьдзі ў Заходняй Эўропе. Цэлы рад выдатных прапаведнікаў - Цвінглі, Лютар, Кальвін, Гус і шмат іншых - выступілі на барацьбу з тым выраджэньнем хрысьціянства, якое выявілася ў каталіцтве ў сярэднявечныя часы. Запыненьне ўсякае вольнае думкі і поступу ў навуцы, жорсткія расправы "сьвятое" інквізыцыі з усімі, хто ня мог і не хацеў думаць і верыць так, як загадвалі царкоўныя ўлады, маральны і інтэлектуальны заняпад самога ўсемагутнага духавенства - усё гэта ня раз выклікала гарачыя пратэсты навет у верных сыноў царквы. Але пратэсты гэтыя ня толькі нічога не зьмянялі ў царкоўным жыцьці, а, наадварот, павялічывалі жорсткасьці Торквэмадаў [2]. Духавенства, абвясьціўшы сябе пасрэднікам паміж Богам і людзьмі, забараніла навет (у 1229 годзе) людзям сьвецкім чытаць Слова Божае: апошняе давалася народу толькі ў перапрацоўцы духавенства... Дык вольныя духі пачалі адкрыта паўставаць ужо ня толькі проці таго, што рабіла панаваўшая тады ў Эўропе блізу непадзельна каталіцкая царква, але проці каталіцтва наагул, проці ўсяе царкоўнае арганізацыі. І вось паўстае шырокі грамадзка-рэлігійны рух, які імкнецца да грунтоўнае рэформы ўсяго царкоўнага жыцьця. Рэлігійныя рэфарматары адракаюцца ад каталіцтва і арганізуюць веруючых хрысьціян у вольныя грамады, незалежныя ад духавенства, як пасрэдніка паміж Богам і людзьмі. Рэфармацкі рух імкнецца абаперці ўсё на Слове Божым - на Бібліі, на Эвангельлі, якія кожын павінен чытаць сам і разумець так, як яму розум ягоны кажа. Слова Божае мусіць кіраваць усім жыцьцём чалавека.

Гэтак паўсталі на Захадзе Эўропы ў XV i XVI стагодзьдзях новыя веравызнаньні, як: лютаранства, цвінгліянства, кальвінізм, гусыцтва і іншыя. Усе яны маюць назоў эвангелічных вызнаньняў, бо грунтуюцца на Эвангельлі.

На Беларусь рэфармацкі рух перакінуўся толькі ў XVI стагодзьдзі. А першым прадвесьнікам яго маем поўнае права лічыць Скарыну: зламаўшы забарону чытаць сьвецкімі людзьмі Слова Божае, Скарына надрукаваў па беларуску Біблію - іменна дзеля таго, каб кожын, хто навучыўся граматы, мог чытаць і тлумачыць сабе Слова Божае так, як сам разумеў. А з гэтым першым крокам Скарыны, які даў у рукі будучым рэфармацкім дзеячом на Беларусі наймагутнейшую зброю: беларускую Біблію, робяцца і другія крокі. Новыя думкі, новыя рэлігійныя ідэі даходзяць да нашага краю і хутка тут пашыраюцца ці то ў жывой пропаведзі рэфарматараў, ці то ў друкаваным слове.

Рэфармацкі рух прыйшоў да нас часткова беспасрэдна з Прусаў, але пераважна йшоў праз суседнюю Польшчу, праз якую наагул ішлі на Беларусь дарогі з Захаду Эўропы. У XVI стагодзьдзі ўжо пранікалі да нас польскія культурныя ўплывы, пашыралася сярод паноў і шляхты польская мова. У свой чарод рэфармацкія прапаведнікі, ідучы да нас з Польшчы, нясьлі з сабой польскія кніжкі, у якіх зьмяшчалася новая навука. Дык рэфармацыя ў гэткай польскай вопратцы пагражала ўзмацненьнем уплыву польшчыны на наш край. Гэтага ўплыву лепшыя сыны Беларусі вельмі баяліся, бо беларускія вышэйшыя станы, прыймаючы польшчыну, адрываліся ад свайго народу - ад сялянскіх гушчаў, якія аставаліся ў поўным культурным занядбаньні. Вось чаму нацыянальна сьведамыя рэфармацыйныя дзеячы, заглядаўшыя далёка ў будучыну, горача ўзяліся за працу, каб ідэі рэфармацыі апрануць у нацыянальную беларускую шату. Найбольш выдатнымі сярод іх былі: Сымон Будны і Васіль Амельяновіч-Цяпінскі. Абодва яны вартыя таго, каб імёны іх сталіся ведамымі ўсім беларусам.

Аб жыцьці Сымона Буднага ведама вельмі мала. Дзе і калі ён нарадзіўся, дасьледчыкі гэтага пытаньня дагэтуль не маглі разьвязаць. Ведама толькі, што ён вучыўся ў Кракаўскім унівэрсытэце, добра ведаў чужацкія мовы, быў добрым прамоўцам і здольным пісьменьнікам дый усе гэтыя здольнасьці свае аддаў на пашырэньне на Беларусі новага веравызнаньня - кальвінізму, а пазьней - сацыніянства, якое адрознівалася ад усіх іншых рэфармацкіх кірункаў тым, што адкідала троічнасьць Бога. Нейкі час Будны жыў і працаваў у Нясьвіжы, дзе пераклаў на беларускую мову кальвінскі катахізіс і надрукаваў яго ў нясьвіжскай друкарні ў 1562 годзе з дапамогай нясьвіжскага старасты Мацея Кавячынскага, які на гэта даў грошы, і Лаўрына Крышкоўскага, які памагаў Буднаму ў перакладаньні катахізіса. У тым жа годзе і там жа Будны выдаў і свой уласны твор у беларускай мове - кніжачку "Аб апраўданьні грэшнага чалавека перад Богам". Праўда, як і іншыя рэфармацыйныя дзеячы таго часу, Будны пісаў і друкаваў свае працы такжа папольску і ў тым ліку - свой пераклад Бібліі на польскую мову, бо гэтым шляхам маніўся пашыраць кальвінізм сярод спольшчанае ўжо часткі магнатаў і багацейшае шляхты. Але Будны ня лічыў таго добрым, што князі й паны выракаліся беларускае мовы і пачыналі гаварыць папольску. Наадварот: у пасьвячэньні беларускага катахізісу князю Радзівіллу Будны робіць за гэта дакор арыстакратыі і выказывае жаданьне, "абы ся вашы княжацкія міласьці і таго здаўна слаўнага языка словенскага (знача: беларускага!) размілаваці і оных ся бавіці рачылі. Слушная бо рэч ест, абы вашы княжацкія міласьці таго народу язык мілаваці рачылі, у каторым даўныя продкі і іх княжацкія міласьці панове атцы вашых княжацкіх міласьцей слаўне праднейшыя прэлажэнствы нясуць" (знача: займаюць вышэйшыя становішчы). Гэты заклік паказвае, што Будны, выдаючы кальвінскія кніжкі ў беларускай мове, меў на мэце ня толькі пашырэньне кальвінізму, але й карысьць для беларускае нацыянальнае культуры, якой пагражаў ужо тады заняпад з прычыны пачаўшагася польшчаньня беларускае інтэлігенцыі.

Больш ведаем мы аб жыцьці Васіля Амельяновіча-Цяпінскага, невялікага земляўласьніка з Полаччыны, дзе меў па бацьку двор Цяпіна. Аблічаюць, што ён мусіў нарадзіцца каля 1540 году, памёр жа прыблізна ў 1603 годзе. І ён, як Будны, захапіўся рэфармацыйным рухам і быў сьпярша кальвіністам, а пасьля перайшоў да сацыніанаў. І ён працаваў над пашырэньнем новых ідэяў сярод беларусаў, з гэтай мэтай пераклаў на беларускую мову Эвангельле і надрукаваў частку яго (паводле Мацьвея і Марка) у сваей вандроўнай друкарні (каля 1570 году). Але паміж ім і Будным ёсьць і вялікая розьніца: нацыянальнае пачуцьцё, жаданьне падняць маральнасьць і культуру беларускага народу выяўляецца ў Цяпінскага непараўнальна шырэй і ярчэй, чым у Буднага. Можна сказаць, што Будны быў перш кальвіністам, а пасьля ўжо - беларусам, а Цяпінскі наадварот: перш быў беларусам, а пасьля - рэлігійным рэфарматарам. Мы пераканаемся аб гэтым, калі пазнаёмімся з ягонай прадмовай да перакладу Эвангельля.

"Рад пакажу маю веру, каторую маю, а злашча народу сваему рускаму" (знача: беларускаму) - пачынае сваю прадмову Цяпінскі і з гордасьцяй гаворыць аб тым, што народ гэты - не абы які, што ён здаўна славіўся, як "зацный, славный, острый і давсьціпный" народ, што "мнагакрот пастаронніе учоные народы іх (беларусаў) мудрасьці муселі пахваляць", але цяпер "акраса і аздоба народу іх аднята, а проста загінула". Прычыну заняпаду культуры народу беларускага Цяпінскі бачыў у адступніцтве ад нацыянальнае ідэі найвыдатнейшых сыноў яго, у умысловым і маральным упадку вучыцялёў народу - духавенства. Ён з жалем гаворыць аб тым, што князі і паны выракаюцца роднае беларускае мовы і вучаць дзяцей сваіх папольску.

Тут усё йшчэ як-быццам згодна з тым, што пісаў і Будны ў прадмове да свайго катахізісу. Але зусім новы матыў чуецца ў Цяпінскага, калі ён гаворыць аб заняпадзе духавенства. Духавенства-ж гэта - праваслаўнае або часткова каталіцкае, дык рэлігійны праціўнік яго, кальвініст Цяпінскі, як-быццам мусіў-бы цешыцца з гэтага. Але Цяпінскі і ня думае цешыцца: ён балюча адчувае шкоду, якая робіцца беларускаму народу ад таго, што натуральныя апякуны і вучыцелі народу - духавенства - ня могуць выпаўняць свайго абавязку перад народам, ня могуць падыймаць культуры народнае, бо самі пазбаўлены гэтае культуры. І Цяпінскі зварачаецца да лепшае і больш культурнае часткі грамадзянства з заклікам, каб яна паўплывала на "вашых мітрапалітаў і ўладык", каб яны жылі не для сваей прыемнасьці, каб ужывалі маемасьці царкоўнае не для сваей выгоды, а дзеля шырэньня асветы ў народзе. Праца для народу, асьвета народу ў роднай мове ягонай - вось што найбольш рупіць Цяпінскага. І перад гэтым вялікім заданьнем агульна-нацыянальным адыходзіць на далейшы плян рэлігійная варожасьць Цяпінскага да духавенства чужога вызнаньня: ён хоча толькі прымусіць апошняе, каб сумленна выпаўняла свае абавязкі для народу беларускага.

Так мог прамаўляць толькі шчыры беларускі патрыот, а перад усім - запраўдны хрысьціянін. Ні ненавісьці, ні злосьці да інаверцаў і нават да асабістых ворагаў сваіх Цяпінскі ня мае. А ворагаў было ў яго ня мала, а крыўд ад іх шмат ён дазнаў падчас сваей высока ідэйнай працы для народу беларускага...

Ёсьць і яшчэ адна рыса ў Цяпінскага, якая з беларускага нацыянальнага гледзішча стаўляе яго шмат вышэй за Буднага. Будны дзеля сваіх выданьняў карыстаўся матэрыяльнай дапамогай другіх людзей - князя Радзівілла, старасты Кавячынскага ды іншых. Цяпінскі, наадварот, усю выдавецкую працу сваю вёў сваім уласным коштам. Ніхто яму не памагаў, а шмат хто стараўся шкодзіць... Ня дзіва, што жыцьцё ягонае праходзіла ў вечных клопатах, што ён меў шмат даўгоў, мусіў шмат судзіцца і г.д. Маючы перад сваімі вачыма вялікі ідэал нацыянальнага і рэлігійнага адраджэньня свайго народу, ён мала ўвагі зварачаў на свае асабістыя карысьці і жыў заўсёды ў недастатку, абы толькі з сваей "убогай друкарні" мець магчымасьць выпускаць у сьвет друкаванае Слова Божае - у роднай беларускай мове. Прыймаў чыннае ўчасьце ў працы над арганізацыяй прыхільнікаў новага веравызнаньня, бываў на іх зьездах і зборках, за што пэўне-ж шмат прыкрасьцяў меў ад прадстаўнікоў і праваславія, і каталіцтва, а пасьля пераходу да сацыніянства - такжа і ад сваіх учорашніх аднаверцаў.

Але ўсе нягоды жыцьцёвыя ня здолелі зламаць яго, і сьветлы воблік гэтага барацьбіта за Праўду Хрыстову і за народ беларускі навекі захаваецца ў памяці народнай.

Заўвагі:

1. Тут і далей падкрэсьлена А.Луцкевічам - рэд.

2. Тарквэмада Тамаш (каля 1420 - 1498) - кіраўнік інквізіцыі ў Гішпаніі, склаў Інквізізіцыйны кодэкс і працэдуру інквізіцыйнага суду - рэд.


Пятроўскі Я. Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтрасьпэкце (1905-1945). - Кн. 1. - Слуцак-Гэйнсвільл, 1988. - C. 247-262 (Факсымільная копія рукапісу).

<зьмест>




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: