Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ПРАТЭСТАНЦКАЯ ЦАРКВА І БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ

Антон Луцкевіч - арыстакрат беларускае думкі

Ян Пятроўскі

Калі ў першай палове трыццатых гадоў выйшаў з друку на беларускай мове Новы Запавет з Псальмамі, на восі Вільня - Варшава імя Антона Луцкевіча было на вуснах і ў друку ў колах праваслаўных, каталіцкіх як і пратэстанцкіх, няверуючых людзей як і веруючых, і асабліва сярод мэтадыстых, каторыя сваім замежным прадстаўніцтвам заўсёды знаходзіліся ў добрых суадносінах зь Лідарам беларускага Рэнэсансу.

На падставе пачтовых пячацяў на тых канвэртах, каторыя ў мяне захаваліся, вынікае, што ў годзе 1935 або крыху раней я першы раз спаткаўся з Гаспадаром Антонам Луцкевічам у ягонай кватэры на Піўнай вуліцы ў Вільні.

Выняткавая культурная пастава Гаспадара дому, унутраны выгляд памешканьня, і перад усім, ягоная эрудыцыя - тварылі ўражаньне і будзілі перакананьне, што каб быць беларусам, не абавязкава трэба ўтоесамлівацца з курнаю хатаю, паношаным кажухом ці батрацтвам... нават і тады, калі нічога дрэннага няма ўва ўсёй гэтай характарыстыцы, якая гэтаксама можа будзіць і гонар для чалавека. Ягонае суадношаньне да наведвальніка, ягоны ветлівы позірк з тонам ціхае аксамітнае гаворкі і заўсёды з вытрыманым граматычна пабудаваным сказам, падсьведама сугэравалі прыклад папраўнае літаратурна-беларускае мовы.

У гутарцы зь людзьмі ён ніколі нікому не накідваўся, але заўсёды быў гатовым да супрацы ў прадмеце беларускае справы. Ён меў свой сьветапагляд для ўласнага ўжытку і з належным пашанаваньнем адносіўся да тых, што мелі іншае перакананьне. Згэтуль прабівалася ў яго праўдзівая мадэрнізацыя пагляду, які вызначаўся характэрнай думкаю, што адзіным правільным лучвом для беларускага элементу - гэта нішто іншае, як толькі беларускасьць. Усе сьветапагляды, у той ці іншай ступені, зьяўляюцца зьменнымі і зыходзячымі з гарызонту, тады як Беларускасьць, і толькі яна, астаецца пэрманэнтнаю.

Як вынік гэтага спатканьня, у "Сьветачы Хрыстовае Навукі" [1] публікавалася некалькі Луцкевічавых артыкулаў на агульна беларускую тэму ў дадзенай дзялянцы. Факсыміле аднаго зь іх падаецца тут-жа.

Апошняя сустрэча ў Вільні мела месца недзе, як вынікае з аднаго зь ягоных лістоў, перад 9.XI.1937 годам. Гэтым разам узьнята пытаньне: Як можна было-б беларусам паінфармаваць Захад пра самых сябе, і ў вапрычонасьці, англамоўны сьвет? У разважаньні над пытаньнем было ўзгоднена, што Антон Луцкевіч скампануе адпаведны тэкст, а на маю долю выпадала знайсьці сярод прыхільнага для нас англамоўнага элемэнту чалавека, ахвочага перакласьці сумесна тэкст на ангельскую мову. Гэтае апошняе, як аказалася, было трудным. (На маргінэсе сказанага трэба адцеміць пэўнае зьявішча, пра якое тады мы нічога ня ведалі або ведалі вельмі мала. Палітычная думка ў англамоўным сьвеце зводзілася да таго, каб большыя і меншыя народы Ўсходняе Эўропы, нічога ня кажучы пра тыя, што ўжо знаходзіліся ў Савецкім Саюзе, былі ўключаны ў склад вялікага гаспадарсьцьвенага камплексу, якім была і ёсьць Расея: усе роўна - чырвоная яна ці белая. Пазьней, як ведама, розныя канфэрэнцыі - Ялтанская, і асабліва Потсдамская, пасрэдна ці беспасрэдна, выразна гаварылі пра гэта. Увесь гэты вялікі народны камплекс патрэбным быў дзеля трыманьня пад шахам з боку ўсходняга хоць і меншага, але культурнага і ваяўнічага народу нямецкага).

У міжчасе (недзе ў першай палове 1938 г.) Антон Луцкевіч прыслаў прыгожую працу, якую мог скампанаваць толькі ён: гістарычныя факты, пасьлядоўнасьць іх і інтэрпрэтацыя. Тут Беларускі Народ прадстаўляўся Захаду са сваімі галоўнымі мэтамі: Свабода, палітычная незалежнасьць... Як і свомым было для паважнага Аўтара: нікога ён ня ганіў, нікога не абвінавачваў.

Спробы знайсьці перакладчыка, якія спачатку выдаваліся магчымымі, напатыкалі некаторыя труднасьці. Патрэбным быў даўжэйшы час. А час мінаў, і ў ім уздымалася ваенная атмасфэра. Сьвет набліжаўся да гістарычнае даты - Першага верасьня 1939 году. На Гадовай канфэрэнцыі гэтага году Польскае Мэтадыстычнае Царквы, якая, як звычайна адбывалася ўлетку, я быў вызначаны Япіскапам Артурам Джэймсам Моорам на працу ў Вільні з даглядам дзьвюх іншых кангрэгацыяў: у Дзярэчыне, слонімскага, тады, павету і ў Сярэднім Сяле, валожынскага.

Напрыканцы месяца жнівеня, разам з трыма іншымі прадстаўнікамі польскае царквы, я адбыў вадаплавам падарожжа ў Данію. З прычыны аб'еднаньня дзьвюх цэркваў гэтае самае дэнамінацыі ў Злучаных Штатах, пайменна: Паўдзённае і Паўночнае, у Копэнгагэне адбывалася спатканьне амэрыканскіх прадстаўнікоў з прадстаўнікамі паасобных аналягічных эўрапэйскіх цэркваў. У нашым памешканьні ў Варшаве (Гурчэвска 17а) усе рэчы былі спакаваныя для перавозу ў Вільню, у тым ліку і бібліятэка. Але, як ужо казалася, час не чакаў.

1-га верасьня 1939 году пачалася вайна - Другая сусьветная вайна.

Ваенныя падзеі разьвіваліся са свомаю для сябе хуткасьцю.

У ваеннай атмасфэры жыцьцёва важныя справы, якія адносіліся да паасобнага чалавека, трэба было абмяркоўваць і рашаць на хаду.

Уночы з 7 на 8 верасьня, на прапанову супэрынтэндэнта, групаю (Супэрынтэндэнт Пастар Г.П. Ворфільд, Пастар Ян Пятроўскі, Прап. Ян Каліноўскі, Бруна Рашкевіч са сваім родным братам) выйшлі мы разам з Варшавы і пайшлі на Усход. У выніку адсутнасьці дамэтнасьці гэтакага экзодосу, група па дарозе рассыпалася. Пераначаваўшы на трэйцюю ноч маршу ў Янаве Падляскім, я пайшоў назад у Седльцы, якія яшчэ ня былі занятыя немцамі, а стуль у Гайнаўку. З Гайнаўкі цягніком даехаў да Ліды і зь Ліды іншым цягніком прыбыў каля гадзіны 8 раніцы ў Вільню. Было гэта прыблізна каля паловы верасьня 1939 году. Вільня знаходзілася ўжо пад савецкаю ўладаю.

Аднойчы праходзіў я ўздоўж вуліцы Адама Міцкевіча каля судовага будынку недалёка Лукішскага пляцу. Адбывалася тут урачыстасьць. Было шмат народу. У паветры разыходзіўся голас Антона Луцкевіча. Ён прамаўляў. Гэта быў апошні раз, калі я чуў ягоны голас.

У бегу шалёнае вайны, якая агарнула сабою ўвесь наш цывілізаваны сьвет, Гэстапо сканфіскавала маю бібліятэку, а разам зь ёю і зь іншымі матэрыяламі прапаў даўжэйшы машынапіс працы Антона Луцкевіча.

Гэтымі словамі канчаю мае ўспаміны супрацы з адным з найболей слаўных нашых людзей нашае эпохі, каб зафіксаваць іх у друку, пакуль яшчэ Неба дазваляе.

Заўвагі:

1. "Сьветач Хрыстовае Навукі - штомесячны мэтадысцкі часопіс на беларускай мове, які рэдагаваўся і выдаваўся Я.Пятроўскім у 1930-ыя гг. ў Заходняй Беларусі і пасьля вайны ў ЗША (гл. матэрыял "Скрыгат ў машыне") - рэд.


Пятроўскі Я. Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтрасьпэкце (1905-1945). - Кн. 1. - Слуцак-Гэйнсвільл, 1988. - с. 240-243.



ДАДАТАК

Ліст да Яна Пятроўскага:

Паважаны Грамадзянін!

Справу, якую Вы закранулі, лічу вельмі важнай і ахвотна прылажу да яе сваю руку. Аднак, перш, чым распачаць пісаньне цыклю артыкулаў, хацеў бы выясьніць, якога роду маюць быць гэтыя артыкулы: ці зусім папулярныя, даступныя для шэрага чытача, ці мо' для інтэлігэнцыі? Далей: які можа быць іх памер, на колькі радкоў можна разьлічаць у адным нумары? Даць толькі адзін артыкул - вельмі трудна, асабліва-ж, калі для яго будзе адведзена лішне мала мейсца. Пісаць жа з тым, што праца змарнуецца з прычыны нястачы мейсца дзеля яе друку, вельмі ня хочацца. Дык вось: дайце мне нейкае выясьненьне адносна гэтае справы, а я ахвотна вазьмуся за работу. Разумею, што мо і Вам гэта ня вельмі ясна; тады буду рабіць так, як лепш уложыцца. Буду чакаць новага пісьма.

Шлю вітаньні і словы пашаны.

Ант. Луцкевіч Вільня, 9.XI.1937.

Р.S. Напішэце мне такжа, у якой мове лепш пісаць дзеля перакладчыка: у беларускай, польскай ці мо' расейскай. Мне гэта ўсё роўна.

________________________

Ліст да Яна Пятроўскага:

Паважаны Грамадзянін!

Пасылаю Вам стацьцю аб Скарыне і адкрытку з партрэтам ягоным. Будзьце ласкавы паведаміць, як яе атрымаеце, ці яна Вас здаволіла.

З пашанай
Ант. Луцкевіч
Вільня, 1.ІV.36.
(хутчэй за ўсё 1938 г. - Рэд.)

<зьмест>




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: