Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ПРАТЭСТАНЦКАЯ ЦАРКВА І БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ РУХ

Дзярэчын - Малы Вэрсаль

Ян Пятроўскі

Дзярэчын - месца мае працы на працягу чатырох гадоў, пачынаючы з 1932 году. Тут знайшоў я нагоду бліжэй прыгледзецца да "гатовае да жніва нівы" - да беларускага народу, як і да мэтаў, якія царква, як гэткая, ставіць перад сабою; пазнаць жыцьцё вёскі, ідэалягічныя плыні, што пашыраюцца сярод вясковага насельніцтва. Тут упяршыню падсьведама, а пазьней болей выразна, праяўлялася ідэя ўласнае - беларускае царквы.

Калі з птушынага лёту глядзець на распасьцертую гэаграфічную карту ў натуры, Дзярэчын знаходзіцца прыблізна на восі Беласток-Ваўкавыск-Зэльва-Слонім. У трынаццаці км. на поўнач ад Зэльвы і ў трыццаці пяці км. ад Слоніма ляжыць Дзярэчын. Тут-жа на поўнач ад мястэчка працякае маласпасьцярожная, схаваная ў зелені і кустох рачушка Сіпа, якую, асабліва летам, можна мясцамі пераходзіць у брод. Навакол Дзярэчына разлажыліся найбліжэйшыя вёскі: на поўнач, у вадлегласьці поў кілямэтра - Алексічы, і далей Мілевічы і за імі пару км. - Вайнілаўцы; блізка ля мястэчка на поўдзень ляжыць Грабава; у кірунку паўдзённа-ўсходнім на адлегласьць каля трох км. знайшлі сабе месца Савічы, і далей на ўсход - Угрынь Вялікі. На ўсходзе, пачынаючы ад Слоніма і, кіруючыся на поўнач, а пазьней павольным паўкольлем абыходзячы здаля ў напрамку паўночна-заходнім Вайнілаўцы, залацістымі хвалямі імкнецца Шчара, каб там далей выліваць свае быстрыя воды ў апяваны паэтамі Нёман.

Дзярэчын у маім часе - гэта мястэчка з гмінным урадам Слонімскага павету.

Апрача свае галоўнае шырэйшае вуліцы з рынкам у цэнтры мястэчка, ёсьць тут некалькі бочных невялічкіх вуліц. Жыхарства, у першую чаргу - гэта праваслаўныя беларусы, пасьля католікі "палякі", жыды і розны наплывовы элемэнт як - ўрадоўцы, паліцыя, вучыцелі, ксёндз і абшарнікі. Здавен-даўна ёсьць тут праваслаўная царква і ад часу вуніяцтва - каталіцкі касьцёл. Жыды мелі свой маліцьвены дом, гэтаксама як і неопротэстантызм свой цэнтр.

Гандаль у мястэчку знаходзіўся вылучна ў жыдоўскіх рукох, прадстаўнікамі якога былі тут: Хаім Віняцкі са сваім, свайго роду, унівэрсальным магазынам; сям'я Шымеляў (?) мела ў нейкім сэнсе гатэль і растаран, у якім часта сустракаліся па-заместачковыя наведвальнікі і спатыкалася сьмятанка навакольных польскіх абшарнікаў. Сям'я Шэфлянаў зь іншымі супольнікамі заімалася скупам на месцы зярна і вывазам яго ў Слонім. У вабсяг іхнага гандлю ўваходзіў млын для памолу збожжа. У рух млын ўводзіўся пры помачы дызэлю, які працаваў на нафце. Пры помачы гэтага дызэлю прадукавалася і электрычная энэргія, якая па сьвежа збудаванай сэтцы провадаў падавалася ў дамы, паложаныя пераважна на цэнтральнай вуліцы. Электрычныя лямпачкі актывізаваліся ад часу перад захадам сонца і да дванаццатае гадзіны ночы.

Былі тут гэтаксама свайго роду і балаголы, каторыя прывозілі і адвозілі пасажыраў на чугуначныя станцыі ў Зэльву і Слонім.

Была тут і пошта. Гэтаксама школа - польская.

Гігэнічную службу ў мястэчку несьлі два лекары і адна аптэка. Два адвакаты гэтаксама абслугоўвалі сваю кліянтэлю. Месца фактычнае ўлады знаходзілася на плябаніі меснага ксяндза з прозьвішчам Почыбут, пра каторага чутка хадзіла, што быў добрым ксяндзом, гандляром коньмі і на кірмашох апошнімі словамі лаяўся з прадстаўнікамі гэтага гандлю. Апрача плябаніі быў і паліцэйскі пастаруна к. На чале царквы праваслаўнай стаяў бацюшка, каторы, як гэта і характэрным ёсьць для духоўных тут, не праяўляў большае актыўнасьці сярод сваіх вернікаў. У сфэры эканамічнай жыды гулялі паважную ролю.

Апрача ўспомнутае ўлады, знаходзілася яшчэ іншая ўлада зь вялікімі ўплывамі, хоць на першы позірк была несьпасьцярожнаю. Была гэта Камуністычная Партыя Заходняе Беларусі, і пераважна ведамаю была пад крыптанімам КПЗБ.

Гэтакім быў Дзярэчын у маім часе - 56 гадоў таму.

Але Дзярэчын мае за сабою доўгую і прыгожую мінуўшчыну, і як дагэтуль, запертаю яшчэ на сем пячацяў перад аб'ектыўным беларускім гісторыяграфам.

Хутка пасьля майго прыбыцьця ў Дзярэчын у 1932 годзе адведаў аднойчы мяне малады чалавек, каторы належаў да ліку нашых сымпатыкаў. Тады і пасьля гэтага прыходзіў заўсёды пасьля захаду сонца. Прадставіўся як вучыцель тутэйшае школы. Ягонае прозьвішча - Сулікоўскі і гаварыў ён толькі па-польску з праявам зацікаўленьня да часапісу "Пельгжым Польскі".

У гутарках са мною ён зьвярнуў маю ўвагу на гістарычны факт, што ў пераважна польскай літаратуры часта ўспамінаецца Дзярэчын як Малы Вэрсаль, што тут была сяліба Сапегаў - аднаго з выдатных родаў Вялікага Княства Літоўскага, што тут знаходзяцца яшчэ пасьледкі замку, адносна нядаўна пабудаванага, навакол якога пульсавала літоўская культура і жыцьцёвае багацьце.

У годзе 1933 напісаў я адпаведны артыкул па-польску п.т. "Дзярэчын - Малы Вэрсаль", які хутка пасьля гэтага зьявіўся на ламах успомнутага часапісу. Я ўспамінаю пра гэта сягоньня, каб гэткім спосабам мець запіс здарэньня і эвэнтуальна займець ксэрографічную копію артыкулу.

Чаму? Што за прычына, што Дзярэчын атрымаў імя Малога Вэрсалю? Праўдападобна мусіла быць нешта супольнае паміж Малым Вэрсалем і тым (Вялікім) Францускім, які быў узорам пышнасьці двароў пануючых дынастыяў і багатых родаў? Супольнае выступала з таго факту, што Сапегаў палац у Дзярэчыне быў будаваны (1786 г.) няведамым бліжэй дагэтуль архітэктарам Бэкерам разам з беларускім архітэктарам Лаўрынам Гуцевічам на ўзор Францускага Вэрсалю.

Вэрсаль - прыгожае францускае места, паложанае на адлегласьць каля 18 км. на паўдзённы захад ад Парыжа, сталіца дэпартамэнту Сена і Уаза, болей як стагодняя рэзыдэнцыя францускіх каралёў.

Расплянаваны найбольшымі тады майстрамі з роду Мансартаў (Мансардаў) і пабудаваны на калісьці разьлеглым паляўнічым абшары, пачаткава як малое чато для Людвіка XIII (1624 - 1626), пазьней для Людвіка ХІV (другая палова ХVІІ ст.) значна пашыраны, і з часам разбудаваны да памераў аграмаднае прыгожасьці, архітэктуральнае далікатнасьці і гармоніі элемэнтаў. Гэтак узьнік Вэрсаль, у цэнтры якога знаходзіцца пышны палац. Перад палацам на франтовым баку распаложаны вялікі двор, у якім відны статуі слаўных французаў. Ёсьць тут вялікая колькасьць галярэяў, аздобленыя дарагімі творамі мастацтва, салёнаў і каралеўскіх апартамэнтаў, упрыгожаных і аздобленых стылёваю раскошнаю мэбляю. Адна зь лічных галярэяў, ведамая як Заля Люстраў, мае сьцены, вылажаныя люстрамі. У парках праведзены шырокія алеі, выдэкараваныя дрэвамі, кустамі і рознародным квецьцем. Водная алея з басейнам Нэптуна і фантанамі будзіць думку пра безупыннасьць сусьветнага руху і сталасьць жыцьця на Зямлі. Знаходзіцца тут вялікая колькасьць у зацішшы паложаных гаяў і значнае даўжыні канал, званы Вялікім Каналам. Сярод найлепшых асобных архітэктуральных забудаваньняў у Вэрсалю, па-за паркамі на поўнач, знаходзяцца Гранд і Пэціт Трыяноны або каралеўскія вільлі.

Усё гэта ўзятае разам выражала сабою прыгожасьць культуры, велічнасьць чалавека, здольнага да культурнага гэраізму і эстэтычнага смаку. Вэрсаль стаўся выражэньнем гонару і рыцарскасьці сярод людзей, шляхэтнасьці і аглады чалавека. Ён даў людзям моду ў самавыражэньні і прынцып, што ўсё, што цячэ, цячэ як вада: ніколі зьнізу ўверх, але наадварот - зьверху ўніз. (Згэтуль тыя, каторыя думаюць, што яны могуць ваду змусіць цякчы зьнізу ўверх, ня ломячы натуральнага права, памыляюцца).

Вэрсаль надаваў тон і фасон культурнага жыцьця, стаўся ўзорам для шматлікіх народаў, у тым ліку і для народу, які тварыў сабою Вялікае Княства Літоўскае наагул, і ў вапрычонасьці - для Дзярэчына пад эгідаю Сапегаў.

Ідучы з цэнтру Дзярэчына на поўнач, направа тут-жа дзе пачынаецца дарога ў напрамку вёскі Вострава, пачынаўся цэнтр забудаваньняў, якія, праўдападобна, тварылі сабою палацавы камплекс з рознымі будынкамі і прыбудаваньнямі да яго. Ідучы далей у тым самым напрамку, уздоўж дарогі, направа і лева, распасьціралася тады разьлеглая раўніна. Раўніна гэтая мусіла агортваць сабою ў разьлеглым праменьні ўсё тое, што называлася Малым Вэрсалем. Тут мусілі быць розныя будынкі, як адумысныя асабнякі для гасьцей, што прыбывалі здалёк, будынкі адміністрацыйныя, памяшчэньні для абслугі, ваенныя будынкі і стайні для коней, і будынкі для паляўнічых сабак, абозных вазоў зь варштатамі рэпэрацыі ваеннае снасьці.

З таго, што я чуў ад людзей, на тым месцы, якое абазначана літараю "а" знаходзіўся будынак зь вежаю. Усе паказвала на тое, што кватэравалася тут нейкая вайсковая абслуга з задачаю абсэрвацыі прадполя з гатоўнасьцю спатканьня гасьцей і ворага, калі бясьпека гаспадарства гэтага вымагала. Як высокаю магла быць вежа, цяжка сказаць сягоньня. Пра гэтую частку будынку, які праўдападобна меў беспасрэднае спалучэньне з палацавым камплексам і, магчыма, з надземным праходам, я чуў ад акалічных сялян доўгае апавяданьне. Апавяданьне гэтае зьяўляецца характэрным з пункту гледжаньня псыхалягічнага ў кірунку павольнага заняпаду, як і гістарычна-навуковага.

Апавяданьне гэтае казала, што яшчэ жывуць старшыя людзі ў акалічных вёсках, каторыя памятаюць і расказваюць, што перад Першаю сусьветнаю вайною і ў першай фазе яе быў тут маёнтак нейкага расейскага асадніка з прозьвішчам Обухов. Барін Абухаў любіў раскідаць звонкія грошы на пясок дарогі і любавацца, як дзеці, а часта і дарослыя, кідаліся адзін праз аднаго, каб схапіць найболей з кінутага. Расказвалі, што ён верхам на кані ўяжджаў у сярэдзіну вежавага будынку і гэтак па сходах уздымаўся наверх. З гэтага ў мяне ўзьнікала ўражаньне, што будынак мусіў быць адносна вялікі, калі можна было вярхом на кані рабіць неабходныя павароты.

У частцы, абазначанай літараю "б", у маім часе будынак быў поўразвалены і бяз даху, а там, дзе яшчэ дах і быў - быў напалову згніўшым. Працяг будынку на поўнач (літара "е") гаварыў пра тое, што будынак знаходзіўся ў працэсе заніканьня, але быў яшчэ пад дахам. У далейшай і апошняй частцы гэтага-ж будынку, які быў адносна ў добрым стане, знаходзілася пошта. На месцы, абазначаным літараю "г", відны былі сьляды ніто нейкага праходу пад зямлёю, ніто склепу. Усё аставалася недагледжаным і заросшым густым зельлем.

Уся плошча, абазначаная літарамі "д", і літараю "ж" (дзе ў маім часе знаходзіўся паліцэйскі пастарунак) - усё гэта, вельмі праўдападобна, уваходзіла ў межы Малога Вэрсалю.

Пра культурнае жыцьцё ў Малым Вэрсалю вельмі мала ведаем. Прычына гэтага ляжыць у выняткавасьці нашае літоўскае гісторыі, у адсутнасьці літоўскіх гісторыяграфаў, каторыя маглі-б на месцы з свабодна распасьцертымі рукамі і ясным інтэлектам разгарнуць нашу мінуўшчыну, якая ў летапісах усё яшчэ знаходзіцца пад пылам часу і табу.

Тое, што ў гэтым дачыненьні было напісана, пераважна напісана нелітоўцамі, з часта шавіністычнаю тэндэнцыяю і зь меркаваньнем прысваеньня сабе таго, што паводля натуральнага як і міжнароднага права належыцца нам.

Дайшлі да нас весткі, для прыкладу, як абыходзіўся Вялікдзень у Сапегаў у Дзярэчыне [1]. Тут падаецца толькі апісаньне вялікоднага столу, які, што праўда, кажная літоўская сям'я старалася мець як найбольшы і сыты.

Тут расказваецца, як на знак чатырох пор году на сталох стаялі чатыры дзікі, выпханыя сьвінінаю, шынкамі, кілбасамі, парасячынаю. Тут адумысна шэф кулінарнага мастацтва ўмеў праявіць сваю здольнасьць, выпякаючы у стоячай паставе дзікіх вяпрукоў.

На знак дванаццаці месяцаў у годзе стаяла гэтаксама дванаццаць сьпечаных аленяў з пазалочанымі рагамі, напханых рознаю зьвярынаю, як зайцамі, цецярукамі, драфамі, белымі курапаткамі.

Навакол можна было бачыць пяцьдзесят і два агромністыя пірагі, на знак пяцідзесяці двух тыдняў у годзе; - пасьля гэтага ішлі ў гэткай-жа колькасьці мазуркі, літоўскія пірагі, і ўсё гэта ўпрыгожана турэцкімі прыправамі, як цукар, гвазьдзіка, шафран, цынамон і падобнае.

Пасьля ішло трыста шэсьцьдзесят пяць бабак на знак колькасьці дзён у годзе. Кажнае пячыва было ўпрыгожана напісамі, арнамэнтамі, што не адзін зь людзей адно толькі чытаў, і ня еў.

На адумысных сталох былі памешчаны вялікіх памераў чатыры чары, якія сымбалізавалі чатыры поры году, напоўненыя старым віном... Апрача гэтага на відным месцы знаходзілася дванаццаць конавак, напоўненых старым віном, памятаючым панаваньне Жыгімонта Аўгуста, якія азначалі дванаццаць месяцаў году. I далей пяцьдзесят дзьве бочачкі, гэтаксама сярэбраныя на знак пяцідзесяці тыдняў, з кіпроскім віном, гішпанскім і італьянскім. I гэтулькі, колькі дзён у годзе - трыста шэсьцьдзесят пяць бутэлек з венгерскім віном.

Гэтулькі расказвае нам летапісец XIX стагодзьдзя, Люцыян Сяменьскі пра сьвяткаваньне Вялікадня ў Малым Вэрсалю з часоў правячага роду Сапегаў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Першы раз адведаў я Дзярэчын у 1931 годзе. Была другая частка лета. Тут даведаўся я, што, праца вядзецца несыстэматычна, што ў Дзярэчыне як і на вёсках паліцыя робіць перашкоды. Тамтэйшы пастар Хведар Грабінскі меў цяжкія перажываньні. Ягоную сям'ю: ён, жонка і хлапец гадоў васьмі, наведаў тыфус. Праўда, хвораю была толькі жонка і шчасьліва выйшла з хваробы, але дом на працягу некалькі тыдняў быў пад каранцінам. Пасьля хваробы наступіў доўгі пэрыяд аздараўленьня. Усё гэта ўзятае разам стварала перапынак у працы.

Пры гэтым хацеў-бы адцеміць, што ў чатырохгоднім пэрыядзе мае працы ў Дзярэчыне як і ў навакольных вёсках я ніколі ня меў якога-небудзь клопату з боку польскіх уладаў.

Першым апавяшчальнікам у нашым стагодзьдзі мэтадызму ў Слонімскім павеце быў шырокаведамы беларусам у Вільні Пастар Джон Вітт. Вітт - швэдскага паходжаньня - вышэйшую адукацыю здабыў у Швайцарыі, скуль вынес нямецкую мову. Апрача швэдскае мовы валодаў беззаганна ангельскаю моваю. Працаваў нейкі час у Манджурыі, дзе прысвоіў сабе пачаткі расейскае мовы. Быў ён чалавекам энэргічным, рухавым, з дарам здабыцьця ўзнаньня для сябе і сымпатыі сярод шырокага кола беларусоў у Заходняй Беларусі.

На Беларусі распачаў ён працу недзе каля 1925 году. Першы раз спаткаўся я з Віттам у Сярэднім Сяле ў 1931 г., другі раз - у 1936. Ужо ў годзе 1931 паміж ім і варшаўскімі амэрыканцамі з прычыны розьніцы паглядаў на насельніцтва на "Крэсах Всходніх" і адносна працы сярод беларускага народу ўзьнікае разыходжаньне, і Вітт пакідае сваю працу і едзе ў Швайцарыю, скуль паходзіла ягоная жонка, і там, у Швайцарыі, пераймае працу хрысьціянскае місыі ў васяродзьдзі жыдоўскае кангрэгацыі.

Першая неабходнасьць для мяне пасьля прыбыцьця ў Дзярэчын - гэта знайсьці адпаведны пакой. У малым мястэчку, якім Дзярэчын быў, знайсьці пакой - гэта праблема. З усіх жыхароў найболей гасьціннымі былі жыды.

Адзін пакой з асобным выхадам наняў я ў сям'і Шэфлянаў. Шэфляны - гэта муж, жонка, старшы сын і дачка. Яны ўважаліся за свайго роду местачковую інтэлігэнцыю. Па-першае, затым, што ў супалцы зь іншымі сваімі суродзічамі займаліся скупам збожжа і вывазам яго ў Слонім, а па-другое, гэта былі яны, каторыя супольна зь іншымі былі ўласьнікамі млына з малою электрыфікацыяю ў мястэчку. Сын іхны з прычыны духовага недамаганьня мусіў спыніць навуку і аставаўся ўвесь час дома. Апрача з гаспадыняю дому, я ніколі не спатыкаўся ані з гаспадаром дому, ані зь іхным сынам. З дачкою я раз прыпадкава спаткаўся ў двары, які нідзе ня быў абгароджаны. Пасьля прывітаньня мы замяніліся кароткімі словамі. Трывала гэта пару мінют. Пасьля гэтае сустрэчы я адчуў нейкую няпрыхільнасьць яе да мяне. Але яна ня была першаю са сваею няпрыхільнасьцю. Падобныя зьявішчы ня былі рэдкімі.

Пакой быў часткаю вялікага дому з адным вакном, і ён мне не падабаўся з прычыны свае панурасьці. Але днём я мала быў дома, а ноччу, калі я ішоў спаць а адзінаццатай гадзіне, у прасторным гасьцінным пакоі, які беспасрэдна сутыкаўся з маім, у гэтым часе пачыналіся галосныя гутаркі супольнікаў пасьля працоўнага дня і падлічэньняў прыходаў, расходаў і чыстых заработкаў з гандлю збожжам і працаў у млыне. Але мне гэта не перашкаджала, бо звычайна хутка я засынаў і спаў, як заўсёды (на працягу бадай-што ўсяго майго жыцьця), аж да сёмае рана. Ня гледзячы на гэта, у міжчасе я разглядаўся, дзе можна было-б знайсьці лепшы пакой. I адзін з гэтакіх, які найболей мне падабаўся, знаходзіўся гэтаксама на галоўнай вуліцы ў жыдоўскай сям'і з прозьвішчам Ляўковіч.

Пасьля некалькі месяцаў займела месца адно здарэньне, якое сталася прадметам мае ўвагі на працягу даўжэйшага часу і да сягоньняшняга дня неразгаданым.

Быў сонечны дзень, адзін з тых цёплых восенскіх дзён. Каля гадзіны пятнаццатае выехаў я роварам на спацыр у кірунку па дарозе на Востраў - вёска паложаная на поўночны-ўсход у вадлегласьці што найболей аднаго кілямэтра ад Дзярэчына. Праехаў я, магчыма, чэцьверць кілямэтра і тут, дзе канчаецца местачковая зямля з дрэвамі на левым баку дарогі я затрымаўся. Перада мною раскрылася прыгожая панарама. Як струна, бегла новапабудаваная дарога і, як мне здавалася, упіралася проста ў Востраў. Дарога бегла па высокім насыпе і недзе далей праходзіла праз Сіпу. Далей я не хацеў ехаць, бо сьвежапабудаваная дарога была тоўстым слоем высыпана сьвежым вострым шчэбнем. Тут я затрымаўся, бо не хацеў рызыкаваць эвэнтуальнага прадзіраўляньне шыны ровару, бо ў такім аддаленым мястэчку, баяўся я, рэпэрацыя можа стацца праблемаю. А ровар я заўсёды патрабую.

Гэтак я станяў і любаваўся тым, што бачыў. Перада мною раскрывалася шырокае поле, праз якое бегла дарога. Тут і там на адлегласьць групамі працавалі людзі. Яны выбіралі зь зямлі бульбу - сваё багацьце, і гэтым атрымлівалі заплату за старанную працу, за любоў да працы на зямлі - за чэсную і ганаровую працу.

Калі гэтак я станяў пры сваім ровары і радаваўся бачаным, да мяне пад'ехала на ровары дачка Шэфлянаў. Маладая, прыблізна дваццацілетняя. Яна пад'ехала да мяне, і не пасьпеў я сказаць словы прывітаньня, як яна, стоячы, гэтак як і я, пры сваім ровары, нейкім дзіўным голасам сказала па-польску: - "Ja pana spoliczkuj?!" [2]

Перш у мяне прабегла думка, што яна, жывучы тут, не разумее добра польскае мовы, і гаворыць тое, чаго-б яна ніколі не сказала ў іншым выпадку. Але думаючы гэтак і гледзячы ёй проста ў вочы, я спасьцерагаю, што вочы яе і ейны твар поўны рашучасьці і зьвярынае злосьці. I я зразумеў... Гэтак, як я стаяў, мая левая нага станула на пэдаль ровару, які тут-жа знайшоўся ў руху, а правая нага адначасна, апісваючы поўколе праз сядло, станула на правы пэдаль, і я ўжо значна аддаліўся. Мой рух адбыўся меней як за адну сэкунду часу. Калі яна спасьцерагла, што здарылася, яна скочыла, праўдападобна, на свой ровар і пагналася ў разгоне за мною. Але я ужо быў на значнай адлегласьці ў напрамку мястэчка. Я аглянуўся тут і спасьцярог: яна ўпала з роварам на дарогу і, магчыма, вельмі пабіла аб востры шчэбень сабе рукі, локці і калені.

З прычыны таго, што ня было патрэбы да гэтага, я ня стаўся добрым самарытанінам яе, але проста паехаў да Ляўковічаў і наняў пакой з заплатаю за месяц наперад. Адсюль паехаў я да Шэфлянаў, спакаваў нешматлікія свае рэчы ў валізку і, узяўшы яе ў руку, зайшоў да Шэфлянаў. Гаспадыня была дома. Я сказаў:

- Я выбіраюся ад вас і прыйшоў падзякаваць вам за гасьціннасьць.

- Чаму?! - загаварыла яна голасна. - Чаму?! Пан Пятроўскі, чаму?!

Але я, як спакойна ўвайшоў, гэтак спакойна і выйшаў, не адказваючы на яе пытаньні.

Увесь інцыдэнт я разумеў, што нехта наслаў яе на мяне за заплату ці ў сузгоднасьці зь яе перакананьнем, або аднага і другога адначасна. Так ці інакш скампрамітаваньне мяне сярод белага дня на вуліцы ў прысутнасьці людзей - гэта было тое, што яна мела на ўвазе. Але задача гэтая ёй не ўдалася. Яна была, магчыма, за інтэлігэнтнаю і маладою, каб ведаць, як падобныя акты дыскрэдытацыі выконваюцца.

Натуральна, я разумеў тады і разумею сягоньня, што яна была толькі прыладаю ў рукох некага. Але каго? Адказу на гэтае пытаньне я ніколі не знайшоў. Я перабіраў усе ведамыя мне магчымасьці, але да выснаву я ня прыходзіў. Жыды гэта зрабілі? - Не. Між намі ня было ў Дзярэчыне ніякіх разыходжаньняў. А голас гаспадыні Шэфлян сьведчыў, што ўсё і для яе прыйшло неспадзявана. Яна нічога ня ведала і шкадавала, што гэтак неспадзявана яна губіць спакойнага кватаранта і, хоць не вялікі, але пэўны месячны прыход.

Праваслаўныя? - думаў я.

- Не, - быў адказ. - Ніхто зь іх у Дзярэчыне ці па-за Дзярэчынам няздольны на гэтакае паніжаючае і брыдкае дзеяньне.

- Магчыма, католікі мясцовыя? - Яны даволі ваяўнічыя, гэта праўда, але чымколячы яны могуць быць, яны ня пойдуць на тое, каб знайсьці жыда, які-б хацеў паслужыць ім.

- Тады, хто? - I адказу я не знаходзіў.

Я пастанавіў ніколі і ні з кім не гаварыць пра гэта. Але мець адчыненыя вочы і асабліва вушы, каб знайсьці таго, хто першы аб гэтым (так ці інакш) будзе гаварыць або ўспамінаць, ці нават заікацца пра гэта. Мінулі чатыры гады, і пасьля гэтага яшчэ многа чатыры гадоў па чатыры, і ніколі нічога ня чуў я. I толькі сягоньня пасьля пяцідзесяці шасьці гадоў першы раз пішу пра гэта.

Характэрна, што гэтую дзяўчыну Шэфлянаў, я бачыў толькі два разы: першы раз, калі спаткаў яе на двары іхнага дому, а другі раз, калі яна няздольна выконвала сваю ролю, якую праўдападобна, нехта даручыў ёй выканаць. На працягу далейшых чатырох гадоў я ніколі не спаткаў яе і ня бачыў у Дзярэчыне, у гэтым маленькім мястэчку, дзе людзі ведаюць адзін аднаго і часта бачацца.

Пэрсанальны сутык зь людзьмі, зь іхнымі набалеўшымі справамі, быць гатовым памагчы ім - гэта адна з найболей важных службаў кажнага працаўніка ў царкве. Служба гэтая поўная свае важнасьці, гэтак для народу, як і для царквы, і насычаная паўнінёю адказнасьці.

- Пан! - у вадчаю і спаглядаючы на чыстую толькі-што вымытую падлогу, казала дзяўчына, каторая прыбірала кажны дзень, калі людзі ў мокрую пагоду прыходзілі з кірмашу і выходзілі, - глядзеце, што яны зрабілі!

Людзі прыходзілі з рознымі справамі і рознымі балячкамі. Адны прыходзілі, каб забраць літаратуру, якую яны выпісвалі праз мой адрас, бо часта літаратура, выпісаная на свой - прападала. Іншыя прасілі, каб напісаць ім заяву па-польску ў той ці іншы ўрад. Справы падатку былі найболей частымі тэмамі заяваў.

Аднойчы прыйшла маладзіца зь дзіўнаю просьбаю:

- Бачыце, - казала яна, - майго мужа забралі ў войска, і я асталася з малым дзіцем. Няма як ані працаваць, ані даглядаць дзіця.

I яна далей гаварыла ў гэтым сэнсе і канчала тым, што, калі яны ня звольняць мне мужа, я пакіну ім дзіця. - Паеду да іх зь дзіцем.

Яна прасіла мяне, каб я напісаў ей заяву з гэткім зьместам.

У новенькую машыну да пісаньня я ўкруціў беласьнежны аркуш паперы і напісаў ёй эстатэчна выглядаючую заяву з ультыматыўным яе зьместам.

Пасьля напісаньня я зьвернуўся да яе і сказаў:

- Слухайце, вы ўзьнялі вельмі паважную і небяспечную справу. Вы выступаеце супроць войска і ўладаў у войску.

- Так, - сказала яна, - я разумею, што гэта паважная справа, але я ня бачу іншага выхаду.

Я прачытаў ёй напісанае, і яна спакойна выслухала.

- Тады, падпішэце тутака. - I яна падпісала. Я ўклаў заяву у белы канвэрт, заадрасаваны да камандзіра палку. I яна пайшла.

Ад таго часу мінула некалькі тыдняў, і тае маладзіцы ня відаць. Нарэшце, пасьля яшчэ нейкага часу, прыходзіць з падзякаю для мяне і гасьцінцам.

- Ну, як там было? - пытаюся я яе.

- Нічога, - адказвае. - Звольнілі мужа адразу.

Пасьля гэтага болей людзей адведвала мяне і я быў рад, што я некаму патрэбны.

Іншы выпадак.

Стаяла цёплая травеньская пагода ў паветры. У маім кветніку, які я даглядаў, паявіўся крот і часта выварачваў зямлю з карэньнем кветак. Часам і я бачыў, як ён варушыць зямлю. Аднойчы з прыгатованым на гэта жалязьніком я вывернуў яго наверх, чорненькі, блішчусты і трапеткі. Занёс я яго далёка за хлеў і пусьціў. Вось гэтак аднойчы, пры даглядзе кветак, пачуў я голас, нехта аклікнуў мяне. Я павярнуў галаву і ўбачыў высокага худога чалавека, гадоў каля сарака, з сумным выглядам, каторага я бачу першы раз.

Калі я падышоў бліжэй да плоту, ён, стоячы на вуліцы, азваўся:

- Брат Пятроўскі - (яны ўсе, ведамыя мне ці няведамыя называлі мяне братам, і, фактычна, я быў для іх братам) - у мяне вялікае гора.

- ?

- Памер у мяне пятнаццацілетні сын. Ці не маглі-б вы мне пахаваць яго? Быў я ў бацюшкі, але ён ня хоча хаваць, ён хоча пуд жыта, а я ня маю столькі жыта.

Чуючы ягонае гора і ягоную просьбу, я зьбянтэжыўся сам. Я рад яму памагчы, але мы ня маем сваіх тут могілак. Ці маю я права хаваць, скажам, на праваслаўных могілках, я ня ведаю.

Разважыўшы ўсю адказнасьць, якая станула перада мною, я сказаў яму:

- Добра, я пахаваю вашага сына... Але перад тым, пайдзеце вы яшчэ раз да бацюшкі і скажэце яму, што, калі ён не пахавае, тады скажэце, што пастар Пятроўскі пахавае. Скажэце яму гэтак.

I ён пайшоў. Не вярнуўся ён да мяне за гадзіну, і за тыдзень, і ніколі не вярнуўся.

Кажны раз, калі прыводжу на ўспамін гэтае здарэньне з паховінамі, мне робіцца чамусьці сорамна. Бо як-бы там ні было - усе мы павінны ў той ці іншай меры вычуваць адказнасьць за цэласьць хрысьціянства.

Чаго дабіваецца сьвяшчэньнік? Да яго прыходзіць бацька, у каторага памер юнак. Ён абцяжаны горам. Ён мае права са сваім горам пайсьці да бацькі (бацюшкі) свайго і выліць перад ім гэтае гора, каб займець і вярнуць згубленую праз сьмерць духовую сілу і раўнавагу.

З другога боку, тут ёсьць бацюшка, каторага царква паставіла, як пастуха (пастыра), з задачаю пільнаваць стада. I вось да гэтага пастуха прыходзіць авечка, зраненая зубам сьмерці і шукае, апраўдана, спагады і патолі. I што мы назіраем? Пастух замест таго, каб узяць авечку на рукі, пагладзіць і перавязаць раны, ён адпіхае ад сябе авечку і кажа ёй:

- Ты мне перш заплаці за маю паслугу, а тады я табе памагу.

Але авечка беднаю ёсьць і ня мае чым плаціць.

Ці ня дзіўнае гэта зьявішча? Ці сьвятар ніколі ня прысутнічаў на лекцыі, у часе якое Прафэсар з найвышэйшым аўтарытэтам і загадам казаў: "Я - пастыр добры: добры пастыр аддае жыцьцё сваё за авечак". Праўда ў нашай рэчаіснасьці мы забыліся аддаваць сваё жыцьцё за авечак. Цяперака вымагаецца проста ўстаць і выйсьці на спатканьне авечкам.

У міжваеннай Польшчы, з праўнага пункту гледжаньня, царква была толькі арганізацыяю (як і ў Злучаных Штатах). I кажны кіраўнік - сьвятар, іерэй ці япіскап - быў пастаўлены на чало свае адміністрацыйнае адзінкі як служыцель і даглядчык гэтае адзінкі. У Дзярэчыне сьвяшчэньнік апрача таго, што ён быў сьвяшчэньнікам, ён быў і urzednik stanu cywilnego [3]. Да абавязкаў гэтага ўрадніка цывільнага стану ўваходзіла праўнае ахвармленьне пэўнага стану, які кажны чалавек у тым ці іншым часе гэтакі стан праходзіў.

Калі чалавек радзіўся, абавязкам урадніка ёсьць запісаць нованароджанага ў мэтрычную кнігу (стану цывільнага) імя, прозьвішча, дзень нараджэньня і іншыя дадзеныя і выдаць, на запатрабаваньне зацікаўленых г.зв. мэтрыку нараджэньня. Падобная працэдура адбываецца і пры жанімстве. У дадзеным выпадку маем дачыненьне з апошняю хвармальнасьцю чалавека - фармальнасьць, зьвязаная з апошнім станам чалавека - станам сьмерці. Гэта абавязак, які, сярод іншых, накладае на сьвятара гаспадарства. I гаспадарства кажны месяц плоціць сьвятару за гэта. Iнакш кажучы, за паховіны, як у нашым выпадку, сына, гаспадарства даўно ўжо заплаціла сьвятару. Непаразумленьне, у дадзеным выпадку паміж бацькам памершага сына і сьвятаром, выступае тады, калі з аднаго боку выступае несьведамы чалавек сваіх праваў, а з другога - сьведамы. (Тут выступае, як яшчэ адзін довад, што адукацыя зьяўляецца першаю з прадмовін паводжаньня ў жыцьці адзінкі).

З другога боку і ўжо з пункту гледжаньня царквы, якая эканамічна абясьпечвае свайго пастаўленага сьвятара, бацюшка мае "дармовы" дом для сябе і свае сям'і, і ён мае вялікі агарод і гэтак вялікі кусок зямлі ўпраўнае, меранае многімі гэктарамі.

Усё, што бацюшку астаецца, маючы эканамічнае абесьпячэньне, гэта выйсьці з пачуцьцём адказнасьці на спатканьне сьвятое царквы.

Я бачыў вялікую пустэчу, у якой народ жыў. Ня было там ніякага павязаньня інтарэсаў паміж простым добрым чалавекам і тымі, каторыя кіравалі ім або былі болей асьвечанымі ад яго: эксплёатацыя, канспірацыя супроць слабейшага, ашукваньне і паглыбляньне рову паміж аднымі і другімі - гэта характэрныя рысы пустэчы. I ня было нікога, хто хацеў-бы заступіцца за чалавека там, дзе гэтак яскрава выступала несправядлівасьць.

Аднойчы я адведаў у Вайнілаўцах Івана Вераб'я. Сям'я Вераб'я - гэта муж, жонка і трое дзяцей у веку 15, 12 і 6 гадоў. 3 натуры ён пагодны, любіць гаварыць з чалавекам і сьмяяцца там, дзе гэтага вымагае характар размовы. Сягоньня пры сустрэчы зь ім я спасьцерагаю, што ён мае захмураны твар і ня шмат гаворкі.

-Што ў вас на сэрцы, браце Верабей? - запытаў я яго. - Нешта вы сягоньня пахмурны?

Не адразу адказаў ён, быццам думаючы пра нешта. Ставячы падобнае пытаньне, я звычайна праяўляю асьцярожнасьць, бо як-бы там ні было, шляхі нашага жыцьця прыпадкава зыходзяцца. Але ведаю, што калі ён што-небудзь мае на сэрцы, ён ня будзе хавацца перада мною. Пасьля паўзы ён азваўся.

- Ну, калі вы ўжо, брат Пятроўскі, пытаецеся, дык я раскажу вам нешта. - Тут ён зрабіў даўжэйшую паўзу, быццам затрымліваючыся над тым, з чаго пачаць, і працягваў далей.

- Бачыце, мой Ніканор і Маня працуюць у маёнтку Вайнілаўцы. Працуюць цэлы дзень са сваімі харчамі. I за гэтакі дзень працы яны атрымліваюць па дваццаць пяць грашоў.

Я быў ашарашаным, чуючы што ён кажа і, хочучы быць чалавекам места і ведаючы трохі болей за яго ў гэтых справах, у абурэньні я сказаў яму:

- Дык гэта-ж ня мае ніякага сэнсу. Яны-ж бо зьядуць болей, чымся заробяць!

На гэта Верабей, на якога мае словы не зрабілі большага ўражаньня, проста і гэтак наіўна, як толькі наіўным добры чалавек можа быць, адказаў:

- Брат Пятроўскі, то яны так і так мусяць есьці.

Я быў зьдзіўлены ягоным простым адказам, у якім цяперака бачу сэнс. I тут у мяне вырысоўваўся вобраз, што гэтак, як ён тут, я - там, мы абыдвое знаходзімся ў палажэньні, зь якога нямашака выхаду. Ён нічога ня можа зрабіць і я, ягоны пастар, каторы павінен стаяць на стражы эканамічнае справядлівасьці, гэтаксама не магу яму ні ў чым быць памочным. Пра гэтакую рэч я нават ня маю права паведаміць свайго супэрынтэндэнта, бо ён мне можа адказаць з дакорам, што я ўмешваюся не ў свае рэчы. I ня толькі "можа", падобны выпадак дазнаў я аднойчы ў гутарцы з супэрытэндэнтам Чэмбэрсам.

- Дый гэта яшчэ ня ўсё, - пасьля даўжэйшае паўзы адазваўся Верабей. - Бачыце, пан, плоцячы дзецям па дваццаць пяць грошаў на дзень, не дае яшчэ ім грошы на рукі. Ён дае ім паперку напісаную, і з гэтаю паперкаю дзеці маюць ісьці ў Дзярэчын да Віняцкага і там, у Віняцкага на падставе гэтае паперкі купіць тое, што купіць яны хочуць. Во, вось, - скончыў Верабей з выражэньнем твару, быццам хацеў сказаць: і што вы на гэта.

На гэта я адказаў яму толькі маўчаньнем. У маім маўчаньні я чуўся глыбака асаромленым. Я прысьвячаю маё жыцьцё справе Эвангеля. Я адумысна прыяжджаю сюды, каб апавяшчаць людзям добрую вестку. Але цяперака, калі чалавек стаіць перада мною з зусім паважнаю справаю для яго і мяне, я ня маю што сказаць яму. Я ня маю права ў царкве вынесьці гэтакую справу і паставіць яе на парадак дзенны, перад зграмаджэньнем царквы, перад маім япіскапам. І я ня маю сілы маральнае ці якое-небудзь іншае, каб сказаць, (што я чуў у сваім жыцьці неаднакратна): "Пацярпі, браце Верабей, Бог усё аддасьць на там-тым сьвеце". Я яму гэтага не сказаў, бо гэтак, як у мяне на дне душы, гэтак і ў яго падобныя словы выклічуць толькі горкую грымасу на твары, пры адначасным складзе пальцаў рукі ў моцны кулак, чакаючы на хвіліну помсты, якая ўздымаецца пад неба.

Хаім Віняцкі - рослы прыгожы мужчына, магчыма ў сярэдзіне сваіх трыццатых гадоў, і ягоная жонка яшчэ болей прыгажэйшая за яго, і іхны рослы сын гадоў трынаццаць, прыгожы, як і ягоныя бацькі апрануты, адыстар як бацька, - мае манаполь на ўсе тавары ў Дзярэчыне.

Матэрыяльна добра абясьпечаны, незразумелым ёсьць, чаму Віняцкі пайшоў на згавор з абшарнікам супроць селяніна і бедных сялянскіх дзяцей. Нажыва? Здаровы рассудак выразна паказвае на тое, што падобнага роду практыка ня спрычыніцца да лепшых суадносінаў паміж дзьвюма супольнасьцямі.

Цяперака, калі я пішу гэтыя словы, прыпамінаецца мне тое, што аднойчы хлапцы з Алексічаў расказвалі мне. Яны казалі, што працавалі ў жыдоў і вазілі на сваіх фурманках збожжа ў Слонім і здавалі фірме, якая ў большых колькасьцях перасылала зярно далей.

Хлапцы з часам пазналі, што гэткі гандаль ёсьць вельмі просты, і што яны самыя могуць купляць і прадаваць сваё збожжа. Тут на месцы трэба купіць ад сялян зярно і пасьля купленае завесьці ў Слонім, і атрымаць за яго грошы з заработкам. Гэта ўсё.

Затым пастанавілі яны пачаць свой уласны гандаль і з гэтаю мэтаю мелі купіць кусок зямлі, паложанае паміж Дзярэчынам і Алексічамі, каб гэткім спосабам быць першымі ў пераймах сялянскіх фурманак, што вязуць на продаж пераважна жыта ў Дзярэчын. Калі дзярэчынскія жыды даведаліся пра замеры беларускіх хлапцоў, яны зараз-жа перахапілі гэтую зямлю і гэткім спосабам спараліжавалі беларускую ініцыятыву.

З пункту гледжаньня рэлігійна-царкоўнага, беларускі народ зьяўляецца сіратаю.

Вельмі магчыма, што падобнага роду сьцьверджаньне некаторыя прадстаўнікі, схільныя думаць царкоўнымі катагорыямі, будуць чытаць са зьдзіўленьнем, тым ня меней, утрымліваньне падобнага пагляду ня мінаецца з праўдаю. Ужо сам характар выражэньняў, якія ўсё яшчэ астаюцца ў нашай памяці, як "руская вера" або "польская вера" прамаўляюць самыя за сябе. Да падобнага цьвержаньня, тут-жа, павінен быць дададзены камэнтар.

Царкву народ мае. Дый сам народ, паводля эвангельскіх катэгорыяў, зьяўляецца царквою. Але ў дадзеным выпадку, калі ідзе гутарка пра беларускую царкву, тады народ яе ня мае. Бо ўва ўсіх важных і важнейшых справах, якія беларускі народ можа мець, вырашэньне знаходзіцца па-за межамі нашае Бацькаўшчыны. I падобнае зьявішча напатыкаюць усе ведамыя мне сягоньня цэрквы: Праваслаўная, Каталіцкая, Баптыстычная і Мэтадыстычная, Вуніяцкая...

Калі ідзе пра структуру ў мэтадыстычнай царкве, беларускі пастыр у сваей існасьці раздвоены. З аднаго боку ён можа быць перакананым, што праводзіць на месцы беларускую працу. Але гэта толькі на першы пагляд. Бо, з другога боку - у васнаўным ён зьяўляецца сябрам Гадавое Польскае Канфэрэнцыі з сялібаю, як звычайне, у Варшаве. Фармальна можна ўважаць, што фінансава ўтрымлівае яго гэтая самая Канфэрэнцыя, якая ўтрымлівае ўвесь клір, распадзелены па ўсей Польшчы. I гэтая самая канфэрэнцыя, звычайна, пад старшынствам япіскапа, пераносіць дадзенага пастара кажныя чатыры гады да іншае царквы (конгрэгацыі). З польскага пункту гледжаньня нічога тут няма сваеасаблівага, але зь беларускага - так.

Бо што можа стацца: пасьля чатырох гадоў беларускі прапаведнік сярод беларускага насельніцтва пасьля нейкага часу можа быць перанесены Гадавою Канфэрэнцыяю на іншае поле працы, скажам, у Катавіцы, а на ягонае месца прыслаць не-беларуса, няведаючага беларускага народу, ягонае мовы і ягоных праблемаў або (няхочучага. -рэд.) браць пад увагу гэтыя праблемы.

У царкве рымска-каталіцкай на беларускіх землях калісьці адсутнасьць сьведамага беларускага кіруючага элемэнту прывяла ня толькі да выэліменаваньня беларускага характару царквы, але проста да заняпаду і руіны Вялікага Княства Літоўскага.

Праваслаўная царква заўсёды ў сілу супольнасьці веры, і ў вапрычонасьці ў эпоху разбору польска-літоўскіх земляў, сталася часткаю непадзельнаю расейскае праваслаўнае царквы. I характар гэты трывае па сягоньняшні дзень.

Як трэба разумець паняцьце "беларуская царква"? Я яго разумею і думаю разумець трэба толькі і выключна ў характары зьявішча, якое назіраем гэтак у нашых суседзьдзяў як і на шырокім сьвеце наагул.

Расейская царква, для прыкладу, зьяўляецца нацыянальнаю расейскаю царквою і служыць інтарэсам выключна расейскага народу. Польская царква, Рымска-каталіцкая, зьяўляецца царквою польскага народу, і, будучы гэтакай, служыць выключна інтэрэсам польскага народу. Летувіская каталіцкая царква зьяўляецца царквою Летувы і служыць толькі інтарэсам летувіскага народу. I г.д.

Цэрквы пратэстанцкія, напрыклад, у Злучаных Штатах, зьяўляюцца "нацыянальнымі" цэрквамі і, будучы гэткімі, якімі яны зьяўляюцца, бяз розьніцы, як яны фармальна могуць называцца, усе яны служаць інтарэсам свайго амэрыканскага народу. Трэба быць прысутным на мэтадыстычных, для прыкладу, галоўных зграмаджэньнях, каб вычуць іхную сілу і энэргію, якую яны ставяць на службу свайго народу з гатоўнасьцю пяяць сваю традыцыйную песьню "Як Хрыста жаўнеры, йдзеце сьмела ў бой!..."

Мы разумеем гэтыя і падобныя цэрквы, прыймаем гэта, як само сабою натуральнае зьявішча, і ніхто нікога ня зьбіраецца прасьледаваць за гэта ані караць. Выражаючы наш, беларускі пагляд адносна нашае беларускае царквы, я спадзяюся, што нашыя суседзі і прыяцелі дарыцімуць нас узаемным зразуменьнем з праяўленьнем далёкасягаючае талярантнасьці.

Заручыўшыся гэтакаю добразычлівасьцю добрых людзей і народаў, я ўздымаю пастулят арганізацыі гэтакае і ні чуць лепшае ці горшае Беларускае Царквы, якая будзе служыць інтарэсам беларускага народу.

У меру таго, як паглыбляецца беларуская сьведамасьць, узьнікае гэтаксама што-раз мацнейшы пастулят Беларускае Царквы. Беларускі матыў тут выступае на першы плян. Я прыпамінаю сягоньня словы Мар'яна Пяцюкевіча, каторы запрашаючы мяне на зграмаджэньне да мэтадыстых у Вільні, матываваў гэтае запрошаньне словамі: "Сьпяваюць там, брат, прыгожыя беларускія песьні". Бачыце, ён з перакананьня католік. Паводля каталіцкіх нормаў ён не павінен адведваць гэтакія зграмаджэньні. Але ягоны беларускі патрыётызм перамагае тут. Ён хоча перш бачыць беларускую царкву, а пасьля ўсё іншае. Гэтае самае пазьней я чуў з вуснаў рэдактара "Беларускае Крыніцы" [4] Яна Пазьняка. I гэтакую сьведамую ці падсьведамую прагу да беларускае царквы я спасьцерагаў пазьней сярод беларускіх баптыстых, асабліва моладзі, калі, працуючы ў Варшаве, адведваў іх на заходня-беларускіх землях. Яны што раз болей дамагаюцца беларускасьці ў Слове Божым, у пропаведзі. Яны хочуць мець сваю Беларускую Баптыстычную Царкву.

На эміграцыі сярод беларусоў я заўважыў тое самае.

Католікі беларускія дома і на эміграцыі дамагаліся свае беларускае каталіцкае царквы, але ўлады царкоўныя на версе ніколі не пайшлі на сустрэчу сваім беларускім вернікам. Беларускія католікі астаюцца і надалей сіратамі.

Адзіным вырашэньнем праблемы, як я бачу, - гэта царква пратэстанцкая. Простая яна ў сваей структуры і правох на існаваньне, паклікаў яе сам Закладчык яе - Ісус Хрыстос.

Перад тым, як прыйсьці да абгрунтаваньня падобнага роду канцэпцыі, трэба ўвайсьці ў галіну тэалёгіі, і паставіць пытаньне: Якія мэты ставіць перад сабою хрысьціянская царква наагул? Самым галоўным фактарам прысутнасьці гэтакае царквы, - гэта збаўленьне душы чалавека. Колькасьць збаўляючага элемэнту ў успомнутых цэрквах ёсьць тая самая - тэарэтычна і практычна. Сягоньня ўсе асьвечаныя людзі на сьвеце падобнага сьцьверджаньня ня будуць аспрэчваць.

I наш выбар у дадзеным выпадку можа быць падыктаваны выключна мамэнтам палітычным.

Я сабе ўяўляю: Беларуская пратэстанцкая царква. Ужо сам факт, што яна пратэстанцкая, яна, хоць і будзе знаходзіцца ў духовай супольнасьці з праваслаўнаю царквою ці каталіцкаю, але яна ў ніякім выпадку ня будзе фармальна і фактычна падпарадкаванаю рэлігійным цэнтрам па-за палітычнымі і этнаграфічнымі межамі. I будучы гэткаю, якою яна ёсьць, яна трымае цесную сувязь з Захадам, бо пратэстантызм - гэта Захад, Рэнэсанс, Рэфармацыя...

Ведама, справа ня ёсьць гэтак простаю, як простым ёсьць пісаньне пра гэтакія рэчы. Але яна ёсьць магчымаю. На нашых землях пратэстантызм пашыраўся і сягоньня пашыраецца.

Хто-небудзь можа запытаць, ці мае быць гэта мэтадызм? Мэтадызм - гэта ёсьць толькі слова, як кажнае іншае слова. I я мушу сказаць што я часта чуў ад нашых людзей, што ім гэтае імя ці слова не падабаецца. Тут ня ходзе пра слова, але пра зьмест. Зьмест? Які зьмест? - Хоць-бы зьмест Рэнэсансу, Рэфармацыі, Захаду. Ці малы гэта Зьмест?

Наша літаратура ўсё яшчэ сыціцца пратэстантызмам учарашняга дня. I гэта зразумела і натуральна.

Гальляш Ляўковіч калісьці пісаў да мяне (17.1.1939): "Для мяне і для цябе прыходзіць час вялікае місыі Хрыстовай на Беларусі - утварыць пачатак: Хрысьціянскае Беларускае Царквы, на асновах мэтадыстычных... Гэта будзе вялікае нашае і Божае дзела: словы чыстае навукі Хрыста пойдуць у народ... Гэта будзе Эвангельская Царква". Я прыводжу гэтыя словы як довад існаваньня ідэі стварэньня беларускае Царквы.

У сувязку з моваю пра незалежную беларускую нацыянальную царкву, я хачу прывесьці на ўспамін вельмі характэрнае зьявішча, як довад, які прамаўляе за зьдзейсьненьне пакліканьня да жыцьця гэтакае царквы.

Пасьля адбыцьця, дзіўнага ў сваім уяўленьні, вандраваньня з Варшавы па-праз Седльцы, Янаў Падляскі, Гайнаўку і прыбыцьця ў Вільню восеньню 1939 году, пралежаў я тыдзень часу ў ложаку.

На другі дзень майго недамаганьня прыбыла да мяне дэлегацыя з Сярэдняга Сяла у складзе, ведамых мне, двух людзей, пайманна, брата К-ка і брата Р-ка.

Двое іх сказалі, што яны прыбываюць да мяне як дэлегацыя ад імя нашых добрых людзей там, у Сярэднім Сяле. Слова, якое яны прынесьлі, было наступнага зьместу:

Людзі з Сярэдняга Сяла просяць мяне, каб я пераняў працу ў тамтэйшай царкве і перасяліўся ў Сярэдняе Сяло. Як спатканьне эканамічных патрэбаў пастара ў тамтэйшай царкве яны бяруць на сябе і заабавязваюцца плаціць гэтулькі сама, колькі плоціць польская царква.

Пачуўшы іхнае слова, я абрадаваўся вялікаю радасьцю. Гэта-ж бо і ёсьць тое, аб чым мы гаворым і да чаго імкнемся; гэта-ж якраз тое, што мне патрэбна: Мець свой пункт апору і пункт выхаду ў поле з плугам і сярпом.

Вестка дэлегацыі - гэта сьцьверджаньне вялікіх магчымасьцяў.

Я падзякаваў дэлегацыі за адбытае падарожжа, і адумысна падзякаваў празь іх усім тым нашым братом і сёстрам, каторыя праявілі сьвятую ініцыятыву і выправілі сюды дэлегацыю.

Мой адказ для іх быў, што я з удзячнасьцю прыймаю іхныя запросіны, і зараз, як толькі гэта магчымым будзе, адведаю ўсіх там. Аднак, - казаў я далей, - мы мусім крыху пачакаць, бо ўсё залежыць ад таго, як укладуцца палітычныя граніцы і дзе будзе знаходзіцца Вільня - места нашага цэнтру.

Ведама, мы пазналі дзень учарашні і перажывалі сягоньняшні, але заўтрашні дзень быў для нас зацягнуты гістарычным няведамым.

I я хачу кончыць: Што, калі-б гэтакі першапатак быў створаны і палітычныя ўмовы былі-б людзка-нармальнымі, мы, як Беларускі Пратэстантызм, маглі-б узьдзеяць, і Захад лічыўся-б з намі.

У Дзярэчыне меў я спасьцярогі, характэрныя для таго часу.

Першае, што выступае перад пастарам, каторы прыбывае сюды на працу - гэта сродкі камунікацыйныя ў лёкальным масштабе. Ён павінен мець свабоду руху на тэрыторыі, якая належыць да ягонага дыстрыкту. У дадзеным выпадку гутарка ідзе пра каня з возам, ровар ці, эвэнтуальна, самаход. У першую чаргу, без каня ня можна абыйсьціся, інакш ён станецца вязьнем мястэчка, ягоная праца будзе спараліжаванаю.

На маё пытаньне прысутнаму на месцы Пастару Грабінскаму, як справа маецца з канём, ён адказаў вельмі проста: -Гэта не бяда. Вася ўсё зробіць.

Вася, у дадзеным выпадку, быў Васіль Сончык, жыхар вёскі Алексічы, паложанае тут-жа каля мястэчка. Быў ён у маім веку, меў жонку і двое малых дзяцей - дачушку і хлапца.

Усюды, куды трэба было мне ехаць на працягу чатырох гадоў, ён вазіў мяне і заўсёды быў гатовы да выезду. Ён ніколі ня пытаўся заплаты, і я ніколі не ўсчынаў зь ім гутаркі на гэтую тэму. Гэта была свайго роду справа паміж Грабінскім (Варшава) і Васілём, бо, між іншым, абыдвое яны былі, як яны думалі, вялікімі знаўцамі коней і коньскага мастацтва. Палітычных тэмаў ніколі не ўсчынаў я, ані ён. У сваіх пропаведзях я ніколі не парушаў справаў, якія маглі ў той ці іншай меры адносіцца да палітыкі або да камунізму як гэткага, ці якое-небудзь арганізацыі ў васяродзьдзі гэтае ідэалёгіі. Аднойчы ў часе зграмаджэньня ў Вайнілаўцах, - і гэта быў адзіны выпадак на працягу чатырох гадоў - чутны былі знадворку нейкія галасы, як пасьля нехта з прысутных паінфармаваў, - гэта пратэст некаторых сялян супроць мяне.

Калі мы выходзілі з будынку, па дарозе да возу Сончык азваўся да мяне.

- Ня бойцеся, брат Пятроўскі.

Фактычна, я і не баяўся. Магчыма я і радаваўся-б, каб нарэшце беларускі селянін ці ўсе разам беларускія сяляне маглі выступіць супроць таго, што ім не падабаецца. Але будучыня чакае яшчэ на гэтакі зрух. Пры гэтым мяне зьдзівіла ня тое, што Сончык сказаў, як баржджэй тое, як ён сказаў. У ягоным тоне вычувалася, што ён у курсе справы і ведае нешта болей ад тых, што хочуць пратэставаць. I мяне тады наведала думка, што ён зьяўляецца членам КПЗБ. Але гэта толькі думка. I ў гэтым нічога новага было-б. У Беларускім інтэрнаце для дзяўчат у Вільні справы, якія ўсуадношваліся да КПЗБ, былі бадай-што штодзённым зьявішчам.

У між часе другі выпадак займеў месца з тым самым для мяне ўражаньнем. Аднойчы, калі выехалі мы зь мястэчка і былі пагружаны ў нейкай гутарцы, Сончык зьнічэўку паставіў мне пытаньне:

- Брат Пятроўскі, скажэце, чаму гэта, калі сонца зранку ўзыходзіць, яно большым ёсьць?

Мне чамусьці здалося, што нехта загадаў яму паставіць мне гэтае пытаньне.

Будучы ў дарозе ў вабставінах простага сродка камунікацыі і, маючы гутарку, як дагэтуль, на самыя простыя штодзённыя тэмы, я чуўся заскочаным спачатку, чуючы падобнае пытаньне, якое мае адарваць маю ўвагу ад дадзенае сцэнарыі і перенесьці ў галіну фізычнага сьвету. Падумаўшы крыху, я сказаў:

- Вы пытаецеся, чаму сонца большым ёсьць, калі яно ўзыходзіць. Бачыце, з пункту гледжаньня таго, што людзям навукі ведамым ёсьць пра сонца, і, кажучы вельмі проста, сонца ёсьць зоркаю, і яно ніколі ня бывае ані большым, ані меншым. Яно заўсёды ёсьць тым, чым яно ёсьць што да свае ёмістасьці. Усё, пра што можна тут пытацца, дык гэта, чаму сонца здаецца нам большым пры сваім узыходзе. Падобнае зьявішча назіраем і пры захадзе сонца, і меншым, а поўдні, калі стаіць бадай-што над намі. I большым яно нам здаецца, у двух успомнутых выпадках з прычыны гэтак званае атмасфэры або паветра, якое знаходзіцца ўсюды навакол нашае зямлі і ў залежнасьці таго кута, пад якім мы глядзімо праз паветра на сонца. Калі-б я меў цяперака кусок паперы і алавік, нарысаваў-бы вам вобраз, чаму рэчы здаюцца нам у падобных выпадках.

Выслухаўшы моўчкі, ён нічога не сказаў.

Некалькі дзён перад маім выездам з Дзярэчына разыйшлася чутка, што лёкальная паліцыя арыштавала Сончыка на нейкім тайным сходзе актыву КПЗБ.

У тым часе беларуская вёска ў Заходняй Беларусі жыла сваім утоеным палітычным жыцьцём, чакаючы зьменаў на лепшае. Цяжкія перажываньні ваенныя і ня меншы ў сваёй жудасьці доўгі пэрыяд пасьляваенны цяжылі псыхалягічна на людзях і з часам што раз болей і болей пэсымістычныя настроі пачалі выціскаць аптымістычныя. Што найменей гэтакае ўражаньне атрымліваецца пры чытаньні лістоў, надыходзячых ад людзей, што жывуць на ўсходнім баку жалезнае заслоны.

Заўвагі:

1. Зьвесткі, надасланыя аўтару Леўчыкам з Варшавы ў І935 г. (Kurjer Codzienny, № 111, 20, IV, 1935)

2. Я Вам дам поўху! (польск.)

3. Цывільны ўрадовец (польск.)

4. Газэта, орган Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі (БХД). Пад такой назвай выдавалася ў Вільні (1925 - 1939).


Пятроўскі Я. Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтрасьпэкце (1905-1945). - Кн. 1. - Слуцак-Гэйнсвільл, 1988. - С. 128-149.

<зьмест>




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: