|
Скрыгат у машыне
Ян Пятроўскі
Мая наррацыя тут пачынаецца з пэрыяду перадваеннага. Фактычна - гэта фантазыя. Гэта значыць, што яна была-б фантазыяю, калі-б ня тое, што яе можна назваць казкаю. Але гэта ня ёсьць і казка, бо яна ўзята з самага запраўднага жыцьця. Яна ёсьць жыцьцёваю рэчаіснасьцю. Гэтак, як і Хведар Дастаеўскі, гэты разумны беларус, каторы пісаў па-расейску, казаў: нічога не выдумляйце, бярэце ўсё з жыцьця. Жыцьцё ёсьць поўнае зьместу.
Быў год 1937. Польская Гадавая Канфэрэнцыя або XVI Місыйная Канфэрэнцыя Паўдзённае Эпіскапальнае Мэтадыстычнае Царквы ў Польшчы мела месца ў Катавіцах у месяцы ліпені.
Раніцаю першага дня Канфэрэнцыі, прыблізна поўгадзіны перад адкрыцьцем сэсыі, сядзеў я ў трэйцім радзе крэслаў, зарэзарваваных для сяброў і дэлегатаў Канфэрэнцыі. Пастар Аляксандар Стэфанюк зьблізіўся да мяне і сказаў:
- Слухай Пятроўскі, ці не хацеў-бы ты кандыдаваць на сакратара Канфэрэнцыі? Чаму мае стары Косьмідэрскі сядзець там усё сваё жыцьцё!
Натуральна, я магу згадзіцца кандыдаваць, але не згаджаюся што да пачутых матываў. Выступаць супроць чалавека толькі затым, што ён пастарэў - гэта дыскрымінацыя. Праўда, усе маладыя людзі хварэюць на гэтую самую хваробу - ім здаецца, што гэтак ужо ўладжаны сьвет: усе людзі падзелены на маладых і старых. Праўда тут крыецца ў тым, што ў тым часе, калі старэйшыя людзі старэюцца, дык адначасна старэецца ўсё іншае арганічнае на сьвеце, уключна з маладымі людзьмі. Нічога тут няма з таго, што можна было-б назваць статыкаю. Усё знаходзіцца ў руху. Ніхто не мінае свае чарговасьці. 'Маладыя людзі гэтага не спасьцерагаюць гэтак, як не спасьцерагаюць яны вартасьці іхнае маладосьці. Звычайна, гэтае апошняе спасьцерагаюць некаторыя зь іх пазьней у сваім жыцьці, калі ўжо за позна што-небудзь паправіць.
Ідэя кандыдаваць на становішча сакратара Канфэрэнцыі ніколі ня прыходзіла мне на думку. Але цяперака, чуючы прапанову ад чалавека, каторага ўся дзейнасьць, здаецца, у Царкве заключалася ў тым, каб знаходзіцца ў васяродзьдзі верху, кіруючага царквою, тварыла ўражаньне, што за ім стаяць адзінкі з вышэйшае гіерархіі і плянава ўжываюць яго, як прыладу.
Хутка я ўзважваю гэтакую магчымасьць. З аднаго боку, было гэта цікавым для мяне, як спроба адоленьня абавязкаў сакратара, што да якіх я ня меў большае практыкі. Прысутнічаць на канфэрэнцыях, пісаць пратаколы і ўсё іншае - няведамае мне. З другога боку, з пункту гледжаньня Царквы, маладыя людзі заўсёды зьяўляюцца пажаданым элемэнтам. Кажны актыўны працаўнік у той ці іншай інстытуцыі павінен ведаць аб гэтым і ніколі не забываць, што моладзь - гэта будучыня інстытуцыі. I тое, што сказана тут пра царкву, можа быць сказаным у ваднясеньні да кажнае арганізацыі наагул.
Гэтак разважаючы, я згадзіўся кандыдаваць.
- Я пайду гаварыць аб гэтым з нашымі людзьмі, - сказаў Стэфанюк і пайшоў.
Адхілемся цяперака крыху ад нашае тэмы.
Аляксандра Стэфанюка я ведаў ад часу майго прыбыцьця ў Клярысэў пад Варшаваю. У гэтым часе, як гэта казалася тады, быў ён старшым студэнтам у Біблійнай школе. Заўсёды акуратна апрануты, прычэсаны, прыгожы малады чалавек, сымпатычны, з глыбокім сэнсам гумару, інтэлігэнтны. Усе паважалі яго, жанчыны, мужчыны. Асабліва я памятаю яго з часу першага школьнага году. Тады кажнае раніцы хто-небудзь са студэнтаў старшае клясы вёў малітву, перад якою заўсёды чытаўся адпаведны вэрсэт з Божага Слова. Стэфанюк зьявіўся, як заўсёды, чыста апранутым і сьвежа прычэсаным і пачаў паволі чытаць, чынячы між словамі перапынкі:
-Марнасьць марнасьцяў, кажа прапаведнік, марнасьць марнасьцяў, усё марнасьць. Амін. Ойча наш, Каторы ёсьць у нябёсах, няхай сьвяціцца імя Тваё ... - і ўсе прысутныя паўтаралі.
Ён ужываў добрую польскую мову, і я ніколі ня чуў зь ягоных вуснаў якое-небудзь беларускае слова. Аднак сьведамасьць свайго беларускага паходжаньня ніколі яго не пакідала. Яшчэ перад маім прыбыцьцем у Клярысэў, Стэфанюк ведаў, што я беларус.
Паводля ягоных словаў, паходзіў ён зь Беласточчыны. Бацькі ягоныя ня жылі. Меў недзе на вёсцы дзядзьку, з каторым судзіўся за нейкіх пару гэктараў зямлі. Здаецца, лёкальны суд ніколі яму нічога не прысудзіў.
Заканчэньне Першае сусьветнае вайны, страты ў насельніцтве, расьцярушаньне сем'яў, зарганізаваная пасьляваенная помач, зьява мэтадызму ў нашым сьвеце, рэгэнэрацыя беларускае думкі ў кірунку палітычнае самастойнасьці, выступленьне наперад беларускага палітычнага кіраўніцтва - усё гэта разам тварыла сабою камплекс у працэсе ўзьніканьня новае рэчаіснасьці ў нас.
Трэба меркаваць, што ў дваццатых гадох, зараз пасьля заканчэньня Першае сусьветнае вайны, Алесь, як малы хлапец, апынуўся ў васяродзьдзі наскрозь польскім. У гэтым часе, як ведама, была ўзьнята Амэрыкаю на шырокую скалю помач тым, хто пацярпеў у вайне. Як Стэфанюк мог трапіць у засяг гэтае помачы, можна толькі здагадвацца.
Частку акцыі помачы з Амэрыкі выконвала Паўдзённа-Эпіскапальная Мэтадыстычная Царква. Пры гэтым, і гэта натуральна, праводзіліся тут і там зграмаджэньні рэлігійнага характару, каторыя пазьней зьіначваліся паступова ў рэгулярныя "Божыя службы". Тут ляжаць першапрычыны і пачаткі гісторыі Польскае Мэтадыстычнае Царквы ў Польшчы.
Беларуская сьведамасьць, беларускі друк, беларускія арганізацыі, беларуская палітыка і беларускія палітыкі ў гэтым часе на восі Менск - Вільня былі ўжо шырака ведамыя.
Дасьпявала гэтаксама думка беларускае незалежнасьці, а ў сувязі зь ёю ўзьнікала пытаньне беларускае царквы. Палітыкі падыходзілі да пытаньня з палітычнага пункту гледжаньня. З гэтага пункту гледжаньня, як зацікаўленыя бачылі, справа прадстаўлялася болей чымся паважнаю (памінаючы справу збаўленьня душы). У тым часе (дый што казаць, нават сягоньня) быў ужо моцна закаранелы забабон, што католік - гэта паляк і, што праваслаўны - рускі чалавек. I, якколячы гэта дзіўна можа гучэць, пагляд-забабону падтрымлівалі ў нас на працягу стагодзьдзяў гэтак бязграматныя людзі па сёлах і вёсках, як і асьвечаныя, сярод інтэлігэнцыі, дыпляматаў, цароў і каралёў, гэтаксама ў сфэры камуністычнай ці капіталістычнай. Гэта быў Якуб Колас, каторы першы трапна ахарактэрызаваў гэты стан рэчаў сярод нас, называючы яго пракляцьцем.
Палітыкі, каторыя шукалі цяперака разьвязкі гэтага пытаньня, прыходзілі да перакананьня, што з каталіцызмам немагчыма беларускаму народу знайсьці супольнага слова. Вывад гэтакі яны бачылі ў тым, што паміж Ватыканам і Варшаваю існуе цесная гістарычная сувязь. З пункту гледжаньня польскага кіраўніцтва, гэтакі стан зьяўляецца найлепшым, бо ён цэмэнтуе неразарвальна польскі народ. У Ватыкане гэтаксама глядзяць на Польшчу і бачаць яе, як моцны слуп іхных інтарэсаў. З гэтае прачыны ў Ватыкане ніколі не згаджаліся, каб коштам інтарэсаў каталіцкае Польшчы і гэтаксама ватыканскіх узьнікаў нейкі малаведамы беларускі камплекс. Там ніколі не згаджаліся, і можна зарызыкаваць цьверджаньне, што ня згодзяцца, у падобных абставінах, і ў будучыні, каб тут-жа пад бокам арцыкаталіцкае Польшчы тварыць беларускі каталіцкі касьцёл. Нават сама думка аб гэтым выклікае сьмех у іх. Фактаў з часу нараджэньня вуніяцтва і з дваццатых гадоў нашага стагодзьдзя, пацьвярджаючых гэты пункт гледжаньня, гісторыя пакінула для нас болей, чымся патрэбна. Дый у нашых днях на эміграцыі, як і ў краю, цюцечка ў цюцечку, адбываецца тое самае, што было раней у нас на Бацькаўшчыне.
У Праваслаўнай Царкве ў нас, як думалі палітыкі, адбываецца прыблізна тое самае. Патрыярхі з чыста сваіх палітычных меркаваньняў, а часта і эканамічных, на праваслаўную Расею глядзяць як на свайго роду моцнага саюзьніка, і ў гэтым стане рэчаў ня пойдуць фармальна на помач беларускаму народу.
У сьвятле падобных разважаньняў некаторым беларускім палітычным дзеячом, асабліва болей уніклівым зь іх, пратэстанцкі фактар выдаваўся найболей адпаведным.
Перад усім, думалі яны, у пратэстантызьме адпадаюць усе тыя фармальнасьці, якія вяжуць чалавека ў старацаркоўных арганізацыях. Тут ёсьць болей духовае свабоды. Пратэстантызм якраз і называецца пратэстантызмам затым, што людзі старацаркоўныя выступілі супроць гэтых фармальнасьцяў. Калісьці, з гісторыі ведама, калі Хрыстос навучаў, была створана адна форма - форма свабоды. З часам форма гэтая пад уплывам лічных нэгатыўных фактараў здэфармавалася. Затым думаючыя людзі ў пару Рэнэсансу імкнуліся зрэфармаваць або паправіць ці вярнуць папярэднюю форму ў Царкве. Згэтуль і назоў узяўся - Пратэстантызм, Рэфармацыя. Гэтак, у вагульным абрысаваньні, бегла думка адказнога палітычнага беларускага чыньніка ў тым часе.
Гэта быў найболей рацыянальны спосаб думаньня. Мы часта гаворым пра Захад, кіруем свой зрок туды і спадзеямося на яго ў прадмеце адзысканьня нашых правоў. Але што гэта такое Захад? Захад - гэта Пратэстантызм. Ну, ну! хто-небудзь тут скажа. Гэта так, але і ня так! А Рым? гэта што, не Захад? - Ведама, што Рым - Захад. Затым-бо ён і ёсьць Захад, што ў васнову свайго існаваньня кладзе ня дух Ватыкану, але дух Рэнэсансу, які гэтаксама тут пачынаўся. Дый нават на нашым Усходзе, колькі-б мы не пакліквалі да жыцьця новых ідэяў, але калі яны ў васнове сваёй ня будуць мець духу Рэнэсансу, Рэфармацыі - што роўназначным ёсьць свабодам для людзкасьці - дык усе стараньні тут будуць кароткатрывалымі. Бо Гісторыя хацела толькі там, на Захадзе, у сваім часе раз і назаўсёды агаласіць для ўсяе людзкасьці ўсе свабоды і справядлівасьці. I сягоньня гэтыя свабоды гэтакімі самымі астаюцца сьвежымі і маладымі, і будуць гэтакімі назаўсёды.
Я перакананы, што калі нашае нацыянальнае збаўленьне калі-небудзь прыйдзе - яно прыйдзе з Захаду. Народ расейскі ў сваей цэласьці духова за маладым ёсьць, каб праявіць вялікадушша ў прадмеце імкненьня беларускага народу да свае палітычнае волі.
Перад усім у пратэстанцкім фактары кіраўнікі нашага народу бачылі пазытыўную культурную сувязь паміж гістарычнаю Рэфармацыяю і Рэнэсансам з аднаго боку і нашаю сьветлаю мінуўшчынаю - з другога. Нашая адносна нядаўняя мінуўшчына, калі маем магчымасьць заглянуць у яе, пастарчае годны нас довад гэтага. Імёны, як Францішак Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і шмат іншых, прамаўляюць самі за сябе, творачы сабою культурную традыцыю беларускага народу.
Затым прадстаўнікі ўсяго перадавога ў нас зьвярнуліся да амэрыканскага мэтадыстычнага прадстаўніцтва з просьбаю духовае і матэрыяльнае помачы для нашага народу.
Гальяш Леўчык аднойчы ў Варшаве даў мне дакумэнт, агледжаны прыблізна дзесяцьцю подпісамі, са словамі: "Ты, браток, хавай гэты дакумэнт, ён патрэбны будзе калісьці". Наколькі я сягоньня памятаю, былі там подпісы Гальяша Ляўковіча, Крынчыка, Уласава і іншых. Але хто гэтыя іншыя? Вельмі магчыма быў там подпіс Бурсэвіча, Рагулі, Тарашкевіча, Янкі Станкевіча... Зьмест дакумэнту гаварыў, што ніжэйпадпісаныя просяць амэрыканскіх мэтадыстых прыйсьці з помаччу беларускаму насельніцтву, што жыве ў межах Польшчы.
Нажаль, дакумэнт гэты прапаў з маею бібліятэкаю, якую Гэстапо сканфіскавала ў часе мінулае вайны. Ці ўдасца калі-небудзь знайсьці гэты дакумэнт, ці не, ён заўсёды будзе важным паказчыкам голасу і волі ў імкненьні беларускага народу ў напрамку Захаду.
Просьба іхная была прынята.
У часе, калі сярод беларусаў пачала дасьпеваць ідэя друку на беларускай мове Новага Запавету ў дваццатых гадох нашага стагодзьдзя, выступае гэтаксама гістарычны дакумэнт, які Эдмунд Чэмбэрс пераказвае Брытанскаму і Замежнаму Біблійнаму Таварыству ў Лёндане (Англія). Дакумэнт датаваны 10 сакавіком 1926 г. і адносіцца да справы эвангельскіх друкаў на літоўскай (беларускай) мове. У ім чытаем (пераклад з ангельскае мовы):
"Мы, ніжэйпадпісаныя, прадстаўнікі беларускага народу, хацелі-б зьвярнуць Вашую ўвагу на вялікую і безадкладную патрэбу нашага народу у прадмеце атрыманьня кнігаў Сьвятога Пісаньня на нашай уласнай мове ... Беларускі народ у Польшчы і Расеі выражаецца лікам дванаццаці мільёнаў. Будзіцца сярод народу вялікая цяга да пазнаньня эвангельскіх праўдаў. Затым мы зьвяртаемся да Брытанскага і Замежнага Біблійнага Таварыства з просьбаю прадпрыняць вялікае заданьне, якое распасьціраецца на працу перакладу цэлае Бібліі на беларускую мову" [1].
Подпісы, як далёка магчымым ёсьць прачытаць іх, рэпрэзэнтуюць сабою беларускіх мэтадыстых і іхных сымпатыкаў на восі Слонім - Радашкавічы. Тут знаходзіцца подпіс Гальяша Леўчык-Ляўковіча, калішняга выдаўцы літаратурнага часопісу "Наша Ніва" Аляксея Ўласава [2], каторы ў тым часе быў беларускім Сэнатарам у Польскім Сэнаце, Ф. Стаськевіча, дырэктара беларускае гімназыі ў Радашкавічах; тут знаходзіцца подпіс прафэсара і рэдактара, які трудна адчытаць.
Як вынік гэтага, пры помачы амэрыканскіх мэтадыстых былі пакліканы да жыцьця інтэрнаты для беларускае моладзі і, пасрэдна, - школы. Выдавалася беларуская пратэстантская літаратура. Усюды там, дзе народ сабе гэтага жадаў, арганізаваліся беларускія конгрэгацыі. На чале гэтага руху стаяў многім з нас ведамы Джон Вітт, швэд з паходжаньня. Пасьля прыбыцьця майго ў Клярысэў спасьцярог я маладую жонку аднаго з выкладчыкаў тамтэйшае гімназыі. Імя гэтае маладзіцы было Тамара. Пра яе хадзіла чутка, што яна зьяўляецца плямяніцаю ведамага ў тыя часы беларускага сэнатара Ўласава.
Скуль беларуская дзяўчына, і як трапіла яна ў мэтадыстычнае асяродзьдзе? Я здагадваюся, што і яна, як і Алесь Стэфанюк, магчыма была перш у сірацінцу мэтадыстычным, а пазьней, дзякуючы сваім здольнасьцям, была прынятаю ў клярысэўскую гімназыю. Гімназыі яна, праўдападобна, ня кончыла, бо хутка пасваталі да яе аднаго з вучыцялёў, і гэтак сталася яна замужняю. Яна была прыгажуняю і век між імі быў у прапорцыі 1:2. Ніхто ніколі яе ня бачыў, каб яна ішла адна, заўсёды зь ім, трымаючыся пад руку. Абое былі высокага росту.
Я думаю, што сэнатар польскага Сэнату мусіў ведаць пра акцыю помачы мэтадыстых. Гальяш Леўчык, каторы стала прабываў у Варшаве, гэтаксама быў паінфармаваным аб гэтым.
Як водгульле гэтае харытатыўнае акцыі ў Польшчы быў хутка створаны сірацінец у Овчарках, паложаных у заходняй частцы краю. Усё паказвае на тое, што Алесь і Тамара былі памешчаны ў гэты самы сірацінец. Як у кажнай падобнай інстытуцыі дзеці клясыфікаваліся паводля сваіх здольнасьцяў. Пра гэта і Мр. Эдмунд Чэмбэрс успамінае ў сваей працы п.т. "Z DZIEOW RUCHU METODYSTYCZNEGO W POLSCE" (Варшава, 1948, б. 22). Стэфанюк, можна здагадвацца, зьвярнуў на сябе ўвагу кіраўніцтва сірацінцам і быў прыняты ў гімназыю ў Клярысэве, якая ў гэтым часе арганізавалася. Мэта гімназыі - заспакаеньне духова-інтэлектуальных патрэбаў царквы на будучыню ў Польшчы.
Капітан Эдмунд Чэмбэрс у сваім вышэйуспомнутым нарысе (б. 22) сярод іншага гаворыць пра пачаткі конгрэгацыі ў Варшаве і кажа: "Сярод першых нашых прыяцеляў тутака выбіўся доўгалетні дырэктар гаспадарсьцьвенае гімназыі ў Львове Уладыслаў Дропёўскі. Запазнаўся ён перш з кап. Гамблем і прасіў яго заапекавацца некаторымі занядбанымі сіратамі. Пасьля неабходнага выэкзамінаваньня, прынята іх у гімназыю ў Клярысэве". Дырэктарам гімназыі быў Уладыслаў Дропёўскі. У гэтым часе ў гэтай гімназыі вучылася гэтаксама і дачка дырэктара Ганна. Затым, што Алесь вызначаўся сваім даўціпам і кемнасьцю, хутка стаўся ён аб'ектам сымпатыі ўсіх у школе і асабліва добра бачаным у сям'і Дропёўскіх, якая жыла ўжо ў Клярысэве. Сям'я Дропёўскіх складалася з трох чалавек - бацькі, маці і дачкі. Натуральна, Алесь быў частым госьцем у сям'і і калегаваў з аднашкольніцаю Ганяю. Было-б зусім натуральным, калі-б маладая школьная пара сталася жанімствам. Аднак гэтаму на перашкодзе станяў багаты ўхажор амэрыканец Гаідэр П. Ворфільд, а Алесь, хоць і быў равесьнікам дзяўчыны, але бедным.
Хутка стаўся частым наведвальнікам сям'і Дропёўскіх і Міхал Косьмідэрскі з жонкаю. Вышэйшага ўзросту, хударлявы з жылястымі доўгімі рукамі, Косьмідэрскі нагадваў сабою баржджэй фільмовы характар, Франкэнштайна, чымся ласкавага і ветлівага пастара. У гэтую сям'ю неўзабаве ўвайшоў і Пастар Гаідэр П. Ворфільд, каторы заляцаўся да Гані і крыху пазьней узяў яе сабе за жонку.
З гэтае пары Ворфільд стаецца зяцем для пана Дропёўскага, і Дропёўскі для Ворфільда - цесьцям. Гэтак Ворфільд ўвайшоў у сям'ю, якую ачольваў інтэлігэнтны, культурны чалавек праўдзівае эрудыцыі з традыцыямі і старапольскімі звычаямі. Прабываючы цяперака ў блізкім для сябе культурным асяродзьдзі, Ворфільд узбагаціўся нямецкаю моваю, францускаю, польскаю, лацінскаю, старажытна-грэцкаю і нават лепшаю літаратурна-ангельскаю моваю. У выпадках урадавых зносінаў ён мае наўзорную польскую літаратурную мову; калі піша ён да мяне ў Нямеччыну, ягоная нямецкая мова ёсьць абсалютна вытрыманаю. Ёсьць гэта для яго вялікая прывілея і дапамога. Але, як усе прывілеі, гэтак і ў дадзеным выпадку, яна вяжацца з гэтакаю-ж і адказнасьцю. Затым кажная хіба Ворфільда будзе хібаю і сям'і Дропёўскіх.
Гэтым стварылася цела ў Царкве, якое праз усе гады мае прысутнасьці будзе складацца з чатырох палякаў і аднаго амэрыканца. Амэрыканец будзе Пастарам, Місыянерам, акруговым Супэрынтэндэнтам, адміністратарам і адначасна праваю рукою Япіскапа, каторы стала прабывае ў Злучаных Штатах.
Роўналеглы з амэрыканцам у сваёй працы і годнасьці быў і Эдмунд Чэмбэрс, англік з канадыйскім грамадзянствам, каторы любіў, калі яго тытулавалі Капітанам. Чэмбэрс аднак, ня гледзячы. што меў сваю сям'ю, жыў сваім уласным "кавалерскім" жыцьцём і ў васяродзьдзі кляну Дропёўскіх рэдка прабываў. З 1931/32 году, калі Чэмбэрс інтэрвэніяваў у Нэшвіль, Тэннэссі, з прычыны прэрогатываў Ворфільда, з гэтае прычыны суадносіны паміж імі астылі. З гэтага часу ўплывы Чэмбэрса на бег царкоўных справаў змалелі.
Аляксандар Стэфанюк стала прабываў у васяродзьдзі сваяцтва і знаёмых гаспадарства Дропёўскіх. Ягоная страта для Канфэрэнцыі неадшкадаванаю ёсьць. Але дашукацца прычынаў гэтага не зьяўляецца рэчаю лёгкаю. Яна вяжацца з характарамі, якія любілі прыгожасьць пышнага жыцьця, гонары без асабістае адказнасьці, свабоду, якое яны не разумелі, і гэтым адчынілі шлях для юнака, які вёў да непаразумленьняў, шкодных для дюдзей і для царкоўнае цэласьці.
Вярнемся цяперака ў залю Канфэрэнцыі.
Прыблізна 15 мінютаў пазьней Япіскап Др. Артур Дж. Моор адчыніў першую сэсыю Канфэрэнцыі. Побач яго за сталом сядзеў сакратар Канфэрэнцыі - Пастар Міхал Косьмідэрскі. Як звычайна, першы пункт у павестцы дня быў выбар сакратара Гадавое Канфэрэнцыі. На просьбу Япіскапа, падаць імёны кандыдатаў, Стэфанюк назваў Яна Пятроўскага; нехта падаў Міхала Косьмідэрскага. Распачалося галасаваньне, у выніку якога два кандыдаты атрымалі роўна па 50% галасоў. У падобным выпадку Япіскап мог вырашыць вынік галасаваньня на карысьць аднаго з кандыдатаў, але ён астаўся нэўтральным. У наступным галасаваньні Ян Пятроўскі атрымаў на адзін голас болей. Калі рэзультат галасаваньня афіцыяльна быў пададзены да агульнага ведама, Міхал Косьмідэрскі ўстаў са свайго месца, і Ян Пятроўскі заняў яго.
А дзьвянаццатай гадзіне Япіскап зрабіў перапынак. Я вярнуўся да майго крэсла ў трэйцім радзе, каб забраць некаторыя паперы, пакінутыя там яшчэ рана. Стэфанюк ціха збліжыўся да мяне і гэтаксама ціха сказаў:
- Ясю, з гэтае пары ў васобе Косьмідэрскага ты будзеш мець сьмяротнага ворага, - і адышоў. Я не зьвярнуў на гэта большае ўвагі, ужо затым хоць-бы, што тое, што ён сказаў, ніяк ня можна сузьмясьціць з тым, дзе ён сказаў і пры якіх абставінах.
Ад даўжэйшага часу ўжо спасьцерагчы можна было, што між Олькам і бязьдзетнымі Косьмідэрскімі існуюць пэўныя непаразумленьні, быццам паміж бацькам і сынам. Фармальна ці нефармальна Косьмідэрскія адаптавалі Олька. Але што іхныя непаразуменьні абярнуліся аж у ненавісьць з агідаю, гэта для мяне было нешта зусім новае. Але новае ці старое - гэта ёсьць факт, праўда.
Ад гэтага часу мінула два гады.
Аднойчы, у часе Гадовае Канфэрэнцыі 1939 году, - не памятаю сягоньня пры якіх абставінах, - запрасіў я Міхала Косьмідэрскага да сябе на абед. Ён прыбыў у абазначаным часе. Гэта быў дзіўна-барбарскі абед. Між намі была вялікая расьпятасьць веку. Ён сядзеў, еў і маўчаў. Хочучы аб чым-небудзь гаварыць, я пачынаў тую ці іншую тэму, але Косьмідэрскі збываў мяне кароткім "не" або "так". Пасьля гэтакага спажыцьця абеду ён падаў думку выйсьці на балькон, дзе ён зможа, як ён казаў, выкурыць папяросу. На бальконе мы прабылі ў гутарцы гэтак многа часу, колькі патрэбна было на выкурэньне аднае папяросы.
Дзеля таго, што вайна ўжо вісела ў паветры, вывязалася гутарка адносна яе эвэнтуальнасьці. У бегу кароткае вымены думкі Косьмідэрскі азваўся:
- Браце Пятроўскі, - сказаў ён, - што вы думаеце, будуць беларусы супрацоўнічаць зь немцамі ў часе вайны?
Зусім не падазраючы яго ў злых намерах адносна мяне, я адказаў:
- Я ня маю падставаў гаварыць за іншых, але, магчыма, некаторыя будуць. Ведама нам з гісторыі, што бадай-што ў кажнай вайне заўсёды ёсьць гэтакія, што супрацоўнічаюць з ворагам.
Ён ня пытаўся мяне, ці я буду супрацоўнічаць зь немцамі. Бо, калі-б гэтак, дык адказ напэўна быў-бы нэгатыўны Дый ніхто гэтак добра ня ведаў мае паставы, занятае мною да нацысцкага рэжыму, як ён, Міхал Косьмідэрскі. Выдаючы на працягу дзесяці гадоў месячны часапіс "Сьветач Хрыстовае Навукі", каждаразова высылаўся экзэмпляр і ў рэдакцыю "Пельгжыма Польскага", - афіціяльнага воргану польскага мэтадызму, - рэдактарам якога апошніх пару гадоў быў сам Міхал Косьмідэрскі. Гэта быў ён, Міхал Косьмідэрскі, каторы ведаў, што ўсе прэсавыя камунікаты, выдаваныя ў тым коратка-перад-ваенным часе ЭВПОЛЬ'ем (Эвангелічная Польская Агэнцыя Прасовая), насычаныя былі анты-нацысцкім матэрыялам, і я друкаваў іх на бачынах "Сьветача Хрыстовае Навукі". (Дарэчы, за гэтую самую дзейнасьць і падобную, Эвангеліцка-Аўзбурскі [3] Япіскап Буршэ заплаціў сваею галавою ў Варшаве ў часе нямецкае акупацыі).
Але цяперака ён уважае за патрэбнае пытацца мяне, ці беларусы будуць супрацоўнічаць зь немцамі, каб гэтым стварыць загадзя ўплянаваную правакацыю перад нясьведамымі ў беларускай мове і ў беларускіх справах амэрыканцамі.
Дый ён сам у душы быў нацыянал-сацыялістым, але, каб схаваць сваё палітычнае аблічча, ён, брат у Хрысьце, ставіць беларусу пытаньне, што да якога ён думае, што апошні ня меціме, раней ці пазьней, вычуцьця мамэнту, абражаючага годнасьць гаспадара дому. Я мог-бы яго гэтаксама запытаць, ці будуць палякі супрацоўнічаць зь немцамі перад вайною і ў часе вайны. Калі Гітлер забіраў гвалтам Чэхаславацыю, а польскія патрыёты дамагаліся Заользя, ён-жаж, Косьмідэрскі, ня ставіў палякам гэтакага пытаньня. I далей: Калі 2 кастрычніка 1938 году ў часе, калі Чэхаславацыя перажывала цяжкія дні з прычыны гітляроўскае агрэсыі, а польскія жаўнеры забіралі левае ўзьбярэжжа ракі Ользы з прылеглымі да яго зямельнымі абшарамі, Косьмідэрскі ня пытаў, ці будуць палякі супрацоўнічаць зь немцамі. Дый чаму меў-бы пытаць, ці будуць палякі супрацоўнічаць зь немцамі. Дый чаму меў-бы ён пытаць, запраўды! Ніхто гэтак добра ня ведаў, як ён, Косьмідэрскі, што ў Польшчы тых дзён ужо існавала Польская Нацыянал-Сацыялістычная Партыя, якая ў сваей дзейнасьці ар'ентавалася на гітляроўскую Нямеччыну, шыльда, якую я сам бачыў на свае вочы, віднелася на доме ў Варшаве з эмблемаю партыі: выгнутае прадплечча пагражаючае рукі (каму?), нагадваючае сабою нямецкую нацыстоўскую свастыку!
Калі ягоная папяроса выкуранаю была да канца, Косьмідэрскі сказаў, што ён мусіць ісьці.
Ён устаў, і я правёў яго да дзьвярэй. Тут мы сказалі сабе да пабачаньня, і я адчыніў для яго дзьверы. Ён, стоячы пры адчыненых дзьвярох і трымаючы яшчэ сваю супачываючую левую руку на галахвормнай ручцы дзьвярэй, павярнуўшы зьлёгка твар да мяне, сказаў:
- Браце Пятроўскі, гэта няважна, можна зьіначыць некалькі словаў у чыім-небудзь артыкуле і друкаваць, як свой, - і счэз за дзьвярыма.
Чуючы гэта, я астаўся стоячым, нагружаны ў думцы. Цяперака толькі ў мяне зрадзілася падозраньне што да дрэннае волі гэтага чалавека. На бальконе, - думаю, - у нас гутаркі на падобную тэму ня было, гэта правакацыя!
Тады я быў маладым чалавекам, і Косьмідэрскі мог-бы быць маім дзедам. Я быў пэўны, што гэткага роду "інспірацыя", якую ён, прыкідваючыся добрым чалавекам, стараўся выклікаць у мяне, вядзе да плягіяту, і я пэўны, што ён быў сьведамы сваіх замереў. Яму патрэбна было гаварыць тое, што ён гаварыў, каб пасьля стварыць паклёп і ім напалохаць наіўных амэрыканцаў і без таго ўжо напалоханых да стану паранойя.
На працягу гадоў, выдаючы на беларускай мове "Сьветач Хрыстовае Навукі", я заўсёды пасылаў экзэмпляр у рэдакцыю "Пельгжыма Польскага".
Трэба тут сказаць, што "Сьветач", каб ня турбаваць польскі элемэнт, выдаваўся мною неафіцыяльна. Выхад ягоны абапіраўся на амэрыканскі чыньнік. Пра часопіс не ўспаміналася на Гадавых Канфэрэнцыях, ані ў якой-небудзь іншай хворме. Зьявішча гэтае матывавалася тым, што Амэрыканская Місыя ў Польшчы прынцыпова ня ўмешвалася ў унутраныя палітычныя справы краіны. З другога боку, вялікі камплекс народаў, які знаходзіўся на ўсход ад Польшчы, заўсёды прыцягваў да сябе ўвагу прадстаўнікоў многіх народаў, уключна з амэрыканскім. З гэтае прычыны амэрыканцы былі зацікаўлены, каб падтрымаць жыцьцё беларускага часапісу.
Друкаваўся часапіс у жыдоўскай друкарні "Коопэратыва Выдаўніча" (?) ў Вільні за цану ЗЛ 37.50 на месяц. Ад братоў амэрыканцаў я атрымліваў ЗЛ 40. Усе кошты адміністрацыйныя я пакрываў уласным коштам.
Косьмідэрскі, гэтаксама як і я, ведаў, што ніхто з амэрыканцаў ня чытаў або гаварыў па-беларуску, і ніхто зь іх ня ведаў, аб чым і як піша Пятроўскі. Калі хто-небудзь зь іх хацеў даведацца аб гэтым, даведваўся ад трэйціх людзей. I гэтым трэйцім чалавекам мог быць сярод іншых сам Косьмідэрскі. Затым яму, Косьмідэрскаму, патрэбна правакацыя, каб гаварыць у вадпаведнай хворме супроць Пятроўскага і падшпорваць страх Ворфільда, каторы асабліва быў чулы ў падобных выпадках, і гэтым шкодзіць бялорусінові, каторы, паводля Косьмідэрскавага перакананьня, будучы чалавекам другое клясы, адважыўся забраць сакратарства з рук чалавека першае клясы, бо паляка.
У 1937-38 апрацаваў я матэрыял п.т. "Нядзельная Школа", які перш друкаваўся на бачынах "Сьветача", а пасьля ў хворме брашуры.
У гэтым часе хвармаваўся новы канцэпт, канцэпт Экумэнізму або экумэнічнага руху. Паўстаў ён у сьвеце пратэстантцкім у Злучаных Штатах. З гэтае прычыны англамоўны мэтадыстычны месячны часапіс п. т. Міssіоnаrу Vоісе (Голас Місыянэра) быў пераназваны на Тogether (Разам). У Польшчы рух праявіўся новаю арганізацыяю на абшары нядзельнае школы з назовам "Нядзельная Школа". Ганаровым скарбнікам Нядзельнае школы быў Пастар Гаідэр Ворфільд, а платным Сакратаром - нехта Пастар Др. Эміль Елінэк, літаратуразнаўца, тэолёг, філёзаф, чэх з паходжаньня. Яму, як сакратару экумэнізму, на дарозе куртуазыі паслаў я свой матэрыял. Др. Елінэк, запазнаўшыся са зьместам матэрыялу "Нядзельная Школа", дагледзеўся там гістарычнае гэрэзыі. Бачыце бо, Ян Пятроўскі забраў у беларускі пантэон гэтакіх выдатных польскіх рэфарматараў, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і іншых. Праўда, сам Елінэк мне аб гэтым ніколі нічога не гаварыў. Магчыма яму, як чэху, не выпадала гаварыць аб гэтым беларусу, але Ворфільду, відаць, прадумана талкаваў і жаліўся. Затым, пры спатканьні апошні, каторы зусім у падобных справах не ар'ентаваўся, але ў афіцыяльным і паважным тоне нешта гаварыў мне пра гэта і не таіў зьдзіўленьня, што, бачыце, беларусы і палякі спрачаюцца між сабою з прычыны нейкіх людзей, каторыя даўно ўжо памерлі. Я сабе ўяўляю, як Чэмбэрс, слухаючы гаворанае і, ня гледзячы інфарматару ў вочы, узіраецца на бакі і тупае сваімі кароткімі нагамі і, зь мінаю чалавека, каторы шмат ведае ў падобных справах, нічога ня кажа. Затым прысутныя ня ведаюць, што ён думае.
Пра гэта я адумысна шырэй разводжуся, каб падчыркнуць, якую радасьць Косьмідэрскі мог займець, калі ён Ворфільду і іншым амэрыканцам расказваў пра Яна Пятроўскага.
З аднаго боку, я не зьяўляюся чалавекам, каторы доўга памятае крыўду, а з другога - быў гэта час глыбокага несупакою агульнага з прычыны палітычнае атмасфэры тых гістарычных дзён, якая несла з сабою вестку пра надыходзячую вайну. Шматлікае менш важнае забывалася. Забыў я і пра Косьмідэрскага.
Заўвагі:
1. Gui Picarda. The Heavenly Fire, A Study of The Origines of The Byelorussian New Testament & Psalms, 1931 // Божым шляхам, № 1-2, (143-144), 1975. б. 13.
2. насамрэч Аляксандра Ўласава. - рэд.
3. Лютаранскі - рэд.
Пятроўскі Я. Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтрасьпэкце (1905-1945). - Кн. 1. - Слуцак-Гэйнсвільл, 1988. - С.173-186.
<зьмест>
|
|