|
Рэфармацыйная думка і ўзьнікненьне прыродазнаўчых навук
Алістэр Маграт
Адной з адметнасьцяў сучаснага сьвету зьяўляецца высокі ўзровень разьвіцьця прыродазнаўчых навук. Вытокі сучаснага прыродазнаўства складаныя й супярэчлівыя. Тэорыі, што спрабуюць растлумачыць шпаркае разьвіцьцё сучасных прыродазнаўчых навук адным вырашальным фактарам, зьяўляюцца амбіцыйнымі і, як правіла, непераканальнымі; цалкам зразумела, што ўнёсак у іхняе разьвіцьцё зрабіў цэлы шэраг фактараў. Адзін зь якіх, несумненна, зьяўляецца рэлігійным і абавязаны сваім існаваньнем Жану Кальвіну.
Вялікі аб'ём сацыялягічных дасьледаваньняў, які ахоплівае больш за стагодзьдзе, паказаў, што ёсьць істотныя адрозьненьні ў здольнасьці пратэстанцкай і рыма-каталіцкай традыцыяў вылучаць першаклясных прыродазнаўцаў. Прыкладам зьяўляецца буйное дасьледаваньне Альфонса дэ Кандоля, прысьвечанае замежным сябрам парыскай "Academic des sciences" у пэрыяд ад 1666 да 1883 году. Гэтыя адрозьненьні, якія назіраюцца ў розных краінах і ў розныя пэрыяды, маюць наступную заканамернасьць: пратэстанты выяўляюцца значна больш здольнымі да правядзеньня прыродазнаўчых дасьледаваньняў, чым рыма-каталікі.
Такім чынам, відавочна, што Рэфармацыя зрабіла свой унёсак ва ўзьнікненьне атмасфэры, якая спрыяе разьвіцьцю прыродазнаўчых навук. На першы погляд гэта можа падацца неверагодным. На працягу апошняга стагодзьдзя са стаўленьня такіх рэфарматараў, як Кальвін, да геліяцэнтрычнай тэорыі Каперніка сьмяяліся. У сваёй адчайна палемічнай працы "гісторыя вайны навукі і тэалёгіі" Эндру Дыксан Уайт пісаў:"Кальвін узяў ініцыятыву на сябе, асуджаючы ў сваім "Камэнтары да Кнігі Роду" ўсіх, хто сьцьвярджаў, быццам Зямля не зьяўляецца цэнтрам Сусьвету. Ён вырашае пытаньне традыцыйнай спасылкай на першы верш дзевяноста трэцяга псальма і пытаецца: "Хто насьмеліцца ставіць аўтарытэт Каперніка вышэй за аўтарытэт Сьвятога Духу?"
Гэтае сьцьверджаньне пераходзіць з адной працы, прысьвечанай тэме "рэлігія й навука", у другую, прычым ніводны аўтар не бярэ на сябе працу праверыць ягоныя крыніцы. Кальвін не пісаў нічога падобнага ні ў якой са сваіх вядомых працаў. Упершыню гэтае сьцьверджаньне, не падмацаванае спасылкамі, сустракаецца ў творах англіканскага дэкана Кэнтэрбэрыйскага Фрэдэрыка Ўільяма Фарара (1831 - 1903) - аўтара, які вядомы тым, што прыцягваючы крыніцы, ён спадзяваўся выключна на сваю не заўсёды надзейную памяць.
Насамрэч, Кальвін зрабіў істотны ўнёсак у разьвіцьцё прыродазнаўчых навук: па-першае, ён заахвочваў навуковае вывучэньне прыроды; па-другое, ён выключыў важкую перашкоду, якая стаяла на шляху такіх дасьледаваньняў. Кальвін зрабіў акцэнт на ўпарадкаванасьці стварэньня: зь ягонага пунтку погляду як фізычны сьвет, гэтак і чалавечае цела сьведчаць пра мудрасьць і характар Божы. "каб ніхто ня быў пазбаўлены доступу да сродкаў атрыманьня шчасьця, Бог Сваёй ласкай ня толькі закінуў у нашую сьвядомасьць зернейкі рэлігіі, пра якую мы ўжо казалі, але і адлюстраваў Сваю дасканаласьць ува ўсёй будове сусьвету і паўсядзённа знаходзіцца ў нас навідавоку так, што мы, расплюшчыўшы вочы, ня можам ня ўбачыць Яго ... І нябёсы, і зямля даюць нам безліч доказаў Яго цудоўнай мудрасьці - ня толькі складаныя доказы, якія закліканы асьвяціць астраномію, мэдыцыну ды іншыя прыродазнаўчыя навукі, але і доказы, якія прыцягваюць увагу самага непісьменнага селяніна, які ня можа расплюшчыць вочы, ня ўбачыўшы іх".
Тут Кальвін ухваляе дасьледаваньні астраноміі і мэдыцыны. Яны здольныя глыбей за тэалёгію дасьледаваць сьвет прыроды й выявіць далейшыя доказы ўпарадкаванасьці стварэньня й мудрасьці Творцы. Можна сьцьвярджаць што Кальвін надаў новы рэлігійны стымул навуковаму дасьледаваньню прыроды, якое цяпер пачало разглядацца як сродак выяўленьня мудрай рукі Божай і, такім чынам, спрыяльнае, як веры ў Яго існаваньне, так і пашане, якую Ён заслугоўвае. "Бэльгійскае крэда" (1561 г.), кальвінскае вызнаньне веры, якое карысталася асаблівым уплывам у Нідэрляндах (тэрыторыторыі, якой было наканавана праславіцца сваімі батанікамі й фізыкамі), абвясьціла, што прырода знаходзіцца "перад нашымі вачыма як найцудоўнейшая кніга, у якой усё створанае, якім вялікім ці малым яно не было, зьяўляецца літарамі, якія паказваюць нам нябачнага Бога".
Такім чынам, Бога можна ўбачыць з дапамогай дасканалага даследаваньня Яго стварэньня. Гэтыя ідэі былі з энтузіязмам падхопленыя Каралеўскім Таварыствам, найбольш значнай арганізацыяй, якая займалася навуковымі дасьледаваньнямі й распаўсюджаньнямі вучонасьці ў Англіі. Многія зь яго раньніх сябраў былі паклоньнікамі Кальвіна, знаёмымі зь яго творамі і іх значэньнем для канкрэтных галінаў дасьледаваньня.
Так Рычард Бэнтлі (1662-1742) прачытаў у 1692 г. шэраг лекцыяў, прысьвечаных матэматычным прынцыпам Ньютана, у якіх адкрытая Ньютанам упарадкаванасьць сусьвету трактавалася як доказ задумы Бога. Тут сустракаюцца недвухсэнсоўныя спасылкі на кальвінскі вобраз сусьвету як "тэатру славы Божай", у якім людзі зьяўляюцца гледачамі, якія яго разумеюць. Падрабязнае дасьледаваньне стварэньня прыводзіць да ўсё большай упэўненасьці ў мудрасьці Творцы.
Другім буйным унёскам Кальвіна зьяўляецца выключэньне істотнай перашкоды на шляху разьвіцьця прыродазнаўчых навук: біблійнае літаральнасьці. Гэтае вызваленьне навуковага назіраньня й тэорыі ад груба даслоўнага тлумачэньня Пісьма адбываецца на двух узроўнях. Па-першае, Кальвін абвяшчае, што мэтай Пісьма зьяўляецца не дэталёвае апісаньнне структуры сусьвету, але абвяшчэньне Эвангельля Ісуса Хрыста. Па-другое, ён настойваў, што ня ўсе біблійныя цьверджаньні, датычныя Бога ці сьвету трэба ўспрымаць даслоўна. Разгледзім гэтыя два пункты па-асобку.
Кальвін лічыць, што асноўнай мэтай Бібліі ёсьць веда пра Ісуса Хрыста. Гэта не падручнік астраноміі, геаграфіі ці біялёгіі. Найбольш выразна гэтае сьцьверджаньне гучыць у параграфе, дададзеным у 1543 г. у кальвінаўскую прадмову да перакладу Новага Запавету, зробленаму Алівэтанам (1534 г.): асноўнай мэтай Пісьма зьяўляецца прывесьці нас да веды пра Ісуса Хрыста. Яно ня ёсьць і ніколі не было задумана быць крыніцай непагрэшнай інфармацыі з астраноміі ці мэдыцыны. Прыродазнаўчыя навукі, такім чынам, вызваляюцца ад тэалягічных абмежаваньняў.
Другі ўнёсак Кальвіна датычыць статусу біблійных цьверджаньняў пра навуковыя зьявы. Важнасьць гэтага ўнёску лепш за ўсё ўсьвядоміць, разгледзеўшы другую пазыцыю, якую займаў Марцін Лютар. 4 чэрвеня 1539 г. Лютар зьедліва пракамэнтаваў тэорыю Каперніка, якая павінна была быць апублікаваная ў 1543 г., пра тое, што Зямля круціцца вакол Сонца. Ці ж у Пісьме не сказана аб адваротным? Ці Ісус Навін не загадаў сонцу спыніцца? Такім чынам, геліяцэнтрычная тэорыя будовы сонечнай сыстэмы была адрынутая Лютарам на падставе біблійнае літаральнасьці, так тыповай для нямецкага рэфарматара. У сваёй спрэчцы з Цвінглі аб значэньні словаў "... гэта ёсьць Цела маё" (Мац. 26: 26), якія прамовіў Хрыстос аб хлебе на Таемнай Вячэры, Лютар настойваў на тым, што слова "ёсьць" магло вытлумачацца толькі як "ідэнтычна з". Гэта падалося Цвінглі рэлігійным і лінгвістычным абсурдам, зусім не адчувальным да розных узроўняў функцыянаваньня мовы. У гэтым выпадку "ёсьць" мае значэньне "азначае".
Кальвінаўскі аналіз узаемадачыненьняў паміж навуковымі адкрыцьцямі і сьцьвярджэньнямі Бібліі звычыйна лічыцца адным з найбольш каштоўных ягоных унёскаў у хрысьціянскую мараль. Кальвін вылучае складаную тэорыю, звыкла называную тэрмінам "акамадацыя", пад якім разумеецца "прыстасаваньне да патрэбаў сытуацыі й людзкіх здольнасьцяў зразумець яе".
У Сваім Адкрыцьці сьцьвярджае Кальвін, Бог прыстасоўваецца да здольнасьцяў людзкога розуму й сэрца. Бог малюе Свой партрэт такім, каб мы маглі яго зразумець. Такое разуменьне грунтуецца на кальвінаўскай аналёгіі з аратарам. Добры аратар ведае абмежаваныя магчымасьці сваёй аўдыторыі і адпаведным чынам прыстасоўвае да іх сваю манэру прамовы. Для таго, каб гутарка адбылася, над безданяй, якая падзялае таго хто гаворыць і таго хто слухае павінны быць зроблены мост. Цудоўным прыкладам гэтага зьяўляюцца прыповесьці Хрыста: яны выкарыстоўваюць мову і прыклады (напрыклад алегорыі, якія грунтуюцца на вядомых большасьці панятках), цалкам адпаведныя ўмовам жыцьця ў Палестыне. Павал таксама прыстасоўвае свае думкі да магчымасьцяў сваіх слухачоў, выкарыстоўваючы камэрцыйны і юрыдычныя прыклады з жыцьця гарадоў, у якіх жыла бальшыня ягоных чытачоў.
Аналягічным чынам сьцьвярджае Кальвін, Бог, каб адкрыцца нам, павінны спусьціцца да нашага ўзроўню. Ён памяньшаецца, каб адпавядаць нашым магчымасьцям. Гэтак як маці нахіляецца, каб дакрануцца да свайго дзіцяці, Бог нахіляецца каб дасягнуць нашага ўзроўню. Адкрыцьцё ёсьць актам Боскага зыходжаньня, празь якое Бог кладзе мост праз бездань паміж Ім і Ягонымі магчымасьцямі ды грахоўным чалавецтвам у найбольш слабых яго праявах. Як кожны добры аратар, Бог ведае сваю аўдыторыю і адпаведна прыстасоўвае да яе магчымасьцяў сваю мову.
Прыкладам такой акамадацыі зьяўляюцца біблійныя партрэты Бога, у якіх Ён часта выяўлены, як Той хто мае вусны, вочы, рукі, ногі. Гэта наводзіць на думку, што Бог зьяўляецца чалавекам, што якімсьці чынам вечны й духовы Бог памяньшаецца да ўзроўню чалавека, (гэту зьяву часта называюць "антрапамарфізмам" - іншымі словамі выяву Бога ў выглядзе чалавека).
Кальвін сьцьвярджае, што Бог вымушаны адкрывацца нам такім чынам праз наш слабы розум. Вобразы Бога, дзе Ён выяўляецца Тым, хто мае рукі ці ногі, зьяўляюцца Боскай "размовай з немаўлём", з дапамогай якой Ён спускаецца да нашага ўзроўню, выкарыстоўваючы вобразы, якія мы можам спасьцігнуць. Больш складаныя вобразы Бога, безумоўна ж, зьяўляюцца больш правільнымі, аднак мы можам апынуцца ня ў стане іх зразумець.
У выпадку з біблійным аповядам пра Стварэньне (Роду 1) Кальвін сьцьвярджае, што ён прыстасаваны для ўспрыманьня паспалітых неадукаваных людзей; але не павінны разглядацца як даслоўнае адлюстраваньне рэчаіснасьці. Аўтар Кнігі Роду, кажа Кальвін, "пакліканы быў быць настаўнікам ня толькі вучоных людзей, але і людзей неадукаваных і прымітыўных; таму ён не дасягнуў бы сваёй мэты без паніжэньня да такіх такіх простых сродкаў настаўленьня". Фраза "шэсьць дзён стварэньня" не азначае шэсьць пэрыядаў па дваццаць чатыры гадзіны, а зьяўляецца простым прыстасаваньнем да людзкіх формаў мысьленьня дзеля абазначэньня працяглых прамежкаў часу. Фраза "вада над цьвярдыняй" зьяўляецца толькі спосабам прыстасаваным, для абазначэньня воблакаў.
Уплыў абедзьвюх гэтых ідэяў на навуковае тэарэтызаваньне, асабліва ў сямнаццатым стагодзьдзі, быў значным. Напрыклад, ангельскі пісьменьнік Эдуард Райт, абараняючы капернікаўскую тэорыю будовы сонечнай сыстэмы, сьцьвярджае, што па-першае, Пісьмо ня ёсьць кнігай па фізіцы, а, па-другое, яго манэра мовы "прыстасаваная для разуменьня паспалітымі людзьмі, як нянькі прыстасоўваюцца да маленькіх дзяцей". Абодва гэтыя аргумэнты ўзятыя ў Кальвіна, пра якога можна сказаць, што ў гэтых пытаньнях ён зрабіў фундамэнтальны ўнёсак ва ўзьнікненьне й разьвіцьцё прыродазнаўчых навук.
Пераклад з расейскай А.Унучак паводле Алистер Маграт.
Богословская мысль Реформации
Изд. ОБШ "Богомыслие", Одесса, 1994 г.
|
|