|
Мікалай Радзівіл Чорны: гісторыя жыцця і веры
Юрый Бачышча
"Шукаў я паміж іх чалавека,
які паставіў бы мур і стаў бы ў праломе
перада Мною, каб бараніць гэтую зямлю"
Эзэкііль 22:30
Гэтыя словы з кнігі прарока Эзэкііля ўвасобіліся ў Беларусі ў XVI стагоддзі, калі Госпад знайшоў такога чалавека на нашай зямлі. Гэта быў Мікалай Радзівіл Чорны, 500 год з нараджэння якога мы ўзгадваем ў 2015 годзе. Не багаццем праславіўся Радзівіл Чорны, але мудрасцю ў справах дзяржаўнага кіравання, адданасцю айчыне і, самае галоўнае, сваёй верай у жывога Бога. "Упершыню ў гісторыі краіны з'явіўся чалавек, які надзелены вялікай ўладай, вырашаў дзяржаўныя справы не сілай, а згодай, не зброяй, а словам, не вайной, а мірам", - пісаў пра яго адзін з гісторыкаў.
Мікалай Радзівіл, якога пазней назвалі Чорным за густую чорную бараду, нарадзіўся 4 лютага 1515 года. Калі Мікалаю ішоў сёмы год, памёр яго бацька, і хлопчык са сваім малодшым братам Янам выхоўваўся ў сям'і дзядзькі Юрыя Радзівіла, разам з Барбарай Радзівіл і Мікалаем Радзівілам Рудым. У 1529 годзе абодва Мікалаі, Чорны і Руды, былі запрошаныя ў Кракаў на двор караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, які шукаў годную кампанію свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. Мікалай атрымаў добрую хатнюю адукацыю і заўсёды цягнуўся да ведаў, таму ў 1534 г. ён паступае ў Кракаўскі універсітэт.
У 1544 годзе на Берасьцейскім сойме магнаты і шляхта падтрымалі прапанову Радзівіла Чорнага перадаць рэальную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім Жыгімонту Аўгусту, і Радзівіл становіцца бліжэйшым дарадцам манарха. Уплыў Мікалая Радзівіла на дзяржаўныя справы яшчэ болей павялічыўся, калі неўзабаве Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл, стрыечную сястру Чорнага.
У 1547 годзе Мікалай Радзівіл выправіўся ў Вену і там атрымаў ад імпэратара Карла V тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі. З гэтага часу Мікалай Радзівіл Чорны і ўсе ягоныя нашчадкі сталі называцца "князямі на Алыцы і Нясьвіжы". У хуткім часе Радзівіл Чорны ажаніўся з Альжбетай Шыдлавецкай, парадніўшыся з вядомым польскім магнацкім родам. У іх сям'і нарадзіліся восем дзяцей: чацьвёра сыноў і чатыры дачкі.
У красавіку 1548 года памірае Жыгімонт Стары, і ягоны сын Жыгімонт Аўгуст займае каралеўскі пасад. Малады кароль, імкнучыся ўзвысіць свайго сябра, прапануе Радзівілу Чорнаму гетманскую булаву, але той адмаўляецца ад гэтага, разумеючы, што вайсковая справа - гэта не яго пакліканне. Але дзяржаўныя справы цікавяць Радзівіла, і ён становіцца ў 1549 г. ваяводам троцкім, праз год - канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, а на наступны год - ваяводам віленскім, беручы на сябе галоўную адказнасць па кіраванні дзяржавай у час адсутнасці вялікага князя.
Аднак радасць ад імклівай палітычнай кар'еры азмрочваецца цяжкімі жыццёвымі выпрабаваннямі. У маі 1551 года памірае каралева Барбара. Праз паўгода памірае малодшы брат Ян, які яшчэ ў 1542 годзе, наведваючы Вітэнберг, стаў евангельскім хрысціянінам і шмат сведчыў свайму брату пра неабходнасць пакаяння і жыцця верай. Смерць блізкіх людзей прымушае задумацца над сэнсам свайго жыцця, і менавіта ў гэты час Мікалай Радзівіл Чорны пачынае чытаць Біблію і прымае рашэнне паверыць у Ісуса Хрыста.
У 1553 годзе канцлер Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвяшчае, што ён вызнае "шчырую паводле Пісання Святога веру евангельскую" і закладае ў сваіх уладаннях у Вільні і Берасці евангельскія цэрквы.
Першая рэакцыя на пакаянне Радзівіла Чорнага была неадназначнай. Частка шляхты і некаторыя магнаты падтрымалі Радзівіла, але нават у сваёй сям'і ён сутыкнуўся з неразуменнем і супрацьстаяннем. Амаль год спатрэбіўся канцлеру, каб "прывесці да чыстага Слова Божага" сваю жонку Альжбету. Адначасова ён спрабаваў пераканаць Жыгімонта Аўгуста прыняць евангельскую веру. Гэта падавалася нескладаным, бо рэфармацыйныя пропаведзі гучалі пры двары караля і вялікага князя ўжо не адзін год. Але калі ўжо Жыгімонт Аўгуст згадзіўся прыехаць да Радзівіла на евангельскае набажэнства, віленскі біскуп Цыпрыян перагарадзіў дарогу каралю і не дазволіў наведаць "ерэтычнае" багаслужэнне.
Ворагі Рэфармацыі, натхнёныя гэтым посьпехам, перайшлі ў наступ. Пасол Ватыкана Алоіз Ліпамана звярнуўся да Жыгімонта Аўгуста з заклікам спыніць распаўсюд евангельскай веры, пакараўшы смерцю найбольш актыўных яе прыхільнікаў. Адначасова Ліпамана звярнуўся з адкрытым лістом да Радзівіла Чорнага, абвінавачваючы яго ў адступніцтве ад хрысціянскай веры.
У 1556 годзе уся Еўропа чытала адказ Радзівіла Чорнага паслу Ватыкана: "Закладаючы ў сваіх уладаннях і там, куды сягае мая ўлада, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртання сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад усялякіх прыдумак і ідалапаклонства. Я скінуў з алтароў багоў, апраўленых у золата і срэбра, і замкнёных у скрынках, годных найвялікшай пагарды, якіх вы, як пагане, ушаноўвалі. Пры кожным, у духу праўдзівай веры арганізаваным зборы ёсць кафедра прапаведніка, з якой вернікам абвяшчаюцца не прыдумкі, але сапраўднае Слова Божае".
Дэкларацыя веры, якую Мікалай Радзівіл прадставіў у сваім адказе, мела настолькі моцнае ўздзеянне на грамадзкую думку ў Вялікім Княстве Літоўскім, што на працягу наступных некалькіх гадоў пра вялікае Княства загаварылі як пра пратэстанцкую краіну, а пасол Ліпамана мусіў з ганьбай вярнуцца ў Італію.
Услед за Радзівілам пасьлядоўнікамі Рэфармацыі становяцца многія ўплывовыя магнацкія роды ВКЛ Хадкевічы, Кішкі, Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Вішнявецкія, Войны, Пацы, Зяновічы, Агінскія і інш. Шляхта, як католікі, так і праваслаўныя, масава пераходзілі ў кальвінізм, а жыхары гарадоў пераймалі вучэньне Лютара. Сучаснікі адзначалі, што "ўсіх пацягнуў за сабой Радзівіл".
Дбаючы пра пашырэнне евангельскай весткі Радзівіл Чорны ў 1553 годзе засноўвае друкарню ў Берасці, і адразу выдае Берасцейскі катэхізіс - выкладанне асноваў хрысціянскай веры. У Берасцейскай друкарні пабачыла свет шмат карыснай хрысціянскай літаратуры - катэхізісы, каментары да біблейскіх кнігаў, багаслоўскія трактаты. У 1558 годзе тут быў надрукаваны і першы ў Беларусі нотны зборнік - "Песні хвал Боскіх".
Самым знакамітым выданнем Берасцейскай друкарні стала Берасцейская, або Радзівілаўская Біблія, да друку якой Мікалай Радзівіл Чорны прыклаў шмат высілкаў і ахвяраваў гадавы даход з усіх сваіх маёнткаў. Пераклад тэксту рабіўся з арыгінальных моваў, яна была шыкоўна аздоблена, мела добрую структуру. Гэта было першае выданне Бібліі ва Усходняй Еўропе, якое ўтрымлівала падзел на вершы. Берасцейская Біблія, якая пабачыла свет у 1563 годзе, стала вельмі папулярнай і выкарыстоўвалася ва ўсіх пратэстанцкіх цэрквах Вялікага Княства Літоўскага. Мікалай Радзівіл верыў, што выданне Бібліі на зразумелай мове пакажа народу яго памылкі і паверне яго на правільны шлях. У сваім прысвячэнні Бібліі каралю і вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту, ён выказваў пажаданне, каб манарх паводле прыкладу юдэйскага валадара Ёсіі "меў ласку нагадваць і вучыць" сваіх падданых, "каб яны Божым Законам карысталіся, цешыліся і ў ім практыкаваліся".
Радзівіл Чорны ўсімі сіламі распаўсюджваў веру ў жывога Бога ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дзеля гэтага ён ахвяроўваў вялікія сродкі на пераклад і друк кніг, збіраў вакол сябе найлепшых прапаведнікаў, друкароў, перакладчыкаў, пісьменнікаў і музыкаў, адчыняў евангельскія цэрквы па ўсёй краіне. Дзякуючы яго намаганням пры кожнай царкве былі адчынены пачатковыя школы, дзе вучылі чытанню, пісьму і асновам хрысціянскай веры.
На Віленскім сойме 1563 года магнаты і шляхта ВКЛ на чале з канцлерам Радзівілам Чорным дамагаюцца адмены дыскрымінацыйных пастановаў Гарадзельскага прывілея, які забараняў некатолікам займаць дзяржаўныя пасады. У хуткім часе ў сенаце ВКЛ засядалі 16 пратэстантаў, 3 праваслаўныя і 3 католікі. Пра Вялікае Княства Літоўскае казалі як пра пратэстанцкую краіну.
Аднак не толькі пытаннямі рэформы царквы займаўся Мікалай Радзівіл Чорны. Чытаючы Пісанне, ён разумеў, што кожнай справай на гэтай зямлі можна служыць Госпаду, і таму шмат увагі надаваў рэформам у розных сферах жыцця краіны. Як канцлер ён узначальваў рэдакцыйную камісію, якая падрыхтавала Другі Статут ВКЛ 1566 г. У 1557 г. пад яго кіраўніцтвам была праведзена аграрная рэформа, атрымаўшая назву "Валочная памера". У выніку рэформы ВКЛ стала экспарцёрам збожжа ў Еўропу. У 1563 і 1564 гадах Радзівіл Чорны удзельнічае ў правядзенні судовай рэформы, якая стварыла ў ВКЛ незалежныя ад дзяржавы суды, а таксама ў арганізацыі органаў мясцовага самакіравання - павятовых соймікаў. Метрычная рэформа згодна біблейскаму патрабаванню, каб "вагі былі вернымі", прывяла да адзінага стандарту самыя разнастайныя меры вагі і даўжыні, якія выкарыстоўваліся ў нашай краіне.
Дзякуючы разважлівай палітыцы Радзівіла Чорнага да Вялікага Княства Літоўскага добраахвотна далучыліся Інфлянты (тэрыторыя сучаснай Латвіі), якія шукалі дапамогі ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы. І ў адносінах з Масквою Радзівіл выступаў за вырашэнне пытанняў наколькі магчыма шляхам перамоваў. Ягоную міралюбівую палітыку многія не разумелі, але Радзівіл Чорны заўжды імкнуўся вырашыць справу мірным шляхам, бо ад беспадстаўнага праліцьця крыві яго стрымліваў хрысьціянскі абавязак і вера.
Скончыў сваё зямное жыцьцё Мікалай Радзівіл Чорны 29 траўня 1565 года па прычыне цяжкай хваробы. Перад сьмерцю ён паклікаў да сябе свайго старэйшага сына Мікалая Крыштафа і прасіў яго цьвёрда трымацца евангельскай веры. І хаця сын не застаўся верны настаўленню бацькі, справа, якой прысвяціў сваё жыццё Мікалай Радзівіл Чорны, не загінула. XVI стагоддзе стала для нашай краіны стагоддзем Рэфармацыі. Біблейскія прынцыпы ўвайшлі ў жыццё беларускага грамадства, даючы падставы імкліваму развіццю нашай краіны ў самых розных сферах. Нездарма гэты час увайшоў у гісторыю як Залаты Век Беларусі.
Праца Мікалая Радзівіла Чорнага не была дарэмнай. Нясвіж, які Мікалай Радзівіл марыў зрабіць цэнтрам усіх сваіх уладанняў, уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Помнік Радзівілу Чорнаму стаіць у цэнтры Берасця. Але самае галоўнае, Слова Божае, дзеля распаўсюду якога Мікалай Радзівіл Чорны не шкадаваў ні сілаў, ні сродкаў, абвяшчаецца на беларускай зямлі, і дзясяткі тысячаў евангельскіх хрыціян праслаўляюць Госпада ад Берасця да Віцебска, ад Гродна да Гомеля.
Благодать. 2015, №1. С.42-44.
|
|