|
Беларускі першадрукар
Станіслаў Акіньчыц
Гаворачы аб Рэфармацыі ў Беларусі ў ХVI стагоддзьдзі, немагчыма абыйсьці ўвагай асобу Францішка Скарыны, беларускага першадрукара і рэфарматара.
У той самы год, калі ў Вітэнбэргу Марцін Лютэр абвесьціў 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў, у Празе доктар лекарскіх навук Францішак Скарына з Полацку пачаў друкаваць кнігі Старога Запавету ў перакладзе на беларускую мову. У прадмове да свайго выданьня першадрукар пісаў: "Прото я, Францішек, Скорынін сын с Полацька, в лекарьскых науках доктор, разумея сее, іже без страху Божія, без мудрості і без добрых обычаев не ест мощно почстіве жіті людем посполіте на землі, казал есмі тіснуті Прытчі ілі Прысловія...рускія языком напред ко чті і к похвале Створітелю, Спасітелю, Утешітелю Богу в Троіце едіному, ... потом людем простым абы, научывшыся мудрості, добре жівучы на свете, мілостівого Бога хвалілі, по тому яко же прілежыть на велікую высокость і велеможность імені Его святого". У той час "рускім языком" называлася беларуская мова, у адрозьненьні ад царкоўнаславянскай, званай "словенской".
Беларуская Біблія, выдадзеная Скарынам, значна апярэдзіла падобныя выданьні ў суседніх народаў, стаўшы другой пасьля чэскай друкаванай Бібліяй у славянскім сьвеце.
Што гэта значыла для Беларусі, яскрава сьведчыць такі прыклад. У Санкт-Пецярбургу, у бібліятэцы Акадэміі навук, захоўваецца ўнікальны, шыкоўна аздоблены помнік кніжнага мастацтва Беларусі пачатку XVI стагодзьдзя - Біблія на царкоўнаславянскай мове. Яе перапісваў адзін чалавек - Мацей з Тарапца, званы Дзесятым, на працягу пяці гадоў: пачаў у 1502 годзе ў Вільні, а скончыў у 1507 годзе ў Супрасьлі. Кніжны фаліянт Мацея Дзесятага па аб'ёму тэксту крыху пераўзыходзіць 23 кнігі Бібліі, выдадзеныя на працягу 1517-1519 гадоў у Празе беларускім першадрукаром. І хоць Скарына працаваў не адзін, калі ўлічыць тэхнічныя цяжкасьці пры падрыхтоўцы і выпуску кніг друкарскім спосабам, яго Біблію па выдатках чалавечае працы магчыма параўнаць з рукапіснай Бібліяй 1507 году. Прыблізна за такі самы час, калі Мацей Дзесяты перапісваў адну кнігу, Скарына змог падрыхтаваць да друку і выдаць некалькі сотняў камплектаў Бібліі. Паколькі наклад Скарынавых выданьняў сягаў паўтысячы асобнікаў, агулам за два з паловай гады зь ягонай друкарні ў Празе выйшла звыш 10 тысячаў кнігаў. Такую бібліятэку не змаглі б адолець сто перапісчыкаў і за дзесяць гадоў.
Францішак Скарына даў свайму народу Біблію на зразумелай мове, задавальняючы ў пэўнай меры кніжны голад, які існаваў тады ў Вялікім Княстве, ды і ў-ва ўсёй Усходняй Эўропе. Захавалася перапіска паміж пісарам вялікага князя літоўскага Якубам і маскоўскім дойлідам Ярмолічам, якія жылі напрыканцы XV ст. Якуб прасіў свайго маскоўскага прыяцеля прыдбаць для яго Пасланьні апостала Паўла, на што той даў адказ, што патрэбных кнігаў купіць гатовымі ён ня змог, і абяцаў замовіць іх у "дабрапісцаў". Калі нават вялікакняскі пісар адчуваў дэфіцыт кнігаў і шукаў іх за мяжою, то набыць Біблію шляхцічу ці месьцічу было яшчэ цяжэй.
У такіх умовах ужо толькі друкаваньне Бібліі само па сабе было рэфарматарскім крокам. Сучаснік Скарыны, каталіцкі кардынал Гозі, аднойчы сказаў: "Дазволіць народу чытаць Біблію - значыць даваць сьвятыню сабакам і кідаць пэрлы перад сьвіньнямі". Пазыцыі прыхільнікаў Рэфармацыі і яе ворагаў у гэтым пытаньні кардынальна розьніліся.
Але Скарына ня толькі імкнуўся зрабіць Біблію больш даступнай, ён прагнуў зрабіць яе як мага больш зразумелай чытачу. Палачанін сьцьвярджаў неабходнасьць асабістых адносінаў чалавека з Богам, адмаўляў патрэбу ў "пасярэдніках" паміж Словам Божым і веручым, акцэнтаваў увагу на вывучэньні Бібліі і жыцьці згодна са Словам Божым, "таму што ня толькі доктары навук і людзі вучоныя яго (Слова Божае) разумеюць, але ўсякі чалавек просты і паспаліты, чытаючы яго або слухаючы, можа зразумець, што патрэбна для збаўленьня душы яго".
Менавіта на людзей простых і паспалітых зарыентаваныя прадмовы Скарыны перад кожнай з кнігаў. У гэтых прадмовах доктар Франьцішак даваў разнастайныя зьвесткі па гісторыі, геаграфіі, культуры, асабліва што тычылася народаў Блізкага Усходу. Найчасьцей свае прадмовы рэфарматар пачынаў з тлумачэньня назвы кнігі і далей сьцісла выкладаў яе зьмест: "Гэтая кніга Эстэр назывецца па-гебрайску Мьгіля, то бок лісты або грамоты, бо пішацца ў ёй пра тое, як Аман узяў лісты ад цара Артаксэркса дзеля зьнішчэньня ўсіх юдэяў, а таксама як царыца Эстэр выратавала іх ад зьнішчэньня і выпрасіла ў цара лісты супрацьлеглыя".
Апрача прадмоваў, перад кожным разьдзелам Бібліі быў надрукаваны так званы аргумант - кароткі зьмест разьдзелу. Імкнучыся, як і іншыя дзеячы Рэфармацыі, навучыць чытачоў разумець Біблію, Скарына даваў на палях тлумачэньне незразумелых царкоўнаславянскіх ці грэцкіх словаў, а таксама параметры месцаў у Бібліі, дзе гаворыцца пра нешта падобнае: "Таксама няхай будзе вам вядома, што я разьмясьціў на старонках гэтых Псальмаў разьдзелы з розных кнігаў, а ўсё гэта дзеля таго, каб было зразумела, што ўсе іншыя Сьвятыя Пісаньні згаджаюцца з Псальмамі і адно пра аднаго сьведчаць. А гэта зразумееце, чытаючы тыя кнігі, разьдзелы зь якіх збоку напісаныя. Таксама разьмясьціў я збоку, каб не парушаць тэкст Псальмаў, некаторыя словы для людзей простых, такія як анагры, ірадава жытло ці хлябі, і іншыя словы, якія ў Псальмах незразумелыя простаму чалавеку, каб знайшлі беларускай моваю, што кожнае такое слова азначае. Таксама разьдзяліў я Псальмы на вершы так, як у іншых народаў яны падзяляюцца".
Нават памеры Скарынавых выданьняў сьведчаць, што рэфарматар друкаваў Біблію для штодзённага чытаньня людзей паспалітых, а не для літургічных мэтаў. Калі напрастольныя Эвангельлі ў той час рабіліся "ў аркуш", то кнігі Скарыны былі надрукаваны "ў чацьвёрку", г. зн. у чатыры разы меньшыя, а то і "ў васьмёрку", што рабіла іх зручнейшымі ў карыстаньні.
Нягледзячы на стрыманую, а часта адкрыта варожую пазыцыю праваслаўнага духавенства, Скарынавы пераклады шырока разыйшліся па ўсяму Вялікаму Княству, даючы магчымасьць сотням і тысячам ліцьвінаў зразумець Слова Божае. Скарына сваёю дзейнасьцю падрыхтаваў зьмены ў сьвядомасьці і характары мысьленьня сваіх суайчыньнікаў, заклаў асновы ўздыму Рэфармацыі на Беларусі ў сярэдзіне XVI ст. Праз сто гадоў уніяцкі архімандрыт Сялява, зьвяртаючыся да праваслаўных, пісаў літаральна наступнае: "Перад вуніяй (Берасьцейскай 1596 г.) быў Скарына, герэтык гусіт, каторы для вас друкаваў у Празе кнігі па-русінску". Дарэчы, гэта адзіная ўзгадка ў дакумантах той эпохі, у якой гаворыцца пра веравызнаньне Скарыны.
На працягу доўгіх гадоў сярод навукоўцаў не сьціхаюць спрэчкі пра тое, кім быў па веравызнаньню Франьцішак Скарына з Полацку, католікам ці праваслаўным, хоць аргумантацыя аднога і другога боку базуецца толькі на ўскосных довадах. Сам Скарына нідзе ў сваіх творах не ўжываў словаў "каталіцкі" або "праваслаўны", ён заўсёды гаварыў пра хрысьціянства. А ўсе крыніцы XVI ст., якія нешта гавораць пра Скарыну, сьведчаць аб вялікай рэфарматарскай дзейнасьці беларускага першадрукара.
Рэфарматары XVI стагодзьдзя лічылі Скарыну сваім паплечнікам. На яго спасылаліся ў сваіх працах Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Першы пратэстанцкі пастар Прусіі Павал Спэратус беражліва захоўваў Псалтыр Скарыны з "Малой падарожнай кніжыцы".
У сваю чаргу праваслаўныя багасловы адзінадушна заяўлялі пра ўплыў ідэяў Лютара на Скарынавы выданьні. У 1525 г. Скарына або нехта іншы па яго даручэньні наведаў Маскву з мэтаю распаўсюду праскага выданьня Бібліі. Праваслаўныя герерхі ўбачылі ў ёй пратэстанці ўплыў і загадалі спаліць усе прывезеныя асобнікі. На працягу ўсяго XVI стагодзьдзя ў Маскоўскай Русі было забаронена ўзгадваць імя беларускага першадрукара. Празь некалькі дзесяткаў гадоў князь Андрэй Курбскі, які ўцёк ад Івана Жахлівага ў Вялікае Княства, рэзка крытыкаваў у сваім лісьце да Рыгора Хадкевіча, вялікага гетмана літоўскага, пераклад Скарыны, вінавацячы палачаніна ў "злачыннай сувязі" з Рэфармацыяй, у скажэньні праваслаўнай веры і герэтычным мысьленьні. Ён сьцьвярджаў, што Біблія Скарыны "растленна", пярэчыць "всем апостальскім і святым уставам", і ў-ва ўсім згодная зь Бібліяй Марціна Лютара.
Уся дзейнасьць Скарыны - гэта перш за ўсё рэфарматарская дзейнасьць, накіраваная на аднаўленьне асабістых адносінаў чалавека з Богам. Усе прадмовы першадрукара прасякнуты ідэямі Рэфармацыі, прагненьнем вярнуць хрысьціянаў да першакрыніцы - Бібліі. І таму абсалютна справядліва мы можам назваць Франьцішка Скарыну адным зь першых дзеячоў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, распачынальнікам беларускай Рэфармацыі.
|
|