|
Дэмакратыя ў Амэрыцы Уплыў рэлігійных вераваньняў на палітычнае жыцьцё ў Злучаных Штатах
Алексіс дэ Таквіль
Вера лепш за ўсё навучае амэрыканцаў мастацтву жыць вольнымі, менавіта тады, калі зусім не кажа пра свабоду. У Злучаных Штатах існуе мноства цэркваў. Усе яны розьняцца формамі пакланеньня перад Творцам, але маюць адзіную думку да абавязкаў людзей у дачыненьні адзін да аднога. Кожная царква па свойму пакланяецца Богу, але ўсе яны прапаведуюць адну і тую ж мараль у імя Божае. Усе цэрквы ў Злучаных Штатах зьяўляюцца адгалінаваньнямі хрысьціянскае рэлігіі, а хрысьціянская мараль паўсюль адзіная. <...>
Амэрыка застаецца той часткай сьвету, дзе хрысьціянская рэлігія ў найбольшай ступені захавала сапраўдную ўладу над душамі людзей. І гэта краіна, дзе рэлігія аказывае ў нашы дні найвялікшы ўплыў, зьяўляецца ў той жа час самай асьвечанай і свабоднай. Немагчыма больш пераканальна давесьці, наколькі рэлігія карысная й натуральная для чалавека. <…>
Калі б духоўная дзейнасьць не была нічым абмежаваная, сярод іх (амерыканцаў), безумоўна, знайшліся б самыя сьмелыя ў сьвеце наватары і рэфарматары, якія б ніколі не адступалі ў сваім імкненьні будаваць жыцьцё грамадзтва толькі паводле законаў лёгікі. Аднак у Амэрыцы рэвалюцыянэры вымушаны з падкрэсьленай павагай ставіцца да хрысьціянскай маралі і справядлівасьці. І калі гэтыя законы супярэчаць іх задумам, то ім зусім ня лёгка пераступіць празь іх, і нават калі б ім удалося перамагчы сумневы, яны не змаглі б пераадолець ваганьняў сваіх прыхільнікаў. Да гэтага часу ніхто ў Злучаных Штатах не насьмельваўся выказаць думку аб тым, што ўсё дазволена дзеля дабра грамадзтва. Гэта блюзьнерская ідэя нарадзілася ў век свабоды, мабыць для таго, каб апраўдаць будучых тыранаў.
Так, калі закон дазваляе амэрыканскаму народу рабіць усё, што яму будзе заўгодна, то рэлігія ставіць заслону шмат якім ягоным задумам і памкненьням. Таму рэлігію, якая ў Злучаных Штатах ніколі непасрэдна ня ўмешваецца ў кіраваньне грамадзтвам, належыць лічыць першым палітычным інстытутам гэтай краіны. Бо, хоць яна і не ўзмацняе імкненьне людзей да свабоды, яна значна палягчае жыцьцё свабоднага грамадзтва. <…>
Пад час майго прабываньня ў Злучаных Штатах на паседжаньні суду прысяжных у акрузе Чэстэр (штат Нью-Ёрк) адзін сьведка заявіў, што ня верыць у Бога і ў несьмяротнасьць душы. Судзьдзя адмовіўся прывесьці яго да прысягі, зважаючы на тое, што, як ён сказаў, сьведка падарваў усялякую веру ў свае словы. Газэты паведамілі аб гэтым факце без камэнтараў.
У сьвядомасьці амэрыканца хрысьціянства і свабода пераплятаюцца так цесна, што ён амаль ня можа ўявіць сабе першага без другога. Для яго гэтая сувязь не зьяўляецца чымсьці пазбаўленым зьместу, тым, што прыйшло зь мінулага ў сёньняшняе, чымсьці, што здавалася б, не жыве, а марнуецца ў глыбіні душы.
Мне даводзілася сустракаць амэрыканцаў, якія аб’ядноўвалі свае высілкі і сродкі дзеля таго, каб паслаць у новыя заходнія штаты сьвятароў з мэтай адчыніць там школы і пабудаваць цэрквы. Яны вельмі асьцерагаюцца, што рэлігія можа загубіцца ў лясах, і тады народ, якога там становіцца ўсё больш, не зможа быць такім жа свабодным, як той, зь якога ён вядзе сваё паходжаньне. Я сустракаў багатых жыхароў Новай Англіі, якія пакінулі свае родныя ваколіцы і паехалі на берагі Місуры ці ў прэрыі Ілінойсу, каб пасеяць там насеньне хрысьціянства і свабоды. Такім чынам, у Злучаных Штатах рэлігійнае падзьвіжніцтва заўсёды грэецца агнём патрыятызму. <…> “Усе амэрыканскія штаты залежаць адзін ад аднаго, скажуць вам, і калі б у заходніх штатах узьніклі анархія ці дэспатычны рэжым, то рэспубліканскія ўстановы, што квітнеюць на берагах Атлянтычнага акіяна, таксама падпалі б пад вялікую небясьпеку. Таму мы зацікаўлены ў тым, каб рэлігія была моцная ў новых штатах. У гэтым разе яны дазволяць нам жыць свабоднымі”. <…>
Не свабода, але дэспатызм можа існаваць бязь веры. Рэспубліцы вера патрабуецца значна больш, чым манархіі, а дэмакратычнай рэспубліцы – больш, чым якой-небудзь іншай. Няўжо грамадзтва зможа пазьбегнуць пагібелі, калі пры аслабленьні палітычных сувязяў маральныя сувязі ня будуць умацоўвацца? І як можна кіраваць свабодным народам, калі ён не паслухмяны Богу?
|
|