Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
АСОБЫ

Палітык і асьветнік

Сямён Падокшын


Астафей Валовіч (каля 1520-1587) - дзяржаўны і грамадзкі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат-асьветнік. Займаў самыя высокія пасады - ад найвышэйшага пісара (1552), маршалка дворнага (1552), земскага падскарбія (1561) да падканцлера (1566), канцлера (1579-1584), троцкага кашталяна (1569), віленскага кашталяна (1579) і ваяводы (1584). Зьяўляўся медніцкім, магілёўскім, езярышчанскім, берасьцейскім, кобрынскім, троцкім і рэчыцкім старостам. Належаў да старажытнага беларускага баярскага роду. Нарадзіўся на Гарадзеншчыне. Пачаткова атрымаў хатнюю адукацыю, потым вучыўся, як мяркуе I. Саверчанка, у адным зь нямецкіх пратэстанцкіх унівэрсітэтаў (дарэчы, як і Леў Сапега). Аднак ёсць зьвесткі, што Валовіч скончыў Падуанскі унівэрсітэт. У 40-я гады XVI ст. служыў сакратаром віленскага ваяводы Яна Глябовіча. У гэтым жа годзе ажаніўся з Фядорай Сапяжанкай, ад якой меў дачку Рэгіну. Пасада маршалка дворнага (1552) дала яму права ўвайсьці ў склад гаспадарскай рады.

У 1553 г. Валовіч разам з полацкім намесьнікам Станіславам Давойнам і крамянецкім старастам, пісарам Пятром Сямашкам накіроўваецца ў Маскву з мэтай заключэння мірнага пагадненьня. У час перамоваў дэлегацыя ВКЛ рашуча выступіла супраць імпэрскіх прэтэнзіяў Івана IV называцца "царом усея Руси", г. зн. гаспадаром не толькі вялікарускіх, але таксама беларускіх і ўкраінскіх зямель. У сваю чаргу Валовіч і яго паплечнікі даказвалі, што ня толькі Смаленск, але і Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Вялікія Лукі з даўніх часоў уваходзілі у склад ВКЛ. Нягледзячы на супярэчнасьці, 12 верасьня 1553 г. перамір'е было падпісана (да 25 сакавіка 1556 г.). У якасці ўзнагароды Валовіч атрымаў ад караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста Магілёўскае староства. За паслўгі, якія ён аказаў Боне Сфорца, маці караля, у правядзенні аграрнай рэформы, Валовіч атрымаў Усвяцкае і Езярышчанскае староствы.

У 1558 г. разам са сваім аднаверцам-кальвіністам, віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам Чорным, Валовіч вёў перамовы з маскоўскім паслом Алфёравым, пераконваючы апошняга у неабходнасьці міру паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, саюзу хрысьціянскіх народаў супраць крымскага ханства і Турцыі. Але ж Іван IV палічыў інакш, паслаўшы у 1558 г. маскоўскае войска на заваёву Інфлянтаў (Лівоніі). У хуткім часе маскоўцамі былі ўзяты Нарва, Дэрпт і інш. Зразумела, што ВКЛ не змагло застацца абыякавым да гэтай падзеі, паколькі ўзнікала рэальная пагроза яго суверэнітэту. На падставе пагадненьня з Інфлянтамі у канцы лістапада 1559 г. туды накіраваўся тысячны корпус на чале з Янам Хадкевічам і Юрыем Зяновічам.

Разумны і дальнабачны палітык Астафей Валовіч добра ўсьведамляў, да чаго можа давесьці гэты канфлікт, і ўсяляк імкнуўся яго нэўтралізаваць. Вялікакняскі пасол Марцін Валадковіч, які прыбыў у Маскву з мірнай місіяй, гаварыў Адашаву, што "віленскі ваявода Мікалай Радзівіл ды вялікакняскі пісар Валовіч моцна стаяць на тым, каб між нашымі гаспадарамі панавалі мір і згода". Калі у 1560 г. паўстала пытаньне пра шлюб Івана IV з адной з сясьцёр Жыгімонта Аўгуста, Валовіч зь лепшых намераў выказаўся "за", але абумовіў гэтую акцыю падпісаньнем "вечнага міру" і захаваньнем правоў ВКЛ на Інфлянты. Аднак, відаць, маскоўскі ўрад вёў дыпляматычную гульню. Уладкаваўшы канфлікт з Швэцыяй, Іван IV узнавіў вайсковыя дзеяньні супраць Інфлянтаў. У 1562 г. ВКЛ уступіла у вайну з Маскоўскай дзяржавай. У хуткім часе маскоўская армія захапіла Віцебск, Оршу, Дуброўну, Копысь, Шклоў. 13 лютага 1563 г. паў Полацк.

Лівонская вайна востра паставіла пытаньне пра дзяржаўную унію ВКЛ з Польшчай. Паміж беларускімі і літоўскімі магнатамі, з аднаго боку, і прадстаўнікамі польскай шляхты, з другога, разгарнуліся спрэчкі наконт прынцыпаў аб'яднаньня. Калі першыя настойвалі на вайскова-палітычным хаўрусе, то другія імкнуліся да інкарпарацыі Вялікага Княства у склад Кароны. Астафей Валовіч разам з Мікалаем Радзівілам Чорным, Рыгорам Хадкевічам і іншымі з'яўляўся лідарам беларуска-літоўскай апазіцыі, якая намагалася максімальна захаваць асноўныя атрыбуты дзяржаўнай незалежнасьці ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. На вальным сойме 1569 г. у Любліне Валовіч і некаторыя іншыя члены беларуска-літоўскай дэлегацыі, сярод якой былі віленскі ваявода і канцлер Мікалай Радзівіл Руды, жамойцкі староста Ян Хадкевіч, падскарбі Мікалай Нарушэвіч, высунулі так званы "Праект уніі", які змяшчаў 15 артыкулаў, гарантуючых адносную незалежнасьць ВКЛ. Аднак польскія магнаты і шляхта, якіх падтрымлівала частка шляхты ВКЛ, настойвалі на стварэньні унітарнай дзяржавы, што у рэшце рэшт і было зафіксавана ў заключным "Акце аб уніі". У далейшым Валовіч прыклаў шмат намаганьняў, каб зьмяніць некаторыя яго пункты.

Актыўны ўдзел прымаў Валовіч у рэформах 50-60-х гадоў XVI ст. - аграрнай, судова-адміністрацыйнай і інш. Разам са знакамітымі юрыстамі Аўгусцінам Ратундусам і Петрам Раізіям Астафей Валовіч рыхтаваў другое выданьне Статута ВКЛ, які быў зацверджаны 1 сакавіка 1566 г. на Віленскім вальным сойме. Паводле яго прапановы ў тэкст быў уключаны артыкул, згодна зь якім "загранічнікам" забаранялася набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады у межах ВКЛ (3 разьдз., 4 арт.). З 1561 г. Валовіч - земскі падскарбі (нешта накшталт міністра фінансаў і эканомікі). У сакавіку 1566 г. ён атрымаў пасаду падканцлера. Па ініцыятыве Валовіча у Маскву накіроўваюцца два пасольствы (1566 і 1569 гг.), якія вядуць мірныя перамовы. У складзе вялікакняскай дэлегацыі Астафей Валовіч прымаў удзел у выбарах новага караля, якім стаў Генрых Анжуйскі. Подпіс падканцлера стаіць пад знакамітай Варшаўскай канфэдэрацыяй (1573), згодна зь якой прадстаўнікі ўсіх хрысьціянскіх веравызнаньняў атрымлівалі роўныя правы ў Вялікім Княстве Літоўскім і Кароне Польскай.

У 1576 г. каралём і вялікім князем становіцца Стэфан Баторы, кіраваньне якога прынесла ВКЛ значныя папітычныя і ваеннын посьпехі. У спэцыяльным прывілеі ён прызнаў канфэдэрацыйны характар Рэчы Паспалітай і, тым самым, адносную дзяржаўную незалежнасьць ВКЛ, дазволіў беларускім і літоўскім магнатам і шляхце праводзіць свае вальныя соймы і соймікі, кіравацца ў судовых справах сваім Статутам і г. д. Ён пацьвердзіў правамоцнасць Варшаўскай канфэдэрацыі. У далейшым усе гэтыя і іншыя атрыбуты сувэрэнітэту ВКЛ былі замацаваны у Статуце 1588 г. Са Стэфанам Баторыем зьнітаваны таксама карэнны пералом у Лівонскай вайне. Валовіч прымаў актыўны ўдзел у вайсковых дзеяньнях, у прыватнасьці, у вызваленьні Полацка (1579) і ўзяцьці Вялікіх Лукаў (1580). У 1579 г. ён становіцца канцлерам і віленскім кашталянам. У 1581 г. Валовіч і яго "пратэжэ" - малады Леў Сапега ствараюць вышэйшы апэляцыйны судовы орган ВКЛ - Трыбунал. З 1584 г. састарэлы Валовіч - "пан Віленскі", г. зн. віленскі ваявода. Астафей Валовіч зьяўляўся выразьнікам дамінантнай ідэі палітычнага разьвіцьця ВКЛ - дзяржаўнага сувэрэнітэту. Уся яго дзейнасьць была накіравана на рэалізацыю гэтай ідэі.

Астафій Валовіч - адна з найбольш прывабных постацей беларускай гісторыі другой паловы XVI ст. Памяркоўны і разважлівы дзяржаўны дзеяч, тонкі дыплямат, рэфарматар, мецэнат-асьветнік, талерантны чалавек, ён многа зрабіў дзеля распаусюджваньня на роднай зямлі адукацыі, ведаў, кнігадрукаваньня. З маладых гадоў стаўшы эвангельскім хрысьціянінам (кальвіністам), ён застаўся верным гэтаму веравызнаньню да самай смерці. Разам з Мікалаем Радзівілам Чорным, яго братам Мікалаем Радзівілам Рудым, Янам Кішкам Астафей Валовіч зьяўляўсн апекуном беларуска-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі у 1559 г. быў зроблены пераклад твора швейцарскага тэоляга-кальвініста Генрыха Булінгера (зь якім перапісваўся Сымон Будны) "Пра праўдзівае прыняцьце цела і крыві Ісуса Хрыста". Валовіч даў грошы на фундацыю знакамітай нясьвіскай друкарні. У 1562 г. у Нясьвіжы быў надрукаваны беларускі "Катэхізіс". Валовіч фінансаваў і другое беларускае выданьне - "Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам" - якое выйшла з нясьвіскай друкарні у тым жа годзе. У прадмове да кнігі Сымон Будны, зьвяртаючыся да Астафея Валовіча, пісаў: "Часто бо от твоей мнлостй слышал есм, якобы рад есть мел подданым своім учытелей верных й на размноженіе кніг добрых, накладов обецуеш не жаловаті. А не только обецуеш, но і початок сее друкарні нашее твоей мілості наклады ісперва ешче, яко некое основаніе уготовалі і укрепілі". Паводле сьведчаньня таго ж Буднага, у адным з маёнткаў Валовіча прапаведнікам быў вядомы на Беларусі сацыяльнымі пропаведзямі Якуб з Калінаўкі, які вучыў: "Не павінна быць сярод сапраўдных хрысьціян розьніцы паміж свабодным і нявольнікам, юдэем і грэкам, але усе няхай будуць роўнымі".

Валовічу была ўласьціва рэлігійная цярпімасьць. Ён падтрымліваў добрыя адносіны і нават перапісваўся з праваслаўным багасловам Арцеміем, які жыў у Слуцку пад апекай князя Юрыя Алелькавіча. Прыязна адносіўся Валовіч і да рускага эмігранта князя Андрэя Курбскага, аднак розьніца веравызнаньняў, відаць, сталася перашкодай для іх сталага збліжэньня. Калі гаворка ішла пра рэлігійныя погляды або сьветапоглядныя і палітычныя прынцыпы, Астафей Валовіч не баяўся ўступіць у канфлікт з самім каралём. Гэта ён прадэманстраваў пры заключэньні Люблінскай уніі 1569 г., а таксама тады, калі адмовіўся зацьвердзіць прывілей Стэфана Баторыя на адкрыцьцё езуіцкай акадэміі ў Вільні.

У сваім тэстаманьце Астафей Валовіч нагадваў, каб уфундаваныя ім "школу ды шпіталь не ліквідавалі і не памяншалі". Але калі "хтосьці з уладальнікаў наважыцца тое змяніць, дык у гэтым выпадку Сідранскі маёнтак з усімі землямі павінен перайсці на агульнагаспадарскі рахунак", г. зн. зрабіцца дзяржаўнай маёмасьцю. Усім, хто яму служыў, "ад старога да малога", Валовіч загадваў шчодра заплаціць. Валовіч не толькі вызнаваў. але і у практычным жыцьці прытрымліваўся хрысьціянскага запавету "любові да бліжняга". Гэты запавет ён распаўсюджваў і на сваіх падданых, чэлядзь, сялян. "Пацьвярджаю гэтаксама, - пісаў ён у сваім тэстаманьце, - што ва ўсіх маіх маёнтках нявольнікі ды іншыя несвабодныя паводле дзедзічнага права людзі, мужчыны і жанчыны, нават калі яны вязні ці даўжнікі, аб'яўляюйца вольнымі. Яны маюць права вольна служыць альбо пайсці туды, куды пажадаюць". І далей: "Адносна маіх казнадзеяў для хвалы Божай, школаў ды шпіталяў пастанаўляю: паўсюль, дзе іх маю, лік іх ні пры якіх умовах не зьмяншаць. Наадварот, належыць пашыраць іх ... На шпіталь даваць чыншу 12 коп грошаў ... Для школы выдзяляць 40 залатых польскіх. Бакалаўру, годнаму і вучонаму чалавеку, які будзе вучыць маіх нашчадкаў і падданых, даваць на пражыцьцё" і да т. п.

Памёр Астафей Валовіч у канцы 1587 ці на пачатку 1588 г. Пахаваны у Сідранах, "в склепе мурованом" побач з рэфармацкім зборам.

Паводле Падокшын С. А. Астафій Валовіч - палітык і асветнік (до 475-годдзя з дня нараджэння) //Адукацыя і выхаванне. 1995. № 6. С. 102-104





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: