Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ІДЭІ

Пратэстанцкая этыка й дух капіталізму

Макс Вэбэр

<…> Хутчэй можна лічыць усталяваным, што пратэстанты як у якасьці панавальнага, так і ў якасьці падпарадкаванага пласту насельніцтва, як у якасьці большасьці, так і ў якасьці меншасьці, праяўлялі спэцыфічную схільнасьць да эканамічнага рацыяналізму, якую каталікі не выяўляюць ні ў першым, ні ў другім становішчы. Прычыну розных паводзінаў прадстаўнікоў названых веравызнаньняў належыць шукаць перш за ўсё ва ўстойлівай унутранай своеасаблівасьці кожнага веравызнаньня, а ня толькі ў вонкавым гісторыка-палітычным становішчы.

Насамрэч, нават калі пачаць з чыста вонкавых момантаў, кідаецца ў вочы, якая ўражвальна вялікая колькасьць прыхільнікаў самай глыбокай хрысьціянскай пабожнасьці паходзіць з купецкага асяродзьдзя, да іх адносяцца, у прыватнасьці, і самыя перакананыя піетысты. Можна, безумоўна, разглядаць гэта як свайго кшталту рэакцыю глыбокіх і ня схільных да купецкай дзейнасьці натураў на "маманізм", менавіта так, хутчэй за ўсё, суб'ектыўна ўспрымаўся працэс "навяртаньня" Францыскам Асізскім і шмат якімі піетыстамі. Што ж датычыць гэтак шырока распаўсюджанай зьявы, як паходжаньне многіх капіталістычных прадпрымальнікаў буйнога маштабу з духоўнага асяродзьдзя, то яго можна ў сваю чаргу растлумачыць рэакцыяй на аскэтычнае выхаваньне, атрыманае ў юнацтве. Аднак такога роду аргумэнтацыя выяўляецца некампэтэнтнай у тых выпадках, калі асобныя людзі і групы людзей спалучаюць віртуёзнасьць капіталістычных бізнэс-дачыненьняў з самай інтэнсыўнй формай пабожнасьці; падобныя выпадкі зусім не адзінкавыя, больш за тое, іх можна лічыць характэрнымі для тых пратэстанцкіх цэркваў і сэктаў, якія мелі найбольшае гістарычнае значэньне. У прыватнасьці падобная камбінацыя заўсёды выяўляецца ў кальвінстве, дзе б ён не ўзьнікаў. Хоць у эпоху Рэфармацыі кальвінства (як і іншыя пратэстанцкія веравызнаньні) ні ў якай краіне ня быў зьвязаны зь нейкай акрэсьленай клясай, тым ня меньш магчыма лічыць характэрным і ў нават "тыповым", што пасярод празэлітаў французскіх гугэноцкіх цэркваў, напрыклад, большасьць складалі манахі й прадстаўнікі гандлёва-вытворчых колаў, прынамсі гэта становішча засталося і ў пэрыяд перасьледу гугэнотаў. Гішпанцам было вядома, што "герэзія" (нідэрляндзкае кальвінства) спрыяе "развіцьцю гандлёвага духу", і гэта цалкам адпавядае пункту гледжаньня сэра У. Пецьці, выкладзеным у яго дасьледаваньні прычынаў росквіту капіталізму ў Нідэрляндах. Ён абгрунтавана называе кальвінскую дыяспару "крыніцай капіталістычнай гаспадаркі".

Яшчэ больш цікавая сувязь (пра якую таксама патрэбна нагадаць) паміж рэлігійнай рэгламэнтацыяй жыцьця і інтэнсыўным разьвіцьцём бізнэсовых здольнасьцяў у шэрагу сэктаў, чыё "непрыняцьце сьвету" гэтаксама ўвайшло ў прымаўку, як і багацьце; гэта датычыцца перш за ўсё квакэраў і мэнанітаў. Роля, якую ў Ангельшчыне й Паўночнай Амэрыцы выконвалі квакэры, у Нідэрляндах і Нямеччыне атрымалі мэнаніты. Той факт, што нават Фрыдрых Вільгельм I цярпеў мэнанітаў ва Ўсходняй Прусіі, нягледзячы на іх катэгарычную адмову ад вайсковай службы (мэнаніты былі галоўным апірышчам прускай прамысловасьці), зьўляецца толькі адной зь ілюстрацыяў гэтага становішча, адной з найбольш яскравых ілюстрацыяў <…> Мы ня лічым неабходным нагадваць далейшыя прыклады ў гэтых папярэдніх заўвагах. Бо ўжо тыя, якія былі тут нагаданыя, з усёй відавочнасьцю сьведчаць аб адным і тым жа: "дух працоўнай дзейнасьці", "прагрэсу" ды інш., прабуджэньне якога звычайна адносяць да пратэстанцтва, ня трэба разумець як "радасьць жыцьця" і наагул надаваць гэтаму паняцьцю "асьветніцкі" сэнс, як гэта звычайна робяць сёньня <…> Калі ўвогуле паспрабаваць высьветліць якое-небудзь унутранае сваяцтва паміж пэўнымі праявамі старапратэстанцкага духу й сучаснай капіталістычнай культурай, то шукаць яго трэба не ва (уяўнай) больш ці меньш матэрыялістычнай, ці, ва ўсялякім разе, антыаскэтычнай "радасьці жыцьця", прыпісанай пратэстантызму, а ў яго чыста рэлігійных рысах. Яшчэ Мантэск'ё казаў у "Духу законаў", што ангельцы пераўзышлі ўсе народы сьвету ў трох даволі істотных рэчах - у пабожнасьці, гандлі й свабодзе. Ці не зьвязаныя посьпехі ангельцаў у галіне назапашваньня капіталаў, а таксама іх адданасьць дэмакратычным інстытутам (што адпавядае іншай галіне прычынна-выніковых стасункаў) з тым рэкордам пабожнасьці, пра якім кажа Мантэск'ё?

Тут дастаткова ўказаць на той несумненны факт, што на бацькаўшчыне Бэнджаміна Франкліна (у Масачусэтсе) "капіталістычны дух", безумоўна, існаваў перш за якое-небудзь "капіталістычнае развіцьцё" (у Новай Ангельшчыне, у адрозненьні ад іншых рэгіёнаў Амэрыкі, ужо ў 1632 г. магчыма было чуць скаргі на спэцыфічныя праявы разьліковасьці, зьвязанай з прагай узбагачэньня); несумненна таксама і тое, што ў суседніх калёніях, зь якіх потым утварыліся паўднёвыя штаты, капіталістычны дух быў непараўнальна меньш развіты, нягледзячы на тое, што як раз гэтыя калёніі былі заснаваныя буйнымі капіталістамі з прадпрымальніцкіх меркаваньняў, тады як калёніі ў Новай Ангельшчыне былі заснаваныя прапаведнікамі і выпускнікамі навучальных установаў разам з прадстаўнікамі дробнай буржуазіі, прамыслоўцамі і ёмэнамі, якія кіраваліся рэлігійнымі матывамі. У гэтым выпадку прычынная сувязь адваротная той, якую трэба было б пастуляваць з "матэрыялістычнага" пункту гледжаньня.

Як мы ўбачым з далейшага, носьбітамі мысьленьня, якое мы азначылі як "дух кaпітaлізму", былі на пачатку новага часу ня толькі і ня столькі капіталістычныя прадпрымальнікі з колаў гандлёвага патрыцыяту, колькі сярэднія пласты рамесьнікаў, якія толькі пачыналі ўздымацца. І ў XIX ст. клясычнымі прадстаўнікамі падобнага ладу мысьленьня былі не высакародныя джэнтльмэны Лівэрпуля й Гамбургу зь іх спадчынным гандлёвым капіталам, а "выскачкі" з Манчэстэру й Рэйнскай Вэстфаліі, родам зь вельмі памяркоўных сем'яў. Аналягічная рэч была ўжо ў XVI ст. заснавальнікамі прамысловых галінаў, што тады узнікалі, былі людзі зь сярэдніх клясаў.

Гістарычнымі носьбітамі аскэтычнага пратэстанцтва зьяўляюцца ў першую чаргу наступныя чатыры напрамкі:

  1. кальвінства ў тым яго выглядзе, якое яно мела ў шэрагу заходнеэўрапейскіх краінаў у XVII ст.;
  2. піетызм;
  3. мэтадызм;
  4. анабаптысцкія сэкты.

Ніводны з гэтых напрамкаў ня быў цалкам ізаляваны ад астатніх; не было строгага адмежаваньня гэтых плыняў і ад неаскэтычных цэркваў Рэфармацыі. Мэтадызм, які ўзьнік у сярэдзіне XVIII ст. у дзяржаўнай царкве Ангельшчыны, уяўляўся ягоным заснавальнікам ня як новая царква, а як адраджэньне аскэтычнага духу ў старой царкве, ён аддзяліўся ад англіканскай царквы толькі ў працэсе свайго разьвіцьця, асабліва пасьля перамяшчэньня мэтадызму ў Амэрыку. Піетызм у Ангельшчыне й асабліва ў Галяндыі ўзнік на глебе кальвінства і некаторы час не парываў з артадаксальнай верай, зь якой ён разыходзіўся толькі па шэрагу прыватных пытаньняў. У пачатковай стадыі свайго развіцьця кальвінства і сэкты анабаптыстаў рэзка супрацьстаялі адно аднаму, але ў баптызме канца XVII ст. пазіцыі іх наблізіліся.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: