|
Прадмова да Эвангельля
Васіль Цяпінскі.
Манархіі славенскай, асабліва багабойным, -
ласка і супакой ад Бога Айца і Пана нашага Ісуса Хрыста.
Рад паказаць маю веру, каторую маю, найперш народу свайму (бела)рускаму. Тыя яе даўнім векам славутымі справамі продкаў сваіх згодна, як спадзяюся, пацьвердзяць, а калі ёсьць у чым памылковая, яны тое выправяць: бо маю ня што іншае, як адно з Эвангельляў, ад Бога праз Хрыста Пана і Яго апосталаў пададзенае, каторае з мовы славенскай, каб мелі і на іх роднай мове рускай, з друку выйшла.
І вось, з дапамогай Божай, не мудрагелістым альбо красамоўным выкладам, не лісьлівымі, ані дагаджаючымі часу словамі, але прыязьліва, проста і шчыра, праўдзіва, верна і адкрыта, з зычлівасьці да маёй Айчызны, бо тыя, каму б гэта ўчыніць больш прыстала: мітрапаліты, владыкі і ніводзін з вучоных, праз такі доўгі час зрабіць гэтага не хацелі, з убогай маёмасьці сваёй народу майму паслугую, з каторай і таксама з маёнтку майго, хоць і невялікага, ужо для друку, а найбольш кнігі старыя, даўнія, у розных няблізкіх месцах дастаючы, надта яшчэ ў мінулыя гады цяжкія дарогі дзеля друку і патрэбаў, зь ім зьвязаных, пераадольваючы, а да таго ж усё знову пачынаючы, хоць і ня бедны, але ўсёж-такі запазычыўся.
І мне, - бо я ж і не італіец, ня немец, і ня доктар, і між папоў не пастаўлены, але з чаго мелі б Госпада з ускліканьнем хваліць і радавацца, што спасярод іх русін ім і сваёй Русі паслугуе, - мне, кажу, як тое звычайна бывае, і няўдзячнасьцю, а некаторыя, замест дапамогі альбо падзякі і зайздрасьцю адплаціць хацелі; ні адно мне тое ўсё дзеля справы маё і да іх зычлівасьці ня ёсьць прыкра, але, удзячны ласцы Пана Бога, рупячыся аб іх збаўленьні, а наастатак спагадлівае і высакароднае памкненьне і ўпартасьць сэрца майго ім паказаць і дзеля славы Божае скончыць. Ужо бо і тое не без вялікай цяжкасьці прыйшло, што дзьвюма мовамі зараз, і славенскай і пры ёй тут жа рускай, а найбольш славенскай, слова ў слова так, як яны ўсе паўсюль ува ўсіх цэрквах сваіх чытаюць і маюць; не адно толькі дзеля лепшай іх веры, бо гэтя ня новае што, а ім іх жа ўласнае падаецца, але таксама і для лепшага ім разуменьня, надта і для іх саміх добрага навучаньня ў той вучонай мове славенскай Эвангельлі Пісаньня сьвятога Мацьвея і сьвятога Марка і пачатак сьвятога Лукі ёсьць у той убогай маёй друкарні ім выдрукавана.
Да чаго, перш яны самі і дзеткі іхнія розум свой рыхтавалі, вастрылі і ў веры настаўлялі, тым часам той Катэхізіс, каторы яны самі, на маю думку, за рэч сапраўды патрэбную, калі ня зараз, усё ж такі ў свой час прызнаюць, ім наперад падаю. Няхай у іх ахвоту і прагу да большай навукі ў слове сваім, сталасьць розуму і здольнасьці Бог учыніць і ўзбудзіць. А гэта па вялікай патрэбе мусіць быць зроблена, бо яны паміж імі нібы перасталі, нібы згінулі.
Бачаньне рэчаў жаласьлівых гвалтам слова з вуснаў маіх гоніць. Бо ніводзін багабойны тут не змаўчыць, на такую кару Божую гледзячы; будзе плакаць, бачачы так вялікіх князёў, такіх вяльможных паноў, так многа дзяцей нявінных, мужоў з жонамі ў такім высакародным рускім, а наперад такім дасьціпным вучоным народзе мовы сваёй слаўнай занядбаньне і проста ўзгарду, каторымі з-за пакараньня Божага тая ясная іх у Слове Божым мудрасьць, што была ім сапраўды як прыроджаная, ад іх адыйшла, і на яе месца такое жахлівае невуцтва прыйшло, што ўжо некаторыя мовы сваёй, і нават у Слове Божым, саромеюцца. А на астатак, што можа быць больш жаласьлівае, аб чым можна больш шкадаваць, як не аб тым, што і тыя, каторыя між імі завуць сябе духоўнымі і настаўнікамі, найменш яе ўмеюць, найменш яе тлумачэньне ведаюць, з-за чаго польскай або якой іншай мовай нямала і самі карыстаюцца і дзяцей сваіх да сораму свайго ёй вучаць.
Тут бы я ім хаця б аднаго з мноства айцоў славян Іаана або Грыгорыя, каторых, дзеля вялікай ня толькі ў сваёй, але таксама і ў розных мовах навукі і дзеля прыгожай іх мовы, аж залатавуснымі называлі, былі б яны жывыя, я рады іх быў узяць ім і сабе за прыклад і сьведкаў. Калі б яны цяпер жылі, сапраўды сумецца б мусілі, бачачы, як краса і аздоба народу іх у нашчадкаў іх аднятая і проста згінула. О, як бы было патрэбна нашчадкам іх над самімі сабой зьлітавацца! Калі б паглядзелі на тыя часы мінулыя, які то быў высакародны, слаўны, дасьціпны народ іхні ва ўсякім уменьні і як шмат разоў чужыя вучоныя народы іх мудрасьць мусілі хваліць і ёй вучыцца.
Але б хоць самое пісьмо сваё - чатыры Эвангельлі і апостала славенскага, каторае, магу сказаць, тысячу гадоў таму адным са славян укладзена і каторае не адно ў іх, але і па ўсіх цэрквах сербскіх, маскоўскіх, італійскіх, балгарскіх, харвацкіх і іншых чытаюць, - паважалі. Сапраўды, хто б хацеў і ўмеў той выклад чытаць, убачыў бы іх, цалаваў, і сабе пакінуў. Той муж наш мілы славянін, як лацінскіх і іншых талмачоў, так і словы з грэцкай мовы перакладаў, што і ня скажаш, ці грэцкую, ці славенскую мову больш ведаў.
І каб не было болей, то і гэты знак немалы маем, як перад тым славяне, да каторых належаць ня толькі рускія, былі людам дасьціпным, а калі б яшчэ сабе не патуралі, а асабліва былі ў чытаньні пісьмаў сваіх бягчэйшымі, лепш бы ім прыходзілася. Былі бо, кажу, помнікі аб іх дасьціпнай вострасьці, як яны сыноды з папаю рымскім і зь іншымі справы годныя мелі, як мноства людзей да веры з грахоў вырывалі, і як у розных мовах навучаныя былі; да таго, як жыцьцё сьвятое вялі, як паміж сабой злосных і фальшывых у веры братоў трывалі, настаўлялі і напраўлялі; як настаўнікаў сваіх, паводле навукі Слова Божага, да сьвятых аднесьлі, ад іншых аддзяліўшы, і іх, тым аздобленых, усім народам і верам і зараз у прыклад, нібы сьвечку, чысьцінёй сьвятасьці сьвецячую, паказалі, - можна было б шмат што аб іх пісаць. Але толькі адзін яўны, ясны і вечнае памяці годны прыклад іх узгадаю, каторы і без запісаў для ўсіх сапраўды вядомы і значны. Як яны за такую вялікую сьвятасьць сваю акрамя іншых такім шчодрым дарам былі ад Бога аздобленыя, што не кажучы пра папу рымскага, навучылі народы ў Лівіі, у Антыёхіі, у Пентаполіі, Сыцыліі, Месапатаміі, у Палесьціне, Фінікіі і іншых месцах. На колькі вока ўгледзець можа, і ў нашых суседзяў італійцаў, немцаў, палякаў, французаў, англічанаў і гішпанцаў, а коратка кажычу, ва ўсіх на сьвеце хрысьціянскіх народаў, у слове Божым празрэўшых, самі яны толькі тое адно сьцьвердзілі, што паводле навукі апостальскай сваёй роднай мовай з так даўніх часоў Слова Божае пераказалі, і мелі, і нам пакінулі. У гэтым іншыя ўсе народы іх прыклад убачылі і без найменшага абурэньня і абразы да таго прыйшлі,што Слова Божан з лацінскай і іншых моваў на сваю мову родную перакладаць і на ёй чытаць пачалі.
Дай Божа, каб кожны з вас, о высакародныя панове, якія той справы як бы бацькамі па такіх славутых продках сваіх засталіся і на месца іх заступілі, аніякай помачы граху не чынілі, абы толькі вы самі зь любасьці да Айчызны вашай ёй помаччу быць маглі, бо прастата чалавека беднага ды паспалітага заўжды на ваш праклад глядзіць і за вамі ідзе.
У той патрэбе Айчызны вашай шчырую праўду пра недахоп навукі братоў вашых прыкладам сваім міласэрным, калі сапраўды міласьць братэрскую паміж вас маеце, бо няма людзям нічога так уласьцівага, а найперш чалавеку багабойнаму, як міласьць, каторая праз нас аб міласьці Божай сьведчыць, і на астатак, дзеля ўзнагароды сабе ад Госпада вечнай, - таму народу вашаму, невуцтвам зьведзенаму і ўтрапёнаму, дапамагаючы, мітрапалітаў, ўладык і настаўнікаў вашых да таго просьбамі вашымі вялі, каб ані подкупаў, ані пасулаў для валоданьня сталіцамі адзін перад адным не чынілі, ані прывілеямі адзін аднаго не абкрадалі, але Слову Божаму самі вучыліся і іншых з маёмасьці і маёнткаў, ад вашых продкаў ім не на марнатраўства, не на строі ці што такое, але дзеля навукі наданыхю каб дзеля навукі, - але не такой, як цяпер на вечны свой сорам маеце: каб толькі прачытаць, і то добра, а больш сваёй мове ня вучацца, - але каб школы закладалі і навуку Слову Божаму, так шмат гадоў занядбаную, адрадзіць браты вашыя хацелі і намагаліся. Усё гэта я не аднаму каму, але ўсім гэту патрэбу Айчызны вашай багабойнасьці, пільнасьці, растаропнасьці і вернасьці даручаю і пакідаю, просячы Бога, абы быў я гатовы, калі яна да канца згіне, зь ёю разам згінуць, або, калі праз ратунак ваш адродзіцца, з вамі і зь ёю адрадзіцца.
А тут ўжо і канец маёй прадмове чыню, каторую замыкаючы, у жалю маім моўлю, каб тую кару за нашу няўдзячнасьць міласьць Божая аддаліла. Асабліва цяпер на свае вочы бачым, як паўсюль усе рэчы злым розумам так сапсаваныя, што нічога добрага ня можа быць зроблена, каб не было папсавана; ніводзін, у чым раз зблудзіўшы, ад таго адступіцца ня хоча, каб яшчэ ў чым даць сабе зблудзіць. Яшчэ і тое проста бывае, што чалавека даравітага, асабліва свайго, альбо знаёмага, людзі спакойна і без абразы зьнесьці ня могуць. Дзеля таго, каб пры праўдзівым аповядзе маім застацца і зласьлівай іх увагі пазьбегнуць, не называю ўсіх, але такіх ані ўсільнаю просьбаю, ані надарэмнымі высілкамі, ані лагоднымі ўгаворамі сьцішваць не хачу, але, учыніўшы справу маю, аддаю ва ўсім славу маестату Божаму, перад каторым мы ўсе стаць мусім.
Ніколікі не сумняюся ў тым, што Ён, Судзьдзя справядлівы, справу нашу пахваліць, хоць ёю непрыяцелі ўсе пагарджаюць і яе адкідваюць. А цяпер пабожнага чытача дзеля Хрыста просім, калі знойдзе што недарэчнае або ў навуцы нашай, або ў нас саміх, каб не прыпісваў тое нашай наўмыснасьці і злосьці, але чалавечай недасканаласьці і невуцтву, і каб дзеля Хрыста дараваў. А калі гэта памылка немалая, у каторай ён нас вінаватымі палічыць, хай нас у тым не сароміць, але хай у гэтым па-хрысьціянску нас наставіў, бо мы гатовыя зь Янам Хрысьціцелем здрабнець, каб Госпад Хрыстос узрастаў.
На астатак усіх пабожных дзеля Хрыста просім, абы ніякай варожасьці ня мелі супраць тых, каторыя нас кпінамі і агідаю перасьледуюць і, падобна Якаву і Яну, не хацелі, каб агонь зь неба зыйшоў і іх папаліў, з-за таго, што Госпада і Слова Яго адкінулі, а з намі няхай за іх Госпада Бога просяць, каб яны апамяталіся і збаўленыя былі, каб самі сябе не пазбавілі так вялікае ласкі Божае, што зь іх жа саміх годнасьці і высакародства пачынаецца.
Амэн.
|
|