|
Зорны час Мікалая Радзівіла
Вясна 1554 году была нялёгкай для луцкага біскупа Валерыяна Пратасевіча. У Берасьці Літоўскім, важным горадзе луцкага біскупства, ўжо больш за год нейкі Сымон Зак, выхаванец Кракаўскага унівэрсытэту, прапаведуе навуку швайцарскага герэтыка Жана Кальвіна. І мала таго, што прапаведуе. Найгоршае, што яго слухаюць. Ня толькі берасьцейцы, але нават шляхта з ваколіцаў кожную нядзелю зьбіраюцца на замку, дзе спыніўся гэты вераадступнік, каб паслухаць, як яны кажуць, Слова Божае. Усё шукаюць нечага новага, не падабаецца ім вера продкаў. Трэба тэрмінова прымаць меры, а то гэтая зараза распаўзецца па ўсёй Літве, як лютарава герэзія апанавала Нямеччыну.
Біскуп паклікаў пісара і загадаў пісаць позву на біскупскі суд у Янаў Палескі для герэтыкоў, якія перакручваюць праўдзівую навуку хрысьціянскую: Сымона Зака, Гераніма Пякарскага і Альбінуса, у вялікай хрысьціянскай міласэрнасьці даючы ім шанец вырачыся сваіх памылак і вярнуцца ва ўлоньне каталіцкае царквы. У позве загадаў таксама адзначыць, што падсудныя могуць прыехаць на паседжаньне суду толькі ў таварыстве чатырох асобаў, сяброў ці сваякоў. 22 красавіка біскуп Пратасевіч сеў у сваю карэту і паехаў у Янаў. Ужо пад'яжджаючы да мястэчка, заўважыў ён на гасьцінцы вялікі конны аддзел. Гэта Зак і Пякарскі ехалі на біскупскі суд. Праўда, зь імі было не чацьвёра, але трыста чалавек берасьцейскай шляхты, усе на конях, у панцырах, зь дзідамі і шаблямі. Толькі гэтыя вершнікі адрозьніваліся ад тых шляхецкіх загонаў, якія не аднойчы сустракаў луцкі біскуп у сваім жыцьці. Не было чуваць п'яных крыкаў, лаянкі, ніхто ня біў сябе ў грудзі, нешта даводзячы іншым. Коні ішлі нясьпешна, а кожны вершнік трымаў у руцэ разгорнутую Біблію, і ў рытм конскай хады ў неба ўзносіліся словы псальмаў, чытаных гэтым незвычайным войскам.
Што мусіў рабіць у такой сытуацыі кіраўнік луцкага біскупства? Стаць тварам у твар з трыма сотнямі ўзброенных, дасьведчаных у бітвах ваяроў? Што ён ім скажа? Біскуп Пратасевіч вырашыў не рызыкаваць, загадаў павярнуць карэту і завочна прысудзіў Зака і яго таварышаў на выгнаньне і канфіскацыю маёмасьці.
Чаму біскуп, голас якога яшчэ нядаўна шмат значыў для шляхты, які меў шматлікія каралеўскія прывілеі, нічога ня мог зрабіць зь нейкім прапаведнікам? Што адбылося ў Вялікім Княстве, што ідэі Рэфармацыі здабылі так шмат прыхільнікаў? Адказ на гэтае пытаньне зьвязаны зь дзейнасьцю адной з найвыбітнейшых постацяў беларускай Рэфармацыі - князя Мікалая Радзівіла Чорнага, чалавека, які шырока адчыніў дзьверы абнаўленьню хрысьціянства на Беларусі, на працягу некалькіх гадоў зрабіўшы Вялікае Княства краінай Рэфармацыі.
Мікалай Радзівіл Чорны нарадзіўся ў Нясьвіжы 4 лютага 1515 году. Рана застаўшыся бяз бацькі, ён разам з малодшым братам Янам і сястрой Ганнай быў узяты на выхаваньне на каралеўскі двор у Кракаў. У Кракаве малады магнат вучыўся ва ўнівэрсытэце, а таксама набываў веды, неабходныя для дзяржаўнага дзеяча, назіраючы палітычнае жыцьцё польскай сталіцы. Мянушку "Чорны" Мікалай атрымаў крыху пазьней з-за колеру сваёй барады, чым адрозьніваўся ад свайго стрыечнага брата, вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога.
Славуты ў Вялікім Княстве магнацкі род Радзівілаў заўсёды славіўся сваім патрыятызмам. Ня быў выключэньнем і Мікалай Чорны. У гэты час палітычнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага перажывала застой, выкліканы шматгадовай адсутнасьцю вялікага князя Жыгімонта Старога ў дзяржаве, які наведваў Вільню раз на некалькі год, астатні час жывучы ў Кракаве. Мікалай Радзівіл, бачачы, як дзяржава гібее без адпаведнага лідарства, прапанаваў беларускім магнатам зьвярнуцца да Жыгімонта Старога з просьбай аб перадачы рэальнай улады ў Княстве сыну караля, Жыгімонту Аўгусту, які ў 1529 г. быў ужо фармальна абраны і на польскі, і на літоўскі трон. Гэтая прапанова Чорнага патрапіла на добрую глебу, і восеньню 1544 г. на Берасьцейскім сойме Жыгімонт Аўгуст дэ-факта становіцца ўладаром Вялікага Княства Літоўскага. Трыццацігадовы Мікалай Радзівіл стаў галоўным дарадцам і правай рукой вялікага князя, зь якім яго зьвязвалі доўгія гады сяброўства яшчэ з часоў знаходжаньня ў Кракаве пры каралеўскім двары. Гэтая пазыцыя Чорнага была замацаваная пасадаю вялікага маршалка, найважнейшай пасьля канцлера пасадай у Вялікім Княстве, якую надаў свайму сябру Жыгімонт Аўгуст. Да кампэтэнцыі маршалка належала судовая ўлада вышэйшай інстанцыі і пытаньні зьнешняй палітыкі краіны.
Уплыў Мікалая Радзівіла на дзяржаўныя справы яшчэ больш павялічыўся, калі неўзабаве Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл, стрыечную сястру Чорнага. Маладая ўдава троцкага ваяводы жыла тады ў палацы свайго брата, Мікалая Радзівіла Рудога. Вялікі князь часта наведваў яе, і вестка пра гэта разыйшлася па ўсёй краіне. Браты Барбары зьвярнуліся да свайго валадара, просячы, каб сваімі заляцаньнямі да іхняй сястры не прыносіў няславы роду Радзівілаў і не наведваў палац на Лукішках у іх адсутнасьць. Жыгімонт Аўгуст згадзіўся і нейкі час да Барбары не прыходзіў. Аднойчы, пачуўшы, што браты выехалі зь Вільні, вялікі князь парушыў сваё слова і патаемна зьявіўся на Лукішках. Але ўвайшоўшы ў палац, замест каханай Жыгімонт Аўгуст убачыў братоў Мікалая Чорнага і Мікалая Рудога. Вялікі князь ня стаў хітраваць і абвесьціў, што хоча ажаніца на Барбары. "Дай жа Бог", - адказалі браты і адразу паклікалі сьвятара. Шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл быў патаемны, і амаль год пра яго практычна ніхто ня ведаў. Толькі калі ў 1548 г. памёр Жыгімонт Стары і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст атрымаў польскую карону, выявілася, што малады кароль мае жонку-ліцьвінку. Каб падвысіць статус сваёй сястры ў вачох польскага грамадзтва, Мікалай Чорны адмыслова выехаў у 1547 г. з пасольствам у Вену, дзе атрымаў княскі тытул з рук імпэратара Карла V.
На працягу некалькіх наступных гадоў Мікалай Радзівіл Чорны становіцца некаранаваным каралём Літвы. У яго руках засяродзіліся найважнейшыя дзяржаўныя пасады нашай краіны. У 1549 г. ён атрымаў пасаду троцкага ваяводы, праз два гады стаў канцлерам Вялікага Княства, а яшчэ праз год атрымаў віленскае ваяводзтва (найважнейшая ваяводзкая пасада ў дзяржаве). Сьмерць каралевы не пахіснула даверу Жыгімонта Аўгуста да Мікалая Чорнага. Вялікакняскім прывілеем ён атрымаў права захоўваць у сваім архіве ў Нясьвіжы ўсе паперы і дакуманты, зьвязаныя з унутранай і зьнешняй палітыкай Вялікага Княства, прыраўноўваючы нясьвіскі архіў да дзяржаўнага. Улічваючы, што Жыгімонт Аўгуст большасьць часу знаходзіўся ў Польскім Каралеўстве, фактычная ўлада ў краіне была сканцэнтраваная ў руках Мікалая Радзівіла.
Але ня толькі палітычная кар'ера цікавіла князя Мікалая. Час імклівага ўзвышэньня быў адначасова пэрыядам складаных духоўных пошукаў. Рэфармацыя, якой жыла Эўропа XVI стагодзьдзя, не магла пакінуць абыякавым Мікалая Радзівіла. Упершыню ён сутыкнуўся зь ідэямі аднаўленьня хрысьціянства пад час вучобы, калі выяжджаў у Нямеччыну для завяршэньня сваёй адукацыі. Вярнуўшыся ў Вільню, малады магнат пазнаёміўся зь віленскімі лютаранамі. У гэты час ён блізка сыйшоўся з Абрагамам Кульвай, палымяныя пропаведзі якога выклікалі ў маладога Радзівіла захапленьне ягонай верай і ягонай перакананасьцю. Калі ў 1542 г. Кульва, ратуючыся ад перасьледваньняў, выехаў у Каралявец, дзе стаў прфэсарам у тамтэйшым унівэрсытэце, Мікалай Чорны заапекаваўся хворай маці аднаго зь першых прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вільні.
У той самы час Ян Радзівіл, малодшы брат Чорнага, паехаў на лячэньне ў Італію. Па дарозе ён заехаў у Вітэнбэрг і пазнаёміўся там зь Філіпам Мэлянхтонам, вучнем і наступнікам Марціна Лютара. Пабыўшы некаторы час у сталіцы Рэфармацыі, Ян Радзівіл прыняў эвангельскае вучэньне і стаў гарачым яго вызнаўцам. Наступныя два гады, якія ён правёў у Італіі, толькі ўмацавалі Яна ў слушнасьці зробленага выбару. Вярнуўшыся на радзіму, Ян Радзівіл пачаў прапаведваць вучэньне Лютара сярод усіх сваіх шматлікіх сваякоў. І хоць віленскі біскуп Павал Гальшанскі крывым вокам глядзеў на дзейнасьць маладога рэфарматара, нічога зрабіць яму ня мог. Тым больш, што да Рэфармацыі пачаў схіляцца дзядзька Радзівілаў, найбагацейшы магнат Вялікага Княства, Станіслаў Кежгайла.
Але лявіна падзеяў, актыўным удзельнікам якіх стаў Мікалай Чорны, адцягнула яго ад прыняцьця акрэсьленай духоўнай пазыцыі. Напружаны Берасьцейскі сойм, агітацыя за Жыгімонта Аўгуста, пасада маршалка, пасольствы, паседжаньні паноў рады, патаемны шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл, сьмерць Жыгімонта Старога і каранацыя Жыгімонта Аўгуста, каранацыя Барбары, дзеля якой Мікалай Чорны вымушаны быў больш за год пераадольваць супраціў магнатаў Польскага Каралеўства, шлюб з Альжбэтай Шыдлавецкай, атрыманьне тытулу князя, выправа супраць крымскіх татараў на Валынь. Здаецца, што няма часу, каб спыніцца і задумацца.
У 1551 годзе раптоўна памірае стрыечная сястра Мікалая Радзівіла, каралева Барбара. Празь некалькі месяцаў адыходзіць у вечнасьць малодшы брат Ян. Сьмерць блізкіх людзей заўсёды прымушае чалавека думаць аб сэнсе жыцьця… Мікалай Чорны затрымаўся ў сваёй дзейнасьці. "Чалавек - як трава, і ўсякая слава ягоная - як краска травы, засохла трава, і краска апала; але Слова Госпада трывае вечна", -прыйшлі на памяць словы зь Бібліі, якая з новай сілай пачала прыцягваць да сябе князя Мікалая. З далёкага Вітэнбэргу прыйшоў ліст, гэта Філіп Мэлянхтон прыслаў элегію на сьмерць Яна Радзівіла. Канцлер Вялікага Княства зноў і зноў узгадваў словы брата, як той расказваў пра Марціна Лютара, пра апраўданьне верай, пра малітву, пра Біблію. Шукаючы адказу на свае пытаньні, Мікалай Чорны зьвяртаўся да збораў вялікакняскай бібліятэкі, у якой знаходзілася шыкоўная Біблія ў перакладзе Лютара зь яго ўласным прысьвячэньнем Жыгімонту Аўгусту, камэнтар Кальвіна да Пасланьняў апостала Паўла, прысьвечаны вялікаму князю літоўскаму, мноства эвангельскай літаратуры, асабліва той, што друкавалася ў Караляўцы па загаду прускага герцага Альбрэхта. Князя Мікалая глыбока ўзрушыў палымяны "Зварот да хрысьціянскай шляхты нямецкай нацыі" Лютара, прымусілі сур'ёзна задумацца "Хрысьціянскае выхаваньне" Кальвіна, іншыя творы айцоў Рэфармацыі. У кастрычніку 1556 г. у адкрытым лісьце да папскага нунцыя Ліпамана Мікалай Радзівіл напісаў, што ён быў бы рады бачыць у Вялікім Княстве ня толькі Кальвіна, але і Мэлянхтона, і іншых рэфарматараў. Эвангельскае вучэньне захапляла князя Мікалая. Жывая вера, непасрэдныя адносіны з Богам - гэта тое, чаго так прагнула яго душа, гэта тое, што было неабходна яго краіне.
Цёплым жнівеньскім вечарам 1552 году віленскі ваявода ў атачэньне 30 вершнікаў прыехаў у Берасьце, каб правесьці рэвізію інвэнтароў Берасьцейскага староства. Берасцейскі кашталян (камэндант замку), даючы справаздачу князю Мікалаю, сярод пытаньняў, якія неабходна вырашыць, узгадаў пра нейкага Сымона Зака, прапаведніка, якога аб'явілі герэтыком і які шукае прытулку у Берасьці. Віленскі ваявода ўжо чуў пра гэтага чалавека і пра ягоныя пропаведзі, таму неадкладна загадаў паклікаць яго да сябе. Назаўтра ў Берасьцейскім замку пачаўся банкет з нагоды прыезду князя Радзівіла. Шляхта піла віно за здароўе шаноўнага госьця, але сам віленскі ваявода адмаўляўся. Амаль увесь вечар ён размаўляў зь нейкім сьціпла апранутым мужчынам, якога ніхто з запрошаных ня ведаў. Празь некалькі дзён Мікалай Чорны, сабраўшы усіх паважаных людзей староства, урачыста аб'явіў, што ў Берасцейскім замку з гэтага часу будзе арганізаваная эвангельская царква, міністрам (прапаведнікам) у якой будзе Сымон Зак, магістар тэалёгіі Кракаўскага унівэрсытэту. Гледзячы на новага прапаведніка, многія пазналі таго незнаёмца, зь якім доўга размаўляў на банкеце віленскі ваявода.
Вясною 1553 году Мікалай Чорны з пасольствам выправіўся да імпэратара Фэрдынанда. Праяжджаючы празь Нямеччыну - калыску Рэфармацыі, віленскі ваявода глядзеў на яе іншымі вачыма. Ён і раней быў у гэтых мясьцінах, але цяпер, бачачы абноўленую нямецкую царкву, Мікалай Радзівіл канчаткова акрэсьліў сваю пазыцыю як эвангельскага хрысьціяніна. Вярнуўшыся ў Вільню, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода князь Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвесьціў, што ён вызнае эвангельскую веру, вольную ад усялякага ідалапаклонства, і што закладае кальвінскую царкву ў сваім палацы на Лукішках, запрашаючы туды ўсіх, хто жадае вызнаваць сапраўдную веру Хрыстовую. Віленскага ваяводу глыбока ўзрушылі творы Жана Кальвіна, яго бачаньне хрысьціянскага жыцьця як служэньня ўсемагутнаму Богу, разуменьне, што кожны чалавек прыйшоў на гэты сьвет не выпадкова, а каб споўніць сваё прызначэньне. Князь Мікалай знайшоў у жэнеўскага рэфарматара адказы на шматлікія пытаньні, як асабістыя, так і тыя, што хвалявалі яго як аднаго з кіраўнікоў дзяржавы.
У тым жа годзе Мікалай Чорны выдаў сваім коштам у Берасьці катэхізм хрысьціянскай веры для простага народу. Адначасова ва ўсіх сваіх вялізарных уладаньнях ён адкрывае новыя цэрквы, ці, як іх тады называлі, зборы, дзе зьбіраліся месьцічы і шляхта слухаць пропаведзь Слова Божага. Віленскі ваявода не шкадаваў ні сілаў, ні сродкаў, каб распаўсюдзіць веру ў жывога Бога па ўсім Вялікім Княстве. Яго марай было зрабіць кальвінізм пануючым веравызнаньнем у нашай краіне. Празь некалькі гадоў у прадмове да кнігі "Навучаньне аб сапраўдным і фальшывым пакаяньні", зьвернутай да Мікалая Чорнага, Лаўрын Дыскордыя пісаў: "Бо гэта яўна кожнаму, і ня толькі ў Княстве Літоўскім, што як толькі Госпад Бог у Сваёй міласэрнасьці Сваё слова і праўдзівую навуку перад вачыма гэтага сьвету выявіў і аб'явіў, адразу Вашая княская міласьць раней за іншых Слова Божае і сапраўдную хвалу Ягоную за справай Духа Сьвятога ўзьлюбіў і моцна ўхапіўся, і ня толькі сам, але як сапраўдны апостал або другі Карнэль, прывёў да гэтага многіх. Спачатку наймілейшую жонку, якая на пачатку не згаджалася і доўга працівілася з прычыны некаторых сваіх прыяцеляў, Вашая княская міласьць чыстай сваёй пропаведзьдзю і праз напаміны іншых хрысьціянскіх людзей прывёў да прыняцьця Слова Божага разам зь дзецьмі, слугамі і служанкамі, і падуладнымі сваімі. І цяпер кожны яўна бачыць і чуе, што практычна ўсе знакамітыя дамы ў Княстве Літоўскім, і ў Жамойці, і на Русі, гледзячы на прыклад і напаміны Вашай княскай міласьці, часта слухаючы Слова Божае ад сваіх прапаведнікаў, прыйшлі і сёньня надалей прыходзяць, паводле волі і міласэрнасьці Божай, да пазнаньня Слова Ягонага".
Мікалай Чорны зь вялікім энтузыязмам падтрымліваў кожную ініцыятыву рэформы царквы ў Вялікім Княстве. Аднак задача, якую паставіў сабе віленскі ваявода, не была простай, ня гледзячы на тое, што ён меў вялізарную ўладу і немалыя сродкі. Сутыкаючыся з рознымі праблемамі ў ажыцяўленьні пераўтварэньняў, князь Мікалай вёў сталую перапіску зь нямецкімі і швайцарскімі рэфарматарамі: Кальвінам, Булінгерам, Вольфам, Мэлянхтонам, і раіўся зь імі ў шматлікіх практычных і багаслоўскіх пытаньнях.
Мікалай Радзівіл ня быў адзіным, хто прагнуў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве. Літаральна празь месяц пасьля Мікалая Чорнага аб сваім навярненьні абвясьцілі Геранім Хадкевіч і Станіслаў Кішка. Не прайшло і году, як пасьлядоўнікамі Рэфармацыі сталі Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Вішнявецкія, Войны, Пацы, Зяновічы, Агінскія, Пронскія, Нарушэвічы, Шэметы і іншыя. Шляхта, як католікі, так і праваслаўныя, масава пераходзілі ў кальвінізм, а месьцічы актыўна прымалі вучэньне Лютара. Па-рознаму адбываліся гэтыя навярненьні. У князя Паўла Друцкага-Сакалінскага, цівуна троцкага, жонка пачала хадзіць на кальвінскія набажэнствы. Князь спачатку злаваўся, крычаў, што здрадзіла веры, потым перастаў зьвяртаць увагу. Аднойчы, пад час банкету ў віцебскага судзьдзі гродзкага Ольбрыхта Вільчка, дом якога стаяў па суседзтву, нехта з гасьцей выказаў геніяльную ідэю, што рабіць зь непакорнай жонкаю: узяць кій, і выгнаць яе ад тых кальвінаў, а зборышча іхняе разагнаць. Поўны праведнага гневу на крыўдзіцеляў праваслаўнай веры, князь Друцкі-Сакалінскі разам з узброенымі кіямі слугамі, пайшоў на другі канец Віцебску шукаць кальвінскі збор. Калі, аднак, увайшоў у хату, дзе ішло набажэнства, прапаведнік ня толькі не спужаўся загневанага князя, але, наадварот, прапанаваў яму сесьці на лаўку і паслухаць пропаведзь. Пазьней цівун троцкі ўзгадваў, што яго такі страх і пашана агарнулі, што нават калі б яму месца пад лаўкай паказалі, ён бы і там сеў безь ніякага супраціву. Неўзабаве князь Павал пакаяўся, а празь некалькі гадоў віцебскі судзьдзя гродзкі зацьвярджаў наданьне на віцебскі кальвінскі збор: "Я, князь Павел Друцкій-Соколінскій, маршалок его королевской мілості, тівун і городнічый троцкій, мілуючы правдівое слово Божое у зборе светом евангеліцком проповеданое і для размноженія і розшыренія в нем верных Панскіх, ку вечной чэсті і фале Пана Бога Вшэхмогонцого і Сына Его едынаго Хрыста Пана і Духа Светого, ку збудованню збору светого власным коштом своім надал і на вечность од давного часу запісал пляц і огород свой, лежачый в Замку Ніжнем вітэбском".
У савецкай гістарычнай літаратуры пашырана меркаваньне, што галоўнай прычынай масавага прыняцьця Рэфармацыі беларускімі магнатамі і шляхтай было прагненьне захапіць маёмасьць каталіцкай ці праваслаўнай царквы і жаданьне мець танную, невымагаючую царкву ў сваіх уладаньнях. Аднак нават павярхоўнага позірку на сытуацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI стагодзьдзя дастаткова, каб абвергнуць такое цьверджаньне. Зямельныя ўладаньні далёка ня самых заможных беларускіх магнатаў, такіх як Гарнастаі ці Тальвашы, нашмат перавышалі ўладаньні каталіцкіх біскупстваў. Праваслаўная царква жыла пераважна за кошт дапамогі заможных апекуноў і практычна ня мела больш менш сур'ёзнай уласнасьці. У той жа час будаўніцтва новых збораў, распаўсюджваньне ідэяў Рэфармацыі, увогуле стварэньне новага вобразу царквы патрабавала немалых фінансавых выдаткаў. У дадатак рэфармаваныя цэрквы ад сваіх вернікаў патрабавалі без параўнаньня большай пасьвячонасьці, а самае галоўнае - сапраўднай, жывой веры. Калі ж зьвярнуцца да дакумантаў таго часу, то асабістая перапіска беларускай шляхты сьведчыць аб тым, што асноўнымі прычынамі іх падтрымкі Рэфармацыі былі асабістая вера, народжаная слуханьнем Слова Божага, і жаданьне бачыць царкву, адпаведную вобразу царквы, апісанай у Бібліі.
У 1556 годзе ўся Эўропа чытала адказ Мікалая Радзівіла Чорнага на адкрыты ліст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы Алёіза Ліпамана. У студзені гэтага году нунцы ў сваім лісьце абвінаваціў віленскага ваяводу ў спрыяньні вераадступніцтву і скрытыкаваў ягоныя погляды, заклікаючы вярнуцца да каталіцкай царквы. Адказ Мікалая Чорнага, напісаны на лаціне і выданы ў Караляўцы ў кастрычніку таго самага году, стаў сваеасаблівай дэклярацыяй беларускай Рэфармацыі. Віленскі ваявода фактычна першым сярод рэфармацыйных дзеячоў Вялікага Княства сфармуляваў дактрыну эвангельскіх цэркваў у краіне.
Перш за ўсё Мікалай Чорны абверг канцэпцыю паўсюднасьці ўлады папы рымскага: "Мы цалкам згодныя з тым, што каралеўства Хрыстова мусіць быць, адпаведна са Сьвятым Пісьмом, пашырана па ўсёй зямлі, ад мора і да мора, ад усіх рэк і аж да ўскраю сьвету. Але гэтае каралеўства зусім не такое, як імпэрыя Кіра ці Аляксандра, ці Цэзара Аўгуста, якія славіліся сваімі незьлічонымі багацьцямі. Каралеўства Хрыстова - гэта духоўная еднасьць людзей, дзе няма багацьцяў. Сам Хрыстос гаварыў: "Каралеўства Маё ня ёсьць падобным да гэтага сьвету"". Далей віленскі ваявода выказаў праграму сваіх дзеяньняў дзеля рэформы царквы: "Закладаючы ў сваіх уладаньнях і там, куды сягае мая улада, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртаньня сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскіх прыдумак і ідалапаклонства. Я скінуў з алтароў багоў, апраўленых у золата і срэбра, і замкнёных у скрынках, годных найвялікшай пагарды, якіх вы, як пагане, ушаноўвалі... Пры кожным, у духу праўдзівай веры арганізаваным зборы ёсьць прапаведніцкая катэдра, зь якой вернікам абвяшчаюцца не прыдумкі Скота, Эна, Пігіуса, Віцэліуса і да іх падобных, але сапраўднае Слова Божае... Нашыя прапаведнікі добра ведаюць праўдзівую навуку Хрыстовую і прапаведуюць не каноны і дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога... Кнігі, якія сам чытаю і іншым чытаць раю, не герэтычныя хаця б таму, што іх папскі пасол зганіў. Яны адкрываюць людзям праўдзівае Эвангельле. Некаторыя з тых кнігаў я сваім коштам друкаваў і друкаваць буду... Мы, прытрымліваючыся старых канонаў, апостальскіх прыказаньняў і навукі іншых сьвятых мужоў, хочам, каб духоўныя асобы не былі разлучаныя з жанчынамі, што і Сьвятое Пісьмо раіць... Найсьвяцейшая і найдастойнейшая сьвятасьць цела і крыві Госпада майго Ісуса Хрыста, якая ўстаноўленая Ім Самім і праз збаўленых людзей нам перададзеная, шанавалася ў царкве Хрыстовай з даўнейшых часоў. Яна і для нас сьвяцейшая за ўсе іншыя рэчы і няма ніякага ідалапаклоньніцтва, калі спаўняецца праўдзіва і сваім парадкам. Госпадзе Божа, зрабі так, каб мы, адкінуўшы ўсе недарэчныя прыдумкі, зьвярнуліся ўрэшце да служэньня, што было прынята апосталамі і існавала ў грэцкай царкве ў часы Залатавуснага і Васіля, а ў лацінскай - у часы Амброзія, Гераніма і Аўгустына". Асобна князь-рэфарматар спыніўся на пытаньні мовы ў царкве: "Я так лічу, што ўсе людзі, узносячы хвалу, малітвы і падзякі Госпаду Богу за Яго дабрадзействы, павінны рабіць тое з чыстымі думкамі і шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта чыніць, абавязкова ведаў мову і спасьцігаў сэнс сказанага. Калі ж набажэнства адбываецца на лаціне, ці на грэцкай, ці на якой іншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён і рады быў бы шчыра маліцца Госпаду Богу і хваліць Яго, прыкладаючы да гэтага свае сэрца і розум, але, на жаль, ня можа зразумець сэнсу сваіх словаў і сутнасьці ўчынкаў. Менавіта з гэтае прычыны я так лічу: на якой мове кожны народ здольны спасьцігаць таямніцы Слова Божага, на той мове трэба праводзіць сьвятыя царкоўныя набажэнствы". Папскі пасол заявіў, што адной з рысаў прававернасьці каталіцкай царквы ёсьць факт, што яна аб'ядноўвае большасьць хрысьціянаў, дык сумніўна, што ў такім малым зборы, да якога належыць віленскі ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мікалай Чорны не абмінуў увагаю і гэты закід: "Ад пачаткаў сьвету праўдзівая вера, празь якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасьці, уцісканая. Падобна дзеецца і сёньня. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як сьвяты… Я апякуюся добрымі і пачцівымі прапаведнікамі, якія надзвычай дасьведчаныя ў сапраўднай навуцы і добрых звычаях і ведаюць праўдзівае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду і распавядаюць пра вечнага і несьмяротнага Бога і Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзінага Сына Ісуса Хрыста, і перададзеную праз апосталаў".
Дзеля ўкараненьня ідэяў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, Мікалай Радзівіл Чорны пачаў паўсюль арганізоўваць эвангельскія цэрквы. Сьледам за Берасьцем і Вільняй кальвінскія зборы паўстаюць у Нясьвіжы, Клецку, Іўі, Койданаве, Воршы. Іншыя магнаты дзейнічалі па прыкладзе віленскага ваяводы. Князі Пронскія заснавалі збор у Іказьні, Кішкі - у Венгрове, Дарагастайскія - у Ашмянах, і так у мностве гарадоў і мястэчак па ўсей Беларусі. Найчасьцей новыя зборы паўставалі ня коштам ужо існуючых касьцёлаў ці праваслаўных цэркваў, але або будуючы свае храмы, або зьбіраючыся ў нейкіх грамадзкіх ці прыватных будынках, як, прыкладам, на замку ў Берасьці ці ў палацы Радзівіла ў Вільні. Да працы ў новапаўсталых зборах запрашаліся пастары і прапаведнікі, ведамыя дзякуючы сваёй адукаванасьці і аратарскім здольнасьцям, часта з-за мяжы, бо ўласных служыцеляў не хапала. Дзейнасьць пастароў не абмяжоўвалася толькі правядзеньнем служэньняў і прапаведваньнем на іх. Мікалай Чорны прагнуў, каб хрысьціяне сталіся авангардам нацыі, таму вялікую ўвагу надаваў адукацыі. Дзякуючы яго намаганьням пры кожным зборы былі адчынены пачатковыя школы, у якіх маладыя людзі вучыліся чытаньню, пісьму, а таксама асновам хрысьціянскай веры. Практычна ўся будучая эліта Вялікага Княства, тыя людзі, якія вызначалі жыцьцё краіны аж да пачатку XVII стагодзьдзя, вучыліся менавіта ў такіх школах. Кальвінскія школы, маючы прынцыпова іншую сыстэму навучаньня, давалі значна лепшую адукацыю, чым каталіцкія школы таго часу, і гэтым таксама спрыялі хуткаму распаўсюджваньню Рэфармацыі. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным адначасова са зборам, у канцы XVI ст. прэтэндавала на ступень акадэміі, але з-за моцнага супрацьдзеяньня каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы гэты праект не атрымалася рэалізаваць.
<далей> <зьмест>
|
|